Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

18 4. Кнігадрукаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове 16 – пачатку 17 ст.

Далейшае развіццё кнігадрукавання на беларускіх землях у вялікай ступені звязана з пашырэннем уплываў Рэфармацыі. У 1553 г. на грошы прыхільніка кальвінізму Мікалая Радзівіла Чорнага была заснавана друкарня ў Брэсце – першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яе працай загадваў паляк Бярнард Ваявудка. Друкарня гэтая выдавала кнігі на польскай і лацінскай мовах. Затым Радзівіл уфундаваў друкарню ў Нясвіжы. У гэтай друкарні Сымон Будны ў 1562 г. надрукаваў дзве кнігі на старабеларускай мове – "Катэхізіс" і "Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам" (апошняя кніга не захавалася). Гэта былі першыя друкаваныя кнігі на старабеларускай мове, выдадзеныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Аднак пазней Сымон Будны ўжо выдаваў кнігі выключна на польскай мове.

Вялікай падзеяй у гісторыі беларускай культуры стала выданне полацкім шляхцічам Васілём Цяпінскім у 1570-я гады (дакладная дата невядомая) Еванелля ў перакладзе на старабеларускую мову. Прычым В.Цяпінскі ў сваім выданні паралельна змясціў тэкст і на царкоўнаславянскай мове. В.Цяпінскі быў незвычайным чалавекам. Ён далучыўся да арыянскай плыні рэфармацыі і жыва цікавіўся праблемамі сучаснага яму грамадства. Цяпінскі на ўласныя сродкі (прычым ён не быў асабліва багатым чалавекам) і ва ўласным маёнтку Цяпіна заснаваў друкарню. Гэтая справа не з’яўлялася камерцыйным прадпрыемствам, а спробай апантанага ідэяй чалавека данесці да грамадства свае думкі. Асаблівую цікавасць выклікае ненадрукаваная прадмова В.Цяпінскага да выдання Еванеллля (яна захавалася ў рукапісе). У гэтай прадмове Цяпінскі прадстае палымяным публіцыстам, які заклікае сучаснікаў не выракацца мовы продкаў, а любіць яе і паважаць.

Дадзеная прамова з’яўлялася сведчаннем таго, што набіраў сілу працэс моўнай паланізацыі беларускага грамадства. Гэты працэс быў абумоўлены моцнымі культурнымі ўплывамі з Польшчы, праз якую пераважна да беларускіх земляў даходзілі ідэі Рэнесансу і Рэфармацыі. Шмат беларусаў навучалася ў славутым Кракаўскім універсітэце. Але галоўнае значэнне мела аб’яднанне Польскага каралеўства і ВКЛ у адзіную федэратыўную дзяржаву пасля Люблінскай уніі 1569 г. Вялізную ролю адыгрывала тое, што пры каралеўскім двары панавала польская мова, а таму арыстакратыя з беларускіх земляў мусіла авалодваць гэтай мовай, каб мець магчымасць рабіць паспяховую палітычную кар’еру. Польская мова панавала таксама сярод каталіцкага духавенства, якое аказвала вельмі моцныя ўплывы на культурнае і палітычнае жыццё краіны. Рэфармацыйны рух таксама паспрыяў працэсу паланізацыі беларускай шляхты. Толькі 3 кнігі (2 Буднага і 1 Цяпінскага) былі выдадзеныя ў пратэстанцкіх друкарнях на беларускай мове, а звыш 90 % -- на польскай. На тэрыторыі сучаснай Буларусі пратэстанцкія друкарні дзейнічалі таксама ў Любчы, Лоску, Мураванай Ашмяне, Койданаве, але большасць канцэнтравалася ў Вільні.

Кнігі на старабеларускай мове выдавалі таксама праваслаўныя друкарні. У 1569 г. кірылічную друкарню ў м. Заблудава (цяпер Падляскае ваяводства ў Польшчы) ўфундаваў магнат Рыгор Храбтовіч. У гэтай друкарні Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец выдалі “Евангелле вучыцельнае" на царкоўнаславянскай мове. Пасля Фёдараў перабраўся ў Львоў, а Мсціславец у Вільню. У Вільні Мсціславец наладзіў кнігадрукаванне пры дапамозе віленскіх купцоў братоў Мамонічаў. Пазней ён перабраўся ў Астрог на Украіне, а працай друкарні сталі кіраваць Мамонічы. Гэтая друкарня дзейнічала з 1583 па 1621 гг. За гэты час яна выпусціла больш за 50 кірылічных кніг і 35 друкаваных лацінкай. Сярод гэтых кніг варта адзначыць тры выданні "Статута ВКЛ“ 1588 г. на старабеларускай мове. Аднак на пачатку 17 ст. гэтая друкарня ўсё болей выдавала кніг на польскай мове, адгукаючыся на запатрабаванні кніжнага рынку.

У Вільні дзейнічала таксама Брацкая праваслаўная друкарня пры Траецкім (пазней Свята-Духаўскім) манастыры (функцыянавала таксама пэўны час у Еўі пад Вільняй), якая выдала ўсяго 74 кнігі. Сярод гэтых кніг варта адзначыць “Учение ку науцы словенской“ Лаўрэнція Зізанія (1596 г.) У дадзеным падручніку асаблівую цікавасць выклікае “Лексіс“, які можна па сутнасці лічыць першым беларуска-царкоўнаславянскім слоўнікам. Гэты слоўнік таксама з’яўляўся сапраўднай энцыклапедыяй, паколькі ён утрымліваў звесткі з галіны гісторыі, геаграфіі, філалогіі, прыродазнаўства. У брацкай друкарні таксама выходзілі ў свет палемічныя творы славутага мысляра Мялета Сматрыцкага. За выданне аднаго з яго вострапубліцыстычных твораў, накіраваных супраць уніяцкай царквы, друкарню нават на некаторы час зачынілі паводле каралеўскага загаду, і яна перанесла сваю дзейнасць у Еўе. У 1619 г. выйшла ў свет славутая славянская "Граматыка" М.Сматрыцкага, якая да канца 18 ст. заставалася лепшай граматыкай царкоўнаславянскай мовы. Сярод выданняў брацкіх друкарняў пераважалі літургічныя і багаслоўскія кнігі – 33, выданні тэксатаў Евангелля і Новага Запавету – 7, творы старажытных пісьменнікаў – 11, палемічная літаратура і панегірыкі – 8, школьныя падручнікі – 12, кнігі для літургіі і школьнай справы – 16.

