Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Навуменка.doc
Скачиваний:
83
Добавлен:
20.09.2019
Размер:
237.57 Кб
Скачать

ЛІРЫКА МАКСІМА БАГДАНОВІЧА

Зборнікам «Вянок» Максім Багдановіч

прывіў беларускай паэзіі паэтычную

культуру, якой былі ўжо багатыя

іншыя літаратуры свету.

А. Лойка

Лірыка Багдановіча далёка не аднапланавая, пярэстая, у ёй не знойдзеш той устойлівасці, «непахіснасці», якую бачым, напрыклад, у паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Багдановіч — паэт-інтэлігент, дзіця горада, ён шчыльней далучаны да рускай і еўрапейскай паэзіі XIX—пачатку ХХ стагоддзя.

Класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб пас бліжэй падыходзяць да новых нормаў вершатворчасці. Калі Купала амаль да канца застаецца прыхільнікам-інтанацыйнага верша, то Колас у паэме «Новая зямля дае ўзор сілаба-танічнага верша, у дадзеным выпадку чатырохстопнага ямба, якім напісана (за рэдкім выключэннем) уся паэма.

Найбольш пашырыў, узбагаціў версіфікацыйныя нормы і прынцыпы беларускага верша М. Багдановіч. У яго, бадай, не знойдзеш і двух вершаў, якія супадалі б у рытміка-інтанацыйным малюнку. Зрэшты, Багдановіч ставіў перад сабой зусім свядомую задачу: даказаць, што беларуская, «мужыцкая» мова прыдатная да самых вытанчаных рытміка-інтанацыйных і страфічных форм сусветнай паэзіі.

Паэт стварае тэрцэты, тэрцыны, рандэлі, актавы, санеты, скерца. Гэтыя эксперыментальныя формы ў яго выкананні гучаць вельмі няблага. Нібы дбайны садоўнік, М.Багдановіч прывівае беларускай паэзіі новыя формы, жанры, строфіку.

Паэзія па прыродзе сваёй мусіла паглыбляцца ў свет чалавечай душы, выяўляць у ёй самыя тонкія адчуванні, пачуцці, іх нюансы, звівы, настроі.

Багдановіч называецца сынам Адраджэння, герой якога ўспрымае свет па-рэнесанснаму шырока. Паэт мала ведаў рэальную бацькаўшчыну. Таму нараджалася бацькаўшчына сноў, летуценняў, легенд. Пры ўсім гэтым паэт «зачарованага царства» быў надзвычай вострым эстэтам. Тонкім паэтычным інстынктам адчуваў, дзе прысутнічае прыгожае, умеў адшукаць прытулак, куток, дзе ёсць месца выявы красы.

Паэт адчуваў форму, умеў яе знаходзіць, бо матэрыял без формы — нішто. Возьмем, да прыкладу, выказванне самога М. Багдановіча пра ўласную творчасць: «М. Багдановіч таксама дбаў аб развіцці вершу і даў колькі навінак іх (цыклаў), новых або па тэмах, або па форме. Сюды належаць вершы накшталт народных песняў, або ў старафранцузскіх формах, далей аб старой Беларусі і дзе што іншае...» [Узвышша. 1927. № 2. С. 134]

Бадай тое самае сцвярджае прафесар У. Вазнясенскі. Пасля разгляду розных бакоў творчасці М. Багдановіча ён заключае: «Бясспрэчным і ачавістым застаецца бытнасць двух накірункаў у творчасці Багдановіча — класічнага і рамантычнага. Гэта паказвае, што паэт ішоў дарогай сінтэзу, імкнучыся аб’яднаць у адно мастацкі цэльнае найбольш высокія цэннасці гэтых кірункаў і стыляў» [Там жа. С. 155].

Пры разглядзе паэзіі М. Багдановіча пераканаемся: ён не адмаўляўся ад тэмы сацыяльнай, нацыянальнай, нават паэзію калектыўна-масавай эмоцыі не адмаўляў («Краю мой родны», «Рушымся, брацця...»). Але не толькі ва ўзбуджэнні грамадзянскіх, грамадскіх пачуццяў бачыў ён прызначэнне паэта. Галоўнае — асабістасць ва ўспрыманні паэтам навакольнага свету. Бо красу прыроды і кахання можа адчуваць толькі духоўная, тонка развітая асоба, якая нібы вырываецца з палону матэрыяльных патрэб і нягод.

