Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Dlya_zavochnikaw_letnyaya_sesiya_2014-2015gg.docx
Скачиваний:
153
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
113.73 Кб
Скачать

Дзяржаўная мова.

І. Кожная мова можа ўжывацца ў розных сферах жыцця грамадства. Гэтыя сферы найперш падзяляюцца на дзве буйныя часткі – афіцыйную і побытавую. Афіцыйнай ( ад.лац.officialis ‘звязаны з урадам, з пасадай’) называюць мову, на якой працуюць дзяржаўныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя органы, грамадскія арганізацыі, установы навукі, культуры, службы быту, гандлю. На афіцыйнай мове вядзецца навучанне і выхаванне ў сістэме адукацыі. Калі ж статус афіцыйнай мовы замацоўваецца і адлюстроўваецца ў спецыяльных заканадаўчых актах, яна становіцца мовай дзяржаўнай. Дзяржаўнасць мовы – гэта юрыдычна замацаваны і рэгламентаваны парадак яе выкарыстання ва ўсіх або ў пераважнай большасці разгалінаванняў афіцыйнай сферы грамадскіх зносін. Што ж датычыцца прыватных моўных узаемадачыненняў людзей, а ў пэўнай ступені і выбару імі мовы зносін з дзяржаўнымі органамі і ўстановамі, з рознымі грамадскімі арганізацыямі, то гэта было, ёсць і застаецца асабістай справай грамадзян. Такім чынам, паняцце “дзяржаўная мова” звязана з мэтанакіраванай, усвядомленай моўнай палітыкай дзяржавы, з распрацоўкай юрыдычна-прававых нормаў у галіне моўных зносін, а паняцце “афіцыйная мова” – з практыкай, з традыцыямі выкарыстання моў у пэўным грамадстве і з рэальным размеркаваннем паміж імі асобных сацыяльных функцый. Наданне пэўнай мове статуса дзяржаўнай – акт выключнай нацыянальна-гістарычнай і нацыянальна-культурнай значнасці. Яго прыняцце або непрыняцце, сам ягоны характар заўсёды вызначаецца канкрэтнымі абставінамі жыцця грамадства, асаблівасцямі яго гісторыі, суадносінамі паміж мона- і полінацыянальнасцю, станам і ўзроўнем культуры, эканомікі, палітыкі.

Варта адзначыць, што афіцыйная мова не абавязкова набывае статус дзяржаўнай, але дзяржаўная мова не можа не прайсці этапу афіцыйнага ўжывання.

Дзяржаўны статус мовы грунтуецца на арганізацыйных, кадравых, матэрыяльна-тэхнічных, культурна-асветных і іншых дзяржаўных мерах, прадугледжвае сістэму прававой аховы мовы на тэрыторыі адпаведнага дзяржаўнага ўтварэння, а таксама забяспечвае яе існаванне і развіццё ў асяродках суайчыннікаў за яго межамі. Наданне мове дзяржаўнага статуса – усвядомлены сацыяльна-палітычны акт, скіраваны сваёй канчатковай мэтай на захаванне і развіццё нацыянальнай мовы, на зберажэнне яе ад заняпаду і забыцця. Сусветная цывілізацыя не ведае выпадкаў занядбання дзяржаўных моў пры захаванні дзяржавы, затое гісторыя сведчыць, што мовы знікаюць, калі выходзяць з ужытку ў грамадскіх сферах жыцця. Патрэба ў дзяржаўным моўным рэгуляванні ўзнікае пераважна тады, калі ў мовы народа, які даў найменне дзяржаўнаму ўтварэнню, ёсць мова-канкурэнт. Менавіта таму заканадаўства некаторых монанацыянальных краін не надае мове карэннага насельніцтва дзяржаўнага статуса.

ІІ. З часу, калі на беларускіх землях узніклі дзяржаўныя ўтварэнні – княствы Полацкае і Тураўскае, Наваградскае і Вялікае Княства Літоўскае, - мова тутэйшай людской супольнасці мела шырокі ўжытак у асяроддзі ўладароў і вайскоўцаў, рамеснікаў і гандляроў, паляўнічых і хлебаробаў, вернікаў і святароў, манахаў-кніжнікаў і шкаляроў… Калі дзіця садзілася за кнігі, рукапісныя або пазней выдадзеныя Ф.Скарынам або С.Будным, калі яно слухала матчыны песні і старажытныя казкі, калі летапісец выводзіў літары на пергамене, калі ваяр-абаронца прыспешваў на покліч Пагоні баявога каня, а ратай выходзіў у поле – усе супольна рабілі адну справу: служылі радзіме, бацькаўшчыне, і заўсёды на вуснах народа-творцы гучала мова родная, матчына, беларуская – у высокім сэнсе дзяржаўная.

З цягам часу ў Вялікім Княстве Літоўскім, акрамя старабеларускай, у грамадскім ужытку сталі пашырацца лацінская, польская і іншыя мовы. Узнікла патрэба ў дзяржаўным рэгуляванні моўных працэсаў. І тады ў выдатным помніку эпохі Адраджэння – Статуце Вялікага Княства Літоўскага (рэд. 1566 і 1588 гг.) – старабеларуская мова была абвешчана, гаворачы па-сучаснаму, дзяржаўнай, найперш мовай законаў і справаводства: “А писар земский маеть по-руску (г. зн. па-старабеларуску) литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншым езыком и словы “ ( Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Мн., 1989. С. 140). Аднак з 1697 г. старабеларуская мова перастала быць афіцыйнай, была выключана з ужытку ў справаводстве рашэннем кіруючых колаў Рэчы Паспалітай – дзяржавы, у якую на федэратыўнай аснове ўваходзіла тады Вялікае Княства Літоўскае. Пазней (у 1867 г.) і царскім урадам беларускае друкаванае слова было забаронена, як і наогул ужыванне беларускай мовы ў школах, установах культуры і інш., што тлумачылася імкненнем пазбавіць беларускі народ не толькі самастойнага дзяржаўнага, але і нацыянальна- культурнага жыцця, а значыць і будучыні.

Такім чынам, занядбанне беларускай мовы, якое пачалося з паступовага і няўхільнага абмежавання яе грамадскіх функцый у 17-19 і пачатку 20 стагоддзя, суправаджалася частковай, а пазней поўнай стратай беларускімі землямі дзяржаўнасці.

Народ жа на роднай мове гаварыў, спяваў песні, складаў казкі, мудрыя загадкі, дасціпныя прыказкі – тварыў вялікую вусную літаратуру, у якой роднае слова ззяла ўсімі колерамі вясёлкі, выказвала думы, жаданні, пачуцці чалавека працы, адлюстроўвала востры розум народа, яго багаты духоўны свет, прыгажосць душы, шматвяковы жыццёвы вопыт.

На працягу 19 ст. на беларускай мове выдаваліся нелегальна або для абмежаванага ўжытку кнігі, перыядычныя выданні, а пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў беларускія асветнікі і майстры прыгожага пісьменства сталі займацца выдавецкай дзейнасцю – і гэта садзейнічала захаванню беларускага слова і фарміраванню беларускай літаратурнай мовы.

У 1918 г.з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі і ў перыяд пасля 1919 г., калі беларускае дзяржаўнае ўтварэнне пачало актыўна ажыццяўляць свае ўладныя паўнамоцтвы, з усёй непазбежнасцю пастала пытанне пра дзяржаўную мову на Беларусі. Неўзабаве сацыяльныя рамкі ўжывання беларускай мовы ў заканадаўчым парадку, грунтоўна, з усей дакладнасцю вызначыла прынятая ў 1927 г. VIII Усебеларускім з’ездам Саветаў другая Канстытуцыя БССР (артыкул 22): “Дзякуючы значнай перавазе ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы насельніцтва беларускай нацыянальнасці, беларуская мова выбіраецца, як мова пераважная, для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі”.

У 1930 –80 гг. у Беларускай ССР руская мова, займаючы прывілеяванае, пануючае становішча ў грамадскім жыцці, фактычна выконвала ролю дзяржаўнай мовы. Беларуская мова, неапраўдана выцесненая з грамадскага ўжытку, паступова адыходзіла да той мяжы, за якой пачынаецца нябыт. Таму заканамернай была пастаноўка пытання аб прыярытэтным развіцці беларускай мовы ў Беларусі як мовы карэннага насельніцтва, як мовы суверэннага дзяржаўнага ўтварэння.

ІІІ. Дзяржаўны статус мовы карэннага этнасу не вядзе да абвастрэння канкурэнцыі моў і культур народаў, якія супольна жывуць у дзяржаве, а ўзмацняе іх узаемадзеянне, забяспечвае вольнае развіццё і творчае ўзаемаперайманне, гарманізацыю гэтых працэсаў і з’яўляецца асновай культурнага будаўніцтва ў дэмакратычнай дзяржаве. Без ведання мовы карэннага насельніцтва той ці іншай рэспублікі прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей іх жыццё ў братняй супольнасці народаў нельга лічыць паўнацэнным. Для беларусаў як карэннага этнасу ў рэспубліцы таксама не абыякавы і лёс моў усіх нацыянальных супольнасцей у агульным дзяржаўным доме.

Дзяржаўнасць мовы спрыяе і забеспячэнню правоў кожнага прадстаўніка карэннага этнасу і ўсёй яго супольнасці ( калі нават апошні не з’яўляецца механічнай большасцю насельніцтва на яго тэрыторыі) на развіццё не толькі яго мовы, культуры, асветы і інш., але і нацыянальнай дзяржаўнасці і ў канчатковым выніку сцвярджае права народа на існаванне. Таму як сацыяльна-прававая катэгорыя тэрмін “дзяржаўная мова“ цесна звязаны з паняццем нацыянальнага суверэнітэту. Ва ўсім свеце дэмакратычная практыка ўжывання ў якасці афіцыйных ( а часам і дзяржаўных) нацыянальных моў супольнасцей, якія спрадвеку жывуць на сваіх дзяржаўна- этнічных тэрыторыях, грунтуецца менавіта на прызванні суверэнітэту народаў: сам факт існавання этнасаў, іх шматвяковая гісторыя і самабытная культура ствараюць гэтаму перадумовы.

У нацыянальна-дзяржаўным утварэнні ў якасці дзяржаўнай прымаецца мова яго карэннага насельніцтва, а носьбітам усіх астатніх моў гарантуецца права свабоднага карыстання імі ў розных прыватных сферах зносін. Афіцыйных моў можа быць столькі, колькі асобных нацыянальных груповак уваходзіць у склад грамадства. Так, на Беларусі афіцыйна – у школе, царкве, нацыянальных установах культуры і г.д. – ужываюцца польская, татарская, яўрэйская.

Мова – не толькі сродак зносін. Яна – душа народа, аснова яго культуры. Пакуль жыве мова, жыве народ. Выбіраць мову зносін – права асобнага чалавека. Але такога права пазбаўлены народ, бо страта нацыянальнай мовы вядзе да знікнення яго як самабытнай этнакультурнай супольнасці. Кожная мова – гэта неацэнны скарб, які разам з тым належыць не толькі аднаму народу, а ўсяму чалавецтву, духоўна ўзбагачаючы яго.

