Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
История Беларуси.doc
Скачиваний:
186
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
1.93 Mб
Скачать

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь

3 ліквідацыяй СССР і стварэннем суверэнных дзяржаў рыначныя рэформы ўступілі ў новую фазу. Яны пачалі праводзіцца па заходніх рэцэптах, у першую чаргу, па рэцэптах “шокавай тэрапіі” Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) для слабаразвітых краін, без уліку асаблівасцей мадэлі пабудовы савецкай эканомікі, за вельмі кароткі тэрмін – 500 дзен. Гэта фактычна прадвызначыла лёс будучых рэформ метадам “шокавай тэрапіі”.

Правядзенне рэформ у 1992 – 1994 гг. дазволіла стварыць у Беларусі неабходны мінімум асноўных рыначных інстытутаў, нарматыўна-прававых дакументаў, пераўтварыць сістэму дзяржаўнага кіраўніцтва эканомікай ў новую сістэму, якая ў пэўнай ступені абапіраецца на рыначныя рэгулятары. Разам з тым беларускі рынак цярпеў значна большыя страты, чым меў здабыткаў: адбылося разбурэнне раней існаваўшых вытворча-эканамічных сувязей і “абвальны” спад вытворчасці на 50% і больш у параўнанні з канцом 1980-х гадоў, што пагражала дзяржаве стратай сваёй незалежнасці і ператварэннем у калонію; раскручванне інфляцыйнай спіралі і катастрафічнае падзенне курса беларускіх грошай, крытычнае становішча з забеспячэннем гаспадаркі энергарэсурсамі; галапіруючы рост цэн (іх лібералізацыя не прывяла да ўстанаўлення раўнаважкіх цэн, што з’яўляецца асаблівасцю рынку, заснаванага на механізме свабоднай канкурэнцыі); рэзкае падзенне жыццёвага ўзроўню большасці насельніцтва, рост беспрацоўя, нарастанне іншых сацыяльных праблем.

Для пераадолення крызісных з’яў і недахопаў, а таксама для вызначэння перспектыўных задач у правядзенні рыначных рэформ пасля выбараў Прэзідэнта па яго ініцыятыве былі распрацаваны “Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996 – 2000 гады”. 20 кастрычніка 1996 года ўдзельнікі першага Усебеларускага народнага сходу адобрылі гэты дакумент. Беларусь зрабіла выбар у бок эвалюцыйнага развіцця і адмовілася ад рэцэптаў МФВ у выглядзе “шокавай тэрапіі” і абвальнай прыватызацыі. Так склалася беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця, якая спалучае элементы рыначнай гаспадаркі з эфектыўнай сацыяльнай абаронай. Гэта канцэпцыя пабудавана на ўліку гістарычнай пераемнасці і традыцый народа. Беларуская мадэль заснавана не на рэвалюцыйнай ломцы папярэдніх устояў, а на ўдасканальванні эканамічнай базы, якая склалася. Беларуская эканамічная мадэль утрымлівае ў сабе элементы пераемнасці ў выкарыстанні дзяржаўных інстытутаў ва ўсіх сферах, дзе яны праявілі сваю эфектыўнасць.

Па-першае, у цэнтры беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця знаходзіцца чалавек з яго інтарэсамі, памкненнямі, жаданнем жыць у свабоднай, дэмакратычнай і квітнеючай краіне. Усё ў імя чалавека і для яго дабрабыту, дзяржава для народа, а не народ для дзяржавы – такі глыбінны сэнс беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця, унутранай і знешняй палітыкі РБ. Дзяржава павінна клапаціцца аб росце заработнай платы, пенсій, стыпендый і іншых выплат насельніцтву, аб паляпшэнні жыллёвых умоў, умоў працы і адпачынку, каб чалавек адчуваў сябе камфортна, ганарыўся тым, што ён жыве і працуе ў краіне, імя якой РБ.

Па-другое, кіраўніцтва дзяржавы адмовілася ад ліберальнай мадэлі рынку і ўзяло на ўзбраенне сацыяльна арыентаваную мадэль рыначнай эканомікі. Выкарыстоўваючы яе, дзяржава праводзіць моцную і эфектыўную эканамічную і сацыяльную палітыку, абараняе інтарэсы ўсіх класаў і пластоў насельніцтва, у тым ліку і тых, хто па розных прычынах зарабляе мала ці зусім нічога не зарабляе (састарэлыя, інваліды, шматдзетныя сем'і, студэнты, навучэнцы і г. д.). Гэта выключае сацыяльныя катаклізмы і забяспечвае сацыяльную стабільнасць у грамадстве.

