Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гуд П.А. Технология создания праздника.doc
Скачиваний:
34
Добавлен:
09.11.2019
Размер:
1.01 Mб
Скачать

Матэрыяльна-тэхнiчнае I арганiзацыйнае забеспячэнне

Пасля выяўлення рознабаковых аспектаў творчага забеспячэння свята пачынаецца наступны этап арганiзацыйна-вытворчага аналiзу сцэнарыя — высвятленне пытанняў матэрыяльна-тэхнiчнага i арганiзацыйнага забеспячэння. Гэтую частку работы праводзяць дырэктар i адмiнiстратар свята, якiя пры ўзнiкненнi пэўных пытанняў кансультуюцца з бухгалтарам i галоўным рэжысёрам.

Аналiз грунтуецца на аснове глыбокага, удумлiвага вывучэння сцэнарыя і плана творчага забеспячэння свята, якi зацверджаны галоўным рэжысёрам.

Аналiз складаецца з нiжэйпералічаных аспектаў.

1. Арганiзацыйна-вытворчае дасье на творчыя калектывы.

Разглядаючы пералiк удзельнiкаў свята, дырэктар i адмiнiстратар асобна павiнны правесцi пэўны аб’ём папярэднiх iнфармацыйна-даведачных работ аб кожным калектыве з мэтай складання арганiзацыйна-вытворчага дасье, якое распрацоўваецца па наступных параметрах:

— дакладная, поўная назва калектыву, яго адрас, тэлефон, спiс удзельнiкаў з поўным указаннем прозвiшча, iмя, iмя па бацьку кожнага з iх;

— звесткі пра мастацкага кiраўнiка калектыву з поўным указаннем прозвiшча, iмя, iмя па бацьку, ганаровага звання, рэгалiй (калi такiя ёсць);

— анатацыя творчай дзейнасцi калектыву;

— пералiк нумароў мастацкай праграмы, з якой калектыў будзе выступаць на свяце, з указаннем назвы твора, яго аўтара i выканаўцаў;

— кошт аднаго выступлення калектыву;

— на якi тэрмiн для ўдзелу ў святочных дзеяннях запрашаецца калектыў (некалькi гадзiн, адзiн—два днi, тыдзень i г.д.);

— хто забяспечвае калектыў аўтатранспартам (калi транспарт аргкамiтэта, даведацца дату, час i адрас, адкуль забiраць калектыў, куды даставiць i калi адвозiць дадому — дата, час i месца прызначэння. Калi калектыў сам забяспечвае аўтатранспарт, то неабходна прызначыць месца яго стаянкi пад аховай мiлiцыi ў начны час);

— прозвiшча, iмя, iмя па бацьку, месца работы i тэлефон куратара творчага калектыву;

— мужчынскi i жаночы склад калектыву;

— месца размяшчэння калектыву на начлег;

— месца i час харчавання ўдзельнiкаў калектыву;

— месца i час правядзення рэпетыцый i выступленняў калектыву;

— месца пераапранання калектыву ў час святочных дзеянняў (аўтатранспарт калектыву, палатка для пераапрананняў на адкрытым паветры або грымуборныя з указаннем iх нумароў);

— якая мэбля (крэслы, сталы, лавы i інш.) патрэбна калектыву для выступлення;

— колькi мiкрафонаў i якая гукаапаратура (прайгравальнікі лазерных дыскаў, касетныя або лентачныя магнiтафоны) патрэбны для тэхнiчнага забеспячэння выступлення;

— месца захавання элементаў мастацка-дэкаратыўнага афармлення (касцюмаў, рэквiзiту i інш.) калектыву;

— набыццё святочных сувенiраў калектыву i яго ўдзельнiкам;

— забеспячэнне калектыву праграмай, афiшамi i буклетамi свята;

— арганiзацыя сустрэчы i суправаджэння аўтатранспарту калектыву спецыяльным аўтатранспартам ДАI.

