Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
RADZIVILIYaDA.doc
Скачиваний:
19
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
264.7 Кб
Скачать

Радзівіліяда,

або ПРА ЖЫЦЦЁ І ДЗЕІ, СЛАЎНЫЯ ПОДЗВІГІ

БЕССМЯРОТНАЙ ПАМЯЦІ НАЙСВЯТЛЕЙШАГА ПАНА

Мікалая Радзівіла, князя ў Дубінках і Біржы Віленскага княства,

а таксама наймацнейшага ваяводы войскаў

Вялікага Княства Літоўскага

Кніга першая

Сонца і месяца шлях, апісанне планет і сузор’яў,

Неба высокага знакі, праблемы паходжання свету,

Мора бясконцы прастор — вось што іншых паэтаў хвалюе.

Вельмі нялёгкі іх шлях… Ды найболей салодкая слава,

Прага аліву1здабыць уздымаюць душэўныя сілы!

Іншыя гучна спяваюць пра Дэўкаліонавы воды —

Памятку грэшных часоў2, ды пра войны да самых нябёсаў!..

Ясна, чытаць цікавей не пра мір, а пра бітву гігантаў!

Хтосьці згадае яшчэ войны Кадма, бязлітаснасць Марса,

10 Дом ненавісны Пелопа прыпомніць, абед у Тыеста,

Вежу яшчэ ў Вавілоне ды Троі ліхія турботы —

Мноства дзівосаў старога, ссівелага свету!..

Гэтыя сумныя байкі, што вабяць адных ганарліўцаў,

Добра вядомыя ўсім, заслугоўваюць кедра3— не веры!

Песні ж мае — не хлусня, бо яны — не з такой барадою:

Я апяваю цябе, Радзівіл, твае слаўныя дзеі,

Вартыя памяці, ім піерыйскі4вянок ускладаю.

Чутка пра гэткі твой подзвіг прайшла праз Еўропу, да самых

Нават далёкіх краін, о Трырожац5, аднак пачынаю

20 Я аздабляць сваім словам імя тваё, Старча вялікі,

Марса твайго, а таксама тваю неўміручую славу.

О, Каліопа з Эратай, да нас павярніцеся тварам,

Слаўце шматгучна цяпер ваяводы літоўскага подзвіг,

Ззяе ён славай да неба: герой той і ў міры, і з Марсам

Дбаў пра айчыну сваю; прыгадайце яшчэ навальніцу,

Што праз шматводдзе Улы, па Іванавых землях ляцела.

Мудрасць задумаў яго захіліла заслугі лівонцаў:

Можна лічыць, што ён сам зваяваў усю Скіфію цалкам.

Слаўце ж героя, Багіні, а вы, грамадзяне, жадайце

30 Поспехаў мне. Гэты твор я МАГУТНАЙ ЛІТВЕ прысвячаю.

Воінскай велічы край, добра ў свеце шырокім вядомы, —

Гэта Літва, што наўсцяж распасцёрла шырокія нівы.

Плодныя землі яе, а народ — ваяўнічы і грозны.

Хто ж не пацвердзіць: калісь італійцы ў той край завіталі,

З Марсам у сэрцы мужы. Хто ж не чуў пра выгнанне Лібона

(Ён жа яшчэ — Палямон)6, пра адвагу яго і пра мужнасць?

Скуль радавод старадаўні літоўскі вядзецца, адкуль жа

Гэты магутны народ? Як на блізкім балтыйскім узмежжы,

Так на ўзбярэжжы Эўксінскім ён славіцца аж да Алімпа.

40 Гожых кампанскіх узгоркаў, дзе шчодрая маці Цэрэра

З Бакхам спрачаецца смела, Панхаі ці Тэмпэ цудоўнай,

Плодных садоў Алкіноя і пестумскіх ружаў пяшчотных,

Розных духмяных раслін, руднікоў і крыніц мінералаў

Мудрая Маці-прырода зямлі той надаць не схацела.

Колькі ж тады і якіх ураджаяў прыносяць Гаргары,

Каб той народ мог штодня здабываць сабе хлеб бестурботна?

Рэкі празрыстыя тут апярэзваюць гонкія дрэвы

Гожых лясоў, дзе яны верхавінамі нават да зораў,

А каранямі да самых стыгійскіх сутонняў сягаюць.

