Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УВОДЗІНЫ.docx
Скачиваний:
8
Добавлен:
26.08.2019
Размер:
115.8 Кб
Скачать

4 “Новы чалавек”

У цэнтры аповесцей “Падзенне” і “Без пакаяння” стаяць ужо іншыя дзеючыя асобы, прадстаўнікі новай генерацыі, але таксама героі трагічнага кшталту, бо, на думку пісьменніка, яны не маюць гістарычнай перспектывы свайго развіцця.

Маральнае падзенне Рамана Юшкоўскага, супрацоўніка рэспубліканскага прамысловага камітэта (“Падзенне”), пачалося незаўважна для самога, з сустрэчы са сваім былым школьным і інстытуцкім сябрам Маратам Вістуном, цяпер прэзідэнтам вядомай маскоўскай камерцыйнай фірмы. Раман выхаваны дзедам, старым бальшавіком-гулагаўцам, у крыштальнай сумленнасці. Яшчэ працуючы ў райкаме партыі, вёў бязлітасную барацьбу з тымі, хто краў, браў хабар. Насцярожана ставіўся герой і да з’яўлення новага класа – наваяўленых капіталістаў, ці, як называў іх Вялікі Дзед, ”паразітаў”, за іх хабарніцтва, несумленнасць, уседазволенасць. Здавалася, нішто не пагражае маральнай свабодзе Рамана. Ён “радаваўся, што акрамя ўнутраных, у яго ёсць і такія моцныя тармазы – жонка, дачка, дзед” [8, с. 8]., якія абароняць яго, не дазволяць пераступіць праз маральныя прынцыпы, якімі ён кіраваўся ўсё сваё папярэдняе жыццё. Але маральнае балота здолела засмактаць і Рамана: толькі два дні ліхаманіла героя сумленне пасля таго, як Марат Вістун пакінуў у яго кабінеце “дыпламат” з грашыма. Нават не ліхаманіла, “не, трохі пасмактала душу, як дзіця пустышку, і... – сумленне заснула” [16, с. 632].

Трагізм героя ў тым, што ён нарэшце разумее, у якім становішчы апынуўся, у які маральны тупік зайшоў сам і завёў сваіх блізкіх. Аўтар судзіць свайго героя жорстка, без права на рэаблітацыю. Судзіць за тое, што “гэта ж мы, вышэйшыя тварэнні бога, гэтак усё спаганілі, забрудзілі! З жыцця зрабілі свінушнік. І ўсе мы свінні. Усе! ” За тое, што ад веры дзедаўскай адступілі, ад іх ахвярнасці ў імя “народнага шчасця”, пераключыўшыся на здабывання шчасця “для сябе”. [16, с. 632].

Аповесць “Падзенне” – гэта твор не толькі аб маральным падзенні асобнага чалавека, хоць і аб гэтым таксама, але ў першую чаргу аб маральным падзенні дзяржавы, якая ў сваей прадажнасці зайшла ў такі тупік, з якога пісьменнік выйсця не бачыць.

Як працяг тэмы падзення разглядаецца характар Казіміра Анкуды, галоўнага героя аповесці “Без пакаяння”. Уласнік трох магазінаў Казік страляе ў хлопчыка за тое, што апошні украў у яго батон белага хлеба. Забойства падлетка вывела Анкуду са звыклай каляіны. Ён, сын вёскі і выхаванец савецкай школы, як сведчыць аўтар, яшчэ не зусім маральна дэградаваў. Недзе падсвядома ў душы героя ідзе барацьба, якая і падштурхоўвае яго да пакаяння. Казімір Пятровіч гатовы прыняць пакаянне перад жонкай, маці і нават Богам у царкве. Толькі аўтар гэта ўжо задаволіць не можа. Яму патрабуецца поўнае, абсалютнае пакаянне – пакаянне перад людзьмі. Такога пакаяння герой здзейсніць не можа. На гэта ў яго не хапае мужнасці і сіл.

