Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Tema_12_Suchasnasts.doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
09.12.2018
Размер:
258.05 Кб
Скачать

11.3. Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспубліка Беларусь стала паўнапраўным суб’ектам міжнародных адносін і распачала правядзенне самастойнага знешнепалітычнага курса. Яго прыярытэтныя задачы былі вызначыны яшчэ ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, а затым дэталізаваны ў заяве Вярхоўнага Савета “Аб прынцыпах знешнепалітычнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь” ад 3 кастрычніка 1991 г. У прыватнасці, у названых дакументах гаварылася пра імкненне да дасягнення рэальнага суверэнітэта і незалежнасці, узаемадзеянне з іншымі рэспублікамі былога СССР у стварэнні адзінай эканамічнай прасторы, уключэнне дзяржавы ў агульнаеўрапейскі працэс, актывізацыю міжнароднага супрацоўніцтва па праблеме ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і г.д.

Сярод найбольш прыярытэтных задач вызначалася таксама ператварэнне Беларусі ў без’ядзерную зону і дзяржаўны нейтралітэт (недалучэнне да ваенна-палітычных блокаў). Гэта было абумоўлена тым, што наша дзяржава паслядоўна праводзіла міралюбівую знешнюю палітыку і добра памятала да чаго могуць прыводзіць маштабныя ўзброеныя канфлікты і неадпаведнае выкарыстанне “мірнага атаму”. Пасля распаду СССР Беларусь нечакана для сябе стала буйной ядзернай дзяржавай. Па ўскосных звестках на яе тэрыторыі знаходзілася 30 % ядзернага ўзбраення Савецкага Саюза (каля 1000 тактычных ядзерных зарадаў, 81 міжкантынентальная балістычная ракета СС-25 “Топаль”, 5 палкоў стратэгічнай дальняй авіяцыі). У такіх умовах кіраўніцтва Беларусі выказала намер вывесці з тэрыторыі рэспублікі ўсю ядзерную зброю. Тым самым, Беларусь стала першай ў свеце дзяржавай, што дабраахвотна адмовілася ад буйнога ядзернага ваеннага патэнцыялу. Крыху раней (люты 1990 г.) гэта ж зрабіла Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, якая праз год ліквідавала 6 сваіх ядзерных зарадаў, што зусім непараўнальна з колькасцю баегаловак на нашай тэрыторыі. Ужо ў 1992 г. з Беларусі была выведзена ўся тактычная ядзерная зброя, а ў лістападзе 1996 г. стратэгічная. Тым самым рэспубліка стала без’ядзернай дзяржавай. Адначасова з гэтым Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка, працягваючы папярэднія міралюбівыя ініцыятывы рэспублікі, прапанаваў ператварыць Цэнтральную і Усходнюю Еўропу ў свабодную ад ядзернай зброі прастору. Але поўнай падтрымкі і разумення на Захадзе (у тым ліку ў Польшчы і дзяржавах Балтыі) гэтая мірная ініцыятыва так і не знайшла.

Адной з прыярытэтных задач, што стаяла перад Беларуссю ў першыя гады незалежнасці стаў працэсс міжнароднага прызнання і ўсталявання дыпламатычных адносін з іншымі дзяржавамі. Пачаткам міжнароднага прызнання можна лічыць заяву Сейма Польшчы (30-31 жніўня 1991 г.), а таксама Пагадненне аб утварэнні СНД, у якім Беларусь, Расія і Украіна фактычна прызнавалі суверэнітэт адна адной. Але поўны пераход на міждзяржаўны ўзровень супрацоўніцтва для Беларусі адбыўся толькі ў канцы 1991 г., калі 27 снежня Украіна, а 28 снежня ЗША падпісалі з нашай рэспублікай пагадненні аб узаемным прызнанні і ўсталяванні дыпламатычных адносін. Гэтак жа пачалі дзейнічаць і іншыя краіны. Ужо да сярэдзіны 1992 г. Беларусь была прызнана вядучымі дзяржавамі свету, але працэс усталявання дыпламатычных адносін на гэтым не спыніўся і колькасць замежных партнёраў рэспублікі нязменна павялічвалася. Па стане на пачатак 2009 г Беларусь ужо падтрымлівала дыпламатычныя адносіны з 164 дзяржавамі.

