Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

9.3. Аўтаматызаваная тэхналогія даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання

Аўтаматызаваная тэхналогія даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання прадугледжвае выкарыстанне сродкаў, крыніц пошуку на нетрадыцыйных носьбітах інфармацыі, разнастайных бібліяграфічных, фактаграфічных, паўнатэкставых баз даных, магчымасцей тэлекамунікацыйнага доступу да аддаленых крыніц інфармацыі, а таксама мае пэўныя асаблівасці пры ажыццяўленні асноўных этапаў, працэсаў і аперацый. Разгледзім гэтыя тэхналагічныя асаблівасці.

На першым этапе даведачна-бібліяграфічнага абслугоўван­ня прыём запыту ажыццяўляецца бібліёграфам, і ў ходзе гутаркі са спажыўцом інфармацыі высвятляюцца ўсе тыя ж звесткі, аб якіх гаварылася пры разглядзе традыцыйнай тэхналогіі. Пасля прыёму запыту бібліёграф ажыццяўляе яго перадмашынную апрацоўку.

Перадмашынная апрацоўка запыту, ці падрыхтоўка яго да ўводу ў сістэму, заключаецца ў аналізе запыту, правядзенні семантычных аперацый, звязаных з індэксаваннем зместу запыту з улікам лінгвістычнага забеспячэння БД, выкарыстоўваемых інфармацыйна-пошукавых моў, і складанні пошукавага прадпісання. Сюды ж уваходзяць улікова-рэгістра­цыйныя аперацыі, якія зводзяцца да фіксавання запыту і праверкі яго на дублетнасць. Вынікам перадмашыннай апрацоўкі з'яўляецца запаўненне рабочага ліста запыту, у якім, акрамя пошукавага вобраза запыту, змяшчаюцца ўказанні аб парадку выдачы інфармацыі (эшаланіраванне выдачы) і форме выдачы (раздрукоўка ў выглядзе спіса, табуляграм ці карт, перадача ў каналы дыстанцыйнай сувязі, перазапіс на дыскету ці іншыя носьбіты інфармацыі).

Перадмашынная апрацоўка запыту можа быць і аўтама­тычнай, якая ажыццяўляецца з дапамогай праграмы-дыспет­чара, што ёсць у складзе матэматычнага забеспячэння сістэ­мы. У гэтым выпадку функцыі праграмы-дыспетчара зво- дзяцца да прыняцця рашэння аб тым, якія рабочыя праграмы, у якім рэжыме і ў якой паслядоўнасці неабходна выканаць, каб задаволіць дадзены запыт, і ў прывядзенні запыту ў неабходны для работы выгляд.

Увод запыту ў сістэму пасля яго перадмашыннай апрацоўкі – наступны працэс аўтаматызаванай тэхналогіі даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання. Рабочы ліст запыту перадаецца ў групу падрыхтоўкі даных, дзе фарміруецца пакет запытаў для ўводу ў ЭВМ. Калі прадугледжаны дыялог з ЭВМ у рэальным часе, тэхналогія ўводу запыту ў ЭВМ мяняецца: пошукавае прадпісанне фарміруецца непасрэдна бібліёграфам (ці спажыўцом) на яго тэрмінальным устройстве і ўводзіцца ім у машыну.

У цяперашні час вядомы два асноўныя рэжымы працы аўтаматызаваных сістэм: пакетны і дыялогавы. Пакетны рэжым прадугледжвае фарміраванне сукупнасці запытаў спажыўцоў інфармацыі, пошукавых прадпісанняў, праграм пошуку ў адзіным пакеце, які дазваляе ажыццявіць пошук інфармацыі, неабходнай некалькім абанентам адначасова. Выдача вынікаў магчыма толькі па заканчэнні апрацоўкі ўсяго пакета.

Дыялогавы рэжым прадугледжвае зносіны чалавека з ЭВМ. Адрозніваюць лакальны дыялог, калі тэрмінал, з дапамогай якога ажыццяўляецца дыялог, знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад ЭВМ і карыстальнік не звяртаецца да каналаў сувязі агульнага карыстання, і дыстанцыйны, які праду- гледжвае зварот спажыўца да гэтых каналаў (тэлефон, тэлеграф, радыёсувязь). Магчымасць дыстанцыйнага рэжыму дазваляе спажыўцу мець прамы доступ да неабходных звестак нават у тым выпадку, калі інфармацыйны цэнтр знаходзіцца ад яго на значнай адлегласці. Дыялогавы рэжым дазваляе атрымліваць у кароткі тэрмін большую колькасць адказаў на запыты і адначасова абслугоўваць большую колькасць спажыўцоў; удакладняць фармулёўку запыту пры ўдзеле спажыўца; адразу адбіраць неабходныя дакументы і не затрачваць машынны час на друкаванне непатрэбных спажыўцу звестак; аплачваць толькі рэлевантныя адказы.

