Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Пражская культура

Упершыню бяспрэчна славянскія помнікі былі вылучаны сярод іншых старажытнасцяў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў 40-е гады чэскім археолагам І.Баркоўскім пад назвай “кераміка пражскага тыпу”. Помнікі гэтай культуры распаўсюджаны ад Дняпра на ўсходзе, да Эльбы на захадзе, ад Прыпяці на поўначы, да Дунаю на поўдні. На Украіне помнікі пражскай культуры звычайна аб’ядноўваюцца пад назвай старажытнасцей тыпу Карчак (ад вёскі на Валыні, дзе даследаваны археалагічныя комплексы трэцяй чвэрці І тыс. н.э.) і разглядаюцца ў якасці яе лакальнага варыянту. На тэрыторыі Беларусі да карчакскага варыянту пражскай культуры адносяцца найбольш даследаваныя помнікі на Палессі: каля вёсак Хотамель, Струга І (Столінскі р-н), Курадава, Гарадзішча (Пінскі р-н), Кажан-Гарадок(Луніненцкі р-н), Семурадцы, Чэрнічы (Жыткавіцкі р-н), г.Петрыкаў і інш. Вывучэннем гэтай археалагічнай культуры на Беларусі займаліся Ю.В.Кухарэнка, І.П.Русанава, В.С.Вяргей, Л.Д.Побаль, М.Ф.Гурын і інш.

Помнікі пражскага тыпу прадстаўлены паселішчамі і могільнікамі. Сярод паселішчаў найбольш характэрныя неўмацаваныя селішчы, але ёсць і гарадзішчы. Як паказваюць раскопкі, на гарадзішчах (іх вядома ў рэгіёне 5 - Хотамель, Гарадзішча, Хільчыцы, Харомск, Кімбараўка) насельніцтва не жыло стала, а хавалася ў час небяспекі. Умацаваныя сховішчы, на думку даследчыкаў, узведзены не раней VII ст. ці на мяжы VII - VIII стст.н.э. Гарадзішчы размяшчаліся па вузкіх канцавых частках пясчаных узвышшаў сярод балоцістых нізін (Хотамель, Хільчыцы, Харомск), альбо на мысападобных выступах надпоплаўных тэрас (Гарадзішча, Кімбараўка). У першым выпадку яны абкружаліся кальцавым валам і ровам, у другім - паўкальцавым валам і ровам з напольнага боку, а па перыметру - драўляным вастраколам.

Адкрытыя неўмацаваныя селішчы размяшчаліся па краях надпаплаўных тэрас ці на ўзвышшах пасярод паплавоў і балот. Іх памеры не перавышаюць 0,5 - 1 га. Заўважана, што на поўдзень ад Беларускага Палесся існавалі паселішчы значных памераў з вялікай колькасцю жытлаў. Месцамі селішчы размяшчаліся “гнёздамі” па 3 - 4 паселішчы на адлегласці 300 - 500 м адно ад аднаго. Адлегласць паміж “гнёздамі” складала 3 - 5 км. Найбольш раннія жытлы з пражскай керамікай (Петрыкаў, Кажан-Гарадок, Востраў Пінскага р-на) ўяўляюць сабой прамавуголныяныя зрубныя пабудовы з пясчанай падлогай, заглыбленай у мацярык на 0,15 - 0,7 м, арыентаваныя вугламі па кірунках свету. Іх плошча вагалася ў межах 7 - 16 кв.м. Абаграваліся агнішчамі з невялікіх валуноў, ці валуноў і балотнай руды, якія размяшчаліся ў адным з вуглоў, альбо ў цэнтры жытла. З цягам часу плошча жылых пабудоў павялічылася да 12 - 30 кв.м, агнішчы замяняліся печамі розных варыянтаў: прамавугольнымі ці круглымі ў плане, складзенымі з дробных камянёў і гліны па драўляным каркасе. Размяшчаліся печы ў будынку без усялякай сістэмы: у вуглах, каля сцен і ў рэдкіх выпадках у цэнтры. Менавіта характар ацяпляльнай сістэмы жылых пабудоў адрознівае беларуска-палескі рэгіён ад асноўнага арэалу помнікаў тыпу Прага-Карчак. На Украіне і іншых мясцовасцях для абагрэву памяшканняў выкарыстоўваліся ў асноўным печы-каменкі, якія размяшчаліся па строгай сістэме ў адным з вуглоў.

