Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Абарончыя збудаванні і замкі беларусі другая палова хііі - хvi стст.

У ХІІІ ст. на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы адбыліся істотныя змены ў развіцці ваенна-інжынернага мастацтва. Пасіўную тактыку аблогі, якая поўнасцю панавала ў папярэдніх стагоддзях змяніла новая, больш актыўная і плённая. Асноўным метадам і прыёмам захопу ўмацаваных паселішчаў стаў актыўны штурм з дапамогай новай вайсковай тэхнікі - камнемётных машын - парокаў. Несумненна, што значны паварот у тактыцы асады прывёў да адэкватных зменаў у арганізацыі абароны, а таксама і ў пабудове саміх умацаванняў. У шэрагу гарадоў Беларусі пачалосы будаўніцтва каменных і цагляных вежаў.

Унікальным помнікам абарончага дойлідства 2-й паловы ХІІІ ст. з’яўляецца вежа-данжон у мястэчку Камянец Брэсцкай вобласці. Вежу ўзвялі паміж 1276 і 1288 г. (паводле Іпац’еўскага летапісу). Яна знаходзіцца ўнутры кальцавога вала. Вышыня 5-яруснай вежы 30 м; таўшчыня сцен - 2,5 м, вонкавы дыяметр - 13,6 м. Вежа збудавана з брусковай цэглы цёмна-чырвонага і жаўтаватага колеру (26,5 х 13,5 х 8 см). Муроўка “балтыйская” - 2 “лажкі” паслядоўна чаргуюцца з адным “тычком”. Помніку ўласцівыя раманскія і раннегатычныя формы: стральчатыя вокны і праёмы, нервюрныя скляпенні на “гірках” над верхнім ярусам, паўцыркульныя плоскія нішы і байніцы. Верхняя пляцоўка вежы абгароджана прамавугольнымі зубцамі. Паколькі прызначэнне збудавання выключна ваеннае, яно амаль пазбаўлена дэкаратыўных элементаў. Толькі паясок у аснове зубцоў, чаргаванне вялікіх спічастых вокнаў з плоскімі нішамі, а таксама архівольта аркі над праёмам 4-га яруса надаюць пабудове пэўную дэкаратыўнасць. Першапачаткова вежа мела натуральны колер чырвонай цэглы, а дэкаратыўныя нішы 5-га яруса былі, верагодна, атынкаваны і пабелены. Падобныя вежы-данжоны выяўлены ў Навагрудку (2), Гродна, Брэсце, Тураве і Полацку (2). Драўляная 8-гранная вежа - данжон выяўлена пад час раскопак на дзядзінцы старажытнага Мсціслаўля

Час узвядзення дзвух полацкіх вежаў невядомы, аднак архаічныя рысы планава-кампазіцыйнага характару - размяшчэнне ў цэнтры замка, нязвязаннасць са сценамі -- дазваляюць меркаваць, што ўзведзены яны былі не пазней ХІV ст. Пра вежу старажытнага Турава вядома толькі, што яна ў 30-х гадах ХІХ ст. была разбурана. Цяпер на Тураўскім гарадзішчы ад яе засталося адно амаль круглае ўзвышша дыяметрам каля 11 м. У другой палове ХІІІ ст. чатырохгранную ў плане вежу з вялікіх камянёў (12 х 12 м) пабудавалі ў Навагрудскім замку. Яна размяшчалася з поўначы, каля ўваходу ў замак і замыкала кальцо землянога вала, крыху выступаючы ўперад. У Гродна мураваныя вежы існавалі ўжо ў ХІІ ст. У ХІІІ ст. у Гродзенскім замку ўзвялі яшчэ адну вежу. Іпацьеўскі летапіс, паведамляючы пра аблогу замка ў 1277 г., адзначае “Столп бе бо камен высок стоя пред вароты горада”. Гэты “столп” захоўваўся яшчэ ў ХVІ ст., ўвайшоў у склад знешніх умацаванняў Старога замка і адлюстраваны на гравюры 1568 г. Ён меў выгляд цыліндрычнага высокага будынка, увенчанага зубцамі і востраканечным дахам. Тут было не менш за 4 абарончыя ярусы, у ніжняй частцы вежа ўмацоўвалася контрфорсамі. Гродзенская вежа-данжон была разобрана падчас пазнейшых перабудоў замка.