50 Лось і алень тут жывуць, люты зубр знаходзіць прытулак

(Ён языком сваім шорсткім звычайна хапае здабычу,

Потым падкідвае лёгка ў паветра — вось гэткая сіла!),

Плямістаскурая рысь з паласатымі знакамі пысы,

Лёгкая ў руху казуля і тур — велізарны, магутны.

Што гаварыць тут пра рэкі, азёры, якія і з морам

Могуць спрачацца? А рыбы? Тут ёсць і буйныя істоты!

Я не хачу й светлы лён параўноўваць са срэбнай прасторай…

Мо, палічыць мне дары блаславёнага сонца? Навошта?

Лепей скажу, што ў лясах нашых велічных — безліч багаццяў.

60 Дуб напаўняецца тут прамяністым, празрыстым нектарам,

Пеніцца ў дуплах мядок, каб вясковаму простаму люду

Сотаў духмяных здабыць; ён, чысцюткі, па дрэвах бруіцца.

Кубкі на княскім стале напаўняюцца пахкім напоем.

Як апісаць мне ўсе рэкі, што з розных крыніц выцякаюць?

Вось Барысфена шляхі: ён магутна цячэ між парогаў,

Потым шумлівыя хвалі абрушвае ў бездань марскую,

Вільгаць пяшчотную зліўшы з вадою салёнага мора.

Вунь разліваецца Дуна7, што круціць вірамі імкліва,

Полацкія берагі абмывае ў паважным цячэнні,

70 Потым нарэшце схлынае шырока ў Венедскае мора8

Ёсць у Літве і такая рака, што не надта саступіць

Рэкам старым іліёнскім: цячэ паміж ніваў багатых

Вілія чыстая. Вільня — яе называюць сястрою —

Лёгка і хутка бяжыць у абдымках цудоўнага брата,

Хрона9— вось як для мяне, то ракі прыгажэйшай у свеце.

Многія німфы, дрыяды дубовых дуброваў хацелі б

З Хронам злучыцца, ды ўсіх абышла непаўторная Свента,

Чыстая, нібы бурштын, нават лепей; зямлёй самагіцкай10

Свента цячэ і ўпадае ў цудоўнае рэчышча Хрона11.

80 Гэты вось край спарадзіў тут літоўцаў і дужых судзінаў,

Мужных яцвягаў яшчэ, і намадаў, і полаўцаў з імі,

Прусаў даўнейшых таксама, адважных душою аланаў,

Блізкіх аланам гепідаў. Магутныя тыя народы!

З гэтай зямлі — Эрдзівіл і Трайдэн знакаміты паходзяць,

Слаўны Мінгайла, Скірмонт неадольны і непераможны,

Потым Рамонт і Міндоўг — валадар, што каронаю з Рыма

Быў увянчаны; і Віцень паважны, і шматпераможны

Бацька яшчэ Гедымін, па загаду якога ўзнясліся

Вільні шматлюднай муры; а цяпер і сыноў яго ўспомнім,

90 Годных і мужных братоў Гедымінавічаў неадольных —

Кейстута разам з Альгердам. А потым дзяржава Ягайлы

Нават сарматам дала каралёў, і над гунам магутным

Панства сваё ўсталявала; для чэхаў, што з роду багемцаў

Многіх вядомых князёў нарадзіла. Цяпер МІКАЛАЯ,

З іх аднаго, РАДЗІВІЛА ВЯЛІКАГА, мы апяваем.

Ясна, імя — гэта знак12, але ён быў чаканым нашчадкам.

Бацька ягоны — Георгій13— паходзіў з выдатнага роду,

Слава дзяянняў яго разышлася па цэлай краіне,

Яснаю зоркаю ззяў у сваім радаводзе заможным.

100 Маці — ад прашчураў полька — паходзіла з дому Калянскіх,

Годнасцю роўнай была гераіням часоў старажытных, —

Гэткага ж сына яна нарадзіла літоўскаму свету.

