Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

Лекцыя 2. Сярэднявечная Еўропа і Беларусь: праблемы культурных узаемаўплываў

1.Культура Візантыі ў сярэднявечную эпоху.

У сярэдзіне першага тысячагоддзя нашай эры прыйшла ў заняпад магутная Рымская імперыя. Гэта адначасова азначала закат класічнай ці антычнай цывілізацыі з яе вялікімі дасягненнямі ў сферы духоўнай і матэрыяльнай культуры. Не дапамог і падзел імперыі на ўсходнюю і заходнюю часткі, які меў далёкасяжныя палітычныя і культурныя наступствы для еўрапейскага кантыненту. Заходняя імперыя неўзабаве спыніла сваё існаванне, і заходняя частка Еўропы апынулася пад уладай шматлікіх правадыроў ваяўнічых варварскіх плямёнаў.

У той час, калі Заходняя Рымская імперыя гінула пад ударамі варвараў, Усходняя ці Візантыя здолела захаваць сваю палітычную магутнасць і высокі ўзровень культуры. Больш таго, адносна 5-6 стст. можна весці гаворку пра культурны росквіт Усходняга Міжземнамор’я, аб чым, напрыклад, сведчыла актыўная будоўля хрысціянскіх храмаў (у той час, напрыклад, быў збудаваны велічны Сафійскі сабор у Канстанцінопалі). Імператар Юстыніан нават спрабаваў, хаця і не да канца паспяхова, аднавіць кантроль над усімі абшарамі, калісьці падуладнымі магутнаму Рыму.

Для культуры Візантыі гэтага часу характэрным быў сінтэз хрысціянскіх і антычных узораў. Можна весці гаворку пра сапраўдны культ антычнай спадчыны. Візантыйцы лічылі сябе нашчадкамі старажытных грэкаў і ганарыліся іх дасягненнямі. Таму Гамэр быў шанаваны амаль у такой жа ступені, як і біблейскія тэксты. Сістэма адукацыі дасягнула вельмі высокага ўзроўню. Яе вянчаў славуты універсітэт у Канстанцінопалі, заснаваны ўжо ў 425 г. Школы (пераважна прыватныя) утвараліся нават у сельскай мясцовасці. Значную ролю ў культурным жыцці адыгрывалі жанчыны, якія займаліся навукамі, пісалі кнігі. Такога немагчыма было на той час уявіць адносна Заходняй Еўропы.

Грэцкая мова пацясніла лаціну і стала мовай рэлігіі, літаратуры і палітычнага жыцця Візантыі. Як лічаць многія даследчыкі, візантыйцы нават патрапілі ў своеасаблівы палон антычнай культурнай спадчыны, страціўшы здольнасць да самастойнай творчасці. Іх вядомыя дзеячы культуры выказвалі шкадаванне, што старажытныя грэкі ўжо ўсё стварылі, не пакінуўшы нашчадкам прасторы для творчасці. Таму 5-6 стст. н.э. у гісторыі Візантыі былі ў вялікай ступені часамі апрацоўкі і ўнармавання антычнай спадчыны. Хаця былі і новыя дасягненні, да якіх можна далучыць вынаходніцтва кодэксу, ці кнігі, набліжанай да сучаснага выгляду, у адрозненне ад скруткаў скрыптаў антычных часоў. У гэтыя ж стагоддзі былі выпрацаваны асноўныя дагматы хрысціянскай веры (напрыклад дагмат Св.Троіцы) і створаны асновы багаслоўся і культавай абраднасці праваслаўя. Сама назва ўсходняга хрысціянства сведчыла аб імкненні візантыйцаў падкрэсліць вернасць старажытным караням і пераемнасць традыцыі сваёй царквы ў адрозненне ад іншых тагачасных кірункаў хрысціянства. Кансерватызм стаў пазней адной з галоўных рысаў праваслаўя. Аднак разам з тым няўхільна назапашваліся адрозненні паміж усходнім праваслаўным і заходнім каталіцкім хрысціянствам, што ў далейшым непазбежна мусіла прывесці да іх расколу. Гэтаму спрыяла іх саперніцтва ў справе хрысціянізацыі паганскіх народаў у Цэнтральнай Еўропе.

