Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможнік_Бел.мова_ Кулiковiч.doc
Скачиваний:
129
Добавлен:
10.11.2018
Размер:
841.22 Кб
Скачать

Практычныя заняткі № 2 беларуская мова ў прасторы і часе

Пытанні:

  1. Канцэпцыі паходжання і час фармавання беларускай мовы.

  2. Этапы развіцця беларускай мовы.

1. Канцэпцыі паходжання і час фармавання беларускай мовы

Пытанне аб тым, якая мова стала зыходнай базай для фармавання беларускай мовы, вырашаецца ў сучаснай лінгвістыцы неадназначна.

І канцэпцыя. Зыходнай базай для ўтварэння кожнай з трох усходнеславянскіх моваў (у тым ліку і беларускай мовы) стала літара- турная мова ўсходніх славян перыяду ХІ–ХІV ст., якая даследчыкамі называецца па-рознаму: «стараруская літаратурная мова» (А. І. Жураў- скі), «старажытнаруская літаратурная мова» (Л. М. Шакун), «агульна- ўсходнеславянская», «усходнеславянская» (Ф. М. Янкоўскі). Лічыцца, што менавіта ў гэты перыяд тэксты на старажытнарускай літаратурнай мове паступова насычаюцца мясцовымі моўнымі рысамі. Гэту канцэпцыю падтрымліваюць многія як у Беларусі, так і за яе межамі.

ІІ канцэпцыя. Зыходнай базай для ўтварэння беларускай мовы паслужыла мова праславянская, г. зн. мова, якую прынята лічыць мовай старажытных славянскіх плямёнаў, на базе якой пасля яе распаду (VІ– VІІ ст.) і ўзніклі асобныя славянскія мовы. Прыхільнікі гэтай канцэпцыі (Я. Станкевіч, І. Ласкоў, В. Вячорка і інш.) лічаць, што прамежкавай пары паміж беларускай і праславянскай мовай не было. Літаратурная ж мова усходніх славян ХІ–ХІV ст., на думку гэтых і іншых даследчыкаў, – гэта стараславянская, дакладней царкоўнаславянская мова – мова Бібліі.

Няма адзінага погляду сярод навукоўцаў і на час фармавання бела- рускай літаратурнай мовы. А. І. Жураўскі лічыць, што сцвярджаць пра самастойную літаратурную мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі можна з сярэдзіны XV ст. Л. М. Шакун пачатак гісторыі беларускай літаратурнай мовы вызначыў у дыяпазоне ад XIII– XV cт. Рускі гісторык мовы Б. А. Ларын адносіць утварэнне беларускай літаратурнай мовы (як і ўкраінскай) да пачатку XVI ст.

2. Этапы развіцця беларускай мовы

У гісторыі беларускай літаратурнай мовы вылучаюцца два асноўныя перыяды: старабеларускі і новы (сучасны).

I. Храналагічныя рамкі старабеларускага перыяду большасцю даследчыкаў вызначаюцца ад XI ст. да XVIII ст. уключна. Унутры яго выдзяляюцца ІІІ этапы.

Пачаткам пісьмовага перыяду ў мастацкай славеснасці будучых усходнеславянскіх народнасцей і нацый (беларусаў, рускіх, украінцаў) стала X ст. – час далучэння славян да хрысціянскай цывілізацыі. На гэтым этапе былі створаны такія выдатныя творы, як «Слова аб палку Ігаравым», летапіс «Аповесць мінулых гадоў».

ХІ–ХІІІ ст. Гэта быў першы этап фармавання беларускай мовы. Даследчыкі адзначаюць, што на працягу гэтых стагоддзяў асноўныя рысы беларускай моўнай сістэмы (напрыклад, аканне, дзеканне, цеканне, зацвярдзенне зычных і інш.) акрэсліліся дастаткова выразна. З арыгі- нальных твораў гэтай эпохі дайшлі творы епіскапа Кірылы Тураўскага (словы, казанні, павучанні, малітвы), пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага. У ХІІ ст. з’явілася «Жыціе Ефрасінні Полацкай» – адзін з першых твораў, напісаных на тэрыторыі Беларусі, у якім апісваецца жыццё і дзейнасць унучкі Усяслава Чарадзея, выдатнай асветніцы і патрыёткі Ефрасінні Полацкай. Да нашага часу захаваліся пераважна помнікі пісьменасці ХІІІ ст.: шматлікія гандлёвыя дагаворы, надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры, разнастайныя граматы, знойдзеныя ў Віцебску, Смаленску, Мсціславе.

