Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Функцыянальныя стыл мавлення.docx
Скачиваний:
12
Добавлен:
19.08.2019
Размер:
39.04 Кб
Скачать

Пытанні для самаправеркі:

  1. Што называецца стылем мовы? Чаму стылі называюцца функцыянальнымі?

  2. Якія з функцыянальных стыляў узаемазвязаны паміж сабой? Чаму?

  3. У якіх сітуацыях выкарыстоўваецца гутарковы стыль? Якія асаблівасці яго сінтаксісу і лексікі можаце назваць?

  4. Якія функцыі выконвае мастацкі стыль? Якія прыклады яго выкарыстання ў сучасны момант?

  5. Ці можна назваць публіцыстычны стыль універсальным? Якія функцыі ён выконвае ў грамадстве?

  6. Якія моўныя сродкі ўласцівы толькі афіцыйна-справавому стылю?

  7. Што называюць моўнымі штампамі або канцылярызмамі? Якія моўныя штампы прысутнічаюць у заяве, даручэнні, даведцы?

  8. Якім функцыянальным стылям уласцівы дыялектызмы, жарганізмы, фразеалагізмы? Ці сустракаюцца такія сродкі ў мове дакументаў?

  9. Што называецца дакументам? Чаму дакументы выконваюць камунікатыўную, культурную і сацыяльную функцыі?

  10. У якіх дакументах выкарыстоўваюцца ўласныя назоўнікі?

  11. Якая розніца ва ўжыванні лексікі і сінтаксісу ў афіцыйна-справавым і публіцыстычным стылях?

  12. Якія функцыі навуковага стылю? Дзе ён выкарыстоўваецца?

  13. Якія групы слоў складаюць лексіку навуковага тэксту? Ці адрозніваецца лексіка навукова-папулярнага стылю ад лексікі навукова-тэхнічнага?

  14. Які тып маўлення з’яўляецца асноўным у навуковым тэксце? Чаму?

  15. Якім навуковым тэкстам найбольш характэрны невербальныя сродкі? Якую ролю яны адыгрываюць у матэматыцы і інжынернай графіцы?

  16. Што называецца навуковым тэкстам? У чым адрозненне паміж пісьмовым і вусным навуковым тэкстам?

  17. Што называецца анатацыяй? Дзе выкарыстоўваецца рэзюме? У чым заключаецца адрозненне паміж рэфератам і дакладам?

Заданні:

Заданне 1. Прачытайце наступныя азначэнні стылю, якія падаюцца энцыклапедычнымі слоўнікамі, і ахарактарызуйце іх. У чым заключаецца адрозненне паміж імі?

  1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва пэўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу мастацкай формы. Гатычны стыль. Стылі ў жывапісе.

  2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога-небудзь пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку; сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў. Стыль Коласа. Газетны стыль.

  3. Метад, характар якой-небудзь работы, дзейнасці. Стыль работы. Плаваць стылем “брас”.

  4. Манера паводзіць сябе, гаварыць, адзявацца і пад. Модны стыль. Спартыўны стыль. (ТСБМ)

Заданне 2. Прачытайце наступныя паняцці. У якіх функцыянальных стылях яны выкарыстоўваюцца? Растлумачце адрозненне паміж значэннямі тэрмінаў.

Басейн глыбакаводны; басейн акумуліруючы; басейн артэзіянскі; басейн запасны; басейн каменнавугальны; басейн партовы; басейн прамывачны; басейн ахалоджвальны; басейн сартавальны; басейн суднарамонтны; басейн вугальны; басейн зборны; басейн фантана; басейн доследны гравітацыйны.

Заданне 3. Прачытайце тэксты, вызначце іх стыль. Ахарактарызуйце моўныя асаблівасці кожнага тэксту. Якія з тэкстаў можна аднесці да апісання, апавядання ці разважання?

  1. Маса — 1. Колькасць рэчыва ў якім-небудзь прадмеце, а таксама само рэчыва, з якога складаецца прадмет. 2. У фізіцы: велічыня, якой вымяраецца колькасць рэчыва ў целе. 3. Бясформеннае рэчыва, вадкая або паўвадкая сумесь. 4. Вялікая колькасць, мноства чаго-небудзь. 5. Шырокія слаі працоўных; народ. (А.Я. Баханькоў, І.М. Гайдукевіч, П.П. Шуба)

  1. Беларускія вучоныя

Беларускія вучоныя, дзеячы культуры ўнеслі свой уклад у развіццё многіх галін навукі, асабліва матэматыкі, фізікі, хіміі, геаграфіі, фізіка-тэхнічных навук і інш. Меліся дасягненні ў развіцці літаратуры і мастацтва. Перш за ўсё ў іх знайшло адлюстраванне духоўнае жыццё грамадства, звесткі аб якім складаюць важную каштоўнасць для гісторыі. У творах пісьменнікаў і мастакоў знайшлі адлюстраванне праўдзівыя старонкі жыцця грамадства, думкі і імкненні людзей. (паводле У.Н. Сідарцова)

  1. Загадваю:

    1. Адказным выканаўцам работ на аб’екце прызначыць прараба Кальчэўскага Л. І.

