Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Adaratsyya_V_P.docx
Скачиваний:
25
Добавлен:
24.08.2019
Размер:
44.53 Кб
Скачать

Змаганне з грахом – гэта заданне на ўсё жыццё. Каб перамагаць у гэтай барадзьбе трэба добра ведаць сваё сумленне, свае слабасці і свае грахі. Гэтае Набажэнства не мае быць толькі пералікам Тваіх грахоў. Перш за ўсё – гэта малітва. Грахі не толькі трэба ведаць, лічыць і вымаўляць на споведзі. Грахі трэба аддаваць Богу на малітве, трэба над нашымі грахамі заклікаць міласэрнасць Пана і Ягоную моц. Гэтая адарацыя-разважанне мае сэнс толькі тады, калі стане малітвай. Гэта спроба паразмаўляць з Панам пра нашу слабасць. Рахунак сумлення пабудаваны як дыялог асобы (у тэксце - І) і сумлення (у тэксце - ІІ). Фрагменты з Бібліі павінны дапамагчы нам наблізіцца да Абліччы Пана, і калі магчымы спеў, то ён можа стаць формай адказу – праслаўлення, што ўзвялівае Прабачальную Любоў Госпада. Добра, калі такі Рахунак Сумлення можна зрабіць у групе, бо нам не хапае пачуцця супольнага перапрашэння Пана, а Ён жадаў, каб мы вызнавалі адзін аднаму нашыя правіны.

І яшчэ раз, памятай, гэтае разважанне не мае намер пералічыць твае грахі, цябе прынізіць, альбо засароміць. Мэта адна – дапамагчы твайму сэрцу маліцца ў праўдзе і пакоры, знайсці суцяшэнне і падрыхтаваць яго да пасхальнай сустрэчы з Панам у таямніцы Споведзі.

ВЯЛІКІ ПОСТ 2012. Барысаў.

ЧАСТКА І.

Езус і мае спакусы.

Святая Гостыя…(спеў)

Святая Гостыя, Крыніца Божай любові,Ты нашым душам моц даеш.

1.О, Ўсемагутны, што цела прыняў ад Марыі. *Прыходзіш у маё сэрца, ціхі і

просты, * Слабасці нашы не раздзеляць нас з Табой.

2. Сэрца маё – Твая святыня, о Валадар Хвалы адвечнай, пануй і валадар у ім, нібы ў палацы. Будзь праслаўлёны, мой пакорны Бог.

І. А калі Езус узняў вочы і паглядзеў на натоўп, які сабраўся вакол яго, сказаў Філіпу: Адкуль возьмем хлеба, каб накарміць гэтых людзей? (Ян 6,5)

ІІ. Вакол хлеба заўсёды збіраюцца галодныя. Чалавек, які даўно не еў, сніць водар хлеба. Вакол белага хлеба на алтары, вакол маленькай белай Гостыі збіраюцца натоўпы галодных людзей. Голад зразумення, голад сяброўства, голад спагады, здароўя, дабрабыту, і, нарэшце, голад любові… Голад чалавека, фізічны ці духоўны, заўсёды страшны. Галодныя вочы галодных людзей узіраюцца ў кавалак хлеба, такога маленькага.

І. А захоўваючы пост сорак дзён, пачаў Езус адчуваць голад. Наблізіўся тады да яго спакушальнік і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, загадай тым камяням, каб яны сталіся хлебам. (Мц. 4,2-3)

ІІ. Дык чым накорміш народ? Ці стануцца хлебам камяні сэрцаў нашых блізкіх? Ці зможаш нас наталіць у пустыні нашага свету сяброўствам, любоўю і ласкай, чалавечым смехам і сапраўдным шчасцем? Загадай, каб камяні вакол нас сталіся хлебам!

І. Але Ён адказаў: Напісана, не адзіным хлебам жыве чалавек… (Мц. 4,4) А калі елі, узяў Езус хлеб, благаславіў яго, ламаў і раздаваў вучням, кажучы: “Бярыце і ешце, гэта цела Маё…”(Мц. 26,26)

Шукаю Твар Твой…(спеў)

  1. Шукаю твар Твой, Пане мой.

Шукаю твар Твой кожны дзень.

Па Табе тужыць душа мая,

Чакаю слова Твайго.

Ты вядзі за Сабой, Езу, дзе шлях Твой.

Ты вядзі за Сабой, Езу!

(за Сабой)

За Сабой, Пане мой, Ты вядзі кожны дзень!

