Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Рабышко_УМК по ВОВ.doc
Скачиваний:
26
Добавлен:
16.09.2019
Размер:
1.54 Mб
Скачать

2. Вызваленчы паход Чырвонай Арміі. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з бсср.

11 верасня 1939 г. быў аддадзены загад аб стварэнні Беларускага (каман­дуючы М. П. Кавалёў) і Украінскага (камандуючы С. К. Цімашэнка) франтоў. Калі польскі ўрад і камандванне ўзброеных сіл (некаторы час яно знаходзілася ў Брэсцкай крэпасці) падаліся ў эміграцыю і ніхто не гарантаваў бяспеку беларускаму насельніцтву, савецкі ўрад абвясціў аб увядзенні Чырвонай Арміі на тэрыторыю, якую засяляюць брацкія беларускі і украінскі народы. Паход Чырвонай Арміі пачаўся 17 верасня 1939 г. і працягваўся 12 дзён. Да 22 верасня былі занятыя Беласток і Брэст. Савецкаму Саюзу адыйшлі тэрыторыі, якія былі анексіраваны Польшчай у 1920 г. — гэта прыкладна 190 тыс. кв. км з насельніцтвам каля 12 млн. чалавек, у асноўным украінцаў і беларусаў. Заходняя мяжа СССР была перасунутая на захад на 250—300 км. 25 верасня 1939 г. у Брэсце адбыўся парад савецкіх і нямецкіх войск — патэнцыяльных ворагаў, а фармальна — саюзнікаў.

Уз’яднанне народаў Украіны і Беларусі з’явілася актам гістарычнай справядлівасці. Большая частка насельніцтва Заходняй Беларусі сустракалі савецкіх салдат кветкамі, хлебам-соллю. У некаторых месцах стыхійна ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія раззбройвалі паліцэйскіх і асаднікаў, бралі пад ахову чыгуначныя масты, прадпрыемствы, іншыя аб’екты. Органамі новай улады з’яўляліся часовыя ўправы і сялянскія камітэты.

У адпаведнасці з сакрэтным пратаколам, прыкладзеным да дагавора аб сяброўстве і мяжы паміж СССР і Германіяй ад 28 верасня 1939 г., перакройваліся сферы ўплыву ў Польшчы. Усходняя частка Варшаўскага ваяводства і ўсё Люблінскае адыходзілі Германіі. Узамен у сферу інтарэсаў савецкай дзяржавы ўключалася тэрыторыя Літвы і частка заходніх паветаў Беластоцкага ваяводства з пераважна польскім насельніцтвам, а таксама некаторыя ўсходнія часткі паветаў Варшаўскага ваяводства.

Пасля працяглага перыяду нявырашанасці аграрнага пытання беларускія сяляне атрымалі магчымасць здзейсніць свае эканамічныя патрэбы. Сялянскія камітэты дзялілі памешчыцкую, асадніцкую, царкоўную землі, бралі на ўлік маёмасць, інвентар, жывёлу і запасы збожжа ў маёнтках. У выніку было ліквідавана памешчыцкае землеўладанне, серадняцкая праслойка ў вёсцы стала пануючай.

У гарадах часовыя ўправы бралі на ўлік фабрыкі і заводы, арганізоўвалі вытворчасць, забяспечвалі насельніцтва харчаваннем, наладжвалі медыцынскае абслугоўванне, вялі барацьбу са спекуляцыяй, адчынялі школы. Адчыняліся бясплатныя бальніцы, амбулаторыі, медыцынскія пункты. Восенню 1939 г. адчыніліся новыя школы (усяго было 5643 школы, з іх 4278 — з беларускай мовай навучання). Адукацыя дэмакратызавалася, пераводзілася на родную мову. У школы пайшлі дзесяткі тысяч дзяцей рабочых і сялян.