Людзі ў паданнях даўно пра такога героя спявалі:

Меў ён з’явіцца якраз як нашчадак славутага роду,

Меў ён дзяржаву — Літву — бараніць у ваеннай навале,

Ворагаў лютых прагнаць з гарадоў сваёй любай Айчыны;

Меў ён натхніць грамадзян непахіснаю верай, узняўшы

Тыя харугвы ізноў, што быў вораг парваў на Вядрошы14.

Звязаных сотняй вузлоў, ваяводаў варожага войска

110 Меў захапіць у палон і ўзвялічыць айчынную славу.

З гэтых часоў вешчуны прадракалі яго перамогу —

Аж затрымцела Масква і мардвіны суровыя разам,

Страх пасяліўся тады за мурамі маскоўскіх узвышшаў.

Што за паразы яшчэ, што за ўцёкі чакаюць маскоўцаў!

Колькі яшчэ гарадоў апусцеюць праз гэтага хлопца!

Шлемы, шчыты ваяроў панясуць гаманлівыя рэкі…

Гэтым, жахлівы Іван, ты заплаціш за слёзы людскія!

Час, о вялікі юнак, нарадзіся, аздоба Айчыны,

Годны нашчадак свайго знакамітага бацькі. Георгій

120 Быў і ў вайне, і ў спакоі найлепшым, і подзвігам ратным

Славіў Айчыну сваю. Так, напрыклад, з Літоўскай дзяржавы

З войскам магутным сваім ён прагнаў мэатыйцаў15суровых,

Вогнішчаў скіфскіх агонь аддаліўшы ад родных сядзібаў.

Кінуўся вораг на ўцёкі (згадайма!), спустошыўшы землі.

Толькі ратунку не меў ён, бо ты, Канстанцін, і магнаты,

Шчыт і апора твая (сярод іх — і адважны Георгій),

З нашых сасновых лясоў пераслед несупынны чынілі

Аж да сцяпных кавылёў, там адправіўшы ворага ў пекла.

Сведчаць Гальшанкі віры пра паразу суровую скіфаў,

130 Сведчаць пра матак яны, што сыноў апусцілі ў магілы,

Сведчаць пра подзвіг айцоў, пра дзясніцу магутнага мужа!16

Што ж прыгадаць мне яшчэ? Можа, мноства адоленых прусаў?

Хіжы пляменнік17тады, назбіраўшы злачыннае войска,

Нават не ўспомніў, што ты — і сваяк, і кароль, Жыгімонце,

Пнуўся адолець цябе. Пад мурамі высокімі Гданьска

Зброяй сваёй грукатаў і агні рассыпаў: напалохаць

Думаў нябёсы й людзей… Неўзабаве ж пабачыў пагрэбы:

Воін літоўскі пагнаў расцярушаных прусаў з навукай,

Што караля шанаваць трэба толькі з апушчанай зброяй!

140 Нават Айчына сама за заслугі твае перад ёю

Гонар высокі табе прысудзіла — пасаду ў дзяржаве.

Віленскім стаў кашталянам, адважны Георгій! Тым часам

Моцны спачыў Канстанцін, і дзяржава табе загадала

Годна прыняць булаву ваяводы літоўскага войска,

Гэткага правадыра замяніўшы ў часы неспакою.

Хутка дзясніцай сваёй ты кіруеш — цяпер трыумфальна —

Марса, спрыяльнага войску твайму, на слабейшых маскоўцаў:

Вось да сяверскіх муроў ты наблізіў бліскучыя раці.

Меціш крывёю палі, адзначаеш пажарам мястэчкі,

150 З войскам магутным сваім пераможна праходзіш па землях.

Горад ляжыць Старадуб, уладанне даўнейшых русінаў.

Вежаў драўляных сваіх ён узняў старажытныя чолы.

Служыць аховай не мур — рыштаванні з дубоў стогадовых.

Люты Аўчына18, які праз таемную сувязь з царыцай

Быў узвялічаны, тут, з гэтай моцнай цвярдыні, задумаў

Выбухнуць дзёрзкай вайной, бо ставала і вежаў, і раці.

Так пачалася вайна. Вось сюды і прыводзіць Георгій

Войска сваё і сцягі. Раздзіраюць вялікае сэрца

Здрада, бязлітасны Марс ды ганебныя войнаў праявы:

160 Бацька забіты і сын, на вачах таго ж бацькі забіты.