Пахавальныя помнікі ранняславянскага насельніцтва ў Беларускім Палессі прадстаўлены грунтовымі і курганнымі могільнікамі. Абрад пахаванняў - трупаспаленне па-за межамі пахавання. Рэшткі крэмацыі, сабраныя з пахавальнага вогнішча, размяшчаліся ў невялікіх (ад 0,2 да 0,8 м у дыяметры) і неглыбокіх (ад 0,2 да 0,5 м) ямках, нярэдка ў урнах - гліняных гаршках пражска-карчакскага тыпу. Грунтовыя пахаванні сустракаюцца разам з селішчамі альбо непасрэдна на іх тэрыторыі. Некалькі такіх пахаванняў каля в.Хорск у 1937 г. выявіў Р.Якімовіч. У адной з ямак стаяў перавернуты ўверх дном ляпны гаршчок тыпу Прага-Карчак і жалезная спражка VI - VII стст. У Хотамелі на адлегласці 0,2 км ад гарадзішча раскапана трупаспаленне ў неглыбокай ямцы, перакрытае ляпным сасудам. На двух селішчах каля в.Курадава на паверхні знойдзены кальцыніраваныя косці і моцна пашкоджаныя агнём шкляныя пацеркі.

В.В.Сядоў адзначае, што ўжо ў VI - VII стст. у асяроддзі насельніцтва пражскай культуры распаўсюджваецца курганны пахавальны абрад. Гэтая асаблівасць пахавальнага рытуалу вылучае культуру тыпу Прага-Карчак сярод іншых раннесярэднявечных культур. Курганныя могільнікі знаходзіліся воддаль ад паселішчаў. Л.Д.Побаль даследаваў каля в.Семурадцы (Жыткавіцкі р-н) адно падкурганнае трупаспаленне, акружанае канаўкай. Акрамя касцей, у ім знойдзены чарапкі ад ляпнога і ганчарнага посуду і жалезны нож. Трупаспаленні VIII - X стст.у насыпах курганоў выяўлены каля вв.Радасць (Камянецкі р-н), Шэбрын (Брэсцкі р-н), на гарызонце каля вв.Хільчыцы і Рычова (Жыткавіцкі р-н).

Рэчавы матэрыял, выяўлены на славянскіх помніках 2-й паловы І тыс.н.э. з тэрыторыі Беларусі, небагаты і складаецца з керамікі, вырабаў з металу, косці і камяню. Керамічны комплекс пражскай культуры прадстаўлены гаршкамі, міскамі, патэльнямі. Сярод сасудаў тыпу Прага-Карчак на Беларускім Палессі вылучаецца некалькі вядучых формаў: 1) гаршкі выцягнутых прапорцый, пашыраныя ў верхняй частцы тулава і звужаныя каля дна і гарлавіны з больш ці менш азначанымі плечыкамі і кароткімі, прамымі, злёгку адагнутым венчыкам; 2) гаршкі з палогімі слабапрафіляванымі плечыкамі з найбольшым пашырэннем на сярэдзіне альбо крыху вышэй; 3) гаршкі туліпанападобных і біканічных формаў; 4) нізкія, прысадзістыя гаршкі міскападобнай формы, дыяметр гарлавіны ў іх роўны альбо большы за найбольшае пашырэнне тулава. Паверхня сасудаў добра загладжаная, часта бугрыстая альбо шурпатая ад дамешкаў. Колеры посуду чырвона-карычневы, карычневы, шэры і амаль чорны. Практычна адсутнічае арнаментацыя, толькі ў адзінкавых выпадках у Хотамелі і Кажан-Гарадку гаршкі пад венчыкам упрыгожаны налепным валікам з касою насечкаю па ім.

Пражская культура на тэрыторыі Беларускага Палесся, як і іншых рэгіёнаў яе пашырэння, вызначаецца беднасцю рэчавага інвентара. Па-за гліняным посудам ён прадстаўлен вырабамі з металу, каменя і косці. Найбольш часта сустракаюцца гліняныя праселкі і жалезныя нажы. З гліны зроблены і так званыя “хлябцы” - уплошчана-круглыя ляпёшкі дыяметрам 10 - 4 см і вышынёй 4 - 2 см.