Аднак пытанні аб дзяржаўнай уладзе, аб самавызначэнні Заходняй Беларусі, згодна з палітычнай еўрапейскай традыцыяй, маглі быць вырашаны толькі ці праз рэферэндум-плебесцыт, ці паўнамоцным прадстаўнічым органам, абраным народам. 1 кастрычніка 1939 г. была прынятая пастанова Палітбюро ЦК УКП(б) «Пытанні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны», якая складалася з 33 пунктаў. Пастанова абавязвала склікаць Украінскі і Беларускі Народныя сходы з выбарных дэлегатаў, вызначала змест рашэнняў, якія павінны былі прымацца на сходах. Выбары адбыліся 22 кастрычніка 1939 г. у абстаноўцы палітычнага ўздыму і пад пільным наглядам Камуністычнай партыі.

Народны сход аднагалосна прыняў 29 кастрычніка дэкларацыю аб устанаўленні Савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Аднагалосна была прынятая і дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, дзе змяшчаўся зварот да Вярхоўнага Савета СССР і БССР аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і БССР, аб’яднанні беларускага народа ў адзіную дзяржаву ў мэтах «пакласці канец раз’яднанню беларускага народа». 30 кастрычніка былі прыняты дэкларацыі аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці і канфіскацыі памешчыцкіх зямель. 17 верасня Народны сход абвясціў Днём усенароднага свята.

2 лістапада нечарговая V сесія Вярхоўны Савет СССР першага склікання задаволіла просьбу Народнага сходу Заходняй Беларусі і ўключыла Заходнюю Беларусь у склад СССР з уз’яднаннем яе з БССР. На нечарговай III сесіі ВС БССР 14 лістапада прымаецца закон, у якім было запісана: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і ўз’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве». У склад БССР увайшла тэрыторыя плошчай 100 тыс. кв. км. з насельніцтвам 4,7 млн. чалавек. Плошча БССР павялічылася са 125,6 тыс. кв. км да 225,6 тыс. кв. км, насельніцтва — з 5,6 млн. да 10,3 млн. чалавек. У складзе БССР было ўтворана 10 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Віцебская, Вілейская, Гомельская, Мінская, Магілёў­ская, Палеская, Пінская і 188 раёнаў.

1 лістапада 1939 г. беларусы даведаліся, што Віленскі край Савецкі ўрад адлучыў ад Заходняй Беларусі і перадаў Літве. Гэта 6656 кв. км. з 457 тыс. чалавек, з якіх літоўцаў было толькі 100 тыс. Пагадненне аб яе перадачы было падпісанае яшчэ 10 кастрычніка 1939 г., але яно не публікавалася, аж пакуль выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі і беластоцкая сесія не адышлі ў гісторыю. Волі насельніцтва ніхто не пытаў і нацыянальнага складу яго не ўлічваў.

Далейшыя мерапрыемствы на далучаных тэрыторыях выдзяляюцца ў некалькі груп. Гэта ўвядзенне адзінай сістэмы адміністрацыйнага падзелу і стварэнне сістэмы органаў улады; эканамічныя і сацыяльныя пераўтварэнні; змены ў культуры і адукацыі; мерапрыемствы ў сферы абароны.

У канцы 1939 г. у Заходняй Беларусі быў уведзены новы адмініст­рацыйна-тэрытарыяльны падзел: вобласці, раёны, сельсаветы. Створа­ны 5 абласцей — Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і 101 раён. У органах кіравання — як савецкіх, так і партыйных — пераважалі спе­цыялісты, прысланыя з Усходняй Беларусі і Савецкай Расіі.

У эканоміцы адбываліся сацыялістычныя пераўтварэнні. У лістападзе — снежні 1939 г. пачалася нацыяналізацыя банкаў, прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку, дробных. Адначасова пашыраліся існаваўшыя прадпрыемствы, будаваліся новыя фабрыкі і заводы. У канцы 1940 г. тут дзейнічалі 392 прамысловыя прадпрыемствы, на якіх былі заняты каля 40 тыс. рабочых. Аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці павялічыўся амаль у 2 разы ў параўнанні з 1938 г. і склаў 27,6% прамысловай вытворчасці рэспублікі. У другой палове 1940 г. пачалося інтэнсіўнае будаўніцтва аэрадромаў, мастоў, віядукаў, пад’яз­ных дарог. Гэтыя мерапрыемствы хутка пашыралі колькасць пра­летарыяту — сацыяльнай апоры савецкай улады. Лічылася, што сялянства ў Заходняй Беларусі знаходзіцца пад моцным уплывам дробнабуржуазнай ідэалогіі маёмаснікаў і з гэтай нагоды не можа выконваць ролю апоры савец­кага строю на новых тэрыторыях.