Мова фарміруе асобу, з’яўляецца асновай самасвядомасці і духоўнасці чалавека. Без адчування за спінаю грамады суайчыннікаў, аб’яднаных любоўю і павагаю да ўсіх нацыянальна-духоўных скарбаў, у тым ліку і мовы, чалавек можа страціць сэнс свайго існавання і пачуццё жыццяўстойлівасці. У мове схаваны “генетычны код” духоўнасці народа, і, авалодваючы моваю, мы “чытаем” сваю гісторыю, разумеем продкаў, ствараем сённяшнюю рэчаіснасць, крочым у будучыню.

Гонар і абавязак усіх – шанаваць і любіць мову свайго народа, садзейнічаць яе развіццю і росквіту, а таксама паважліва ставіцца да моў іншых народаў. Выхаванню гэтых высакародных грамадзянскіх якасцей чалавека, асобы і служыць прыняты ў 1990 г. закон, які надаў беларускай мове ў Рэспубліцы Беларусь статус дзяржаўнай .(Цумараў Я.А.)

Дапоўніце складаны план і тэзісы тэксту (Тэзісы – гэта коратка сфармуляваныя асноўныя палажэнні тэксту).

ПЛАН

  1. Афіцыйная і дзяржаўная мовы.

    1. Азначэнне.

    2. Умовы патрэбы ў дзяржаўным моўным рэгуляванні.

-------------------------------------------------

  1. Гісторыя дзяржаўнасці беларускай мовы.

2.1. Мова першых беларускіх княстваў.

-------------------------------------------------

2.2. Мова ў ВКЛ.

-------------------------------------------------

2.3

------------------------------------------------

2.4. Сувязь дзяржаўнасці земляў і дзяржаўнасці мовы.

-------------------------------------------------

2.5.

-------------------------------------------------

2.6. Беларуская мова пасля 1918г.

2.6.1.

2.6.2.Становішча бел.м. у 30-80гг.

------------------------------------------------

3. Сутнасць і роля дзяржаўнага статуса мовы карэннага этнасу.

3.1.Дзяржаўны статус мовы карэннага этнасу як аснова культурнага будаўніцтва ў дэмакратычнай краіне.

-------------------------------------------------

3.2.Дзяржаўная мова і нацыянальны суверэнітэт.

------------------------------------------------

3.3.

-------------------------------------------------

3.4.

-------------------------------------------------

3.5. Закон 1990г. «Аб мовах у Беларускай ССР».

ТЭЗІСЫ

  1. Афіцыйная мова – мова дзяржаўных і адміністрацыйна-гаспадарчых органаў, грамадскіх арганізацый, устаноў навукі, культуры, адукацыі, службы быту і гандлю. У пэўных гістарычных умовах (наяўнасць мовы-канкурэнта) яе статус замацоўваецца заканадаўча і яна абвяшчаецца дзяржаўнай.

-----------------------------------------------------------------------------------------------------

  1. З часоў першых беларускіх княстваў мова тутэйшай людской супольнасці мела шырокі ўжытак і фактычна выконвала функцыю дзяржаўнай.

-----------------------------------------------------------------------------------------------------

3.

----------------------------------------------------------------------------------------------

4. Беларуская мовы была двойчы забаронена: 1697г.—сеймам Рэчы Паспалітай, 1867г. – царскім урадам.

------------------------------------------------------------------------------------------------

5.

-----------------------------------------------------------------------------------------------

  1. У захаванні бел. мовы, фарміраванні літ. мовы галоўную ролю адыгралі фальклор і дзейнасць пісьменнікаў і асветнікаў 19 –пачатку 20 ст.

-----------------------------------------------------------------------------------------------------

  1. Нягледзячы на тое, што па Канстытуцыі БССР 1927г. бел.мова з’яўлялася дзярж-ай, у 30-80гг. , фактычна ролю дзяржаўнай выконвала руская мова, таму пастаноўка пытання аб прыярытэтным развіцці бел. мовы ў Беларусі як мовы карэннага этнасу была заканамернай.

----------------------------------------------------------------------------------------------------

8.

------------------------------------------------------------------------------------------------

9.Дзяржаўнасць мовы карэннага этнасу сцвярджае права народа на існаванне, спрыяе нац. суверэнітэту.

----------------------------------------------------------------------------------------------

10.

----------------------------------------------------------------------------------------------

11.Мова –аснова культуры народа, страта нац. мовы вядзе да знікнення яго як самабытнай этнакультурнай супольнасці, таму гонар і абавязак усіх ---садзейнічаць развіццю роднай мовы.

---------------------------------------------------------------------------------------------

12.

8) Беларуская мова: яе паходжанне і развіццё. Кароткі канспект тэмы па наступным плане:

  1. Бел. мова як адна з моў індаеўрапейскай моўнай сям’і (што такое моўная сям’я, у якую падгрупу якой групы індаеўрапейскай моўнай сям’і ўваходзіць беларуская мова, якія факты гэта даказваюць).

  2. Беларуская мова як адна са славянскіх моў (што такое праславянская мова, якія існуюць групы славянскіх моў, склад кожнай групы, у чым асаблівасці гістарычнага развіцця беларускай мовы).

  3. Фарміраванне мовы беларускай народнасці ( калі і на на якой аснове фарміруецца беларуская народнасць і яе мова, што такое царкоўнаславянская і старажытнаруская мовы, найбольш значныя пісьмовыя помнікі ).

  4. Беларуская мова часоў ВКЛ (што такое старабеларуская мова, якую функцыю выконвала, найбольш значныя пісьмовыя помнікі і аўтары, прычыны заняпаду старабеларускай мовы).

  5. Новая беларуская літаратурная мова (коратка адлюстраваць лёс беларускай мовы з пачатку 19 ст. па 1995г.).

Беларуская мова : яе паходжанне і развіцце

Мова – гэта адна з найважнейшых прыкмет нацыі, падмурак этнічнага самаўсведамлення народа.

Сучасны стан беларускай літаратурнай мовы – вынік працяглага і складанага працэсу яе развіцця, які непарыўна звязаны з лёсам беларускага народа, з плёнам і стратамі яго гісторыі. Таму звернемся да гісторыі, высветлім, калі ўзнікла наша мова, дзе яна развівалася, якое яе месца сярод іншых моў свету, як яна выкарыстоўвалася ў пісьменстве, у грамадскім і культурным жыцці грамадства.

Беларуская мова як адна з інаеўрапейскіх моў

У залежнасці ад паходжання і наяўнасці ці адсутнасці агульных рыс усе мовы свету падзяляюцца на роднасныя і няроднасныя. Сярод роднасных моў адрозніваюцца моўныя сем’і, групы і падгрупы. Моўная сям’я – вялікая суполка моў, якія ўзыходзяць да аднаго або некалькіх блізкіх старажытных дыялектаў. Выдзяляюць індаеўрапейскую, цюркскую, аўстра-азіяцкую, фіна-угорскую і інш. моўныя сем’і. Індаеўрапейская сям’я – адна з самых вялікіх у свеце. Сёння амаль кожны другі чалавек на планеце гаворыць на мове індаеўрапейскага паходжання. Гэтая сям’я спалучае ў сабе, здавалася б, зусім розныя па прыкметах мовы. Генетычная сувязь паміж індыйскімі і еўрапейскімі мовамі стала вядомай толькі з ХІХ ст., калі вучоныя адкрылі старажытнаіндыйскія рукапісы, напісаныя на санскрыце – сёння ўжо мёртвай мове, якая захоўвала шмат рысаў, уласцівых мовам, пашыраным на Еўрапейскім кантыненце. На санскрыце напісаны вядомыя эпічныя паэмы «Махабхарата» і «Рамаяна».

Сёння цяжка ўявіць, што існавала адзіная індаеўрапейская мова, як і цяжка ўстанавіць, ці быў увогуле адзіны індаеўрапейскі народ. Але ў выніку параўнальна-гістарычнага аналізу фактаў розных моў тое, што на тэрыторыі сучаснай Індыі або на Блізкім Усходзе існавалі старажытныя плямёны, якія карысталіся блізкімі дыялектамі і пазней рассяліліся далёка на захад, не выклікае ніякіх сумненняў. Па іншых меркаваннях, прарадзіма індаеўрапейцаў размяшчалася на прасторы ад Дона і Паўночнага Каўказа да Дуная. На працягу некалькіх тысячагоддзяў да новай эры плямёны рассяляліся на вялікай тэрыторыі, адасабліваліся адно ад другога, мовы іх працягвалі развівацца ізалявана, набывалі шмат новых рысаў, таму цяпер вельмі цяжка знайсці агульнае ў такіх, напрыклад, мовах, як літоўская і хіндустані, але лінгвісты гэта робяць.

Індаеўрапейская моўная сям’я складаецца з шаснаццаці груп, у яе ўваходзяць і некаторыя асобныя мовы. Індыйская моўная група ўключае такія мовы, як хіндустані, раджастхані,

пенджабі, бенгалі, орыя, біхары, маратхі, цыганскую мову. Да яе належаць таксама мёртвыя мовы ведыйская (на ёй напісаны вядомы збор свяшчэнных тэкстаў «Веды») і санскрыт. Іранская група моў уключае персідскую, таджыкскую, курдскую, афганскую (пушту), шугнанскую, асецінскую,рушанскую, ягнобскую і некаторыя іншыя жывыя мовы, да гэтай жа групы належаць і мёртвыя старажытнаперсідская, мідыйская, сагдыйская, парфянская, скіфская. Балтыйская моўная група ўключае жывыя літоўскую і латышскую мову і мёртвую прускую. Даволі шырока распаўсюджана ў Еўропе германская моўная група, яна падзяляецца на паўночнагерманскую падгрупу (дацкая, нарвежская, ісландская, шведская і фарэрская мовы), заходнегерманскую падгрупу (нямецкая, англійская, галандская, фламандская, новаяўрэйская і інш. мовы); усходнегерманская падгрупа прадстаўлена ўжо мёртвымі мовамі (гоцкай, бургундскай і вандальскай). Да мёртвай цяпер лацінскай мовы ўзыходзіць уся раманская група моў (іспанская, французская, партугальская, італьянская, правансальская, сардзінская, каталанская, румынская, малдаўская, рэтараманская). Кельцкая група моў уключае ў сябе ірландскую, шатландскую, брэтонскую, валійскую, гальскую мовы. Адной з самых вялікіх моўных груп з’яўляецца славянская, яна падзяляецца на тры падгрупы: заходнеславянскую (польская, чэшская, кашубская, славацкая, верхне- і ніжне- сербскалужыцкая і мёртвая палабская мовы), усходнеславянскую, самую вялікую, на ёй гаворыць каля 180 млн. чалавек (руская, беларуская, украінская), і паўднёваславянскую (балгарская, македонская, сербская, харвацкая, славенская і мёртвая стараславянская мовы).

Зараз індаеўрапейскія мовы вельмі адрозніваюцца між сабой, але быў перыяд іх блізкасці, калі існавала адзіная індаеўрапейская мова, якая толькі падзялялася на дыялекты. Ад тых часоў ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах застаўся даволі вялікі пласт слоў, якімі карысталіся тысячы гадоў таму назад старажытныя індаеўрапейцы (арыі), у якіх замацоўвалі яны свае веды аб навакольным свеце і аб сабе.