Казік Анкуда – не толькі герой свайго часу, але і яго ахвяра. Ён трагічны “вінцік” таго сацыяльнага механізму, які нясе свету хаос і разбурэнне. Пісьменнік адмаўляе гэтаму класу людзей, ён не бачыць за імі будучыні, бо менавіта яны, новыя гаспадары, адкрыліся ад мінулага, груба перарвалі сацыяльную гармонію свету.

Іван Шамякін стварае калі не цалкам адмоўныя, то амбівалентныя тыпы герояў. Алег Журковіч і Іван Ціхотка з аповесці “Завіхрэнне” (1998) – людзі заблытаных лёсаў, абодва прайшлі праз “турэмную акадэмію” і, урэшце, апынуліся на волі. Падчас гутаркі ў парку яны згадваюць рамантычныя мары-памкненні, якія з’яднялі іх у няволі, разважаюць пра сваё месца ў новым жыцці. Былых зэкаў выдве турэмна-лагерны жаргон, але ў гэтым насычаным дыялогу гучыць думка, што трэба жыць “па-боску”. І мы пераконваемся, што яны не ператварыліся, як бывае нярэдка, у адпетых падонкаў ці закончаных нягоднікаў. Наадварот, абодва імкнуцца пачаць жыць па-іншаму: сумленна і па справядлівасці. А пачаць ці перапісаць, як кажуць, жыццё з новага, чыстага аркуша няпроста і нялёгка. Алегу Жыкковічу цяжка адаптавацца на свабодзе і змірыцца з тым, што яго несправядліва і сурова пакаралі Маладога архітэктара суд прызнаў забойцам каханай дзяўчыны Рагнеды, абвінавачванне, грунтавалася на адсутнасці алібі і на падставе яе дзённікавага запісу: ”Зноў пасварылася з Алегам. Ён сказаў, што яму хочацца забіць мяне. Ой, як страшна!...” [8, с. 11]. Не стрымаў хлопец сябе, вырваліся гарачыя словы, і за гэта давялося заплаціць ледзь не сваім жыццём. Журковічу пагражаў расстрэл. Але на камісіі, разглядаючы яго просьбу аб памілаванні, у дыскусію з генпракурорам уступіў пісьменнік, які паставіў пад сумнеў вінаватасць асуджанага, маўляў, не мог той забіць дзяўчыну, якую кахаў. Камісія даравала Журковічу жыццё, з камеры смяротнікаў яго адправілі на этап, і ён апынуўся на кранавых рудніках. У зоне “без віны вінаваты” мусіў пазнаць лагерныя зоны, “невыносныя пакуты… маральнага падзення” . Нямала мінула часу, пакуль злавілі маньяка, серыйнага забойцу, які звёў са свету больш дзесяці жанчын, у тым ліку забіў і Рагнеду Карэцкую. Прайшоўшы праз цяжкія выпрабаванні лёсу, Алег Журковіч не зламаўся і застаўся чалавекам, які ўсёй сваёй існасцю жадае іншага жыцця: ”А я хачу быць на святле. Я хачу навярстаць страчанае, вярнуць гады, якія ў мяне ўкралі…! ” [16, с. 633]. Несправядліва пакараны чалавек мае свой рахунак да суддзі і пракурора, якія зрабілі, як лічыць былы лагернік, недаравальную памылку праз сваё верхаглядства, тэндэнцыйны разгляд крымінальнай справы. “Сем гадоў ён капіў на правасуддзе тае ўлады, якая невіноўнага асудзіла на смерць… Як лёгка можна чалавека прыхлопнуць. Як муху. Рухнула тая ўлада…”[16, с. 634]. Аднак Алег Журковіч персаніфікуе тагачаснае зло, бо не толькі тагачасная савецкая судовая сістэма вінавата ў яго скалечаным лёсе, і расшуквае суддзю Абабурку і пракурора Загадая. Ён вырашыў патрабаваць у іх матэрыяльную кампенсацыю за сем гадоў лагерных пакутаў, а калі тыя не пагодзяцца па-добраму, то дамагчыся гэтага праз суд.

