Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
№1.doc
Скачиваний:
24
Добавлен:
09.11.2019
Размер:
184.32 Кб
Скачать

УА “Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў

медыцынскі ўніверсітэт”

Кафедра рускай і беларускай моў ФПДП

Абмеркавана на пасяджэнні кафедры

рускай і беларускай моў ФПДП

Пратакол № 1 ад 2.09.2011 г.

МетадычнаЯ распрацоўка для студэнтаў № 1

для правядзення заняткаў

на I курсе стаматалагічнага, фармацэўтычнага, лячэбнага факультэтаў

Па дысцыпліне “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”

Уводзіны ў дысцыпліну.

Беларуская мова і яе месца ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей

Час: 75 хвілін.

УВОДЗІНЫ

Беларуская мова. Прафесійная лексіка” – дысцыпліна, якая дапамагае студэнтам далучыцца да багаццяў нацыянальнай культуры, сфарміраваць камунікатыўна развітую асобу, здольную наладжваць зносіны на роднай мове ў прафесійнай сферы, перакладаць і рэферыраваць прафесійна арыентаваныя і навуковыя тэксты, весці дзелавую дакументацыю, выступаць з навуковымі паведамленнямі і публічнымі прамовамі і інш.

Праграма курса “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” накіравана на засваенне і прафесійнае прымяненне беларускай навуковай тэрміналогіі, выпрацоўку ў студэнтаў уменняў правільна ўспрымаць любую інфармацыю на беларускай мове, а таксама дакладна і асэнсавана выказваць любую думку, спрыяць павышэнню грамадскага прэстыжу беларускай літаратурнай мовы як мовы тытульнай нацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Задачы вывучэння дысцыпліны:

- сфарміраваць разуменне неабходнасці ведаць і карыстацца беларускай мовай у прафесійнай дзейнасці;

- даць неабходную сістэму ведаў аб лексічным складзе, тэрміналогіі і маўленчай культуры;

- дапамагчы ўсвядоміць месца беларускай мовы ў развіцці культуры і ў духоўным адраджэнні нацыі;

- садзейнічаць падрыхтоўцы высокаадукаваных, творчых і крытычна думаючых спецыялістаў, здольных вырашаць складаныя моўна-сацыяльныя праблемы бытавання беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму.

Беларуская мова ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей

1. Мова як сродак зносін у грамадстве

Працэс камунiкацыi (зносiн) заключаецца ў тым, што пэўны змест думкi перадаецца пры дапамозе адпаведных знакаў. У нашым жыццi мы сустракаемся з iмi пастаянна. Гэта, напрыклад, знакi дарожнай i марской сiгналiзацыi, азбука Морзэ, матэматычныя знакi i iнш. Кожны з iх мае матэ-рыяльны бок (знешні выгляд, літарны склад) i значэнне. Так, зялёны флажок ці зялёнае святло лiхтара ў прынятай на чыгунцы сiгналiзацыi абазначае 'шлях свабодны', жоўты - 'цiхi ход', чырвоны - 'стоп'; малюнак чэрапа i скрыжаваных касцей на трансфарматарных будках сведчаць: вельмi не-бяспечна, смяртэльна небяспечна.

Сукупнасць узаемазвязаных знакаў утварае сiстэму знакаў. Знакавыя сiстэмы могуць быць простымі (напрыклад, сістэма дарожных знакаў) i вельмi складанымi (да якіх належыць мова). Складанасць моўнай сiстэмы звязана з выключнай роляй мовы ў жыццi грамадства. Істотным адрозненнем мовы ад астатніх знакавых сістэм з’яўляецца тое, што мова - найважнейшы сродак чалавечых зносін. Дзеля таго каб існаваць, людзі павінны дамовіцца паміж сабой пра супольныя справы, размеркаванне абавязкаў, вызначэнне агульных планаў і г.д. Ажыццяўленне падобнага тыпу патрэб і дасягаецца пры дапамозе мовы. Мова ўзнікае з настойлівай патрэбы грамадства і ў грамадстве, гэта – сацыяльная (грамадская) з’ява. Галоўная функцыя мовы – быць сродкам зносін у грамадстве. Рэалізацыя гэтай функцыі адбываецца ў працэсе маўленчай дзейнасці (камунікацыі).