    2. ВТА забяспечыць аб’ект нарматыўна-тэхнічнай і іншай дакументацыяй, неабходнай для правядзення работ.

    3. Аддзелу забеспячэння, згодна з заяўкамі прараба, забяспечыць пастаўку матэрыялаў для бесперапыннага працэсу работ.

    4. Інжынеру па ахове працы Шумскаму А.Р. забяспечыць ахову працы і тэхніку бяспекі вядзення работ.

    5. За арганізацыю і своечасовае выкананне задання да 12 чэрвеня 2011г. прызначыць адказным галоўнага інжынера прадпрыемства Ганчарова А.П.

    6. Кантроль за выкананнем дадзенага загаду пакідаю за сабой. (З дакументаў)

Заданне 4. Прааналізуйце артыкул з газеты (любы на выбар, зрабіць ксеракопію). Якія сінтаксічныя канструкцыі тут пераважаюць? Якія сказы па мэце выказвання выкарыстоўваюцца? Ці прысутнічаюць устойлівыя спалучэнні?

ТЭСТ

1. Адзначце правільнае вызначэнне тэрміна “стыль”:

а) Сукупнасць прыкмет, што характарызуюць мастацтва пэўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы.

б) Метад, характар якой-небудзь работы, дзейнасці.

в) Разнавіднасць маўлення, што адрозніваецца сістэмай моўных сродкаў пры абслугоўванні пэўнай сферы чалавечай дзейнасці.

г) Манера паводзін.

д) Сістэма моўных сродкаў, характэрная для якога-небудзь пісьменніка.

2. Адзначце стылі сучаснай беларускай мовы:

а) паўсядзённы;

б) мастацкі;

в) публіцыстычны;

г) навуковы;

д) афіцыйна-справавы.

3. Вызначце стыль тэксту:

а) мастацкі;

б) публіцыстычны;

в) навуковы;

г) афіцыйна-справавы;

д) гутарковы (размоўны).

Аднак настрой у вас сёння. Нават боязна пачынаць размову пра справы. Максім насцярожыўся:

- Што там яшчэ? Давайце. Адразу ўсіх жаб. Праглыну. Я не гідлівы. І ўсеядны.

- Аднак. Хто вам наступіў сёння на мазоль?

- Забудзьце пра мае мазалі. Я вам падначалены.

- Вы мянекрыўдзіце, Максім Яўцехавіч. Далібог, я яшчэ не настолькі забюракраціўся, каб размаўляць з вамі так, як вы прапануеце. Я глыбока паважаю ваш аўтарытэт… (І.Шамякін).

4. Вызначце стыль тэксту:

а) мастацкі;

б) публіцыстычны;

в) навуковы;

г) афіцыйна-справавы;

д) гутарковы (размоўны).

Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство – чалавек і прырода. Бо ніколі не страціць для нас цікавасць чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна, бо дарогі яго не вызначаны, бо формы яго жыцця і яго адносін да другіх людзей бясконца разнастайныя, канчаткова не выяўлены і ніколі не могуць стаць канчатковымі.

5. Вызначце стыль тэксту:

а) мастацкі;

б) публіцыстычны;

в) навуковы;

г) афіцыйна-справавы;

д) гутарковы (размоўны).

Як часта нашы педагогі ўпэнены, што чым больш яны ўціснуць у галаву дзіцяці гатовых ісцін, гатовай інфармацыі, тым большая будзе паспяховасць. Кепскі настаўнік падносіць ісціну, харошы – вучыць яе знаходзіць. Гэту простую мудрасць ніяк не могуць засвоіць настаўнікі, якія думаюць, што дзіця можна ператварыць у скарбонку лічбаў, правілаў, формул (В.Вітка).

6. Вызначце стыль тэксту:

а) мастацкі;

б) публіцыстычны;

в) навуковы;

г) афіцыйна-справавы;

д) гутарковы (размоўны).

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь і іншыя асобы, якія пражываюць на яе тэрыторыі, абавязаны : берагчы і аховаць прыроду, рацыянальна выкарыстоўваць яе багацці, выконваць патрабаванні прыродаахоўнага заканадаўства, павышаць экалагічную культуру, садзейнічаць экалагічнаму выхаванню падрастаючага пакалення, выконваць іншыя абавязкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

7. Вызначце стыль тэксту:

а) мастацкі;

б) публіцыстычны;

в) навуковы;

г) афіцыйна-справавы;

д) гутарковы (размоўны).

Баланс. Раўнавага, сістэма паказчыкаў, што характарызуюць стан узаемазвязаных велічынь, якія знаходзяцца ўвесь час у змяненні. Баланс складаецца на пэўную дату ў выглядзе табліцы, якая дзеліцца на дзве часткі. Паказчыкі абодвух бакоў балансу характарызуюць якую-небудзь з’яву, адлюстроўваюць суадносіны яе частак.