Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Практыкум для завочнікаў.doc
Скачиваний:
66
Добавлен:
30.04.2015
Размер:
995.84 Кб
Скачать

Тэма 17 навуковы стыль, яго лексiчныя, марфалагiчныя I сiнтаксiчныя асаблiвасцi

Навуковы стыль фіксуе, захоўвае, перадае інфармацыю ў канкрэтнай галіне ведаў. Выкарыстоўваецца ў вучэбнай і даведачнай літаратуры, у навукова-даследчай сферы і вытворчасці. Гэта стыль падручнікаў, навуковых прац, слоўнікаў, лекцый, манаграфій, артыкулаў, рэфератаў.

Функцыя навуковага маўлення заключаецца ў доказным выкладзе матэрыялу, паведамленні і тлумачэнні новых фактаў, вынікаў навуковых даследаванняў. Навуковы тэкст нясе інфармацыю, выкладзеную лагічна, сцісла, аб’ектыўна, неэмацыянальна.

Сістэма моўных сродкаў адпавядае спецыфіцы стылю. Найперш гэта агульнаўжывальная лексіка, характэрная большасці стыляў: службовыя словы, лічэбнікі, распаўсюджаныя назвы і г. д. Выкарыстоўваецца і лексіка з іншых распаўсюджаных галін навукі — агульнанавуковая, міжнавуковая. У навуковы тэкст уваходзіць і такая адасобленая частка лексічнага багацця, як спецыяльная тэрміналогія. Выбар моўных адзінак абумоўлены задачамі, умовамі, напрамкамі навуковай дзейнасці. Марфалогія навуковага стылю разнастайная, тут ужываюцца ўсе часціны мовы, акрамя выклічніка, але перавага аддаецца назоўніку, прыметніку, лічэбніку, дзеяслову.

Моўнае напаўненне навуковага зместу залежыць ад сферы прызначэння тэксту, яго падстылю: уласнанавуковага, вучэбна-навуковага, навукова-публіцыстычнага, навукова-папулярнага, навукова-тэхнічнага і інш. Уласнанавуковы стыль прызначаны для спецыялістаў, вучэбна-навуковы змяшчаецца ў падручніках, навучальных дапаможніках, навукова-публіцыстычны і навукова-папулярны адрасуюцца шырокаму колу чытачоў, навукова-тэхнічны прысвячаецца распрацоўкам, звязаным з тэхнічнымі рэсурсамі.

Сінтаксіс навуковага маўлення гэта апавядальныя і пытальныя сказы, паколькі ідзе сцвярджэнне, паведамленне або ставіцца пытанне, напрыклад, у падручніку. Сказы навуковага тэксту звычайна складаныя, пераважаюць складаназалежныя, так як ідзе тлумачэнне, доказ. Прысутнічаюць такія злучнікі і злучальныя словы, як таму, што; для таго, каб; які; у тым ліку і інш. Сінтаксічныя канструкцыі аб’ёмныя, сказы развітыя, ускладнены аднароднымі членамі, дзеепрыметнымі зваротамі. Напрыклад: Магчыма агрэгатаванне бараны гнуткай вярчальнай з плугамі, пласкарэзамі, культыватарамі любых мадыфікацый, у тым ліку прапашнымі, дыскавымі баронамі, трактарамі цяглавага класа да 5. Аднародныя члены сказа вакарыстоўваюцца для класіфікацыі, сістэматызацыі прадметаў, уласцівасцей, з’яў.

Асобныя сінтаксічныя канструкцыі аб’ядноўваюцца ў цэласныя моўныя аб’екты або тыпы маўлення: апісанне, апавяданне і разважанне.

Апісанне ў навуковым тэксце прызначана ўказаць і пералічыць прыкметы, уласцівасці, асаблівасці, а таксама даць навукова абгрунтаванае ўяўленне аб важнейшых рысах даследуемага аб’екта. Звычайнымі прыкладамі апісання ў навуцы могуць быць азначэнні, тэхнічныя характарыстыкі, тэхнічныя пашпарты і г. д. Напрыклад, тэхнічная характарыстыка агрэгата можа ўключаць наступныя параметры: клас, прадукцыйнасць, рабочую хуткасць, шырыню захопу, частату вярчэння, габарытныя памеры, масу і інш. З аднаго боку, тут знаходзіцца пералічэнне характэрных, агульных, пастаянных рыс, а з другога, указваюцца непаўторныя, індывідуальныя, зменныя факты, напрыклад, тэхнічнае апісанне сельскагаспадарчай тэхнікі (плуга, бараны, камбайна). У тэхнічным апісанні падаюцца агульныя характарыстыкі, уласцівыя, скажам, усім камбайнам, разам з тым указваюцца і індывідуальныя, характэрныя толькі для дадзенай маркі.