XIV–XVI ст. На гэтым этапе ў складзе Вялікага Княства Літоў- скага канчаткова аформілася беларуская народнасць і яе мова, якую пры- нята называць «старабеларуская». У той час яна называлася «простая», «руская».

*Вялікае Княства Літоўскае ўзнікла як саюз усходнеславянскіх княстваў (Новагародскае, Полацкае, Пінска-Тураўскае, Берасцейскае і інш.) у ХІІІ ст. У XIV–XVI ст. яно было адной з магутнейшых дзяржаў у тагачаснай Еўропе. Паводле сучаснай тэрміналогіі, у княстве жылі беларусы, украінцы, літоўцы, палякі, яўрэі, татары, што сведчыць пра шматэтнічны склад насельніцтва дзяржавы. Паводле веравызнання, яна была рознаканфесійная (тут жылі праваслаўныя, католікі, іудзеі, мусуль- мане, пратэстанты, якія, акрамя ўсіх этнічных моў, выкарыстоўвалі лацінскую і стараславянскую мовы).

*Старабеларуская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім з’яўлялася асноўнай літаратурна-пісьмовай мовай, г. зн. яна мела статус афіцыйнай, дзяржаўнай мовы, ужывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця:

  • на ёй існавала багатая свецка-мастацкая літаратура, найбольш старажытным жанрам якой былі летапісы (агульнадзяржаўныя – «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх», «Хроніка Быхаўца»; мясцовыя – Баркулабаўскі летапіс; мемуарныя творы («Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага); пе- ракладныя воінскія і рыцарскія аповесці («Аповесць пра Трышчана», «Апо- весць пра Баву»; арыгінальныя паэтычныя і празаічныя творы (узоры палітычнай сатыры «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча»);

  • з сярэдзіны XVI ст. дзякуючы Ф. Скарыне на ёй былі надрукаваны тэксты Св. Пісання, крыху пазней на ёй створаны арыгінальны рэлігійны твор «Катэхізіс» С. Буднага.

  • у вялікакняжацкай канцылярыі на ёй ствараліся дакументы дзяржаўнага значэння, якія склалі гістарычны архіў, вядомы пад назвай Метрыка Вялікага Княства Літоўскага (Літоўская метрыка). Ён змяшчае больш за 600 тамоў дакументаў. Выдатным помнікам тагачаснага канцы- лярска-юрыдычнага пісьменства з’яўляецца Статут Вялікага Княства Літоў- скага, які меў тры рэдакцыі (1529 г., 1566 г., 1588 г.). На яго аснове былі створаны прававыя дакументы многіх суседніх дзяржаў, у прыватнасці, Прусіі, Польшчы, Расіі, Латвіі, Эстоніі і інш.;

  • на старабеларускай мове ўпершыню ў гісторыі ўсходніх славян (ХVІ ст.) з’явіліся друкаваныя кнігі. У гэты час працавалі такія вядомыя асветнікі, вучоныя, перакладчыкі, пісьменнікі, як Ф. Скарына, М. Гусоўскі, С. Будны, М. Сматрыцкі, С. Полацкі і інш.;

  • старабеларуская мова аказала значны ўплыў на іншыя мовы, у прыватнасці на літаратурную мову рускай народнасці. Даследчыкі адзна- чаюць, што многія словы з заходнееўрапейскіх моваў, перш траплялі ў старабеларускую мову, асвойваліся ёю і толькі потым траплялі ў стара- рускую, стараўкраінскую.

Усё гэта дае падставы вучоным называць XV–XVI ст. «залатым векам» у гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мовы.

Канец XVI–XVIII ст. У выніку Люблінскай уніі 1569 г. бела- рускія землі ўвайшлі ў феадальную федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалі- тую. Паступова Вялікае Княства Літоўскае з раўнапраўнага суб’екта шматэтнічнай дзяржавы (Рэчы Паспалітай) ператварылася ў нацыянальна залежны край польскай каралеўскай улады, дзе з цягам часу было праведзена апалячванне і акаталічванне беларусаў. У 1696 г. Варшаўскі сейм прыняў пастанову, паводле якой пісаць дзелавыя дакументы трэба было толькі па-польску. З гэтага часу ўсё справаводства вядзецца толькі на польскай мове. Моцна тармазілі сацыяльнае, культурнае, духоўнае развіц- цё беларускага народа і яго мовы безупынныя ваенныя сутычкі паміж Польшчай і Расіяй, якія вяліся пераважна на беларускіх землях. Усё гэта прывяло да поўнага заняпаду беларускай мовы, якая захоўваецца толькі ў фальклоры ды штодзённым ужытку, г. зн. працягвае развівацца пера- важна народная гутарковая мова.