Сустрэча з былой суддзёй Фросяй Абабуркай расчаравала: яна працуе натарыусам, пастарэла, неахайная, да таго ж яе дачка даглядае малога сына-інваліда. Крыўда і неўтаймаваны гнеў перапаўняюць Журковіча, аднак быць жорсткім і без ніякіх маральных прынцыпаў – гэта не яго амплуа. Адчуванне сябе ахвярай трагічнай памылкі не ператварыла яго ў сляпога чалавеканенавісніка “Я грэшны: усім дараваў…суддзі, нават суддзі…”[16, с. 636]. А вось каму не можа дараваць лагерны пакутнік, дык гэта пракурору Багдану Загадаю, які не шкадаваў прамоўніцкага імпэту і гневу, ”з садысцкім задавальненнем падводзіў маладога архітэктара пад “вышку” [16, с. 636]. Журковіч – закладнік не толькі судовай сістэмы, але ахвяра кар’ерных амбіцый пракурора : “Усе такія, як ён, толькі матэрыял, з якога пракурор будаваў дабрабыт сваей сям’і, а не людзі, чалавекі” [8, с. 170]. Алег перад памяццю Рагнеды прагне помсты кар’ерысту і хапугу: ”Мяне, невінаватага, падвялі пад “вышку”, і сумленне іх не грызе. Ні Загадая, ні Абабурку. Я прымушу іх заплаціць за мае пакуты. І ты не можаш мяне асудзіць. Гэта будзе помста і за тваю смерць. Не яны забілі. Але яны не шукалі забойцу” [16, с. 340]. Не маючы ўласнага жытла і атрымаўшы ў якасці кампенсацыі ад Загадая старую дачу, ён, тым не менш, і тут не можа пераступіць за мяжу маральнай дэградацыі, пераўвасобіцца ў раз’ятранага грабежніка: “…Але заставацца яшчэ нават паўгадзіны ў кампаніі пракурора не было ніякага жадання. Цяпер, калі галоўная мэта, можна лічыць, дасягнута, хочацца хутчэй забыцца на гэтага чалавека, які сваёй падатлівасцю, уступлівасцю, спалоханасцю маральна расслабляў яго, рабіў талстоўцам: даруй ворагу свайму” [17, с. 176]. Алег Журковіч захоўвае сваю непрыязнасць да пракурора, пагарджае гэтым загнаным у кут нікчэмным служкам, канфлікт паміж імі па сваёй маральна-этычнай сутнасці невырашальны. Пісьменнік раскрывае ўнутраную драму і траўмаваную свядомасць Журковіча, разглядае яго паводзіны і ўчынкі ў святле так званага робінгудства, гуманнай ідэі “талстоўства”. Алег Карнеевіч імкнецца мужна і годна перанесці ўдар лёсу, знайсці сябе ў надзвычай складаным сучасным свеце. “Ты проста многа корпаешся ў сваёй душы” [17, с. 174]., - заўважае яго хаўруснік-аднадумца Іван Ціхотка, на што “талстовец адказвае: ”Я разграбаю там завалы, вымятаю смецце. Будую адстойні… Уся каламуць павінна адстаяцца” [17, с. 174]. У лагеры былы смяротнік піша раман, на волі ён, ужо “сівы мужчына”, выдае газету – і ўсё гэта робіць дзеля памяці пра Рагнеду, высвятлення праўды, ”моманту ісціны”. Хто ж ён, Журковіч: ахвяра трагічнай памылкі, вязень з абвостраным пачуццём справядлівасці ці проста высакародны разбойнік, які хоча “ўзяць… у зладзеяў багатых, каб дапамагчы бедным? ” [17, с. 177]. Вось якое вызначэнне ў творы яму дае стары пісьменнік Іван Андрэевіч “….Але ў жыцці ён не герой, ён – святы пакутнік…”[17, с. 177].

