Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Tema_12_Suchasnasts.doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
09.12.2018
Размер:
258.05 Кб
Скачать

Тэма 11. Рэспубліка Беларусь на сучасным этапе

11.1. Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту БССР. Станаўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь.

11.2. Унутрыпалітычнае жыццё Беларусі ў постсавецкі час. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

11.3. Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь.

11.4. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь.

11.5. Культура, навука і адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь.

11.1. Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту бсср. Станаўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь

У другой палове 1980-х гг. ў Савецкай дзяржаве склалася складаная сітуацыя: сур’ёзна пагоршылася эканамічнае становішча, назіралася падзенне тэмпаў росту вытворчасці і пагаршэнне асноўных эканамічных паказчыкаў. Толькі ў 1989-1991гг. спад нацыянальнага даходу СССР дасягнуў 33%. У Беларусі сітуацыя была яшчэ больш цяжкай з-за таго, што вялізарныя сродкі былі патрэбны на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пры гэтым, аднаўкладная дзяржаўная планавая эканоміка, строга цэнтралізаваная сістэма кіраўніцтва, фактары экстэнсіўнага развіцця і эканамічнага росту цалкам вычарпалі сябе. Нягледзячы на ўсе прадпрымаемыя спробы выхаду з крызіса і рэфармавання эканомікі, станоўчых вынікаў так і не было.

З-за лібералізацыі ў грамадска-палітычным жыцці ўсё грамчэй гучалі галасы апазіцыі, што падрывалі аўтарытэт КПСС. Абвастрыліся этнічныя і нацыянальныя супярэчанні. У прыватнасці на 1988-1990 гг. прыходзіцца ўзброеныя супроцьстаянні паміж Арменіяй і Азербайджанам за Нагорны Карабах, Грузіяй і Абхазіяй (грузінская тэрыторыя, што прэтэндуе на суверэнітэт), сутыкненні ў Узбекістане і Кіргізіі. Абвастрыліся русафобскія настроі, што асабліва праявіліся ў Прыбалтыцы, Малдове і г.д.

Існавалі праблемы і ў падзеле паўнамоцтваў паміж саюзным цэнтрам і рэспублікамі. Справа ў тым, што ў 1922 г. СССР быў створаны як федэрацыя, але ў выніку жорсткай цэнтралізацыі ўлады ён ператварыўся ва ўнітарную дзяржаву. Саюзная рэспублікі, разумеючы гэта, патрабавалі ўсё больш паўнамоцтваў. У выніку ў красавіку 1990 г. быў прыняты закон “Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі”. Усё гэта істотна паскорыла цэнтрабежныя тэндэнцыі.

На 1990 г. у Савецкім Саюзе прыходзіцца так званы “парад суверэнітэтаў”, калі рэспублікі адна за адной заявілі пра сваю незалежнасць. Першымі гэта зрабілі Літва, Латвія, Эстонія (сакавік-красавік 1990 г.), якія адначасова паставілі пытанне пра свой выхад са складу СССР. Іншыя рэспублікі абмежаваліся проста аб’яўленнем суверэнітэта. У прыватнасці, 12 чэрвеня 1990 г. так паступіла Расія, 16 ліпеня 1990 г. – Украіна. Пасля гэтага 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР таксама зацвердзіў “Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР”. Згодна з ёй абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў БССР, замацоўвалася цэласнасць тэрыторыі рэспублікі, уводзіўся прававы інстытут грамадзянства БССР.

Нягледзячы на гэта, Савецкі Саюз яшчэ працягваў існаваць. Больш таго, прадпрымаліся спробы падпісання новага саюзнага дагавору, які б адпавядаў склаўшымся ўмовам і пашыраў правы саюзных рэспублік. Адстойваючы гэтую ідэю кіраўніцтва СССР пайшло на правядзенне агульнасаюзнага рэферэндума, на які выносілася пытанне пра захаванне Савецкага Саюза як абноўленай федэрацыі саюзных рэспублік. 17 сакавіка 1991 г. гэты рэферэндум прайшоў у 9 з 15 рэспубліках. Правячыя колы Грузіі, Малдовы, Арменіі і рэспублік Прыбалтыкі адмовіліся ад правядзення плебісцыту. Па выніках галасавання большасць жыхароў СССР выказалася за захаванне Саюза. У Беларусі колькасць адказаўшых станоўча была 82,7% ад прыняўшых удзел у рэферэндуме. Гэта падштурхнула Вярхоўны Савет БССР прыняць пастанову “Аб канцэпцыі новага саюзнага дагавора” і распачаць перамовы пра яго падпісанне.