Пошук інфармацыі – гэта цэнтральны працэс пры аўта­матызаванай тэхналогіі даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання. Сутнасць яго заключаецца ў супастаўленні пошукавага вобраза дакумента, які захоўваецца ў сістэме, з пошукавым прадпісаннем запыту. Пры гэтым ажыццяўляюцца лагічныя і вылічальныя дзеянні, што прадугледжаны сукупнасцю алгарытмаў і праграм.

У практыцы бібліятэк выкарыстоўваюцца шэсць асноўных тыпаў пошуку па бібліяграфічных базах даных, і ў прыватнасці па электронным каталогу – пошукавым сродку, які першапачаткова пачынае фарміравацца ў бібліятэцы пры пераходзе яе на аўтаматызаваную тэхналогію ажыццяўлення бібліятэчна-бібліяграфічных працэсаў:

– загаловак – пошук па асноўным загалоўку кнігі, часопіса ці серыі;

– аўтар – пошук па прозвішчы аўтара, мастака, рэдактара, арганізацыі, адказнай за выданне, назве канферэнцыі;

– аўтар-загаловак – пошук па камбінацыі ўказаных прымет;

– прадметная рубрыка;

– нумар-пошук па кодах і нумарах – шыфры, класіфіка­цыйным індэксе, ІSSN, ISBN;

– ключавое слова – пошук па асобным слове з загалоўка, прозвішчы аўтара, назве ці прадметнай рубрыцы.

У любым з гэтых тыпаў пошуку магчымы пошук з выкарыстаннем булевых (лагічных) аператараў. Булеў пошук да- зваляе таксама камбінаваць у адным запыце розныя тыпы пошуку, напрыклад класіфікацыйныя індэксы з прадметнымі рубрыкамі і інш.

Разгледзім асаблівасці асобных тыпаў пошуку, напрыклад пошук па загалоўку. Для простага пошуку па загалоўку дакумента бібліёграф (карыстальнік) уводзіць з клавіятуры загаловак патрэбнага дакумента або, як мінімум, першае слова загалоўка. Загаловак правяраецца па спецыяльным паказальніку (файлу) загалоўкаў і па нарматыўным файле уніфікаваных загалоўкаў. Пры гэтым асобныя пачатковыя словы загалоўкаў (як правіла, артыклі) пры сарціроўцы і пошуку не ўлічваюцца. У выпадку, калі колькасць супадзенняў запыту з загалоўкамі, уключанымі ў файл загалоўкаў, шматлікая або калі дакладных супадзенняў няма, сістэма фарміруе і выводзіць на дысплей спіс рэлевантных загалоўкаў у алфавітным парадку, пры якім кожнаму ўваходу (загалоўку) прысвойваецца паслядоўны нумар. Такім чынам, сістэма прапануе дакладныя фармулёўкі загалоўкаў, якія маюцца ў каталогу, іх карыстальнік можа выбраць пры прагля- дзе алфавітнага паказальніка загалоўкаў. Затым бібліёграфу (карыстальніку) дастаткова ўказаць адпаведны нумар (рубрыку паказальніка) у спісе рэлевантных загалоўкаў, і сістэма выводзіць на экран адпаведныя запыту кароткія бібліягра­фічныя запісы сумесна са звесткамі аб месцазнаходжанні кожнага дакумента па даных модулей кнігавыдачы ці камплектавання. Пры гэтым тыпе пошуку сістэма дазваляе бібліёграфу праглядаць па алфавіце як кароткія, так і больш поўныя знойдзеныя бібліяграфічныя запісы ці вяртацца да паказальніка загалоўкаў. Калі запыту дакладна адпавядае толькі адзін бібліяграфічны запіс, сістэма адразу выводзіць кароткі бібліяграфічны запіс з патрэбным загалоўкам, не фарміруючы і не выводзячы на экран спіс загалоўкаў.