Так, у беларускай мове індаеўрапейскімі паводле паходжання з’яўляюцца тэматычныя групы слоў, што абазначаюць паняцці духоўнага і культурнага жыцця: бог, вера, дух, дзіва, бяда і інш.; часавыя паняцці: век, месяц, дзень, ноч, вечар і інш.; назвы з’яў прыроды: агонь, вада, вецер, дым, неба, снег, холад і інш.; тэрміны роднасці, сваяцтва і іншых адносін паміж людзьмі: маці, брат, сястра, зяць, госць, друг і інш.; назвы частак цела чалавека: вока, вуха, зуб, кроў, мозг, нос і інш.; найменні жывых істот, раслін: звер, алень, воўк, вуж, каза, журавель, дуб, бяроза, вярба, лен, зерне, семя і інш.; назвы прымет якасці: новы, стары, жывы, злы, сухі і інш.; назвы дзеянняу, стану: быць, браць, будзіць, верыць, гарэць, драмаць і інш.

Можна параўнаць, з якой ступенню падабенства гучаць у розных мовах некаторыя словы. Параўн.: бел. дзень, рус. і ўкр. день, польск. dzień, літ. deinâ, ст.-інд. dinam, лац. dies, ст.-ірланд. denus, англ. day, фр. doi і г.д.

2. Беларуская мова як адна са славянскіх моў

Беларуская мова атрымала ў спадчыну індаеўрапейскую лексіку з мовы старажытных славянскіх плямёнаў, што вылучыліся з агульнаіндаеўрапейскага этнічнага адзінства недзе на мяжы III і II тыс. да н. э. Некаторы час ( да сярэдзіны першага тысячагоддзя нашай эры) славяне жылі сумесна на адносна невялікай тэрыторыі. Праўда, вучоныя спрачаюцца, дзе яна знаходзілася. Яе шукаюць на тэрыторыі сучаснай Польшчы (паміж Одрай і Віслай), ля падножжа Карпат і ў стэпах Паўдневай Украіны. Але найбольш верагодна, што месцам першаснага прыпынку славян стаў раёён вярхоў Прыпяці, Буга, Віслы. Гэта быў агульны перыяд гісторыі славян – агульнаславянскі. Мову славян гатага перыяду называюць агульнаславянскай, або праславянскай.

Праславянская мова не была аднолькавай на усей тэрыторыі. Яна члянілася на дыялекты. Вучоныя вылучаюць тры асноўныя яе дыялекты, якія ўмоўна называюць усходнім, заходнім, паўднёвым. Носьбіты славянскіх дыалектаў у старажытнасці былі ў асабліва блізкіх адносінах з балтамі (носьбітамі балтыйскіх дыалектаў). Магчыма, нейкі час існавала адзінства, якое дазваляе гаварыць пра агульную балта-славянскую мову-продак славянскіх і балтыйскіх моў.

Паступова славяне пашыралі тэрыторыю свайго рассялення. У I тысячагоддзі н.э. славянская гаворка ўжо гучала ў паўночных раёнах Усходняй Еўропы, на Балканах, на тэрыторыі сучаснай Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Румыніі, у Малой Азіі. Славянская каланізацыя, асіміляцыя неславянскага насельніцтва ішла ў гэты час даволі інтэнсіўна.

Але падчас вандровак славян па Еўропе сувязі паміж імі паслабляліся. Гэта прывяло ўрэшце (прыкладна ў сярэдзіне 1 тыс. н.э.) да распаду агульнаславянскага моўнага адзінства, якое мае гісторыю у некалькі тясячагоддзяў. На аснове ўзаемадзеяння дыялектаў, што былі ў недрах праславянскай мовы, і гаворак мясцовага асіміляванага насельніцтва паступова пачалі складвацца славянскія моўныя групы і асобныя мовы.

Такім чынам, падобна на тое, як дрэва расце з кораня, ствол яго мацнее і галініцца, так і сучасныя славянскія мовы выраслі з праславянскай мовы, карані якой ідуць у глыб вякоў, да мовы праіндаеўрапейскай. Крона сучаснага славянскага “моўнага дрэва” мае галіны, у якіх групуюцца: 1) усходнеславянскія мовы, 2) заходнеславянскія мовы, 3) паўднёваславянскія мовы. Кожная з гэтых галін мае розную колькасць адгаліванняў.

Беларуская мова разам з рускай і ўкраінскай належыць да группы ўсходнеславянскіх моў. Усходнеславянская група – самая малая па колькасці моў, але самая вялікая па колькасці славян, што гавораць на мовах гэтай групы (звыш за 180 млн.чалавек).

Носьбіты ўсходніх славянскіх дыялектаў, на аснове якіх сфарміраваліся беларуская, руская і ўкраінская мовы, пачалі актыўна засяляць Усходнюю Еўропу у сярэдзіне 1 тыс. н.э. Традыцыйна доўгі час лічылася, што на базе гэтых дыялектаў, якія мелі высокую ступень агульнасці, у XI ст. узнікла адзіная старажытнаруская літаратурная мова. Яна праіснавала да канца XIII ст., а затым распалася на тры мовы: рускую, беларускую, украінскую. Аднак сёння тэзіс аб поўным дыялектным адзінстве ўсходнеславянскіх моў і адзінай старажытнарускай мове падлягае сумненню. Вучоныя лічаць, што можна гаварыць толькі пра адносна адзіную пісьмова-літаратурную мову ўсходніх славян старажытнага часу (г. зн. яны пісалі амаль аднолькава, на стараславянскай мове – першай літаратурна-пісьмовай мове славян, распрацаванай у IX ст.), але гаварылі па-рознаму. Моўныя продкі беларускай, рускай, украінскай моў, відавочна, належалі да розных, хоць і блізкіх, дыялектных груповак праславянскага свету. А гэта азначае, што яны не мелі адзінай моўнай “калыскі”, кожная з іх развівалася сваім шляхам з праславянскіх дыялектаў. Старажытныя пісьмовыя помнікі ўсходніх славян выразна адлюстроўваюць адметныя рысы, уласцівыя адпаведна будучым беларускай, рускай і ўкраінскай мовам. Разам з тым можна гаварыць і пра шэраг істотных, агульных для гэтых моў асаблівасцей, што адрозніваюць іх ад заходніх і паўднёваславянскіх моў: напрыклад, поўнагалосныя формы голова – галава (у заходніх і паўднёвых славян –glova,glava); пачатковае о/а ў словах тыпу один-адзін, олень-алень (замест е у заходне- і паўднёваславянскіх мовах) і інш.

На працягу апошняга тысячагоддзя славянскія мовы развіваліся ў розных умовах. Тым не менш і сёння здзіўляе незвычайная блізкасць гэтых моў у лексічным складзе і структуры слова, у агульнасці каранёў, граматычных форм, сінтаксічных канструкцый.

Ва ўсіх славянскіх мовах амаль аднолькава гучаць старажытныя словы, звязаныя з сямейнымі і вытворчымі адносінамі, з раслінным і жывёльным светам, назвы пор года, частак чалавечага цела і г. д. Па падліках вучоных, з перашай тысячы найбольш частотных, ужывальных слоў ва ўсіх славянскіх мовах супадае каля 50 працэнтаў.

Усе гэта – водгалас старажытных сувязей продкаў славян. Разам з тым блізкасць славянскіх моў часткова тлумачыцца і агульнасцю гістарычнага лёсу асобных груп славян.

На падставе вывучэння міжславянскіх моўных сувязей вучоныя імкнуцца рэканструяваць малюнак узаемных адносін славян у глыбокай старажытнасці. Лічыцца, што чым больш агульных старажытных рыс мае пэўная славянская мова з астатнімі, тым бліжэй да цэнтра старажытнай праславянскай моўнай прасторы знаходзіліся яе носьбіты, і наадварот, чым менш такіх агульных рыс і з меншай колькасцю славянскіх моў яна звязана, тым далей ад цэнтра былі яе носьбіты ў старажытнасці.

У сувязі з гэтым узнікае пытанне: якое месца займалі продкі беларусаў у праславянскай моўнай прасторы? Адназначнага адказу пакуль няма. Аднак многія даследчыкі лічаць, што мова продкаў беларусаў пэуны час займала цэнтральнае месца ў праславянскім свеце. Так, рускі вучоны А. Шахматаў меркаваў, што продкі беларусаў займалі прамежкавае становішча паміж продкамі рускіх, украінцаў і прадстаўнікамі заходніх славян. Сведчанне таму – шэраг агульных для беларускай і заходніх моў працэсаў, сярод якіх найважнейшымі з яўляюцца дзеканне, цеканне, страта мяккага (р). Беларускі даследчык П. Бузук таксама лічыў, што беларуская мова знаходзілася ў цэнтры праслявянскай моўнай прасторы, пра што сведчаць шматлікія рысы, якія звязваюць беларускую мову з мовамі ўсходніх і заходніх славян. Паводле А. Трубачова, продкі беларусаў разам з украінцамі былі бліжэй да носьбітаў дыялектаў, якія леглі ў аснову паўднёваславянскіх моў (сербскай, харвацкай, славенскай, лужыцкай).

Ля вытокаў беларускай мовы

У розны час і рознымі шляхамі славяне дасягнулі тэрыторіі сучаснай Беларусі. Археолагі вылучаюць некалькі этапаў засялення славянамі беларускіх земляў, якія да гэтага ўжо былі часткова асвоены такімі балцкімі і угра-фінскімі плямёнамі, як літва, лотва, дайнова, яцвягі, голядзь, латыгола і інш. Апошняя хваля масавай славянскай міграціі на Беларусь прыпадае на VI ст. н.э. Аселі тут пераважна плямёны крывічоў, палачан, дрыгавічоў, радзімічаў, якія мелі многа агульнага ў культуры і мове. З VI-VII стст. пачынаецца доўгі і няпросты шлях кансалідацыі гэтых славянскіх плямёнаў, а таксама балтаў і угра-фінаў, якія жылі тут раней, у беларускую народнасць.

Славяне, на думку вучоных, прыйшлі на Беларусь хутчэй за ўсё з захаду (з басейна Віслы і Одры) і, магчыма, з паўднёвага захаду (з берагоў сярэдняга і ніжняга Дуная). Яны прынеслі з сабою свае племянныя дыялекты праславянскай мовы, блізкія да гаворак заходніх суседзяў і суродзічаў – будучых палякаў, чэхаў, славакаў, а таксама ўкраінцаў. Гэтыя дыялекты актыўна ўзаемадзейнічалі з балцкімі і угра-фінскімі гаворкамі мясцовага насельніцтва. Славянскія дыялекты паступова асімілявалі (выцеснілі) балцкія. (параўн.: бел.Лучоса і літ. Laukesa, бел. Нявежа і літ. Nevezis). Ад апошніх засталася ў беларускай мове толькі багатая тапаніміка ды гідраніміка (напрыклад, большасць назваў рэк і вадаёмаў на Беларусі балцкага паходжання).

Старажытныя крывіцкая і дрыгавіцкія племянныя саюзы паступова перараслі ў дзяржаўныя супольнасці, феадальныя княствы, якія атрымалі пазней назвы Полацкае, Турава-Пінскае, Смаленскае і інш. Ужо ў VIII ст. узнік буйны на той час цэнтр крывічоў – Полацк (у пісьмовых помніках упамінаецца з 862 г.).

Моўнай адзінкай замест племянных дыялектаў у межах новай моўнай тэрыторыі становяцца тэрытарыяльныя дыялекты – гаворкі абласцей, якія аб ядноўваліся ў эканамічных і палітычных адносінах вакол пэўнага горада – маглі супадаць са старымі племяннымі дыялектамі, але маглі і не супадаць, паколькі з утварэннем феадальных княстваў адбывалася пэўная моўная перагрупоўка і нівеліроўка дыялектаў.