ІІ. Перыяд новай (нацыянальнай) беларускай літаратурнай мовы пачынаецца з ХІХ ст. Унутры яго таксама можна вылучыць некалькі важных этапаў.

ХІХ ст. У гэты перыяд адбываецца станаўленне нацыянальнай літаратурнай мовы, якое пачыналася ва ўмовах адсутнасці дзяржаўнасці. Рэч Паспалітая пасля трох падзелаў паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй ў 1795 г. перастала існаваць. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Гэта не зменшыла нацыянальнага прыгнёту беларускага народа.

  • На змену паланізацыі мясцовага насельніцтва прыйшла русіфі- кацыі. Беларуская мова па-ранейшаму не дапускалася ў афіцыйны ўжытак.

  • У 1840 г. Мікалай І выдае загад аб увядзенні на Беларусі рускага заканадаўства і рускай мовы ва ўстановах. У гэтым жа годзе царскі ўрад забараняе назву «Беларусь». Замест яе выкарыстоўваецца назва «Северо-Западный край».

  • Як польскія, так і рускія вучоныя не прызнавалі існаванне беларускай мовы і імкнуліся кожны на свой лад даказаць, што беларусы як нацыя не існуюць.

  • У пачатку ХІХ ст. распачынаецца беларускае нацыянальнае Адраджэнне, ля вытокаў якога стаялі навукоўцы-беларусы, выхаваныя на традыцыях рускай і польскай культур: Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, І. Храпавіцкі і інш. У другой палове ХІХ ст. да іх далучыліся К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, А. Гурыновіч, Я. Лучына і інш. Іх творчасць, іх погляды на беларусаў як на самабытную і самастойную нацыю прадвыз- начылі пачатак новай беларускай нацыянальнай літаратурна-пісьмовай мовы, якая стваралася на іншай, чым старабеларуская, аснове – гутарковай, паколькі была страчана пераемнасць паміж старой і новай беларускай літаратурнай мовай.

  • Пры друкаванні беларускіх выданняў выкарыстоўвалася пераваж- на лацінка. Гэтай графікай былі надрукаваны творы В. Дуніна-Марцін- кевіча, Ф. Багушэвіча і інш. Толькі ў канцы ХІХ ст. лацінку пачынае выцясняць грамадзянскі шрыфт – тая графіка, якая выкарыстоўвалася ў рускім кнігадрукаванні.

  • Адначасова з узнікненнем і развіццём арыгінальнай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі на беларускай мове значны размах у гэты перыяд атрымала праца па збіранні лепшых узораў вуснай народнай творчасці (П. Бяссонаў, П. Шэйн, В. Дабравольскі, І. Насовіч, М. Федароў- скі і інш.). Складзеныя гэтымі даследчыкамі зборнікі песень, прыказак і прымавак стваралі магчымасць для шырокага знаёмства са слоўнікам і фразеалогіяй народнай беларускай мовы і для глыбокага вывучэння яе асаблівасцей. Паяўляюцца ў гэты час і слоўнікі беларускай мовы (на- прыклад, тлумачальны «Словарь белорусского наречия» І. Насовіча, у якім налічваецца 35 тысяч беларускіх слоў і зваротаў).

  • Праводзіцца і навукова-апісальніцкая работа па вывучэнні і раскрыцці асаблівасцей жывой мовы беларускага народа (працы Я. Кар- скага, І. Нядзёшава і інш.).

Першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. Нашаніўскі перыяд. Пачатак ХХ ст. характарызаваўся актывізацыяй нацыянальна-вызваленчага руху, што прывяло да рэвалюцыйных падзей 1905–1907 гг. Гэта прымусіла царскі ўрад пайсці на некаторыя ўступкі ў нацыянальным пытанні. У 1905 г. быў прыняты закон аб свабодзе друку, які дазваляў друкаваць творы беларус- кай літаратуры і пераклады на беларускую мову з іншых моў. Аднак беларуская мова па-ранейшаму забаранялася. Тым не менш літаратурнае жыццё ажыўлялася, разгортвалася кнігавыдавецкая дзейнасць.

  • У 1906 г. ў Пецярбургу было заснавана беларускае выдавецкае таварыства («суполка») «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе былі выда- дзены зборнік вершаў Я. Купалы, зборнік Ф. Багушэвіча і інш.; першыя падручнікі на роднай мове – чытанкі і лемантары (буквары): «Беларускі лемантар або Першая навука чытання» К. Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Ко- ласа.