Усяго ў брацкіх друкарнях у канцы 16 ст. і першай палове 17 ст. было выдадзена 17 кніг на старабеларускай мове, 1 кніга на старабеларускай мове з польскім перакладам і “Славяна-роскі лексікон“ Памвы Бярынды ( усяго 22 % ад усіх выданняў). Беларускамоўныя тэкставыя фрагменты ўтрымлівалі 31 % брацкіх выданняў. Такім чынам, усяго 53 % брацкіх выданняў змяшчалі тэксты на беларускай мове. У гэтых адносінах брацкае кнігадрукаванне было бясспрэчным лідэрам на беларускіх землях.

Кірылічныя друкарні на беларускіх землях дзейнічалі ў Магілёве, Буйнічах (недалёка ад Магілёва), у Куцейнаўскім манастыры каля Оршы. Разам яны выдалі каля 30 кніг, тыраж некаторых з іх складаў 300-500 экзэмпляраў. Тут можна адзначыць “Буквар“ Спірыдона Собаля (1631), “Славяна-рускі лексікон“ Памвы Бярынды (найбольш поўны на той час беларуска-царкоўнаславянскі слоўнік). Трэба адзначыць той факт, што праваслаўныя друкарні пераважна трымаліся царкоўна-славянскай мовы, на якой у штодзённым жыцці ніхто ў той час не размаўляў, і менш звярталі ўвагі на пашырэнне кірылічнай кніжнасці на жывой старабеларускай мове. Гэтым самым яны па сутнасці спрыялі працэсу паланізацыі беларускіх шляхецкіх эліт, паколькі апошнія не атрымлівалі рэйльнай і канкурэнтнай альтэрнатывы для наступаючай польскай кніжнасці).

У канцы 16 ст. актывізавалі сваю дзейнасць у ВКЛ каталіцкія друкарні. Сярод іх вылучалася Віленская друкарня езуітаў, уфундаваная Мікалаем Радзівілам Сіроткай, сынам кальвініста Мікалая Радзівіла Рудага, які ў адрозненне ад бацькі стаў актыўна падтрымліваць каталіцкі касцёл. Езуіты выдавалі шмат палемічнай літаратуры, скіраванай супраць пратэстантаў і праваслаўных. Сярод аўтараў такіх палемічных кніг вылучаўся рэктар Віленскай езуіцкай акадэміі Пётр Скарга – адзін з найбольш адукаваных людзей у ВКЛ у тыя часы. Разам з тым ён не грэбаваў любымі прыёмамі, каб ачарніць сваіх апанентаў-іншаверцаў, што, аднак, можна сказаць пра большасць аўтараў палемічнай літаратуры. Праўда, у адрозненне ад Заходняй Еўропы, у ВКЛ спрэчкі паміж прадстаўнікамі розных канфесій доўгі час абмяжоўваліся кніжнымі старонкамі і публічнымі дыспутамі, але справа не даходзіла да крывавых збройных сутыкненняў. Наадварот, талерантнасць узаемаадносін, калі за святочным сталом маглі разам сядзець каталік, пратэстант і праваслаўны, вельмі здзіўляла замежнікаў. Трэба аднак адзначыць, што езуіты прынеслі ў грамадскае жыццё ВКЛ элемент агрэсіўнага рэлігійнага фанатызму і нецярпімасці. У 1581 г. яны арганізавалі першае публічнае спаленне “еретычных“ кніг у Вільні. У каталіцкіх друкарнях выдаваліся кнігі выключна лацінскім шрыфтом на лацінскай і польскай мовах. Езуіты таксама выдавалі і рэлігійныя кнігі на літоўскай мове.

Усяго ж у канцы 16 ст. у ВКЛ былі надрукаваны 324 кнігі, з якіх 151 на лаціне, 114 на польскай мове, 50 на царкоўнаславянскай і старабеларускай і 9 на іншых мовах. За перыяд жа з 1553 па 1660 г. у ВКЛ дзейнічалі 27 друкарняў, якія выдалі 1650 кніг у 1704 тамах. Найбольш кніг выдалі друкарня езуітаў у Вільні – 575. Увогуле ж у Вільні выйшла 75 % усіх выдадзеных у тым часе у ВКЛ кніг – каля 1300. Праваслаўныя друкарні ВКЛ экспартавалі багаслужэбную кнігу ў Маскоўскую дзяржаву.

Паводле мовы кніжная прадукцыя размяркоўвалася такім чынам – польскія кнігі – 46 %, лацінскія – 38 %, царкоўнаславянскія і на старабеларускай мове – 10 %. Сярод усіх выдадзеных кніг 43 % складалі рэлігійныя кнігі, мастацкая літаратура – 40 %, навуковыя выданні – 17 %. Усяго навуковых кніг было выдадзена 286. З гэтага ліку 45 % належала да юрыдычнай і гістарычнай літаратуры (73 назвы). Філасофскім праблемам прысвячалася 88 кніг, дакладным навукам – 30 (2 %). Усяго 9 кніг было прысвечана пытанням медыцыны.