У выніку інтэграцыйных моўных працэсаў, на думку вучоных, пры фарміраванні мовы беларускай народнасці сталі вядучымі два дыялекты – паўднёва-заходні (гаворкі Турава-Пінскага княства і навагародска-гродзенскія гаворкі) і паўночна-ўсходні (гаворкі Полацкай і Смаленскай земляў).

Але перш чым утварылася беларуская народнасць і сфарміравалася яе мова, у жыцці ўсходняга славянства адбылося многа важных падзей, якія паўплывалі на развіццё мовы. Да такіх падзей адносіцца далучэнне славян у X ст. да хрысціянскай цывілізаціі (пераважна ў яе грэка-візантыйскіх формах). Разам з хрысціянствам на ўсходнеславянскія землі прыйшла пісьменнасць на стараславянскай (старабалгарскай) аснове. Гэтая хрысціянска-пісьмовая культура паступова выцесніла язычніцкую культуру і іншыя сістэмы літарнага пісьма, што існавалі ва ўсходніх славян у IX ст. і, магчыма, раней.

Увогуле многія даследчыкі лічаць, што да афіцыйнага хрышчэння Русі (988 г. н.э) усходнія славяне не карысталіся якой-небудзь упарадкавай сістэмай пісьма. Пісьменнасць з’явілася і стала пашырацца з прыняццем хрысціянства. Некаторыя вучоныя адносяць з’яўленне пісьменнасці ва ўсходніх славян з канца X стагоддзя на больш ранні час. Пры гэтым яны абапіраюцца на старажытны летапіс, дзе ёсць звесткі аб тым, што філосаф Канстанцін навучыўся грамаце “рускай” ад нейкага русіна ў Карсуні (Херсоне) перад тым, як пісаць свае кнігі. Недзе каля 860 г. ён быў у Карсуні і набыў там “Евангелие и псалтырь руськы письмены писано”.

Пра выкарыстанне ўсходнімі славянамі нейкіх пісьмовых знакаў згадваюць у сваіх нататках арабскія падарожнікі X ст. Эль Масурадзі, Ахмені Ібн-Фадлан і інш. Паводле падання чарнарызца Храбра, які жыў у X ст., усходнія славяне карысталіся сваей пісьменнасцю “чертами и рьзами” (магчыма, старажытная пісьменнасць ў форме клінапісу).

Аднак пытанне аб усходнеславянскай пісьменнасці ў дахрысціянскі перыяд канчаткова не высветлена. Да нас дайшло нямала пісьмовых знакаў, якія пакуль што ўвогуле застаюцца нерасшыфраванымі. Тым не менш, гаварыць пра шырокае распаўсюджанне пісьма ва ўсходніх славян магчыма, відаць, толькі з часу прыняцця хрысціянства.

Разгляд гісторыі беларускай літаратурнай мовы (як і рускай і украінскай) звычайна пачынаецца з часоў узнікнення пісьменнасці і першых літаратурна-пісьмовых твораў ва ўсходніх славян. Беларусы, як і іншыя ўсходнеславянскія народы, яшчэ з дапісьмовых часоў валодалі самабытнай культурай слова, якая асабліва ярка выяўляецца ў фальклорных творах. Разам з тым існавала традыцыя выкарыстання разнастайных формул дагавораў, пагадненняў, т.зв. звычаёвага права з уласцівымі ім зваротамі, выразамі. Пазней гэтыя традыцыі вуснай моватворчасці народа сутыкнуліся са стараславянскай кніжнай мовай, якая прыйшла з прыняццем хрысціянства. У выніку сінтэзу гэтых дзвюх моўных стыхій паступова выпрацоўваецца свой варыянт пісьмовай (кніжнай) мовы, якая існуе паралельна са шматлікімі мясцовымі гаворкамі ўсходніх славян. Яе традыцыйна называюць старажытнай усходнеславянскай (старажытнарускай) літаратурнай мовай. На гэтай мове былі створаны такія сусветна вядомыя помнікі, як “Слова аб палку Шгаравым”, творы Уладзіміра Манамаха, летапіс “Аповесць мінулых гадоў” і інш. Гэты час быў пачаткам пісьмовага перыяду ў мастацкай славеснасці будучых беларусаў, рускіх, украінцаў.

XI-XII ст.ст. былі надзвычай плённымі ў гісторыі беларускай кніжнасці. Значная колькасць пісьмовых помнікаў, створаных на Беларусі ў той час, былі на царкоўнаславянскай (стараславянскай у яе ўсходнім варыянце) мове. Гэта пераважна творы богаслужэбнай літаратуры (евангеллі, псалтыры і інш.). З арыгінальных рэлігійных твораў старажытнай эпохі дайшлі да нас творы епіскапа Кірылы Тураўскага (словы, казанні, павучанні, малітвы), пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага, якія дасканала валодалі царкоўнаславянскай мовай, ці, як тады называлі, “языком словенским”. У XII ст. вялікую асветніцкую працу вяла Ефрасіння Полацкая. Яе жыццё і дзейнасць апісаны ў “Жыціі”, складзеным пасля смерці асветніцы адным з яе вучняў. Старажытныя беларускія пісьменнікі-асветнікі былі людзьмі высокай культуры, якія добра ведалі не толькі Біблію, але і антычную літаратуру – Гамера, Платона, Арыстоцеля.

На тэрыторыі Беларусі існавалі такія буйныя цэнтры старажытнай пісьменнасці, як Полацк, Тураў, Пінск, Смаленск, Слуцк, Мазыр. Тут перапісваліся не толькі царкоўныя творы і іншыя папулярныя ў тыя часы літаратура, але ствараліся і арыгінальныя творы. Аднак іх захавалася невялікая колькасць і пераважна ў пазнейшых спісках. Многае з пісьмовай спадчыны нашых продкаў згублена. Дастаткова сказаць, што не захавалася ў арыгінале нават ніводнага з надзвычай папулярных у свой час твораў Кірылы Тураўскага.

Значна больш помнікаў пісьменнасці не толькі рэлігійнага, але і свецкага характару дайшло ад XIII ст. Гэта шматлікія гандлёвыя дагаворы, надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры, разнастайныя граматы, знойдзеныя ў Віцебску, Смаленску, Мсціславе. Гэтыя помнікі шырока адлюстроўваюць асаблівасці жывой народнай гаворкі таго часу.У помніках, створаных на Беларусі ў X-XIII стст., выразна акрэсліліся рысы беларускай моўнай сістэмы. На падставе пісьмовых сведчанняў вучоныя мяркуюць, што гаворкі будучых беларусаў, рускіх, украінцаў мелі к XIII ст. столькі адметнага ў фанетычным і граматычным ладзе, што можна гаварыць аб трох самастойных усходнеславянскіх мовах – беларускай, рускай, украінскай.

Жыхары ўсходнеславянскіх земляў у XIII ст. апынуліся ў розных палітычных і эканамічных умовах. Большая частка былой Кіеўскай Русі трапіла пад уладу татара-манголаў. На тэрыторыі ж будучай Беларусі, свабоднай ад татара-манголаў, набывае эканамічную і палітычную магутнасць Навагародская зямля (вядомая таксама пад назвамі “Чорная Русь”, “этнічная Літва”). Полацкае княства, якое дасягнула найбольшай магутнасці ў часы княжання Усяслава (XI ст.), к гэтаму часу страчвае сваю моц і распадаецца на дробныя ўдзельныя княствы. Цэнтр палітычнага і эканамічнага жыцця пераходзіць з Падзвіння ў Панямонне, якое становіцца ядром кансалідацыі беларускіх, часткова ўкраінскіх земляў і балцкіх плямёнаў (жмудзі, аўкштайтаў – продкаў сучасных літоўцаў, літвы, яцвягаў і інш.) у адзіную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае.

Беларуская мова часоў Вялікага Княства Літоўскага

Вялікае Княства Літоўскае ўзнікла ў XIII ст. як саюз усходнеславянскіх княстваў (Наваградскае, Полацкае, Пінска-Тураўскае, Берасцейскае і інш.), і на працягу XIV ст. уся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў яго склад. Гэта была дзяржава шматэтнічная (яе насялялі, паводле сучаснай тэрміналогіі, беларусы, украінцы, літоўцы, палякі, яўрэі, татары), рознаканфесіянальная (тут жылі праваслаўныя, католікі, іудзеі, мусульмане, пратэстанты) і шматмоўная (акрамя ўсіх этнічных моў, выкарыстоўваліся лацінская і стараславянская).

Этнічную большасць у Вялікім Княстве Літоўскім складалі нашчадкі былых усходнеславянскіх плямёнаў (крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў), якія не растварыліся ў вялікай дзяржаве, а захавалі свае традыцыі, звычкі, веру, культуру, сваю мову, атрыманую ў спадчыну з даўніх часоў. На базе гэтай часткі ўсходнеславянскага насельніцтва на працягу XIV-XV стст. склалася беларуская народнасць і сфарміравалася беларуская літаратурна-пісьмовая мова (у навуковай літаратуры яе прынята называць старабеларускай). Вядучую ролю ў яе фарміраванні адыгралі, на думку вучоных, хутчэй за ўсё гаворкі Віленшчыны і паўночных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага - Віцебска, Полацка, Смаленска.

Старабеларуская мова з’яўлялася асноўнай літаратурна-пісьмовай у Вялікім Княстве Літоўскім. У той час яе называлі “проста мова” (тэрмін “беларуская мова” ўзнік пазней). У пісьмовых помніках сустракаюцца таксама назвы “проста молва”, “рускій язык” (у адрозненне ад “языка словенского” – царкоўнаславянскай мовы). Па-за межамі Княства гэтую мову часам называлі “літоўскай”.

“Проста мова” склалася як літаратурная мова ў актавай пісьменнасці на аснове мясцовых гаворак і пісьмова-моўных традыцый папярэдніх стагоддзяў. Яна выкарыстоўвалася ў наддыялектных пісьмовых зносінах на тэрыторыі ўсёй дзяржавы. Гэтая мова мела статус афіцыйнай, дзяржаўнай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім, таму ўжывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. На беларускай мове ўпершыню ў гісторыі ўсходніх славян на пачатку XVI ст. з’явіліся друкаваныя кнігі. На ёй існавала багатая літаратура, навуковая і мастацкая, летапісы, а з сярэдзіны XVI ст. – і тэксты Св. Пісання. Гэта была мова законаў, суда, канцылярый. У вялікакняжацкай канцылярыі на ёй ствараліся дакументы дзяржаўнага значэння. На беларускай мове пісаліся і найважнейшыя юрыдычныя дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, прызначаныя для Вялікага Княства Літоўскага. Актавыя дакументы, выдадзеныя вялікімі князямі, каралямі, сеймамі, рознымі ўрадавымі асобамі, склалі гістарычны архіў, вядомы пад назвай Метрыка Вялікага Княства Літоўскага (Літоўская метрыка). Ён змяшчае больш за 600 тамоў дакументаў, якія не толькі даюць уяўленне пра розныя бакі палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця ВКЛ на працягу амаль чатырох стагоддзяў, але і з яўляюцца крыніцай вывучэння стану тагачаснай беларускай мовы, шляхоў яе развіцця.