Не захавалася вежа і на замчышчы старажытнага Берасця. Берасцейскі стоўп, паводле Іпацьеўскага летапісу, быў "высотою яко Каменецкий". Цяпер устаноўлена, што Берасцейская вежа знаходзілася на паўднёва-ўсходнім краі мыса старажытнага гарадзішча, размешчанага на правым беразе р.Буг пры ўпадзенні ў яе Мухаўца. На ўсіх планах горада за 1798, 1800, 1803, 1830 гг., яна пазначана. У пачатку 30-х гг. ХІХ ст., у час перабудовы замка і ўзвядзення бастыёнаў Брэсцкай крэпасці, вежу разабралі. Аднак яе графічныя сляды на планах дазваляюць меркаваць, што вежа была не круглая, а чатырохвугольная, памерамі каля 5,9 х 6,3 м, таўшчынёю да 1,3 м. Зыходзячы з гэтага, можна лічыць, што вежа старажытнага Берасця больш паходзіла на такую ж вежу ў Стоўп’і, што на Валыні, чым на Камянецкую. Але форма яе, выцягнутая і тонкая, відаць дазволіла летапісцу параўнаць Берасцейскую вежу з Камянецкай.

Другая палова ХІІІ - XVI стст. перыяд зацятай барацьбы насельніцтва ВкЛ з агрэсіўнымі суседзямі. У гэтай барацьбе значную ролю адыгралі шматлікія ўмацаванні, пабудаваные на галоўных накірунках крыжацкай альбо татарскай навалы. Замкі ў Лідзе, Крэве, Медніках, Вільне, Троках, Гродне, Навагрудку, Полацку ды Віцебску мелі агульнадзяржаўнае значэнне.

Лідскі замак пабудаваны ў 1330-я гады з бутавага камяню і цэглы. Замак-кастэль, Лідскі замак пастаўлены на насыпным узгорку (вышыня 5-6 м), быў акружаны багністымі берагамі рэк Лідзея і Каменка, з паўночнага боку - ровам шырынёй каля 20 м, які злучаў рэкі і аддзяляў замак ад горада. Замак у плане - неправільны чатырохвугольнік (93,5 х 83,5 х 80 х 84 м) з 2 вуглавымі вежамі. Сцены вышынёй 12 м, таўшчынёй унізе 2 м, уверсе 1,5 м. Паўднёва-заходняя вежа мае памеры 11,3 х 11,3 м, паўночна-усходняя, узведзеная ў канцы XIV- пачатку XV ст. - 12 х 12,5 х 12,3 х 12,15 м. У замку меліся 3 уваходы: два ва ўсходняй сцяне. Замкавыя і вежавыя муры складзены ў асноўным з палявых камянёў. Выкарыстоўвалася цэгла 2 тыпаў (31 х 15 х 10; 31 х 14 х 7). На тэрыторыі замкавага двара размяшчалася праваслаўная царква (да 1533 г.), жылыя і гаспадарчыя пабудовы (драўляныя), у тым ліку дом каштэляна, казармы, склады, калодзежы, з 1568 года - суд, архіў, турма. Даследавалі Лідскі замак М.Ткачоў (1970), Я.Звяруга (1972), А.Трусаў (1977-78, 1980, 1985), А.Краўцэвіч (1986-87). Ускрыта 3260 кв.м замкавага двара. Культурныя напластаванні ад 0,4 - 0,8 да 2 м каля сцен. Знойдзена шмат металічных прадметаў, шклянога і керамічнага сталовага і кухоннага посуду (рынкі, латкі, гаршкі, збаны, глякі, цёрлы, куфлі, чаркі, кубкі, талеркі) пакрытыя зялёнай палівай альбо тэракотавыя. Трапляюцца заходне-еўрапейскія керамічныя вырабы. Сабрана вялікая калекцыя гаршковай (XIV - XVI стст.) і каробчатай кафлі з вонкавымі пласцінамі аздобленымі раслінным, геаметрычным і сюжэтным арнаментам. Большасць кафлі з зялёнай палівай. Металічныя вырабы - салдацкія і конскія падковы, нажы, крэсівы, ключы, замкі, наканечнікі стрэл і арбалетныя балты, каменныя ядры, манеты (Кейстута і Вітаўта, грошы XIVст., соліды XVII ст.).

