Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПАДРУЧНІК 7.rtf
Скачиваний:
19
Добавлен:
12.11.2019
Размер:
2.64 Mб
Скачать

§ 2. Пачатак Вялікага княства Літоўскага

Першыя звесткі пра Літву. Упершыню пісьмовыя крыніцы ўзгадваюць Літву ў 1009 г. Да ХШ ст. у літоўцаў не было гарадоў і пісьменнасці, але ўжо існаваў падзел на знаць і просты народ, існавала няразвітае рабства. На нейкі час Літва трапіла ў залежнасць ад Русі, аднак у ХІІ ст. літоўцы самі пачынаюць здзяйсняць набегі на некаторыя рускія землі. У пачатку ХІІІ ст. Літва ўжо выступае як значная ваенная сіла, якая пагражае Русі і Польшчы, паспяхова супрацьстаіць крыжацкай агрэсіі. У 1236 г. літоўцамі было нанесена страшнае паражэнне рыцарам Ордэна Мечаносцаў. Пасля гэтага ордэн ужо не мог самастойна існаваць і быў далучаны да больш моцнага Тэўтонскага Ордэна, які незадоўна да гэтага з’явіўся ў Паўночнай Польшчы і падначаліў сабе землі балцкага племені прусаў. З 1235 г. летапісы паведамляюць пра Міндоўга, які здолеў падпарадкаваць сабе іншых літоўскіх валадароў і стаў вялікім князем.

Узвышэнне Навагрудскага княства. Адначасова з ростам ваеннай актыўнасці Літвы адбывалася гаспадарчае ўзвышэнне Навагрудскага княства. Гэта быў край даволі высокага ўзроўню развіцця сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю. У ХІІ–ХІІІ стст. у Навагрудку (Наваградку) разгарнулася актыўнае будаўніцтва. Было ўзведзена шмат дамоў, некаторыя двухпавярховыя, з зашклёнымі вокнамі, нават ўпрыгожаныя фрэскамі. Гандлëвымі шляхамі ў Навагрудак трапляла дарагая зброя і каштоўны шкляны посуд − кубкі, флаконы, распісаныя золатам і эмаллю. Яны вырабляліся ў Візантыі і падуладных ёй краінах.

У тыя часы асабліва вялікай была патрэба ва ўзбраенні гараджан. Яе забяспечвалі мясцовыя кавалі. У Навагрудку воіны мелі панцыры − засцерагальнае ўзбраенне, зробленае з жалезных пласцінак.

Навагрудская зямля была адным з найбольш спакойных рэгіëнаў на землях Русі. Дзякуючы яе геаграфічнаму становішчу крыжацкая і татарская навала доўгі час нават не дасягала яе тэрыторыі. Гарадская знаць была зацікаўлена ў захаванні міру і спакою, якія былі гарантыяй дабрабыту Навагрудка.

Асаблівасцю Навагрудскай зямлі быў значны вопыт мірнага суіснавання балтаў і славян. Узровень гаспадарчага і палітычнага развіцця беларускіх зямель быў вышэйшы, чым у літоўцаў. Мясцовыя купцы і рамеснікі бачылі ў Літве не канкурэнта, а саюзніка ў барацьбе з іншаземнымі заваëўнікамі. Таму яны спакойна ўспрымалі ўмацаванне ў беларускіх гарадах улады літоўскіх князëў, а часам і самі запрашалі іх на княжэнне.

Каранацыя Міндоўга ў Навагрудку. У сярэдзіне ХІІІ ст. князь Міндоўг распаўсюдзіў сваю ўладу не толькі на ўсю Літву, але і на Беларускае Панямонне з гарадамі Навагрудак, Ваўкавыск і Слонім. Гэта фактычна стала пачаткам утварэння Вялікага княства Літоўскага. Але ўмацаванне ўлады Міндоўга сустрэла незадавальненне іншых літоўскіх князëў, якія паднялі супраць яго мяцеж. Да мяцежнікаў далучыліся крыжакі і галіцка-валынскія князі. Крыжакаў асабліва вабіла Жамойць, якая знаходзілася паміж прускімі і лівонскімі землямі Тэўтонскага Ордэна. Атрымаўшы яе, крыжакі злучылі б свае землі ў адзінае цэлае. Што да галіцка-валынскіх князëў, то яны прад’яўлялі прэтэнзіі на Навагрудскую зямлю.