Алег Карнеевіч кажа пра Івана Ціхотку, што ён “сумленнейшы хлопец”. Ці так гэта на самай справе? Яго, хворага на клептаманію, тройчы адпраўлялі ў турму за кватэрныя крадзяжы. Ціхотка рабуе толькі багатых, заможных людзей. У яго свая праўда, але ён яшчэ не страчаны чалавек, пра гэта сведчыць яго шчырае пакаянне: “Мне сорамна было толькі аднойчы за ўчынак свой – калі краў кашалёк у сялянкі, што прадала на рынку парсючка. Яна галасіла. А я смяяўся. А пасля часта сніў гэтае грэхападзенне і мне ўсё больш рабілася сорамна” [17, с. 181]. Ціхотка, калі апынуўся ў чарговы раз у зняволенні, трапіў пад уплыў Алега Карнеевіча, паверыў у рамантычныя казкі і гісторыі, якія той распавядаў. “Украсці ў багатых, каб памагчы бедным” [16, с. 638]., - стала дэвізам яго жыцця, якія бессорамна рабуюць народ і краіну: ”… Дык я – анёл бязгрэшны ў параўнанні з імі, хто купіў такія магазіны, ”мерседэсы” [16, с. 639]. Парадаксальная, дзіўная рэч: учарашні “крымінальнік”, які думае пра бедных і хворае дзіця Ірэны Сопкі, мае большыя шансы стаць героем узвіхранага жыцця і часу, чым тыя, што зрабіліся галоўнымі хапугамі. Ціхотка – вораг “сістэмы багатых”, антаганіст грамадства, у якім жывуць не па-боску і не па справядлівасці, яго выказванні супадаюць з аўтарскім падыходам да ацэнкі негатыўных падзей сучаснасці, якія спарадзілі разбурэнне сацыяльна-этычных асноў светаўладкавання.

Журковіч і Ціхотка хочуць стаць сучаснымі робінгудамі і здзейсніць высакародныя ўчынкі дзеля тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Алег зрабіўся для Ціхоткі настаўнікам жыцця, які вучыць: “Запомні: самае цяжкае – аддзяліць справядлівае ад несправядлівага, ці наадварот. Спачатку давай навучымся рабіць добрыя справы” [16, с. 640]. Журковіч і Ціхотка адгукнуліся на крык роспачы маладой маці Ірэны Сопкі, якая праз газету звярнулася з просьбай дапамагчы ўратаваць яе васьмігадовую дачку. Яны дасталі патрэбныя грошы для аперацыі дзяўчынкі ў Германіі - і выратавалі ёй жыццё. Але дзе ж гэтыя “высакародныя супермены” бяруць валюту? Яны ўчыняюць, як лічаць, справядлівую экспрапрыяцыю ў пракурора-хабарніка Загадая, а частку з выкрадзенай Ціхоткам сумы ахвяруюць на лячэнне малой Хрысціны.

Рэальнасць калізій і рамантызацыя “робінгудства” папярэднічае дэтэктыўнай развязцы падзей, звязаных са стрэлам у Івана Ціхотку і смерцю Валеры Загадая, сына пракурора. Эпілог у творы завяршае сюжэтныя лініі. Ёсць тут і рысы хэпі-энду (шчаслівага фіналу): Ірэна згадзілася выйсці за Алега замуж. Сюжэтны псіхалагізм у “Завіхрэнні” грунтуецца на драматызацыі дзеяння, сінтэзе эмацыянальнага і аналітычнага пачаткаў.

