Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекцыя 12. Бел. мов-ва ў 30-40-я г. ХХ ст..doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
06.08.2019
Размер:
79.87 Кб
Скачать

Тэма 12. Развіццё беларускага мовазнаўства ў 30 – 40-я гады хх стагоддзя

  1. Развіццё мовазнаўства ў Заходняй Беларусі

  2. Беларускае мовазнаўства пасля 19333 года

  3. Распрацоўка правапісу і граматычных норм беларускай мовы пасля Вялікай Айчыннай вайны

1 Развіццё мовазнаўства ў Заходняй Беларусі

Развіццё мовазнаўства ў Заходняй Беларусі звязана з імёнамі такіх таленавітых даследчыкаў як Вацлаў Ластоўскі і Ян Станкевіч.

Вацлаў Ластоўскі – вядомы беларускі гісторык, мовазнавец, пісьменнік, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч, які належаў да тых нешматлікіх беларусаў, якія не толькі ўсёй душою аддаліся беларускай справе, але і аддалі ёй увесь свой час. Станаўленне Ластоўскага як даследчыка мовы прыпадае на часы ўздыму беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Ён быў адным з ідэолагаў нацыянальнага рамантызму – ідэйнай плыні беларускага адраджэння, якая выразна выявілася ў мастацкай і навуковай творчасці К.Каганца, Я.Купалы, М.Багдановіча. У мовазнаўстве нацыянальны рамантызм адлюстраваўся ў імкненні захаваць нацыянальную індывідуальнасць беларускай мовы, надаць ёй кірунак развіцця, які б збярог яе ад асіміляцыі з боку генетычна блізкіх моў, перш за ўсё рускай, мабілізаваць у моватворчасці ўласнабеларускія моўныя рэсурсы.

Вацлаў Ластоўскі пачаў друкавацца з 1909 года ў “Нашай ніве”, дзе змяшчаў мастацкія творы і навукова-папулярныя артыкулы па этнаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі. Першая навуковая манаграфія даследчыка – “Кароткая гісторыя Беларусі”, якая друкавалася спачатку ў газеце “наша ніва”, а затым выйшла асобным выданнем ўВільні (1910) мае раздзелы, прысвечаныя гісторыі пісьменства. Гэта была першая праца па гісторыі Беларусі, напісаная самім беларусам і для беларусаў. У прадмове аўтар адзначае: “працу гэтую ахвярую сынам маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаць гісторыю бацькаўшчыны на сваёй роднай мове”.У сваіх шматлікіх артыкулах Ластоўскі закранаў праблемы паходжання беларускай мовы, яе самабытнасці, гістарычнага абшару. Межы распаўсюджвання беларускай мовы вучоны вызначаў паводле Я. Карскага, але да гістарычна-моўнага абшару далучаў яшчэ Пскоўшчыну і Навагрудчыну.

Дзеля забеспячэння беларускіх школ неабходнай літаратурай В.Ластоўскі выдаў некалькі чытанак і падручнікаў: “Першая чытанка” (1915), “Родныя зярняты” (1916), “Незабудка”, “Сейбіт”, “Загадкі” (1918). Стараннямі Вацлава Ластоўскага ў Коўне выйшлі перакладзеныя з рускай мовы падручнікі па астраноміі, біялогіі, анатоміі, батаніцы, сусветнай гісторыі, рыхтаваліся арыгінальныя рукапісы дапаможнікаў па трыганаметрыі, геаметрыі, хіміі, мінералогіі.

Плёнам шматгадовай працы ў галіне беларускай лексікалогіі, тэрмналогіі і анамастыкі стаў “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” (1924), які змяшчаў каля 17 тыс. слоўнікавых артыкулаў. Беларускую частку слоўніка склалі матэрыялы, якія Ластоўскі пачаў збіраць яшчэ ў 1902 годзе, запісваючы цікавыя словы, пачутыя ў народзе або знойдзеныя ў кнігах. Слоўнік спалучае рысы перакладнога, тлумачальнага, сінанімічнага, часткова этымалагічнага і энцыклапедычнага слоўнікаў. Значэнне слова ілюструецца прыкладамі з дыялектаў або фальклору. Найважнейшая асаблівасць слоўніка – вялікая колькасць наватвораў, якія Ластоўскі ўводзіў тады, калі пошукі ўласнабеларускай лексікі ў дыялектах і помніках пісьменства не давалі выніку. Для стварэння слоў вучоны выкарыстоўваў прадуктыўныя словаўтваральныя мадэлі. У дадатках да слоўніка змешчаны распрацоўкі вучонага ў галіне батанічнай і вайсковай тэрміналогіі, а таксама “Крыўскі іменнік”. Слоўнік Ластоўскага мае выразны індывідуальна-творчы характар і не прэтэндуе на нарматыўнасць. Лексічныя пошукі даследчыка ў розныя часы ацэньваліся неадназначна, аднак пэўная колькасць адшуканых і створаных ім слоў вытрымала выпрабаванне часам: дойлід, спаборніцтва, нашчадак, носьбіт, святар.