Пошук па аўтары ажыццяўляецца праз файл аўтараў, які ўключае ўсіх сааўтараў, ілюстратараў, рэдактараў і іншых, указаных у бібліяграфічных запісах і нарматыўным файле імён і найменняў аўтараў. Пошук па аўтары ажыццяўляецца аднолькава, як і пошук па загалоўках, толькі ў адказ на запыт сістэма фарміруе і выводзіць спіс рэлевантных запыту аўтараў з указаннем колькасці загалоўкаў па кожным аўтары.

Пошук па камбінацыі "аўтар–загаловак" з'яўляецца самым распаўсюджаным. Для дадзенага віду пошуку дастаткова ўвесці некалькі першых літар імя / наймення аўтара і загалоўка. Пошук ажыццяўляецца па двух файлах – аўтарскім і загалоўкаў. Гэта самы хуткі спосаб атрымаць патрэбныя звесткі. Такі тып пошуку можа ажыццяўляцца ў два этапы, працэдуры якіх дубліруюць пошук па аўтары і пошук па загалоўку. Пры гэтым тыпе пошуку нават пры ўсечаных фармулёўках у запытах вынікі пошуку зводзяцца ўсяго да некалькіх рэлевантных запісаў. Калі запыту адпавядае толькі адзін бібліяграфічны запіс, то ён адразу выводзіцца на экран дысплея, калі некалькі, то сістэма фарміруе і выводзіць спіс, прапануючы выбраць неабходную рубрыку і перайсці да прагляду бібліяграфічных запісаў ці вярнуцца да спіса. Калі ў каталогу няма запісаў, рэлевантных запыту, сістэма выводзіць паведамленне: "Нічога не знойдзена, паспрабуйце яшчэ раз".

Пошук па прадметнай рубрыцы прадугледжвае фармулёўку запыту ў выглядзе прадметнай рубрыкі. Дакладны адказ патрабуе поўнага супадзення прадметнай рубрыкі запыту і прадметнай рубрыкі пошукавага вобраза дакумента. Але калі ў каталогу няма дакладнага супадзення ці калі ў паказальніку прадметных рубрык ёсць некалькі рубрык, што адпавядаюць умовам запыту, сістэма фарміруе і выводзіць на тэрмінале спіс рэлевантных прадметных рубрык з указаннем колькасці бібліяграфічных запісаў, якія адпавядаюць кожнай прадметнай рубрыцы. Спіс прадметных рубрык можна праглядаць па алфавіце ў абодва бакі для ўдакладнення запыту.

Пошук па ключавых словах звычайна ўключае наступныя падвіды: пошук па ключавых словах імя / прозвішча аўтара; пошук па ключавых словах загалоўка; пошук па ключавых словах прадметнай рубрыкі. У любым з указаных відаў пошуку мноства супадаючых з запытам імён ці прозвішчаў аўтараў, загалоўкаў, прадметных рубрык выводзіцца на экран ў выглядзе фарміруемага сістэмай пераліку адпаведных рубрык разам з колькасцю запісаў па кожнай рубрыцы, г.зн. па аўтары, загалоўку ці прадметнай рубрыцы. Калі ў каталогу толькі адзін запіс дакладна адпавядае запыту, сістэма выводзіць яго адразу, абмінаючы пералікі рэлевантных рубрык.

У межах пошуку па ключавых словах маецца дадатковая магчымасць усячэння ключавых слоў з правага боку. Усечаная частка слова абазначаецца спецыяльным знакам, напрыклад знакам # . Такога ўсячэння слоў "уручную" іншыя тыпы пошуку не патрабуюць па прычыне таго, што гэта закладзена ў іх імпліцытна, гэта значыць падразумеваецца пры алфавітнай сарціроўцы пошукавых элементаў. Але пры пошуку па ключавых словах усячэнне неабходна ўказваць пры фармулёўцы запыту. Так, пошук па ключавым слове "біблія #" дадаткова да бібліяграфічных запісаў, якія змяшчаюць у назве гэтую частку слова, выдасць таксама найменні – Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, Санкт-Пецярбургскае біблія­тэчнае таварыства і інш. Пошук па ключавым слове загалоўка з'яўляецца найбольш важным у гэтым тыпе пошуку. У файле загалоўкаў у пошук уключаюцца ўсе словы ўсіх загалоўкаў, акрамя вельмі абмежаванай колькасці "стоп-слоў", у асноў­ным артыкляў. Выкарыстанне паказальніка ключавых слоў загалоўкаў з'яўляецца свайго роду альтэрнатывай пошуку па прадметных рубрыках. Пошук па ключавых словах прадметных рубрык ажыццяўляецца аналагічна, але адбываецца ў файле прадметных рубрык, уключаных у каталог.