Па-трэцяе, улічваючы вопыт краін з развітай рыначнай інфраструктурай, Рэспубліка Беларусь стала на шлях дзяржаўнага рэгуліравання эканомікі. Правядзенне дзяржаўнай патэрналісцкай палітыкі забяспечвае павышэнне эфектыўнасці эканомікі, абарону інтарэсаў айчынных таваравытворцаў, недапушчэнне “праядання” крэдытаў, узмацнення інфляцыі, развіцця крымінальных і ценявых структур.

Па-чацвёртае, прыпынена дзікая “прыхватызацыя”, раскраданне кучкай дзялкоў агульнанароднага багацця і стварэнне буйных прыватных капіталаў, частка якіх маюць крымінальную аснову. Прыватызацыя праводзіцца пры ўдзелу і пад кантролем дзяржавы, у інтарэсах умацавання яе магутнасці і павышэння дабрабыту народа.

Па-пятае, народ і дзяржава адмовіліся ад куплі-продажу зямель с/г прызначэння, ад дэмантажу буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замены яе сялянскай (фермерскай) гаспадаркай. Калгас, сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў, сялянская (фермерская) гаспадарка маюць роўныя правы і магчымасці існавання, калі яны эфектыўна гаспадараць на зямлі.

Па-шостае, РБ адкрытая для эканамічнага супрацоўніцтва з усімі краінамі свету. Яна прыцягвае ў на­родную гаспадарку капіталы айчынных і замежных інвестараў, у той жа час сёння, пры наяўнасці велізарнага вытворча-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, робіць стаўку на ўласныя сілы і сродкі, іншаземныя інвестыцыі прыцягваюцца ў тым выпадку, калі яны даюць эканамічную выгаду і адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.

Галоўным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця РБ у 1994 – 2008 гг. з’яўлялася тое, што ў краіне створана і дзейнічае аптымальная сацыяльна-эканамічная сістэма, заснаваная на паступовым, эвалюцыйным шляху эканамічных пераўтварэнняў, без абвальнай прыватызацыі і “шокавай тэрапіі”. Забяспечаны высокія тэмпы эканамічнага росту: прырост валавога ўнутранага прадукту ў РБ у 2001 – 2005 гг. штогод складаў 7,5% супраць 3,5% сярэднесусветнага. Захаваны сацыяльныя гарантыі для людзей – жыллё, пенсіі, бясплатныя, за кошт бюджэту, адукацыя і лячэнне. Сёння РБ з’яўляецца стабільнай, паспяховай, цывілізаванай краінай з моцнай эканомікай, развітымі навукай і культурай, адной з лепшых у свеце сістэмай адукацыі.

Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё Беларусі на сучасным этапе