Крэўскі замак пабудаваны ў 30-я гады XIV ст. каля сутокаў рэчак Крэвянка і Шляхцянка. Даследавалі яго М.Ткачоў (1970, 1985), А.Трусаў (1985), І.Чарняўскі (1988 ). Размешчаны на штучнай пясчанай дзюне. Замак ў плане мае выгляд неправільнага чатырохвугольніка абнесянага мураванымі сценамі (85 х 108,5 х 71,5 х 97,2 м). Таўшчыня сцен - 2,5 - 3, вышыня - 12 - 13 м. Сцены ад асновы падмуркаў да ўзроўню баявой галерэі вымураваны з палявога камяню. Замак меў, таксама як Лідскі, 2 вежы, размешчаныя па дыяганалі. Паўночная (Княжая) памерамі 18,65 х 17м выступае за перыметр сцен, мела 4 паверхі і склеп-турму ўнізе, столь і сцены верхніх паверхаў аздоблены фрэскамі (геаметрычны арнамент і выявы людзей). Ад Княжай вежы па дыяганалі да Малой вежы (11 х 10,65 м) вяла брукаваная дарога шырынёй каля 8 м. Уязная брама размяшчалася ў паўднёва-ўсходняй сцяне. Уздоўж паўночнан-заходняй сцяны знаходзіліся драўляныя жылыя і гаспадарчыя драўляныя пабудовы. З заходнім краю замка, бліжэй да уязной брамы размяшчаўся мураваны будынак жылога прызначэння даўжынёй каля 8 м. Пад будынкам быў склеп глыбінёй 3 м. Інтэнсіўнае жыццё ў замку праходзіла ў XIV-XVII стст., калі ён з’яўляўся рэзыдэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх. Археалагічны матэрыял прадстаўлены гаршковай і пласцінчатай кафляй, керамічным і сталовым посудам (гаршкі, збаны, глякі, гладышы, біклагі, куфлі, талеркі, рынкі, латкі), металічнымі вырабамі (падковы, замкі і ключы, кавальскія прылады, наканечнікі стрэлаў і арбалетныя балты). Навагрудскі замак існаваў у Х - XVII стст. Размешчаны на ўзгорку вышынёй 20 м, так званай Замкавай гары. З паўночнага і паўночна-усходняга бакоў Замкавая гара была ўмацавана ровам глыбіней 10 м і шырынёй 10-12 м, а таксама вышынёй каля 6 м і шырынёй у аснаванні 27 м. У 2-й палове ХІІІ ст. была пабудавана 4-вугольная ў плане (12 х 12 м) абарончая вежа з вялікіх камянёў. У канцы XIV ст. знішчана крыжакамі і ў той жа час адноўлена, а рэшткі папярэдняй ьылі выкарыстаны як падмурак (назва Шчытоўка, Цэнтральная). Новая, 5-павярховая вежа мела меншыя памеры (11,4 х 11,4 м) і формай нагадвала прызму. Вышыня сцен каля 25 м, таўшчыня 2,6 - 2,75 м. У канцы XIV ст. з паўночнага ўсходу і ўсходу пабудаваны яшчэ 3 мураваныя вежы. Справа на ўсход ад Шчытовай пастаўлена 3-павярховая Касцельная вежа (9 х 9 м у аснаванні). Ад яе на ўсходняй строме гары выкладзена мураваная сцяна даўжынёй 80 м., якая вяла да 2-й уваходнай брамы - Малой (8 х 10 м ў аснаванні). Ад брамы на захад ішло прасла сцяны даўжынёй 70 м і таўшчынёй 2,6 м. Сцяна звязала Малую Браму з Пасадскай вежай (7,7 х 7,7 м ў аснаванні, таўшчыня сцен 2,6 м). Вежы былі трохпавярховыя, мелі па 4 байніцы на кожным паверсе. Для надзейнага забеспячэння Замка вадой на ўсходнім схіле над крыніцай была пастаўлена Калодзежная вежа (8 х 8 м), якая звязвалася пласлам сцяны з верхнімі сценамі замка. Будаўніцтва вежаў было скончана да 1410 г. Далейшае будаўніцтва Навагрудскага замка адбывалася ў канцы ХV - пачатку XVI ст. У паўночна-заходняй частцы замка была пабудавана мураваная вежа Дазорца (14 х 14 м). Паміж ёй і Шчытовай узвялі мураванае прасла сцяны, што замкнула кальцо замкавых збудаванняў. У пачатку XVI ст. каля паўднёва-усходняга схілу Замкавай Гары пабудавана яшчэ адна Меская вежа-брама, якая звязвалася прасламі сцен з Калодзежнай і Малой Брамай. Утварыўся дадатковы сваеасаблівы мураваны пояс абароны перад уваходам у замак з боку горада.У канцы XVI- пачатку XVII ст. на замкавым будынку пабудаваны палац, да якога прылягала капэла. На тэрыторыі Наваградскага замка была царква (XIV ст.) памерамі 13,5 х 13,5 м у аснаванні. У XVII ст. у выніку яе перабудовы быў падоўжаны аб’ём у заходнім напрамку і павялічана апсіда (13,5 х 34 м). Асноўныя даследчыя працы па вывучэнню Навагрудскага замку праводзіў М.Ткачоў.

