Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі.docx
Скачиваний:
6
Добавлен:
18.03.2015
Размер:
80.87 Кб
Скачать

Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі

У ноч з 25 на 26 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе бальшавікі здзейснілі сваю мару – правялі паспяховае ўзброеннае паўстанне супраць Часовага ўрада. Члены апошняга былі арыштаваны, а ўлада перададзена II Усерасійскаму з’езду Саветаў, аднак яго паседжанне пакінулі меньшавікі і правыя эсэры, нязгодныя з арыштам міністраў. Амаль адразу інфармацыя аб пераходзе ўлады ў сталіцы да Саветаў распаўсюдзілася па былой імперыі. Мінскі Савет, дзе большасць мелі ўжо бальшавікі, выдаў загад за першым нумарам пад агульнай назвай – “Уся ўлада саветам!”. 26 кастрычніка пры Мінскім Савеце быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Паўночна-Заходняга фронту, які павінен быў садзейнічаць умацаванню савецкай улады і быў паўнамоцным органам улады да фарміравання пастаянных устаноў улады. Аднак прыхільнікі Часовага ўрада так сама актывізаваліся. Імі 27 кастрычніка быў створаны Камітэт выратавання рэвалюцыі (маецца на ўвазе Лютаўская), у склад якога ўвайшлі ўсе буржуазныя партыі, эсэры, Бунд, меньшавікі, прадстаўнікі Гарадской думы, Вялікай беларускай рады, прафсаюзаў Мінска. У Мінск была ўведзена Каўказская дывізія. Рэальна ацэньваючы свае сілы, Мінскі Савет перадаў уладу (часова) Камітэту і нават дэлегаваў у яго склад сваіх прадстаўнікоў І.Алібегава і Я.Пярно.

1 лістапада 1917 года ў Мінск увайшоў браняпоезд і армейскія часткі, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Камітэт выратавання рэвалюцыі быў разагнаны. Вельмі хутка, на працягу кастрычніка-лістапада 1917 года савецкая ўлада была ўстаноўлена на ўсёй неакупаванай тэрыторыі Беларусі. У буйных гарадах ствараліся Ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія праводзілі мерапрыемствы па ўмацаванню савецкай улады. Толькі ў Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка галоўнакамандуючага М.М.Духоніна і большасць Савета была меньшавісцка-эсэраўска-бундаўская патрабавалася ўмяшальніцтва значных вайсковых сіл. СНК Расіі прызначыла галоўнакамандуючым арміі М.В.Крыленка і накіравала войскі на ліквідацыю Стаўкі ў Магілёве. 18 лістапада Магілёўскі Савет прызнаў савецкую ўладу і ўтварый ВРК, які ўстанавіў кантроль над Стаўкай і арыштаваў некаторых генералаў. Да 18 лістапада савецкая ўлада была ўстаноўлена і на фронце.

Для ўмацавання новай улады важнае значэнне мелі з’езды Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў губерняў і фронту, якія адбыліся ў лістападзе-снежні. Яны легалізавалі новую ўладу – зацвердзілі структуру яе органаў, вызначылі сістэму кіравання, абралі выканкамы, адобрылі першыя Дэкрэты савецкай ўлады – аб зямлі і міры і інш. У лістападзе ў Мінску адбылося амаль адначасова тры з’езды сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў новастворанай Заходняй вобласці і фронту. Іх выканаўчыя камітэты аб’ядналіся ў Выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і Заходняга фронту (Аблвыкамзах), падаўляючую большасць месцаў там мелі прадстаўнікі салдат фронту, далёкія ад праблем непасрэдна беларускага рэгіёна. Узначаліў выканаўчы камітэт Н.Рагазінскі, старшынёй СНК стаў К.Ландар.

У Віцебскай і Магілёўскай губернях, якія хаця і ўвайшлі ў склад Заходняй вобласці, былі створаны свае органы ўлады, якія дзейнічалі асобна ад Аблвыкамзаха і падпарадкоўваліся ўраду Савецкай Расіі.