За Сабой, Пане мой, Ты вядзі…

І. Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на версе святыні і сказаў: “Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам сваім загадае, і на руках панясуць Цябе, каб Ты не спатыкнуўся аб камень нагою сваёй.” (Мц. 4,5-6)

ІІ. Калі Ты Сын Божы, не стой далёка! Калі Ты Валадар мой, не дазволь, каб мая нага спатыкнулася. Калі Ты Пан, у якога я паверыў, беражы мяне, сцеражы на маіх шляхах. Дык чаму сустракаюць мяне няшчасці, чаму страх ахінуў мяне і не абмінула мяне хвароба, чаму жыву я ў самоце і прыніжэнні, а навокал здрады і незразуменне…? Калі Ты Сын Божы, ратуй мяне, падтрымай, не пакідай!

І. І адзін са злачынцаў насміхаўся з Яго кажучы: Калі Ты Месія, уратуй сябе самога і нас… (Лк, 23,39)

А падобна і святары насміхаліся з Яго кажучы: Іншых выбаўляў, а цяпер сябе збавіць не можа. Эй, Мессія, Кароль Ізраэльскі, сыдзі з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі…” (Мк. 15,31-32)…

Езус сказаў спакушальніку: “Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго.” (Мц. 4,7)

Ты ведаеш сэрца маё…(спеў)

Ты ведаш сэрца маё,

Ты ведаеш думкі, з якімі не проста.

Ты ведаеш усё, што напаўняе мяне,

Ты — мой Госпад.

Твае пальцы мяне ляпілі,

Дотыкі мяне будзілі,

Твае вочы мною захаплялісь,

Твае вусны мне так усміхалісь.

І. Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх, кажучы: “Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне.” (Мц. 4,8-9)

ІІ. Верыць лёгка тады, калі нічога не траціш. А як добра, калі праз веру ўдаецца штосьці яшчэ і прыдбаць! Але як магчыма верыць, калі нешта прыходзіцца губляць? Ці ведаеш, як нам цяжка траціць час на малітву, калі мы маладыя і столькі ўсяго цікавага навокал нас? Ці ведаеш, як цяжка адмовіцца ад заробку, калі грошай не хапае, а ёсць магчымасць працаваць у нядзелю? О каб Ты ведаў, як балюча губляць блізкага сябра альбо каханага, калі трэба рабіць выбар паміж ім і Тваімі Запаведзямі.

І. Тады сказаў яму Езус: “Адыдзі, сатана, бо напісана: “Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.” (Мц. 6,10)

Святло жыцця…

Святло жыцця, асвяці маю цемру,

Аздараві сэрца зрок.

Міласць Твая дасягае неба,

Праўда Твая вышэй зор.

Ты адзіны верны,

Ты адзіны вечны,

Ты адзіны годны хвалы.

Ты адзіны слаўны,

Ты адзіны Пан мой,

Ты адзіны Бог мой,

Толькі Ты!

Каб толькі зразумець я мог,

Цану, што заплаціў мой Бог.

ЧАСТКА ІІ.

Р А Х У Н А К С У М Л Е Н Н Я

Брат і сястра! Перад нашым Панам, Хрыстом, які за нас цярпеў, памёр і ўваскрос, зробім рахунак нашага сумлення. Вызнаем перад Абліччам Пана 7 галоўных грахоў ў гэтым надзвычайным часе ласкі. Будзем усклікаць словамі Прарока Ісаі, вызнаючы нашыя правіны, і будзем прасіць міласэрнасці Церпячага Слугі Пана, “бо ў смерці Ягонай нашае жыццё, а ў Ранах Ягоных нашае аздараўленне”.

Мая Пыха:

Пыхлівым Бог супрацівіцца (1Пятра 5.5)

І. Пыха прымушае мяне ўвесь час прыкідвацца, што я іншы. З-за пыхі я баюся споведзі: “Што пра мяне падумае святар? Ён бачыць ува мяне класнага чалавека, а я… Не, каб я калісці сказаў праўду пра сябе? О Божа, Не!”

ІІ. Паслухай, здымі гэтую маску і скажы сам сабе: “Я грэшны і праціўны”. Ну вось, так ужо лепш, прынамсі, Бог ужо мае, што табе прабачаць.

І. Праз пыху я хлусіў.

ІІ. Каб ніхто не даведаўся, на што ты здольны і хто ты такі.

І. Праз пыху я прыніжаў іншых.

ІІ. Бо такім чынам ты сам выглядаеш значна лепш.