Яшчэ адной з важных задач для Беларусі стала адкрыццё дыпламатычных прадстаўніцтваў у дзяржавах свету і замежных пасольстваў у Мінску. Гэты працэс актыўна распачаўся ў 1992 г. і працягваецца па сёняшні дзень. Па стане на пачатак 2009 г. Рэспубліка Беларусь мела 60 дыпламатычных прадстаўніцтвы ў 47 дзяржавах свету. У сваю чаргу ў Мінску на гэты час дзейнічалі 44 посольствы, 1 аддзяленне пасольства, 1 гандлевае прадстаўніцтва, 18 консульскіх устаноў, а таксама 13 пастаянных прадстаўніцтвы міжнародных арганізацыі. Акрамя таго, па сумяшчальніцтву ў Беларусі акрэдытавана 90 замежных паслоў.

Актыўнае ўзаемадзеянне Беларусі з замежнымі дзяржавамі ў постсавецкі час адбывалася дзякуючы стварэнню надзейнага юрыдычнага падмурку, што складаўся з мноства міжнародных пагадненняў, якія былі заключаны нашай дзяржавай пад час прамых кантактаў з замежнымі краінамі і ў рамках міжнародных арганізацый. Па стане на пачатак 2009 г. Беларуссю было падпісана і ўступіла ў сілу звыш 3200 двухбаковых і шматбаковых пагадненняў, якія, згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, маюць большую юрыдычную сілу чым іншыя законы краіны.

Важнае месца пры правядзенні знешнепалітычнай дзейнасці займалі двухбаковыя сувязі з дзяржавамі свету, што грунтаваліся на прынцыпе шматвектарнасці знешняй палітыкі. У дадзеным накірунку наша рэспубліка ў постсавецкі час здолела шмат чаго дасягнуць. Як вынік, на сёняшні дзень Беларусь мае надзейных палітычных партнёраў у Еўропе, Азіі, Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы. З пераменным поспехам развіваліся адносіны з дзяржавамі Захаду і ЗША. Апошняе было абумоўлена тым, што ў Еўропе і Амерыцы не ўсе пагаджаліся з самастойнай унутраннай і знешняй палітыкай беларускага кіраўніцтва, якая супярэчыла інтарэсам асобных дзяржаў, прэтэндуючых на сусветнае лідарства. Аднак у апошні час і ў гэтым накірунку назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі.

Вялікую ролю ў развіцці міжнароднага супрацоўніцтва адыгрывалі прамыя кантакты на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, старшынь урадаў і парламентаў. Падобныя сустрэчы часцей за ўсё адбываліся пад час візітаў замежных лідэраў у Беларусь, а таксама афіцыйных і рабочых паездак кіраўніцтва рэспублікі. У прыватнасці, з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларусь наведвалі прэзідэнты ЗША (Б.Клінтан, 1994 г.), Ірану (М.Хатамі, 2004 г., М.Ахмадзінежад, 2007 г.), Польшчы (Л.Валенса, 1993 г.; А.Квасьнеўскі, 1996 г.), Румыніі (І.Іліеску, 1992 г.), кіраўнікі КНР (Лі Пэн, 1995 г; Ху Цзіньтао, 2000 г.; Цзян Цзэмінь, 2001 г.) і г.д. У сваю чаргу С.С. Шушкевіч і А.Р. Лукашэнка наведвалі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (2000 г.), Балгарыю (1993 г.), Бельгію (1995 г.), Венісуэлу (2007 г.), Егіпет (1998 г.), Індыю (1997 г.), Кітай (1995, 1997 і 2001 гг.), Кубу (2000 г.), ЗША (1993 г.), Францыю (1996 г.), Югаславію (1999 г.) і г.д. Яшчэ больш шчыльнымі і рэгулярнымі былі сустрэчы з лідарамі дзяржаў СНД, асабліва кіраўнікамі Расіі і Украіны.