Пытанне аб уладзе, тым не менш, канчаткова вырашана не было. У Саветах было пашырана меркаванне аб стварэнні кааліцыйных урадаў з левымі сацыялістычнымі партыямі, у прыватнасці з левымі эсэрамі. У.Леніну і Л.Троцкаму прыйшлося прылажыць шмат намаганняў, каб пераадоліць гэтыя памкненні. У лістападзе адбыліся выбары ва Устаноўчы сход Расіі, але бальшавікі ўжо вырашылі для сябе пытанне аб будучым краіны, таму хутка Устаноўчы сход быў разагнаны, тым больш, што большасць бальшавікі там не атрымалі – толькі 24% галасоў (але на Беларусі яны перамаглі – 30 дэлегатаў з 54).

Кіраўнікі савецкіх органаў улады займалі рэзка негатыўную пазіцыю па пытанню нацыянальнага самавызначэння Беларусі. Яны не былі беларусамі па паходжанню, на Беларусі апынуліся дзякуючы ваенным абставінам, мясцовай нацыянальнай спецыфікі не ведалі, а дзейнічалі зыходзячы з пазіцый вядомай нам тэорыі “заходнерусізма”. Аднак беларускія нацыянальныя партыі, у там ліку сацыялістычныя, прытрымліваліся іншага пункту гледжання на будучыню Беларусі. Яны пачалі рыхтаваць Усебеларускі кангрэс, які павінен быў вырашыць далейшы лёс беларускіх губерній. Адначасова ўрад Савецкай Расіі даручыў Беларускаму абласному камітэту, утворанаму з дэлегатаў Устаноўчага сходу, так сама правесці Усебеларускі з’езд з аналагічнай мэтай, на гэта мерапрыемства былі выдаткаваны грашовыя сродкі. З дзейнасці гэтага з’езда пачынаецца перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Ад лютага да кастрычніка 1917 г. Альтэрнатывы грамадска-палітычнага развіцця. Уздым беларускага нацыянальнага руху

