Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Якія формы барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў ажыццяўляліся на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны?

2. Якія партызанскія атрады і падпольныя арганізацыі дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі? Назавіце іх кіраўнікоў, асноўныя баявыя аперацыі.

3. Назавіце этапы “рэйкавай вайны”.

4. Што такое “Суражскія вароты”? Якое значэнне яны мелі для Беларусі ў гады вайны?

5. Якія асаблівасці меў партызанскі рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі? Хто такія акаўцы і аўнаўцы?

6. Якія формы неўзброенага супраціўлення большасці мясцовага насельніцтва акупантам вы можаце назваць?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Вызначце істотныя прыкметы паняццяў, дайце іх азначэнне: партызанскі рух, падпольная барацьба, партызанская зона, партызанскі край, “рэйкавая вайна”, партызанскі рэйд.

2. Ахарактарызуйце партызанскі рух і падпольную барацьбу беларускага народа па плану: прычыны, мэты, сацыяльная база, формы барацьбы, вынікі.

3. Дайце ўласную ацэнку партызанскай і падпольнай барацьбе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ці згодны вы з тэзісам, што барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі акупіраванай Беларусі з’яўлялася ўсенароднай. Сваю думку абгрунтуйце.

4. Падрыхтуйце паведамленне пра антыфашысцкую барацьбу ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі вашага раёна, сельсавета.

5. У энцыклапедыі “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне” (Мінск, 1990) прыводзіцца наступная інфармацыя: “З чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. патрыёты Беларусі знішчылі і паранілі больш за 500 тыс. гітлераўцаў, падарвалі і пусцілі пад адхон 11128 воінскіх эшалонаў і 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыгуначных станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі больш за 18700 аўтамашын, узарвалі, спалілі і разбурылі 819 чыгуначных і 4710 іншых мастоў, перабілі больш за 300 тыс. чыгуначных рэек, разбурылі больш за 7300 км тэлефонна-тэлеграфных ліній, збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, вывелі са строю 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат рознага калібру і 939 варожых складаў”.

Аб якіх асноўных напрамках баявой дзейнасці партызан і падпольшчыкаў Беларусі сведчыць гэта інфармацыя?

Спіс ілюстрацый

1. Г. Бржазоўскі. Партызаны. 1944–1948 гг.

2. І. Стасевіч. Клятва. 1967 г.

3. С. Раманаў. Вясна ў партызанскай зоне. 1981 г.

4. Карта “Партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 гг.

5. Помнік К.С. Заслонаву ў Оршы.

6. Помнік В.З. Харужай у Віцебску.

§ 41. Вызваленне беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Успомніце. Чаму план беларускай наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі ў чэрвені – ліпені 1944 г. атрымаў назву “Баграціён”?

Перадумовы карэннага пералому ў Вялікай Айчыннай вайне

Летам 1942 г. асноўныя сілы вермахта былі накіраваны на паўднёвы ўчастак савецка-германскага фронту. Праціўнік захапіў Данбас, выйшаў да ракі Дон, стварыўшы тым самым пагрозу Сталінграду і Паўночнаму Каўказу.

Групай нямецка-фашысцкіх армій “А” праводзілася аперацыя пад умоўнай назвай “Эдэльвейс” – бітва за Каўказ, а група армій “Б” наступала ў накірунку Сталінграда. Цяжкія кровапралітныя баі разгарнуліся ў ходзе абарончага этапа Сталінградскай бітвы з 17 ліпеня да 18 лістапада 1942 г.

У 1941–1942 гг. ствараліся ўмовы для правядзення стратэгічнага контрнаступлення Чырвонай Арміі, забеспячэння карэннага пералому ў ходзе Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны. Якія гэта ўмовы?

1. У выніку самаахвярнай працы савецкага народа да сярэдзіны 1942 г. была завершана перабудова ўсёй народнай гаспадаркі на ваенны лад. Савецкі Саюз меў дасканалую ваенную гаспадарку, здольную забяспечыць фронт усім неабходным і ў дастатковай колькасці. У 1942 г. авіяпрамысловасць СССР дала фронту 25 436 самалётаў, заводы Германіі выпусцілі 14,7 тыс. самалётаў. У 1943 г. савецкая прамысловасць выпусціла 35 тыс. самалётаў. У 1942–1943 гг. танкабудаўнічыя заводы СССР выпусцілі 44,6 тыс. баявых машын, а германскія – толькі 18,2 тыс. машын.