Гродзенскі замак у сваім мураваным выглядзе зроблены на мяжы XIV - XV стст. па ініцыятыве вялікага князя літоўскага Вітаўта. Пасля пажару 1398 г. сцены замку з плінфы былі заменены сценамі з валуноў і велкапамернай цэглы. У плане замак набыў форму няпрвілнага трохвугольніка. Сцяна звернутая да Нёмана мела даўжыню 120 м, з боку гараднічанкі - 90 м, а збоку горада складалася з 2 частак - 46 і 24 м. Магутнасць сценаў была 2.5 - 3 м. Гродзенскі замак складаўся з пяці вежаў і двухпавярховага палацу (памерамі 45х15 м) з усходняга боку. Вежа-брама з турмой пад ёй мела пад’ёмны мост праз сухі роў, які аддзяляў замак ад гарадскога пасаду (Ніжняга замака). Другая вежа стаяла на поўдзень ад першай , тэцяя - на заходнім баку пагорка, на мысе па-над Гараднічанкай, чацвёртая на поўночна-ўсходнім напрамку х боку горада і пятая ў заломе муроў з усходняга боку каля ўяздной брамы. Першыя чатыры вежы былі квадратныя (12х12 м), а пятая - круглая ў плане. Абарончыя функцыі надаваліся і знешняй сцяне княскага палаца. Вокны другога паверха мелі выгляд вузкіх байніц. Пад час будаўніцтва новага палаца для Стэфана Баторыя на пачатку 80-х гадоў XVI ст. вежу -браму , данжон і палац Вітаўта разбурылі. Археалагічныя раскопкі на Старым замку ў Гродна праводзіліся польскімі (Ю.Ядкоўскі і З.Дурчэўскі ў 20-х - 30-х гадах), расійскімі (М.Варонін у 40-х гадах) і беларускімі (Я.Зверуга, М.Ткачоў, А.Трусаў, А.Краўцэвіч, І.Чарняўскі ў 70-х - 90-х гадах) даследчыкамі. Высвятлілася, што за дзевяць стагодздзяў на тэрыторыі Старога замка утварыліся культурныя напластаванні магутнасцю каля 10 м. Ва ўсе часы жылыя і гаспадарчыя пабудовы сядзіб, вулічныя і дваровыя насцілы былі з дрэва. Да XVII ст. планіроўка драўлянай забудовы мела ўстойлівы характар. Археалагічныя даследаванні дазволілі сабраць разнастайны матэрыял, які ўсебакова характарызуе штодзённае жыццё, матэрыяльную і духоўную культуру насельнікаў Старога замка ў Гродна.

