Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПРЫМЕТНІК.doc
Скачиваний:
28
Добавлен:
20.09.2019
Размер:
99.84 Кб
Скачать

Поўныя і кароткія прыметнікі

Якасныя прыметнікі бываюць поўныя, кароткія і сцягнутыя. У беларускай мове ўжываюцца пераважна поўныя формы: у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду яны маюць канчатак -ы(-і): вясёлы, буйны; жаночага роду — -ая(-яя): вясёлая, добрая; ніякага роду ое/- ае(-яе): густое, добрае, позняе; у назоўным склоне множнага ліку ыя(-ія): добрыя, познія.

Поўная форма — гэта асноўная, зыходная форма прыметніка ў сучаснай беларускай мове. Але не заўсёды так было. Гістарычна поўныя прыметнікі — вытворныя, другасныя. Першапачаткова ў мове былі толькі кароткія прыметнікі. (Увогуле сам прыметнік — гэта былы назоўнік у функцыі азначэння пры назоўніку.) Паступова ў выніку спалучэння кароткай (іменнай) формы прыметніка з займеннікамі ўзніклі поўныя формы: добра + я-> добрая, сіня + я -> сіняя. 3 цягам часу поўныя прыметнікі выцеснілі з ужытку кароткія формы. У сучаснай беларускай літаратурнай мове поўныя прыметнікі лічацца нормай для ўсіх стыляў літаратурнай мовы.

Поўныя прыметнікі скланяюцца. У сказе выступаюць азначэннем і выказнікам: Я шчаслівы, што ў суджаны час нарадзіўся на гэтай зямлі, Дзе такія густыя лясы і такія спакойныя рэкі (Гіл.).

Кароткія якасныя прыметнікі тыпу дуж, смел, повен (у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду), рада, шчасліва (у жаночым і ніякім родзе), рады, дужы (у множным ліку) у беларускай мове ўжываюцца вельмі рэдка (як, дарэчы і ва ўкраінскай мове). У рускай мове яны больш ужывальныя; некаторыя прыметнікі існуюць толькі ў кароткай форме і не маюць суадноснай поўнай формы: рад, горазд, должен, надобен і інш.

Кароткія прыметнікі не скланяюцца, змяняюцца толькі па родах і ліках. У сказе бываюць толькі выказнікам, у сувязі з чым яны сталі абазначаць не проста прымету прадмета, а якасны стан у часе (параўн.: я здароў і здаровы чалавек).

Кароткія прыметнікі сустракаюцца пераважна ў фальклоры, а таксама ў мастацкай літаратуры, асабліва ў паэзіі — часта з мэтай стылізацыі пад народную песню: Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог (Куп.); Як ты дорага мне, мая родная мова — Долі-песні маёй векавая асноваі (Гіл.)

Ад кароткіх формаў прыметнікаў трэба адрозніваць сцягнутыя, або ўсечаныя формы, якія сустракаюцца ў паэтычных творах. Сцягнутыя формы бываюць у сказе толькі азначэннем; А дзявочу красу, нібы тую расу, піў цагляны падвал цёмнай ночы (Куп.).

Ступені параўнання якасных прыметнікаў

Якасці, уласцівыя таму ці іншаму прадмету, могуць праяўляцца з рознай ступенню інтэнсіўнасці. Таму пераважная большасць якасных прыметнікаў утвараюць ступені параўнання — вышэйшую і найвышэйшую.

Вышэйшая ступень параўнання

Простая форма

Складаная форма

1. Аснова ці корань прыметніка + суфікс -эйш-, -ейш-:

высок + эйш = вышэйшы

светл + ейш = святлейшы

Прыметнік + больш (болей), менш (меней):

высокі +больш = больш высокі

светлы + менш = менш светлы

2. Суплетывізм асноў (іншая аснова):

добры – лепшы

добры – больш добры

добры –менш добры

Найвышэйшая ступень параўнання

Простая форма

Складаная форма

Простая форма вышэйшай ступені + прыстаўка най-:

вышэйшы + най = найвышэйшы

лепшы + най = найлепшы

Прыметнік + самы, найбольш, найменш:

высокі + найбольш = найбольш высокі

добры + самы = самы добры

Вышэйшая ступень параўнання паказвае на тое, што пэўная прымета ўласціва прадмету ў большай (ці меншай) ступені ў параўнанні з іншымі прадметамі ці што ступень гэтай прыметы змянілася ў аднаго і таго ж прадмета ў параўнанні з мінулым: Потым у жыцці я бачыў шмат гарадоў — большых і прыгажэйшых за Полацк,— але такога ўражання яны не пакідалі (Хадк.); Была відная зімовая ноч, снег перастаў сыпаць, нібыта цішэйшым стаў вецер (В. Б.).

Найвышэйшая ступень паказвае гранічную (самую высокую ці самую нізкую) ступень якасці, уласцівай прадмету ў параўнанні з якасцю іншых прадметаў: Непадалёку ад гэтага новага горада на велізарнай плошчы раскінуліся збудаванні найбуйнейшага ў Еўропе нафтаперапрацоўчага завода (Хадк.).

Вышэйшая і найвышэйшая ступені параўнання прыметніка могуць быць простымі (сінтэтычнымі) і складанымі (аналітычнымі). Простыя формы ўтвараюцца пры дапамозе формаўтваральных афіксаў, аналітычныя — шляхам далучэння да прыметніка іншых слоў (прыслоўяў, займеннікаў).

