Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
№16.doc
Скачиваний:
20
Добавлен:
05.02.2016
Размер:
136.19 Кб
Скачать

3. Лагічнасць маўлення

Лінгвістычныя даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў намагаюцца ўсебакова разгледзець, зразумець, як чалавек спраўляецца з наборам слоў і правілаў у працэсе пабудовы выказвання. І ў дадзеным выпадку гаворка ідзе не столькі пра выбар слова, колькі пра арганізацыю моўных адзінак, здольных выказаць думку, перадаць яе ў лагічным ланцужку. З дапамогай мовы чалавек не толькі перадае думкі, але і ўспрымае думкі іншых. Гэта двухбаковасць працэсу зносін – адзін з ключавых момантаў сувязі мовы і мыслення. Адсюль вынікае значэнне лагічнасці маўлення – камунікатыўнай якасці, якая вызначаецца акрэсленасцю думкі, паслядоўнасцю яе выкладу, доказнасцю аргументаў і фактаў, абгрунтаванасцю і бездакорнасцю вывадаў. Пропуск або цьмянасць перадачы істотнага звяна думкі часта прыводзіць да маўленчых памылак, якія звязаны з лагічнасцю. Напрыклад, чытаючы сказ Гаспадыня гэтага пакоя не вельмі акуратная, таму што школьная форма дзяўчынкі ляжала не вельмі добра, нельга лічыць, што абыякава сладзеная сукенка сведчыць аб прычыне неакуратнасці. Сказ павінен выглядаць так: Мы можам зрабіць вывад пра тое, што гаспадыня гэтага пакоя неакуратная, таму што школьная форма дзяўчынкі ляжыць не вельмі добра. Няўменне надаць думцы правільную слоўную форму тлумачацца такія нелагічныя выказванні: Люблю верасень. Іду полем. У жыце цвітуць васількі і хаваюцца птушкі, адбіваючыся ў блакіце нябёсаў. Па-першае, жыта ў пачатку верасня заканчваюць жаць. Па-другое, васількі ўжо даўно адцвілі. Па-трэцяе, якія птушкі хаваюцца ў жыце і чаму ім патрэбна хавацца? Па-чацвёртае, абсалютна невядома, што адбіваецца ў блакіце нябёсаў.

Такім чынам, аснова лагічнасці – сувязь мыслення і маўлення, а таму правілы лагічнасці маўлення як камунікатыўнай якасці наступныя:

  1. Кожная думка ў працэсе разважання павінна мець адзіны ўстойлівы змест.

  2. Дзве супрацьлеглыя думкі пра адзін і той жа прадмет не могуць быць адначасова ісціннымі.

  3. З двух супрацьлеглых выказванняў адно ісціннае, трэцяга быць не можа.

  4. Кожная думка павінна быць абгрунтавана, даказана чалавечай практыкай.

Умовамі забеспячэння лагічнасці маўлення з’яўляюцца:

  • парадак слоў у сказе;

  • лексічная спалучальнасць слоў;

  • правільная будова і сувязь сказаў;

  • абазначэнне пераходаў ад адной думкі да другой;

  • правільнае ўжыванне займеннікаў як сродкаў сінтаксічнай сувязі.

Са зменай парадку слоў у сказе цесна звязана змена ў ім сэнсавых адценняў. Веданне законаў узаемасувязі і размяшчэння адзінак мовы, у прыватнасці слоў, неабходна кожнаму, хто вывучае мову і карыстаецца ёй. Так, памылкі ў будове словазлучэння будуць мець характар парушэння лагічнай сувязі. Напрыклад, у словазлучэннях, у якіх інфінітыў прымыкае да дзеяслова, інфінітыў павінен размяшчацца ў постапізіцыі да дзеяслова: баяўся спазніцца, навучыўся адрозніваць, хоча працаваць. На парадак слоў у сказе ўплывае і будова сказа. Напрыклад, мэта паведаміць, хто з’яўляецца аўтарам аповесці “Пастка”, сказ будзе пабудаваны: Аўтар аповесці “Пастка” – Васіль Быкаў. Калі змяніць мэту выказвання сказ будзе пабудаваны так: Васіль Быкаў – аўтар аповесці “Пастка”. На парадак слоў можа ўрлываць і стылістычная афарбоўка выказвання (прыналежнасць яго да пэўнага стылю). напрыклад, у паэтычным маўленні часта прыметнік-азначэнне размяшчаецца пасля назоўніка:

У бары маім першым, сівым,

Ні галінкі не надламана.

Не замялі ветры палазні,

Што дадому вядзе па гасцінцу старому.