З XV ст. побач з дзяржаўным замкавым будаўніцтвам на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага развіваецца прыватнаўласніцкае. У цэнтрах буйных латыфундзій беларускай магнатэрыі Сапегаў, Радзівілаў, Ілінічаў, Глебовічаў, Хадкевічаў і інш. Узводзяцца драўляныя і мураваныя замкі (Мір, Геранёны. Іказнь, Любча, Мядзел), бастыёныя абарончыя сістэмы гарадоў і замкаў (Заслаўль, Нясвіж, Ляхавічы), інкастэляваныя храмы (Полацкі Сафійскі сабор, Сынкавічы, Мураванка, Супрасль).

Мірскі замак (Карэліцкі р-н) пачаў будавацца ў 1495 годзе Юрыям Ілінічам. З сярэдзіны XVI ст. належаў Радзівілам. Даследаваны ў 1912 г. Ю.Ядкоўскім, у 1972 г. М.Ткачовым, 1980-84, 1989-91 гг. А.Трусавым і І.Чарняўскім. Замак у плане блізкі да квадрата з бакамі каля 75 м. Па кутах - 5-павярховыя вежы вышынёй 25-27 м, якія выходзяць за межы сцяны. Пятая вежа - 6-павярховая з уязной брамай, перад якой быў пад’ёмны мост і герсы (каваныя краты). Усе вежы маюць аднолькавыя абрысы (да 1/2 - 1/3 вышыні - 4-граннае сячэнне, вышэй - 8-граннае) прарэзаны 2 радамі байніц і амбразурамі. Архітэктурная апрацоўка фасадаў кожнай вежы грунтуецца на розных па форме і велічыні дэкаратыўных нішах і арнаментальных паясах (бела-чырвоных). У пластычным афармленні замка выкарыстаны характэрныя для беларускай готыкі выяўленчыя сродкі, гатычная муроўка (чаргаванне тычка-лажка) з умураванымі камянямі, падзел сцен разнастайнымі па форме атынкаванымі нішамі, арнаментальныя цагляныя паясы. Замак быў абкружаны землянымі валамі вышынёй каля 10 м і ровам з вадой. У сярэдзіне XVI ст. у двары да паўднёвай і ўсходняй сценаў быў прыбудаваны аднапавярховы палац, да 1616 г. да яго прыбудавалі яшчэ 2 паверхі. Палац меў каля 40 пакояў, аздобленых лепкай.

Усяго даследавана каля 4000 кв.м паверхні Мірскага замка. Культурны пласт - ад 0,2 - 0,3 м да 1,8 м. Высветлена, што ў 2-й палове XV ст. на месцы замка існавала паселішча, якое знішчана ў выніку пажара. Знойдзены развал глінабітнай печы, складзенай з гаршковай кафлі. Земляныя валы і бастыёны вакол замка былі насыпаны ў больш познія часы з гліны, пяску і культурнага пласта XVI ст. Знойдзены керамічныя люлькі, гаршкі, макотры, міскі, талеркі, рынкі, збаны, кубкі, буйнапамерная цэгла, дахоўка з дэкаратыўным шыпам, у тым ліку паліваная, шкляныя кварты, пляшкі, келіхі, чаркі, нажы, ключы, замкі, гарматныя ядры, вялікая колькасць кафлі (тэракотавая, зялёная паліваная, паліхромная, а таксама сцянная, вуглавая, гзымсавая, паясковая, кафля-дахоўка, кафля-медальён).