2. Шырокі размах прыняў рух усенароднай дапамогі фронту. Па пачыну тамбоўцаў і саратаўцаў працоўныя добраахвотна ўносілі грашовыя сродкі і матэрыяльныя каштоўнасці ў Фонд абароны СССР, Фонд Чырвонай Арміі і іншыя фонды. Дзякуючы добраахвотным ахвяраванням насельніцтва, на фронт дадаткова было накіравана 2 565 самалётаў, некалькі тысяч танкаў і іншая ваенная тэхніка. Народная ініцыятыва выражалася таксама ў шырокім развіцці донарства, забеспячэнні арміі цёплым адзеннем і г.д.

3. Перад тварам смяротнай небяспекі з асаблівай сілай праявіліся высокія маральныя і духоўныя якасці савецкіх воінаў, усяго савецкага народа. Узмацнілася выхаваўчая работа ў арміі і сярод працаўнікоў тыла. Тым самым складваліся ідэйна-палітычныя ўмовы для карэннага пералома ў ходзе вайны.

4. Важную ролю ў дасягненні карэннага пералома ў ходзе вайны адыграў партызанскі рух і антыфашысцкае падполле ў тыле германскіх войск.

Пачатак карэннага пералома ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны і ўсёй Другой сусветнай вайны звязаны з разгромам нямецка-фашысцкіх войск пад Сталінградам. Пасля моцнай артылерыйскай падрыхтоўкі раніцай 19 лістапада 1942 г. савецкія войскі перайшлі ў наступленне і прарвалі абарону праціўніка. 23 лістапада 1943 г. ў раёне гарадоў Калач і Савецкі замкнулася кальцо акружэння нямецка-фашысцкіх войск. Часці 6‑й палявой і 4‑й танкавай армій праціўніка агульнай колькасцю 330 тыс. чалавек былі акружаны.

2 лютага 1943 г. Сталінградская бітва закончылася поўным разгромам нямецка-фашысцкай групоўкі. Адступленні, акружэнні, “катлы” сталі цяпер характэрнымі для фашысцкіх армій. Стратэгічная ініцыятыва пераходзіла ў рукі савецкага камандавання. Ворагу быў нанесены такі ўдар, які пахіснуў усю ваенную машыну фашысцкай Германіі, падарваў яе ваенны прэстыж.

Летам 1943 г. фашысцкае камандаванне вырашыла зноў захапіць стратэгічную ініцыятыву, акружыць і знішчыць асноўныя сілы нашых армій у раёне Арла і Курска, затым магутным ударам авалодаць Масквой.

Курская бітва пачалася 5 ліпеня 1943 г. Савецкія войскі трымалі абарону да 12 ліпеня. У гэты дзень у раёне в. Прохараўка адбылася самая вялікая ў гісторыі Другой сусветнай вайны танкавая бітва – з абодвух бакоў адначасова ўдзельнічала звыш 1 100 танкаў і самаходных гармат. Абодва бакі панеслі цяжкія страты. 12–15 ліпеня 1943 г. савецкія войскі перайшлі ў контрнаступленне. Бітва пад Курскам працягвалася 50 дзён. З абодвух бакоў у ёй удзельнічалі звыш 4 млн. чалавек. Вораг пацярпеў паражэнне. Маральны дух нямецкіх войск моцна ўпаў, узяць рэванш за Сталінград не ўдалося.

З разгромам нямецка-фашысцкіх полчышч на Курскай дузе, паспяховым наступленнем Чырвонай Арміі летам – восенню 1943 г., разгромам фашыстаў на Левабярэжнай Украіне і вызваленнем сталіцы Украінскай ССР г. Кіева 6 лістапада 1943 г. звязана завяршэнне карэннага пералому ў вайне.

Праваслаўная царква ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У гады Вялікай Айчыннай вайны змяніліся ўзаемаадносіны паміж дзяржавай і царквой. У самым пачатку вайны мітрапаліт Сергій звярнуўся да ўсіх веруючых і да духавенства з пасланнем, у якім былі і такія словы: “Церковь Христова благословляет всех православных на защиту священных границ нашей Родины”. Патрыятычная дзейнасць Рускай праваслаўнай царквы па збору грашовых сродкаў, каштоўнасцей і рэчаў для патрэб фронту паслужыла штуршком для дыялога паміж уладай і царквой.

У лютым 1943 г. мітрапаліт Сергій і Сталін абмяняліся пасланнямі, а 4 верасня Сталін прыняў мітрапалітаў Сергія, Алексія і Мікалая. Вынікі гэтай размовы пераўзыйшлі ўсе чаканні: пытанні, пастаўленыя іерархамі, і самае галоўнае – скліканне архірэйскага сабора і выбары патрыярха, прастол якога доўгі час пуставаў, былі вырашаны станоўча. Аднавіў сваю дзейнасць Свяшчэнны Сінод. Для падрыхтоўкі кадраў свяшчэннаслужыцелей ізноў адкрываліся духоўныя вучэбныя ўстановы – акадэміі і семінарыі. Царква атрымала права друку і выдання літаратуры.