Перыяд 1991-1994 гг. быў характэрны аслабленнем палітычнага і эканамічнага кіраўніцтва рэспублікай, вострай барацьбой за ўладу ў Вярхоўным Савеце паміж староннікамі капіталізацыі грамадства і іх супраціўнікамі. У гэты час ствараюцца рад палітычных партый, да 1995 г. іх было зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь 34. Але яны былі адносна нешматлікімі і не аказвалі істотнага ўплыву на ход падзей. Пры Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь была створана камісія па распрацоўцы новага праекта Канстытуцыі Рэспублікі, але з-за ўнутрыпарламенцкай барацьбы, змен старшынь Канстытуцыйнай камісіі асноўны закон Рэспублікі Беларусь быў прыняты толькі 15 сакавіка 1994 г. Галоўна яго асаблівасцю было ўвядзенне інстытута прэзідэнцтва. У выніку выбараў 10 ліпеня 1994 г. першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь стаў А.Р.Лукашэнка. У маі 1995 г. адбыліся новыя выбары ў парламент. Адначасова Прэзідэнт ініцыіраваў правядзенне рэферэндума па пытаннях надання рускай мове нараду з беларускай статуса дзяржаўнай, аб змене сімволікі, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і аб праве Прэзідэнта датэрміновага роспуску парламента ў выпадку парушэння ім Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Па ўсіх гэтых пытаннях Прэзідэнт атрымаў падтрымку насельніцтва. У 1996 г. абвастрыліся адносіны паміж заканадаўчай і выканаўчай уладамі. З мэтай пераадольвання палітычнага крызіса Прэзідэнт ініцыіраваў правядзенне другога рэферэндума, згодна з якім, у прыватнасці, былі ўнесены некаторыя змены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Вярхоўны Савет стаў двухпалатным у складзе Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Былі таксама пашыраны правы Прэзідэнта. Удзельнікі рэферэндума прагаласавалі таксама за перанос Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь на 3 ліпеня, супраць свабоднай куплі-прадаж зямлі, супраць адмены смяротнай казні. У 2000 г. былі праведзены выбары новага двухпалатнага парламента, а ў 2001 г. на новы пяцігадовы тэрмін Прэзідэнтам зноў быў выбраны А. Р. Лукашэнка. Згодна з вынікамі трэцяга ініцыіраванага Прэзідэнтам рэферэндума, які адбыўся 14 кастрычніка 2004 г., А. Р. Лукашэнка атрымаў права зноў балаціравацца на пасаду Прэзідэнта ў час выбараў 2006 г., у выніку якіх ён атрымаў у сваю падтрымку падаўляючую большасць галасоў выбаршчыкаў.У час парламенцкіх выбараў 28 верасня 2008 г. ні адзін з прадстаўнікоў апазіцыі не быў выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. У цэлым жа за гады пасля ўвядзення прэзідэнцкага кіравання палітычная абстаноўка ў рэспубліцы стабілізавался, была створана дакладная вертыкаль улады. У знешняй палітыцы Рэспубліка Беларусь з самага пачатку свайго самастойнага развіцця ўзяла курс на шматвектарнасць знешнепалітычнага курса, устанаўленне добрых і ўзаемавыгадных адносін з замежнымі партнёрамі. Яе прызналі 160 дзяржаў свету, Беларусь стала членам некалькі дзесяткаў міжнародных арганізацый. Але прыярытэтнам напрамкам ў знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі былі і застаюцца ўзаемаадносіны з Расіяй. Пастаянна ўмацоўваецца эканамічнае супрацоўніцтва гэтых краін, прыняты рад палітычных рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне інтэграцыйных працэсаў.

У эканамічнай сферы пасля распада СССР і стварэння сувярэнных дзяржаў адбыўся рэзкі пераход да ліберальнай рыначнай эканомікі па заходніх рэцэптах «шокавай тэрапіі» Пачалася прыватызацыя прадпрыемстваў і пераход на свабоднае цэнаўтварэнне, у с/г быў узяты курс на развал калгасаў і замену іх фермерскімі гаспадаркамі. Гэта прывяло да рэзкага зніжэння аб'ёмаў вытворчасці і ўзроўня жыцця насельніцтва. У РБ ў 1991-1995 гг. валавы нацыянальны прадукт скараціўся на 35%, рэальная зарплата зменшылася на 50%. 60% насельніцтва аказалася за рысай беднасці. Палажэнне яшчэ больш ускладнялася ў сувязі з узрастаючай інфляцыяй, ростам беспрацоўя, нарастаннем іншых сацыяльных праблем. З увядзеннем прэзідэнцкага кіравання быў узяты курс на сацыяльна-арыентаваную рыначную эканоміку з моцным дзяржаўным рэгуляваннем. Былі зацверджаны асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця РБ на 1996-2000 гг., прыпынена дзікая «прыхватызацыя», спыніўся дэмантаж буйнай калгасна-саўгаснай вытворчасці і зроблены упор на сельскагаспадарчыя кааператывы. У выніку прынятых мер па стабілізацыі эканомікі з 1996 г. спыніўся спад вытворчасці і з 1997 г. пачаўся пэўны ўздым. У 2001 г. РБ першай на постсавецкай прасторы аднавіла ўзровень вытворчасці 1990 г. Паступова пачалася павышацца рэальная зарплата. Пачалося ажыўленне сельскагаспадарчай галіны эканомікі. У 2001-2005 гг. прырост валавага ўнутранага прадукту ў РБ штогод складаў у сярэднім 7,5% супраць 3,5% сярэднесусветнага. Паступова пачалася выпрацоўвацца «беларуская мадэль» сацыяльна-эканамічнаяга развіцця, дзе захаваліся сістэма сацыяльнай абароны і сацыяльныя гарантыі для людзей, усталявана моцная дзяржаўная ўлада з апорай на народ, стабільна развіваецца эканоміка. У 2006 г. былі абмеркаваны і зацвержаны асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця РБ на 2006-2010 гг, дзе у якасці асноўнай задачы пастаўлена павышэнне якасці жыццлюдзей.