Мова ўласціва толькі чалавеку, у жывёл мовы няма і быць не можа. З'яўляючыся сродкам чалавечых зносін, мова тым самым выступае як сродак выражэння нашых думак. Адсюль - цесная сувязь мовы i мыслення. Паводле здольнасці выражаць абстрактныя формы мыслення (паняцці, суджэнні) мова карэнным чынам адрозніваецца ад «мовы» жывёл, якая нагадвае сабой набор сігналаў для перадачы рэакцый на пэўныя сiтуацыi i рэгулявання паводзін у адпаведных абставінах.

Штучныя знакавыя сiстэмы ў адносінах да мовы другасныя, створаны ў большай ці меншай ступені як яе вельмі змененыя спрошчаныя мадэлі. Мова - з'ява натуральная; у параўнанні з i ншымі знакавымi сiстэмам яна першасная, базавая. Адрозненне паміж мовай i іншымі сродкамi зносін заключаецца ў тым, што штучныя сiстэмы знакаў не ўдзельнiчаюць у фармiраваннi думак, мове ж такая функцыя ўласцiва ў аднолькавай ступенi з функцыяй камунікатыўнай (зносін). Натуральная мова здольна да разівіцця, чаго нельга сказаць пра астатнія знакавыя сістэмы. Значыць, з усіх сістэм знакаў, якімі карыстаюцца людзі, асноўным, рашаючым, важнейшым сродкам зносін з'яўляецца мова. Гэта абумоўлівае шматлікасць i разнастайнасць моўных знакаў, недапушчальнасць i немагчымасць iх адвольных змен.

Мова сапраўды павінна быць устойлiвай, інакш яна не зможа выконваць сваю асноўную функцыю - служыць важнейшым сродкам чалавечых зносiн. У той жа час развіццё грамадства, ускладненне ўсiх форм практычнай дзейнасці людзей, развіццё мыслення абумоўліваюць неабходнасць пастаяннага развіцця, узбагачэння мовы. Асабліва рухомым з'яўляецца слоўнiкавы састаў мовы, якi рэагуе на ўсе змены ў жыццi грамадства. Значна больш устойлівымі аказваюцца гукі мовы, яе граматычны лад. Мова паспяхова задавальняе камунікатыўныя патрэбы людзей таму, што кожная яе адзінка выконвае сваю асобую функцыю. Вельмi важную - камунікатыўную - функцыю выконвае сказ, бо ў працэсе зносін мы карыстаемся не асобным словам, а сказам. Асобныя словы, напрыклад, Радзіма, дарагi, любiць не выражаюць думкі i таму не выконваюць камунікатыунай функцыі. Каб перадаць думку, гэтыя словы трэба аформіць у сказ.

Кожнай мове ўласціва свая асобая структура, якая складваецца ў вынiку яе працяглага гістарычнага развiцця. Як вядома, мова ўзнiкае i развіваецца разам з узнікненнем і развіццём грамадства. Асноўны фактар, што прывёў да ўтварэння мовы, - праца. Мова разглядаецца i як прадукт працы, i як фактар, што аказвае, разам з самой працай, велізарнае ўздзеянне на чалавека, на працэс яго выдзялення з жывёльнага свету. Узнікненне членараздельнай мовы з'явілася магутным стымулам далейшага развіцця грамадства. Праз мову рэалізуецца пераемнасць розных пакаленняў гістарычных эпох. Гісторыя кожнай мовы неаддзельная ад гісторыi народа, якi валодае ёю. Мова ўзнiкла адначасова з грамадствам i заўсёды спадарожнiчае яму на ўсiм шляху развiцця. Чалавецтва не можа iснаваць без мовы, як i сама мова становiцца мёртвай схемай без яе ўжывання. З'яўляючыся важнейшым сродкам чалавечых зносiн, мова нiяк не можа быць «індывідуальнай», г. зн. спецыфічнай у кожнага чалавека. 3 дапамогай такой «iндывідуальнай» мовы не маглi б згаварыцца нават два чалавекі, тым больш немагчымыя былі б зносіны ў шырокіх маштабах. Мова па сваёй сутнасцi - з'ява сацыяльная, яна - агульны здабытак усяго народа.