Дзелавыя дакументы даволі паслядоўна адлюстроўвалі асаблівасці народнай гаворкі – яе багатую лексіку, фанетычныя і граматычныя з явы. Разам з тым у іх выпрацоўваліся і спецыфічныя прыемы выказвання, юрыдычныя формулы, стандартныя канцылярскія звароты, сваеасаблівыя сінтаксічныя канструкцыі. У практыцы срававодства і заканадаўства складваліся характэрныя рысы старабеларускай мовы, ішло папаўненне яе слоўніка грамадска-палітычнай, юрыдычнай тэрміналогіяй.

Лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства адлюстраваны ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага – зводзе законаў дзяржавы і кодэксе феадальнага права, які меў тры рэдакцыі – 1529, 1566, 1588 г.г. (Статут юрыдычна замацоўваў прававое становішча беларускай мовы як дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім). У гэтым унікальным помніку пісьменства даволі паслядоўна адлюстраваны найбольш характэрныя рысы беларускай фанетыкі і граматыкі, праведзена пэўная уніфікацыя графікі і арфаграфіі. Надзвычай шырока прадстаўлены тут амаль усе тэматычныя пласты тагачаснай беларускай лексікі – ад назваў дзяржаўных рэлігій, службовых асоб да найменняў прадметаў і з яў бытавога характару.

Высокі ўзровень мела ў XV-XVII стст. беларускае свецка-мастацкае пісьменства, якое існавала ў такіх жанравых формах, як летапісы (афіцыйныя і прыватныя хронікі), мемуары, творы мастацкай літаратуры – перакладной (гістарычна-прыгодніцкія, рыцарскія аповесці і раманы) і арыгінальнай (вершы, творы палітычнай сатыры і інш.).

Паступовая дэмакратызацыя старабеларускай свецкай пісьменнасці, якая выяўлялася ў замене архаічных моўных элементаў адпаведнымі элементамі жывой народнай мовы, пашырылася і на рэлігійную літаратуру, якая традыцыйна стваралася на царкоўнаславянскай мове. Увогуле выкарыстанне старабеларускай мовы ў творах рэлігійнай літаратуры – даволі цікавая старонка ў гісторыі літаратурнай мовы. Спачатку асаблівасці мясцовых беларускіх гаворак пранікалі ў некананічныя рэлігійныя творы, затым царкоўнаславянскія рысы стыхійна замяняюцца беларускімі і ў тэкстах Св. Пісання. К XVI ст. гэты працэс набывае такія памеры, што асобныя помнікі рэлігійнай літаратуры можна разглядаць не проста як узоры беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы, а як самастойныя пераклады на беларускую літаратурную мову.

Пераклад і выданне на Беларусі рэлігійнай літаратуры звязаны з дзейнасцю такіх выдатных пісьменнікаў-асветнікаў, як Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мялецій Сматрыцкі, кнігі якіх увасобілі дэмакратызацыю царкоўнаславяншчыны ў напрамку больш зразумелага для чытача пісьма. Напрыклад, выданні Ф. Скарыны настолькі насычаны беларусізмамі, што паміж вучонымі ўзніклі рознагалоссі адносна іх моўнай асновы. Адны вучоныя лічаць яе беларускай, другія сцвярджаюць пра перавагу царкоўнаславянскай іх асновы. Аднак як бы гэта ні называлі - беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы ці “высокі стыль” старабеларускай мовы – важна, што Ф. Скарына першы свядома сінтэзаваў у сваіх выданнях элементы мертвай царкоўнаславянскай мовы і жывой беларускай гаворкі. На літаратурнай і мовазнаўчай ніве Беларусі Ф. Скарына распачаў тую ж самую працу, якую ў велікарускай літаратуры двума стагоддзямі пазней пачне М. В. Ламаносаў, дбаючы пра “равность” паміж кніжнаславянскай і рускай гутарковай мовамі.

У другой палове XVI ст., у разгар Рэфармацыі на Беларусі, паслядоўнікі Ф. Скарыны – Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і інш. давялі справу да канца, даўшы народу рэлігійныя творы на беларускай мове.

Літаратурная мова часоў ВКЛ, можна сказаць, была “нацыянальнай” літаратурнай мовай у тым сэнсе, што ў яе аснове ляжала беларуская мова (а не царкоўнаславянская ці якая іншая). Аднак далейшае развіцце беларускай народнасці і яе мовы адбывалася ў неспрыяльных умовах. Утварэнне федэратыўнай дзяржавы – Рэчы Паспалітай у выніку аб яднання Вялікага княства Літоўскага з Польшчай (Люблінская унія 1569г.), хоць і з захаваннем напачатку юрыдычнай роўнасці абедзвюх дзяржаў, мела вынікам значэнне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. Польшча ў гэты час мела лепшае эканамічнае і палітычнае становішча, чым аслабленае ў Лівонскай вайне Вялікае Княства Літоўскае. Валодаючы ўнутрапалітычнай ініцыятывай у дзяржаве, Польшча пачала ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў адносінах да Вялікага Княства Літоўскага. Яна выяўлялася найперш ў імкненні падпарадкаваць гэты край Кароне, у пашырэнні каталіцызму, польскай культуры, мовы.

Па меры таго як Княства паступова траціла палітычную самастойнасць і з раўнапраўнага суб’екта шматэтнічнай дзяржавы ператваралася ў нацыянальна залежны край польскай улады, пагаршаліся ўмовы для развіцця пісьменнасці на беларускай мове.

З канца XVI ст. на Беларусі распаўсюджваецца лацінская мова – афіцыйная пісьмовая на той час мова Польскай дзяржавы. Яна пачынае выкарыстоўвацца (часта паралельна з беларускай мовай) у судовай практыцы, навуковым ужытку, становіцца прадметам школьнага вывучэння. І хоць глыбокіх каранёў латынь на Беларусі не паспела пусціць, але яна рыхтавала глебу да пранікнення ў пісьменнасць польскай мовы. Экспансія польскай мовы асабліва пашыраецца на пачатку XVII ст. Калі дакументы Літоўскай метрыкі на працягу XV-XVI стст. напісаны на беларускай мове, то ў XVII-XVIII стст. – пераважна на польскай і часткова лацінскай. Польская мова становіцца мовай канфесійнай палемікі, свецкай літаратуры. Паступова беларуская мова выцясняецца з прыватнага пісьмовага ўжытку. У выніку дэнацыяналізацыі і апалячвання ў новых палітычных умовах беларускай шляхты, магнатаў (чые патрэбы найперш абслугоўвала беларуская літаратурная мова) гутарковай мовай гэтых сацыяльных груп таксама становіцца польская. Яна часта выступае як сваеасаблівы сацыяльны жаргон, у якім польскія рысы перамешваюцца з беларускімі мясцовымі моўнымі асаблівасцямі.

Засмечаная і сацыяльна непрэстыжная, беларуская літаратурная мова ўступае пазіцыі польскай мове. І калі яшчэ ў 1621 г. беларускі паэт Ян Казімір Пашкевіч з захапленнем пісаў, што “Полска квітнет лаціною, Літва квітнет русчізною…”, то ў 1696 г. Варшаўскі Сейм канстатуе, што ў справаводстве Княства ўсе рашэнні павінны складацца на польскай мове. З гэтага часу афіцыйная пісьменнасць на беларускай мове спыняецца. Але беларуская мова прадаўжае выкарыстоўвацца ў штодзённым ўжытку сялян і інш. ніжэйшых колаў грамадства (якіх польская асіміляцыя амаль не закранула), г.зн. яна працягвае функцыянаваць і развівацца як народна-дыялектная мова.

Новая (нацыянальная) беларуская літаратурная мова

У канцы XVIII ст. беларускі народ апынуўся ў новых гістарычных абставінах: некалі Вялікая Рэч Паспалітая пасля трох падзелаў паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй у 1795 г. перастала існаваць. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Але ў складзе Расіі Беларусь канчаткова страціла дзяржаўнасць і нават сваю этнічную назву, ператварыўшыся ў “Северо-Западный край” імперыі.

Царскі ўрад ігнаруе не толькі дзяржаўную самастойнасць, але і этнічную, моўную, культурна-рэлігійную адметнасць беларускага народа. У 1839 г. ліквідуецца унія - уняты далучаюцца да Рускай праваслаўнай царквы. Афіцыйная навука разглядае беларускую мову як дыялект (“наречие”) рускай мовы, а беларусаў разглядае як рускую народнасць. Гэта адпаведна адкрывала дарогу рускаму заканадаўству, рускім школам, афіцыйнай рускай мове. Загадам Мікалая I у 1840 г. на Беларусі ў якасці афіцыйнай уводзіцца руская мова: “Все дела, как правительственной, так и по судебной части, не исключая и дел дворянских, депутатских собраний и предводителей производить на русском языке”. Беларуская мова ў гэты і пазнейшыя часы ў афіцыйны ўжытак, пісьменнасць, школы не дапускалася. Усё, што знаходзілася над беспісьмовым сялянскім бытам (царква, школа, канцылярыя), павінна было быць рускім.

Менавіта ў гэты час нацыянальна-культурнага заняпаду ў асяроддзі навукоўцаў – беларусаў, выхаванных на традыцыях польскай і рускай культур, умацоўваецца разуменне самабытнасці беларускага народа, прызнанне гістарычнай ісціны, што толькі на аснове нацыянальных традіцій можна стварыць каштоўнасці агульначалавечага значэння, што пытанні “быць ці не быць беларускай культуры?”, “быць ці не быць самім беларусам?” вырашаюцца праз лёс роднай мовы.

Гэтую ісціну першымі ўсвядомілі прадстаўнікі беларуска-польскага асветніцтва першай паловы XIX ст. Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч і інш. Свядома праводзілі яе ў жыццё ў другой палове XIX ст. К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, пазней – Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Цётка, А. Гарун, С. Палуян і інш. пісьменнікі і публіцысты “нашаніўскага” кірунку. Іх творчасць, увабраўшы духоўныя здабыткі беларускага народа, і ёсць пачатак новай беларускай нацыянальнай літаратурна-пісьмовай мовы.

Такім чынам, сучасная літаратурная беларуская мова пачынае складвацца амаль праз два стагоддзі пасля спынення старабеларускай пісьмовай традыцыі – у мастацкай творчасці, прызначанай найперш селяніну, “мужыку”, які заставаўся адзіным, па сутнасці, захавальнікам сваей спрадвечнай мовы і нацыянальнай культуры. Менавіта на аснове жывой мовы народа і пачала фарміравацца беларуская літаратурная мова (без якой-небудзь сувязі з культурай старога беларускага пісьменнства).

Працес фарміравання новай беларускай літаратурнай мовы супаў з перыядам т. зв. Славянскага Адраджэння, калі адбывалася фарміраванне славянскіх нацый і новых славянскіх нацыянальных моў. Але ў адрозненне ад іншых славянскіх моў, ва ўмовах адсутнасці ўласнай дзяржаўнасці, забароны беларускай мовы ў грамадскім жыцці, працэс складвання яе літаратурнай формы працякаў вельмі запаволена і расцягнуўся больш чым на стагоддзе. У XX ст. беларуская мова ўступіла неўнармаванай і некадыфікаванай, нягледзячы на спробы выкарыстання яе на працягу XIX ст. у белетрыстыцы и публіцыстыцы, не маючы распрацаванай навуковай тэрминалогіі, кніжна-пісьмовых стыляў.