Пытаннямі графікі і арфаграфіі новай беларускай літаратурнай мовы Ластоўскі зацікавіўся ў 20-я гады. На Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 года, дзе вучоны быў абраны старшынёй Графічнай камісіі, ён выступіў супраць увядзення лацінкі, папаўнення кірыліцы новымі знакамі, за скасаванне літар ў, й, за марфалагічны прынцып напісання зычных, за дысімілятыўнае аканне і яканне. Ластоўскі выступаў за стварэнне гістарычна-фанетычнага правапісу, у якім адбілася б як гісторыя нашай багатай у старажытнасці пісьменнасці, так і лексічныя, і фанетычныя асаблівасці старабеларускай мовы.

У 1926 годзе ў Коўне Ластоўскі выдаў “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі”. Як адзначае аўтар у прадмове, мэта гэтай кнігі – паказаць, што пісьменнасць крыўскага народу бярэ свій пачатак у Х ст., а па багаццю помнікаў займае першае месца на ўсходняй славяншчыне. Праца спалучае ў сабе анатаваную бібліяграфію, хрэстаматыю тэкстаў, нарысы гісторыі Беларусі і беларускай літаратуры. У ёй апісаны тысячы помнікаў пісьменства, шмат да якіх даецца гістарычна-культурны каментарый. Каштоўнымі з’яўляюцца ў працы палеаграфічныя назіранні аўтара, ягоныя крытэрыі вызначэння прыналежнасці помнікаў да беларускай мовы, размежавання беларускіх і ўкраінскіх помнікаў.

Аб’ектам лінгвістычных інтарэсаў Ластоўскага былі замкнёныя лексічныя групы: назвы дзён тыдня, бакоў свету, пальцаў, шахматных фігур і інш. Грунтоўна займаўся Ластоўскі моўна-стылістычным аналізам фальклорнага тэксту, супастаўляльна-тыпалагічным вывучэннем культуры і мовы. Аднак лёс гэтага таленавітага вучонага склаўся трагічна. Вясной 1930 года па сфабрыкаваным абвінавачванні арыштаваны і пазбаўлены звання акадэміка, а ў 1931 годзе высланы ў Саратаў. Працаваў ва універсітэцкай бібліятэцы загадчыкам аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў. У 1937 годзе зноў арыштаваны, а ў 1938 годзе растраляны. Поўнасцю рэабілітаваны быў толькі ў 1988 годзе, а ў 1990 адноўлены ў званні акадэміка.

Лінгвістычная дзейнасць Яна Станкевіча

Ян Станкевіч – беларускі мовазнавец, гісторык, грамадскі дзеяч. Займаўся навуковай, выкладчыцкай дзейнасцю, выданнем падручнікаў і слоўнікаў. У 1930 – 1931 гг. выдаваў у Вільні першы беларускі мовазнаўчы часопіс “Родная мова”, на старонках якога была шырока прадстаўлена лінгвістычная тэматыка. Ян Станкевіч – найбольш яскравы прадстаўнік пурыстычнай плыні беларускага мовазнаўства. Вучоны з рознабаковымі інтарэсамі і творчым мысленнем, ён аўтар больш як 150 артыкулаў і кніг па праблемах беларускага правапісу, лексікалогіі, лінгвагеаграфіі, гісторыі мовы.

Пурыстычныя погляды Яна Станкевіча выявіліся ўжо у лемантары “Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным” (з Р.Абіхтам) 1918, дзе прапаноўвалася радыкальная рэформа беларускай графікі. Наступныя падручнікі “Беларускі правапіс” (з А.Луцкевічам, 1918), “Новы лемантар для дзетак беларусаў” (1918), “Беларуская правапісь з практыкаваннямі (1921) мелі больш традыцыйны характар. Але і ўтрымлівалі шэраг графічных і правапісных інавацый, якія аўтар развіваў і прапагандаваў і ў далейшых працах. У правапісе Я.Станкевіч быў прыхільнікам фанетычнага прынцыпу напісання. Мовазнаўца рабіў спробы пашырыць фанетычны прынцып на правапіс прыставак –з (с): шшыць, ражжыцца; пазначаў на пісьме прыстаўны й: йіншы, йіхні. Даследуючы фанетычныя з’явы, уласцівыя жывой беларускай мове, вучоны акцэнтаваў увагу на з’яўленні ўстаўнога й паміж галоснымі і зубнымі зычнымі: войстры. У працы “Прыстаўное в у мове беларускай” Станкевіч настойваў на арфаграфічным пазначэнні пратэтычнага гука в пасля прыназоўніка у перад галосным а: у вакне, у вадзежы, у ваўсе. Адным з першых ён выказаўся за пераход ненаціскнога э ў а ў запазычаных словах: літаратура, характар.