Эстэтычпыя погляды Максіма Багдановіча. Тэма мастацтва і хараства

Тэма мастацтва і хараства распрацавана М. Багдановічам надзвычай шырока. Ёй прысвечана многа вершаў («Мае песні», «Песняру», «Мадонны», «Ліст», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Дзе вы, лясоў, палёў цвяты?» і інш.), апавяданняў («Музыка», «Апокрыф», «Апавяданні аб іконніку і залатару», «Сон-трава», эцюд «Мадонна»), літаратурна-крытычных артыкулаў («Забыты шлях», «Глыбы і слаі», «Краса і сіла», «Паэзія геніяльнага вучонага»).

Многія вершы М. Багдановіча напісаны ў імпрэсіянісцкай манеры. Гэта імгненні, малюнкі, замалёўкі, якія нас уражваюць, хоць у большасці іх, здаецца, няма нічога асаблівага. Тонкай паэтычнай душой Багдановіч адчувае прывабнасць, прыгажосць гэтых імгненняў і малюнкаў. Ён здольны схапіць, як бы спыніць цудоўныя хуткаплынныя моманты навакольнага жыцця, засяродзіць на іх позірк чытача, даць яму адчуць іх прыгажосць.

Вы, хто любіць натрапіць

Між страніц старых, пажоўклых

Кнігі, ўжо даўно забытай,

Блёклы, высахшы лісток, —

Праглядзіце гэты томік:

Засушыў я на паперы

Краскі, свежыя калісьці,

Думак шчырых і чуцця.

(1, 51)

Так, Багдановіч дае нібы накіды жыцця, выяўляе асобныя яго моманты, імгненні, якія змяняюцца, саступаючы іншым момантам, імгненням, мімалётным уражанням.

Сёння даследчыкі паэзіі Багдановіча не ўтойваюць яе яўных сувязей з мадэрнізмам, якія, аднак, не надта трывалыя і глыбокія.

Найбольш зачарпнуў Багдановіч з практыкі імпрэсіянізму, які ў рускай і беларускай літаратуры не аформіўся як самастойны напрамак. Але імпрэсіянізм (ад французскага impression – уражанне) — мастацкі напрамак, які ўзнік у Францыі ў канцы ХІХ ст. і склаў цэлую эпоху ў гісторыі сусветнага мастацтва (жывапісцы К.Манэ, А.Рэнуар, Э.Дэга, у Расіі – К.Каровін), паўплываў на паэтаў «сярэбранага веку» (А. Фет, Ф. Цютчаў) і нават на пазнейшых пісьменнікаў (А. Блок, А. Чэхаў, I. Бунін).

У літаратуры імпрэсіянізм не замацаваўся як састаўная плынь, выключаючы хіба што французскую паэзію другой паловы XIX ст. Ды і яна не выпрацавала выразна творчых прынцыпаў напрамку. «Французская поэзия не отчеканила их собственными средствами, но пересняла от изобразительного искусства. Уже натурализм Золя ссылается на изобразительное искусство, прежде всего на живопись Манэ» [Вальцль Оскар. Импрессионизм и экспрессионизм. Пт., 1922: С. 28].

На працягу далейшага развіцця эстэтычных поглядаў французская паэзія не пакідае спробы пераняць ад жывапісу яго «зрокавыя» метады. Толькі ўражанні перадаюцца фарбамі. Каларыт — усё, малюнак — нішто. Акадэмічная перспектыва замяняецца тэорыяй «пятен» (плям). У далечыні няма ні людзей, ні прадметаў, яны толькі «красочные» плямы.

Імпрэсіянізм вынікае са зрокавых вобразаў, якія не ўспрымалі мастакі ранейшых напрамкаў або не бралі іх пад увагу. Імпрэсіяністы з гэтага пачалі: яны актыўна выкарыстоўвалі светавыя, колеравыя асаблівасці ўздзеяння на малюнак кантрастаў і дадатковых колераў. Карацей, імпрэсіяністы звярнулі ўвагу на з’явы, якія ў сканцэнтраваным выглядзе ствараюць аптычныя ілюзіі.

Багдановіч узяў не ўсё ў паэтаў-імпрэсіяністаў. Яшчэ далей ён стаяў ад сімвалістаў, якія зыходзілі з ідэі, што за бачным, матэрыяльным светам існуе свет «потусторонний», трансцэндэнтны.