Пасля рэвалюцыі 1905 г. царскім законам «Аб свабодзе друку» (1906 г.) быў дадзены дазвол на друкаванне газет на некаторых нацыянальных мовах, якія гучалі ў шматэтнічнай краіне пад назвай Расійская імперыя. На Беларусі адразу пачало выдавацца некалькі газет – «Наша доля», «Наша Ніва», «Bielarus». Менавіта на старонках гэтых выданняў пачала фіксавацца жывая беларуская мова і выпрацоўвацца прынцыпы літаратурнай мовы.

Газета «Наша Ніва» выдавалася ў Вільні ад 10 лістапада 1906 да 7 жніўня 1915 года дзвюма графічнымі сістэмамі – лацініцай і кірыліцай. Газета адразу стала надзвычай папулярнай. Яе выпісвалі цэлымі вёскамі (адзін экзэмпляр на ўсіх жыхароў). Фінансавую падтрымку газеты ажыццяўлялі браты Антон і Іван Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Магдалена Радзівіл, Зыгмунт Нагродскі і інш. Для беларусаў гэта выданне служыла асноўнай культурна-асветніцкай крыніцай, сімвалам нацыі.

Ад самага пачатку аўтары і выдаўцы імкнуліся абудзіць свядомасць беларусаў, вярнуць ім духоўныя, гуманістычныя ідэалы, узняць прэстыж роднай мовы. Менавіта на старонках гэтай газеты беларуская мова ўзнялася да ўзроўню літаратурнай, выпрацаваліся асноўныя прынцыпы перадачы на пісьме яе фанетыка-марфалагічных і лексічных асаблівасцей.

У 20-я гг. ХХ ст. беларуская мова і культура перажывалі небывалы ўздым. Маладой дзяржаве тэрмінова стала патрэбнай выпрацаваная адзіная літаратурная мова тытульнай нацыі – беларускага народа. Распрацоўка норм беларускай мовы належыць такім буйным навукоўцам і культурным дзеячам, як Б.Тарашкевіч , Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, А.Багдановіч, Р.Астроўскі, Я.Станкевіч. Беларускі правапіс таго часу быў пабудаваны згодна з «Граматыкай беларускае мовы» Браніслава Тарашкевіча (1892—1941). Ён спалучыў у сваёй працы фанетычны і марфалагічны прынцыпы напісання ўласнабеларускіх слоў. Фанетычны прынцып напісання заключаўся ў адлюстраванні на пісьме акання, дзекання, цекання, асімілятыўнай мяккасці свісцячых зычных (сьнег, зьвер, насеньне). Згодна марфалагічнаму прынцыпу пісаліся аглушальныя звонкія зычныя на канцы слоў (сад, рог). Найбольшую цяжкасць выклікала перадача запазычанняў, слоў, якія прыйшлі ў беларускую мову з розных замежных моў. Б.Тарашкевіч прапанаваў пісаць добра засвоеныя запазычанні як і звычайныя беларускія словы (літара, аратар), а не адаптаваную іншамоўную лексіку трэба было пісаць у адпаведнасці з правіламі той мовы, з якой яны прыйшлі (Лёндон, монолёг, Голяндыя, лёжа). Згодна гэтай граматыцы былі напісаны ўсе падручнікі для школ, складаліся шматлікія слоўнікі. У 20-я гг. выходзіла шмат перыядычных выданняў, якія таксама карысталіся дадзенымі правіламі.

Нацыянальна-культурнае адраджэнне паставіла важныя задачы навуковага вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, распрацоўку праблем лексікі, тэрміналогіі, гісторыі беларускай мовы, складанне і выданне падручнікаў, вучэбных праграм. Таму ўзнікла патрэба ў адкрыцці адпаведнай навуковай установы. 30 студзеня 1922 г.быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), які потым пераўтварыўся ў Беларускую Акадэмію Навук. Сярод першых правадзейных членаў гэтай установы былі Я.Колас, Я.Купала, Я.Лёсік. С.Некрашэвіч, Я.Карскі, М.Грамыка, М.Азбукін, М.Піятуховіч, М.Доўнар-Запольскі, Б.Эпімах-Шыпіла і інш.

20-я гг. ХХ ст. – час, калі ў беларускую літаратуру прыйшло шмат знакамітых паэтаў, празаікаў, публіцыстаў. Толькі за перыяд з 1920 па 1926 гг. пачалі сваю творчую дзейнасць каля 500 маладых літаратараў. У іх былі розныя здольнасці, густы і творчыя схільнасці, розныя палітычныя погляды. Частка з іх прадстаўляла новую літаратурную плынь «бурапены». Для яе былі характэрны рэвалюцыйны рамантызм, сацыялістычная скіраванасць. Вясной 1923 г. стаў выходзіць літратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс «Маладняк», а ўжо ў лістападзе творчыя сілы аб’ядналіся вакол гэтага выдання ў аднайменную літаратурную суполку і сталі называць сябе «маладнякоўцамі» (А.Александровіч, А.Бабарэка, А.Вольны, А.Дудар, Я.Пушча, М.Чарот і інш.). У Маскве быў створаны філіял гэтага аб’яднання, які ўзначальваў У.Дубоўка. У 1926 г. утвараецца новая арганізацыя – «Узвышша» (К.Чорны, К.Крапіва, З.Бядуля і інш.), у 1927 – «Пробліск» і «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна».

Усталяванне сталінскага таталітарнага рэжыму ў 30-я гг. негатыўна адбілася на станаўленні і развіцці беларускай культуры, літаратуры і мовы. У 1933 г. была зроблена рэформа беларускага правапісу, згодна якой быў спрошчаны фанетычны прынцып перадачы асаблівасцей беларускага вымаўлення, сістэма скланення назоўнікаў стала вельмі набліжанай да рускай мовы (зніклі формы тыпу у палёх, у садох) і г.д. Але самы моцны ўдар быў нанесены беларускай інтэлігенцыі і маладым творчым сілам. На Беларусі пачалася кампанія супраць «нацыянал-дэмакратаў» («нацдэмаў»), такі ярлык замацавалі амаль за ўсімі маладымі літаратарамі, вядомымі навукоўцамі, дзеячамі культуры. Многіх саслалі ў паўночныя і ўсходнія раёны Рассіі (У.Дубоўку, А.Пальчэўскага), многія былі арыштаваны (Я.Лёсік, М.Хведаровіч), многіх расстралялі. За адзін дзень, напрыклад, у Мінску было расстраляна сем літаратараў: А.Дудар, М.Зарэцкі, П.Галавач, А.Вольны, В.Каваль, В.Сташэўскі, В.Маракоў, І.Харык. Збіраліся матэрыялы для арышту Я.Коласа і Я.Купалы. У 1938 г. выходзіць пастанава СНК і ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». Партыйны апарат, справаводства, адукацыя, навука і часткова культурная сфера грамадства пачынаюць карыстацца рускай мовай.

У складаных умовах беларуская мова і беларуская культура працягвалі развівацца і ў пасляваенныя гады. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, наша літаратура папоўнілася такімі імёнамі, як У.Караткевіч, І.Мележ, І.Шамякін, Я.Брыль, Н.Гілевіч, В.Быкаў, У.Арлоў і інш. У часы хрушчоўскай адлігі былі вернуты забытыя імёны рэпрэсаваных літаратараў (У.Дубоўкі, Я.Пушчы, С.Грахоўскага, А.Звонака, М.Хведаровіча). На высокую ступень узнялася беларуская драматургія (У.Галубок, К.Крапіва, А.Маўзон, А.Макаёнак, А.Петрашкевіч, А.Дудараў і інш.).

У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. сітуацыя ў краіне кардынальна змянілася, што не магло не адбіцца на статусе беларускай мовы і беларускай культуры. У выніку распаду былога СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай (1990 г., Закон аб мовах) і пачала шырока выкарыстоўвацца ў афіцыйнай, прававой, адукацыйнай, навуковай сферах жыцця грамадства. Актыўна вывучаліся не толькі хрэстаматыйныя беларускія аўтары, з нябыту падняліся раней забароненыя імёны. Пэўная зацікаўленая частка грамадства вырашыла карыстацца не правапісам, які быў рэфармаваны ў 1933 і 1957 гг., а варыянтам беларускай літаратурнай мовы 20-х гг., г.зн. «тарашкевіцай».

У 1995 г. адбыўся рэферэндум, паводле якога ў краіне законна аб’яўлена беларуска-рускае двухмоўе. Беларуская мова зноў стала выкарыстоўвацца пераважна ў сферах мастацкай літаратуры, публіцыстыкі, гуманітарнай навукі, адукацыі. На сённяшні дзень праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў вельмі актуальная, наша мова ўключана ЮНЭСКА ў спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё. Рэальна беларуская мова як сродак камунікацыі жыве ў вёсках у выглядзе гаворак і ў колах творчай інтэлігенцыі, якія імкнуцца зберагчы нацыянальны скарб для нашчадкаў.

Беларускае слова можна пачуць і за мяжой. У такіх краінах, як ЗША, Канада і інш., створаны беларускія дыяспары з нашчадкаў эмігрантаў, якія таксама цікавяцца сваімі каранямі, імкнуцца вывучыць бацькоўскую мову, каб адчуць сябе членамі вялікай сям’і беларусаў. За мяжой стваралі і ствараюць свае творы Н.Арсеннева, А.Барскі, М.Сяднёў, А.Салавей, М.Гайдук і інш.

Хутчэй за ўсё, веданне тэмы будзе праверана на заліку з дапамогай тэста. У любым выпадку, большая частка білетаў змяшчае пытанне менавіта па гістарычных этапах развіцця беларускай мовы.

9) Формы беларускай нацыянальнай мовы ( што такое літаратурная і дыялектная мовы). Функцыянальныя стылі літаратурнай мовы.

Запісаць сферу выкарыстання, разнавіднасці і асноўныя рысы стыляў.

Як і іншыя нацыянальныя мовы, беларуская мова існуе ў дзвюх формах: дыялектнай і літаратурнай.

Дыялектная мова – гэта мова народа, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка – гэта мова аднаго ці некалькіх населеных пунктаў з аднатыпнымі моўнымі рысамі. Мясцовыя гаворкі распаўсюджаны толькі на пэўнай тэрыторыі, выкарыстоўваюцца звычайна ў вуснай форме, часцей сялянствам. Гаворкі аб’ядноўваюцца ў дыялекты. На тэрыторыі Беларусі выдзяляюць два дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні.

Кожны з гэтых дыялектаў мае свае асаблівасці ў лексіцы, фанетыцы, марфалогіі і сінтаксісе, якія адрозніваюць іх адзін ад аднаго і ад літаратурнай мовы.

Паміж паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім дыялектамі вылучаюцца сярэднебеларускія гаворкі, якія з’яўляюцца пераходнымі.

У апошні час новыя дыялекты не ўтвараюцца, нівеліруюцца і таму страчваюцца дыялектныя асаблівасці, знікаюць мясцовыя словы і выразы.

Генетычна сучасная літаратурная мова грунтуецца на гаворках цэнтральнай часткі Беларусі, але ў працэсе развіцця яна сінтэзавала найбольш характэрны для большасці беларускіх гаворак рысы і таму не супадае цалкам з якім небудзь тэрытарыяльным дыялектам, г.зн. мае наддыялектны характар.

На працягу некалькіх пакаленняў літаратурная мова апрацоўвалася майстрамі беларускай літаратуры. Беларуская літаратурная мова – гэта вышэйшая, унармаваная, агульнапрынятая і абавязковая для ўсіх членаў грамадства, стылістычна разгалінаваная форма нацыянальнай мовы.