ДАТА ПУБЛИКАЦИИ: 21 ноября 2010 РАЗМЕСТИЛ В БИБЛИОТЕКЕS S A

Пасля Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі адбыліся значныя змены ў палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Расія стала адной з самых дэмакратычных краін свету. Яна стаяла перад выбарам шляху далейшага развіцця. Абвастрылася пытанне нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Расіі. Розныя класы, палітычныя плыні і партыі па-рознаму ўяўлялі далейшае развіццё краіны. Беларусь пасля Лютаўскай рэвалюцыі знаходзілася на ваенным становішчы, была тэатрам ваенных дзеянняў, прыфрантавой зонай. У расстаноўцы палітычных сіл адыгрывала сваю ролю і сацыяльна-класавая структура насельніцтва. Ажывілася дзейнасць кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, актывізавалі сваю дзейнасць бальшавікі, узнікалі новыя палітычныя партыі. Значна ўзмацніўся беларускі нацыянальны рух. Вясной 1917 г. узнавіла сваю дзейнасць Беларуская сацыялістычная Грамада (БСГ). У канцы сакавіка ў Мінску адбыўся першы з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, на якім прысутнічала каля 150 дэлегатаў. Мэта з’езда – выпрацоўка ў новых умовах праграмы беларускага нацыянальнага руху. Быў выбраны Беларускі нацыянальны камітэт. 8–12 ліпеня 1917 г. у Мінску адбыўся другі з’езд беларускіх партый і арганізацый. На з’ездзе замест скасаванага Беларускага нацыянальнага камітэта была створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (з кастрычніка 1917 г. яна стала называцца Вялікай беларускай радай). Рада была абвешчана адзіным кіруючым органам усяго беларускага нацыянальнага руху. Асноўнымі праграмнымі патрабаваннямі Рады з’яўляліся прызнанне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, развіццё нацыянальнай культуры і мовы, арганізацыя беларускага войска. На сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый (15 кастрычніка 1917 г.) прадстаўнікі левага крыла БСГ у знак пратэсту супраць палітыкі правых адмовіліся ад удзелу ў сесіі. БСГ раскалолася на дзве часткі. Такім чынам, напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі адбыўся раскол у беларускім нацыянальным руху на правую і левую плыні. Калі правыя былі задаволены вынікамі Лютаўскай рэвалюцыі, прасілі ў Часовага ўрада аўтаноміі для Беларусі, то левыя патрабавалі ажыццяўлення ў краіне радыкальных пераўтварэнняў. На чале барацьбы за развіццё рэвалюцыі стаяў рабочы клас. Ён прымаў удзел у арганізацыі Саветаў, народнай міліцыі, узброеных дружын. Рабочыя працягвалі ствараць свае прафесійныя саюзы. Паспяхова працавалі прафсаюзы чыгуначнікаў, друкароў, пекараў, краўцоў. У маі 1917 г. у Мінску было арганізавана 20 прафсаюзаў, якія аб’ядналі каля 10 тыс. рабочых. Прафесійныя саюзы былі створаны ў Гомелі, Віцебску, Оршы, Полацку, Рагачове і іншых гарадах Беларусі. Складаным было палітычнае становішча на Заходнім фронце, дзе салдаты выказвалі незадавальненне вайной. Сярод салдат расла рэвалюцыйная актыўнасць і свядомасць. Яны сталі ствараць свае салдацкія камітэты. Да верасня 1917 г. у арміях Заходняга фронту дзейнічалі 7284 такія камітэты ўсіх ступеняў – ротных, батальённых, палкавых, армейскіх, якія аб’ядноўвалі больш за 55 тыс. салдат. Першапачаткова камітэты складваліся ў асноўным з меншавікоў і эсэраў. Гэта абумоўлена тым, што рэвалюцыя выклікала да актыўнай палітычнай дзейнасці вялікую колькасць салдат, пераважна з сялян. Падзеі 3–4 ліпеня 1917 г. (правал наступлення на фронце, расстрэл мірнай дэманстрацыі ў Петраградзе) змянілі сітуацыю ў краіне. Двоеўладдзе скончылася поўнай перамогай буржуазіі. Перыяд мірнага развіцця рэвалюцыі (27 лютага – 4 ліпеня 1917 г.) быў завершаны. Важную ролю ў згуртаванні і арганізацыі рэвалюцыйных сіл, выпрацоўцы новай тактыкі адыграў VI з’езд РСДРП(б), які праходзіў паў-легальна з 26 ліпеня па 3 жніўня ў Петраградзе. Ён вылучыў лозунг поўнай ліквідацыі дыктатуры контррэвалюцыйнай буржуазіі і прыняў курс партыі на падрыхтоўку ўзброенага паўстання. Кіруючыся рашэннямі VI з’езда партыі, бальшавікі Беларусі актывізавалі сваю палітычную і арганізацыйную работу ў масах. Асабліва актыўна дзейнічалі яны ў Мінску, які стаў усебеларускім палітычным цэнтрам. Бальшавікі мелі свае фракцыі ў Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гарадской думе, галіновых праўленнях, цэнтральным гарадскім бюро прафсаюзаў. Вераснёўскія перавыбары Саветаў таксама сведчылі аб узрастанні ролі бальшавікоў. У мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў было абрана 184 бальшавікі, што склала 54,6 %. Гэта дало ім магчымасць атрымаць 23 месцы (63,9 %) у выканкоме. У выніку перавыбараў бальшавікі пачалі праводзіць праз Мінскі Савет свае рэзалюцыі і рашэнні. Такі ж працэс праходзіў і ў іншых Саветах Беларусі. Спробай астанавіць рэвалюцыю з’явіўся карнілаўскі мяцеж, накіраваны на ўсталяванне ваеннай дыктатуры (канец жніўня 1917 г.). Разгром карнілаўскага мяцяжу з’явіўся моцным штуршком у далейшым развіцці рэвалюцыі. У краіне вызначыліся новыя суадносіны класавых і палітычных сіл. З кожным днём узрастаў уплыў бальшавікоў на насельніцтва. Нежаданне меншавікоў і эсэраў выйсці з блока з кадэтамі паставіла перад бальшавікамі пытанне аб неабходнасці замацаваць пагадненне з левымі плынямі дробнабуржуазнай дэмакратыі. Гэта тактыка паспяхова ажыццяўлялася бальшавікамі Беларусі. Яны рашуча падтрымлівалі левых эсэраў. У кастрычніку 1917 г. у Паўночна-Заходняй абласной арганізацыі эсэраў склалася даволі буйная фракцыя левых эсэраў, ці, як яны сябе называлі, эсэраў-інтэрнацыяналістаў. Да іх перайшла значная і даволі актыўная частка эсэраўскай арганізацыі. Ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму ў Мінску 5–7 кастрычніка адбылася ІІ Надзвычайная Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя РСДРП(б). Прыбыўшыя дэлегаты прадстаўлялі 28 591 члена партыі. За кароткі тэрмін пасля І Паўночна-Заходняй абласной партыйнай канферэнцыі (прайшло толькі 20 дзён) колькасць бальшавікоў павялічылася больш чым у тры разы. Гэта з’явілася яскравым сведчаннем няўхільнага росту ўплыву бальшавікоў, іх аўтарытэту сярод працоўных мас і салдат Заходняга фронту. Уся работа канферэнцыі праходзіла пад лозунгам непасрэднай падрыхтоўкі да сацыялістычнай рэвалюцыі. Ва ўмовах далейшага паглыблення агульнанацыянальнага крызісу барацьба народных мас супраць буржуазіі дасягнула небывалага размаху. У цэнтры яе стаяў пралетарыят – авангард рэвалюцыі. Пераважна палітычны характар яго выступленняў суправаджаўся прымяненнем магутных і эфектыўных сродкаў пралетарскай барацьбы – устанаўленнем рабочага кантролю над вытворчасцю, правядзеннем забастовак. Рабочыя арыштоўвалі і адхілялі ад кіравання заводскую адміністрацыю. Агульнанацыянальнае палітычнае значэнне восенню 1917 г. набыла барацьба сялянства за зямлю, якая прымала ўсё больш масавы і востры характар. Сяляне захоплівалі памешчыцкія землі, палілі маёнткі. Калі ў жніўні было разгромлена 38 памешчыцкіх двароў, то ў верасні ўжо 67. У кастрычніку сялянскі рух ахапіў 40 паветаў Беларусі. Да агульнай плыні рэвалюцыйнага руху Беларусі далучаліся выступленні салдат Заходняга фронту. Салдацкія масы рашуча выступалі супраць працягвання вайны, павялічылася колькасць дэзерціраў з фронту, узмацнілася братанне сярод рускіх і нямецкіх салдат. Такім чынам, пасля Лютаўскай рэвалюцыі на Беларусі, як і па ўсёй краіне, значна ўзмацнілася палярызацыя сіл. © Library.by