(Р. Барадулін)

У навуковым маўленні такое размяшчэнне азначэння будзе памылковым: Асяроддзе міжзорнае складаецца з газу кампанента асноўнага, пылу, выпраменьвання электрамагнітнага, прамянёў касмічных і інш.

Істотнай умовай лагічнасці маўлення з’яўляецца сэнсавая несупярэчлівасць сувязі слоў у сказе (правільная лагічная спалучальнасць слоў). Лексічная спалучальнасць слоў – гэта здольнасць слова ў працэсе маўлення прагназаваць паяўленне другога слова. Накпрыклад, хутчэй слова птушка будзе спалучацца са словам ляціць, а не сумняваецца ці слова змяя не будзе спалучацца са словам ляціць. Няправільная спалучальнасць слоў дае няправільнае ўяўленне аб прадмеце. Напрыклад, сказ Лёгкі крылаты бегемот імкліва ляцеў у халодным арктычным паветры сведчыць пра няведанне слова бегемот. Спалучэнне слоў не павінна быць супярэчлівым: нельга сказаць выпіць бярозу, зялёнае малако, з прычыны супярэчлівасці названых з’яў.

Не менш істотнай умовай выкладу думкі з’яўляецца правільная будова і сувязь сказаў. Логіка маўлення, як вядома, павінна перадаваць логіку думкі. Сказы павінны быць цесна звязаны, у адваротным выпадку становіцца відавочным алагізм (лагічная памылка): Раён своечасова справіўся з планавым заданнем. Частыя паломкі тэхнікі зацягнулі тэрміны ўборкі буракоў. Нелагічнасці можна было б пазбегнуць, выкарыстаўшы супраціўны злучнік але: Раён своечасова справіўся з планавым заданнем, але частыя паломкі тэхнікі зацягнулі тэрміны ўборкі буракоў.

“Блытаная мова” – так часта гавораць пра выступоўцаў, якія прапускаюць асобныя звёны ў развіцці думкі, або збіваюцца з яе, уводзячы пабочную інфармацыю. Адбываецца гэта ў выніку няздольнасці аўтара абазначыць пераход ад адной думкі да другой. Напрыклад, нярэдка адсутнічаюць сродкі сувязі паміж сказамі, і тэкст успрымаецца як хаос, шарада, якую трэба разгадаць: Паспрабуйце не накарміць жывёлу толькі суткі, страт за месяц не паправіце. Жэня – жанчына добрая, вядома, карова на ланцугу – відовішча сумнае, але будучыня за стойлавым утрыманнем (М. Герчык).

Асобнай размовы патрабуе ужыванне займеннікаў. Паводле правіл, займеннік трэцяй асобы (ён, яна, яно, яны) павінен паказваць на бліжэйшы да яго назоўнік таго самага роду і ліку: У вагоне пасажыраў была мала. Пападаліся нават зусім пустыя купэ. У адным з іх асталяваўся Лабановіч. Некалькі станцый ён прастаяў на нагах каля вакна, любуючыся малюнкамі (Я. Колас). Правіла гэта часта парушаецца, у выніку з’яўляюцца лагічныя памылкі: Не адразу ўцяміў, што Фёдара трэба пахаваць. А калі спахапіўся, то ўспомніў, што ў яго (Фёдара?) няма рыдлёўкі; Захар зноў падышоў да дуба, прыхінуўся да яго. Ён (дуб?) глядзеў на рэчку і думаў пра свае пражытыя гады. Было ў яго жыцці ўсё: і шчасце, і згрызоты (А. Жалязоўскі).

Існуе цесная сувязь паміж дакладнасцю і лагічнасцю маўлення. У многіх выпадках недакладна ўжытае слова робіць маўленне нелагічным. Напрыклад, слова нагбом мае лексічнае значэнне, якое выяўляецца толькі ў словазлучэнні з дзеясловам піць (піць нагбом) – “піць з вялікай пасудзіны, нахіліўшы яе”. У вершы К. Ільюшчыца ёсць радкі: “І шпак, спацелы ў пералёце, п’е днём бярозавік нагбом”. Тут прыслоўе нагбом выкарастана недакладна, а таму парушаецца лагічнасць выказвання: шпак не можа піць бярозавік нагбом. У праекце праграмы па мове для ўніверсітэтаў ёсць сказ: “праграма мае на мэце захаванне пастаяннай сувязі з асновамі школьнай граматыкі, асабліва з тымі яе тэмамі, што вывучаюцца ў сярэдняй школе”. Лагічнасць у дадзеным выказванні парушана тры разы: 1) не праграма, а выкладанне курса мовы мае на мэце захаванне пастаяннай сувязі; 2) зараз у школе вывучаюць не толькі граматыку, але і арфаграфію, лексіку, стылістыку і г.д., таму патрэбна было друкаваць не школьная граматыка, а школьны курс мовы; 3) радок “асабліва з тымі яе тэмамі, што вывучаюцца ў сярэдняй школе” стварае ўражанне, што ў школьнай граматыцы ёсць тэмы, якія не вывучаюцца ў сярэдняй школе.