Вельмі высокага ўзроўню дасягнула культавае дойлідства Візантыі Асноўнымі тыпамі храмаў былі базыліка і крыжовакупальны храм. Для апошняга тыпу, які стаў падставовым для ўсходняга хрысціянства, характэрнай была форма праваслаўнага роўнаканцовага крыжа, над цэнтрам якога на калонах-стаўпах узвышаўся купал. Купал распісваўся выявай Хрыста-Пантакратара (Усядзяржыцеля). Ніжэй размяшчаліся выявы апосталаў. У апсідзе (выступ у алтарнай частцы храма) змяшчалася выява Багародзіцы-Аранты. Гэты канон роспісу праваслаўнага храма быў пазней перанесены і за межы Візантыйскай імперыі. Прычым шырока выкарыстоўваліся як жывапіс тэмпернымі фарбамі, так і мазаіка. Візантыйскі рэлігійны жывапіс аказаў вялізны ўплыў на заходнееўрапейскі. Можна назваць славутыя роспісы храмаў італьянскай Равэны. Гэта ж можна сцвярджаць адносна рэлігійных спеваў.

З 7 ст. пачынаюцца цёмныя часы ў гісторыі Візантыі. У выніку нападаў арабаў і славян імперыя траціць больш за палову сваёй тэрыторыі. Назіраецца заняпад і ў культурным жыцці. Ерась іконаборцаў, якія змагаліся супраць антропамарфізму ў рэлігійным жывапісе (яны лічылі абразы праявай ідалапаклонніцтва), прывяла да яго заняпаду і знішчэння многіх фрэсак і абразоў. Хаця іканаборцы ўрэшце і панеслі паразу, але ўзровень выяўленчага мастацтва істотна панізіўся. Назіраецца адыход ад рэалізму, вялікая роля ўмоўнасці. Праўда, гэта ж можна акрэсліць як і арыгінальную адрозную рысу візантыйскага выяўленчага мастацтва.

Неабходна падкрэсліць, што стагнацыя візантыйскай культуры мела як знешнія, так і ўнутраныя прычыны. Да апошніх даследчыкі адносяць залішнюю цэнтралізацыю дзяржавы, засілле догмаў і нарматыўнасці, надзвычай вялікую ролю бюракратыі. У эпоху Сярэднявечча Візантыя была адзінай цэнтралізаванай дзяржавай у хрысціянскім свеце. Спалучэнне па сутнасці свецкай і духоўнай улады ў асобе імператара (толькі са згоды апошняга абіраліся патрыярхі) пазбаўляла візантыйскую культуру таго ўнутранага напружання і пэўнага зазору свабоды, якія існавалі ў Заходняй Еўропе. Васілеўс з’яўляўся прадстаўніком Бога на зямлі, а дзяржава і царква былі цесна пераплецены.

Аднак, трэба падкрэсліць, што да часоў Крыжовых паходаў заходнееўрапейцы прызнавалі культурна-цывілізацыйную вышэйшасць візантыйцаў, а апошнія нярэдка трактавалі заходнікаў, як неадукаваных варвараў. Да самога канчатковага крушэння Візантыі ў 15 ст. лацінская Еўропа шмат чаго пераняла ад сваіх усходніх братоў па хрысціянскай веры. Праўда, гэтыя ўзаемныя кантакты хрысціянскіх Захаду і Усходу нельга перабольшваць. У Заходняй Еўропе вельмі мала людзей ведала грэцкую мову, а найлепшыя дасягненні антычнай думкі каталіцкі свет пераняў не ад візантыйцаў, а ад арабаў. І ўсё ж, нягледзячы на пэўную стагнацыю і адсутнасць моцнай дынамікі развіцця, візантыйская культура доўгі час захоўвала здольнасць да знешняй культурнай экспансіі і выпраменьвала свае ўплывы па-за дзяржаўныя межы слабеючай імперыі. Пад гэтыя ўплывы падпадаюць у 10-11 ст. і беларускія землі, што сталася адным з важнейшых чыннікаў іх культурнага развіцця.