Паралельна з гэтым кіраўніцтва СССР ідзе на некаторыя непапулярныя меры дзеля выхаду з эканамічнага крызісу. Сярод іх асабліва балюча ўдарыла па працоўным павышэнне коштаў на большасць прамысловых і харчовых тавараў. Яно адбылося ў красавіку 1991 г. і пывяло да масавых выступленняў і забастовак прпацоўных пад антыкамуністычнымі лозунгамі.

У такіх складаных умовах у красавіку 1991 г. ва ўрадавай рэзідэнцыі Нова-Агарова было падпісана пагадненне паміж Прэзідэнтам СССР М.С. Гарбачовым і кіраўнікамі дзевяці рэспублік пра хутчэйшае заключэнне новага саюзнага дагавора. Прапанаваны праект дагавора пасля падпісання некалькі разоў карэнным чынам парапрацоўваўся і дапаўняўся. У выніку бакі здолелі прыйсці да кампраміснага варыянту. Яго падпісанне было прызначана на жнівень 1991 г., але гэтым планам не наканавана было рэалізавацца. Справа ў тым, што ў падпісанні новага саюзнага дагавора не былі зацікаўлены некаторыя ўплывовыя палітычныя сілы. Сярод апошніх асабліва валучаліся два палярныя лагеры. У першым знаходзіліся кіраўнікі шэрагу саюзных рэспублік, якія атрымалі ўладу і не збіраліся ізноў дзяліцца ёю з саюзным цэнтрам. І тут асабліва складанай была сітуацыя ў Расіі (РСФСР), дзе ў чэрвені 1991 г. быў абраны першы прэзідэнт, якім стаў Б.М. Ельцын. Каб забяспечыць сабе больш паўнамоцтваў расійскаму прэзідэнту трэба было дабівацца паслаблення саюзнага цэнтра, што знаходзіўся ў расійская сталіцы. Таму процістаяння было не пазбегнуць.

Другі лагер праціўнікаў падпісання новага саюзнага дагавору быў прадстаўлены кансерватыўна настроенымі камуністамі, што не жадалі змяняць існуючы на працягу апошніх дзесяцігоддзяў парадак і прадастаўляць рэспублікам больш шырокія паўнамоцтвы. Яны лічылі, што такі ход падзей падарве іх уладу і ўвогуле аслабіць дзяржаву. І такіх было даволі шмат ў кіраўніцтве Савецкага Саюза і КПСС. Адзіным выхадам са склаўшагася крызісу яны бачылі ў вяртані да існуючых да 1985 г. парадкаў. Дзеля рэалізацыі сваіх планаў прыхільнікамі кансерватыўнага лагеру быў арганізаваны дзяржаўны пераварот, які ўвайшоў у гісторыю як “Жнівеньскі Путч” і адбыўся 18-21 жніўня 1991 г. На чале пераварота апынуўся спецыяльна створаны Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (больш вдомы ў рускамоўнай абрэвіатуры як ГКЧП). У склад дзяржкамітэта ўвайшлі віцэ-прэзідэнт СССР Г.І. Янаеў, старшыня Савета Міністраў СССР В.С. Паўлаў, кіраўнікі Міністэрства ўнутранных спраў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі і г.д. ГКЧП абвясціў, што ўся ўлада ў СССР пераходзіць да яго, а ў некаторых рэгіёнах дзяржавы ўводзіцца надзвычайнае становішча. Пры гэтым Прэзідэнт СССР М.С. Гарбачоў быў узяты пад хатні арышт і аб’яўлены не здольным па стане здароўя выконваць свае абавязкі, а ў савецкую сталіцу для падтрымання парадку былі ўведзены танкі і ваенныя падраздзяленні КДБ і МУС.

У адказ на дзеянні ГКЧП у Маскве і іншых гарадах СССР распачаліся акцыі пратэсту. Паўстала рэальная пагроза грамадзянскай вайны. Толькі дзякуючы актыўным дзеянням масквічоў на чале якіх стаў не арыштаваны путчыстамі Б.Н. Ельцын і нерашучасці саміх удзельнікаў ГКЧП путч быў падаўлены. Гэта быў поўнасцю заканамерны вынік. Путчысты пабаяліся рашучых дзеянняў, а тыя ўзброеныя сілы, што былі ўведзены ў Маскву, самі пераходзілі на бок прыхільнікаў Б.М. Ельцына.

Пад час гэтага супроцьстаяння кіраўніцтва БССР паводзіла сябе даволі стрымана, хаця яшчэ ў снежні 1990 г. ХХХІ з’езд КПБ выступаў супроць шматпартыйнасці, за абмежаванне палітычных рэформ і захаванне кіруючай ролі партыі. Беларускі ўрад і Вярхоўны Савет уважліва сачылі за падзеямі ў Маскве і заклікалі жыхароў рэспублікі да спакою і вытрымкі. Адначасова ўсё газеты рэспублікі друкавалі звароты путчыстаў. Адзіным выданнем, што адразу асудзіла путч і падтрымала Б.М. Ельцына стала газета беларускага камсамолу “Знамя юности”, выхад якой быў спынены.