“Мысленне, - пісаў Ф. Энгельс, - калі яно не робіць промахаў, можа аб’яднаць элементы свядомасці ў нейкае адзінства толькі ў тым выпадку, калі ў іх гэтае адзінства ўжо існавала. Ад таго, што шчотку для абутку мы залічым у адну катэгорыю з млекакормячымі, - ад гэтага ў яе яшчэ не вырастуць малочныя залозы”. Урывак з адной навуковай працы: “У кнізе разглядаюцца найбольш актуальныя пытанні і тыя, для вырашэння якіх аўтар меў дастатковы матэрыял”. Чытаючы гэты сказ, склакдваецца ўражанне, што другая група пытанняў (“для вырашэння якіх аўтар меў дастатковы матэрыял”) ужо не належыць для найбольш актуальных.

Лагічная памылка ўтрымліваюцца і ў вядомых радках А. Ставера:

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Разумею цяпер, чаму з выраю

Жураўлі на Палессе ляцяць...

Чаму, каб любіць радзіму, трэба абязкова ехаць ў іншыя краі? Зразумела. на чужыне вельмі востра абуджаецца туга па радзіме, але гэта зусім не азначае, што людзі, якія не выязджалі за межы сваіх сяліб, не любяць іх. Па-другое, “жураўлі на Палессе ляцяць” не таму, што любяць яго – пералёты птушак зімой і летам склаліся гістарычна, маюць устойлівы характар.

Такім чынам, як відаць з прыведзеных прыкладаў, лагічнасць перш за ўсё забяспечваецца ўменнем лагічна мысліць (пазалінгвістычнай умовай).

Лінгвістычная ўмова лагічнасці заключаецца ў правільным выбары сінтаксічнай канструкцыі і сродкаў лагічнай сувязі паміж часткамі выказвання. Адным з лагічных парушэнняў з’яўляецца аб’яднанне ў адзін аднародны рад несупастаўляльныя паняцці: Кожны год са свайго ўчастка школа збірае багаты ўраджай садавіны, агародніны і іншых культур. напрыклад, мы ўжо звыкліся з назвай штотыднёвіка творчай інтэлігенцыі Беларусі “Літаратура і мастацтва”, аднак тут дапушчана лагічная памылка. Злучнікам і злучаны радавое і відавое паняцці: у мастацтва ўвахрдзяць архітэктура, музыка, ліатаратура, скульптура, жывапіс і іншыя відв творчай дзейнасці чалавека. Літаратура – гэта адзін з відаў мастацтва.

Такім чынам, лагічнасць маўлення грунтуецца пераважна на сінтаксічным узроўні, г.зн. пры пабудове выказванняў і тэкстаў на аснове ўзаемадзеяння слова як выказніка і ўтрымальніка паняцця з іншымі словамі, што дапамагаюць сцвярджаць ці адмаўляць ісціну, заключаную ў думцы.

Сучасная стылістыка беларускай літаратурнай мовы дазваляе праяўляцца лагічнасці маўлення своеасабліва ў мастацкім стылі. Іншым разам з пэўнай стылістычнай мэтай у вусны персанажаў укладваюцца нелагічныя разважанні. Напрыклад, дзед Цыбулька з камедыі А. Макаёнка “Таблетку пад язык” прызнаецца: “Ды я са сваім завочнікам Юркам усю палітэканомію асіліў. За істмат узяўся. Вот!”. Зразумела, паміж палітэканоміяй і істматам няма ніякай прычынна-выніковай залежнасці. У мастацкіх творах нярдка знарок для стварэння камічнага эфекту несупастаўлялшьныя паняцці ўкладваюцца ў канструкцыю з фармальна аднароднымі членамі сказа: “А пакгауз я ведаю, як свой вагон, мы вунь колькі разоў туды лазілі галубоў ганяць... – Галубоў, галубоў, - перадоражніў адзін з рабочых, - Тут, бачыш не галубямі пахне, а куляй” (М. Лынькоў).

У беларускай мове ёсць нямала фразеалагізмаў якія ўтрымліваюць алагізмы (лагічныя памылкі): выдраць лысаму валоссе, ваду ў ступе таўчы, дзірка ад абаранка, сёрбаць лапцем боршч, вароты пірагамі падпёртыя, выходзіць з вады сухім, бярозавая каша і інш.

Як відаць з папярэдніх прыкладаў, на лагічнасць маўлення ўплывае:

  • сэнсавая несупярэчнасць слоў у адным выказванні;

  • выразнае ўсведамлення выказвання тым, хто гаворыць ці піша.