Пісьменнік, ствараючы вобразы маральных дэгенератаў, не шкадуе сатырычных фарбаў, і перад усім – гратэску. З аповесці “У засені Палаца” (2000) паўстаюць два выразна індывідуалізаваныя тыпы. Паступова адбываецца палярызацыя герояў – сацыяльная і маральная. Пенсіянер Адам Фадзеевіч Стрыжэўскі на сваёй сям’і зведаў усе цяжкасці і нягоды так званага пераходнага перыяду. Ён адносіцца да ліку тых сацыяльных слаёў грамадства, якія апынуліся на мяжы выжывання і беднасці. У шыкоўны прыватны супермаркет ён ходзіць пераважна на экскурсію, бо атрыманую пенсію даводзіцца ашчаджаць. Валянцін, сын Стрыжэўскага, марыць “у якую б фірму перайсці з гэтага гаража, каб атрымаць чалавечую зарплату” [18, с. 24]. Матэрыяльная нястача і адсутнасць у бліжэйшы час пэўнай жыццёвай перспектывы змушаюць адама Фадзеевіча пагадзіцца з прапановай былога падначаленага (Прытокі) вартаваць дачу. Меркаванні сямейнікаў адносна будучай працы Стрыжэўскага падзяліліся. Ён паслухмяна выконвае ўсе даручэнні багатага дабрадзея, які прыніжае і зневажае яго годнасць. Відаць, раней, працуючы на адказнай пасадзе, ён кіраваўся правілам – працаваць добрасумленна, адказна выконваць загады. Аднак спалохаўся, што ў ім “нараджаецца халуйская псіхалогія” [18, с. 127]., і за гэта дакарае сябе.

Іван Піліпавіч Прытока - багаты камерсант-прадпрымальнік, ”новы беларус”. Пісьменнік раскрывае псіхалогію гэтага дэгенератыўнага тыпа, паказвае яго сапраўдную сутнасць. Былы чыноўнік здолеў у постперабудовачны час нажыць капітал, бо з уласных структур прытокі адыходзілі не з пустымі рукамі . Ён прагне яшчэ болей разбагацець, а дзеля гэтага трэба “круціцца”. Таму на працягу многіх гадоў высільваецца, не ведае, што такое адпачынак. Ён пабудаваў самы вялікі катэдж: ” Палац! Нават вежа, як у старажытных палацах…” [18, с. 151]. Па цяжкіх скрынках, якія таемна выгружалі з вялікага фургона, Стрыжэўскі не без падстаў мяркуе, што той займаецца сумніўным бізнесам. “А людзі… на ўласніка катэджа глядзелі як на злодзея. Пра ўсіх багатых народ меў такую думку. А дзе можна было зарабіць грошы на такі палац? Не адна сотня тысяч долараў. Украсці. Можа, не ў прамым сэнсе, але падпольны бізнес (што ў скрынках) – хіба не тое ж рабаўніцтва…”[18, с. 206]. Чаму ж людзі так адмоўна ставяцца да Прытокі? Багатаму камерсанту зайздросцяць учарашнія “савецкія людзі”, выхаваныя ў іншых сацыяльных умовах, яго грандыёзны палац – па сутнасці, выклік тым, хто апынуўся на задворках жыцця. Несправядлівасць у грамадстве, чалавечая несумленнасць, філасофія нажывы – загрэбсці ці адхапіць болей для сябе, карыстаючыся сітуацыяй, - усё гэта ніколі не віталася і не прымалася ў народзе. Вось чаму, уласна кажучы, герой аповесці Адам Фадзеевіч, ды і сам пісьменнік, не прымае новага тыпу міжчалавечых адносінаў і тых парадкаў, якія прадвызначаны выключна матэрыяльна-маёмасным становічшам асобы. Стрыжэўскі стаіць на пазіцыях сацыяльна-этычнага, гуманнага ўладкавання жыцця. Пры гэтым “стары філосаф” згадвае вучэнне Хрыста. “Але ці не стане чалавеку лягчэй жыць? Ці згінуць боль і смутак? [1, с. 295]. – вось што хвалюе Адама Фадзеевіча. Вядома, можна паспрабаваць ізалявацца ў палацы-вежы ад астатняга люду, яго болю, пакутаў, праблем. Аднак, калі няма “народнага шчасця”, то, відаць, не ўратуе “рай для сябе”. Прытока страчвае чуласць і тактоўнасць, не паважае іншых людзей. З тымі, каго сустракаў у пасёлку, ён вітаўся, быццам рабіў ласку. “Паводзіў сябе васалам”і “не лічыў патрэбным спрачацца з вартаўніком – батраком сваім…”[16, с. 637]. Ён мяркуе, што Стрыжэўскі павінен слугаваць з такой жа шчырасцю ды адданасцю, як і яго сабака Бокс. Вартаўніцтва ў багацея, зрэшты ператвараецца ў “сабачую службу”. Статус уладальніка палаца акурат і раскрываюць словы, якія ў кантэксце твора нясуць ацэначную характарыстыку: “туз”, ”васал”, ”капіталіст”, ”гаспадар”, ”бос”… Прытока пачувае сябе князем у палацы і гаспадаром сучаснага жыцця.

