1.3 Публіцыстычны стыль і яго асноўныя асаблівасці
Публіцыстычны стыль маўлення ўяўляе сабой функцыянальную разнавіднасць літаратурнай мовы і шырока выкарыстоўваецца ў разнастайных сферах грамадскага жыцця: у газетах і часопісах, на тэлебачанні і радыё, у публічных палітычных выступленнях і г. д.
Характэрнымі асаблівасцямі публіцыстычных твораў з’яўляецца актуальнасць праблематыкі, вобразнасць, вастрыня і яркасць выкладу.
Жанры публіцыстычнага стылю:
Газетныя: артыкул, фельетон, рэпартаж.
Тэлевезійныя: аналітычная праграма, інфармацыйнае паведам-ленне, дыялог у прамым эфіры.
Аратарскія: выступленне на мітынгу, дэбаты.
Камунікатыўныя: прэс-канферэнцыя, тэлемасты.
Рэкламныя: аб’ява, плакат, лозунг.
Функцыі стылю:
1. Інфармацыйная функцыя. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што аўтары маюць на мэце інфармаваць шырокае кола чытачоў, гледачоў, слухачоў пра значымыя для грамадства праблемы і пра погляды аўтара на іх.
Спецыфіка інфармацыйнай функцыі ў публіцыстычным стылі заключаецца ў характары інфармацыі, яе крыніцах і адрасатах. Інфармацыя ў публіцыстычных тэкстах не толькі апісвае факты, але і адлюстроўвае меркаванне настроі, змяшчае каментарыі і разважанні аўтараў. Гэта адрознівае яе ад навуковай інфармацыі.
Перад публіцыстычнымі творамі не ставіцца задача поўнага ўсебаковага апісання той ці іншай з’явы, публіцыст імкнецца пісаць пра тое, што выклікае цікавасць у пэўных грамадскіх груп.
2. Функцыя ўздзеяння: мэта публіцыста заключаецца не толькі ў тым, каб расказаць пра стан спраў у грамадстве, але і ў тым, каб пераканаць аўдыторыю ў неабходнасці пэўных адносін да выкладаемых фактаў і ў неабходнасці пэўных паводзін.
Публіцыстычнаму стылю характэрна адкрытая тэндэнцыйнасць, палемічнасць, эмацыянальнасць, што якраз і выклікана імкненнем публіцыста даказаць правільнасць сваёй пазіцыі.
Функцыя ўздзеяння з’яўляецца для публіцыстычнага стылю сістэмаўтвараючай, менавіта яна выдзяляе гэты стыль сярод другіх разнавіднасцей літаратурнай мовы.
3. Камунікатыўная функцыя: камунікатыўнасць публіцыстычнага стылю заключаецца ў тым, што яго тэксты ствараюцца не для ўнутранага выкрастання, не для адзінага адрасата, а для максімальна шырокай аўдыторыі. Камунікацыя мае на мэце і адваротную сувязь – адказ адрасата.
4. Экспрэсіўная функцыя дазваляе выразіць свае пачуцці. Публіцыстычны тэкст звычайна ярка адлюстроўвае асобу аўтара, адрозніваецца ярка выражанымі і эмацыянальна афарбаванымі адносінамі аўтара да выкладаемых фактаў.
5. Эстэтычная функцыя публіцыстычнага тэксту – гэта ўстаноўка аўтара на тое, каб паведамленне сваёй формай у адзінстве са зместам задавальняла эстэтычным пачуццям адрасата.
Лексічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю:
1. Выкарыстанне гатовых стандартных формаў (моўныя клішэ), якія носяць не індывідуальна-аўтарскі, а сацыяльны характар: гарачая падтрымка, рэзкая крытыка, жывы водгук, радыкальныя рэформы і інш.
2. Эмацыянальна-ацэначная лексіка. Гэта ацэнка носіць не індывідуальны, а сацыяльны характар: актыў, міласэрнасць, сабатаж, расізм, абывацельскі і інш.
3. Лексіка ўрачыстая, грамадзянска-патэтычная, з рытарычнай афар-боўкай: самаахвяраванне, айчына, дзяржава, страж, здзяйсненне і інш.
4. Ваенная тэрміналогія, якая выкарыстоўваецца не ў прамым, а ў пераносным значэнні: стратэгія, мабілізацыя рэзерваў, гвардыя, пярэдні край.
5. Выкарыстанне слоў пасіўнага слоўнікавага запасу (архаізмаў і гістарызмаў): Долар і яго лекары.
Да марфалагічных асаблівасцей публіцыстычнага стылю адносяць частотнае выкарыстанне тых ці іншых граматычных форм часцін мовы:
1. Адзіночны лік назоўнікаў у значэнні множнага: Выкладчык заўсёды ведае студэнта.
2. Родны склон назоўнікаў: час перамен, рэформа цэн, выхад з крызіса і інш.
3. Цяперашні час дзеясловаў: у Мінску адкрываецца, 3 красавіка пачынаецца.
4. Вытворныя прыназоўнікі: у галіне, на шляху, з улікам, у імя і інш.
Сінтаксічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю:
1. Рытарычныя пытанні: Хто не любіць нашу Беларусь?
2. Клічныя сказы: Усе на выбары!
3. Сказы з адваротным парадкам слоў: Выключэнне складалі прадпрыемствы лёгкай прамысловасці (параўн.: Прадпрыемствы лёгкай прамысловасці складалі выключэнне).
4. Загалоўкі артыкулаў, якія выконваюць рэкламную функцыю: Вясна – пара гарачая.
Такім чынам, публіцыстычны стыль – гэта маўленчая дзейнасць у галіне палітыкі ва ўсёй разнастайнасці яе значэння. Асноўныя сродкі публіцыстычнага стылю разлічаны не толькі на паведамленне, інфармацыю, лагічную доказнасць, але і на эмацыянальнае ўздзеянне на слухача (аўдыторыю).