І. Праз пыху я прыкідваўся пакорным, лепшым, чым я ёсць на самой справе.

ІІ. Каб бачылі цябе і каб цябе хвалілі.

І. Праз пыху я асуджаў іншых.

ІІ. Бо ты найлепш ведаеш, якімі яны павінны быць.

І. Праз пыху я не прымаў дапамогу ад іншага чалавека.

ІІ. Бо ўсё ты сам ва ўсім разбярэшся.

І. Праз пыху я не маліўся.

ІІ. Бо сам справішся ў жыцці, а дзякаваць -- за што?…

І. Пыха -- мая любімая маска, ніколі не пакажа іншым, хто я…

(Маўчанне)

ІІ. Вось пашчасціць слузе Майму, ён узвысіцца, узнясецца і будзе ўзвялічаны. Як многія здзіўляліся: настолькі знявечаны быў, як ні ў кога, выгляд ягоны, а постаць яго не нагадвала чалавечай. Так здзівіць ён многія народы, каралі перад ім закрыюць вусны свае, бо ўбачаць яны тое, пра што ім не было сказана, і спазнаюць тое, чаго ніколі не чулі. Хто ж паверыць таму, што мы чулі, і каму адкрылася плячо Пана? (Іс. 52, 13 – 53,1)

І. Маю пыху можа вылечыць толькі праўда. Не, не пра іншых, а пра мяне…

Пане, ўчыні…(Спеў)

Пане, ўчыні, Пане, ўчыні,

Каб маё сэрца стала Тваім!

Каб быў ціхі і лагодны, як Ты,

Каб знайшоў супакой для маёй душы.

М а я Х ц і в а с ц ь:

Хцівасць нараджае спрэчкі, а хто давярае Пану, будзе мець усяго ўдосталь (Прысл. 28,25)

І. Давай памарым. Калі б людзі не мелі неўпарадкаваных прагненняў, не трэба было б усталёўваць сігналізацыі, не патрэбныя б былі цяжкія дзверы ў дамах і краты на вокнах, і нават замкі ў дзвярах. Не патрэбныя былі б кандуктары і кантралёры, і тысячы ўсялякіх устаноў, якія правяраюць толькі адно: ці не ашуквае нас хтосьці.

ІІ. Але, на жаль, людзі зраненыя хцівасцю, і ты таксама. Паслухай:

ІІ. Ты браў не свае рэчы.

І. Бо яны проста былі нічые… А што там, падумаеш, такая дробязь…

ІІ. Ты не купляеш квіток у транспарце.

І. Бо тыя некалькі рублёў спатрэбяцца на штосьці іншае…

ІІ. Ты не прызнаўся, калі сапсаваў чужую рэч.

І. Навошта, пра гэта ніхто ніколі не даведаецца…

ІІ. Ты краў…

І. Бо было б смешна не скарыстацца такой магчымасцю…

ІІ. Нішто так не з’ядае супакой у тваім сэрцы, як твая ўласная хцівасць…

(Маўчанне)

Але Ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашыя хваробы, а мы думалі, што Ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне свету нашага на Ім, і ў ранах Яго мы атрымалі здароўе. (Іс. 53, 4-5)

ІІ. Хцівасць можна вылечыць толькі сумленнасцю, якая не ведае кампрамісаў.

Хрысце да Цябе прыходжу…(Спеў)

Хрысце, да Цябе прыходжу ў самоце і стамленні.

Станаўлюся на калені, сэрца поўнае сумненняў.

Я, мой Езу, давяраю боль Табе і горкі смутак

І прашу, мой мілы Пане, каб узяў мяне за рукі.

Езу, давядзі да нябесных брам.

Езу, вызнаю я правіны сам.

І прашу, каб ачысціў душу маю,

Бо люблю Цябе, Езу, я люблю…

Цябе, Езу, я люблю…

Усё жыццё, як на далоні, усе ўчынкі, думкі, мары

Адчыняю прад Табою, добры Езу, Валадар мой.

Як я жыў, казаць не смею, сорам вочы зачыняе,

Але зараз, мілы Езу, Твайму сэрцу давяраю

Н я ч ы с т а с ц ь:

Бог Вас паклікаў не да нячыстасці, але да святасці. 1 Тэс 4,7

І. Я не распуснік і не чужаложнік. Я дазваляю сабе не больш і не менш, чым усе іншыя. Што, ўвогуле ўсё забаронена?