У асяродку раскошы і багацця маральна дэградуе Прытокаў сын Вадзім, сведкам чаго робіцца стары вартаўнік. Стрыжэўскі з цяжкасцю зносіць п’янае баляванне ў катэджы-палацы, жахаецца сексуальнай разбэшчанасці моладзі, бачыць, што забава ў басейне дайшла да ўжывання наркотыкаў. Вадзім вырашыў адпомсціць Адаму Фадзеевічу, які паведаміў бацьку пра пагулянку сына з кампаніяй. Стрыжэўскі хоча падаць у суд за нанясенне шкоды здароўю. Але Вадзімаў бацька, пагражаючы, адразу папарэдзіў, што таго чакае. Блізкія і родныя людзі адгаворваюць Стрыжэўскага ад намеру ”нешта адсудзіць”.

Пісьменнік сцвярджае, што нягледзячы “на ўвесь бардак, які робіцца навокал і ўвогуле ў сваце” [18, с. 290]., вышэй з ўсё вечныя маральныя каштоўнасці. Можа пераадолець многае, калі чалавек чысты душой, дбае пра сваю чалавечую годнасць, мае трывалую аснову жыцця – сям’ю. “ Грамадства чакае непапраўная катастрофа, калі ў ім возьмуць верх бессаромнае ашуканства, вузкакарыслівае прыстасавальніцтва, нахабны дыктат грошай, прыніжэнне асобы, усёдазволенасць, хамскія звычкі і цынічныя парадкі” [18, с. 354]. Пра гэта І. Шамякін папярэджвае з усёй маральнай адказнасцю, грамадзянскай заклапочанасцю, паказваючы сучасную рэчаіснасць у яе супярэчлівасці.