  1. Знешняя палітыка РБ. Інтэграцыйныя працэсы. Стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г. вызначыла асноўныя прынцыпы знешняй палітыкі сувярэннай дзяржавы. У 18-м артыкуле запісана: «Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права».

Рэспубліка Беларусь далучылася да Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. Яна зменшыла колькасць агульных узбраенняў. У 1992 г. Беларусь вывела са сваёй тэрыторыі тактычную ядзерную зброю, нягледзячы на тое, што стратэгічныя і тактычныя ядзерныя ракеты ЗША і блока НАТО заставаліся нацэленымі на яе. Толькі ў чэрвені 1994 года афіцыйныя колы ЗША інфармавалі аб перанацэленасці іх ракет. У 1996 годзе ядзерная зброя была поўнасцю выведзена за межы краіны. Рэспубліка Беларусь стала такім чынам нейтральнай бяз’ядзернай дзяржавай у цэнтры Еўропы.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня 1996 года прапанаваў стварыць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прастору, свабодную ад ядзернай зброі.

Рэспубліка Беларусь развівала і развівае палітычныя і эканамічныя сувязі з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, у першую чаргу з Расіяй. 2 красавіка 1996 года быў надісаны Дагавор аб Супольніцтве Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Ён забяспечыў грамадзянам абедзвюх краін роўныя правы ў атрыманні адукацыі, ахове здароўя, працаўладкаванні, аплаце працы і інш.

Важным крокам у далейшым паглыбленні інтэграцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі стала падпісанне 2 красавіка 1997 года ў Маскве Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі. Гэты дзень абвешчаны Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. Неад'емнай часткай дагавора стаў Статут Саюза Беларусі і Расіі, якім прадугледжваецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця абедзвюх краін, іх бяспекі, абараназдольнасці, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўропы і свету.

8 снежня 1999 года ў Маскве быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Беларуска-расійская інтэграцыя ўзнялася на якасна новую ступень. На долю Расіі прыходзіцца каля паловы агульнага аб’ёму знешняга гандлю Беларусі.

Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі ствараецца як добраахвотны і раўнапраўны саюз свабодных і суверэнных краін. Беларускі народ і кіраўніцтва беларускай дзяржавы робяць усё для таго, каб адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй былі добрасуседскімі і будаўніцтва Саюзнай дзяржавы на карысць беларускага і расійскага народаў паспяхова завяршылася.

Рэспубліка Беларусь развівае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва не толькі з краінамі СНД, але і з дзяржавамі далёкага замежжа. У яе знешняй палітыцы выразна вызначыліся ўсходні і заходні вектары. Важнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі з’яўляюцца еўрапейскія краіны, у тым ліку Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Нідэрланды, Літва, Латвія і інш. У 2002 годзе аб’ём гандлю з імі склаў каля 5 млрд. долараў.

Паспяхова развіваюцца палітычныя і гандлёва-эканамічныя сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Знешнегандлёвы тавараабарот паміж краінамі складае каля 1 млрд. долараў. Рэспубліка Беларусь і Кітайская Народная Рэспубліка маюць аднолькавыя ці блізкія погляды на праблемы развіцця сусветнай цывілізацыі, падтрымліваюць адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях. Станоўчы вопыт назапашаны ва ўзаемаадносінах паміж Беларуссю і такімі аўтарытэтнымі краінамі Азіі са значным вытворча-эканамічным патэнцыялам, як Індыя, Іран, В’етнам, краіны Персідскага заліва.

РБ пачала распрацоўку залежаў нафты і яе здабычу ў Венесуэле. У гэтую лацінаамерыканскую краіну Беларусь пастаўляе прадукцыю свайго машынабудавання, хімічнай прамысловасці, бытавыя тавары, ажыццяўляе там жыллёвае будаўніцтва. Паміж Беларуссю і Венесуэлай пашыраюцца маштабы і набіраюць высокія тэмпы палітычныя і гандлёва-эканамічныя сувязі. Гэтаму ў немалой ступені садзейнічаюць ўзаемныя візіты прэзідэнтаў абедзвюх краін.