Такiм чынам, мова - найважнейшы сродак чалавечых зносiн. Гэта iстотная роля мовы ў грамадстве абумоўлiвае залежнасць тэмпаў, а таксама некаторых напрамкаў i форм развіцця мовы ад гістарычных змен у культурным развіцці грамадства. Як магутны сродак зносін унутры кожнага народа i памiж народамi, як форма нацыянальнай культуры мова заўсёды адыгрывала i адыгрывае першаступенную ролю ў жыццi грамадства, таму для грамадства, для народа не павінна быць абыякавым тое, у якім стане яна знаходзіцца.

Існуе легенда, што правіцель Індыі Джэлал-уд Дзін-Акбар паспрачаўся са сваімі прыдворнымі аб тым, на якой мове гаварылі першыя людзі. І вось адразу пасля нараджэння ад маці былі ўзяты 12 дзяцей, якіх ізалявалі ад людзей у глухой вежы, а назіраць за імі паставілі 12 нямых жанчын. Жорсткі сатрап выразаў жанчынам языкі, каб пазбавіць іх магчымасці гаварыць. На працягу многіх год ніхто пад страхам смерці не меў права наблізіцца да вежы. Праз 12 гадоў дзяцей прывялі да правіцеля, дзе ўжо былі сабраны вучоныя індусы, арабы, яўрэі і іншыя; кожны з іх даказваў, што ў адпаведнасці са “свяшчэнным пісаннем” дзеці павінны размаўляць на іх мове. Аднак дзеці вымаўлялі толькі асобныя гукі, выкрыквалі штосьці, што не адпавядала ні адной з вядомых моў.

Прыведзены факт сведчыць, што людзі валодаюць прыроджанай здольнасцю гаварыць, аднак прыроджанай здольнасці да пэўнай мовы не маюць. Людзі вучацца гаварыць ад іншых і на іх мове ў працэсе жыццёвай практыкі і працы.

Для таго каб служыць сродкам зносін, мова павінна выказваць усё, што мы ведаем пра навакольны свет, грамадства і яго развіццё, пра сябе і нават пра саму мову. Таму ў моўных сродках замацоўваецца каласальная праца чалавецтва ў пазнанні свету. На свеце існуе некалькі тысяч моў. Кожная з іх – вынік працы шматлікіх пакаленняў. У мове чалавек адлюстроўвае тое, што для яго больш важнае, значнае ў жыцці. Таму ў адной мове людзі лепей адлюстравалі асаблівасці снегу, таму што іх продкі жылі ў тундры на працягу стагоддзяў і адрозненне колеру снегу гэта было вельмі важным для жыцця, у некаторых арабскіх дыялектах жыхароў пустыні шмат назваў для пяску, у трэцяга народа – падрабязная моўная класіфікацыя дажджу. Некаторыя мовы маюць багатую, старанна распрацаваную навукова-тэхнічную тэрміналогію, у іншых такога багацця няма, але заўсёды мова адпавядае надзённым патрэбам. Напрыклад, беларуская мова мае больш за 20 назваў балота, якое з’яўляецца прыкметнай адзнакай беларускага ландшафту: багна, бездань, валага, гала, дрыгва, дрыгвянік, імшара, мроіва, мярэча, слата, твань, тхлань і інш. Большасць гэтых слоў не маюць эквівалентаў у іншых нацыянальных мовах.