Арганiзацыйна-вытворчае дасье на асобных выканаўцаў складаецца па такім жа прынцыпе.

Што тычыцца дасье дэлегацый гасцей свята, то тут iнфармацыйна-даведачная работа абмяжоўваецца пайменным пералiкам гасцей з указаннем iх пасад i ганаровых званняў, а таксама ўключае пытаннi харчавання, пражывання, вызначэнне куратара групы i забеспячэнне гасцей аўтатранспартам, праграмай свята i сувенiрнай прадукцыяй.

2. Матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне працэсу падрыхтоўкi новых нумароў.

Вызначаючы меры матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння нумара, якi патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкi, дырэктар i адмiнiстратар спачатку выпiсваюць з плана творчага забеспячэння пералiк такiх дзей, а затым вывучаюць i аналiзуюць сцэнарную распрацоўку, у якой кожны нумар мае арыенціровачнае апiсанне.

Напрыклад, у сцэнарыi занатавана:

«На поле стадыёна выходзяць 600 гiмнастак у бела-блакiтных спаднiчках i блузках. У руках яны трымаюць двухбаковыя сiне-зялёныя шалiкi i маленькiя закрытыя парасончыкi. На фоне лiтаратурна-музычнай кампазiцыi гiмнасткi робяць многафiгурныя пабудовы беларускага нацыянальнага арнаменту, затым утвараюць “бягучую плынь ракi”. Па “рацэ” плывуць “лодкi”, з якiх дзяўчаты ў беларускiх нацыянальных строях (удзельнiцы танцавальных калектываў) апускаюць у “раку” вянкi. Частка гiмнастак, прысеўшы, накрывае сябе зялёнымi шалiкамi i раскрывае парасончыкi-кветкi, утва-раючы “кветкавае поле”. У цэнтры яго ўзнiкае высокае полымя дэкаратыўнага вогнiшча, вакол дзяўчаты—удзельнiцы танцавальных калектываў (60 чалавек) — водзяць купальскi карагод».

Каб гэта маляўнiчае вiдовiшча змагло адбыцца, дырэктар i адмiнiстратар у вынiку аналiзу апiсанага дзеяння павiнны прадугледзець наступнае:

— на базе якiх арганiзацый i ўстаноў (школы, ПТВ, ВНУ і інш.) будуць фармiравацца групы ўдзельнiкаў нумара;

— хто будзе ўвасабляць аналiзуемы нумар (прозвiшча, iмя, iмя па бацьку пастаноўшчыка);

— якую колькасць удзельнiкаў можа прадставiць кожная вызначаная арганiзацыя цi ўстанова;

— хто з прадстаўнiкоў вызначаных устаноў будзе адказваць за арганiзацыю i правядзенне рэпетыцый на сваiх мясцовых спортпляцоўках i ў танцавальных залах, за дастаўку ўдзельнiкаў на зводныя рэпетыцыi, а таксама за кантроль i захаванне працоўнай дысцыплiны ў час рэпетыцыйнага працэсу i на свяце;

— якiм чынам будзе здзейснена дастаўка ўдзельнiкаў нумара на зводныя рэпетыцыi i свята (пехатой, на транспарце ўстановы цi на службовым транспарце свята);

— якiх памераў павiнны быць вопратка, абутак i шкарпэткi для 600 гiмнастак;

— якiм чынам забяспечыць гiмнастак вопраткай i абуткам (арэнда цi часовае дабрачыннае ахвяраванне ў спартыўных установах, калi там усё вызначанае ёсць у наяўнасцi, або пашыў касцюмаў у вытворчых майстэрнях);

— колькi метраў матэрыялу трэба набыць у магазiне i колькi ён каштуе;

— хто будзе здзяйсняць заказ па вырабе вопраткi i абутку i колькi каштуе гэта работа;