8 верасня 1943 г. у Маскве адбыўся Архірэйскі сабор, які выбраў мітрапаліта Маскоўскага Сергія патрыярхам Маскоўскім і Усея Русі. 8 кастрычніка таго ж года быў створаны Савет па справах Рускай праваслаўнай царквы пры Саўнаркоме СССР, якому даводзілася роля пасрэдніка паміж урадам і царквой.

Гітлераўскія ўлады на акупіраванай тэрыторыі стварылі Беларускую аўтакефальную царкву, пазбавіўшы яе кананічнага адзінства з Маскоўскай патрыярхіяй. Пры Генеральным камісарыяце Беларусі быў створаны аддзел палітыкі, які кантраляваў дзейнасць беларускага епіскапату. Царкоўнае справаводства і пропаведзі павінны былі весціся на беларускай мове, прызначэнні, перамяшчэнні і звальненні свяшчэннаслужыцеляў кантраляваліся акупантамі. Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква ўпраўлялася Саборам і Сінодам епіскапаў і ўзначальвалася мітрапалітам. Усяго ў 1944 г. у Беларусі дзейнічалі 1044 храмы і 7 манастыроў. Большая частка праваслаўнага духавенства падтрымлівала партызанскі рух: дапамагала грашыма, утрымлівала падпольныя шпіталі, ажыццяўляла разведку ў інтарэсах партызанскіх злучэнняў.

У чэрвені 1944 г., баючыся рэпрэсій з боку савецкіх улад, увесь беларускі епіскапат пакінуў межы Беларусі і, апынуўшыся ў эміграцыі, у поўным складзе ўвайшоў у Рускую праваслаўную царкву за граніцай.

Пачатак вызвалення Беларусі. Разгром нямецка-фашысцкіх войск на Курскай дузе і паспяховае наступленне Чырвонай Арміі летам – восенню 1943 г. стварылі ўмовы для выгнання акупантаў з Беларусі.

22 верасня 1943 г. быў вызвалены першы раённы цэнтр рэспублікі Камарын, а 26 лістапада – першы абласны цэнтр г. Гомель, куды адразу ж пераехалі ЦК КП(б)Б, урад рэспублікі і Беларускі штаб партызанскага руху. У студзені 1944 г. войскі Беларускага фронту правялі Калінкавіцка-Мазырскую аперацыю і з дапамогай партызан вызвалілі абласны цэнтр Мазыр і чыгуначны вузел Калінкавічы. У раёне Азарычаў войскамі Чырвонай Арміі былі выратаваны вязні 3 канцлагераў, дзе знаходзілася больш за 33 тыс. савецкіх грамадзян.

Усяго ў выніку наступлення Чырвонай Арміі восенню – зімой 1943–1944 гг. поўнасцю ці часткова былі вызвалены 36 раёнаў Беларусі, 36 раённых і 2 абласныя цэнтры – Гомель і Мазыр.

Агонія фашысцкага акупацыйнага рэжыму. Спробы стварэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці і войска. Поспехі савецкіх войск на франтах вайны, гераічнае супраціўленне насельніцтва ў тыле прымушалі гітлераўскае кіраўніцтва ўсё часцей звяртацца да палітычных манеўраў з тым, каб увесці ў зман народ і шырэй прыцягнуць яго да барацьбы супраць бальшавізму. Менавіта такім манеўрам з’яўлялася стварэнне ў снежні 1943 г. Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), якую ўзначаліў Р. Астроўскі.

БЦР з’яўлялася марыянетачным урадам, таму што поўнасцю працавала пад кантролем гітлераўцаў. Рада дапамагала акупантам весці барацьбу супраць партызан, выконваць пастаўкі для фашысцкай арміі.

У сакавіку 1944 г. па загаду Р. Астроўскага пачалася прымусовая мабілізацыя ў Беларускую краёвую абарону (БКА). За няяўку ў вызначаны тэрмін прадугледжвалася пакаранне смерцю. Галоўнае камандаванне БКА ўзначаліў маёр Ф. Кушаль. Для афіцэраў і падафіцэраў былі арганізаваны 3‑тыднёвыя курсы перападрыхтоўкі.

