Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекцыя 6.docx
Скачиваний:
5
Добавлен:
28.08.2019
Размер:
46.13 Кб
Скачать

Лекцыя 6. Асаблівасці навуковага стылю мовы

Мэта лекцыі – раскрыць характэрныя асаблівасці навуковага стылю і сферы яго функцыянавання, вызначыць месца навуковага стылю сярод іншых стыляў мовы.

Задачы:

  • ахарактарызаваць асаблівасці функцыянальных стыляў;

  • прааналізаваць функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі навуковага стылю (аб’ектыўнасць, лагічнасць, яснасць, дакладнасць, доказнасць);

  • акрэсліць сістэму моўных сродкаў навуковага стылю;

  • выявіць марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці навуковага стылю.

Пытанні

  1. Функцыянальныя стылі як грамадска абумоўленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў.

  2. Навуковы стыль, яго функцыянальна‑камунікатыўныя характарыстыкі.

  3. Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю.

  4. Марфалагічныя асаблівасці навуковага стылю.

  5. Сінтаксічныя асаблівасці навуковага стылю.

Праблемныя пытанні

  1. Чаму нельга лічыць, што навуковаму стылю з яго «холаднасцю», акадэмізмам не ўласціва экспрэсія?

  2. У чым павінна выражацца сапраўднае валоданне стылем навуковага выкладу?

  3. Ці заўсёды агульнаўжывальныя словы стылістычна нейтральныя ў навуковых тэкстах? Чаму?

  4. Якія правілы маўленчага этыкету можна сфармуляваць адносна ўжывання займеннікаў у навуковых тэкстах?

  5. Ці можна згадзіцца з думкай, што клічныя і пытальныя сказы амаль не ўласцівы навуковаму выкладу? Якую спецыфічную стылістычную функцыю выконваюць клічныя, пытальныя і пабуджальныя сказы ў навуковым тэксце?

  6. Чаму ў навуковым маўленні з усіх тыпаў складаных сказаў пераважае складаназалежны сказ? Якая асаблівасць яго выкарыстання ў матэматычных тэкстах?

  7. Чым тлумачыцца функцыя «актывізатара ўвагі» абзаца ў навуковых тэкстах?

Рэкамендаваная літаратура

  1. Бахтина, Л.Н. Обучение реферированию научного текста / Л.Н. Бахтина, И.П. Кузьмич, Н.М.Лариохина. – М., 1988.

  2. Вештарт, Г.Ф. Лексічныя асаблівасці мовы навуковых тэкстаў / Г.Ф.Вештарт // Беларуская лінгвістыка. – Мінск, 1989. – Вып.36.

  3. Виноградов, В.В. Итоги обсуждения вопросов стилистики // Вопросы языкознания. – 1955. – №1.

  4. Галкина-Федорук, Е.М. Об экспрессивности и эмоцмональности в языке // Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В.В.Виноградову в день его 60-летия. – М., 1958.

  5. Каўрус, А.А. Культура слова. – Мінск, 1963.

  6. Каўрус, А.А. Навуковы стыль // Беларуская мова. Энцыклапедыя. – Мінск, 1994.

  7. Кожина, Н.М. О речевой системности научного стиля сравнительно с некоторыми другими. – Пермь, 1972.

  8. Ляшчынская, В.А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка. – Мінск, 2001.

  9. Маршэўская, В.В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка ў сінтаксічным і стылістычным аспектах. – Гродна, 2002.

  10. Цікоцкі, М.Я. Стылістыка беларускай мовы. – Мінск, 1995.

1. Функцыянальныя стылі як грамадска абумоўленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў

Слова «стыль» (ад лац. stilus) паходзіць ад назвы вострай палачкі, якая ўжывалася ў Старажытнай Грэцыі і Рыме для пісьма на дошчачках, залітых воскам. Сёння слова «стыль» мае іншыя значэнні: 1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва пэўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы (гатычны стыль). 2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога-небудзь пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку, сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў (стыль Коласа). 3. Метад, характар якой-небудзь работы, дзейнасці (стыль «брас»). 4. Разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, дзякаваць (модны стыль адзення).

