Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Літаратура

Беларуская літаратура ў другой палове XVII – першай палове XVIII ст. развівалася ў вельмі неспрыяльных умовах узмацнення нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту, паланізацыі вярхоў грамадства, звужэння сферы ўжывання беларускай мовы. Усё гэта стрымлівала развіццё нацыянальнай літаратуры, якая стала, за рэдкімі выключэннямі, рукапіснай і ананімнай. Шмат з яе помнікаў да нашага часу не дайшлі або яшчэ не знойдзены, а вядомыя творы з цяжкасцю паддаюцца дакладнаму датаванню і лакалізацыі. Большасць мясцовых аўтараў пісалі на польскай, лацінскай, стараславянскай мовах. З'явіліся творы двухмоўныя (беларуска-ўкраінскія, беларуска-польскія), якія адначасова належаць дзвюм суседнім літаратурам. У шматмоўнай літаратуры Беларусі другой паловы XVII – першай паловы XVIII ст. уласна беларуская літаратура складала больш значную частку, чым у другой палове XVIII ст.

Беларуская літаратура другой паловы XVII – першай паловы XVIII ст. мела пераходны характар. У ёй адбываўся складаны працэс пераходу ад сярэдневяковых ідэй і мастацкіх формаў да ідэй і формаў новага часу. Літаратура станавілася ўсё больш свецкай і дэмакратычнай. Адміралі адны жанры (летапісы, палемічная і жыційная проза, панегірычныя вершы) і нараджаліся іншыя (песенна-інтымная лірыка, гумарыстычная і парадыйна-сатырычная паэзія, інтэрмедыя, камедыя). Кніжная старажытнабеларуская мова паступова змянялася новай літаратурнай мовай, якая ўжо абапіралася на жывую, гутарковую мову. Аднак паколькі адсутнічала друкаваная трыбуна і літаратура заставалася пераважна рукапіснай і ананімнай, выпрацоўка новых агульных формаў адбывалася доўга і пакутліва. Многія аўтары абапіраліся яшчэ на гаворку сваёй роднай мясцовасці, злоўжывалі запазычаннямі. У выніку пераходны перыяд, які ў суседніх рускай і польскай літаратурах заняў паўстагоддзя, у беларусаў зацягнуўся прыкладна на паўтара стагоддзя.

У развіцці беларускай літаратуры пераходнага перыяду выразна выдзяляюцца два этапы. На першым этапе (другая палова XVII ст. – першая трэць XVIII ст.) вядучым мастацкім напрамкам (стылем) шматмоўнай літаратуры Беларусі і ў прыватнасці беларускай літаратуры, з'явілася барока, якое спалучала ў сабе рэнесансныя і сярэдневяковыя традыцыі. У адрозненне ад рэнесансу прадстаўнікі гэтага напрамку апелявалі не да розуму, а да пачуццяў чалавека, яго веры ў звышнатуральныя сілы. Для твораў барока характэрныя шматзначнасць, метафарычнасць, кантрастнасць, парадаксальнасць, сумяшчэнне несумяшчальнага (узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага). Перавага аддавалася вонкавай форме, якая рабілася ўсё больш ускладнёнай і вычварнай. У адрозненне ад рэнесанснай літаратуры, якая паказвала чалавека цэльным і паслядоўным, герой літаратуры барока ўнутрана раздвоены і супярэчлівы. Містыка ў ім бярэ верх над розумам, анархізм – над пачуццём абавязкаў і грамадзянскасцю, песімізм – над верай у будучыню.

Аднак як мастацкае светаўспрыманне барока значна шырэй за ідэалогію контррэфармацыі. Для барока не былі чужыя таксама гуманістычныя, асветніцкія тэндэнцыі. Пры ўсёй сваёй ідэалістычнасці эстэтыка барока з'явілася крокам наперад у мастацкім развіцці Беларусі.

Беларускаму барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі, розныя "шцілі". Для "высокага", часцей за ўсё элітарнага, феадальна-арыстакратычнага барока характэрны рытарычная прыўзнятасць, ускладнёнасць формы, сімвалічнасць. Творы "сярэдняга" стылю задавальнялі эстэтычныя запатрабаванні збяднелай шляхты і гараджан. На гэтым "узроўні" актыўна зас-войваліся заходнееўрапейскія традыцыі, аднак не гублялася сувязь і з роднай глебай.