Калі ў любімых Багдановічам паэтаў — Гётэ, Блока — абрысы малюнка расцягненыя, часам няпэўна-абстрактныя, то у яго уласнай творчай практыцы справа абстаіць інакш. Ён цвёрда стаіць на пазіцыях рускай класічнай паэзіі з яе прадметнасцю, «рэчавасцю» свету. Агульная рыса эпітэтаў Багдановіча — канкрэтнасць. Пераважае ў яго вершах зрокавы эпітэт (сіняватая ноч, бледна-сіні маладзік, месяц чырвона-жоўты і г. д.).

Сімвалізм не аказаў на беларускую паэзію вялікага ўздзеяння, аднак пэўны ўплыў усё ж быў. Міма сімвалізму не прайшлі ні Янка Купала («Адвечная песня», «Сон па кургане»), ні Якуб Колас («Сымон-музыка»). Але адзнакі сімвалізму, імпрэсіянізму найбольш адбіліся на вершах і апавяданнях Змітрака Бядулі і Максіма Багдановіча. Два гэтыя пісьменнікі сваімі творамі нібы запаўняюць той прагал, які намеціўся ў беларускай літаратуры.

Ідэалагізаваныя догмы, якія прыжыліся ў літаратуразнаўстве, дыктавалі іншы падыход. Крытыкі, літаратуразнаўцы, якія займаліся творчасцю З. Бядулі, М. Багдановіча, адхрышчваліся, як маглі, нават ад упамінання слоў «сімвалізм», «імпрэсіянізм» у дачыненні да беларускай літаратуры.

Сімвалізм з яго туманнымі, няпэўнымі, неакрэсленымі арыенцірамі мала што мог даць сялянскай, «мужыцкай» літаратуры з яе выразнымі сацыяльнымі і нацыянальна-вызваленчымі ідэаламі. Аднак даў, перш за ўсё культуру верша.

Сімвалізм, які нараджаўся ў крызісную эпоху канца ХІХ — пачатку XX стагоддзя, быў своеасаблівай эстэтычнай спробай аддаліцца ад вострых супярэчнасцей рэальнага жыцця, ад рэвалюцыйнага, вызваленчага руху ў свет «агульных», вечных, агульначалавечых ідэй. Гэта абумовіла адыход сімвалістаў ад традыцыі рускай класічнай літаратуры, ад рэвалюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі.

Не абмінулі названыя вышэй акалічнасці і паэзію Багдановіча, хоць ніколі, ні ў якія часы яна не была чыста сімвалісцкай. Аднак подых сімвалізму і яшчэ ў большай ступені імпрэсіянізму, які як бы знутры афарбаваў сімвалічныя карціны, малюнкі, у паэзіі Багдановіча прысутнічае.

З рускіх паэтаў самым блізкім да Багдановіча быў Л. Фет. Ён першы аддаў даніну захапленню імпрэсіянізмам. У канцы жыцця А. Фет пераклаў на рускую мову кнігу нямецкага філосафа Шапэнгауэра «Мир как воля и представление», якая была блізкай рускаму паэту па светапогляду і светаўспрыманню.

А Багдановічу паэзія Фета блізкая тонкімі нюансамі прытоеных рэальных перажыванняў, філасофска-разумовымі развагамі і адначасова захопленасцю хараством жыцця, асабліва прыроды. Зоркі, воблачкі, завірухі, навальніцы, лес — вечна новыя, зменлівыя праявы Прыгажосці — пастаянна захапляюць паэта. Іншы раз ён глядзіць на свет дзіцячымі вачыма, бачыць у ім перлы схаванага хараства. У багдановічаўскай паэзіі вельмі шырока выяўлены элемент разумовасці, ціхіх філасофскіх разваг, паэт спыняецца перад многімі загадкамі быцця, іх таямнічасцю, бясконцасцю праяў.

«Бальны, бесскрыдлаты паэт» вельмі часта задумваецца аб непазбежнасці смерці. Гэта думка, можна сказаць, ніколі не дае яму спакою. Адчуваючы бязлітасны ход быцця і небыцця, яшчэ малады, але ўжо цяжка хворы паэт на працягу ўсёй творчасці аддаецца сумным развагам пра смерць, знікненне чалавека.