Аднак Міндоўг здолеў разбурыць небяспечны саюз. Ён прыняў каталіцтва і ў 1253 г. каранаваўся ў Навагрудку каралеўскай каронай, якую прыслаў яму рымскі папа. Тытул хрысціянскага манарха падняў міжнародны прэстыж Міндоўга і дазваляў яму на роўных размаўляць з іншымі еўрапейскімі ўладарамі. Каб выключыць з саюза крыжакаў, Міндоўг часова аддаў ім частку Жамойці. Што да Навагрудка, то яго, разам з Ваўкавыскам і Слонімам Міндоўг быў вымушаны перадаць сыну галіцка-валынскага князя Раману Даніілавічу на правах васальнай залежнасці. Каб замацаваць мір з галіцка-валынскім князем, Міндоўг аддаў сваю дачку за яго другога сына – Шварна. Пасля гэтага ëн здолеў расправіцца ў мяцежнымі літоўскімі князямі і зноў вярнуў сабе Навагрудак – першую сталіцу сваëй дзяржавы. Галіцка-валынскія князі спрабавалі аслабіць уладу Міндоўга пры дапамозе мангола-татар, аднак іх паход ў землі Літвы і Беларускага Панямоння значных поспехаў не прынес.

Змаганне з крыжаносцамі. Не жадала скарыцца крыжакам і насельніцтва Жамойці. У 1260 г. жамойцкія сілы ўшчэнт разбілі крыжакаў у бітве каля возера Дурбе. Пасля гэтага супраць улады Тэўтонскага Ордэна паўсталі падпарадкаваныя ім плямëны прусаў. Крыжакам на працягу амаль дваццаці гадоў давялося зноў умацоўваць сваю ўладу ў Прыбалтыцы.

У 1261 г. Міндоўг разарваў пагадненне з крыжакамі, адрокся ад каталіцтва і ўступіў у саюз супраць крыжакоў з Аляксандрам Неўскім, князямі Полацка і Віцебска. Аднак супраць яго была арганізавана новая змова і ў 1263 г. Міндоўг быў забіты. На чале дзяржавы стаў адзін са змоўшчыкаў, жамойцкі князь Транята.

Барацьба за ўмацаванне дзяржавы. Становішча маладой, толькі што ўзнікшай дзяржавы было нялёгкім. Знешняя небяспека ўскладнялася “хатняй барацьбой”. У гэтых абставінах рашучасць праявіў сын Міндоўга Войшалк. Абапіраючыся на пінскіх князëў, ëн падпарадкаваў сабе Навагрудак, а затым пры падтрымцы навагрудчан падначаліў Літву і расправіўся з забойцамі бацькі. Хутка Войшалк сыйшоў у манастыр, перадаўшы ўладу ў дзяржаве свайму сваяку Шварну. Пасля смерці Шварна ў 1270 г. кіраванне дзяржавы перайшло ў рукі Трайдзеня.

Князі, якія княжылі пасля Міндоўга, здолелі распаўсюдзіць сваю ўладу на ўсё Верхняе Панямонне. У канцы XIII ст. вялікім князем стаў Віцень. Яму ўдалося дасягнуць адзінства новай дзяржавы. З’явілася надзея, што яна выжыве і захаваецца. Так яно і адбылося. Велікакняжацкая ўлада, якую ён перадаў у спадчыну свайму брату Гедыміну, была досыць трывалай. Значная частка беларускіх зямель знаходзілася ўжо ў складзе Вялікага княства Літоўскага.

Гэта цікава

Паводле летапісаў, адной з прычын забойства Міндоўга было тое, што ëн хацеў забраць жонку аднаго з літоўскіх уладароў – Даўмонта. Калі Міндоўг быў забіты, Даўмонт ўцëк ў Пскоў. Там ëн быў прыязна прыняты пскавічамі, стаў іх князем, прыняў праваслаўе і нават зрабіўся святым пад імем Цімафей.

Гістарычная крыніца