Адным з прыярытэтных накірункаў у знешняй палітыцы Беларусі ў постсавецкі час стала цеснае двухбаковае супрацоўніцтва з дзяржавамі-суседзямі, у першую чаргу з Расійскай Федэрацыяй (РФ). Гэта было абумоўлена не толькі цеснымі палітычнымі, культурнымі і гістарычнымі сувязямі двух дзяржаў, але і тым, што Расія з’яўляецца адным з галоўных эканамічных партнёраў рэспублікі і вялікім рынкам збыту для айчыннай прадукцыі. Першыя спробы цеснага супрацоўніцтва з Расіяй былі прадпрыняты яшчэ урадам В.Ф. Кебіча, што выявілася ў падпісанні шэрагу пагадненняў, але яны так і не знайшлі сваёй практычнай рэалізацыі.

З сярэдзіны 1990-х гг. сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Рэалізуючы сваю прадвыбарную праграму А.Р. Лукашэнка ў лютым 1995 г. пайшоў на падпісанне Дагавора Беларусі і Расіі аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве і Пагаднення аб сумеснай ахове межаў. Гэтыя дакументы сталі трывалым падмуркам далейшай інтэграцыі братніх народаў. Адначасова Расія атрымала права на выкарыстанне сваіх ваенных аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі Беларусі ў Вілейцы і Баранавічах.

2 красавіка 1996 г. у Маскве А.Р. Лукашэнка і Б.М. Ельцын падпісалі Дагавор аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі. А роўна праз год, 2 красавіка 1997 г., – Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі і Статут Саюза. Дзякуючы гэтым пагадненням абедзве дзяржавы здолелі прерайці да найбольш цеснага супрацоўніцтва на ўсёй постсавецкай прасторы, прызналі роўныя правы грамадзянаў Беларусі і Расіі на тэрыторыі Саюза, стварылі роўныя ўмовы для сваіх суб’ектаў гаспадарання. На гэтым інтэграцыйны працэс не спыніўся. Ужо 8 снежня 1999 быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і прынята Праграма дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў дагавора. Згодна з падпісанымі пагадненнямі вышэйшымі органамі кіравання Саюзнай дзяржавай сталі Вышэйшы Дзяржаўны Савет, Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы, Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі. Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы быў прызначаны П.П. Барадзін.

З 2003 г. ідзе праца над Канстытуцыйным актам Саюзнай дзяржавы, вяліся размовы пра ўвядзенне адзінай валюты. Але, як паказала гісторыя, расійскі бок не заўсёды паслядоўна пратрымліваўся інтэграцыйных ідэяў і выконваў узятых на сябе абавязацельстваў. Прыкладам гэтаму можа стаць павышэнне кошту на газ для Беларусі з 2007 г., якое супярэчыла падпісаным пагадненням пра адзіныя умовы для суб’ектаў гаспадарання, абмежаванне паставак у РФ айчыннай малочнай прадукцыі ў 2009 г. і г.д.

Даволі цесна Беларусь супрацоўнічала і з іншымі дзяржавамі суседзямі. У прыватнасці з Латвіяй, Літвой і Украінай былі ўрэгуляваны пагранічныя пытанні, што выявілася ў падпісанні адпаведных міждзяржаўных пагадзенняў. Але калі з першымі двума дзяржавамі працэс дэлімітацыі і дэмаркацыі мяжы завершаны, дык з Украінай ён усё яшчэ зацягваецца.

Акрамя двухбаковага супрацоўніцтва Беларусь актыўна ўдзельнічае ў рабоце разнастайный міжнародных арганізацый. Яшчэ ў 1992 г. рэспубліка ўступіла ў Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця. На сёняшні дзень Беларусь прымае удзел у рабоце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, больш 50 яе спецыялізаваных устаноў і іншых міжнародных арганізацый, актыўна працуе ў складзе Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ).