ІІ. Паслухай, калі ў збанок з чыстай вадой ты ўвальеш хоць бы кроплю нейкай брыдоты, з выгляду вада застанецца чыстай, але піць яе ты ўжо не будзеш… Так і з грахамі нячыстасці. З выгляду ты нібы застаешся такі, як і раней, але павер, нібы тая вада, ты нячысты.

І.Праз маю нячыстасць я насычаўся парнаграфіяй…

ІІ. Бо малюнак трапіў на вочы незнарок, інтэрнэт быў уключаны, фільм не хацелася перарываць…

І. Праз маю нячыстасць я шукаў эратычных тэкстаў, аповедаў, думак…

ІІ. Бо ў гэты свет ты ўцякаеш ад сябе і ад сваіх праблемаў.

І. Праз маю нячыстасць я развіваў мае эратычныя мары і фантазіі…

ІІ. Бо толькі ў іх ты адчуваеш свабоду, хаваючы свае комлексы, страхі, пачуццё непаўнацэннасці…

І. Праз маю нячыстасць я прыносіў задавальненні майму целу і ўзбуджаў яго…

ІІ. Няўжо прыемнасць для цябе больш важная, чым уласнае сэрца?

І. Праз маю нячыстасць я правакаваў іншых рухамі, словамі, вопраткай, жартамі…

ІІ. Бо хочаш усім даказаць сваю непаўторнасць.

І. Праз маю нячыстасць імкнуўся да кантактаў з іншым чалавекам…

ІІ. Бо ты не ўмееш сказаць “Не”, ты ўсё павінен мець.

ІІ. Нячыстасць робіць цябе сляпым, і ты не бачыш людзей па-сапраўднаму.

(Маўчанне)

Ён вырас, як парастак, перад намі, і як корань з сухой зямлі. Не меў Ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на Яго; і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў слабасці, ад Якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі Яго за нішто. (Іс. 53,2-3)

ІІ. Нячыстасць можа вылечыць толькі тваё цвёрдае: “Не!”

Блізка Ты, а я…(Спеў)

Блiзка Ты, а я шукаю Духа Твайго,

Чую лёгкi стук у дзверы сэрца майго.

У ветры цiхiм сыдзеш,

Ты зразумець мне даеш, што:

Як дождж цёплы Твая любоў,

Для мяне запалiў Ты зор мiльён.

Я адкрыў Цябе наноў,

Твой бязмежна добры Дух Святы

Да мяне прыйшоў.

З а й з д р а с ц ь:

Дзе зайздрасць і пажаданне спрэчак, там бязлад і ўсялякі грэх. (Як 3,16)

ІІ. Адзін Святы сказаў: Той, хто зайздросціць, падобны да сабакі, які пільнуе тое, што яму самому не патрэбна. Праз гэты грэх людзі шкодзяць сабе і шмат губляюць, але ніхто нічога не здабывае. Той, хто зайздросціць, павінен усё мець і быць лепшым за ўсіх, калі не, то бяда таму, хто лепшы за яго.

І. Я зайздросны…

ІІ. І таму Ты правакаў непатрэбныя спрэчкі, канфлікты і крыўдзіўся на іншых.

І. Я зайздросны…

ІІ. І таму Ты крыўдзіўся на сябра толькі таму, што ён любіць іншых больш, чым Цябе.

І. Я зайздросны…

ІІ. І таму ты нават жадаеш няшчасця бліжняму, які мае лепшыя рэчы, адзнакі, у якога больш сяброў, які прыгажэйшы за цябе.

І. Я зайздросны…

ІІ. І таму ты перадаваў плёткі пра іншага, каб не дазволіць яму ўзвысіцца над Табою.

І. Я зайздросны…

ІІ. І таму ты не дапамог іншаму, і думаеш, што табе таксама ніхто не дапаможа.

ІІ. Зайздрасць узбуджае ў сэрцы самае брыдкае пачуццё – шкадаванне самога сябе.

(Маўчанне)

Пасля ўціску і суда яго схапілі. І хто раскажа пра ягоны род? Бо Ён вырваны з зямлі жывых, за беззаконні народу майго быў замучаны да смерці. І магілу Яму вызначылі разам з бязбожнымі, і пахаванне з багатым, бо не чыніў насілля і не было падману ў вуснах Ягоных. (Іс. 53, 8-9)

ІІ. Зайздрасць лечыць толькі дабрыня. Чым больш раздаеш яе, тым больш яе ў цябе застаецца.