Наяўнасць нормы – істотная асаблівасць літаратурнай мовы, якая адрознівае яе ад дыялектнай. Пад нормай разумеюцца выпрацаваныя грамадствам і пісьмова замацаваныя (ці кадыфікаваная) ў нарматыўных слоўніках, даведніках, граматыках, узоры, правілы, якім падпарадкоўваюцца вымаўленне і напісанне слоў, выбар слоў, ужыванне граматычных формаў, пабудова словазлучэнняў і сказаў. Кадыфікаваная, узаконеная норма з’яўляецца абавязковай для ўсіх носьбітаў літаратурнай мовы.

Спецыфіка літаратурнай мовы выяўляецца і ў тым, што яна існуе ў дзвюх разнавіднасцях – вуснай і пісьмовай (дыялектная мова – толькі ў вуснай).

Стылі

Сфера выкарыстання

Мэты зносін.

Функцыі мовы

Асноўныя стылявыя рысы

Гутаркова-размоўны (гутарковы)

Быт, сямей-ныя, сяброўскія адносіны

Абмен думкамі, інфармацыяй з блізкімі, знаёмымі людзьмі

Камунікатыўная функцыя.

Непасрэднасць, непадрыхтаванасць, спантаннасць маўлення; нязмушанасць выбару моўных сродкаў; адсутнасць строгай лагічнасці, эмацыянальнасць, ацэначны характар моўных сродкаў

Навуковы

Навука, тэхніка, навучальны працэс

Растлумачэнне дасягненняў навукі і тэхнікі, паведамленні пра іх, растлумачэнне сутнасці з’явы, яе прычыны і пад.

Кагнітыўная функцыя

Лагічнае, паслядоўнае, дакладнае, абстрактна-абагульненае выкладанне матэрыялу, яго доказнасць, аргументаванасць, пэўная сухасць маўлення, наяўнасць тэрмінаў

Афіцыйна–справавы

Афіцыйныя дакументы, канцылярскія, юрыдычныя, дыпламатыч-ныя сферы

Рэгуляцыя афіцыйных адносін, указы, прадпісанні

Рэгулятыўная функцыя

Строгая дакладнасць і паслядоўнасць выкладу; аб’ектыўнасць ацэнак, сухасць і бясстраснасць, адсутнасць эмацыянальнасці, моўныя клішэ, стандартнасць

Публіцыс-тычна-пра-моўніцкі

(публіцыс-тычны)

Палітыка-ідэалагічныя, грамадска-эканамічныя, культурныя, спартыўныя і іншыя грамадскія зносіны

Інфармацыя пра грамадска важныя справы, уздзеянне на свядомасць, пачуцці людзей, фарміраванне грамадскай думкі

Экспрэсіўная (эмацыйная) функцыя

Дакументалізм, факталагічная дакладнасць, даступнасць, агульназразумеласць, адкрытасць аўтарскай пазіцыі, ацэначнасць, эмацыянальнасць, палымянасць

Мастацкі

Духоўная сфера жыцця, мастацкая літаратура, тэатр, кіно

Інфармацыя аб духоўным вопыце чалавецтва, эстэтычнае ўздзеянне на духоўны свет чалавека

Эстэтычная функцыя

Мастацкая вобразнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць; ацэначны характар моўных сродкаў; стылістычная незамкнутасць (г. зн. спалучэнне элементаў розных стыляў)

10) Тэрміналагічная лексіка: сутнасць і спецыфіка тэрмінаў. Што такое тэрміны і чым яны адрозніваюцца ад агульнаўжывальных слоў? Гэта пытанне №1 ва ўсіх заліковых білетах.

Запісаць:

Тэрмін – гэта спецыяльнае слова ці словазлучэнне слоў, створанае (прынятае, запазычанае) для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў. Тэрмін – гэта імя паняцця.

Асаблівасці тэрмінаў:

  1. Значэнне звычайнага слова можа быць растлумачана, а значэнне, сутнасць тэрміна павінна быць вызначана. Нават у тэрміналагічных слоўніках тэрміны не тлумачацца, ім даецца азначэнне.

  2. Словы агульнай лексікі засвойваюцца людзьмі па меры іх авалодання мовай. Тэрміны ж патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі ў пэўнай галіне навукі, тэхнікі, культуры. Вузкаспецыяльныя тэрміны зразумелыя толькі спецыялістам.

  3. Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце, а кожнаму паняццю павінен адпавядаць толькі адзін тэрмін. У ідэале тэрмін павінен быць адназначным.

  4. Хаця многія тэрміны ўзніклі на аснове метафарызацыі, вобразнага пераасэнсавання паняццяў ці маюць памяншальна-ласкальны суфікс, у тэрмінах адсутнічаюць экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць.

  5. Кожны тэрмін з’яўляецца членам пэўнай тэрміналагічнай сістэмы, абмежаванай адной галіной навукі.

11) Напішыце аўтабіяграфію або рэзюмэ (узоры ніжэй). Аўтабіяграфія выконваецца ад рукі, рэзюмэу камп’ютарным варыянце.

Узор аўтабіяграфіі:

Аўтабіяграфія

Я, Радзько Ігар Пятровіч, нарадзіўся 28 мая 1988г. у горадзе Слуцку Мінскай вобласці. У 1989г. сям’я пераехала ў г.Мінск.

Маці, Радзькова Ніна Сямёнаўна, 1962 г.н., працуе медсястрой у паліклініцы №19 г.Мінска. Бацька, Радзько Пётр Ільіч, 1960г.н., працуе майстрам на Мінскім трактарным заводзе. Ёсць малодшая сястра Кацярына, 1996 г.н., школьніца.

У 1994 годзе я паступіў у першы клас сш №113 г. Мінска, якую і закончыў у 2005 годзе. З 2005 г. па 2008г. вучыўся ў Мінскім машынабудаўнічым каледжы, атрымаў спецыяльнасць “тэхнік-тэхнолаг”. У 2008 годзе паступіў на аўтатрактарны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (завочная форма навучання), зараз вучуся на 4-ым курсе.

Адначасова працую майстрам на Мінскім заводзе колавых цягачоў.

У войску не служыў, ваеннаабавязаны.

Член прафсаюза.

Жанаты. Жонка, Радзько Ірына Мікалаеўна, 1986 г.н., індывідуальны прадпрымальнік. Дзяцей не маю.

Пражываю па адрасе: 220114, г.Мінск, вул. Славінскага, д. 17, кв.54.

21.05.2012г. подпіс

Рэзюмэ

Рэзюмэ – кароткае апісанне службовай кар’еры.

Існуе тры тыпы рэзюмэ: храналагічнае, функцыянальнае і камбінаванае (функцыянальна-храналагічнае).

Храналагічнае рэзюмэ – гэта асабісты паслужны спіс і працоўныя дасягненні, пададзеныя ў храналагічнай паслядоўнасці.

У функцыянальным рэзюмэ ў большай ступені падаюцца прафесійныя навыкі, вопыт і дасягненні і ў меншай ступені – канкрэтны пералік работ на розных этапах службовай кар’еры.

Рэзюмэ камбінаванага тыпу валодае прыкметамі і храналагічнага, і функцыянальнага.

-----------------------------------------------

Узоры рэзюмэ

Петраковіч Іван Сцяпанавіч

220127, Мінск, вул. Мінская, 199-85

(017) 299-99-99

Кваліфікацыя

Дыпламаваны спецыяліст па бухгалтарскаму ўліку з 11-гадовым стажам састаўлення фінансавай справаздачы. Папярэдняя дзейнасць звязана з харчовай прамысловасцю.

Вопыт работы

Агульная бухгалтэрыя.

Маю значны вопыт у кіраванні фінансавымі справамі, звязанымі з дзейнасцю прадпрыемства. Складаў каштарысы бягучых затрат (на сумы звыш за 1,5 млр.руб.) і выконваў вядучую ролю ў рэарганізацыі сістэмы вытворчай бухгалтэрыі. Даходы па адной з праграм павялічыліся на 38% за першыя тры гады.

Вытворчая бухгалтэрыя.

Больш чым 5-гадовы вопыт у распрацоўцы нарматыўных затрат. Дапамагаў у кадзіраванні і цэнаўтварэнні для маркетынгавых і вытворчых працэдур.

Адукацыя

Вышэйшая эканамічная, Інстытут народнай гаспадаркі, 1989 г.

Спецыялізацыя – бухгалтарскі ўлік.

Іншая інфармацыя.

Дыпламаваны аўдытар. Член Асацыяцыі фінансістаў.

-------------------------------------------------------------------------------------------------------

Зубец Святлана Аляксандраўна

220000, Мінск, вул. Сонечная, 78-137

тэл. (172) 2320000

Дата і месца 15 жніўня 1976 г., г. Мінск

нараджэння:

Адукацыя: Курсы бухгалтараў у Мінскім вучэбным

1993-1994 цэнтры пры Дзяржкамстаце Рэспублікі Беларусь

1999- ц/час Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт

Вопыт працы:

11.1998-ц/час ЗП ”Прэстан Маркет”, інжынер- праграміст. Рознічны гандаль харчаваннем, таварамі народнага спажывання і прамысловымі таварамі. Функцыі: праграмаванне сродкаў аўтаматызацыі і праграмнага забеспячэння. Распрацавала складаныя праграмы, якія паспяхова працуюць.

07.1994-10.1998 ЗП ”Прэстан Маркет”, аператар-бухгалтар. Функцыі: суправаджэнне бухгалтарскай дакументацыі, складанне справаздач, афармленне накладных, фарміраванне рознічных цэн. Добрае веданне камп’ютара дазволіла асвоіць новыя функцыі і перайсці на больш высокую пасаду.

Дадатковыя звесткі Іспанская мова – сінхронны пераклад, англійская – чытаю і перакладаю са слоўнікам. Валоданне персанальным забеспячэннем:MSDOS, Excel, Windows, Access і інш, праграміраванне. Вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі В, вопыт ваджэння 3 гады. Маю асабістую машыну.

----------------------------------------------------------------------------------------------------------

Собалеў Мікалай Васільевіч

603163, Гомель, вул.Пячэрская, 199-352

(8312) 77-85-77 (сл.), 99-99-99 (х.)

Дата і месца нараджэння:12 ліпеня 1960 г. г.п. Ходасы Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.

Сямейнае становішча: жанаты, сын 1990 г.н.

Адукацыя: Аўтатрактарны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1985); спецыяльнасць: механік. Эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (завочнае аддзяленне, 1992); спецыяльнасць: эканаміст.

Стажыроўка ў Германіі на фірме “Commimpex” (май-верасень 1998 г.)

Замежная мова: нямецкая размоўная (свабодна), англійская (са слоўнікам).

Вопыт працы (апошнія 10 год):

1990-1993 гг. – інжынер-канструктар навукова-вытворчай кампаніі “Свіслач”.

1993-1997 гг. – спецыяліст Дзяржаўнага камітэта па эканоміцы і планаванні.

1995-1997 гг. – (пагадзінная праца) выкладчык кафедры эканомікі Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі.

1997-2000 гг. – намеснік дырэктара вытворчага аб’яднання “АRDО”

2000-ц.ч. – выканаўчы дырэктар вытворчага аб’яднання “АRDО”.

Дадатковыя звесткі: аўтар шматлікіх публікацый у перыядычным друку па праблемах развіцця аўтамабільнага транспарту.