На постсавецкай прасторы Рэспубліка Беларусь выступала адным з галоўных ініцыятараў інтэграцыйных працэсаў, адстойваючы ідэю так званай шматузроўневай інтэграцыі. Апошняе было абумоўлена тым, што не ўсе дзяржавы СНД гатовы да вельмі цеснага супрацоўніцтва. У выніку ў межах былога СССР Беларусь актыўна удзельнічае складзе СНД (Мінск афіцыйна з’яуляецца сталіцай Садружнасці), Еўразійскай Эканамічнай Супольнасці (утворана ў 2000 г. на аснове Мытнага саюза), а таксама Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Станоўчыя тэндэнцыі прасочваюцца і ва ўзаемадзеянніі Беларусі з Еўрапейскім Саюзам (ЕС). Яшчэ ў сакавіку 1995 г. паміж імі было падпісана Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве, якое з-за пахаладання ў адносінах так і не ўступіла ў сілу. Але гэта не спыніла супрацоўніцтва з ЕС. У маі 2009 г. Беларусь далучылася да праграмы ЕС “Усходняе партнёрства”, якая гарантуе інвестыцыйную падтрымку сумесных перспектыўных праектаў і спрыяе больш цеснаму супрацоўніцтву з дзяржавамі Еўропы.

Даволі прадуктыўна Беларусь супрацоўнічае з іншымі дзяржавамі і ў ваеннай сферы. Паслядоўна выступаючы супраць мілітарызацыі і прасоўваня НАТА на усход, наша рэспубліка, там не менш, супрацоўнічае з Паўночна-Атлантычным Альянсам, што сведчыць пра яе прагматычную і неканфрантацыйную палітыку. Так, у 1995 г. Беларусь далучылася да праграмы НАТА “Партнёрства дзеля міру”, у 1998 г. адкрыла пастаяннае прадстаўніцтва пры штаб-кватэры НАТА і, працягваючы прытрымлівацца ідэй нейтралітэту, уступіла ў Рух недалучэння. На постсавецкай прасторы ваеннае супрацоўніцтва рэспуліка развівала на двухбаковым узроўні і ў рамках Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) .

Прыярытэтнае месца ў развіцці супрацоўніцтва Беларусі з замежнымі дзяржавамі ў постсавецкі час займалі эканамічныя кантакты. Гэта было абумоўлена тым, што рэспубліка мела і мае на сёняшні дзень адкрытую, арыентаваную на экспарт эканоміку, якой неабходны емістыя рынкі сбыту. Таму першапачатковай задачай для нашай дзяржавы стала захаванне раней існуючых эканамічных сувязяў і заваяванне новых рынкаў збыту. І гэта задача была паспяхова вырашана. Беларусь паступова павялічыла сваю прысутнасць на рынках Азіі, Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, актывізавала экспарт ў дзяржавы Еўропы. Так калі ў 1994 г. Беларусь гандлявала з 97 краінамі свету, дык у 2000 г. ужо са 153. Пра павелічэнне знешняга гандлю сведчыць і рост аб’ёмаў тавараабароту. У 1995 г. ён складаў 10,4 млрд. дол. ЗША, у 2000 г. – 15, 8 млрд., у 2005 г. – 32,7 млрд., а ў 2008 г. – амаль 72 млрд. Падобнай станоўчай дынаміцы садзенічылі паслядоўная палітыка ўрада па актывізацыі гандлёвага супрацоўніцтва; стварэнне спецыялізаваных міжурадавых камісій з асноўнымі гандлевымі партнёрамі; наладжванне тавараправодзячай сеткі ў замежжы (гандлёвыя дамы, прадстаўніцтвы, сервісныя цэнтры); актыўны ўдзел у разнастайных выставах і кірмашах. Прыкладам апошняга можа стаць правядзенне Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Лондане ў 2008 г., дзе было падпісана шмат перспектыўных кантрактаў.

Адной з форм эканамічнага ўзаемадзеяння ў разглядаемы перыяд было стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Першым з іх на тэрыторыі Беларусі стала створанае яшчэ ў савецкі час (1989 г.) сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства “Белвест”, якое паспяхова працуе і сёння. Затым працэс прыцягнення замежных капіталаў паскорыўся. У 1992 г. у Беларусі працавала 201 сумеснае прадпрыемства і 8 замежных прадпрыемствы. У 2003 г. іх колькасць ужо раўнялася 1396 і 1271 адпаведна. Прыцягненню замежных інвестыцый садзейнічыла стварэнне свабодных эканамічных зонаў, дзе фірмам прадастаўляліся падатковыя ільготы. Адначасова з гэтым беларускія інвестары таксама асваівалі замежныя рынкі. У прыватнасці, актыўна адкрываліся за мяжой прадпрыемствы па сборцы беларускай тэхнікі, беларускія кампаніі прыцягваліся да здабычы нафты ў Венісуэле і Іране. Менавіта Беларусь стала першай у свеце дзяржавай, якую Іран дапусціў да распрацоўцы сваіх нафтагазавых радовішчаў на мяжы з Іракам.

