Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекции.doc
Скачиваний:
207
Добавлен:
21.04.2017
Размер:
2.14 Mб
Скачать

Глебава-геаграфічнае раянаванне тэрыторыі беларусі

Прыродныя ўмовы тэрыторыі Беларусі надзвычай разнастайныя. Аднак у геаграфічным размеркаванні глебаўтваральных парод і глебаў, будове рэльефу, важнейшых паказчыках клімату існуе пэўная заканамернасць. Так, напрыклад, найбольшая гадавая сума ападкаў (700 мм) прыпадае на цэнтральную водападзельную частку рэспублікі. Сярэднегадавая тэмпература паветра вагаецца ад +4,4 оС у паўночнай да +7,3оС у паўднёвай частках.

Змяненне кліматычных умоў ідзе не толькі ў шыротным, але і ў даўготным напрамку. У сувязі з гэтым А. Х. Шкляр (1962) тры шыротныя кліматычныя зоны падзяліў на дзве падзоны: заходнюю і ўсходнюю.

Значныя адрозненні назіраюцца ў рэльефе і геамарфалогіі розных рэгіёнаў краіны. Для паўночнай часткі характэрны буйна-ўзгорыста-градавыя марэнныя, узгорыста-марэнныя і донна-марэнныя формы рельефу. У цэнтральнай частцы пераважаюць больш старажытныя формы ледавіковага рэльефу, якія маюць плаўныя контуры. Для паўднёвай часткі характэрны раўнінны рельеф, які пераходзіць у шырокую забалочаную Палескую нізіну. У адпаведнасці з характарам змянення фактараў глебаўтварэння змяняецца і глебавае покрыва тэрыторыі рэспублікі.

Таму навукова абгрунтаваны ўлік усіх прыродных асаблівасцей асобных частак тэрыторыі Беларусі шляхам комплекснага прыроднага раянавання з'яўляецца неабходнай умовай для распрацоўкі спецыялізацыі і правільнага размяшчэння сельскагаспадарчай вытворчасці, павышэння ўрадлівасці і аховы глебаў.

Глебава-геаграфічнае раянаванне –– гэта раздзяленне тэрыторыі на часткі (раёны) з аднароднымі рэльефам, глебаўтваральнымі пародамі, глебамі і кліматам. Звесткі аб глебах і іншых прыродных умовах у межах гаспадарак, раёнаў, абласцей і рэспублікі дазволілі І. М. Салавей і М. І. Смяяну (1974) вылучыць на Беларусі тры глебавыя правінцыі: I. Паўночную (Прыбалтыйскую);II. Цэнтральную (Беларускую);III. Паўднёвую (Палескую) (рыс.46). Вылучаныя правінцыі рэзка адрозніваюцца паміж сабой характарам глебавага покрыва, рэльефам і геамарфалогіяй, тэмпературным рэжымам з увільгатненнем, ступенню праяўлення эразійных працэсаў і забалочвання, а таксама іншымі фактарамі, якія вызначаюць перспектыўныя магчымасці развіцця асобных галін сельскай гаспадаркі. Правінцыі займаюць вялікія тэрыторыі, межы якіх цягнуцца ў шыротным напрамку. У адпаведнасці з прынятай схемай глебава-геаграфічнага раянавання правінцыі падзяляюцца на больш дробныя тэрытарыяльныя адзінкі –- глебава-кліматычныя акругі, аграглебавыя раёны і падраёны.

Глебава-кліматычныя акругі ўключаюць у сябе даволі буйныя тэрыторыі з аднолькавымі генетычнымі тыпамі рэльефу, якія абумоўліваюць пэўныя спалучэнні глебаўтваральных парод і структуру глебавага покрыва. Акрамя таго, яны адрозніваюцца асаблівасцямі мясцовага клімату і расліннасцю.

Аграглебавыя раёны –- гэта прыродна-гаспадарчыя тэрыторыі, якія характарызуюцца пэўным складам, або комплексам глебаў і адпаведнай сістэмай мерапрыемстваў па іх рацыянальным выкарыстанні, павышэнні ўрадлівасці і ахове.

Дакументальнай асновай глебава-геаграфічнага раянавання з'яўляюцца матэрыялы праведзеных буйнамаштабных глебавых даследаванняў, у выніку якіх складзены адпаведныя карты (глебавыя, глебаўтваральных парод, эрадзіраваных і забалочаных зямель). Пры правядзенні раянавання выкарыстоўваюцца таксама кліматычныя карты і карты рельефу.