— якая арганiзацыя будзе вырабляць, згодна з распрацаванымі мастаком эскiзамі, рэквiзiт i бутафорыю нумара (двухбаковыя шалiкi, парасончыкi, лодкi, вянкi, дэкарыраваную канструкцыю вогнiшча);

— колькi будзе каштаваць выраб кожнай адзiнкi рэквiзiту i бутафорыi;

— у якiм месцы будуць захоўваць касцюмы, абутак, рэквiзiт i бутафорыю i хто будзе іх выдаваць i прымаць ад удзельнiкаў нумара;

— на базе якой студыi будзе адбывацца гуказапiс фанаграмы музычна-лiтаратурнай кампазiцыi;

— колькi каштуе арэнда студыi гуказапiсу i аплата работы артыстаў;

— хто будзе здзяйсняць работу гукааператара нумара на рэпетыцыях i свяце i колькi каштуе яго праца;

— якiм чынам будзе ажыццяўляцца дастаўка гукаўзмацняльнай i гукааднаўляльнай апаратуры на рэпетыцыi i свята.

Такi або падобны арганiзацыйна-вытворчы аналiз i канкрэтныя прапановы па вырашэнні праблем здзяйсняюцца па кожным новым нумары, якi рыхтуецца ў праграме святочных дзеянняў.

3. Матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне падрыхтоўкi мастацка-дэкаратыўнага афармлення.

Дырэктар i адмiнiстратар свята, грунтуючыся на эскiзах мастацкага афармлення, распрацаваных галоўным мастаком i прадстаўленых у плане творчага забеспячэння, высвятляюць:

— колькi эстрадных, гульнёвых пляцовак, пiратэхнiчных канструкцый, гандлёвых i iншых часовых пабудоў неабходна вырабiць;

— з якога матэрыялу будзе выраблена кожная часовая пабудова i кошт гэтага матэрыялу;

— хто зможа ажыццявiць пастаўку неабходных матэрыялаў;

— якiя арганiзацыi будуць займацца вырабам пляцовак, агульны кошт iх вытворчых i мантажных работ;

— якiя вытворчыя майстэрнi будуць вырабляць элементы мастацка-дэкаратыўнага афармлення, якi для гэтага патрабуецца аб’ём работ, iх кошт;

— каму зрабiць заказ на выраб бутафорыi i рэквiзiту свята, колькi будзе каштаваць iх выраб;

— якая арганiзацыя ажыццявiць дастаўку на пляцоўкi i мантаж вырабленага мастацкага афармлення святочнага дзеяння;

— якiя часовыя электралiнii трэба пабудаваць на тэрыторыi свята i хто будзе вырашаць гэта пытанне;

— якiя арганiзацыi паставяць святлоапаратуру свята (пражэктары, праекцыйныя апараты, лазерныя ўстаноўкi i iнш.) i хто ажыццявiць iх мантаж;

— пералiк i найменаванне адзiнак мэблi, патрэбнай на сцэнiчных пляцоўках (з якiх арганiзацый можна яе ўзяць у часовае карыстанне);

— якiм чынам будзе здзейснена касцюмiраванне ўдзельнiкаў свята (падбор з касцюмерных тэатраў i Палацаў культуры, арэнда цi выраб у майстэрнях), хто будзе вырашаць гэтае пытанне.

У кожным свяце матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне, падрыхтоўка мастацкага афармлення маюць спецыфiчныя асаблiвасцi i дэталiзуюцца на аснове аналiзу сцэнарыя i эскiзаў мастака.

Паколькi мы асвятляем пытаннi, найбольш характэрныя для ўсiх свят, этапы мастацка-дэкаратыўнага афармлення больш падрабязна будуць разгледжаны далей.

Трэба адзначыць, што дырэктар i адмiнiстратар свята разам з занатаваннем агульных аспектаў i дэталiзацыi асобных момантаў творчага, матэрыяльна-тэхнiчнага i арганiзацыйнага забеспячэння свята вызначаны аб’ём i кошт усiх работ перадаюць у бухгалтэрыю свята.