Апрача пераемнай сувязі з рамантызмам, тэарэтычныя карані сімвалізму як бы вынікаюць з ідэалістычнай філасофіі Шапэнгауэра, поглядаў аўстрыйскага фізіка Эрнеста Маха, філасофіі інтуітывізму, экзістэнцыялізму. Калі сімвалізм імкнуўся да адлюстравання рэчаіснасці, то толькі ў яе імпрэсіянісцкай хуткаплыннасці, зменлівасці. Найбольшую ўвагу паэты-сімвалісты аддавалі мастацкаму асэнсаванню «рэчаў у сабе», вобразаў трансцэндэнтных, што знаходзіліся за межамі пачуццёвага ўспрымання. Пры гэтым паэтычны сімвал бачыўся паэтамі названага напрамку як штосьці больш дзейснае, чым мастацкі вобраз, бо ён дазваляў спасцігнуць звышчасавую сутнасць свету ў яго трансцэндэнтнай Прыгажосці.

Не варта шукаць поўнага сімвалісцкага аксесуара ў паэзіі Багдановіча, бо сімвалістам у дэкадэнцкім разуменні слова ён ніколі не быў. Ён нават адмяжоўваўся ад дэкадэнтаў. I ў той жа час падзяляў некаторыя сімвалісцкія запаветы: аналогію душэўнага жыцця чалавека з праявамі Сусвету, музыкальную стыхію як першааснову жыцця і мастацтва, зварот да міфа, фальклору. Сімвалізмаў шмат, гэтак жа як паэтаў-сімвалістаў. Яднаюць іх пошукі вечных, абсалютных ісцін, вера ў тое, што паэт душой сваёй звязаны з жыццём прыроды, спасцігае душой тайны, загадкі Сусвету:

Ціха па мяккай траве

Сінявокая ноч прахадзіла,

Ціха з заснуўшых палян

Плыў угару і знікаў

Быццам дым сіняваты з кадзіла,

Рэдкі, прывідны туман;

Неба ўсю глыб ажывіўшы,

Патроху праз цемнь выглядалі

Зорак дрыжачых вянкі...

Час, калі трэба журыцца

Душою на свежых магілах

Пуста пранёсшыхся днёў...

(I, 64)

У вершах Багдановіча штосьці нявыказанае ці не да канца выказанае тоіцца між радкоў. Як бы ахінаючы іх вэлюмам загадкавасці, таямнічасцю, паэт выбірае найчасцей вечар, ноч і такія карціны, праявы прыроды, якія самі па сабе нараджаюць у душы прыўзнята-містычны настрой, заклікаюць да роздуму пра бясконцасць, тайну Сусвету і мімалётнасць, кароткасць жыцця на зямлі, якое ніколі тайну не раскрывае, і чалавеку не даступіцца да яе.

Разумовы элемент у паэзіі Багдановіча значны. Талент паэта амаль пазбаўлены стыхіі гумару, смеху, іроніі, нібыта і выкліканы да жыцця дзеля філасофскай засяроджанасці, развагі і роздуму. Выключэнне складаюць творы, пабудаваныя на фальклорных матывах («Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык»). У шмат якіх вершах мы спатыкаем ноч, зоркі, месяц, г. зн. тую пару, калі сусвет нібы напаказ выстаўляе свае таямніцы і загадкі. Аднак паэтам змроку, ночы Багдановіча не назавеш. Яго лірычны герой — асоба актыўная. Ён шукае, імкнецца разгадаць ці хоць прыадчыніць заслону над бясконцымі тайнамі быцця. Хоць яшчэ ніводны паэт з усіх тых, што калі-небудзь жылі на зямлі, таямніц свету, быцця не разгадаў. Але без імкнення да гэтага няма паэзіі: .

...Сумна плыве маладзік бледна-сіні

Ў небе вячэрнім, зялёным, як лёд;

Іскрацца зорак сняжынкі маркотна,

Збожжа пакрылася шызай расой...

Кіньма жа думкі аб долі гаротнай,

Хоць бы на момант спачынем душой!

(І, 65)

Так, у Багдановіча б’ецца жылка-думка: хочам навесці парадак на зямлі, палепшыць жыццё, а тым часам нават не ведаем, што яно такое, на чым грунтуецца, якія мае мэты. Хто мы такія?

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, – пакутнікі сярод нябёс.