Станаўленне Беларускай дзяржаўнасці. Абвяшчэнне бсср

Кіраўнікі Аблвыкамзаха і іншых савецкіх органаў улады займалі рэзка негатыўную пазіцыю па пытанню нацыянальнага самавызначэння Беларусі. Яны не былі беларусамі па паходжанню, на Беларусі апынуліся дзякуючы ваенным абставінам, мясцовай нацыянальнай спецыфікі не ведалі, а дзейнічалі зыходзячы з пазіцый вядомай нам тэорыі “заходнерусізма”. Аднак беларускія нацыянальныя партыі, у там ліку сацыялістычныя, прытрымліваліся іншага пункта гледжання. Вялікая беларуская рада пачала рыхтаваць Усебеларускі кангрэс, які павінен быў вырашыць далейшы лёс беларускіх губерній. Адначасова ўрад Савецкай Расіі даручыў Беларускаму абласному камітэту так сама правесці Усебеларускі з’езд з аналагічнай мэтай, на гэта мерапрыемства былі выдаткаваны грашовыя сродкі. Хутка ВБР і БАК аб’ядналі свае намаганні і прызначылі Усебеларускі кангрэс правесці ў Мінску ў снежні 1917 года.

Беларускі абласны камітэт быў створаны пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў з дэлегатаў Устаноўчага сходу, прадстаўнікоў арміі і фронту. Па палітычнай афарбоўцы гэта была больш леваэсэраўская арганізацыя. Кіраўнікамі БАК былі прадстаўнікі гэтай партыі Я.Канчар, Ф.Караткевіч, В.Селіванаў. БАК быў лаяльна настроены да савецкай улады, але не лічыў Аблвыкамзах усебеларускім органам улады. У БАК і ВБР былі разыходжанні па некаторых пытаннях правядзення з’езда, але яны вымушаны былі аб’яднаць свае дзеянні. Прадстаўнічы з’езд беларускіх арганізацый самага шырокага спектра пачаўся 14 снежня 1917 г., аднак частка дэлегатаў прыехала яшчэ 5 снежня і з гэтага дня пачала праводзіць нарады. Канчаткова на з’езд прыехала 1872 дэлегаты, 1167 з якіх мелі права рашаючага голаса. Найбольш прадстаўнічыя фракцыі мелі партыя эсэраў і БСГ. У выніку дыскусій паміж “абласнікамі” (выступалі за Беларусь у складзе федэратыўнай Расіі), “радаўцамі” (выступалі за поўную незалежнасць Беларусі) і левымі (цалкам падтрымлівалі бальшавікоў і іх праграму) была выпрацавана пастанова з’езда. Згодна з ёй З’езд абвясціў сябе вышэйшай уладай на Беларусі, устанаўліваў рэспубліканскі строй і органам часовай выканаўчай улады на Беларусі абвясціў Усебеларускі Савет сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