Рэспубліка Беларусь прыцягвае ў сваю эканоміку капіталы і вопыт замежных інвестараў і міжнародных валютна-фінансавых арганізацый, стварае сумесныя прадпрыемствы, дазваляе замежным фірмам займацца на сваёй тэрыторыі бізнесам і прадпрыймальніцтвам.

Развіваецца супрацоўніцтва Беларусі і замежных краін у галіне навукі, літаратуры і мастацтва. Гэта сумесныя распрацоўкі беларускімі і замежнымі вучонымі навукова-даследчых тэм, пераклад і выданне за мяжой твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, гастролі майстроў беларускай сцэны і дэманстрацыя работ беларускіх мастакоў і скульптараў у іншых краінах і г. д.

Адным з кірункаў міжнароднай дзейнасці Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вырашэнне праблем, звязаных з ліквідацыяй вынікаў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Падчас катастрофы ў атмасферу была выкінута вялікая колькасць радыёактыўнага рэчыва, 70% якога выпала на тэрыторыю Беларусі. Забруджанай аказалася трэцяя частка плошчы рэспублікі, на якой пражывала больш за 2,2 млн. чалавек. У крытычным стане апынуліся 20% лясоў, 73 рэспубліканскія і 162 мясцовыя заказнікі, 336 помнікаў прыроды. Сярод іх Белавежская і Налібоцкая пушчы, Бярэзінскі і Прыпяцкі запаведнікі, Асвейскае водасховішча.

Нягледзячы на вялікія намаганні, зробленыя кіраўніцтвам краіны дзеля пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама на дапамогу ўрадавых арганізацый і грамадскасці замежных краін, праблема Чарнобыля па сённяшні дзень застаецца вострай.

  1. Культура Беларусі на сучасным этапе

Культура Беларусі канца ХХ – пачатку ХХ1 стст. мае свае асаблівыя адметнасці. Яна адрозніваецца як значнымі поспехамі і інавацыямі, так і ўзнікшымі ў новай культурна-гістарычнай абстаноўцы праблемамі. Новая інфармацыйная прастора зрабіла беларускую культуру больш адкрытай да сусветнай, што дазваляе шырэй выкарыстоўваць дасягненні апошняй, але і ў пэўнай меры, з другога боку, вядзе да страты нацыянальных адметнасцяў.

Пашырыўся ўплыў даволі нізкапробнай заходняй масавай культуры. Культура стала менш ідэалагізаванай, большая ўвага стала ўдзяляцца агульначалавечым каштоўнасцям. Але, з другога боку, дзяржава стала менш фінансаваць культуру, таму узмацніўся камерцыйны ўплыў з боку прыватнага капітала, што не заўсёды дадатна спрыяе на культурную каштоўнасць мастацкіх твораў. Радыкальныя эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя змены 90 - х гадоў вызвалі значную цікавасць насельніцтва да сваёй культуры, традыцый беларускага народа. У 1991 г. былі прыняты законы «Аб адукацыі», «Аб культуры», асноўныя напрамкі нацыянальна-культурнага адраджэння вызначаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прынятай у 1994 г.

У пастсавецкі перыяд назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі ў развіцці сістэмы адукацыі. З'явіліся новыя тыпы навучальных устаноў – гімназіі, ліцэі, коледжы, здзейснены пераход на дзесяцібальную сістэму адзнак, уведзена тэставанне, шырока разгорнута камп'ютэрызацыя вучэбнага працэса. Згодна з Пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 жніўня 1996 г. «Аб канцэпцыі рэформы агульнаадукацыйнай школы ў Рэспубліцы Беларусь» была распрацавана трохступенчатая мадэль адукацыі з пераходам на 12- гадовы тэрмін навучання. У красавіку 1999 г. урад Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Праграму развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі на перыяд да 2010 г. Практыка паказала, што больш рацыянальны з'яўляецца 11-гадовае навучанне, таму з 2008 г. былі зроблены адпаведныя карэктывы.

