Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
45
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Крывічы

Крывічы - гэта той старажытны народ, у гістарычным арэале якога ў Х ст. узнікла першае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Беларусі - Полацкая зямля. Яны неаднаразова ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах. У этнаграфічных уводзінах “Аповесці мінулых гадоў” падаецца агульная тэрытарыяльная лакалізацыя іх: “...кривичи, иже седять на верх Волги, и на верх Двины и на верх Днепра, их же град есть Смоленск; туде бо сидять кривичи”. Адносна дзвінскай часткі крывічоў летапіс гаворыць пра іх дадатковае імя “...инии седоша на Двине и нарекошася полочане, речки ради, яже втечеть в Двину имянем Полота, от сея прозвашася полочане”. Як і іншыя славянскія плямёны крывічы-палачане мелі сваё княжэнне “...держати почаша род их княженье в полях, ...а другое на Полоте, иже полочане...”, праўда, летапісец-хрысціянін характарызуе іх разам з радзімічамі, вяцічамі і іншымі як язычнікаў. Далей крывічы ўзгадваюцца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 859, 862, 907, 944, 980 гадамі. Яшчэ ў 1127/28 г. тэрыторыя Полацкага Падзвіння называецца крывіцкай: “...посла князь Мстислав братию свою на Кривичи...”, а полоцкія князі крывіцкімі пад 1129, 1140 і 1162 гадамі.

Само найменне “крывічы” тлумачыцца даследчыкамі па-рознаму. На думку адных вучоных, назва паходзіць ад слова “крэўныя” (роднасныя), на думку іншых - ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва альбо ад балцкага язычніцкага першасвяшчэніка Крыва-Крывейтэ, трэція выводзяць ад узгоркаватай мясцовасці ( ландшафта арэала рассялення).

Гісторыя вывучэння крывіцкіх старажытнасцей налічвае больш за 200 год. Сотні курганоў зафіксавалі і раскапалі на тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі К. Гаворскі, М. Кусцінскі, А.Семянтоўскі, К. і Я.Тышкевічы, Е. Раманаў, Ф.Пакроўскі. Вывучэнне курганных старажытнасцей у 20-30-е гады ХХ ст. цесна звязана з А. Ляўданскім. Ім былі даследаваны курганныя могільнікі каля вёсак Бельчыцы, Гаравыя, Рудня (Полацкі р-н). Старое Сяло (Віцебскі р-н), Орша, Чаркасава (Аршанскі р-н). Больш таго, ён першым пачаў выкарыстоўваць новую методыку раскопак курганоў “на знос”, яна дзейнічае і да сённяшняга дня. І.Сербаў у гэты час склаў археалагічную карту і раскапаў некалькі курганных насыпаў Ушачыны. У басейне р.Дзісны, левага прытока Зах. Дзвіны значныя працы па вывучэнню курганных старажытнасцей правялі Е. і Ул.Галубовічы. Пасля другой сусветнай вайны даследаванне крывіцкіх помнікаў працягвалася беларускімі археолагамі. Найбольшы уклад зроблены Г. Штыхавым. Ён на працягу амаль 30 годоў раскапаў каля 300 курганных насыпаў больш чым у 20 пунктах Віцебскай і Мінскай абл. Апошнім часам курганы даследуюць Л. Дучыц (Браслаўскае Паазер’е, Ушаччына), В.Казей, В.Шадыра, В.Ляўко, Ю.Заяц (пад Мінскам), Г. Семянчук. Апошнім вывучаецца новая катэгорыя археалагічных помнікаў у басейне Беларускага Падзвіння - грунтовыя могільнікі Х - ХІІІ стст.

Даследчыкамі летапісныя крывічы падзяляюцца на дзве вялікія этнаграфічныя групы. У басейне р. Вялікай і раёне Пскоўскага возера сфармаваліся пскоўскія крывічы, а ў Смаленскім Падняпроўі і Беларускім Падзвінні - смаленска-полацкія.