На што ж на Зямлі

Сваркі і звадкі, боль і гора,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?

(І, 278)

Сваімі матывамі верш нейкім чынам пераклікаецца з ідэяй Кнута Гамсуна “Пад асенняй зоркай”, дзе сцвярджаецца думка, што людзі – што людзі толькі часовыя падарожнікі на зямлі. Раман Гамсуна пра таямніцы кахання, але і Багдановічаў верш з гэтага пачынаецца:

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

I сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца

I нясецца за сонцам зямля...»

Можна нават сказаць так: Багдановіч успрыняў слоўнае мастацтва сімвалістаў і прыстасаваў яго да ўласных творчых задач, але ні ў якім разе не адкінуў імпрэсіянізм, сімвалізм, не прайшоў міма новых напрамкаў. Ён узбагаціў творчымі дасягненнямі імпрэсіяністаў, сімвалістаў уласны верш і тым самым беларускую паэзію. Тут, бадай, тая ж работа, што і з перакладамі на беларускую мову Верлена і Верхарна.

Імя Верлена звычайна звязваюць з дэкадэнцкай паэзіяй. Але змест яго лірыкі гэтым не вычэрпваецца (антысацыяльнасць, крайні індывідуалізм, упадніцкі настрой, эротыка, містыка). «Верлен стварыў лірычныя цыклы, якія сваімі каранямі ідуць у традыцыі рамантызму, адкрываючы ў той жа час новыя шляхі развіцця лірычнай паэзіі» [Григорьян К. Н. Верлен и русский символизм // Русская литература. 1971. № 1. С. 111].

Ужо ў першым выпуску «Русских символистов» Брусаў, указваючы на шэраг агульных рысаў сімвалізму і дэкадэнцтва, у той жа час выдзяляў сімвалізм як самастойную плынь. Як бы мімаходзь у гэтым выпуску зазначалася, што «тонкія, няўлоўныя настроі з’яўляюцца пераважнай сферай нашай паэзіі» [Григорьян К. Н. Верлен и русский символизм // Русская литература. 1971. № 1. С. 112].

Найвышэйшым дасягненнем сімвалістаў Брусаў лічыў «музыку і віртуознасць верша». «Французы далі ўзоры такой напеўнасці верша, такога дасканалага жывапісу гукамі, якія ўжо прыбліжаюцца да мяжы, наогул даступнай для мовы» [Григорьян К. Н. Верлен и русский символизм // Русская литература. 1971. № 1. С. 114].

Для Багдановіча творчасць сімвалістаў была прыступкай, падняўшыся на якую ён лепей бачыў патрэбы беларускай паэзіі, што яшчэ не ўмела ці недастаткова ўмела выдзяляць свет асобы, тонкія нюансы перажыванняў, хараство прыроды і злучанасці чалавечай душы з яе светам.

Змітрок Бядуля, які сам чэрпаў са скарбніцы імпрэсіянісцкай і сімвалісцкай эстэтыкі, пісаў пра Багдановіча («Натхненне і гармонія»): «Азнаёміўшыся з вялікім кветнікам сусветнай паэзіі ад старадаўніх класічных часоў па сённяшні дзень, Багдановіч навастрыў сваё паэтычнае пачуццё, узбагаціўшы родную нацыянальную паэзію новымі формамі, новымі гармоніямі, фарбамі, вобразамі і мелодыямі. Ён умеў знаходзіць фарбы там, дзе іншыя праходзілі міма, нічога не бачачы.

На беларускай ліры ён выпрабаваў розныя тоны, розныя акорды паэзіі, паказваючы гібкасць і меладычнасць жывой беларускай мовы, на якой можна выказаць самыя чуць улаўляльныя размытасці думак і пачуццяў» [Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Мн., 1989. Т. 5. С. 397].

Бядуля разумеў Багдановіча, як ніхто іншы з беларускіх пісьменнікаў, бо яго творчы шлях быў падобны на багдановічаў. З тым адрозненнем, што Бядуля да 1912 года жыў у глушы сярод лесу і поля, а Багдановіч беларускіх краявідаў не бачыў да прыезду ў Вільню і Ракуцёўшчыну ў 1911 г. Пачалі пісаць абодва паэты амаль адначасова. I хоць жылі яны ў розных умовах, мелі неаднолькавую адукацыю, але ў творчасці іх адчуваецца подых імпрэсіянізму і сімвалізму.