Ствараюцца ўмовы для паглыбленага вывучэння асобных прадметаў у базавай школе і профільнага навучання ў старшых класах. Нягледзячы на дэмаграфічны спад, колькасць навучэнцаў у школах не зменшылася, у рэспубліцы дасягнуты 100% ахоп дзяцей навучаннем. Сталі шырока практыкавацца прадметныя алімпіяды, па выніках якіх пераможцы атрымліваюць права без іспытаў паступаць у ВНУ. Добрая якасць навучання ў беларускіх школах пацвярджае і паспяховы ўдзел школьнікаў ў міжнародных прадметных алімпіядах. У 2003 г. прыняты Закон РБ «Аб прафесійна- тэхнічнай адукацыі», згодна з якім праводзіцца работа па рацыяналізацыі і ўдасканаленню вучэбнага працэса ў сярэдне-спецыяльных навучальных установах, дзе займаюцца каля 130 тыс. навучэнцаў. За апошнія 20 гадоў амаль у два разы павялічылася колькасць ВНУ і студэнтаў, якія ў іх навучаюцца. Новым стала ўвядзенне платнай адукацыі пры захаванні неабходнай колькасці студэнтаў, якія вучацца за кошт дзяржавы, і з'яўленне, акрамя дзяржаўных ВНУ, сеткі камерцыйных навучальных устаноў. Усяго ў РБ налічваецца каля 60 ВНУ, у якіх займаецца каля 260 тыс. студэнтаў, што ў 4 разы болей у параўнанні з 1991 г. Узровень адукацыі ў Беларусі дасягнуў 99,6%, па паказчыкам сярэдняй і вышэйшай адукацыі яна выйшла на ўзровень вядучых еўрапейскіх дзяржаў. У 90-я гг. ў даволі складаным становішчы аказалася навука. Як вядома, яшчэ ў савецкі перыяд Беларусь адрознівалася сваім высокім навуковым патэнцыялам. Але складанае эканамічнае палажэнне ў перыяд перабудовы і асабліва «шокавай тэрапіі» прывялі да рэзкага зніжэння аб'ёмаў дзяржаўнага фінансавання навукі, што негатыўна адбілас на матэрыяльна-тэхнічнай базе і кадрах. Зменшыўся прыток моладзі ў навуку і, наадварот, павялічылася колькасць навукоўцаў, якія перайшлі ў камерцыйныя структуры або з'ехалі за мяжу, дзе ў той час яны маглі атрымаць лепшыя ўмовы для навуковай працы.

Каб выправіць палажэнне, у 1993 г. быў прыняты Закон «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі», згодна з якім было некалькі палепшана фінансаванне навукі, а адказнасць за развіццё фундаментальных навуковых даследаванняў ускладзена на Акадэмію навук Беларусі. 5 сакавіка 2002 г. Прэзідэнт РБ выдаў дэкрэт «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі». Была створана сістэма дзяржаўнага кіравання, якая складаецца з Камітэта па навуцы і тэхналогіях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК) і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У апошні час навука пачынае выходзіць на страчаныя раней рубяжы, стабільна развіваецца, пашыраюцца кантакты з навуковай супольнасцю замежных краін. Палітыка галоснасці і дэмакратызацыі жыцця, пераход да рыначных адносін, пабудова незалежнай беларускай дзяржаўнасці наклалі свой адбітак на развіццё літаратуры. З аднаго боку, з'явілася маса твораў невысокай пробы, камерцыйнага характару, сапраўднае мастацтва стала дарагім і недаступным для часткі насельніцтва, па фінансавым прычынам ускладнілася публікацыя высокамастацкіх твораў. З другога боку, ў культуры, асабліва літаратуры, з'явіліся напрамкі, тэмы, характэрныя для адраджэнчага перыяду, якія раней замоўчваліся. Тэму рэпрэсій узнялі ў сваіх творах С. Грахоўскі, Ф Аляхновіч, В. Быкаў. Адраджэнскімі матывамі прасякнуты кнігі Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, Уладзіміра Някляева. Адной з важных тэм у літаратуры стала гістарычная. У жанры гістарычнай прозы плённа працуюць Л. Дайнэка, У. Арлоў, К. Тарасаў, В. Чаропка, А. Лойка, В. Іпатава. Экалагічная тэма, трагедыя Чарнобыля прагучалі ў творах І. Шамякіна, В. Казько, І. Пташнікава. Гэтыя напрамкі характэрны і для беларускай драматургіі. А Дудараў, С. Кавалёў звярнуліся да гістарычнага прошлага беларускага народа. М. Аржахоўскі, І. Сідарук, наадварот, звярнуліся ў сваіх п'есах да мадэрнісцкіх матываў.