Вогнішча новай вайны, у Літве шчэ нязнанай, Георгій

Цвёрдай рукой распаліў, лейцы гневу свайго адпусціўшы.

«Што ж, дзікі вораг бяспечна паліць будзе нашыя землі?

Лютым забойствам маіх суайчыннікаў цешыцца будзе?

Гэй, грамадзяне набожныя! Хто ўсхваляваны няпраўдай,

Зброю ўздымайце сваю, каб вярнуць супакой у Айчыну!»

Тут жа на гэты загад вылятаюць з жахліваю сілай

Выбухі моцных гармат у страшэннай віхуры жалеза,

Смерць несучы для людзей, для муроў — зруйнаванне імгненна.

170 Толькі стаіць Старадуб, кананада яго не турбуе:

Сіла магутных дубоў у нападах жалеза трывае.

З вежаў высокіх грымяць у адказ тых жа выбухаў стрэлы,

Крэпасць плюецца металам, і скрозь адзываецца рэхам

Грукату зброі зямля. Ды нарэшце з глыбінных сутонняў

Вырваўся моцны агонь, узляцеўшы да самага неба.

Ён і абрушыў тады ўсе апоры дашчэнту, і потым

Аж берагі разышліся, затрэслася неба навокал.

Вось, пракладаючы шлях, пакацілася шлейфам агністым

З попелам чорным зямля і згарнула магутнаю хваляй

180 Вежаў рыштунак слабы. Праз агонь, калатэчу і стрэлы

Крочаць літвіны хутчэй, пачынаецца лютая сеча.

Так заняпаў Старадуб і з зямлёю ссівелай зраўняўся:

Попелам сталася шэрым красуня Сяверскага краю.

Што ж ты падумаў цяпер, о Аўчына, убачыўшы гэта?

Што там на сэрцы, калі аглядаеш ты зверху руіны,

Горкіх пажарышчаў дым і пагібель няшчасных падданых?

Дзе твая пыха, скажы? Дзе задумы пустога натхнення?

Ты абяцаў каралеўству няволю і путы палону?

О рызыкоўныя Марсавы гульні, ганебныя войны!

190 З тварам збялелым, апушчаным долу, выводзяць Аўчыну.

Гнюсны свой шлюб прыгадаў ён, салодкую брыдкую сувязь.

Дух таямнічы людскі! Перамога твая на нябёсах

Марсу спрыянне дала, ды ўсё роўна ты прагнеш спакою!

Смела наперад ідзі з міраноснай галінкаю лаўра!

Цяжка цяпер прыгадаць, палічыць немагчыма дакладна

Подзвігі Марса твайго, Радзівіл: зруйнаваў ты дашчэнту

Крэпасцяў шмат, ды аднак ты вярнуў для Літоўскай дзяржавы

Гомель! Прывёў у палон закаваных у путы вяльможаў.

Цэлае племя Мардвы і насельнікі краю таўрыйцаў,

200 Скіфскія воды, бязмежны Манкоп19, жыхары Танаіса

Моцна баяцца цябе, і трымціць чужаземная Волга.

Значыць, пакуль сваім шляхам цякуць серабрыстыя рэкі,

Значыць, пакуль ваяўніча трывае Літва ў небяспецы,

Вечная слава твая не змарнее на многа стагоддзяў.

О Мікалай, ты паходзіш з айчыннага слаўнага роду,

О Мікалай, дасягнеш сваім подзвігам брамы нябеснай,

Ты — для Айчыны апора, Літва на ёй вечна, трывала

Будзе трымацца заўжды: яе моц — у задумах магутных.

Што за надзея, багі, на такога вялікага мужа!

210 Веліч у ім і хвала! Што за гонар чакае героя!

Век свой юнацкі, калі болей гнуткі ў навуках наш розум,

Годна правёў Мікалай між свяшчэнных настаўнікаў мудрых.

Тыя вучылі яго ўсім мастацтвам высокага духу,

З твораў сівой даўніны наталялі юначае сэрца:

Што ёсць дабро, і чаго бараніцца належыць, што шчасцем

Трэба лічыць, што брыдой, што для Бога, а што для Айчыны;

Што дазваляецца, што супакойвае сэрца і розум.