Яшчэ А. Спіцын у канцы ХІХ ст. заўважыў, што для крывіцкага летапіснага арэалу найбольш характэрным этнавызначальным элементам з’яўляюцца бранзалетападобныя драцяныя скроневыя кольцы з завязанымі канцамі. Дыяметр апошніх - 5 - 11 см. На падставе картаграфавання скроневых кольцаў удалося акрэсліць тэрыторыю рассялення смаленска-полацкіх крывічоў. На поўдні мяжа праходзіла прыкладна па лініі Заслаўль - Барысаў - Шклоў - вусце Асцера, левага прытока Сожа. Гэта была зона кантактаў крывічоў з дрыгавіцкім насельніцтвам. Менш выразная мяжа паміж крывічамі і радзімічамі на паўднёвым усходзе. У басейне Асцера і вярхоўях Іпуці выяўлены змешаныя могільнікі гэтых плямёнаў. Далей на ўсход мяжа цягнулася па левабярэжжы Верхняга Падзясення, большай частцы басейна р. Угры да вярхоўяў Масквы-ракі. Тут крывічы змяшаліся з вяцічамі. Смаленска-полацкім крывічам належалі раёны вярхояў Заходняй Дзвіны і Ловаці. Ад апошняй паўночная мяжа ішла да вярхоўяў р. Вялікая. Заходні рубеж смаленска-полацкіх крывічоў - гэта зона кантактаў з латгальскімі і літоўскімі плямёнамі. Ён ад возера Асвея накіроўваўся на поўдзень, перасякаючы Зах. Дзвіну ў раёне вусця Дрысы, і далей праз Браслаўскую і Нарачанскую азёрныя сістэмы да горада Заслаўля.

Крывіцкія курганы галоўным чынам паўсферычная альбо круглай формы вышынёй ад 0,5 да 4 м, дыяметрам 6-8 да 12 і больш метраў. Да канца Х ст. у могільніках з круглымі курганамі сустракаюцца і падоўжаныя. Насыпы зроблены з пяску, які браўся на месцы. Таму курганы часта акальцаваны ровікамі рознай шырыні і глыбіні з некалькімі перамычкамі. Гэтыя ровікі мелі рытуальнае значэнне. Для курганных могільнікаў крывічоў характэрна скучанае размяшчэнне пахавальных насыпаў. Яны размешчаны вельмі блізка адзін ад аднаго, часам зліваючыся асновамі. Колькасць курганоў у могільніках розная. Каля в.Захарнічы (Полацкі р-н) налічваецца 15 насыпаў, а звычайна іх 70 - 80 і больш. Вялікія курганныя могільнікі зафіксаваны на поўдзень і паўднёвы захад ад Полацка на тэрыторыі Лепельскага раёна каля вёсак Домжарыцы (205 насыпаў), Красналучка - 205, Ворань - 110; на тэрыторыі Ушацкага раёна каля вёсак Матырына - 208 (у 2 могільніках); у Чашніцкім раёне каля вёскі Слабодка - 143 насыпы.

Да канца Х - пачатку ХІ ст. у крывічоў панаваў пахавальны абрад крэмацыі памерлых. Трупаспаленне адбывалася воддаль ад могільніка. Рэшткі крэмацыі збіраліся і размяшчаліся ў насыпу, ямцы ці на мацярыку. Пахаванні былі бязурнавыя і ўрнавыя. У трэцяй чвэрці І тыс. н.э на тэрыторыі Беларускага Падзвіння распаўсюджваецца сваеасаблівая форма пахванняў, калі рэшткі крэмацыі накрываліся перавёрнутым уверх дном гаршком: Баркі (Полацкі р-н), Дарахі, Смалькі (Гарадоцкі р-н). Сярод кальцыніраваных касцей разам з рэшткамі шкілетаў людзей выяўлены косці жывёлаў (каня і быка). У гэты час распаўсюджваецца традыцыя насыпання курганоў над рытуальнымі вогнішчам альбо месцамі спальвання нябожчыка.

