Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Кантрольная.docx
Скачиваний:
933
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
108.35 Кб
Скачать

7. Гістарычная аснова р-на у. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Праблематыка твора. Сімвалічнасць яго назвы.

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863—64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».

Матэрыялы пра паўстанне на Беларусі ў 1863— 64 гг. У. Караткевіч пачаў збіраць даўно, яшчэ ў той час, калі навучаўся ў Кіеўскім універсітэце. Работа над першай кнігай твора была скончана ў сярэдзіне 60-х гг. Чытачы ўспрынялі з'яўленне рамана вельмі прыязна, аднак другая кніга так і не была напісана аўтарам.

Першая і другая часткі гістарычнага рамана Ул. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» былі надрукаваны ў 1968 годзе.

«Задума,— расказвае Ул. Караткевіч аб стварэнні рамана,—з'явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага універсітэта. Замест таго каб хадзіць на лекцыі — сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачыма паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў — мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх—паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за «нашу і вашу свабоду». А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць. Пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні. Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя «мосцікі» ў Вільню, Пецярбург, Варшаву». І як аказалася потым, «мосцікі» гэтыя былі для аўтара аб'ектыўнай неабходнасцю. Яны не толькі не знізілі ідэйна-эстэтычны ўзровень рамана, а, наадварот, зрабілі яго больш маштабным, пераканальным, дапамаглі пісьменніку адлюстраваць дух эпохі, зразумець гістарычныя заканамернасці развіцця грамадства. Мне здаецца, што раман Ул. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — гэта, бадай што, першы ў сучаснай беларускай літаратуры буйны шматпланавы, нават панарамны, твор пра больш ці менш аддаленае гістарычнае мінулае беларускага народа. Аднаўляючы для чытачоў падзеі больш чым стогадовай даўнасці, перыяд, калі неабходнасць сялянскай рэформы дыктавалася самім жыццём, Ул. Караткевіч імкнуўся гістарычна падыходзіць да асвятлення падзей 1863 г. Ён аналізаваў іх сацыяльна-эканамічную сутнасць, іх гістарычнае значэнне для лёсу беларускага народа, іх уплыў на далейшае развіццё нацыі. Сваю ўвагу пісьменнік канцэнтраваў на наступных асноўных напрамках. Па-першае, гэта прыход да паўстання 1863 года беларускага і польскага дваранства (сюжэтная лінія прадстаўлена Загорскім, Каліноўскім і Серакоўскім); па-другое, перарастанне неасэнсаваных стыхійных выступленняў сялян у арганізаваную барацьбу супраць прыгнятальнікаў (распрацоўка вобразаў тут вядзецца па лініі Кагуты—Корчык); па-трэцяе, паказ жыцця высокіх палітычных кругоў (галоўныя дзеючыя асобы Валуеў, Мураўёў). А калі дадаць, што ўсе лініі рамана ўзаемазвязаны з рознымі сферамі жыцця герояў — побытам, выхаваннем, вучобай, палітычным жыццём, то можна яшчэ раз адчуць сілу мастацкай глыбіні аўтара, яго разуменне філасофскай сутнасці гістарычных падзей. Ул. Караткевіч ішоў да паўстання 1863 года праз даследаванне шляхоў сталення галоўнага героя, яго асабістых адносін да прыгоннага сялянства, мясцовых дваран, яго інтымнага жыцця. Дзіцячыя гады Алеся Загорскага ў ся-лянскай сям'і Кагутоў, вучоба ў гімназіі і Пецярбургскім універсітэце, знаёмства з Кастусём Каліноўскім, нарэшце, кіраўніцтва падрыхтоўкай паўстання ў Прыдняпроўі—усё гэта штрыхі да стварэння вобраза героя прывабнага, цэласнага, здольнага на гераізм і самаахвярнасць у імя народа.  Раман «Каласы пад сярпом тваім» — эпічны, маштабны, шматпланавы і шматпраблемны. Акрамя праблем канкрэтна-гістарычных, такіх, як выспяванне нацыянальнай самасвядомасці народа, еднасці шляхецка-рэвалюцыйнага і сялянскага руху на Беларусь барацьбы народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, у творы пастаўлены цэлы шэраг праблем агульначалавечых: пошуку сэнсу жыцця і свайго месца ў жыцці, кахання і сяброўства, узаемаадносін розных пакаленняў. Адна з асноўных праблем рамана — выспяванне нацыянальнай свядомасці народа. У адным з артыкулаў У. Караткевіч пісаў: «Што адбылося ў сярэдзіне XIX стагоддзя на нашай зямлі! Народ адчуў сябе народам і ўзняўся на барацьбу за свае нацыянальныя і сацыяльныя правы. Згуртаванне народа, кансалідацыя нацыі, ці не адзінае ў гэтым выратаванне?».

Гістарычны раман патрабуе, каб побач з выдуманымі героямі дзейнічалі рэальныя гістарычныя асобы. Так, у рамане побач з будучым кіраўніком паўстання Кастусём Каліноўскім мы бачым маладога князя Алеся Загорскага.

  Назва твора сімвалічная. Праз глыбока хрысціянскі вобраз каласоў і сярпа аўтар імкнецца спасцігнуць сэнс існавання чалавека, свайго народа, яго лёс, неабходнасць будучага паўстання. Назва рамана і яго дзвюх частак не выпадковыя. Каласы - людзі, якія, нібы серп, зразае смерць з палеткаў жыцця. Серп, хутчэй за ўсё, - уціск царызму, прадбачанне пісьменнікам трагічнага "жніва". "Выйсце крыніц" - гэта вытокі маладога пакалення, звязанага крэўнымі сувязямі з бацькоўскай зямлёй, з Айчынай. Прадстаўнікі гэтага пакалення - Алесь Загорскі і Кастусь Каліноўскі - павінны аб'яднаць, згуртаваць людзей, павесці іх за сабой, каб кроплі народнага гора паступова зліліся і ператварыліся ў магутную раку гневу і помсты. "Сякера пры дрэве" - гэта сялянская зброя, якая чакала свайго часу, і "зброя" генерала-вешальніка Мураўёва, які жорстка расправіўся з удзельнікамі паўстання.