Слова мова выкарыстоўваецца і для абазначэння найважнейшага сродку людскіх зносін, і для абазначэння сродку зносін пэўнай, звычайна этнічнай групы людзей: беларуская мова, руская мова, англійская мова і г.д. Мова - гэта істотная адзнака народа, нацыі, племені. У тыповым выпадку мова народа, з аднаго боку, аб’ядноўвае прадстаўнікоў дадзенага народа, а з другога – з’яўляецца адметнай адзнакай. Нярэдка паняцці мова і народ вызначаюцца як адно цэлае. Напрыклад, у вядомым творы А.С. Пушкіна, дзе ёсць радкі: “Слух обо мне пройдет по всей Руси великой, И назовет меня всяк сущий в ней язык: И гордый внук славян, и финн, и ныне дикий тунгус, и друг степей калмык”, слова язык абазначае паняцці мова і народ як узаемазвязаныя: адзін народ – гэта тыя, хто размаўляе на адной мове. Сама мова і аб’ядноўвае народ і адрознівае яго ад іншых народаў, а супольнасць мовы, культуры і самасвядомасці з’яўляецца істотнай адзнакай нацыі.

Сувязь мовы з характарам народа найпаўней адчуваюць пісьменнікі, для якіх слова з’яўляецца асноўным творцам народных характараў, іх тыповых і самабытных рыс псіхалогіі. М.В. Гогаль заўважыў: “І всякий народ, що носить у собі запо­руку сил, повний творчих здібностей душі, своєї яскра­вої осібності й інших дарів Божих, своєрідно відзна­чився своїм власним словом, що ним, висловлюючи яку тільки є річ, передає цим висловом частину влас­ного свого характеру” (“Мертві душі”).

Балгарская паэтэса Блага Дзімітрава бачыць залежнасць мовы ад геаграфічнага ландшафту, на якім жыве народ, зважаючы, што геаграфічныя ўмовы сутнасна выяўляюцца на характары і мове этнасу: “Калі я чую іспанскую, чую ў ёй цэлы кантынент – Паўднёвая Амерыка – адгукаецца Іспанія. За шырокай, плаўнай расійскай інтанацыяй адчуваецця бязмежжа расійскіх стэпаў, неабсяжная снегавая раўніна, што пераліваецца за небакрай. Мая родная мова сціснута вузкімі горнымі шчылінамі. Словы ўсечаныя. Гартанна, захлынаючыся самі ў сабе, клякочуць голасна, як вірлівая гоная рэчка, якая не паспявае прапусці ць праз сваё вузкае рэчышча напорыстую ваду. Галосная, нібы скалы, што чыняць перашкоду хвалям і разбіваюць іх на дробныя пырскі” (“Страшны суд”).

Польскі пісьменнік Ян Парандоўскі, нібы развіваючы тэзіс вядомага мовазнаўцы Вільгельма фон Гумбальда пра мову як дух народа, піша: “У словах, у граматычных формах, у сінтаксісе занатоўвае свой вобраз душа цэлага народа; як сляды на закамянелых пясках ад вады даўно зніклых мораў, замацаваны ў ёй імкненні, жаданні, нянавісць, веравызнанне, забабоны, першасныя веды пра свет і людзей” (“Алхімія слова”).

Аспекты ўзаемаадносін мовы і народа, нацыі ахопліваюць безліч складаных пытанняў, сярод якіх перш за ўсё – мова і самасвядомасць. Вырашэнне праблемы не мае аднастайных меркаванняў сярод вучоных. Некаторыя лінгвісты без агульнай мовы не ўяўляюць сабе этнасу, іншыя не лічаць адзінства мовы як неабходную аснову ўзнікнення этнічнай супольнасці. Напрыклад, на практыцы нярэдка адной мовай карыстаюцца прадстаўнікі некалькіх этнічных калектываў: нямецкая мова – родная для немцаў, аўстрыйцаў, для значнай часткі насельніцтва Швейцарыі і Люксенбурга; англійская мова – родная для англічан і амерыканцаў, а таксама для насельніцтва былых калоній і дамініёнаў Вялікабрытаніі; беларуская мова – родная не толькі для беларусаў, але і для прадстаўнікоў іншых народаў, якія даўно жывуць на Беларусі, напрыклад беларускіх татараў, яўрэяў і інш.

Разглядаючы гэтае дыскусійнае пытанне, патрэбна ўлічваць усе ўмовы, якія ўплываюць на фарміраванне этнасу – мову, культуру, агульнасць гісторыі і тэрыторыі, псіхічнага складу, наяўнасць дзяржаўнасці, самасвядомасці.