Пошук па нумары звычайна ажыццяўляецца па наступных прыметах: па шыфрах захоўвання, у тым ліку пры сістэматычнай расстаноўцы фонду; па міжнародных стандартных нумарах выданняў (ISSN, ISBN); нумары друкаванай карткі нацыянальнага бібліяграфічнага цэнтра; дзяржаўным рэгістрацыйным нумары. Спецыялісты распрацоўваюць таксама пошук па класіфікацыйных індэксах.

Пры аўтаматызаванай тэхналогіі ажыццяўлення даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання прымяняецца пошук з выкарыстаннем булевых аператараў. Пошук называецца булевым па імені англійскага матэматыка Джорджа Буля. Ён у сярэдзіне XIX в. распрацаваў алгебру, якая мела фундаментальнае значэнне для вылічальнай тэхнікі і стала называцца булевай. Булева алгебра мае справу з логікай, а не з вызначэннем лічбавых значэнняў дваічных пераменных х або у. Гэтыя дваічныя пераменныя могуць прымаць толькі адно з двух значэнняў: "праўда" або "няпраўда", а ўзаемаадносіны паміж гэтымі пераменнымі выражаюцца ў лагічнай форме з дапамогай такіх аператараў, як and / і (лагічная кан'юнкцыя), or / ці (лагічная дыз'юнкцыя) і not / не (лагічнае адмаўленне). Пры пошуку ў электронным каталогу, бібліяграфічных базах даных булевыя аператары выкарыстоўваюцца ў якасці спецыфікатараў, напрыклад запыт па ключавым слове: "маркетынг" або "збыт" і "апрацоўка тэкстаў". Булеў пошук па ключавых словах з'яўляецца вельмі эфектыўным.

Онлайнавы доступ да электроннага каталога дае магчымасць не толькі выкарыстоўваць даныя каталагізацыі, але і іншыя модулі аўтаматызаванай бібліятэчнай сістэмы – модуля камплектавання і модуля кнігавыдачы (напрыклад, звесткі аб тым, што дакумент выдадзены на абанемент, на выставу, на які тэрмін; ці бібліяграфічныя звесткі аб дакументах, якія ўжо заказаны / атрыманы бібліятэкай, але не паступілі ў фонд / апрацоўку).

Онлайнавы доступ дае магчымасць бібліёграфу (карыстальніку) у пэўныя моманты перарваць дыялог і прагледзець знойдзеныя бібліяграфічныя запісы; спыніць прагляд, увесці новыя пошукавыя прыметы пры камбінаваным шматаспектным пошуку з дапамогай булевых аператараў ці новы запыт; надрукаваць бібліяграфічны запіс, які яго зацікавіў, ці ўсе знойдзеныя дакументы; заказаць бібліяграфічны спіс ці копію дакумента.

Завяршальная аперацыя аўтаматызаванай тэхналогіі даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання – выдача інфармацыі, якая заключаецца ў падрыхтоўцы вынікаў пошуку да вываду і выбару формы выдачы. Магчымы вывад інфармацыі на розныя носьбіты; выдача зместу дакументаў у цэлым ці толькі асобных частак; інфармацыя можа быць апрацавана і выда- дзена ў форме тэксту, табліцы і інш.

З развіццём тэлекамунікацый у практыку даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання трывала ўвайшло такое паняцце, як дыстанцыйны, ці аддалены, доступ, і ўжо з 1987 г. у навуковы зварот уваходзіць паняцце онлайнавага даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання, пад якім разумеецца прадастаўленне карыстальнікам інфармацыі з тэрытарыяльна аддаленых баз даных пры дапамозе онлайнавых інфармацыйна-пошукавых сістэм. Даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне ў рэжыме онлайн з'яўляецца лагічным працягам традыцыйнага даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання, паколькі адпавядае цэламу раду працэсаў, аперацый, характарыстык традыцыйнага віду дзейнасці (наяўнасць узаемадзеяння "карыстальнік – бібліёграф", матываваны інфармацыйны пошук і інш.), разам з тым існуюць і спецыфічныя асаблівасці.