Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Тэма 7

.doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
19.03.2015
Размер:
44.03 Кб
Скачать

3

Тэма 7

ЛЕКСIКАЛОГIЯ.

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АДМЕТНАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ ЛЕКСIКI

Лексiкалогiя — раздзел мовазнаўства, якi разглядае i тэарэтычна асэнсоўвае слоўнiкавы склад мовы.

Лексiкаграфiя — тэорыя i практыка ўкладання слоўнiкаў.

Лексiчны склад кожнай мовы знаходзiцца ў прычынна-вынiковай сувязi з аб’ектыўнымi ўмовамi мыслення народа, носьбiта гэтай мовы.

Нацыянальная адметнасць беларускай лексiкi палягае ў яе безэквiвалентнасцi ў адносiнах да рускай мовы. Да безэквiвалентнай лексiкi належаць:

1) намiнатыўныя адзiнкi, што не маюць аднаслоўных адпаведнiкаў (замчышча — место, где стоит или стоял замок; грыбовiшча — место, где в большом количестве произрастают грибы; звяга — лай, назойливое напоминание; клёк — здравый смысл, жизненные силы; угодкi — годовщина (со дня смерти); чыгунка — железная дорога; сцiзорык — перочинный ножик; сiвер — северный ветер; глiца — весенний ветер)1;

2) беларускiя экзатызмы (словы, што называюць прадметы i паняццi ўласна беларускай матэрыяльнай i духоўнай культуры: васпан, ягамосць, верашчака, дранiкi, дажынкi, дзядзькаванне);

3) дэталiзаваныя лексемы (гарэх — лузанец ‘вылузаны гарэх’; попел — прысак ‘гарачы попел’; балота2 — багна / багнiшча / дрыгва / дрыгвянiк / твань ‘топкае месца ў балоце’, iмшара / iмшарына / iмшарышча / амшара / амшарына / амшарышча ‘мохавае балота’, алёс / крокаць ‘балота, парослае травой, па якiм можна крочыць, не правалiўшыся’ (алёс — торф), гразь ‘месца на балоце, што можна перайсцi ўброд’, азярына — ‘месца, дзе была дрыгва; азерца’);

4) метафарычныя пераасэнсаваннi (слота — надакучлiвы чалавек (слата-чалавек), таўкач — някемлiвы чалавек, даўбешка (доўбня) — непапраўна тупы чалавек, яндоўка — вялiкi нос, цэбар — вялiкая галава).

Значэнне слова i дакладнасць яго ўжывання. Паводле гэтых характарыстык словы падзяляюцца на адназначныя (комiн, аер) i шматзначныя. Шматзначныя словы могуць мець прамое i пераноснае значэнне (змрочны пакой — змрочны чалавек). Вiды пераносаў: метафара (шматзначнасць, заснаваная на падабенстве), метанiмiя (шматзначнасць, заснаваная на сумежнасцi), сiнекдаха (перанос па колькасцi, з часткi на цэлае i наадварот).

Лексiка-семантычныя групы словаў: амонiмы (стан дзявочы, ворага, справаў), антонiмы (дзень — ноч), сiнонiмы (iсцi, крочыць, плесцiся, тэпаць, шыбаваць, пхнуцца, чыкiльгаць, кульгаць, цягцiся, джгаць), паронiмы (карыслiвы — карысны, самотны — сумны, паважны — паважаны, падвойны — падвоены, аголены — паголены, дзейны — дзейсны, асабiсты — асабовы — асаблiвы — асобны).

Практыкаванне 1. Вызначце вiд пераносу: метафара (падабенства), метанiмiя (сумежнасць), сiнекдаха (колькасць). Напрыклад: неба грае пералiўным бляскам (1); чытаю Коласа; хорам гудзеў, не маўчаў (2); магутнае слова, ты, роднае слова (3).

Халодны пагляд; увесь бераг смяяўся; я стаю за сiнiм плашчом; плешка цвiка; перакладаць Быкава; студэнт цяперака не той пайшоў; клубок думак; з’есцi цэлы слоiк; у сям’i пяць ратоў; з’езд пастанавiў; тэнар захварэў; вусень трактара; крыло самалёта; залатыя валасы; на абедзе пайшлi ў краму; хвост цягнiка; не стае працоўных рук; цяжкi характар; абарона стамiлася; чырвоны швэдрык — пачакайце; узяць у бiблiятэцы Караткевiча; першая скрыпка краiны; рукаў ракi; цёплы прыём; каманда заваявала бронзу; iмбрык згатаваўся; хвост каметы; прыехаць на тралейбусе; укалоць самалюбства; банк аб’явiў набор; распалiць страсцi; замарожванне коштаў; бiржа маўчала; сталёвая воля.

Практыкаванне 2. Падбярыце як мага больш эпiтэтаў да словаў снег, лiсце, сонца, неба, ранiца. Карыстайцеся “Слоўнiкам эпiтэтаў…” Н. Гаўрош.

Практыкаванне 3. Працягнiце шэраг сiнанiмiчных эпiтэтаў: жыццё вясёлае, дзiвоснае…; жыццё сумнае, гаротнае…

Практыкаванне 4. Вызначце, якi з паронiмаў мае значэнне, указанае ў дужках.

Пастава (якая належыць жанчыне) жаночая // жаноцкая; неба (туманнае, iмглiстае) асмуглае // асмужанае; чалавек (якому не шанцуе) нешчаслiвы // няшчасны; кошык (здольны змясцiць вялiкую колькасць) ёмкi // ёмiсты; рашэнне (якое належыць пэўнай асобе) асабовае // асабiстае; хваляванне (якое немагчыма перадаць словамi) нявыказанае // невыказнае.