Пасля падаўлення путчу ўлады саюзных рэспублік узялі канчатковы курс на незалежнасць. У Мінску на 5-ю пазачарговую сесію сабраўся Вярхоўны Савет БССР, які 25 жніўня 1991 г. надаў “Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР статус канстуцыйнага закону. 26 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет працягнуў работу і прыняў пастанову “Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР”. Згодна з ёй міністэрствы і ведамствы агульнасаюзнага (падпарадкоўваліся толькі ураду СССР) і саюзна-рэспубліканскага (падпарадкоўваліся адначасова ўраду СССР і Савету Міністраў БССР) падпарадкавання пераходзілі пад поўны кантроль выключна беларускага ўрада. Гэтая пастанова датычылася ў першую чаргу сілавых і фінансава-эканамічных міністэртваў і ведамстваў, якія перасталі падпарадкоўвацца адпаведным агульнасаюзным міністэрствам. Акрамя таго, ва ўласнасць рэспублікі пераходзіла агульнасаюзная маёмасць, што знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. У той жа дзень была прынята пастанова Вярхоўнага Савета БССР “Аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады”, згодна з якой на тэрыторыі рэспублікі спынялася і забаранялася дзейнасць Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і Камуністычнай партыі Беларусі. Адначасова з прыняццем гэтага рашэння ўсе члены Савета Міністраў выйшлі з партыі.

19 верасня 1991 г. Вярхоўным Саветам БССР была прынята новая дзяржаўная сімволіка рэспублікі (герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг), а таксама ўстаноўлена новая назва – Рэспубліка Беларусь ці ў скарочаным варыянце Беларусь. Ніякія іншыя назвы і скарачэнні законам і Канстытуцыяй Беларусі не дапускаліся. А ў 2006 г. на спецыяльна скліканай міжнароднай канферэнцыі ААН па тапаніміцы ва ўсіх мовах свету рэкамендавана выкарыстоўваць менавіта назву Беларусь (Belarus’), што ўжо было зроблена ў англійскай мове (Belarus замест Belorussia).

Але, нягледзячы на падзеі жніўня-верасня 1991 г., Савецкі Саюз усё яшчэ існаваў, хаця і згубіў сваю былую цэнтралізацыю. Спыненыя з-за путча перамовы пра падпісанне новай саюзнай дамовы аднавіліся. 18 кастрычніка 1991 г. кіраўнікамі 8 рэспублік і Прэзідэнтам СССР быў падпісаны Дагавор аб Эканамічнай супольнасці суверэнных дзяржаў. У параўнані з папярэднімі перамовамі сярод падпісантаў не аказалася Украіны. А без яе новага Саюзу амаль ніхто ў той час не ўяўляў. 14 лістапада 1991 г. у рэзідэнцыі Нова-Агарова ўжо толькі 7 рэспублік заявілі пра свой намер утварыць Садружнасць Суверэнных Дзяржаў і падпісаць новы саюзны дагавор. Але гэтага не адбылося, бо кіраўнікі сямі рэспублік чакалі станоўчага рашэння Украіны. А яго не магло быць, так як 1 снежня 1991 г. на рэферэндуме большасць жыхароў гэтай рэспублікі выказаліся за поўную незалежнасць, развязаўшы тым самым рукі кіраўніцтву Украіны, што больш не жадала заставацца ў складзе Савецкага Саюза.

У такіх складаных умовах ініцыятыву на сябе ўзяло кіраўніцтва Расіі, якое не збіралася больш дзяліць уладу з саюзным цэнтрам. Расійская дэлегацыя актыўна далучылася да сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Украіны, што праходзіла ва ўрадавай рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы. Там 8 снежня 1991 г. кіраўнікі Беларусі (С.С. Шушкевіч), Расіі (Б.М. Ельцын) і Украіны (Л.М. Краўчук) падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Па сутнасці гэта азначала, што гэтыя рэспублікі-заснавальніцы Савецкага Саюза спынялі дзеянне Дагавора аб утварэнні СССР ад 1922 г., ліквідуючы там самым Савецкую дзяржаву, хаця падобная працэдура ў самім дагаворы не была прадугледжана. Адначасова кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны звярталіся да іншых былых рэспублік з заклікам далучыцца да Садружнасці, штаб-кватэра якой размясцілася ў Мінску.

Праз некалькі дзён, 10 снежня 1991 г., Вярхоўны Савет Беларусі ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД. 21 снежня 1991 г. у г. Алма-Аты да Садружнасці Незалежных Дзяржаў далучыліся сярэдзеазіяцкія рэспублікі, Казахстан і Арменія. Крыху пазней гэта ж зрабілі Азербайджан і Малдова. 25 снежня 1991 г. у адстаўку падаў прэзідэнт СССР М.С.Гарбачоў, а над Крамлём замест савецкага сцяга ўзняўся расійскі трыкалор. Савецкі Саюз як палітычная рэальнасць перастаў існаваць, што даволі балюча было ўспрынята простым народам.