Урэшце, існавала "нізкае" барока, народнае і "напалову" народнае па сваім змесце. Яно было прадстаўлена інтымна-песеннай лірыкай, парадыйна-сатырычнай паэзіяй, інтэрмедыямі, батлеечнымі п'есамі і сатырычнай прозай. З "высокім" барока звязана старая традыцыя беларускай літаратуры, з "сярэднім" і "нізкім" – новая, найбольш для яе перспектыўная.

Ля вытокаў "несур'ёзнай" прозы ў беларускай літаратуры стаіць "Прамова Мялешкі" і "Ліст да Абуховіча". У гэтых творах першай паловы XVII ст. ужо прыкметныя асобныя рысы новага мастацкага напрамку барока, таму іх разглядаюць як этапныя з'явы ў гісторыі беларускай літаратуры.

Найбольш цікавымі помнікамі парадыйна-сатырычнай прозы другой паловы XVII – першай паловы XVIII ст. з'яўляюцца "Грамата, пісаная да святога Пятра", "Казанне рускае", "Прамова русіна", "Прамова русіна аб нараджэнні Хрыста", "Казанне рускае схізматычнае". Гэтыя творы парадзіравалі кананічную літаратуру, у першую чаргу Біблію, пазбаўляючы яе арэолу святасці і, такім чынам, былі накіраваны супраць ідэалогіі контррэфармацыі.

Пэўнае развіццё атрымала таксама гісторыка-мемуарная проза, мясцовае летапісанне (віцебскі і магілёўскі гарадскія летапісы). Да пачатку XVIII ст. яны пераважна перайшлі на польскую мову. Да нашых дзён дайшло нямала дыярыушаў мясцовай шляхты – мінскага ваяводы К. Завішы, навагрудскага шляхціча С. Незабытоўскага і інш, Гэтыя помнікі ўяўляюць значную гісторыка-пазнавальную цікавасць.

Вялікую гісторыка-літаратурную каштоўнасць мае арыгінальная хроніка, складзеная ў канцы XVII – першай палове XVIII ст. жыхарамі Магілёва Трафімам Суртам і Юрыем Трубніцкім. Храналагічна яна ахоплівае перыяд з 1526 да 1746 гг. Магілёўская хроніка – гэта адзіны ў сваім родзе летапісны твор у славянскіх літаратурах пераходнага перыяду.

З пераходным перыядам звязаны першыя прыкметныя крокі беларускай драматургіі. Яна была прадстаўлена камічнымі інтэрмедыямі (інтэрлюдыямі) да школьных драм, якія ставіліся на сцэнах мясцовых езуіцкіх калегіумаў (Гародня, Полацк, Орша і інш.). Ствараліся гэтыя драмы выкладчыкамі ў адпаведнасці з канонамі паэтыкі і выконваліся вучнямі з нагоды рэлігійных святаў (нараджэнне, Пасха), публічных экзаменаў і прыезду знакамітых асоб. У ролі гледачоў выступалі тыя ж вучні, іх бацькі, мясцовая шляхта, зрэдку простыя гараджане. Прадстаўленні служылі утылітарным дыдактычным мэтам – лепшаму засваенню вучэбнага матэрыялу.

Школьныя драмы пісалі на лацінскай мове (радзей – на польскай і стараславянскай). Сюжэты для іх браліся з Бібліі (стварэнне свету, нараджэнне, мукі і ўваскрэсенне Хрыста), жыцій святых, антычнай і славянскай гісторыі.

