Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекцыя 13. Сучаснае бел. мовазнаўства.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
26.04.2019
Размер:
60.42 Кб
Скачать

7

Раздзел 3 сучаснае беларускае мовазнаўства Тэма 13 распрацоўка фанетыкі, граматыкі і сінтаксісу сучаснай беларускай літаратурнай мовы

  1. Вывучэнне фанетычных сродкаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Вывучэнне гукаў беларускай мовы распачалося яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Фактычны матэрыял для гэтага прыцягваўся з розных крыніц. Шырока выкарыстоўваліся пісьмовыя помнікі, а таксама тагачасныя жывыя гаворкі. Асаблівая ўвага звярталася на спецыфічныя для беларускай мовы гукі: свісцячыя афрыкаты дз і ц, афрыкату дж, зацвярдзелыя р і ў, падоўжаныя зычныя. Даследчыкі напачатку абмяжоўваліся агульнай характарыстыкай фанетычнай сістэмы беларускай мовы, размеркаваннем ўласцівых ёй гукаў па асобных групах, апісаннем найбольш адметных фанетычных працэсаў. У такім плане разглядалася фанетыка і ў першых беларускіх граматыках (Тарашкевіча, Лёсіка), а таксама выдадзеных напярэдадні вайны акадэмічных граматыках і дапаможніках.

На значна вышэйшым навукова-тэарэтычным узроўні стала праводзіцца вывучэнне фанетычных сродкаў беларускай мовы пасля Вялікай Айчыннай вайны. Гэтаму паспрыялі далейшыя поспехі ў распрацоўцы фаналагічнай тэорыі, прымяненне новых, эксперыментальных метадаў даследавання фанетычных з'’ў, стварэнне ў рэспубліцы неабходнай матэрыяльнай базы – лабараторый, аснашчаных адпаведнымі тэхнічнымі сродкамі для правядзення эксперыментальна-фанетычных даследаванняў. У беларускім мовазнаўстве ўзнік новы перспектыўны напрамак – эксперыментальная фанетыка. Даследаванні сталі праводзіцца больш дакладнымі і эфектыўнымі метадамі і прыёмамі. Дзякуючы гэтаму і былі падрыхтаваны новыя даследаванні – манаграфіі, артыкулы, дысертацыі.

Першай працай такога роду з’явілася манаграфія Аляксандра Іосіфавіча Падлужнага “Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы” (1969), які лічыцца пачынальнікам фаналагічных даследаванняў ў беларускім мовазнаўстве. У працы ўпершыню быў даследаваны фанемны склад беларускай мовы і разгледжаны механізм функцыянавання гукаў, які не паддаецца непасрэднаму назіранню. Гэтае даследаванне паслужыла тэарэтычнай асновай для эксперыментальнага вывучэння гукаў беларускай мовы. Праца стваралася ва ўмовах, калі беларуская мова яшчэ не даследавалася інструментальнымі метадамі, калі гукі характарызаваліся з пункту погляду іх артыкуляцыі і акустыкі толькі на аснове слыхавога аналізу і візуальнага назірання. Аднак ўсё ж зыходзячы нават з агульных характарыстык гукаў, што меліся на той час, аўтар змог зрабіць дастаткова поўнае і строга навуковае фаналагічнае апісанне беларускай мовы.

Затым выйшла ў свет манаграфія А.І.Падлужнага і В.М.Чэкмана “Гукі беларускай мовы” (1973). У гэтай кнізе ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве даецца поўнае апісанне артыкуляцыі галосных і зычных гукаў беларускай літаратурнай мовы на аснове палатаграм, рэнтгенаграм, фота і кіназдымкаў маўлення. Кніга дала пачатак стварэнню навуковай апісальнай фанетыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Дзякуючы выкарыстанню эксперыментальных метадаў і прыёмаў аналізу фактычнага матэрыялу ўдалося выявіць істотныя асаблівасці беларускай мовы, якія вызначаюць яе гукавую спецыфіку ў параўнанні з рускай і ўкраінскай мовамі, удакладніць класіфікацыю гукаў.

Вынікі далейшага даследавання акустычнага боку беларускіх гукаў былі абагульнены ў калектыўнай працы Л.Ц.Выгоннай, П.В.Садоўскага, В.М.Чэкмана, Э.Р.Якушава “Галосныя гукі беларускай мовы” (1975), дзе даецца характарыстыка галосных з пункту погляду якасці і працягласці гучання.