У стылістыцы беларускай мовы пад стылем прынята разумець грамадска ўсвядомленую і функцыянальна абумоўленую ўнутраную сукупнасць прыёмаў ужывання, адбору і спалучэння сродкаў маўленчых зносін у сферы той ці іншай агульнанароднай, агульнанацыянальнай мовы, суадносную з іншымі такімі ж спосабамі выражэння, якія служаць для іншых мэт, выконваюць іншыя функцыі ў маўленчай грамадскай практыцы дадзенага народа. Стылі, знаходзячыся ў цесным узаемадзеянні, могуць часткова змешвацца і пранікаць адзін у другі. У індывідуальным ужыванні межы стыляў могуць яшчэ больш рэзка змяшчацца, і адзін стыль можа для дасягнення той ці іншай мэты ўжывацца ў функцыі другога [3].

Традыцыйна выдзяляюцца пяць стыляў: гутарковы (размоўны), мастацкі, публіцыстычны, афіцыйна-справавы, навуковы. Кожны з іх характарызуецца пэўнай сферай ужывання, стылявымі рысамі, моўнымі сродкамі і інш.

Гутарковы стыль функцыянуе пераважна ў вусным маўленні, асноўная яго задача – абмен думкамі, інфармацыяй у сямейных і сяброўскіх зносінах. Гутарковы стыль вызначаецца сваёй непасрэднасцю, нязмушанасцю, эмацыянальнасцю, адсутнасцю строгай лагічнасці ў выказваннях. Для яго характэрны прастамоўныя словы, фразеалагізмы, няпоўныя і непадзельныя сказы, розныя невербальныя сродкі: жэсты, міміка і інш.

Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў грамадскім жыцці краіны, у палітыцы. Гэта стыль газет, часопісаў, радыё, тэлебачання. Асноўнай задачай публіцыстычнага стылю з’яўляецца інфармацыйнае ўздзеянне на людзей, тлумачэнне грамадска-палітычных пытанняў. Публіцыстычны стыль характарызуецца страснасцю, палымянасцю, даходлівасцю, натуральнасцю. З моўных сродкаў яму характэрны пабуджальныя, клічныя сказы, паўторы, разгорнутыя звароты, ацэначная лексіка, рытарычныя пытанні.

Афіцыйна-справавы стыль функцыянуе ў афіцыйных зносінах, дыпламатычнай сферы. Яго задача – рэгуляваць, рэгламентаваць афіцыйныя зносіны. Яму ўласцівы стандартызацыя, адсутнасць эмацыянальнасці. З моўных сродкаў пераважаюць канцылярскія моўныя штампы, спецыяльная лексіка.

Навуковы стыль абслугоўвае сферу навукі, тэхнікі і навучання; гэта стыль навуковых прац, манаграфій, дысертацый, падручнікаў і пад. Навуковы выклад вызначаецца аб’ектыўнасцю, паколькі абапіраецца часцей за ўсё на агульнапрызнаныя аб’ектыўныя ісціны, лагічнай паслядоўнасцю разважанняў, яснасцю выказвання, доказнасцю, слушнасцю прыкладаў-ілюстрацый, дакладнасцю ў вызначэнні паняццяў, інфармацыйнай насычанасцю.

Мастацкі стыль абслугоўвае духоўную сферу жыцця грамадства. Праз апавяданні, аповесці, раманы, п’есы, вершы, казкі, быліны і інш. ён аказвае эстэтычнае ўздзеянне на духоўны свет чалавека. Для яго характэрна мастацкая вобразнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць. У ім выкарыстоўваюцца разнастайныя стылістычныя фігуры, мастацкія эпітэты, параўнанні і інш. Мастацкі стыль вызначаецца сваёй унікальнасцю, ён можа выкарыстоўваць моўныя сродкі ўсіх іншых стыляў.