Практыкаванне 5. Вызначце, у чым выяўляецца супадзенне словаў (амонiмы): у асобных граматычных формах (амаформы), у напiсаннi (амографы), у гучаннi (амафоны), у напiсаннi i вымаўленнi ўсiх формаў (поўныя амонiмы).

Закусiць цуглi — закусiць горкае салодкiм, вязкi глей — швэдар прыгожай вязкi, сасновыя палкi — палкi iдуць у наступ, на саламянай страсе — страсе кроплю з лiста, асеннiя палi — палi кветкi на балконе, бухгалтарскi крэдыт — доўгатэрмiновы крэдыт, маладыя асiны — асiны рой, запрэгчы каня — з хмызняку вылецела каня, апёк руку — глыбокi апёк, iмкненне да волi — даволi спрэчак, нямецкая марка — паштовая марка.

Практыкаванне 6. Падбярыце антонiмы. Папярэдне патлумачце значэннi словаў “самавiты”, “марны”, “адмысловы”. Да кожнага са значэнняў гэтых словаў таксама падбярыце антонiмы.

Шчыльны, вадкi, прыглушаны, паголены, вычарпальны, кемлiвы, плаўны, дзiкi, наступны, самавiты, вольны, сцвярджэнне, сакавiты, злосны, цiха, родны, марны.

Практыкаванне 7. Знайдзiце несiнанiмiчнае (лiшняе) слова. Падкрэсліце яго.

Здаравяк, волат, баязлiвец, асiлак; заблытаны, мудрагелiсты, цяжкi, хiтры, разумны; галасiць, раўцi, румзаць, хлiпаць, плачмя плакаць, залiвацца слязьмi, кпiць, плакаць; забрудзiць, замызгаць, замазаць, заўважыць, заплямiць, замурзаць, зашмальцаваць; надзвычайна, моцна, празмерна, назбыт, на злом, выключна, невымоўна, невыславёна, надта, вельмi; непаўторны, спецыфiчны, характэрны, арыгiнальны, нестандартны, самабытны, традыцыйны.

Практыкаванне 8. Падбярыце як мага больш беларускiх сiнонiмаў да рускiх словаў прижать, закрыть, хотеть. Карыстайцеся “Слоўнiкам сiнонiмаў…” М. Клышкi, а таксама “Тлумачальным слоўнiкам беларускай лiтаратурнай мовы” 1999 г. Звярнiце асаблiвую ўвагу на семантычнае нюансаванне беларускай лексiкi.

Практыкаванне 9. Якая пара словаў не з’яўляецца сiнанiмiчнай?

Сцюжа — холад, прывiд — здань, хцiвасць — сквапнасць, зух — хват, калыска — люлька, кіпецень — кiпень — вар, змагар — барацьбiт, вiльготны — волкi.

Практыкаванне 10. Вызначце сэнсавыя адрозненнi сiнонiмаў.

Пярэдых, спачын, супачын, спачыванне, папас, адпачынак, роздых.

Дрэнны, благi, кепскi, паганы, несамавiты, нiкчэмны, нягеглы, плюгавы, лядачы.

Усвядомiць, асэнсаваць, дапяць, сцямiць, скемiць, даўмецца, спасцiгнуць.

ЛЕКСIЧНЫ МIНIМУМ

Чалавек, яго ўзрост. Сям’я

Продкi — предки, нашчадкi — потомки, спадчыннiк — наследник, спадчыннiца — наследница, спадкаемец — преемник, спадкаемнiца — преемница, спадчына (спадкі) — наследство, хаўтуры (пахаванне) — похороны, вяселле — свадьба, амбарас (фатыга) — беспокойство (хлопоты), бяседа — банкет (пир, застолье), наважоны — молодожены, сужэнцы — супруги, сужон і сужонка — супруг и супруга, плюснуцца — чмокнуться, мацi (матуля, мамця) — мама (мамочка), бацька — отец, тата — папа, дзядуля — дедушка, бабуля (бабця) — бабушка, род па мячы — родственники отца, род па кудзелі — родственники матери, дачка — дочь, доня (дочачка) — доченька, айчым — отчим, мачыха — мачеха, падчарка — падчерица, швагер — шурин (брат жены) и свояк (муж сестры или свояченицы), швагерка — свояченица (сестра жены), залвiца — золовка (сестра мужа), дзевер — деверь (брат мужа), ятроўка — невестка (жена мужниного брата), братавая — невестка (жена брата); чалавек сталага веку (састарэлы) — пожилой человек, хлопчык — мальчик, падлетак — подросток, хлопец — парень, юнак (дзяцюк) — юноша (неженатый молодой человек), дзяўчынка — девочка, дзяўчына (дзеўчына) — девушка, маладзiца — молодка (замужняя молодая женщина), кабета — замужняя женщина (более старшая), немаўля (у пялюшках) — младенец (в пеленках), малеча — мелюзга; цесць — цешча, свёкар — cвякроўка, дзядзька — цётка, пляменнiк — пляменнiца, небажаты — племянники и внуки, хросны — крестный, хрэснiк — крестник; стрый — дзядзька па матчынай лiнii (стрыечны — двоюродный), вуй — дзядзька па бацькавай лiнii (вуечны — двоюродный).

1 На прыкладзе падобных словаў яскрава выяўляецца закон эканоміі моўных сродкаў у беларускай мове.

2 Балота – асноўны беларускі архетып. Словы, што характарызуюць нацыянальны ландшафт, менталітэт, побыт – звычайна маюць у нацыянальнай мове шырокае адлюстраванне. Да прыкладу, у якуцкай мове налічваецца да 50 колераў снегу.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]