Бог Святы…(Спеў)

Бог Святы, Бог Святы, Пан Бог Святы (х2)

Аданай! Элёхім! Усемагутны! (х2)

Той, што быў, Той, што ёсць,

Пане, Ты прыйдзеш зноў. (х2)

Г н е ў:

Любоў не гневаецца (1 Кар 13,5)

І. Я чалавек, і мяне раздражняюць людзі і рэчы. Словы і погляды. Што я магу зрабіць? Мяне раздражняюць некаторыя асобы!

ІІ. Калі хтосьці раззлаваў цябе, скажы гэта яму адкрыта, і нават моцна. Але часцей за ўсё ты нічога не кажаш, толькі абражаеш, прыніжаеш, альбо носіш у сабе схаваную крыўду. Гэта грэшны гнеў, ён не вырашыць ніводную тваю праблему, ён проста скоўвае злосцю тваё сэрца і трымае яго ў гэтым жудасным палоне.

ІІ. Ты быў у гневе і праклінаў…

І. Бо мяне проста давялі!

ІІ. Ты быў у гневе і ўдарыў чалавека…

І. І я не хачу больш яго бачыць!

ІІ. Ты быў у гневе і казаў брыдкія словы..

І. Бо так лягчэй.

ІІ. Ты быў у гневе і жадаў гора, слёз, а можа нават і смерці іншаму.

І. А няхай ведае, як бывае балюча.

ІІ. Ты быў у гневе і помсціў.

І. А ён мяне пашкадаваў?

ІІ. Ты быў у гневе і казаў хлусню пра іншага.

І. Хаця б так яму адпомшчу!

ІІ. Гнеў, якім ты забіваеш бліжняга, ўрэшце рэшт знішчыць і цябе самога!

(Маўчанне)

Усе мы блукалі, як авечкі, кожны сышоў на сваю дарогу, а Пан усклаў на Яго ўсе нашыя правіны. Цяжка прыгнечаны, Ён скарыўся і не адкрыў вуснаў сваіх. Маўчаў, як ягнё, якое вядуць на зарэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх. (Іс. 53, 6-7)

ІІ. Лек ад гневу – гэта малітва за тых, хто нас пакрыўдзіў. Сапраўды дзейнічае, паспрабуй!

Так скрушы… (Спеў)

Так скрушы, так зламай,

Так згарэць дай мне, Пане!

Застанься толькі Ты, застанься толькі Ты, заўсёды Ты...

Н е ў м е р к а в а н а с ц ь у е ж ы і п і ц ц і:

Глядзіце, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя абжорствам, п’янствам і клопатамі гэтага свету. (Лк. 21,34)

І. Сапраўды, калі я не магу паўстрымацца ў ежы і піцці, становіцца цяжкім і непаслухмяным маё цела.

ІІ. Не, паслухай, не толькі цела, але перш за ўсё тваё сэрца. Калі ты не можаш сказаць сёння самому сабе слова “не”, то заўтра будзеш прадаваць сваю волю за любы кавалак хлеба альбо іншай матэрыяльнай раскошы.

І. Я малады, я вучуся, я проста хачу есці і мне патрэбныя сілы.

ІІ. І таму, ты нават не спрабаваў пасціць…

І. Увогуле добра з’есці, выпіць з сябрамі – гэта класна!

ІІ. І потым нічога не хочацца рабіць, вучыцца, а нават думаць…

І. А што, я павінен быць не такі, як усё, вылучацца?

ІІ. І таму ты напіваешся, курыш, бо сябры, кампанія, весялосць…

І. Не так часта я атрымліваю падарункі ад іншых.

ІІ. І таму ты рэдка кагосьці частуеш, табе проста шкада падзяліцца.

І. Змагацца з сабою – гэта занадта цяжка.

ІІ. І таму ты нічога не зрабіў з сабою ў Посце. Табе проста не хацелася.

ІІ. Страшна, калі чалавек не ўмее казаць сабе “Не”. Жудасна падумаць, што можа яму захацецца заўтра.

(Маўчанне)

Таму даў Яму Пан ўдзел сярод вялікіх, і з моцнымі Ён будзе дзяліць здабычу за тое, што аддаў Сябе на смерць, і быў залічаны да злачынцаў. Ён сам панёс грахі многіх і стаў заступнікам злачынцаў. (Іс. 53,12)

ІІ. Хочаш лячыць гэты грэх? Спрабуй пасціць.

Страх адкінь… (Спеў)

Страх адкінь, на глыбіню плыві -

сам Хрыстос цябе вядзе.