Многа й ахвотна чытаў ён гісторыю грэкаў і рымлян:

Як Ганібал перайшоў паднябёсныя Альпаў вяршыні,

220 Пра Сцыпіядаў і Дэцыяў, пра справядлівасць Катона;

Цэзар, яшчэ й пра цябе разам з цесцем тваім20. Каціліна,

Ведаў ён ночы твае!21Потым рокашы Сулы, пілосца

Трохвекавога спазнаў, Эякіда, Хіронава вучня22, —

Словам, найлепшых мужоў — іх антычная Грэцыя славіць.

Добрай навука была: вельмі вабіў настаўніка голас,

Розум разважны яго засяваў у вучнёўскія вушы

Мудрасці вечнай плады. Так найлепшым прыгожым мастацтвам

Мужны гартуецца дух для высокіх геройскіх учынкаў.

Слухае моўчкі юнак, прыкладае цярплівае вуха,

230 Нават баіцца — ды хто! Гэты будучы пострах маскоўцаў!

Гэтак магутны Ахіл, баючыся дубца ад кентаўра,

Вельмі старанна спяваў між айчынных высокіх узгоркаў.

З добрай ахвотай сваёй ды з вялікай любоўю да Музаў

Ён спасцігае, у чым трэба бачыць жыццёвую мудрасць.

Хоча пранікнуць углыб, да нязнаных мясцін Піэрыдаў23.

Той, хто шукае, знаходзіць, і вось ён — ля ўзвышшаў Кастальскіх.

Шпарка крыніца бяжыць, па ўзбярэжжы салодкагалосым

Лебедзі ходзяць, здалёк, упрыгожаны лаўрам, бліз водаў, — Ксіста24

духмяны намёт амарантамі вечнымі ззяе.

240 Там у палацы сваім валадараць спрадвечная Мудрасць,

Вопыт, ссівелы айцец, разам з ім — маці Памяць. А побач

Музы з чысцейшай душой уздымаюць салодкія спевы

Блізу свяшчэннай ракі. І Мусэй, і Арфей з захапленнем

Слухалі Музаў — яны ж аянійскі напой ім давалі,

Голас адна за другой заплятаючы ў дзіўную песню

Шпарка сюды Радзівіл паспяшаўся з душэўным натхненнем.

Вось атачаюць яго вешчуны25, іх вялікая слава

Крочыць праз мноства вякоў, не баіцца ссівелага часу.

Потым сустрэла яго Тэрпсіхора і шлях паказала

250 Аж да Аонскай гары. Жыватворнай вадой Гіпакрэны

Вусны яму Палігімнія кропіць, а Кліо вянчае

Стужкай парнаскай чало. Вось выходзіць у шатах святарскіх

Годны й паважны Мусэй, пачынае ўрачыста прамову:

«Светач Сармацкай зямлі! Суайчыннікаў многіх надзея!

Сыне абраны! Цяпер ты прыйшоў да Узвышняга Бога.

Бачу: не вабіць цябе сваёй слодыччу зманнай амбітнасць,

Сэрца не рвецца тваё да распусных ганебных учынкаў.

Хочаш пабачыць стальцы блаславёных высокіх нябёсаў?

Воляй магутнай сваёй толькі Ён над усім валадарыць,

Неба і нетры марэй, і журботнае царства памерлых

Цалкам адкрыты Яму, бачыць лёсы людскія, правіны,

Можа за грэх пакараць Ён не толькі дзяцей, а і ўнукаў!

Буду цябе я вучыць, настаўляючы словам праўдзівым:

Станься падобным багам, ды не толькі душы несмяротнай —

Целу настолькі ж спрыяй, развівай — хай смяротныя! — члены!

Праведнік можа чакаць блаславёную радасць па смерці.

270 Добра! Аднак я хвалю і суровую радасць адважных —

Тых, хто карае забойцаў. І гэта не грэх — справядлівасць!26

Хай не хвалюе цябе гэты свет крывадушны; не зводзіць

Нізкіх лісліўцаў хвала. Калі ж хочаш ты сутнасць спасцігнуць

Гэтага свету наўкол, то ўзыдзі на вяршыні Алімпа,

Выйдзі на горы Афона, ды згэтуль зірні на Эладу…

Што ад яе засталося? Дзе сёння карміцелька Спарта,

Маці магутных мужоў? Дзе Афіны нябеснай Палады?

