Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПРЫМЕТНІК.doc
Скачиваний:
28
Добавлен:
20.09.2019
Размер:
99.84 Кб
Скачать

Лексіка-граматычныя разрады прыметнікаў

Паводле лексічнага значэння, граматычных уласцівасцей і словаўтваральных здольнасцей прыметнікі падзяляюцца на тры разрады: якасныя, адносныя і прыналежныя.

Якасныя прыметнікі абазначаюць прымету непасрэдна, без адносін да іншых прадметаў: добры чалавек, цёплы дзень, гарачае малако. Якасныя прыметнікі характарызуюцца наступнымі граматычнымі, лексічнымі і словаўтваральнымі асаблівасцямі:

  1. утвараюць ступені параўнання — г. зн. абазначаюць прымету, якая можа праяўляцца ў большай ці меншай ступені: добры— лепшы — найлепшы, высокі — вышэйшы — найвышэйшы;

  2. некаторыя з іх маюць поўную і кароткую форму: рады — рад, поўны — повен, дужы — дуж;

  3. спалучаюцца з прыслоўямі меры і ступені: вельмі прыемны, надта прыгожы, надзвычай важны;

  4. ад іх утвараюцца формы суб'ектыўнай ацэнкі прыметнікаў: лёгкі — лёгенькі, лягусенькі, легкаваты; вялікі — велізарны, велічэзны.

  5. ад іх утвараюцца якасныя прыслоўі: весела, добра, хітра, па-маладому;

  6. ад іх утвараюцца назоўнікі з адцягненым, абстрактным значэннем: смелы — смеласць, свежы — свежасць, глыбокі — глыбіня;

  7. здольныя ўтвараць антанімічныя пары: далёкі — блізкі, вясёлы — сумны, высокі — нізкі;

  8. могуць мець як вытворную (радасць — радасны, працаваць — працавіты), так і невытворную аснову (белы, малады, глухі) (у адрозненне ад адносных і прыналежных прыметнікаў, якія маюць толькі вытворную аснову).

Некаторыя якасныя прыметнікі маюць усе пералічаныя прыметы, напрыклад: вясёлы (невытворны) — весел, весялейшы, вельмі вясёлы, весела, весялосць, вясёленькі, вясёлы — сумны. Прыметнікі, якія абазначаюць абсалютную якасць прадмета, не ўтвараюць ступеней параўнання: жывы, глухі, сляпы, кульгавы, жанаты. Некаторыя прыметнікі маюць толькі адну прымету якаснасці — невытворнасць: гняды, вараны і інш.

Адносныя прыметнікі абазначаюць прымету прадмета праз яго адносіны да іншых прадметаў, дзеянняў, абставін і г. д.: лімонны сок (сок з лімона), дубовы стол (стол з дубу), падрыхтоўчыя курсы (курсы, на якіх падрыхтоўваюцца да чаго-небудзь).

Адносныя прыметнікі маюць спецыфічныя асаблівасці:

  1. абазначаюць пастаянную, нязменную прымету прадмета: навальнічная хмара, учарашняя газета, палявая дарога;

  2. паводле будовы яны вытворныя: вясковая жанчына (утвораны ад назоўніка вёска), чытальная зала (ад дзеяслова чытаць), сённяшняе паведамленне (ад прыслоўя сёння).

Мяжа паміж якаснымі і адноснымі прыметнікамі рухомая. Адносныя прыметнікі ў кантэксце часта набываюць пераноснае — метафарычнае — значэнне і ўжываюцца ў ролі якасных: залаты гадзіннік — зала-ты чалавек, залатое дзяцінства, залатая восень.

Зрэдку назіраецца і адваротны працэс — калі якасныя прыметнікі набываюць значэнне сталай, пастаяннай прыметы і пераходзяць у разрад адносных: мяккі хлеб — мяккі зычны, чорны попел — чорная металургія.