Больш дэмакратычнымі былі інтэрмедыі, якія ўключаліся ў школьныя драмы "для разрадкі". Яны напісаны на больш зразумелай гледачу беларускай (ці польскай) мове. Сюжэты інтэрмедый браліся пераважна з навакольнай рэчаіснасці. Першыя беларускія "ўстаўкі" ў лацінскія і польскія школьныя драмы з'явіліся ў канцы XVI – першай палове XVII ст. У наступны час гэты жанр атрымлівае значнае развіццё. Спачатку гэта яшчэ не былі самастойныя творы, а беларускія сцэнкі, "абрамляючыя" школьную драму і цесна звязаныя з яе дзеяннем. Такімі з'яўляюцца "Размова Івана са слугой", "Схізматык і уніят-католік" і інш. Усяго ад езуіцкага школьнага тэатра захавалася больш за 20 беларускіх і польска-беларускіх празаічных і вершаваных інтэрмедый. Іх дзеючыя асобы – селянін, польскі пан, яўрэй, казак, цыган, поп, слуга. Асаблівасцю інтэрмедый з'яўляецца тое, што яны былі разлічаныя на менш адукаванага гледача.

Значнага развіцця ў часы барока дасягнула беларуская лірычная паэзія – духоўная і свецкая. Духоўная лірыка была прадстаўлена рэлігійнымі, пераважна уніяцкімі гімнамі, псалмамі, дыдактычнымі вершамі. Крыніцамі для іх з'яўлялася Біблія, жыцці святых, апакрыфічная і царкоўна-рэлігійная літаратура.

Найбольш значнымі прадстаўнікамі высокага "шцілю" з'яўляліся Сімяон Полацкі і Андрэй Белабоцкі, якія працавалі ў другой палове XVII ст. Іх спадчына належыць беларускай і рускай літаратурам. Гэтыя ўраджэнцы Беларусі пашырылі сярод усходняга славянства, у першую чаргу ў Расіі, духоўную паэзію, панегірычна-геральдычныя вершы, характэрныя для польскага і заходнееўрапейскага барока.

Асноўныя творы С. Полацкага і А. Белабоцкага сведчаць, што іх аўтары былі ідэалістамі, метафізікамі. Адсюль – культ духоўнага, пагарда да чалавечага цела, ідэя хуткаплыннасці і марнасці зямнога жыцця. У першай палове XVIII ст. адбываецца паступовае адміранне духоўнай паэзіі.

У свецкай лірыцы другой паловы XVII – першай паловы XVIII ст. знайшлі адлюстраванне злабадзённыя пытанні часу: сацыяльная няроўнасць, бесчалавечнасць феадальнага грамадства, злоўжыванне мясцовых улад. Аб'ектам крытыкі, высмейвання з'яўляліся таксама розныя чалавечыя парокі.

"Сярэдняе" і "нізкае" барока прадстаўлена ў паэзіі пераважна песенна-інтымнай лірыкай. Больш масавая па ўзнікненню і распаўсюджванню, гэтая лірыка ў адрозненне ад "высокай" паэзіі была трывала звязана з народнай творчасцю, з жывой, гутарковай мовай.

Беларуская любоўная лірыка – спецыфічная, характэрная з'ява другой паловы XVII – першай паловы XVIII ст. Яна нараджалася і развівалася ў асяроддзі мяшчанства, збяднелай шляхты. Яе аўтарамі былі шкаляры і бакалаўры, напаўпрафесійныя акцёры і музыканты – усе тыя, хто, вандруючы ў пошуках ведаў і ўражанняў, зарабляў сабе на хлеб вершам і песняй.

Працоўны люд, для якога дзверы да пісьма і навукі былі зачынены, жыў вуснай народнай творчасцю. У асноўных фальклорных жанрах (песнях, легендах, казках) і ў творах малога бытавога жанру (прымаўках, прыказках, прытчах, замовах, павер'ях, загаворах, шэптах, чарах, анекдотах і інш.) адлюстроўваліся ўсе бакі народнага жыцця, высмейваліся фанабэрыстыя шляхцічы, суддзі-хабарнікі, шарлатаны-лекары, крывадушныя манахі.

Такім чынам, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, беларуская літаратура зрабіла прыкметны крок уперад. Гэта быў перыяд пераасэнсавання каштоўнасцяў і традыцый, вылучэння з пісьменства ўласна мастацкай творчасці, павышэння цікавасці да народнага жыцця. Ва ўмовах асімілятарскага ўздзеяння польскай культуры асабліва плённым з'явіўся зварот да фальклору, жывой гутарковай мовы. У часы барока наступіў крызіс усёй сістэмы старой беларускай літаратуры. Адначасова выспявалі новыя эстэтычныя з'явы, якім належала будучыня.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]