Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
№10.doc
Скачиваний:
29
Добавлен:
05.02.2016
Размер:
128 Кб
Скачать

Рэферат як сродак каспрэсіі навуковага тэксту

Рэферат (ад лац. referre – дакладваць, паведамляць) – кароткае выкладанне зместу навуковай працы, артыкула, кнігі і пад.; даклад, заснаваны на крытычным аглядзе кніг. Рэферат уключае асноўныя фактычныя звесткі і вывады, неабходныя для першаснага азнаямлення з творам і азначэння мэтазгоднасці чытання гэтай навуковай крыніцы. Рэфератам можа называцца даклад на зададзеную тэму па пэўных крыніцах.

Як вынікае з азначэння, рэферат павінен змяшчаць асноўныя дадзеныя пра тэкст, найбольш каштоўную яго інфармацыю. У некаторых выпадках рэферат павінен быць прыгодным для выкарыстання ў розных выданнях другаснай інфармацыі.

Рэферат з’яўляецца формай вынікаў дакументальнага пераўтварэння інфармацыі, гэта значыць, працэсу аналітыка-сінтэтычнага вывучэння тэкстаў і падрыхтоўкі сціснутай інфармацыі, якая адлюстроўвае найбольш істотныя элементы зместу гэтых тэкстаў.

Як правіла, рэфераты маюць навукова-інфармацыйнае назначэнне. Таму яны нярэдка публікуюцца побач з навуковымі рэцэнзіямі ў навуковым друку, а таксама ў спецыялізаваных перыядычных выданнях – рэфератыўных часопісах.

Патрабаванні, якія прад’яўляюцца да рэферата:

  • не адлюстроўваць суб’ектыўныя погляды аўтара адносна пытання, якое раскрываецца, таксама як і ацэнку гэтага пытання;

  • калі ў першакрыніцы галоўная думка сфармулявана невыразна або недастаткова дакладна, то ў рэфераце яна можа быць канкрэтызавана і падкрэслена;

  • гістарычныя экскурсы ў рэфераце звычайна апускаюцца, а спасылкі на друкаваныя работы пакідаюцца толькі ў выпадках, калі тэкст рэферата з’яўляецца працягам раней надрукаваных матэрыялаў ці гэтыя матэрыялы абмяркоўваюцца ў рэфераце;

  • лічбавыя дадзеныя, якія змешчаны ў першакрыніцы, у рэфераце сістэматызуюцца і абагульняюцца;

  • адзінкі вымярэння, выкарыстаныя ў рэфераце павінны адпавядаць прынятым у краіне стандартам;

  • геаграфічныя назвы павінны быць напісаны на той мове, на якой пішацца рэферат, а замежныя прозвішчы і назвы фірм – на мове першакрыніцы.

У навуковай літаратуры існуе падзел рэфератаў па паўнаце выкладу на некалькі разнавіднасцей:

Інфарматыўныя рэфераты змяшчаюць у сабе асноўную інфармацыю рэферуемай працы ў абагульненым выглядзе; у іх таксама ўказваюцца мэта і задачы даследавання, звесткі пра методыку даследавання, сферу прымянення, прыводзяцца вынікі працы, якія маюць навуковую і практычную значнасць, і інш.

Індыкатыўныя рэфераты (рэфераты-рэзюме) займаюць прамежкавае становішча паміж рэфератам і анатацыяй (іх называюць рэфератыўнай анатацыяй). Яны толькі «падказваюць» чытачу, патрэбна яму звяртацца да першаснага дакумента ці не. У такіх рэфератах называюцца асноўныя палажэнні, звязаныя з тэмай рэферыруемай працы, пералічваюцца назвы раздзелаў, глаў, параграфаў, прыводзяцца ключавыя словы і словазлучэнні (звычайна тэрміны, якія грунтуюцца на асноўных ідэях і паняццях рэферуемай працы).

Рэфераты–навуковыя даклады распаўсюджаны ў навукова-даследчых установах, вышэйшай школе, ва ўніверсітэтах.