I якасныя і адносныя прыметнікі шырока выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях мовы. Але частата іх ужывання ў розных стылях розная. Так, у навуковым і афіцыйна-справавым стылях, дзе патрэбна дакладнасць, строгая лагічнасць выкладу думкі, пераважаюць адносныя прыметнікі. Іх роля — інфармацыйная, класіфікацыйная. Напрыклад: У беларускай вусна-паэтычнай спадчыне, язычніцкай па сваіх вытоках, шмат слядоў ушанавання сонца, агню, ветру і іншых прыродных стыхій. Звесткі пра міфалагічны грунт нашай вусна-паэтычнай творчасці знаходзяцца ў розных жанрах, у безлічы сюжэтаў (3 часопіса).

У мастацкім і гутарковым стылях прыметнікі выступаюць як сродкі вобразнасці і эмацыянальна-экс-прэсіўнай ацэначнасці, таму тут пераважаюць якасныя прыметнікі: Падзьмула з поўначы здаровым халадком. Зямля сушэла, пакрывалася цвёрдаю скарынкаю. А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы і сухі. Снег ішоў усю ноч і заўтрашні дзень. Пад вечар снег суняўся. На захадзе бліснула журботная, ласкавая ўсмешка сонца і патухла. У небе засвяціліся першыя зоркі (Я. Колас).

Прыналежныя прыметнікі абазначаюць прыналежнасць прадмета пэўнай асобе (жывой істоце): братава паліто, матчына кніга, баброва хатка, воўчы след.

Прыналежныя прыметнікі неаднародныя паводле значэння. Адны з іх абазначаюць прыналежнасць прадмета канкрэтнай, індывідуальнай асобе. У назоўным і вінавальным склонах пры назоўніках жаночага і ніякага роду яны звычайна маюць кароткую форму: бацькава, сястрына (кніга), бацькаву, сястрыну (кнігу), братава, бабуліна (паліто).

Другія — паказваюць не індывідуальную, а агульную (родавую) прыналежнасць. Яны набліжаюцца да адносных прыметнікаў і ў назоўным і вінавальным склонах могуць мець поўную форму: салаўіная песня, лісіная нара.

Некаторыя мнагазначныя прыметнікі тыпу бацькоўскі, дзедаўскі, купалаўскі спалучаюць значэнне прыналежнасці са значэннем адноснасці. Толькі ў кантэксце можна вызначыць, якое са значэнняў пераважае ў семантыцы такіх прыметнікаў, напрыклад: коласаўскі твор (твор Коласа) і коласаўскі стыль (стыль, як у Коласа,— значэнне адноснасці).

У залежнасці ад форм словазмянення прыналежныя прыметнікі падзяляюцца на дзве групы: 1) прыметнікі з суфіксамі -оў/-аў, -ёў/-еў — утвараюцца ад асабовых назоўнікаў мужчынскага роду: бацькаў, Андрэеў, Міхасёў; 2) прыметнікі з суфіксам -ін(-ын) — утвараюцца ад назоўнікаў жаночага роду: Алесін, сястрын, пчаліны.

Прыналежныя прыметнікі пры пераносна-вобразным ужыванні могуць набываць значэнне якасных: воўчы след — воўчы апетыт, заячая нара — заячая смеласць.

Сфера выкарыстання прыналежных прыметнікаў — гэта пераважна гутарковы, мастацкі і публіцыстычны стылі.

А лісічак набраў каля сцежкі-вяртухі, Што да хаты лісінай лагчынай вяла; Падбярозавікаў — пад бярозай-шаптухай, Дзе капэла чмяліная пела-гула.

(М. Танк)

У беларускай мове прыналежныя прыметнікі ўжываюцца часцей, чым у рускай мове. У рускай мове назіраецца тэндэнцыя да замены прыналежных прыметнікаў родным склонам назоўніка: сапоги отца, укус пчелы, вой волка.