Каля вёскі Хотамель даследаваны археалагічны комплекс пражскай культуры, які складаецца з гарадзішча, селішча і бескурганнага могільніка. Археалагічны комплекс Хотамель у навуцы выкарыстоўваецца як эталонны для датавання іншых археалгічных аб’ектаў. Гарадзішча Хотамель знаходзіцца на пагорку паміж багністай нізінай і старыцай безымяннага ручая. Пляцоўка з заходняга і ўсходняга бакоў умацавана двума дугападобнымі валамі і равамі. Магутная зольная праслойка дзеліць культурныя напластаванні помніка на гарызонты, якія значна адрозніваюцца паміж сабой па складу знаходак. Рэшткі збудаванняў на гарадзішчы вельмі не выразныя, у розных месцах былі знойдзены часовыя агнішчы. Рэчавыя знаходкі нешматлікія, пераважна гаспадарчага прызначэння і зброя. У адной з ям знойдзены абломак трохлопасцевай жалезнай стралы аварскага тыпу (датуецца рубяжом VII-VIII стст.). Упрыгожанняў няшмат, можна адзначыць абломак бранзалета і сяміпрамянёвае скроневае кальцо, якія зроблены са срэбра. Керамічны матэрыял з Хотамля ляжыць у аснове класіфікацыі керамікі сінхронных помнікаў паўднёвай Беларусі і паўночнай Украіны. Па форме і ступені адагнутасці венчыка выдзеляецца 10 тыпаў. Даследчыкі адзначаюць эвалюцыю ад посуду з амаль вертыкальным і кароткім венчыкам да посуда з больш адагнутым венчыкам і доўгай шыйкай. Для верхняга пласта характэрны больш развітыя формы керамікі. Многія з іх непасрэдна змяняюць формы керамікі тыпу Карчак, з’яўляючыся наступнай ступенню развіцця. У верхнім пласце выяўлена шмат вырабаў зробленых з метала. Аналіз матэрыялу паказвае, што ніжні пласт Хотамлянскага гарадзішча датуецца VII ст., верхні VIII-X стст. Гарадзішча не было заселяна, з’яўлялася сховішчам, а пазней - грамадскім цэнтрам, месцам абшчынных сходаў.

На селішчы Хотамель даследавана 16 паўзямлянкавых жытлаў слупавай канструкцыі. Яны размяшчаліся ўздоўж знешняга вала гарадзішча дзвумя шэрагамі. Прамавугольныя ў плане зямлянкі (плошча 12 - 30 кв. м) мелі роўную земляную падлогу і глінабітныя печы на драўляным каркасе. Знаходкі прадстаўлены прадметамі, якія характарызуюць гаспадарку: нажы, восці для лоўлі рыбы, жалезныя сошнікі, сярпы, долаты, тачыльныя брускі, гліняныя і шыферныя праселкі. Косці свойскай жывёлы пераважаюць і складаюць каля 77 %. Ляпная і ганчарная кераміка селішча аналагічная кераміцы з гарадзішча. На прыкладзе Хотамеля прасочваецца, як паступова раннеславянскае паселішча, якое было абшчынным цэнтрам перарастае ў пасёлак часоў фармавання і ўмацавання класавага грамадства ва ўсходніх славян.

Дадзеныя археалогіі сведчаць, што асновай гаспадаркі насельніцтва пражскай культуры было земляробства, якое мела экстэнсіўны характар, выкарыстоўвалася падсека і пералог. Тапаграфічна славянскія паселішчы размешчаны блізка ад рэчак і азёр, непадалёк ад заліўных паплавоў з параўнальна лёгкім для апрацоўкі грунтам і добрай жывёлагадоўчай базай. На паселішчах выяўлены зерня жыта, пшаніцы, ячменя, гароха, проса, сельскагаспадарчыя прылады працы: металічныя наральнікі, сярпы, зрэдку косы, каменныя жарнавы. Статак складаўся пераважна з буйнай рагатай жывёлы і свіней, косці дробнай рагатай жывёлы і каней сустракаюцца на паселішчах у меншай колькасці. Харчовы рацыён дапаўнялі прадукты палявання, рыбалоўства, пчалярства і збіральніцтва.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]