СНК Заходняй вобласці і фронту (К.Ландар) ўважліва сачыў за правядзеннем з’езда, таму, калі стала вядома, што яго дэлегаты імкнуцца стварыць альтэрнатыўныя Аблвыкамзаху нацыянальныя органы ўлады, заклікаюць да рэспубліканска-дэмакратычнай формы кіравання, СНК разагнаў з’езд у ноч на 18 снежня і арыштаваў найбольш актыўных яго ўдзельнікаў. Арганізатары з’езда, якіх пакінулі на свабодзе, стварылі праз месяц Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага з’езда (старшыня – Т.Грыб), які і павінен быў узначаліць барацьбу за адраджэнне беларускай дзяржаўнасці.

Аблвыкамзаху, які захапіў уладу на Беларусі, прыйшлося сутыкнуцца з рознымі рэальнымі пагрозамі сваёй уладзе. У студзені-лютым 1918 г. пачаў ваенныя дзеянні 1-ы польскі корпус пад кіраўніцтвам Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага, сфарміраваны яшчэ ў ліпені 1917 года на тэрыторыі беларускіх губерняў як частка рускай арміі. На пачатак 1918 года корпус налічваў каля 25-30 тыс. чалавек. У корпусе не былі выкананы загады аб дэмакратызацыі войска, забаранялася агітацыя сярод салдат. Польскія легіянеры не дазвалялі праводзіць канфіскацыі памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізаваць прадпрыемствы, адначасова легіянера рабавалі насельніцтва. У адказ на арышт бальшавікамі камандзіра корпуса 12 студзеня 1918 года легіянеры аб’явілі вайну Савецкай рэспубліцы. Ім былі захоплены Бабруйск, Рагачоў і Жлобін. З двух апошніх палякі хутка былі выгнаны, але ім на змену прыйшла больш сур’ёзная небяспека: 16 лютага пачалі наступленне нямецкія войскі.

Яшчэ ў лістападзе 1917 года ў мястэчку Солы каля Смаргоні дэлегацыя Ваенна-рэвалюцыйнака камітэту Заходняга фронту заключыла перамір’е з камандаваннем нямецкіх войскаў, а 20 лістапада пачаліся мірныя перамівы ў Брэсце паміж савецкай дэлегацыяй, дэлегацыяй Украінскай Народнай Рэспублікі і германскім камандаваннем. Дэлегацыя ад Усебеларускага з’езда (уваходзілі С.Рак-Міхайлоўскі, А.Цвікевіч, І.Серада) па патрабаванню Л.Троцкага да перамоў дапушчана не была. Немцы патрабавалі кантролю над акупіраванымі тэрыторыямі. У адказ Л.Троцкі адмовіўся падпісваць мірны дагавор і пакінуў Брэст. Пасля ўльтыматуму, на які Савецкі ўрад не адказаў, нямецкая армія 18 лютага пачала наступленне.

Ужо да пачатку сакавіка фронт знаходзіўся на лініі Орша-Магілёў-Гомель. 3 сакавіка 1918 г. у Брэст-Літоўску было заключана мірнае пагадненне паміж Савецкай Расіяй і Германіяй. Паводле пагаднення, Германія атрымала ўжо занятую яе войскамі Прыбалтыку, значную частку Украіны, Беларусі і РСФСР. Акупіраваная частка ўсходняй Беларусі пасля заканчэння ваенных дзеянняў павінна была перайсці ў склад РСФСР, заходняя перадавалася Германіі і Аўстра-Венгрыі. Беларусь не лічылася самастойным нацыянальным рэгіёнам і нават не мела свайго найменавання.