Слоем высокім зямлі алімпійскі пясочак пакрыты…

Дзе старажытныя порты? Цяпер гэта — прыстань благая.

280 Што — сямібрамныя Фівы?.. Ат, край безназоўны, і толькі.

Гэта вось — месца Платэяў, а там — Марафона… Ды сёння

Землі былых гарадоў чырванеюць крывёю чужынцаў…

Там, дзе кіпела жыццё, — край забыты… Аддай жа мне Крыта

Сто гарадоў, дай Карынф, што вадой двух марэй абмываўся,

Шчасную гавань аддай і тэатр з мармуровага камня!..

Я праклінаю вайну! Праз цябе найвялікшыя людзі

Трупамі сталі даўно, гарады без мяшканцаў здзічэлі.

Тое, што неба і Бог надзяляюць жыццёваю сілай,

З кволай сцяблінкі расце, хоча жыць, прагна цягнецца ўгору…

290 Рушыцца ў час навальніцы… Жыццё — толькі момант, імгненне.

Тое, што людзі ўспрымаюць як дар — на вадзе і на сушы —

Помні, адмерана ўсё даўжынёй чалавечага лёсу!

Так што і ты, Радзівіл, калі хочаш дазнацца сусвету,

Розум у неба скіруй, дзе для душаў выдатных і гожых

Млечны раскінуўся Шлях, сваім ззяннем бялюткім прывабны.

Шар наш зямны — наш сусвет, атачаецца ён Акіянам

(Морам вялікім яго вы завеце). Скажыце, той шар наш —

Ці ж не маленькі ён востраў, які сам сабою з’явіўся?

Частка яго саграваецца сонцам, а частка — пад снегам

300 Мёрзне, ва ўлонні сваім ён трымае шматлікія кшталты

Розных істотаў, і род чалавечы, і нашы сядзібы.

Толькі які ж гэты шар невялікі, ці бачыш ты гэта?

Што яму вышняя ўлада над пэўнаю частачкай свету!..

Марная пыха людзей! О бязбожныя грэшныя душы!

Колькі пустога ўсяго выяўляецца ў думках і ў справах!

Людзі, бясслаўныя вы! Што за сорам! Ніякай вам славы!

Гэй! Падыміся з зямлі да дабротаў нябеснай айчыны.

Бачыш — для годных мужоў тут прызначана ўсё; і нязменна

Ў згодзе вялікай яны сярод спеваў анёльскіх, пры Богу

310 Шчасна жывуць. А табе даспадобы такая выява?

Значыць, каб трапіць туды, выпраўляйся ўжо сёння ў дарогу:

Пойдзеш па цяжкіх шляхах, па спічастых сцяжынах Алкіда,

Іншых герояў сляды там убачыш, ды слухайся бацькі

(Ён для цябе — правадыр), прывучайся з настаўнікам гэткім

Мужна пры Марсе трываць. Твайму бацьку стае надзвычайна

Годных аздобаў душы; і цябе перш як грамадзяніна

Ён нарадзіў для людзей і для мілай Айчыны. Хай сёння

Хлопчыкам бачу цябе — заўтра ўбачу ў юнацкім узросце,

Потым мужчынам! Але ЧАС ДЛЯ СПРАВЫ НАСТАЎ УЖО СЁННЯ.

320 Воды бурлівай Улы, старажытнага Полацка дахі

Вельмі чакаюць цябе, заняпалая сёння дзяржава

Прагне ўспамогі тваёй. Будзе час — ты свой подзвіг учыніш,

Так радавое імя перамогамі гучна праславіш,

Бо НЕДАСТОЙНАЯ РЭЧ — ПРЫХІЛЯЦЦА ДА СЛАВЫ ДРУГОГА.

Дзень той настане, калі старадаўняй рэлігіі праўда

Вернецца зноў на зямлю. Расступіся, бязмежная цемра!

Вера былая прыйшла. Ты ж запомні цяпер, Радзівіле:

Трэба з магутнай душой забяспечыць ахову для веры.

Гідра ж — няўрымслівы гнеў — непрыязна рычыць, супраціўна

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]