Разважанне — асноўны тып навуковага маўлення, які служыць для тлумачэння з’яў, тэрмінаў, паняццяў, для доказнага выкладу абгрунтаванай думкі. У разважанні найбольш цесная сэнсавая сувязь паміж яго элементамі, сказамі, чым у іншых тыпах маўлення. Напрыклад: Практыка сведчыць, што надзейнасць тэхнікі ў большай ступені залежыць ад выканання правілаў яе абкаткі і тэхнічнага абслугоўвання ў самым пачатку эксплуатацыі, г.зн. у гарантыйны перыяд. Тэхнічнымі ўмовамі на трактар прадугледжана, што яго напрацоўка на адказ павінна быць не меней за 500 мота-г., а гарантыйны тэрмін роўны 12 месяцам. Гэта азначае, што пры гадавой занятасці 1000 мота-г. за ўказаны перыяд дапускаецца два адказы, якія ўзніклі па віне завода, ліквідаваць якія ён абавязаны ва ўстаноўлены тэрмін, без дадатковай аплаты і штрафных санкцый.

Разгортванне навуковага тэксту ў разважанні абапіраецца на вядомую лексіку, тэрміналогію, на тую частку матэрыялу, якая ўжо вывучана, засвоена або выкладалася раней ці з’яўляецца бясспрэчнай.

Змест навуковага тэксту раскрываецца ў двух асноўных ракурсах: непасрэдны змест (новы матэрыял; невядомая раней тэрміналогія, навейшыя погляды ці падыходы) і спасылкі на тую або іншую літаратуру, у кантэксце якой знаходзіцца дадзеная тэма (сумежныя дысцыпліны, іншыя аўтары, папярэднія звесткі).

Тлумачэнне як варыянт разважання можа адбывацца дэдуктыўным, індукцыйным або змешаным шляхам. Дэдуктыўны метад падразумявае даследаванне, пры якім асобныя факты пазнаюцца на аснове ведання агульнага палажэння. Супрацьлеглым з’яўляецца індукцыйны, пры якім агульныя вывады робяцца на аснове адзінкавых фактаў. Змешаны метад заснаваны на частковым выкарыстанні дэдукцыі і індукцыі.

Апавяданне паслядоўна перадае дзеянні, звязвае асобныя падзеі, выражае храналогію з’яў. Апавяданне як тып маўлення ўласціва гутарковаму, мастацкаму стылям, у навуковы ўводзіцца часткова, як асобны элемент агульнай падачы думкі. Напрыклад, апавяданнем можа выкладацца гісторыя навуковага адкрыцця.

Пералічаныя тыпы маўлення павінны ўжывацца ў цеснай узаемасувязі ў функцыянальных стылях. Іх умелае спалучэнне ў адпаведных прапорцыях дазваляе пабудаваць лагічны і доказны змест.

У тэксты навуковага стылю ўключаюцца вербальныя і невербальныя сродкі. Вербальныя — гэта такія асобныя моўныя адзінкі, як літары і словы. Невербальныя — дадатковыя сістэмныя элементы: знакі прыпынку, сімвалы, лічбы, графікі, чарцяжы, табліцы і г. д. У некаторых навуковых працах вербальныя сродкі з’яўляюцца асноўным спосабам інфармацыйнага афармлення думак: філасофія, гісторыя, мова. Для іншых жа дысцыплін уласціва цеснае перапляценне вербальных і невербальных: эканоміка, хімія, фізіка. Амаль самастойна невербальныя сродкі сустракаюцца, напрыклад, у чарчэнні, інжынернай графіцы і інш., дзе асноўная інфармацыя закладзена ў чарцяжы, графічным адлюстраванні рэчаіснасці.

Заданне 1. Прачытайце тэкст. Па якiх прыметах дадзены тэкст можна аднесцi да навуковага стылю i да якой яг разнавiднасцi.

Улік вытворчага працэсу ўяўляе сабой элемент вытворчага ўліку, які ахоплівае ўсе аспекты падрыхтоўкі і атрымання інфармацыі аб працэсе вытворчасці. Вытворчы ўлік – гэта частка (падсістэма) агульнай сістэмы рахункаводства, якая выпрацоўвае паказчыкі аб выдатках і выніках вытворчага працэсу для кантролю за выкананнем плана вытворчасці прадукцыі і яе сабекоштам. Вытворчы ўлік пры дапамозе адпаведнай арганізацыі першаснага ўліку дазваляе забяспечыць спраўджанне ходу вытворчых працэсаў і іх аператыўнае рэгуляванне з мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання вытворчых рэсурсаў, росту прадукцыйнасці працы, памяншэння сабекошту прадукцыі і ўмацавання гаспадарчага разліку.