Аўтарэферат складаецца саіскальнікам навуковай ступені кандыдата навук або доктара навук па свайму дысертацыйнаму даследаванню, ён утрымлівае асноўныя навукова-тэарэтычныя палажэнні дысертацыі.

Рэферат-фрагмент першакрыніцы – гэта рэферат, які складаецца ў тых выпадках, калі ў дакуменце-першакрыніцы можна выдзеліць частку. раздзел ці фрагмент, якія адлюстроўваюць інфармацыйную сутнасць тэксту ці адпавядаюць задачы рэферавання.

Аглядавы рэферат – гэта работа, складзеная паводле некалькіх навуковых крыніц і з’яўляецца агульнай характарыстыкай іх зместу. Такія рэфераты падзяляюцца на монарэфераты ў выглядзе звязнага твору і на полірэфераты ў выглядзе сукупнасці рэфератаў.

Нярэдка рэферат (вуснае паведамленне) рыхтуюць для таго, каб перадаць яго ідэі аўдыторыі. Па гэтай прычыне рэферат павінен несці больш грунтоўны змест, шырэй асвятляць тэму паведамлення, чым канспект. Рэферат патрабуе глыбока вывучэння першакрыніц, умення звязваць іх тэарэтычныя высновы з сучаснасцю, праводзіць глыбокі аналіз, рабіць практычныя вывады. А дзеля гэтага патрэбна мець сваю цвёрдую думку і яе аргументацыю, гэта значыць, вельмі добра ведаць матэрыял.

Пры падрыхтоўцы і абароне рэферата перад аўдыторыяй важна вызначыць назначэнне работы, устанавіць заданне самому сабе – выклад павінен быць цалкам усвядомлены. У рэфераце недапушчальна не разабрацца з усімі аспектамі праблемы. У тым выпадку, калі ў прамоўцы ўсё ж засталіся такія пытанні, іх спецыяльна выносяць на абмеркаванне перад аўдыторыяй. Калі для запісаў пры падрыхтоўцы такога рэферата выкарыстоўваюцца раздрукаваныя тэксты, то патрэбна іх загадзя адрэгаваць. Якасна падрыхтаванае паведамленне дапамагае і прамоўцы, і аўдыторыі асэнсаваць пэўныя ідэі, данесці іх, абагульніць, сумесна абмеркаваць.

Рэферат з’яўляецца самай простай формай самастойнай пісьмовай студэнцкай работы. У такой рабоце не патрабуецца ні наяўнасці вялікага фактычнага матэрыялу, ні глыбокага аналізу, ні фундаментальных вынікаў. Студэнцкі рэферат аналізуе толькі дастаткова вузкую тэму, якая развівае толькі асноўны, агульнапрыняты пункт погляду на пэўную праблематыку. У рэфераце студэнт павінен схематычна асвятліць адно канкрэтнае пытанне. Па сутнасці, патрэбна пераказаць (пажадана сваімі словамі) параграф з падручніка – для студэнцкага рэферата гэтага дастаткова.

Звычайна рэферат складаецца з наступных структурных частак:

  1. Змест.

  2. Уводзіны.

  3. Раздзелы.

  4. Заключэнне.

  5. Спіс літаратуры.

Кожная з гэтых частак паянаецца з новай старонкі. Загалоўкі названых частак рэферата пішуцца вялікімі літарамі і змяшчаюцца па цэнтры радка. Паміж загалоўкам і тэкстам павінны быць пусты радок.

Зыходзячы з асаблівасцей рэферата, складаецца яго план. У самім тэксце рэферата не фіксуецца план, гэтаму адпавядае рубрыка “Змест”, якая, па сутнасці, і з’яўляецца планам. План рэферата павінен уключаць уводзіны, некалькі раздзелаў, заключэнне і спіс літаратуры (бібліяграфічны спіс).