Па-ранейшаму ў беларускай прозе, паэзіі, драматургіі распрацоўваецца тэма Вялікай Айчыннай вайны. Дальнейшае развіццё атрымала музычнае мастацтва. У галіне эстраднай музыкі плённа працуюць кампазітар І. Лучанок, Э. Ханок, В. Іваноў, Л. Захлеўны, Э. Зарэцкі, В. Раінчык, А. Елісеенкаў. Шмат зрабілі для беларускай музыкі кампазітары і выканаўцы В. Роўда, М. Казінец,, С. Картэс, Д. Смольскі, У. Солтан, а таксама вакальна- інструментальныя ансамблі «Песняры», «Верасы», «Сябры». Беларусь мае высокапрафесійныя музычныя дзяржаўныя калектывы, у тым ліку Дзяржаўны канцэртны аркестр РЬ пад кіраўніцтвам М. Фінберга.

Істотнымі падзеямі ў культурным жыцці рэспублікі сталі фестывалі музычнага мастацтва – «Славянскі базар» у Віцебску, «Залаты шлягер» у Магілёве, фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне і інш.

Сярод асноўных напрамкаў развіцця беларускага жывапісу канца ХХ-пачатку ХХ1 стст., як і раней вызначаецца рэалістычная тэндэнцыя, прадстаўленая палотнамі мастакоў Мая Данцыга, Леаніда Шчамялёва, Міхаіла Савіцкага, Віктара Грамыка. Але ў той жа час ў мастацтве узмацніўся ўплыў мадэрна, дэкадэнса. Адкрыліся рад недзяржаўных галерэй сучаснага мастацтва, з'явіліся неафіцыйныя творчыя аб'яднанні. Нефармальны ўплыў адчуваецца ў карцінах мастакоў М. Селяшчука, Г. Скрыпнічэнка, В. Альшэўскага, У. Тоўсціка.

Новым ў беларускім мастацтве апошніх гадоў стала ўзмацненне гістарычнай тэмы, зварот да беларускага фальклору. Гэта характэрна для палотнаў А. Марачкіна, Ф. Янушкевіча, Г. Вашчанка. Гэтая ж тэма пераважае і ў творах манументальнага мастацтва. За апошнія дзесяцігоддзі ўстаноўлены помнікі К.Тураўскаму ў Тураве, Ф.Скарыне ў Лідзе, Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі, Е.Полацкай ў Полацку, Мінску і Рэчыцы, С. Полацкаму ў Полацку, Я.Драздовічу і М.Гарэцкаму ў Мінску, М.Орду ў г. Іванава, Я.Чачоту ў в. Новая Мыш, М.Шагалу ў Віцебску. Новым стала таксама ўзвядзенне помнікам князям, якія далі імя таму ці іншаму гораду, напрыклад, князю Давыду ў г. Давыд-Гарадку. У цэлым жа беларуская мастацкая культура ў канцы ХХ- пачатку ХХI стст. набыла пэўныя рыс рамантызму.

Сучасная беларуская архітэктура характарызуецца адраджэннем гістарычных і нацыянальных традыцый у спалучэнні з новымі матэрыяламі, архітэктурнымі ідэямі і будаўнічымі тэхналогіямі. Да найбольш цікавых архітэктурных комплексаў можна аднесці будынкі Палаца Рэспублікі, аўтавакзала «Маскоўскі», новага чыгуначнага вакзала і нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, іншыя пабудовы ў гарадах рэспублікі.

У апошнія дзесяцігоддзі актывізавалася работа па рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў прошлых стагоддзяў, у прыватнасці, Мірскага, Лідскага замкаў, Несвіжскага палаца, адноўлены будынак ратушы ў Мінску, Барысаглебскай царквы ў Гродна і інш.

Усё гэта дазваляе зрабіць вывад аб наяўнасці творчага спалучэння ў беларускай культуры нацыянальных традыцый і дасягненняў сучаснасці.

БАК – Беларускі абласны камітэт пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў. Дзейнічаў у лістападзе 1917 – 1918 гг. Створаны ў Петраградзе з дэлегатаў ад беларускіх губерняў на Усерасійскім з’ездзе сялянскіх дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, а таксама прадстаўнікоў арміі і флоту. Уваходзілі Я.С. Канчар (старшыня), М. Гольман і П. Караткевіч (нам. старшыні), З. Сабалеўскі і іншыя (усяго 70 чалавек).