  • З 1906 пачынаецца гісторыя беларускай легальнай прэсы. У Вільні выдаецца спачатку газета «Наша доля» (забаронена пасля выхаду 6 нумара), а затым «Наша ніва» (выходзіла да 1915 г.). Менавіта вакол гэтай газеты згуртаваліся беларускія пісьменнікі, якія разам з рэдактарамі газеты рабілі першыя спробы нармалізацыі беларускай мовы.

  • Паводле падлікаў вучоных, у гэты перыяд (да Кастрычніцкай рэвалюцыі) выйшла 245 беларускіх выданняў, у той час як за ўсё ХІХ ст. толькі 75.

Да 1918 г. на Беларусі побач з букварамі, чытанкамі, слоўнікамі Я. Коласа, І. Насовіча, А. Пашкевіч (Цёткі) і інш. выйшлі пяць граматык беларускай мовы.

  1. Abicht R., Stankewič J. prosty sposab stacca ŭ karotkim čaśe hramatnym. – Breslay: Buchhandlung Priebatsch, 1918. – 16 s.

  2. Luckiewič Ant. jak prawilna pisać pa biełarusku. – Wilnia: Druk. M.Kuchty, 1917. – 16 s.

  3. Luckiewič Ant. Stankewič J. Biełaruski prawapis. – Wilnia: Druk. M.Kuchty, 1918. – 32 s.

  4. Тарашкевіч Б. Беларуская граматыка для школ. – Вільня: Выд-ва Бел. камітэту, 1918. – 76 с.

  5. Pačobka B. Hramatyka biełaruskaj mowy. – Wilnia: Homan, 1918. – 36 s.

Найбольшы аўтарытэт сярод гэтых прац мела граматыка Б. Тарашке- віча, якая была выдадзена паралельна кірылічнымі і лацінскімі літарамі. Даследчыкі паправу лічаць яе першай граматыкай сучаснай беларускай мовы, паколькі яна істотным чынам адрознівалася ад астатніх граматык і найлепш адпавядала задачам нацыянальнага адраджэння беларускага на- рода, сярод якіх асабліва важнымі былі – упарадкаваць выдавецкую справу і школьнае навучанне на роднай мове.

Неабходнасць стварэння беларускай граматыкі была выклікана шэрагам аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын.

  1. Адсутнасць распрацовак па граматычных і правапісных нормах беларускай мовы. Даследаванні Я. Ф. Карскага, сабраныя ў трох кнігах 2-га тома манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1908–1912 гг.), прысвечаны апісан- ню структуры жывой беларускай гаворкі (яе фанетыкі, марфалогіі, сінтак- сісу).

  2. Грамадска-палітычныя абставіны. Беларуская мова пасля Кастрыч- ніцкай рэвалюцыі афіцыйна прызнаецца самастойнай мовай, набывае правы дзяржаўнай на тэрыторыі Беларусі.

  3. Пашырэнне выдавецкай справы на беларускай мове. Практыка беларускага кнігадрукавання ўжо дазваляла даць адказ, якія рысы з’яў- ляюцца найбольш тыповымі для беларускай мовы і патрабуюць замаца- вання ў якасці літаратурных норм.

  4. Непаслядоўнасці і разнабой у напісанні, што перашкаджала навучанню беларускай мове.

  5. Пісьмо Я. Купалы (1913 г.), у якім паэт звярнуўся ад імя Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні да Б. Тарашкевіча – студэнта 3-га курса Пецярбургскага універсітэта, з прапановай стварыць граматыку беларускай мовы.

  6. Рэкамендацыі і падтрымка акадэміка А. А. Шахматава, нямец- кага прафесара-славіста Р. Абіхта, якіх Б. Тарашкевіч назваў «натхніце- лямі ў працы».

Першае выданне граматыкі Б. Тарашкевіча выйшла пасля заканчэння ім універсітэта – у 1918 г. Усяго ж праца гэта выдавалася 7 разоў, апошні – у Мінску ў 1943 г. У 1991 г. выдавецтва «Народная асвета» ўзнавіла 5-е, значна перапрацаване і дапоўненае выданне (1929 г.) граматыкі факсі- мільным спосабам.

Перадумовы прызнання. Граматыка Б.Тарашкевіча, як адзначаюць даследчыкі, задаволіла найбольш надзённыя патрабаванні выдавецкай і школьнай практыкі, атрымала ўсеагульнае прызнанне і тым самым надала беларускай мове неабходную ўнармаванасць. Прычын таму некалькі.