Ян Станкевіч зрабіў важны ўклад у фарміраванне і развіццё беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі. У 1918 годзе ў працы “Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным” увёў тэрміны, якія стала замацаваліся: гукі, галосныя, зычныя.

Погляды на марфалогію літаратурнай мовы Станкевіч выклаў у палемічным аглядзе “беларускай граматыкі для школ” Б.Тарашкевіча і ў “падручніку крывіцкае (беларускае) мовы”. Вучоны прапанаваў сістэму з 5 скланенняў назоўнікаў, заснаваную на гістарычных тыпах асноў. Прапанаваў таксама ўжыванне канчаткаў –аў, -еў у родным склоне множнага ліку ва ўсіх скланеннях назоўнікаў (моваў, кроснаў, чалавекаў; выкл.: рук, ног, гасцей).

Пошукі Я.Станкевіча ў галіне лексікалогіі вызначаліся нацыянальна-рамантычнымі памкненнямі. Ён вяртаў да жыцця і пашыраў старабеларускую лексіку Літоўскай метрыкі, дыялектныя словы роднай гаворкі, ствараў словы паводле прадуктыўных словаўтваральных мадэлей. Шмат якія словы, уведзеныя ва ўжытак Я.Станкевічам, сталі нормаю літаратурнай мовы (спадар, спадарыня, спадарства).

Ян Станкевіч вядомы і як лексікограф. Ён выдаў “Маленькі маскоўска-беларускі (крыўскі) слоўнічак фразеалагічны” (1922) з беларускімі эквівалентамі рускім устойлівым словазлучэнням і прыказкам (каля 250 артыкулаў). Гэта была першая падобная праца ў беларускім мовазнаўстве. У ёй аўтар пераканаўча даводзіў, што беларуская мова адрозніваецца ад рускай не толькі асобнымі словамі, граматычнымі формамі, але і своеасаблівымі фразеалагічнымі адзінкамі, якія не перакладаюцца даслоўна.

Ян Станкевіч займаўся распрацоўкай юрыдычнай тэрміналогіі. У 1953 годзе ў Мюнхене выдаў слоўнік “Некаторыя праўніцкія тэрміны беларускія”, у якім на аснове старабеларускага матэрыялу і дыялектнай лексікі распрацавана больш за 400 юрыдычных тэрмінаў. У гэтай працы асабліва выявіўся рамантызм лінгвіста, які арыентаваўся на праўніцкую тэрміналогію “Статута ВКЛ”.

Але найгалоўнейшай лексікаграфічнай працай Я.Станкевіча стаў “Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік”, які складаўся з 1906 па 1976 гады (больш за 60 тыс. артыкулаў), быў апрацаваны і выдадзены пасля смерці аўтара яго сынам Ю.Станкевічам (Нью-Йорк, 1990). Асноўная мэта гэтага слоўніка – пазнаёміць саміх беларусаў з багаццем сваёй мовы. Сюды ўвайшлі матэрыялы, выбраныя з іншых слоўнікаў: І.Насовіча, У.Даля, М.Гарэцкага, М.Байкова, М.Каспяровіча, М.Шатэрніка, а таксама сабраныя аўтарам са старабеларускіх крыніц, у дыялекталагічных экспедыцыях, з мастацкай літаратуры. Беларускім лексемам даюцца разгорнутыя тлумачэнні, этымалагічныя экскурсы, пашпартызаваныя прыклады. У словах паслядоўна пазначаны націск, прыведзены граматычныя формы.Аўтар не ставіў задачы стварыць нарматыўны слоўнік. Гэта хутчэй творчы збор слоўных фактаў шырокага прасторавага і часавага аб’ёму. Тым не менш Я.Станкевіч здолеў пераканаўча паказаць у сваім слоўніку багацце адценняў і колераў нашай мовы ў параўнанні з рускай, ён шукаў і знаходзіў тое, што складае адметнасць, адрознасць нашай мовы.

У сваіх падручніках, дапаможніках, слоўніках Я.Станкевіч па сутнасці распрацаваў самастойны варыянт беларускай літаратурнай мовы. Пры гэтым ён арыентаваўся на пэўныя ідэальныя патрабаванні і не заўсёды лічыўся з рэальнымі ўмовамі функцыянавання мовы, што прывяло да непаразуменняў і недаацэнкі яго дзейнасці як мовазнаўцы. Тым не менш навуковы ўклад вучонага ў справу развіцця і пашырэння беларускай мовы вельмі значны. Многія яго правапісныя, граматычныя і словаўтваральныя рэкамендацыі. Парады па культуры мовы сталі нарматыўнымі ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, асабліва ў літаратурнай мове сучаснай эміграцыі.