Да лагічных памылак адносіцца:

  1. аб’яднанне ў аднародны рад несуадносных паняццяў: Кожны год са свайго ўчастка школа збірае багаты ўраджай гародніны, садавіны і іншых культур (а хіба ёсць яшчэ іншыя культуры, акрамя садавіны і гародніны?), Само сачыненне вучні будуць складаць не калектыўна, а самастойна, з кансультацыяй настаўніка (самастойна і з кансультацыяй настаўніка – несумяшчальныя паняцці). Або зусім смешныя выпадкі: У нашым калгасе гадуюць свіней, курэй, кароў і іншых птушак, Прысутнічалі 19 чалавек, а таксама 4 інспектары рана.

  2. супастаўленне несуадносных, неаднапланавых паняццяў: Варка пацалавала белагаловага Саўку і чатырохгадовую Нюрку (дзеці павінны супастаўляцца або па ўзрпосце, або па колеры валасоў), На сцяне партрэты: гравіраваны – Марата ў ванне, паражонага кінжалам, алоўкам – Каліноўскага (Марат у ванне – гэта ўжо не партрэт), Мова паэзіі – эканомная ў параўнанні з размоўнай і ў параўнанні з іншымі відамі літаратуры (ёсць мастацкі і размоўны стыль, а не паэтычная і размоўная мова, размоўная мова не з’яўляецца відам літаратуры).

  3. плеаназмы – сэнсава лішнія словы: Танкавая рота выгрузілася з эшалона з карпуснымі часцямі ў канцы чэрвеня месяца (лішне сцвярджаць, што чэрвень – гэта месяц), Кожны вучань імкнецца не прапусціць міма пытанні настаўніка і хутка падрыхтаваць адказ на іх (прапусціць – гэта і ёсць міма), Адны ад факта ідуць да высновы, вываду, узвышаюцца да абагульнення, іншыя ад агульнай думкі спускаюцца да факта (выснова і вывад – гэта сінонімы). Плеаназмы нярэдка сустракаюцца пры ўжыванні фразеалагізмаў: Першае баявое хрышчэнне сяржант Арлоўскі атрымаў пад Харкавым, Скажу вам, даражэнькія людзі, шчыра і ад усяго сэрца, У тое лета, калі Віцю рыхтавалі ў школу, нечакана, як снег на галаву, заявілася маці і г.д.

  4. двухсэнсавасць у выніку няўдалага парадку слоў: Дом будуе новы кран (хто каго будуе?), Падпалкоўнік з цікавасцю разглядаў лейтэнантаў, занятых знішчэннем кансерваў, і заснуўшага маёра (дык знішчалі маёра ці не?), Сабака ляжыць побач з высалапленым языком (язык існаваў асобна без сабакі?).

  5. няправільнае ўжыванне займеннікаў: Дубаўцы, падняўшы з-пад плота старое доўгае пашчапанае карыта, вычасанае з сасновага камля, з якога да вайны паілі скаціну, мыліся, як у лазні (скаціну паілі з камля ці з карыта?), Новы навучальны дапаможнік “Этыка” пад рэдакцыяй прафесара А.С. Цернавога, які выйшаў у выдавецтве “народная асвета”, напісаны спецыяльна для васьмікласнікаў (падручнік ці прафесар выйшаў з выдавецтва?), Я прыйшоў да суседа рэзаць парсюка, з якім дамовіўся пра гэта раней (з парсюком дамовіўся?), Пачала здзяйсняцца Васілёва мара аб багацці. Цяпер у яго (у багацця?) ёсць добры конь, ён (конь?) будуе сабе новую хату.

  6. няправільнае выкарыстанне кансрукцый з прыназоўнікам апрача і акрамя: У цвёрдых міжгародніх аўтобусах дазваляецца перавозіць не больш як шэсць чалавек, апрача месц для сядзення (напэўна дадаткова можна перавозіць шэсць чалавек, калі ўсе месцы занятыя), У хаце, акрамя бабкі Насты, нікога не было (а бабка Наста – нежывая істота?).

  7. памылкова ўжытыя дзеепрыслоўі: Гледзячы на шырокія ўраджайныя палі, сэрца напаўняецца радасцю (не сэрца глядзела на палі), Вось і зараз, успамінаючы гэтыя дарагія мясціны, смутак зноў агортвае мяне (смутак не ўспамінаў мясціны), П’ючы чай, іх гутарка часта пераходзіла з тэмы на тэму (гутарка не піла чай).

  8. лагічнае кола”: Фальклор – невычэрпная крыніца вуснай народнай творчасці (фальклор і вусная народная творчасць адно і тое ж).

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]