Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэарэтычныя матэрыялы....doc
Скачиваний:
576
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.16 Mб
Скачать

УДК 811. 161. 3

ББК 81. 2 Бел

Ж81

Р э ц э н з е н т – загадчык кафедры беларускай і рускай моў С. А. Васькаўцова (УА “БелДУТ”).

Жосткіна, Г. В.

Ж81 Тэарэтычныя матэрыялы да курса "Беларуская мова (прафе-сійная лексіка)" / Г. В. Жосткіна ; М-ва адукацыі Рэсп. Бела-русь, Беларус. дзярж. ун-т трансп.. – Гомель : БелДУТ, 2009. – 82 с.

ISBN 978-985-468-484-0

Тэарэтычны матэрыял па ўсіх раздзелах курса "Беларуская мова (прафе-сійная лексіка)" сістэматызаваны, частка матэрыялу выкладзена ў табліцах, акрамя таго прадстаўлены схематычныя ўзоры напісання справавых папер.

Прызначаны як для лекцыйных і практычных заняткаў па прадмеце, так і для даведак пры напісанні навуковых работ, а таксама пры складанні афіцый-ных папер.

УДК 811. 161. 3

ББК 81. 2 Бел

© Жосткіна Г. В., 2009

ISBN 978-985-468-484-0 © Афармленне: УА "БелДУТ", 2009

Агульнаадукацыйная сфера

Тэма 1

Мова і соцыум Паняцце мовы. Гіпотэзы паходжання мовы. Сацыяльная прырода мовы

З даўніх часоў людзі задавалі сабе пытанне: што такое мова? Пра гэта сведчаць працы старажытных вучоных Грэцыі, Рыма, Індыі і іншых краін. Тое ж пытанне цікавіць нас і сёння. Мы імкнёмся зразумець, што такое мова, як яна ўзнікла, чым яна адрозніваецца ад іншых праяў чалавечай існасці.

Тэрмін "мова" выкарыстоўваецца для абазначэння зносін людзей увогуле і зносін пэўнай групы людзей (беларуская, англійская мова) ці нават асобы (мова Коласа, мова Шэкспіра).

Слова "мова" выкарыстоўваецца і для абазначэння іншых дапаможных сродкаў зносін: мова жэстаў, мова знакаў дарожнага руху.

Словам "мова" можна абазначыць і своеасаблівыя сістэмы выразных сродкаў: мова лічбаў, мова геаграфічнай карты, мова кіно, мова музыкі.

Толькі гукавая мова можа выражаць, адлюстроўваць, выказваць усё пра навакольны свет, дастасоўваючыся да патрэб яе носьбіта, змяняючыся ў залежнасці ад розных умоў жыцця, эканомікі, ступені развіцця духоўнай культуры грамадства.

У гісторыі навукі існавалі розныя погляды на прыроду мовы.

Адны вучоныя разглядалі мову як з'яву біялагічную, такую ж, як здольнасць есці, піць, хадзіць і г. д. Лічылася, што мова закладзена ў самой біялагічнай сутнасці чалавека і перадаецца ў спадчыну (як колер вачэй, валасоў, форма твару і інш.).

Іншыя вучоныя лічылі мову з'явай псіхічнай, адносілі яе да сферы падсвядомай псіхафізіялагічнай дзейнасці.

Падобныя сцверджанні, аднак, маюць аднабаковы характар. Сапраўды, мова – з'ява біялагічная і псіхічная, але ў тым сэнсе, што ў чалавеку генетычна закладзена здольнасць авалодаць мовай, г. зн. ён валодае псіха-фізіялагічным механізмам, які забяспечвае магчымасць маўлення. Але рэалізаваць гэтую здольнасць чалавек можа толькі ў стасунках з іншымі людзьмі – носьбітамі пэўнай мовы. Здаралася, што маленькія дзеці, пазбаў-леныя чалавечых кантактаў, раслі сярод звяроў. Як правіла, яны набывалі звычкі звяроў, але гаварыць не маглі. Старажытныя варвары спецыяльна пазбаўлялі дзяцей узаемаадносін з людзьмі, каб даведацца, якая мова першародная. Мэты яны не дасяглі. Без падтрымкі іншых людзей дзіця не рэалізуе свёй здольнасці стаць homo sapiens.

Мова не перадаецца, як іншыя біялагічныя прыметы, у спадчыну кожна-му канкрэтнаму чалавеку. Дзіця пачынае гаварыць на той мове, якую чуе з першых дзён жыцця, і гэта бывае не абавязкова мова продкаў. Цяперашнія негры ЗША – нашчадкі афрыканцаў – размаўляюць на той жа англійскай мове, што і белыя амерыканцы, а іх суродзічы – кубінскія негры – гавораць па-іспанску. Родныя мовы яны ўжо забылі. Значыць, мова асобнага чалавека развіваецца толькі ў асяроддзі людзей.

Такім чынам, кожны чалавек валодае не мовай увогуле, а канкрэтнай мовай (ці мовамі), што належыць пэўнаму народу. У гэтым праяўляецца дваісты характар мовы: з аднаго боку, яна з'ява індывідуальная, бо ўласціва чалавеку, з другога – з'ява грамадская (ці сацыяльная), бо належыць кан-крэтнай грамадскай супольнасці.

Сацыяльная прырода мовы заключаецца найперш у тым, што яна – аснова і форма грамадскай свядомасці і разам з тым унікальны і універсаль-ны сродак зносін людзей, феномен духоўнай культуры чалавецтва. Мова пранізвае ўсе сферы матэрыяльнай і духоўнай дзейнасці грамадства і непасрэдна звязана з усімі праявамі сацыяльнага быцця чалавека.

Мова забяспечвае бесперапыннасць этнічнага і духоўнага развіцця лю-бой грамадскай супольнасці на працягу ўсёй яе гісторыі, з'яўляецца споса-бам захавання адзінства народа ў прасторы і часе, формай трансляцыі ад пакалення да пакалення сацыяльнага вопыту і духоўнай культуры народа. Мова – гэта неабходная ўмова існавання грамадства, яго падмурак. Без яе не можа быць грамадства, як і сама мова не можа існаваць без грамадства.