Пазней выйшла ў свет манаграфія А.І.Падлужнага “Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы” (1977), у якой на аснове дадзеных сучасных электронна-акустычных прыбораў прааналізаваны ўласцівасці вуснай беларускай мовы, якія абумоўліваюць яе падзел на гукі і дазваляюць ажыццявіць фанемную класіфікацыю.

У доктарскай дысертацыі А.І.Падлужнага “Фанетычная сістэма беларускай мовы” (1981) упершыню ў беларускім мовазнаўстве прыведзены атрыманыя эксперыментальным шляхам звесткі пра акустычную будову маўлення і асаблівасці яго ўспрымання, зроблена іерархічная класіфікацыя акустычных прыкмет маўленчага сігналу, устаноўлена сегментная структура беларускага маўлення і прапанавана акустычная класіфікацыя гукаў на аснове гэтай структуры.

Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле А.І.Падлужнага праведзены буйныя даследаванні фанетычнай сістэмы беларускай мовы, вынікі якіх абагульнены ў манаграфіях “Фанетыка слова ў беларускай мове” (1983) і “Фанетыка беларускай літаратурнай мовы” (1989). Тут прыводзяцца артыкуляцыйныя і акустычныя характарыстыкі гукаў беларускай мовы, даецца іх фаналагічная інтэрпрэтацыя, упершыню абагульняюцца звесткі аб спалучэнні гукаў у спрадвечна беларускай і запазычанай лексіцы. У асобных раздзелах разглядаюцца націск. інтанацыя і арфаэпія. Характарыстыка гукаў суправаджаецца адпаведнымі ілюстрацыямі – палатаграмамі, лінгваграмамі, спектраграмамі.

Для вышэйшай школы выдадзены спецыяльны вучэбны дапаможнік “Фанетыка беларускай мовы” А.А.Крывіцкага і А.І.Падлужнага (Мн.,1984). Ён складаецца з двух раздзелаў: “Фанетыка літаратурнай мовы” і “Беларускае дыялектнае вымаўленне”. Фанетыка літаратурнай мовы разглядаецца з пункту погляду артыкуляцыі, акустыкі і функцыянавання гукаў у мове. Дыялектнае вымаўленне характарызуецца не па асобных з’явах, а як сукупнасць найбольш характэрных, важных фанетычных рыс, уласцівых той або іншай разнавіднасці дыялектнай мовы.

Далейшае развіццё фаналагічныя даследаванні атрымалі ў працах як самога А.І.Падлужнага, так і іншых беларускіх вучоных. Напрыклад, Л.І.Сямешка даволі ўдала ў навукова-тэарэтычным і метадычным плане распрацавала агульную фаналагічную характарыстыку сучаснай беларускай літаратурнай мовы ва універсітэцкім курсе “Сучасная беларуская мова. Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія” (Мн, 1985).

Аб’ектам сур’ёзнага навуковага вывучэння з’яўляюцца і іншыя фанетычныя сродкі беларускай літаратурнай мовы – націск і інтанацыя. Была апісана сістэма націску асобных часцін мовы: назоўніка – у манаграфіі М.В.Бірылы “Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове” (Мн., 1986), дзеяслова – у манаграфіях Я.М.Івашуціч “Націск у дзеяслоўных формах сучаснай беларускай мовы” (Мн., 1981). У 1991 годзе з’явілася манаграфічнае даследаванне Л.Ц.Выгоннай “Інтанацыя. Націск, Арфаэпія”.

Арфаэпічныя нормы сучаснай беларускай мовы складваліся пазней за іншыя. Доўгі час не існавала іх апісання. Першай спецыяльнай працай па беларускай арфаэпіі з’явіўся артыкул М.В.Бірылы “Да пытання аб фарміраванні і важнейшых нормах беларускага літаратурнага вымаўлення” (1958). Многа зрабіў для распрацоўкі беларускай арфаэпіі Ф.М.Янкоўскі – аўтар працы “Беларускае літаратурнае вымаўленне” (1960), якую ён пры наступных перавыданнях удакладняў і дапаўняў.

Даследаванне фанетычных сродкаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы праводзіцца на аснове навейшых дасягненняў навукі і спрыяе ўмацаванню тэарэтычнай базы беларускага мовазнаўства.