Большасць курганных пахаванняў смаленска-полацкіх крывічоў VIII - Х стст. бедныя на інвентар ці ўвогуле не маюць яго. Прадметы касцюма і ўпрыгожанні згаралі на пахавальных кастрах, таму трапляюцца толькі асобныя расплаўленыя і перагарэлыя рэчы, а таксама ляпная і кругавая кераміка. Пераважаюць шкляныя зонныя пацеркі блакітнага, зялёнага і жоўтага колеру, трапецападобныя падвескі, спіралькі, спражкі чатырохвугольнай і трапецападобнай формы, фрагменты пласцінчатых бранзалетаў і шыйных грыўняў. У курганах каля Бяскатава (Гарадоцкі р-н) і Барках выяўлены касцяныя падвескі ў выглядзе птушак-качак. Сустракаецца ў пахаваннях смаленска-полацкіх крывічоў і шмат рэчаў балцкага тыпу культуры. Асаблівую цікавасць выклікаюць бронзавыя плоскія (серпападобныя) скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, арнаментаваныя выпуклымі паяскамі, з двух бакоў якіх ёсць зубчатая нарэзка. Яны выяўлены ў курганах каля вёсак Бяльмонты, Вусця (Браслаўскі р-н), Рудня, Глінішча на Полаччыне, Дарахі, а таксама на Смаленшчыне каля вёсак Цуркаўка, Слабада, Хатынь, Акатава і інш. Другой катэгорыяй упрыгожанняў крывічоў, прататыпам якой з’яўляліся балцкія вырабы, лічацца трымальнікі з трыма адтулінамі ў складзе падвесак (Вышадкі (гарадоцкі р-н), Вусце). На думку Г.Штыхава, серпападобныя скроневыя кольцы, і трымальнікі - ўпрыгожанні-гібрыды, якія з’явіліся ў крывічоў у працэсе балтаславянскага сімбіёзу. Прадметы побыту - нажы, праселкі, шылы, крэсівы - у курганах з трупаспаленнямі прадстаўлены адзінкавымі экземплярамі.

Керамічны посуд (ляпны і кругавы) з пахаванняў апошняй чвэрці І тыс. н.э. мае гаршкападобную альбо місападобную форму. Пасудзіны прысадзістыя, іх вышыня меншая за дыяметр. Адметная рыса ляпнога посуду гэтага перыяду - акруглае плечыка, якое знаходзіцца ў верхняй частцы тулава гаршка, шыйка з адагнутым ці прамым венчыкам. Гэта кераміка непасрэдна пераходзіць у раннекругавы ўсходнеславянскі посуд.

Ужо ў Х ст. у смаленска-полацкіх крывічоў з’яўляюцца першыя пахаванні па абраду трупапалажэння. Каля вёскі Глінішча пад Полацкам даследаваўся могільнік пераходнага характару ад культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганоў ¡III - ІХ стст. з крэмацыяй да ўсходнеславянскіх курганоў ХІ ст. з інгумацыяй. У могільніку 60 паўсферычных курганоў, з якіх раскапана 20. Толькі ў адным насыпу знойдзены касцяк, ва ўсіх астатніх выпадках - трупаспаленні. Спальванне памерлых адбывалася на месцы насыпання кургана. Рэшткі крэмацыі збіралі ў кучку, над якой узводзіўся насып. У трох курганах выяўлены парныя пахаванні. Інвентар з могільніка каля в. Глінішча прадстаўлены жалезнымі падковападобнымі фібуламі, абломкам сярпа, нажамі, наканечнікам стралы, тачыльным бруском, шклянымі пацеркамі “лімонкамі” і вочкавымі, абломкамі серпападобнага скроневага кальца, гліняным праселкам. Яшчэ ў курганах знойдзена 6 ляпных і 4 кругавых гаршкі амаль поўнай захаванасці. У адным насыпу знойдзены разам фрагменты ляпнога і кругавога посуду. Па абраду пахавання і інвентару курганны могільнік каля в.Глінішча датуецца канцом ІХ - пачаткам ХІ стст. і належаў полацкім крывічам. Аб пераходнасці ад аднаго пахавальнага абраду да другога сведчаць таксама змешаныя пахаванні ў курганах каля вёсак Славены і Вядзец на Полаччыне, дзе ў аснаванні насыпаў знаходзілася трупаспаленне, а ў верхняй частцы трупапалажэнне. На думку даследчыкаў, перыяд калі выкарстоўваліся два абрады пахаванняў на тэрыторыі смаленска-полацкіх крывічоў, працягваўся 50-80 гадоў.

З першай чвэрці ХІ ст. інгумацыя канчаткова пануе на крывіцкай зямлі. Праўда, у найбольш ранніх курганах па абраду трупапалажэння выяўляецца рытуал ачышчэння агнём пахавальнага месца, што прасочваецца ў выглядзе рэштак вогнішчаў у аснаванні насыпаў, на якія клаліся памерлыя. (Захарнічы Полацкі р-н). У другой палове ХІ ст. у Полацкім Падзвінні, ў перыяд шырокага распаўсюджвання абрада пахавання на гарызонце, з’яўляюцца ямныя пахаванні (Чарневічы, Плусы (Глыбоцкі р-н), Захарнічы). З ХІІ ст. ямы пад курганнымі насыпамі пачалі выкопваць паўсюдна ў крывіцкім арэале.