У сельскай вытворчасці ствараліся калектыўныя гаспадаркі, але ўлады не пайшлі па шляху масавай прымусовай калектывізацыі. Гэта абавязкова б вызвала ўсеагульнае сялянскае выступленне, якое паставіла б пад сумленне правамоцнасць дабравольнага далучэння Заходняй Беларусі да СССР. Тым не менш, да чэрвеня 1941 г. мелася 1115 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 49 тыс., ці каля 7% сялянскіх гаспадарак. На землях лепшых маёнткаў было арганізавана 28 саўгасаў. Пераход да калектывізацыі выклікалі супраціўленне часткі сялян, асабліва заможных, але выпадкі падпалу калгасных будынкаў, тэрарыстычных актаў былі адзінкавымі. Нацыяналізацыя прамысловасці, пераадоленне беспра­цоўя, павышэнне заработнай платы, пераразмеркаванне зямлі забяспечылі пэў­ны рост жыццёвага ўзроўню рабочых і сялян.

Пасля 20-ці год моцнай паланізатарскай палітыкі насельніцтва атрымала магчымасці развіваць і карыстацца дасягненнямі сваёй, беларускай культуры. Сістэма адукацыі была пераведзена на родную мову. З 5643 школ (ахоплівалі 774,5 тыс. дзяцей) 4278 былі беларускамоўнымі, а ў 1365 дзеці вучыліся на рускай, польскай, яўрэйскай і літоўскай мовах. Былі адкрыты 4 ВНУ і 25 педвучылішчаў, медвучылішчаў, тэхнікумаў. На беларускай, польскай мовах сталі выдавацца газеты, адкрыліся 5 драмтэатраў і 100 кінатэатраў, 220 біблія­тэк з фондам 446 тыс. кніг. Улічваліся і нацыянальныя асаблівасці заходняга рэгіёну. У 1940 г. у Беластоку былі адчынены польскі і яўрэйскі драматычныя тэатры. У красавіку 1941 г. у Гродне адкрыўся музей польскай літаратуры імя Э.Ажэшкі, працавалі рэдакцыі польскага радыёвяшчання.

Напружанасць у грамадстве выклікалі арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях рэспублікі. 5 снежня 1939 г. кіраўнік НКУС СССР Л.Берыя загадаў высяляць з заходніх абласцей Беларусі работнікаў лясной аховы і ваенных асаднікаў. З лютага 1940 г. па 20 чэрвеня 1941 г. было рэпрэсіравана больш як 125 тыс. чалавек. Сярод дэпартыраваных ва ўсходнія і паўночныя раёны Савец­кага Саюза былі асаднікі, работнікі лясной аховы, члены іх сямей, арыш­таваныя раней паліцэйскія, жандары, фабрыканты, памешчыкі, асобы, якія не жадалі прымаць савецкае грамадзянства і інш.

Пераўтварэнні ў грамадска-палітычным ладзе, а таксама ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы выклікалі незадаволенасць у часткі польскага насель­ніцтва. Пры актыўнай падтрымцы польскага эміграцыйнага ўрада і касцёла ў большасці населеных пунктаў Заходняй Беларусі была створана даволі шырокая канспіратыўная сетка польскага нацыяналістычнага падполля, якое вяло барацьбу за захаванне Польшчы ў межах да 1 верасня 1939 г. Органы бяспекі правялі шэраг аперацый па разгрому канспіратыўнай сеткі. Толькі з кастрычніка 1939 г. па ліпень 1940 г. было выяўлена 109 падпольных арганізацый, якія аб’ядноўвалі 3 231 удзельніка, з якіх 2 904 чал. былі польскай нацыянальнасці.

Абапіраючыся на эканамічны і навукова-тэхнічны патэнцыял усёй краіны, заходнія вобласці БССР за год і дзевяць месяцаў пасля ўз’яднання зрабілі значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні куль­турных пераўтварэнняў, нягледзячы на недахопы камандна-адміністрацыйнай сістэмы.