  1. Яна была першым выданнем, пабудаваным на фактычным матэ- рыяле жывой беларускай народнай гаворкі, беларускіх дарэвалюцыйных выданняў і навуковых прац па беларускай мове.

  2. Праца выконвалася пад непасрэдным кіраўніцтвам акадэмікаў А. А. Шахматава і Я. Ф. Карскага, якія аказалі вялікую дапамогу аўтару пры складанні граматыкі

  3. Вылучалася прастатой (з арыентацыяй на вучня) і навуковасцю ў падачы як тэарэтычнага, так і практычнага матэрыялу.

  4. Дасканалая спецыяльная падрыхтоўка аўтара, выдатнае веданне ім беларускай мовы і многіх еўрапейскіх моў.

20-я гады ХХ ст. Гэты перыяд адметны тым, што беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. Палітыка беларусізацыі, якая ажыццяўлялася ў Беларусі дазволіла ўпершыню стварыць беларускамоўныя падручнікі для школ па ўсіх прадметах, падрыхтаваць і выдаць шматлікія перакладныя і галіновыя слоўнікі. У канцы 20-х гг. 90% літаратуры было беларускай. На беларускай мове працавалі ўрад і іншыя дзяржаўныя і грамадскія ўста- новы. Яна стала мовай навукі і справаводства.

  • 1921 г. Прынята пастанова аб адкліканні работнікаў культуры (беларусаў) для працы ў Беларусі. Адкрыты Беларускі дзяржаўны уні- версітэт (БДУ).

  • 1922 г. Ствараецца першая вялікая выдавецкая арганізацыя «Адраджэнне», якая пасля атрымала назву «Савецкая Беларусь». Аргані- заваны Інбелкульт (Інстытут беларускай культуры), ператвораны пазней у Акадэмію Навук.

  • 1926 г. Прайшла міжнародная акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі.

30-я гады ХХ ст. Працэс беларусізацыі быў гвалтоўна спынены пасля ўсталявання сталінскага таталітарнага рэжыму. Вялікая колькасць нацыянальных дзеячаў культуры, якая прымала актыўны ўдзел у стварэнні духоўнага патэнцыялу нацыі, была рэпрэсіравана. Беларусізацыя кваліфі- кавалася партыйнымі органамі як памылка, і беларуская мова паступова замянялася рускай мовай у дзяржаўных установах і інстытутах. Найбольш значнымі падзеямі гэтага перыяду сталі:

  • Пастанова Савета Народных Камісараў БССР «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу» (1933), у адпаведнасці з якой асоб- ныя напісанні слоў у беларускай мове адпавядалі не столькі натуральным законам яе развіцця, колькі арыентаваліся на законы арфаграфіі рускай мовы. Так, напрыклад, у гэтай пастанове (п. 9) адзначалася наступнае: «Інтэрнацыянальныя рэвалюцыйныя словы не падпарадкоўваць агульнаму правілу аб аканьні. Пісаць: рэволюцыя, совет, большэвік, комуна, соцы- ялізм, комунізм, пролетарый».

  • Пастанова СНК і ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей» (1938). З гэтага часу і пачалося мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы са сферы навучальна-выхаваўчага працэсу ў школе.

40–80-я гады ХХ ст. Звужаюцца сферы выкарыстання беларускай мовы. На ёй ствараецца мастацкая літаратура, публіцыстыка, у пэўнай ступені яна выкарыстоўваецца ў гуманітарнай навуцы, адукацыі. Руская мова ўжо ў гэты перыяд са сродку міжнацыянальных зносін ператварылася ў дзяржаўную мову рэспублікі.

Канец 80-х гадоў – пачатак ХХІ ст. У канцы 80-х пачатку 90-х гадоў ХХ ст. распачалося адраджэнне беларускай мовы, абумоўленае працэсамі дэмакратызацыі грамадства, будаўніцтвам суверэннай дзяржавы.

  • 1990 г. У адпаведнасці з прынятым Вярхоўным Саветам Беларусі Законам аб мовах, беларускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай, які прадугледжваў найперш аднаўленне яе ў сферы афіцыйна-справавога ўжытку і адукацыі. Гэта спрыяла пашырэнню функцый беларускай мовы ў сферы адукацыі.

  • 1995 г. Майскім рэферэндумам было ўзаконена беларуска-рускае дзвюхмоўе, што прывяло да звужэння сфер беларускай мовы. На жаль, яна пакуль не выкарыстоўваецца як дзяржаўная у жыцці рэспублікі, не з’яўляецца рэальным сродкам зносін нацыі.