Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
RADZIVILIYaDA.doc
Скачиваний:
19
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
264.7 Кб
Скачать

430 Сам пагражае мардве, а ў душы перамогі з трыумфам

Прагна чакае, і вось ён з пытаннем звярнуўся да бацькі:

«Бацька, няўжо ты мяне як саюзніка ў бой не паклічаш?

Мушу цябе аднаго адпусціць у агонь небяспекі?

Гэтак імкнешся цяпер перамогу здабыць над маскоўцам,

Крэпасці там разбурыць ды спустошыць гаротныя землі!

Ты ж мне, мой бацька, цяпер не дазволіш пайсці за хвалою?

Славай не грэбую я, і такі ж маіх продкаў быў звычай,

Я — з гэтай самай крыві, і хачу быць дастойным нашчадкам.

Дух мой, правіца мая выракаюцца марнай пацехі.

440 Бацька! Дазволь жа цяпер далучыцца да бітвы крывавай!

Ясная Цнота праз цяжар узносіць мужоў да нябёсаў,

Толькі ў суровым баі праяўляецца моц і адвага:

Гэтак героі заўжды заслугоўваюць памяць народа,

Гонар Айчыны сваёй. Гэтак крочаць героі да зораў».

Гэтымі словамі ён моцна ўзрушыў бацькоўскае сэрца:

Сына імкнецца абняць і не можа стрымаць хвалявання:

«Любае сэрцу дзіця, для мяне ты — адзіная радасць.

Цешуся, сыне, што ты хочаш быць годным продкаў вялікіх.

Ясна, што ўбачу тваю, Радзівіле, вялікую славу.

450 Наш Усявышні Айцец — Ён усё заўважае, кіруе

Лёсам, нязменным заўжды — хай спрыяе вялікім задумам.

Хлопча, не рвіся ў вайну, разумею я добра, што значыць

Водар чаканай хвалы, першы плод перамогі здабытай,

Шмат застанецца яшчэ на твой век розных войнаў, мой сыне,

Брамы для войнаў яшчэ не зачыняць нябёсы, і нельга

Сёння пакласці адлік залатому спакойнаму веку.

Ты ж выпраўляйся цяпер у палац каралеўскі, і будзь там

З Аўгустам побач, а ён запануе ў Літве неўзабаве:

Хутка ён будзе прымаць каралеўскую ўладу ўрачыста.

460 Аўгуст цяпер валадар аўгусцейшы літоўскага краю.

Ты роўны векам яму, роўны гожай аздобай юнацтва:

Шчокі аднолькава вам пакрывае пушок так пяшчотна!

Там дзеля славы сваёй прыкладай намаганні старанна,

З ім навучайся ўсяму, паслядоўна дарогаю цноты

Гонар пачні здабываць, гэта будзе найлепшым зачынам».

Што мне яшчэ тут дадаць? Як сябе паказаў ён выдатна?

Як ён заслугі здабыў перад цэлым дваром каралеўскім?

Вернасць Айчыне сваёй, каралю паслухмянасць без змусу

Ён праявіў, хоць і быў у такім маладым яшчэ веку!

470 Князь жа літоўскі, даўно сваю ўвагу на гэта звярнуўшы,

Робіць выснову тады, што адзначыць належна і годна

Трэба заслугі яго, і, зірнуўшы на хлопца прыязна,

Кажа: «Ты слаўны і сам, але справаю ратнай слаўнейшы,

Князь Радзівіл! Гэткі дух даражэйшы за ўсе падарункі.

Як жа цябе ўшанаваць і якою аддзячыць адзнакай?

Што ўзнагародай табе і належнай аздобай прызначыць?

Слава ў дзяяннях маіх без цябе не народзіцца, пэўна.

Будзе вайна альбо мір — ты мяне падтрымаеш, як толькі

Дойдзеш да сталых гадоў, станеш мужам магутным дзяржаўным.

480 Годны прывабны арол і славуты трырожац36, цябе я

З ласкай прымаю цяпер, і мой голас — праўдзівейшы сведка.

Што б ні прызначыў мне лёс, я ахвотна табе давяраю

Дбаць пра здароўе маё: наліваць у мой келіх напоі

Рознага кшталту, калі пры двары каралеўскім — застолле37.

Вось жа, за вернасць тваю атрымай гэты дар мой вялікі!»

Так адказаў Радзівіл: «О кароль найвялікшы, ты ўбачыш:

Дзень не засведчыць ніводзін, што я да адвагі няздатны.

Буду гатоў да ўсяго, што захочаш — і ў міры, і з Марсам,

Што б надалей ні прынёс мне ліхі пераменлівы шанец:

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]