Л я н о т а:

Не будзь адважны праз язык, а ў справах лянівы і нікчэмны… (Сыр. 4,29)

І. Лянота ў мяне бывае, але я працую таксама шмат, і вучуся…

ІІ. Ты думаеш, што лянуешся толькі тады, калі нічога не робіш? Не, ты можаш быць стомлены ажно да смерці, толькі, на жаль, працай, якая нікому не патрэбная. Ты лянуешся, калі штосьці робіш, толькі не тое, што трэба.

ІІ. З ляноты ты не дапамагаў бацькам.

І. Бо ў мяне сваіх спраў хапае, а тое, што яны робяць, мне не патрэбна.

ІІ. З ляноты ты не хацеў вучыцца.

І. Я не адзін такі. Пражыву, як іншыя, не горш…

ІІ. З ляноты ты хаваў свае здольнасці.

І. Ды лепш не свяціцца, няхай самі спраўляюцца.

ІІ. Самае жахлівае, што з ляноты ты не прызнаваўся ў грахах, ты ўжо прывык да іх і баішся працы, каб з імі развітацца.

І. Мой грэх мацнейшы, чым Бог, а я проста слабы, і дайце мне спакойна жыць далей.

ІІ. З ляноты Ты не быў на катэхезе, на Святой Імшы, не маліўся.

І. Час ад часу можна і прапусціць.

ІІ. З ляноты, ты не хацеў рабіць тое, што чакалі ад цябе іншыя.

І. Я маю права рабіць тое, што прыемна мне.

ІІ. З ляноты Ты проста марнаваў час ля камп’ютара, з музыкай, з тэхнікай.

І. Я так адпачываю.

ІІ. Лянота дае адпачынак, калі адпачынкам лічыць смерць, бо лянота – павольная смерць асобы чалавека.

(Маўчанне)

Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны. (Іс. 53, 10-11)

ІІ. Ты вылечыш ляноту, калі будзеш памятаць, што ў кожны момант хтосці цябе патрабуе…

Раскінуў свае рукі… (Спеў).

Раскінуў Свае рукі,

Прыбітыя да Крыжа.

Зірні з яго на зямлю,

Як сокал з узвышша.

  1. Вуліцы гамоняць, мітусяцца людзі

І ў вечар позні, і як ранак будзіць.

Ласкава ўсміхніся, да Крыжа прыбіты,

Паглядзі лагодна на люд Твой працавіты.

  1. Выслухай, хто моліць, накармі галодных,

Дапамажы пакутнікам і прабач памерлым.

Будзь цярплівы, Саколе, да Свайго народа,

Просім прабачэння, надзеі і збаўлення.

Езу, ціхі і стомлены,

збіты і знішчаны,

самотны і голы, на крыжы распяты, адкінуты і забыты,

Усе:выбаў нас, Пане!

Ад страты хоць адной хвіліны майго жыцця

усе: – выбаў нас, Пане!

Ад думкі, што я лепшы за іншых, ад пыхі…

Ад позіркаў, думак, учынкаў нячыстых…

Ад гневу, пагрозаў і слоў непатрэбных…

Ад няволі грошай, ад багацця празмернага…

Ад крывадушнай згоды на няпраўду і крадзеж…

Ад жыцця без малітвы і без Эўхарыстыі…

Ад стомы, якая не дазволіць маліцца…

Ад злога слова пра майго сябра…

Ад злога слова пра ворага майго…

Ад злога слова пра Касцёл – маю маці…

Ад маўчання пра праўду, якая баліць…

Ад майго адыходу ад братоў і сясцёр…

Ад непрыняцця праўды пра мяне самога…

Ад грэху супраць Святога Духа…

Ад страты веры, надзеі, любові..

Ад таго, каб перастаў Цябе, Пане, славіць… выбаў нас, Пане х 3 разы.

Мой Вялікі Пост – гэта пасхальны шлях да Твайго і майго Уваскрасення. Пане, праз свае святыя раны, ззяючыя хвалой, беражы мяне і ахоўвай. Пастукай ў замкненыя дзверы майго дому Раніцай, якую так чакаю. Хрысце, Забіты і Уваскрослы, збаў нас і змілуйся над намі.

Спеў:

Праз зачыненыя дзверы Ты прыходзіш,

Езу Уваскрослы з ранамі ад мукаў,

Сярод нас Ты, Пане, Духа спасылаеш,

Божа Валадар наш, нас аздараўляеш.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]