Удзельнік Міжнароднага семінара “Эканамічныя перабудовы на аўтатранспарце”. (Масква, 1998)

Аўтар метадычнага дапаможніка для студэнтаў “Эканамічнасць аўтамабільнага транспарту” (Беларуская дзяржаўная політэхнічная акадэмія, 1997)

Веданне персанальнага камп’ютара (WORD, Eхсel, IC).

Вадзіцельскае пасведчанне: катэгорыі А,В, стаж 8 год.

Захапленні: футбол, тэатр.

-----------------------------------------------------------------------------------

Галуза Наталля Яўгенаўна

101163, Віцебск, вул. Гусоўскага, д.32, кв.10

Тэлефон: 94-27-18 (д)

Дата і месца нараджэння: 16 сакавіка 1986 г.Докшыцы Віцебскай вобл.

Сямейнае становішча: не замужам.

Адукацыя: студэнтка 2-га курса завочнага аддзялення тэхналагічнага факультэта Віцебскага тэхналагічнага інстытута лёгкай прамысловасці.

Замежная мова: англійская (са слоўнікам).

Вопыт працы:

2000-2002 гг. – прадавец фірмы “Мілавіца”(пагадзінная праца).

2003-2004 гг. – швачка.

Асабістыя якасці: камунікабельная, старанная, гатова да дадатковага абучэння.

Захапленні: настольны тэніс, жывапіс.

УЛІЧВАЙЦЕ, КАЛІ ЛАСКА, ШТО МЯНЕ НЕ ЦІКАВІЦЬ, ПРАЎДУ ЦІ НЕ ВЫ НАПІСАЛІ Ў РЭЗЮМЭ ЦІ АЎТАБІЯГРАФІІ. Трэба, каб без памылак.

------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

12) Выканайце з дапамогай любой камп’ютарнай праграмы пераклад тэксту па вашай спецыяльнасці з рускай мовы на беларускую (аб’ём –1 стар. друкаванага тэксту, шрыфтам не большым за 14, тэкст на рускай мове неабходна здаць разам з перакладам). Тэксты ў межах групы не паўтараюцца! Раздрукуйце, уважліва адрэдагуйце атрыманы тэкст, ад рукі (зверху над словамі) выпраўце памылкі.

Для тых, хто адсутнічаў на ўстановачнай лекцыі

Як адрэдагаваць тэкст камп’ютарнага перакладу

  • Праверце тэкст на наяўнасць слоў, якія ўвогуле не былі перакладзеныя і захоўваюць рускую графіку. Часцей за ўсё не перакладаюцца складаныя словы, вузкаспецыяльныя тэрміны. Звярніце ўвагу на ўласныя назоўнікі: яны часта не перакладаюцца, ці транслітаруюцца, ці перакладаюцца няправільна.

  • Удакладніце і выпраўце пераклад абрэвіятур у выпадку іх несупадзення ў беларускай і рускай мовах (КПД - ККДз, км/ч – км/г, ОАО - ТАА).

  • Праверце, як перакладзены выдзеленыя курсівам словы: найчасцей застаюцца нязменнымі або замяняюцца двукоссямі.

  • Выпраўце парадак слоў пры перакладзе дзеепрыметнага зварота, які знаходзіцца перад паяснёным назоўнікам, у выпадку перакладу яго апісальным зваротам (даданым сказам са злучальным словам які або што).

  • Выпраўце марфалагічныя памылкі ў канчатках прыметнікаў і (ці) дзеясловаў у выпадку несупадзення формаў роду або ліку назоўнікаў у беларускай і рускай мовах.

  • Праверце канчаткі назоўнікаў і выпраўце памылкі. Звярніце асаблівую ўвагу на канчаткі назоўнікаў – аднародных членаў сказа.

  • Выпраўце памылкі пры ўтварэнні і ўжыванні формаў ступеней параўнання прыметнікаў.

  • Выпраўце памылкі ў кіраванні і дапасаванні, у каардынацыі дзейніка і выказніка.

  • Праверце і выпраўце памылкі пры перакладзе ўнутрымоўных і міжмоўных амонімаў. Пры гэтым трэба быць асабліва ўважлівым, бо памылкі такога тыпу нярэдка вельмі складаныя і распаўсюджаныя.

ПРЫКЛАДЫ Ў НАСТУПНЫХ ЗАДАННЯХ ДАПАМОГУЦЬ ВАМ НАВУЧЫЦЦА БАЧЫЦЬ І ВЫПРАЎЛЯЦЬ ТЫПОВЫЯ ПАМЫЛКІ

Заданне 1. У наступных сказах выпраўце памылкі пры перакладзе аманімічных слоў (унутрымоўных і міжмоўных амонімаў).

  1. Існуюць розныя падыходы да вызначэння ўтрымання (ЗМЕСТУ)эканомікі.

  2. Пры аналізе прынцыпу дзеяння розных паўправадніковых прыбораў важную ролю гуляе (АДЫГРЫВАЕ)паняцце электратэхнічнага патэнцыялу.

  3. Шматлікія гаспадаркі перакладаюць (ПЕРАВОДЗЯЦЬ) свае аўтамабільныя паркі на газавае паліва.

  4. Падчас працы над прэсам вынаходнік дазволіў (ВЫРАШЫЎ) шэраг складаных тэхнічных праблем.

  5. Адна з мер - уводзіны (УВЯДЗЕННЕ) платы за выкарыстанне асабістага аўтамабіля ў горадзе.

  6. Пры гэтым утвараецца V-вобразная (ПАДОБНАЯ)форма.

  7. У гэтых выпадках выкарыстоўваюцца электрастанцыі, для харчавання (СІЛКАВАННЯ) якіх патрабуецца пераменны ток 36, 24, 12 і 6 В.

  8. Праблема падлогі (ПОЛУ)атрымала ў тэорыі кіравання назву гендарнай.

  9. Гэта кропка зроку (ПУНКТ ПОГЛЯДУ)адпавядала тагачасным ўяўленням аб будове матэрыі.

  10. Тэрміны прымяняюць у пэўнай вобласці (ГАЛІНЕ) тэхнікі.

  11. Акрамя таго, клін служыць для перадачы паступальнага руху пад кутом (ВУГЛОМ).

  12. На пласціне былі нанесеныя пазначэнні бакоў святла (СВЕТУ).

Заданне 2. У наступных сказах выпраўце памылкі ў канчатках прыметнікаў (займеннікаў) і (ці) дзеясловаў у выпадку несупадзення формаў роду або ліку назоўнікаў у беларускай і рускай мовах.

  1. Для аўтаматычнай дугавой зваркі пад флюсам выкарыстоўваюць непакрытую электродную (НЕПАКРЫТЫ ЭЛЕКТРОДНЫ)дрот і флюс.

  2. Дзеянне магутнай дугі і вельмі хуткі рух электрода ўздоўж нарыхтоўкі абумоўліваюць адцісканне расплаўленага металу ў бок, процілеглую (ПРОЦІЛЕГЛЫ)кірунку зваркі.

  3. Адначасова гэты тэрмін з’явіўся ў англійскім і рускім (АНГЛІЙСКАЙ І РУСКАЙ)мовах.

  4. Гэта вырашае праблему асядання пліт адносна адзін аднаго (АДНА АДНОЙ).

  5. Кірунак току ў ім змянялася (ЗМЯНЯЎСЯ).

Заданне 3. Выпраўце памылкі пры перакладзе дзеепрыметнікаў (дзеепрыметных зваротаў).

  1. Зніжэнне хуткасці нейтронаў дазваляе павялічыць колькасць нейтронаў, якія ўзаемадзейнічаюць з ядрамі, а такім чынам, і колькасць што дзеляцца ядраў (ЯДРАЎ, ШТО ДЗЕЛЯЦЦА).

  2. Калісьці які лічыўся шкодным прадуктам пры выплаўленні жалеза чыгун стаў адным з асноўных канструкцыйных матэрыялаў сучаснасці. (ЧЫГУН,З ЯКІ КАЛІСЬЦІ ЛІЧЫЎСЯ…)

  3. На ўваходзе бензапомпы прадугледжана якая фільтруе сетка (ФІЛЬТРАВАЛЬНАЯ СЕТКА).

Заданне 4. Выпраўце памылкі ў канчатках выдзеленых назоўнікаў (словазлучэннях з назоўнікамі).

  1. Вадзяное кола ўжывалася ў млынах, на мануфактурных фабрыках, руднях, у прыладах для абрашэння і асушванні (АСУШВАННЯ).

  2. У другой палове XX ст. стаў вырабляцца легаваны чыгун з дадаткамі іншых металаў: алюмінія, нікеля, (АЛЮМІНІЮ, НІКЕЛЮ)вальфраму, хрому і інш.

  3. Пашпарт руху абавязкова змяшчае найменне па канчатковым пунктам (КАНЧАТКОВЫХ ПУНКТАХ).

Заданне 5. Выпраўце памылкі пры ўтварэнні і ўжыванні формаў ступеней параўнання прыметнікаў.

  1. Найвялікая (НАЙБОЛЬШАЯ) радыеактыўнасць была дасягнута пры апусканні цыліндра ў басейн з вадой.

  2. На мове сучаснай механікі гэта значыць, што "каэфіцыент трэння качэння ніжэй (НІЖЭЙШЫ), чым каэфіцыент трэння слізгання".

  3. Найпростае (НАЙПРАСЦЕЙШАЕ) кола ўяўляла сабою круг, адпілаваны ад ствала дрэва.

  4. Малыя ВЭУ (магутнасцю меней (МЕНШАЙ ЗА) 100 квт) звычайна прызначаюцца для аўтаномнай працы.

  5. Эйфель прапанаваў пабудаваць збудаванне ў два разы вышэй (ВЫШЭЙШАЕ), чым Кёльнскі сабор.

  6. Гэта тэхналогія складаней (БОЛЬШ СКЛАДАНАЯ).

Заданне 6. Выпраўце памылкі ў дапасаванні і кіраванні.

  1. Цеплавая электрастанцыя такой жа магутнасці спаліла б за той жа перыяд больш … (ЗА) 75 тыс. т вугля.

  2. Потым два такіх круга (ТАКІЯ КРУГІ)злучылі воссю.

  3. Павінны пераважаць аб’екты, якія не толькі маюць вялікае практычнае значэнне, але і не схільны ў агляднай будучыні маральнаму старэнню (МАРАЛЬНАГА СТАРЭННЯ).

  4. Абодва контуру (КОНТУРЫ) працуюць незалежна адзін ад аднаго.

  5. Прыродныя ўласцівасці хутчэй… усяго (ХУТЧЭЙ ЗА ЎСЁ) губляюцца ў вялікім горадзе.

І яшчэ раз: выкананыя заданні на кафедру прысылаць ці прыносіць НЕ ТРЭБА! ЯНЫ БУДУЦЬ ПРПАВЕРАНЫЯ НА ЗАЛІКУ.

Працуйце, калі ласка, самастойна. Не можа быць двух аднолькавых, слова ў слова, канспектаў. У выпадку супадзення пашанцуе студэнту, які будзе адказваць першым, заданні другога (другіх) не будуць залічаныя.

Жадаю карыснай і прыемнай падрыхтоўкі! Поспехаў вам! Да сустрэчы!

КАЛІ ЎЗНІКНУЦЬ ПЫТАННІ - ТЭЛЕФАНУЙЦЕ

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]