У разглядаемы перыяд асноўнымі знешнеэканамічнымі партнёрамі Беларусі з’яўляліся Расія, Германія, Украіна, Польшча, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Латвія. Сярод беларускага экспарту пераважалі калійныя ўгнаенні, машыны, абсталяванне, транспартныя сродкі, прадукцыя хімічнай прамысловасці і г.д. У імпарце дамінавалі вуглевадароды (газ, нафта), так неабходныя айчыннай прамысловасці. Апошні фактар абумовіў тое, што ў знешнім гандлі Беларусі ў апошні час склалася адмоўнае сальда.

Для паляпшэння свайго знешняга гандлю Беларусь імкнецца да уступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, што будзе гарантаваць роўныя ўмовы гандлю і канкурэнцыі на тэрыторыі ўсіх дзяржаў удзельніц арганізацыі. Па стане на 2009 г. актыўна вядуцца перамовы па гэтым пытанні і выконваюцца ўсе неабходныя патрабаванні.

У постсавецкі час актывізавалася міжнароднае супрацоўніцтва на рэгіянальным ўзроўні. Назіраўся рост колькасці прамых двухбаковых і шматбаковых эканамічных і культурных пагадненняў абласцей Беларусі з замежнымі рэгіёнамі. Актыўна развіваўся рух параднёных гарадоў (гарадоў-пабрацімаў), што выявіўся ва ўсталяванні і развіцці цесных прамых кантактаў паміж гарадамі Беларусі і іншых краін. У прыватнасці пабрацімамі Мінска на сёняшні дзень з’яўляюцца французскі Ліён, амерыканскі Дэтройт, англійскі Натынгем, індыйскі Бангалор і г.д. Пабрацімамі Віцебска выступаюць польская Зелена Гура, нямецкія Франкфурт-на-Одэры і Нінбург, кітайскі Харбін, расійскі Геленджык.

Значная роля ў знешняй палітыцы Беларусі належыць узаемадзеянню з іншымі дзяржавамі ў галіне культуры, навукі і адукацыі, якое праяўляецца ў арганізацыі сумесных культурных праектаў (дні культуры Беларусі ў замежжы), фестываляў, мастацкіх плэнэраў, навуковых форумаў, усталяванні прамых кантактаў паміж міністэрствамі, ведамствамі і ўстановамі, абмене музейнымі выставамі, правядзенні сумесных даследванняў і г.д. Беларускія выканаўцы, мастакі, літаратары актыўна прымаюць удзел у разнастайных культурных мерапрыемствах па-за межамі дзяржавы. У сваю чаргу прадстаўнікі іншых краін рэгулярна прыязджаюць у Беларусь, арганізуюць канцэрты, персанальныя выставы, што таксама садзейнічае развіццю міжнародных сувязяў.

Шырока вядомы ва ўсім свеце і дасягненні беларускага спорту. Поспехі айчынных футбалістаў (выступленне барысаўскага БАТЭ ў Лізе Чэмпіёнаў у 2008-09 гг.,), хакеістаў (4-е месца на Алімпійскіх гульнях у Солт Лэйк Сіці ў 2002 г.) тэнісістаў (перамогі над грандамі ў рамках “Кубка Дэвіса”), легкаатлетаў і г.д., выступленні А.Глеба, Р.Салея, В.Азаранкі і інш. спрыялі стварэнню пазітыўнага іміджу нашай рэспублікі ў сусветным супольніцтве, што істотна дапаўніла працу беларускіх палітыкаў і дыпламатаў у гэтым накірунку.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]