Як ужо адзначалася вышэй, найгалоўнейшай умовай выступае самасвядомасць народа: чалавек усведамляе, што ён належыць да пэўнага этнасу, і ўсе члены гэтага этнасу ўсведамляюць, што яны ўяўляюць этнічную супольнасць, адрозную ад іншых. Асноўная роля ў гэтым працэсе належыць мове. Мова аб’ядноўвае людей больш, чым класавая, партыйная, релігійна-канфесійная прыналежнасць, больш, чым гісторыя народа (паколькі яе не ўсе ведаюць), а іншым разам нават больш, чым этнічнае паходжанне. “Ні назва, ні веравызнанне, ні сама кроў продкаў не робіць чалавека прыналежнасцю да той ці інашай народнасці… Хто якою моваю думае, той да таго народу і прыналежыць,” – пісаў сын датчаніна і немкі вядомы расійскі вучоны У. Даль. Як вядома, супольнасці, утвораныя на аснове адзінства мовы, з’явіліся гістарычна больш трывалымі, чым дзяржаўныя ўтварэнні з палітычным і эканамічным адзінствам, пра што сведчыць распад Аўстра-Угорскай і Расійскай імперый. Акрамя таго, пасля самасвядомасці (генетычнага коду, генетычнай памяці) на ўтварэнне этнасу мае значны ўплыўмоўны код (сацыяльная памяць). Чым больш высокая форма арганізацыі супольнасці, тым больш важкую ролю адыгрывае мова ў кансалідацыі членаў супольнасці.

Адчуванне роднага слова з’яўляецца яскравым прыкладам этнічнага характару мовы. Ва ўсіх народаў мова цесна зв’язана з нацыянальнымі пачуццямі і нацыянальнай свядомасцю.

Надзвычайная прыхільнасць людзей да роднай мовы абумоўлена тым, што кожнаму народу ўласцівыя непаўторныя асацыяцыі вобразнага мыслення, якія замацоўваюцца ў моўнай сістэме і ўтвараюць нацыянальную спецыфіку. Этнічная самасвядомасць грунтуецца перш за ўсё на роднай мове. Калі інтэрпрэтаваць літаратуру як самавыражэнне народа, то сапраўдным самавыяўленнем народа яна будзе толькі тады, калі створана роднай мовай. Акрамя таго, чым вышэйшая этнічная арганізацыя, тым важнейшая роля мовы ў яе жыццядзейнасці. Народнасць можа развіцца ў розныя этнасы, нацыя – ніколі. І тут наймацнейшым падмуркам з’яўляецца мова.

Нацыя – найвышэйшая прыродная форма аб’яднання людзей. Гэта такая катэгорыя, якая не знікне ніколі. “Можна яшчэ спадзявацца, - пісаў Мікалай Бярдзяеў, - на знікненне класаў і дзяржаў у дасканалай супольнасці, але нельнга спадзявацца на знікненне нацыянальнасцей… Нацыянальнасць ёсць пазітыўнае ўзбагачэнне быцця, і таму за яе патрэбна змагацца як за каштоўнасць. Нацыянальнальнае адзінства глыбейшае за адзінства класаў, партый ды ўсіх іншых мінулых утварэнняў у жыцці народа… І вялікі самападман – прагнуть стварыць што-небудзь па-за нацыянальнасцю”.

Яшчэ ніводная дзяржава свету не сфарміравалася як безнацыянальная. Адзіная кансалідацыя можа ўтварыцца толькі грунтуючыся на супольнай духоўнасці, на супольнай мове, паколькі сама мова – той феномен, які вызначае самабытнасць нацыі. Мова забяспечвае нармальнае функцыянаванне нацыянальнага “арганізма” ва ўсіх яго выявах – палітычных, эканамічных, культурных, бо сама мова – галоўная адзнака нацыі. А ў нацыянальнай дзяржаве атаясамліваюцца такія паняцці, як дзяржава, нацыя і мова.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]