Збліжае Бядулю і Багдановіча яшчэ і тое, што яны не належалі, як Купала і Колас, да сялянскай масы, не мелі пад нагамі, калі можна сказаць так, цвёрдага народнага грунту, таго, што мы звычайна называем светаадчуваннем, светабачаннем. Яны інтэлігенты. Бядуля ў першым пакаленні, Багдановіч — у другім.

А подых новых плыней, у дадзеным выпадку імпрэсіянізму, сімвалізму, як бы лунаў у паветры. Гэты подых і Купалу закрануў, у меншай ступені Коласа, але так альбо інакш элементы імлрэсіянізму, сімвалізму ў беларускай літаратуры прысутнічаюць.

Бядуля піша, што ўсюды ёсць хараство — у вясновым красаванні дрэваў, у сінякрылым матыльку, у залатых струнах сонца, у шэптах ветру, у шуме чароту ля рэчкі, усюды...

Песня рвецца і ліецца

на раздольны, вольны свет.

Але хто яе пачуе?

Можа, толькі сам паэт.

Бо людзі заняты толькі сваімі будзённымі справамі жыцця. Пачуцці іх агрублены штодзёншчынай. Яны ходзяць па дарагіх скарбах, як па простых каменнях, не прыкмячаючы іх, і толькі адзін паэт, каторы аддаецца ўвесь служэнню музаў, гэта ўсё бачыць і адчувае...

Імпрэсіянізм, які захапіў Бядулю і Багдановіча, адлюстроўваў не столькі навакольны свет як аб’ектыўную рэальнасць, колькі ўласныя пачуцці, суб’ектыўны вобраз убачанага і адчутага:

Падымі ўгару сваё вока,

І ты будзеш ізноў, як дзіця,

I адыйдуць — адлынуць далёка

Усе трывогі зямнога жыцця.

Ціха тучу блакіт закалыша,

У душы адрасце пара крыл, —

Узляціць яна ў сінюю вышу

I ў струях яе змые свой пыл.

Там не трэба ні шчасця, ні ласк

Там няма ні нуды, ні клапот,

Ты — царэвіч цудоўнае казкі,

Гэта хмара — дыван-самалёт!

(І, 74)

Рускія сімвалісты падхапілі ў французскага паэта Шарля Бадлера, аўтара славутага зборніка «Кветкі зла», тэорыю «адпаведнасцей» — стоеных, інтуітыўна спасцігаемых аналогій паміж з’явамі прыроды і рухамі душы паэта. Найшырэйшае і найглыбейшае мастацкае ўвасабленне гэтай тэорыі знаходзім у Поля Верлена, якім захапляўся Багдановіч і шмат вершаў якога пераклаў на беларускую мову. Верлен быў настаўнікам для рускіх сімвалістаў. «Да Верлена сімвалізму не было», — пісаў Брусаў.

Багдановіч, як вядома, найбольш захапляўся паэзіяй Фета і Верлена — мастакамі, якія ўнеслі ў паэзію імпрэсіянісцкае майстэрства ўлоўліваць імгненныя тонкія зрухі настрояў, душэўных перажыванняў і праз іх глядзець на ІІавакольны свет, на прыроду. Большасць вершаў Багдановіча, прысвечаных з’явам прыроды, менавіта такая.

Паэт часта глядзіць на неба. Месяц, зоркі, воблакі, сонца — пастаянныя вобразы яго твораў. Адухоўленая прырода як бы пераклікаецца з сэрцам, душой паэта. Зрухі душы, яе тонкія, ледзь улоўныя нюансы маюць сваіх адпаведнікаў у шматлікіх, разнастайных з’явах прыроды. «Пейзаж душы» пастаянна пераклікаецца з прыродным пейзажам. Ва ўсім гэтым ёсць нейкі філасофскі грунт. Сімвалісты імкнуліся адчуць няўлоўнае, трансцэндэнтнае, што немагчыма выказаць словамі і што з усіх мастацтваў здольна выявіць адна толькі музыка. Багдановіч таксама надае музыцы выключнае значэнне. У вершы, які пачынаецца радкамі «Па-над белым пухам вішняў», эпіграфам узяты радок з Верлена («Музыка перш за ўсё»).

Спакойная, сузіральная лірыка Багдановіча пры ўсёй сваёй стрыманасці вельмі музыкальная.