К сярэдзіне красавіка БЦР удалося стварыць 36 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў БКА. Аднак гэтае войска не апраўдала надзей акупантаў і выкарыстоўвалася ў асноўным на гаспадарчых работах ці ў ахове розных збудаванняў і складоў. Многія члены БКА са зброяй перайшлі да партызан, а частка іх пасля вызвалення Беларусі апынулася ў Германіі.

27 чэрвеня 1944 г. у гарадскім тэатры Мінска адбыўся ІІ Усебеларускі кангрэс, на які з’ехаліся бургамістры, начальнікі паліцыі, члены БЦР і іншыя “дэлегаты” – здраднікі Айчыны. Кангрэс абвясціў сябе “паўнапраўным і найвышэйшым прадстаўніком беларускага народа”, выбраў Р. Астроўскага прэзідэнтам БЦР, выказаў непрызнанне БССР як формы беларускай дзяржаўнасці. Але праз некалькі дзён гэтыя “кангрэсмены” пад гукі артылерыйскай кананады наступаўшых савецкіх войск ужо ўцякалі ў Берлін і Кёнігсберг.

Аперацыя “Баграціён”. Поўнае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1944 г. Чырвоная Армія нанесла 10 сакрушальных удараў па ворагу, у выніку якіх дзяржаўная граніца СССР была адноўлена на ўсёй адлегласці ад Баранцава да Чорнага мора. Гітлераўцы былі выгнаны з Румыніі і Балгарыі, з большасці раёнаў Польшчы і Венгрыі. Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Чэхаславакіі і Югаславіі.

У ліку гэтых 10‑ці сакрушальных удараў – разгром нямецка-фашысцкіх войск на тэрыторыі Беларусі. Ён ўвайшоў у гісторыю пад кодавай назвай “Баграціён”. Гэта адна з буйнейшых наступальных аперацый Чырвонай Арміі супраць групы армій “Цэнтр” у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У правядзенні аперацыі “Баграціён” удзельнічалі арміі чатырох франтоў: 1‑га Беларускага (камандуючы К. Ракасоўскі), 2‑га Беларускага (камандуючы Г. Захараў), 3‑га Беларускага (камандуючы І. Чарняхоўскі), 1‑га Прыбалтыйскага (камандуючы І. Баграмян), сілы Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Шырыня фронту баявых дзеянняў дасягала 1100 км, глыбіня руху войск – 560–600 км. Агульная колькасць войск да пачатку аперацыі складала 2,3 млн. чалавек.

Аперацыя “Баграціён” пачалася раніцай 23 чэрвеня 1944 г. Пасля артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі на Віцебскім, Аршанскім і Магілёўскім напрамках перайшлі ў наступленне войскі 1‑га Прыбалтыйскага, 2‑га і 3‑га Беларускіх франтоў. На другі дзень на варожыя пазіцыі абрушылі ўдар войскі 1‑га Беларускага фронту. Дзеянні франтоў каардынавалі прадстаўнікі Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання маршалы Савецкага Саюза Г.К. Жукаў і А.М. Васілеўскі.

Моцныя ўдары па камунікацыях і лініях сувязі акупантаў нанеслі беларускія партызаны. У ноч на 20 чэрвеня 1944 г. пачаўся трэці этап “рэйкавай вайны”. За тую ноч партызаны Беларусі ўзарвалі больш за 40 тыс. рэек.

Да канца чэрвеня 1944 г. савецкія войскі акружылі і знішчылі віцебскую і бабруйскую групоўкі ворага. Была ліквідавана ў раёне Оршы групоўка, што прыкрывала мінскі напрамак. Абарона ворага на прасторы паміж Заходняй Дзвіной і Прыпяццю была ўзламана. Першае баявое хрышчэнне каля п. Леніна Магілёўскай вобласці прыняла польская дывізія імя Т. Касцюшкі. У баях за вызваленне Беларусі прымалі ўдзел французскія лётчыкі авіяцыйнага палка “Нармандыя – Нёман”.

1 ліпеня 1944 г. быў вызвалены Барысаў, а 3 ліпеня – Мінск. У раёне Мінска, Віцебска і Бабруйска было акружана і знішчана 30 гітлераўскіх дывізій.

Савецкія войскі працягвалі наступленне на захад. 16 ліпеня 1944 г. яны вызвалілі Гродна, а 28 ліпеня – Брэст. Нямецка-фашысцкія захопнікі былі поўнасцю выгнаны з беларускай зямлі. У гонар Чырвонай Арміі – вызваліцельніцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на 21 кіламетры Маскоўскай шашы насыпаны Курган славы, чатыры штыкі якога сімвалізуюць чатыры савецкія франты, воіны якіх удзельнічалі ў вызваленні рэспублікі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]