Ва ўводзінах рэферата павінны быць адлюстраваны актуальнасць тэмы рэферата, мэта і задачачы работы, якія патрэбна вырашыць, вельмі кароткая характарыстыка структуры рэферата, кароткі агляд выкарыстанай літаратуры. Аб’ём уводзін – 1–1,5 старонкі. Для студэнцкай работы указанне мэты з’яўляецца абавязковай часткі работы. Пры гэтым, мэта размяшчаецца адразу пасля актуальнасці тэмы, з’яўляецца абавязковым патрабаваннем выдзяленне гэтага слова тлустым курсівам. Мэта рэферата – гэта вынік праведзенага даследавання, яна можа заключацца ў выпрацоўцы рэкамендацый для далейшага вывучэння навуковага факта, у яго ўдакладненні, у атрыманні больш поўнага, усебаковага вызначэння прычын, умоў, падыходаў да яго. ва ўводзінах на вызначэнне мэты рэферата адводзіцца максімальна 2-3 радкі. Для дасягнення ўказанай мэты неабходна паставіць задачы (звычайна 3-4), іх пералічэнне – гэта таксама фармальнае патрабаванне да напісання рэферата.

Раздзелы рэферата могуць падзяляцца на параграфы (калі рэферат невялікі па аб’ёме, то лепш гэтага не рабіць). Калі рэферат маленькі (8 – 10 старонак), то план рэферата можа быць увогуле без раздзелаў – у плане паміж уводзінамі і заключэннем друкуюць “Асноўную частку”, якая зў’яўляецца загалоўкам адзінага раздзела. Раздзелы ў рэфераце нумаруюцца і кожная павінна пачынацца з новай старонкі. Загаловак параграфа пішацца звычайнымі літарамі з вялікай літары, размяшчаецца “па шырыні” тэксту з чырвонага радка. Пропуск паміж загалоўкам і тэкстам не робіцца. Нумар параграфа павінен уключацьнумар адпаведнага раздзела і аддзяляецца ад уласнга нумар кропкай – 1.3 (першы раздзел трэці параграф). Аб’ём асноўнай часткі рэферата – 10 – 15 старонак, сюды не ўключаецца тытульны ліст (узор яго афармлення гл. пасля зместу метадычнай распрацоўкі) і спіс літаратуры.

Малюнкі, табліцы і дыяграмы (калі яны ёсць) таксама павінны ў рэфераце нумаравацца, мець подпісы: малюнкі і дыяграмы - “па цэнтры” пад імі, табліца – зверху.

Пажадана, каб у рэфераце былі спасылкі. Іх колькасць – ад 2 да 10. Ставіць спасылкі можна двума спосабамі: унізе старонкі (зноска) або за тэкстам у квадратных дужках з указаннем нумара крыніцы па спісе літаратуры. Безумоўна, спасылкі робяцца на дакладныя лічбавыя дадзеныя і на ўсе цытаты.

У заключэнні павінны быць адказы на пастаўленыя ва ўводзінах задачы, а таксама дадзены агульны вывад. У заключэнні абавязкова вяртаюцца да мэты работы, робіцца вывад пра дасягненне ці недасягненне мэты. Аб’ём заключэння – 1–1,5 старонкі.

Спіс літаратуры (бібліяграфічны спіс) у рэферата каля 10 пазіцый. Сюды ўваходзяць нарматыўныя акты, кнігі, перыядычныя выданні, інтэрнэт-крыніцы.

У асноўным рэфераты друкуюцца шрыфтам Times New Roman, кегель 14, а інтэрвал – 1,5, палі – злева 3см, справа 1,5 см, зверху і знізу па 2 см.

Рэферат павінен быць аб’ектыўным, поўным, лагічным, адпавядаць стылістычным нормам. Як вынікае з азначэння, рэферат павінен змяшчаць асноўныя дадзеныя пра тэкст, найбольш каштоўную яго інфармацыю, што дае магчымасць вызначыць, ці неабходна звяртацца да першаснага дакумента. У некаторых выпадках рэферат павінен быць прыгодным да выкарыстання ў розных выданнях другаснай інфармацыі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]