Яркай і адметнай рысаў беларускага сярэднявечнага дойлідства Беларусі, лічыў М.Ткачоў, храмы абарончага тыпу (інкастэляваныя ). У ходзе інкастэляцыі цэрквы, касцёлы, кляштары і сінагогі сталі набываць абарончыя элементы: сцены будаваліся высокія і тоўстыя, на вуглах узводзіліся вежы х байніцамі і машыкулямі. Абарончыя прыстасаванні рабіліся і ў франтонах будынкаў. Унутры храмаў будаваліся скляпы для ваеннага рыштунку і запасаў прадуктаў. У вежах нярэдка ўстанаўлівалі студні.

Сынкавіцкі храм (Зэльвенскі р-н) пабудаваны ў канцы XV - пачатку XVI ст. У плане крыху выцягнуты і перакошаны прамавугольнік (17,5 х 13 м) з трохнефавым члененнем (4 м шырыня). Таўшчыня сцен 1,5 м, муроўка гатыцкая з цэглы памерамі 26,5 х 15 х 7 см, пакладзенай на вапне.

Чатыры баявыя вежы, размешчаныя па вуглах будынка, адрозніваюцца паміж сабой памерамі і архітэктурнымі формамі. Дзве з іх, што фланкіруюць заходнюю сцяну і ўваход пабудаваны на квадратных аснаваннях, умацаваных у трох кутах контрфорсамі. На палавіне сваёй вышыні вежы пераходзяць у 8-граннік з 3 ярусамі рознавялікіх байніц. Ніжні шэраг байніц разлічаны на абстрэл бліжэйшых падыходаў да сценаў будынку. Гэта фактычна байніцы падэшвеннага (ніжняга) бою. Дзве ўсходнія вежы цыліндрычнай формы і таксама забяспечаны байніцамі.

Унутры вежаў ёсць лесвіцы, з якіх можна было трапіць да абарончага поясу байніц, размешчаных у франтоне і 2 сценах на паддашку. Верхняя частка усіх сценаў апрача ўсходняй, ахоплена магутнай аркатурай абапёртай на шэраг степеньчатых патроеных кранштэйнаў. У прамежках паміж аркамі размяшчаюцца круглявыя байніцы, якія зліваюцца ў адзін рад з ніжнімі байніцамі вежаў. Уверсе над байнічнымі праёмамі знаходзіцца шэраг круглых шчылін, якія дазвалялі абаронцам сачыць за дзеяннямі праціўніка і весці агонь на далёкую адлегласць.

Мураванская царква (Шчучынскі р-н) пабудавана паміж 1516 і 1542 гадамі. Храм ўяўляе сабой 4-стоўпную аднаапсідную пабудову памерамі каля 15 х 13,5 м са сценамі амаль 2-мятровай таўшчыні. Па вуглах стаяць чатыры цыліндрычныя абарончыя вежы. Дзве заходнія вежы дыяметрам 4,5 м таўшчыня сценаў каля 1,8 м, вышыня 14 м. Дзве ўсходнія вежы дыяметрам 3 м таўшчыня сценаў каля 1 м. У вежах размешчалася вінтавыя лесвіцы, якія давалі выхад да дзвух ярусаў байніц і да байніц баявой галярэі, зробленых на паддашку ў сценах і заходнім франтоне. Байніцы складаліся з вялікай пячуры і самаго праёму, перакрытага круглявай арачкай. Расшыраючыся вонкі і ўніз, яны дазвалялі рабіць абстрэл непасрэдных подступаў да будынка. Над кожнай такой байніцай меўся невялікі праём адтуліна для назірання за праціўнікам. У паўночнай і паўднёвай сценах існавла па 7 байніц. У шчыту франтона храма размешчаліся два ярусы байніц, падобных па сваёй структуры да байніц сценаў. Ніжні ярус складаўся з 4, а верхні з 3 байніц, якія трымалі пад агнём подступы да ўваходу.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]