Улік вытворчага працэсу шмат у чым залежыць ад асаблівасцей формаў вытворчасці, якія могуць быць гетэрагеннымі, арганічнымі і камбінаванымі. Гетэрагенная вытворчасць уяўляе сабой механічнае злучэнне самастойных элементаў у гатовы прадукт. Улік такога вытворчага працэсу патрабуе забеспячэння строгага кантролю за захаванасцю дэталей і паўфабрыкатаў уласнай вытворчасці пры іх унутрыцэхавым і міжцэхавым руху. Для гэтай мэты выкарыстоўваюцца карты, нарады, зменныя рапарты і іншыя дакументы, якія характарызуюць выдадзеную і прынятую колькасць дэталей і паўфабрыкатаў. Перадача дэталей і паўфабрыкатаў з цэха ў цэх або ў міжцэхавыя спіжарні афармляецца прыёмаздатачнымі накладнымі. У цэхах і спіжарнях рух дэталей і вузлоў улічваюць у ведамасцях або картках, у якія заносяць звесткі з прыёмаздатачных накладных. У зборачных цэхах для ўліку наяўнасці і руху дэталей выкарыстоўваюцца камплектавальныя ведамасці, дзе ў разрэзе найменняў дэталей і вузлоў адлюстроўваюцца іх рэшта ў цэху на пачатак вызначанага перыяду, патрэбная і фактычна адпушчаная колькасць са спіжарні або іншых цэхаў, рэшта на канец справаздачнага перыяду па звестках аператыўнага ўліку або інвентарызацыі, нястача або лішкі дэлей і вузлоў. Ведамасці пасля заканчэння зборкі здаюцца ў планава-дыспетчарскае бюро, дзе на іх аснове складаецца агульны баланс руху дэталей па цэхах.

Заданне 2. У прыведзеных ніжэй тэкстах вызначце спосаб выкладу інфармацыі (апавяданне, апісанне, разважанне).

1.Значны ўклад у развіццё тэрміналогіі ўнёс вялікі грэчаскі філосаф і вучоны Арыстоцель. З яго сачыненняў у навуковую біялагічную і медыцынскую мовы ўвайшлі наступныя назвы: аорта, дыяфрагма, тоўстая кішка, падстраўнікавая залоза, трахея, фаланга. Грэкі называлі шчыльна самкнутае пастраенне воінаў цяжкаўзброенай пяхоты фалангай. У ёй галоўным было захаванне стражайшага парадку ў размяшчэнні воінаў: яны рухаліся, цесна прыціснуўшыся плячом адзін да аднаго. Анатамы назвалі фалангамі

невялікія трубчатыя косці пальцаў. У кожным пальцы (акрамявялікіх пальцаў кісці і стапы, у якіх па дзве костачкі) маюцца трыфалангі, так што ўсяго ў чалавека 56 фалангаў рук і ног. Яны размяшчаюцца цесна, злучаючыся адзін з другім у суставах. Фалангамі, або сальпугамі, называюць таксама жывёл класа павукападобных, у якіх некаторыя сегменты цела злітныя (Б.).

2. Сонца – найбліжэйшая да Зямлі зорка; цэнтральнае цела Сонечнай сістэмы, у якім сканцэнтравана 99,866 % яе масы. Сярэдняя адлегласць ад Сонца да Зямлі 149,5 млн км, вуглавы дыяметр Сонца на гэтай адлегласці 31ґ59ґґ,3, дыяметр Сонца 1 391 тысяч км, маса 1,991•1030 кг, сярэдняя шчыльнасць 1 410 кг /м3 , паскарэнне сілы цяжару на паверхні Сонца 274 м/с2. Сонца верціцца ў тым жа кірунку, што і Зямля, вакол восі, нахіленай да плоскасці зямной арбіты пад вуглом 82°45ґ. Перыяд вярчэння Сонца 25,38 сярэдніх сонечных сутак на экватары і каля 35 у паўночных абласцях. Ліней-

ная скорасць пунктаў каля экватара ~2 км/с. Сонца, як зорка, належыць да жоўтых карлікаў з абсалютнай зорнай велічынёй +4,85. Асноўную масу Сонца складае вадарод, гелію ў 4–8 разоў менш астатніх элементаў менш за 1 % (БелЭн). Сусветны акіян вельмі прыгожы, увесь сіне-блакітны. Таму і Зямля з касмічных трас таксама выглядае блакітнай. Неба ў космасе, наадварот, не блакітнае, а чорнае. Зоркі на ім ярка-белыя, буйныя. Здаецца, вісяць яны так нізка над галавой, што можна дакрануцца да іх рукамі.Сонца таксама выглядае не так, як на Зямлі, празтоўшчу атмасферы. Яно нязвычна вялізнае, вельмі зыркае, ажно белае. У час заходу сонца робіцца чырвоным, яно сплюшчваецца ў палоску. І ўзыходзіць вельмі прыгожа. У тым месцы, дзе яно павінна выкаціцца з-за гарызонта, успыхвае так званы колеравы арэол, які пераліваецца, як вясёлка (Паводле П.Клімука).