У такіх складаных умовах адбывалася пабудова сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Адной з прыярытэтных задач пры гэтым з’яўлялася фарміраванне ўласнага заканадаўства. І у гэтым накіруну кіраўніцтва рэспублікі здолела шмат чаго дасягнуць. У прыватнасці, яшчэ ў 1990 г. пачалася распрацоўка новага праекта Канстытуцыі рэспублікі Па стане на пачатак 1992 г. новы Асноўны Закон, па сутнасці, быў падрыхтаваны. Але з-за спрэчак ў парламенце работа над Канстытуцыяй поўнасцю была завершана толькі ў 1994 г. Адначасова актыўна прымаліся розныя нарматыўна-прававыя акты, якія ў будучым склалі аснову нацыянальнага заканадаўства. У прыватнасці, былі прыняты законы “Аб арэндзе”, “Аб прыватызацыі”, якія садзейнічалі развіццю рыначных адносін у беларускай эканоміцы. 18 кастрычніка 1991 г. парламент зацвердзіў закон “Аб грамадзянстве”, што вызначаў спосаб набыцця і страты беларускага грамадзянства і канчаткова вызначаў прававы статус асоб, якія на момант распаду пражывалі на тэрыторыі рэспублікі (усе яны былі прызнаны грамадзянамі Беларусі).

Даволі складаным аказалася пытанне стварэння ўласнага войска. Ужо 20 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет прымае рашэнне пра стварэнне Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь. Сталася так, што ў 1991 г. у Беларусі была самая вялікая канцэнтрацыя ваенных у свеце (1вайсковец на 43 жыхары), якая дасталася ў спадчыну ад Беларускай ваеннай акругі. У выніку, пасля далучэння рэспублікі да Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе армія была скарочана з 160 да 80 тыс. чалавек. Былыя афіцэры Савецкай Арміі прымалі прысягу на вернасць Беларусі, афіцэры-беларусы, што апынуліся ў іншых частках СССР, вярталіся на Радзіму, каб служыць менавіта тут. Колькасць апошніх дасягнула 5 тыс. чалавек. З асенняга прызыву 1991 г. грамадзяне Беларусі пачалі праходзіць службу толькі на тэрыторыі рэспублікі. У 1992 г. было створана Міністэрства абароны, якому падпарадкаваліся ўсе ваенныя часці, што размяшчаліся на тэрыторыі рэспублікі, за выключэннем стратэгічных сіл СНД.

Яшчэ адным з актуальных для маладой дзяржавы пытанняў стала ахова ўласных межаў і забеспячэнне сваёй эканамічнай бяспекі. Дзеля гэтага ў верасні 1991 г. былі створаны мытныя органы Рэспублікі Беларусь, а ў пачатку 1992 г. Галоўнае ўпраўленне пагранічных войскаў пры Савеце Міністраў. У мінімальныя тэрміны па ўсёй тэрыторыі Беларусі пачалі работу рэгіянальныя мытні, а на мяжы з Літвой і Латвіяй з’явіліся пагранічнікі. У 1997 г. пасля стварэння адпаведнай юрыдычнай асновы пагранічная ахова была ўведзена і на мяжы з Украінай.

Вялікае значэнне для Беларусі ў першыя гады незалежнасці мела правядзенне самастойнай знешняй і ўнутраннай палітыкі. Гэта забяспечвалася рэальным суверэнітэтам ўлады, што мелася ў Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Знешняя палітыка вызначалася парламентам, а на практыцы рэалізоўвалася Міністэрствам замежных спраў. Што ж датычыца ўнутраннай палітыкі, дык за яе рэалізацыю адказвалі самыя разнастайныя міністэртсвы і ведамствы. У правядзенні ўласнай эканамічнай палітыкі значная роля належыла Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь. Яго намаганнямі ў 1992 г. былі ўведзены разліковыя білеты Нацыянальнага банка (так званыя “зайчыкі”), якія першапачаткова задумваліся як часовыя купоны на перыяд фінансавай нестабільнасці. Паралельна ў абарачэнні працягвалі заставацца і савецкія грошы. І гэта было даваолі небяспечна, так як адзіным эмісійным цэнтрам ў СССР была Масква, а распачатая у студзені 1992 г. лібералізацыя расійскай эканомікі, што праводзілася без ўзгаднення з урадамі дзяржаў СНД, адмоўна сказалася і на эканоміцы Беларусі. Апошняе вымусіла кіраўніцтва рэспублікі ў 1994 г. зрабіць беларускі рубель адзіным грашовым сродкам на тэрыторыі дзяржавы.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]