Большасць трупапалажэнняў на тэрыторыі смаленска-полацкіх крывічоў арыентавана галавой на захад (уключаючы сезонныя змены на паўночны і паўднёвы захад) - каля 82 %. Выяўленыя прыклады ўсходняй арыенціроўкі (каля 11 %) і мерыдыяльнай (каля 7 %) абумоўлены балцкімі і фіна-ўгорскімі ўплывамі. Звычайна касцякі ў курганах ляжалі на спіне ў выцягнутым стане. Назіраецца разнастайнае палажэнне рук: абедзве рукі выцягнуты ўздоўж тулава; адна рука выцягнута ўздоўж тулава, другая ляжыць на жываце альбо ў нізе жывата на тазавых костках; абедзве рукі складзены на жываце; адна рука выцягнута ўздоўж тулава, кісць другой - каля падбародка; кісці дзвюх рук - каля падбародка (харатэрны балцкі звычай); дзве рукі складзены на грудзях (хрысціянскі звычай) і інш.

Жаночыя пахаванні крывічоў у адрозненні ад мужчынскіх больш багатыя па інвентару. Як адзначалася вышэй, самым характэрным тыпам жаночых упрыгожанняў для нашчадкаў смаленска-полацкіх крывічоў у ХІ - ХІІІ стст. з’яўляюцца скроневыя бранзалетападобныя кольцы. Дарэчы, у арэале рассялення пскоўскай галіны крывічоў гэты тып упрыгожванняў не сустракаецца. Даволі часта знаходзяць у курганах шыйныя маністы, сабраныя са шкляных, радзей сердалікавых пацерак. Нярэдка іх бывае ў пахаванні да 100 адзінак. У Ізбішчы быў даследаваны курган, у якім было каля 600 пацерак. Шкляныя пазалочаныя і пасярэбраныя пацеркі бочкападобнай альбо цыліндрычнай формы шырока распаўсюджаны на тэрыторыі смаленска-полацкіх крывічоў. Акрамя гэтага ў склад маністаў уваходзілі бурштынавыя і крышталёвыя пацеркі, а таксама металічныя падвескі, частка якіх выраблялася са срэбраных манетаў. У багатых пахаваннях дабаўлялася яшчэ металічная шыйная грыўня. На руках памерлых часта сустракаюцца бранзалеты (вітыя завязаныя і пяцельчатыя з трох, чатырох ці шасці дротаў і пласцінчатыя) і пярсцёнкі - пласцінчатыя, дротавыя, вітыя, шчытковыя. Каля галавы ці каля ног памерлай ставіліся гаршкі, на поясе знаходзіўся нож.

Шэраг катэгорый пахавальнага інвентару з крывіцкіх жаночых пахаванняў адносіцца да балцкага тыпу культуры. Гэта бранзалеты і шыйныя грыўні з зааморфнымі (зверагаловымі) канцамі, латгальскія галаўныя ўпрыгожанні, складзеныя са спіралек (вайнагі), спіралевідныя пярсцёнкі, трапецападобныя падвескі, бразготкі. Асабліва шырока распаўсюджаны металічныя падковападобныя фібулы з макавымі канцамі, са спіральна загнутымі канцамі, з гранёнымі гузікамі на канцах і з канцамі ў выглядзе звярынай галавы. Падобныя знаходкі, а таксама курганныя пахаванні з усходняй арыенціроўкай сведчаць аб значным месцы балцкага субстрату ў фармаванні смаленска-полацкіх крывічоў, продкаў будучых беларусаў. У некаторых пахаваннях балцкія элементы настолькі значныя, што дазваляюць меркаваць аб невялічкіх анклавах балцкага насельніцтва да ХІІ ст. у Беларускім Падзвінні.

У мужчынскіх пахаванях звычайны знаходзяць каля пояса нож і падковападобную фібулу. Як і ў жаночых, часта бываюць гаршкі. Зрэдку памёрламу клалі сярпы, косы, наканечнікі стрэлаў і коп’яў, рыбалоўныя прыстасаванні (восці). У некаторых могільніках частай знаходкай бываюць сякеры (Заслаўе, Ізбішча). У Ізбішчы выяўлена 26 жалезных сякер.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]