3. Феадальнае грамадства было пераважна неграшовае грамадства. Людзі працавалі не на заробак, а проста каб вырабляць сабе прадукты харчавання. Яны не плацілі рэнту за сваю зямлю, а замест гэтага працавалі шмат дзён на землях гаспадара. Грошы выкарыстоўвалі, каб набыць вялікую колькасць тавараў, якія не вырабляліся ў той мясцовасці. Аднак за некалькі стагоддзяў становішча змянілася і адбылася манетарызацыя эканомікі: людзі выраблялі прадукты харчавання не для ўласнага спажывання, а на продаж; працавалі за заработную плату; за зямлю пачалі плаціць рэнту; падаткі плацілі каралю. Так развілася цэнавая сістэма (Б.Дж.). Многія тавары павінны прайсці праз некалькі стадый вытворчасці перад тым, як яны дасягнуць канчатковай формы. Возьмем такі прадукт, як хлеб; спачатку неабходна вырасціць пшаніцу, затым змалоць яе на муку, мука ператвараецца ў цеста і выпякаецца

хлеб, і, нарэшце, тавар трэба прадаць спажыўцу. Агульнай вартасцю хлеба ў нацыянальным прадукце будзе яго канчатковая прадажная цана. Метад падліку нацыянальнага прадукту паводле выдаткаў патрабуе абагульнення ўсіх выдаткаў на канчатковы прадукт. Хлеб, безумоўна, – канчатковы прадукт, бо яго спажываюць і ён знікае з працэсаў эканомікі. Аднак прадаецца і купляецца шмат прамежкавых прадуктаў, і калі мы вывучаем іх вартасць, дык зможам выявіць вартасць, што дадаецца эканоміцы (дадатковая вартасць) кожнай галіной вытворчасці. Мы можам таксама прыйсці да яшчэ аднаго крытэрыю нацыянальнага прадукту, які называецца «нацыянальны аб’ём вытворчасці» (Б.Дж.).

4. Грошы і грашовае абарачэнне на тэрыторыі сучаснай Беларусі зарадзіліся ў канцы ІІ – пачатку ІІІ ст. н. э. У перыяд разлажэння першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння феадальных адносін у якасці грошай як сродка абмену ў асноўным выкарыстоўвалася хатняя жывёла і футры. У ІХ–ХІІІ стст. гэтыя тэрміны з’яўляліся ўжо анахранізмамі і выходзілі з ужывання. Аднак для абазначэння тэрміна «грошы» ў некаторых пісьмовых крыніцах таго часу тэрмін «куны» сустракаецца яшчэ даволі часта. Для насельніцтва сучаснай Беларусі самымі старажытнымі манетамі былі рымскія сярэбраныя дынарыі, якія атрымалі распаўсюджанне задоўга да ўзнікнення на яе тэрыторыі першай раннефеадальнай дзяржавы – Полацкага княства. Аб гэтым сведчаць знаходкі больш 2 тыс. антычных манет, галоўным чынам рымскіх сярэбраных дынарыяў І–ІІІ стст. н. э. Невялікія, але тоўстыя сярэбраныя манеты з вобразамі рымскага імператара або імператрыцы даволі выразнымі лацінскімі надпісамі былі першымі манетамі, з якімі пазнаёмілася старажытнае насельніцтва Беларусі (В.Г.).

4. Рахункі бухгалтарскага ўліку прызначаны для групавання і бягучага ўліку аднародных гаспадарчых аперацый. На кожны від гаспадарчых сродкаў і іх крыніц адкрываецца асобны рахунак. Адрозніваюць два віды рахункаў: актыўныя і пасіўныя. Актыўныя рахункі прызначаны для ўліку гаспадарчых сродкаў паводле іх складу і размяшчэння, пасіўныя – для ўліку крыніц гаспадарчых сродкаў паводле іх мэтавага прызначэння. Будова рахункаў незалежна ад іх віду аднолькавая – гэта табліца двухбаковай формы.

Для кожнага рахунку характэрна наяўнасць астачы (сальда) на пачатак і канец месяца і абаротаў за месяц па дэбеце і крэдыце. Пры аднолькавай будове рахункаў прызначэнне дэбету і крэдыту ў актыўных і пасіўных рахункаў рознае (А.К.).__