Простая форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца пры дапамозе суфіксаў -эйш-/-ейш-, -ш-, якія далучаюцца да асновы прыметніка: мудры — мудрэйшы, белы — бялейшы, добры — лепшы. Суфікс -ш- далучаецца да суплетыўнай асновы: вялікі — большы, малы — меншы. Простая форма вышэйшай ступені скланяецца: лепшы, лепшага, лепшаму і г. д. (У адрозненне ад рускай мовы, дзе вышэйшая ступені параўнання — нязменная форма. Яна супадае з вышэйшай ступенню параўнання прыслоўяў: мудрее, больше, более; он мудрее (кароткі прыметнік), сказал мудрее (прыслоўе)). Для беларускай літаратурнай мовы формы прыметнікаў на -эй, -ей тыпу смялей, даўжэй — адхіленне ад літаратурнай нормы. Але яны сустракаюцца ў дыялектнай мове, а часам і ў мастацкіх творах, асабліва паэтычных: 3 усіх песняроў мне мілей і бліжэй роднай мовы пясняр — неўміручы Купала (Гіл.).

Пры простай форме вышэйшай ступені параўнання залежны назоўнік (займеннік) ставіцца ў форме вінавальнага склона з прыназоўнікам за: дужэйшы за бацьку, хутчэйшы за вецер. Значэнне вышэйшай ступені параўнання можа быць выражана таксама параўнальнымі зваротамі са злучнікамі чым, як: мацнейшы, чым раней; большы, як летась.

Простая вышэйшая ступень параўнання утвараецца не ад усіх якасных прыметнікаў. Так, яе не маюць прыметнікі, якія перайшлі ў разрад якасных з адносных. Яны ўтвараюцца ад іншых часцін мовы пры дапамозе суфіксаў -ав, -іст, -ат, -к-, -аўн- і інш.: перадавы, агністы, ліпкі, плаўны і г. д.

Складаная форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца шляхам далучэння да прыметнікаў прыслоўяў больш (болей), менш (меней): больш (болей) цікавы, менш (меней) цікавы, больш дружныя, менш выразны. Гэтую форму могуць мець практычна ўсе якасныя прыметнікі.

Абедзве формы вышэйшай ступені параўнання ўжываюцца ў розных стылях мовы, аднак усё ж у гутарковым стылі колькасна пераважаюць простыя формы, у кніжнай — складаныя.

Да форм вышэйшай ступені параўнання могуць далучацца часціцы яшчэ, куды, якія ўзмацняюць іх значэнне: куды лепшы, яшчэ мацнейшы, куды больш значны; Поле зрабілася яшчэ больш яркім, залатым (Шам.).

Простая форма найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца пры дапамозе прыстаўкі най-, якая далучаецца да простай формы вышэйшай ступені: лепшы — найлепшы, весялейшы — найвесялейшы; Усе жылі пад перунамі, Ды найгарчэйшы лёс быў твой (Панч.); А дождж, як наймілейшы госць, Вясёлы госць! — ідзе над светам (У. Д.). Зрэдку простая форма найвышэйшай ступені можа ўтварацца ад прыметнікаў прэфіксальна-суфіксальным спосабам: новы — найноўшы, вялікі — найвялікшы.

Простая форма найвышэйшай ступені выкарыстоўваецца пераважна ў мастацкім і публіцыстычным стылях.

Складаная форма найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца спалучэннем прыметнікаў з займеннікам самы або прыслоўямі найбольш, найменш: самы шчаслівы, найбольш плённы, найменш вядомы; Будзе самым высокім слова, Як Радзімы адзінай неба (У. М.); «Слова пра паход Ігаравы» — гэта самы яск-равы ўзор славянскага верлібра (Р. Б.).

Складаная форма найвышэйшай ступені параўнання шырока ўжываецца ва ўсіх стылях мовы, аднак формы з прыслоўямі найбольш, найменш маюць кніжны характар і выкарыстоўваюцца пераважна ў навуковым, афіцыйна-справавым і публіцыстычным стылях: Першым і найбольш важным станоўчым вынікам прыняцця хрысціянства з'явілася ўвядзенне і пашырэнне пісьменства (Ерм.); Шырокія грамадскія функцыі літаратурнай мовы — адна з найбольш істотных яе рыс, якімі яна адрозніваецца ад іншых адгалінаванняў нацыяльнай мовы (3 падручніка).

Простая і складаная формы найвышэйшай ступені параўнання могуць абазначаць гранічную (самую высокую ці самую нізкую) ступень якасці прадмета без параўнання з якасцю іншых прадметаў. Такія формы прыметніка называюць элятывам (лац. — узвышаны, пераўзыдзены): найстаражытнейшы горад, самы мудры чалавек, адзін з найцікавейшых твораў.

У рускай мове элятыўнае значэнне выражаецца таксама формай найвышэйшай ступені, якая ўтвараецца з дапамогай суфіксаў -айш-, -ейш-: богатейшие запасы, величайший ученый. Часам пад уплывам гэтых рускіх форм і ў беларускай мове ўжываюцца формы тыпу цікавейшы твор, старажытнейшы горад. Але такія формы — адхіленне ад літаратурнай нормы, якое ўзнікае ў выніку зблытвання спосабаў утварэння найвышэйшай ступені параўнання ў беларускай і рускай мовах.

Значэнне гранічнай ступені якасці можа быць выражана і спалучэннем прыметніка з прыслоўямі вельмі, надта, надзвычай, выключна: надта разумны, вельмі сур'ёзны, надзвычай спакойны, выключна важны; Мне заўсёды здаецца, што раніца і вясна нібы нейкая вельмі блізкая радня: адна пачынае светлы дзень, другая — зялёны год.