Пісьменніка заўсёды цікавіў чалавек не толькі ў сацыяльных і грамадскіх умовах, але і ў сямейна – бытавым асяродку. Ён стварыў нямала яскравых, жывых характараў, унутраная сутнасць якіх раскрываецца ў няпростых жыццёвых сітуацыях. Сямейныя ўзаемаадносіны герояў знаходзяцца ў цэнтры аповесці “ Абмен” (2001). Пісьменнік наглядна паказвае, што паміж Аксёнам і Ядвігай няма псіхалагічнай сумяшчальнасці, сапраўднай гармоніі і паразумення. А гэта, зразумела, аддаляе іх адно ад аднаго і няўхільна вядзе да сямейнага разладу. Таленавіты матыматык, малады прафесар Аксён Крапіўка апантаны навукай, запалонены складанымі формуламі. Ён бракуе ўвагай і чуласцю да сваёй жонкі, для якой самае галоўнае – каханне. Ядвіга крыўдуе і сярдуе на мужа праз абыякавасць да яе жаночай прыгажосці. У сям’і няма дзяцей, кожны з герояў прагне і шукае ў жыцці сваю радасць і шчасце: Аксён – у навуковай творчасці, Ядвіга ж аддаецца любоўнай страсці з другім мужчынам. Жончына здрада моцна апякае сэрца і свядомасць, у святле сямейнай катастрофы Крапіўку не цешыць сенсацыйны поспех на навуковым сімпозіуме, наадварот, яго формула жыцця церпіць крах, бо ён ставіў поруч сваю матэматыку і каханне да Ядвігі, думаў, што “яго любоў і каханне – навука і яна…”[17, с. 171]. Падмануты муж прымае рашэнне развесціся, лічыць, што гэта адзіны выхад з сямейнага канфлікту. У той жа час малады прафесар Крапіўка дакарае сябе: ”Відаць, сапраўды вінаваты ён: не здольны даць жонцы ўсе радасці, якія яна хоча” [17, с. 171]. Але віна Ядвігі не меншая, а мо нават і большая, у тым, што іх узаемаадносіны зайшлі ў тупік. Маладая жанчына даймае мужа, нават абражае яго, абвінавачваючы ў занудлівасці, робіцца настойлівай і патрабаванай. Не той шлях мацавання кахання і сям’і, відаць, абрала Ядвіга. Аксёну Пракаповічу ў сваіх навукова – творчых пошуках проста неабходна было засяродзіцца. Ядвіга ж не здолела стрымаць свае эгаістычныя жаданні і намеры. ” Ох, як мне ўсё абрыдала!” [17, с. 171]. – усклікае яна падчас сямейнай сваркі. Ядзвіга не то помсціць мужу, не то шукае прыгодаў і інтымных уцехаў. Пасля находзіць апраўданне сваім паводзінам: ”Жыву як хачу. Свабода!...” [19, с.164]. Аднак пісьменнік не спяшае асуджаць сваю гераіню, бо “ такая пэўна прырода чалавечая – грэх ад Адама і Евы пайшоў” [19, с. 178]. І. Шамякін, даследуючы асабістае, інтымнае ў чалавечай свядомасці, паказвае, як псіхалагічна складаныя адносіны між блізкімі людзьмі адбіваюцца на самаадчуванні асобы, выбіваюць яе з жыццёвай каляіны. Невыпадкова “пакрыўджаны, з выбітым цвёрдым грунтам” Крапіўка думае пра самагубства. Камяк, палюбоўнік Ядзвігі, не цэніць, што падараваў лёс: цудоўную жонку, сям’ю. Праз сваю разбэшчанасць ён таксама стаў руйнавальнікам сямейнага свету, прынёс няшчасце блізкаму чалавеку. Кожны з герояў зрабіў свой выбар, сюжэтная інтрыга набыла пры гэтым нечаканую развязку.

Як бачым, І. Шамякіна цікавіць праблема сучаснай сям’і, недаўгавечнасці шлюбу. Пісьменнік праводзіць сваіх герояў праз выпрабаванне каханнем, вернасцю. Раскрываючы калізіі прыватнага жыцця, ён даводзіць, што без духоўнай еднасці няма паразумення ў сям’і, яе трываласці. Міжчалавечыя дачыненні павінны быць паўнакроўнымі, пазбаўленымі аднабаковасці, безразважнага эгаізму і маральнай безадказнасці.

Такім чынам, сучаснік і сучаснасць у творах Шамякіна апошніх гадоў паўстаюць вельмі вобразна і дэталёва, мастак дасягае вялікай рэалістычнасці і тыповасці ў іх абмалёўцы. На прыкладзе гэтых твораў мы ўбачылі, што кожны герой твора І. Шамякіна – гэта “герой свайго часу”. Але кожна час, кожная эпоха мае як станоўчых, так і адмоўных герояў. У апошні час, праўда, больш адмоўных. Такі час. Героі І. Шамякіна ў сучасным жыццёвым хаосе страцілі сябе, згубілі перспектыву духоўнага развіцця – у гэтым іх трагедыя. І. Шамякін заклікае людзей да духоўнага ачышчэння, маральнага ўваскрашэння.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]