Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
да іспыту.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
22.09.2019
Размер:
934.91 Кб
Скачать

Прадмова

Выдатная роля тэарэтычнага прыродазнаўства ў сучасным грамадстве, поспехі, дасягнутыя ім у пазнанні прыродных працэсаў, ствараюць спрыяльныя ўмовы для пашырэння адмысловага тыпу светапогляду – натуралістычнага. Натуралістычнае светабачанне прасякнута перакананнем у духоўным вяршэнстве прыродазнаўчых навук (і ў плане распрацаванай імі карціны свету, і з пункту гледжання характэрных для іх пазнавальных працэдур). У адпаведнасці з гэтым праз іх прызму разглядаюцца і філасофскія праблемы, іх пазнавальны патэнцыял лічыцца дастатковым для найбольш глыбокага вырашэння гэтых праблем.

Надзвычай яскрава дадзеная пазіцыя выявілася ў супольнай кніжцы C.Хокінга і Л.Млодзінава “Вялікі праект: Новае тлумачэнне ўніверсуму”. Аўтары абвясцілі ў ёй, што філасофія памерла і што адвечныя пытанні светапогляднага зместу і характару перайшлі ў кампетэнцыю навукі [c.11]. З іх разважанняў вынікае, што гіпатэтычныя навуковыя канструкцыі здольныя спасцігнуць і чалавека, і Сусвет, прычым яны могуць зрабіць гэта найлепшым, найглыбейшым з усіх існых духоўных формаў чынам. Яны падкрэсліваюць, што навуковы, рацыянальны шлях пазнання рэчаіснасці грунтуецца на прынцыпе дэтэрмінізму: кожную (без выняткаў) падзею ва ўніверсуме неабходна разглядаць як абумоўленую законамі прыроды [c.33]. Ідэя свабоды волі выглядае ў такой сітуацыі тэарэтычнай рэакцыяй на нашу няздольнасць ахапіць і разлічыць паводзіны ўсіх тых часціц, з якіх складаецца чалавечы арганізм. На самай справе нашы учынкі, як і функцыянаванне ўсякага іншага матэрыяльнага ўтварэння ў Сусвеце, намалагічна1 абумоўлены, і толькі надзвычайная складанасць нашай структуры не дазваляе перадаць іх сапраўдную існасць у функцыянальных матэматычных залежнасцях. У такіх умовах не застаецца нічога іншага, як звярнуцца да гіпотэзы, якая мае ніштаваты тлумачальны патэнцыял і дае магчымасць у пэўнай ступені справіцца з адпаведнымі тэарэтычнымі і практычнымі праблемамі, – гіпотэзы свабоднай волі чалавека [c.33-35]. (Свабода вытупае тут, такім чынам, як мера нашага няведання.)

Неабходна адзначыць, што дэтэрміністычная карціна свету, якую адстойваюць С.Хокінг і Л.Млодзінаў, уласцівая найперш класічнаму прыродазнаўству, прыродазнаўству ХVII-ХІХ стагоддзяў. Натурфіласофскія (у шырокім сэнсе слова) пошукі і знаходкі прадстаўнікоў сучаснай навукі дазваляюць дапоўніць і ўзбагаціць яе. За строгай заканамернасцю макрасвету, апісанага адпаведным чынам класічнай фізікай, навука ХХ стагоддзя адкрыла панаванне выпадку. Э.Шродзінгер, напрыклад, падкрэслівае ў дадзенай сувязі, што “ўсеагульны корань строгай заканамернасці, якую мы назіраем, – гэта выпадак2 [c.10]. Ва ўнісон з выдатным фізікам знаны біёлаг Ж.Манод піша, што створанае эвалюцыяй багацце жывых формаў на Зямлі з’яўляецца “вынікам гіганцкай латэрэі, дзе чыста выпадкова выцягваюцца нумары, з якіх сляпы адбор вызначае рэдкіх пераможцаў” [155]. Універсум зусім не напоўнены жыццём, не выношвае яго ў сваім чэраве, як біясфера не выношвала ў сваім чэраве чалавека: у падобенстве з іншымі жывымі істотамі мы чыста выпадкова атрымалі шчаслівы латэрэйны білет [c.161].

Такім чынам, атрымалася карціна, дзе чалавек падаецца як выпадковы прадукт эвалюцыйнага працэсу, а яго жыццё – як падпарадкаванае сляпой прыроднай неабходнасці. Уся яго ўнікальнасць зводзіцца да неймавернай складанасці ягонай структуры і найперш мозга – крыніцы яго каласальных магчымасцяў і здзяйсненняў. Для тых, хто падзяляе каштоўнасці, угрунтаваныя ў гуманітарнай культурнай традыцыі, для каго чалавек – гэта найперш духоўная істота, натуралістычны падыход быў і застаецца непрымальным. Гэта выразна выявілася ў звязанай з гуманітарнай культурай філасофскай традыцыі. Яе прадстаўнікі нястомна падкрэслівалі абмежаваны характар прыродазнаўчай карціны свету. Г.-Г.Гадамер, напрыклад, указваў, што фізіка нават у самым лепшым для яе выпадку – калі б яна ўзнялася да так званай тэорыі ўсяго – не магла б прэтэндаваць на ўніверсальны статус, бо ў ёй з неабходнасцю захаваецца адрозненне паміж тым, хто робіць разлікі, і тым, што разлічваецца: “Фізіка, якая разлічвала б самую сябе і была б сваім уласным разлічваннем, заставалася б супярэчнасцю ў сабе” [c.456]. Філосаф дадае, што сітуацыя ў біялогіі мае аналагічны характар [c.456].

Натуралістычная пазіцыя падаецца таксама досыць абмежаванай і, магчыма, нават рызыкоўнай у этычным плане. Наколькі эфектыўна на яе аснове можна супрацьстаяць спакусам, на якія багатая сучасная навука? І ці не спрыяе ўяўленне аб тым, што чалавек – гэта ўсяго толькі надзвычай складаная біямашына, калі не ўсім магчымым спробам яго тэхнічнага ўдасканалення, дык, прынамсі, памяркоўным і добра ўзважаным? Пільнасць і асцярожнасць тут тым больш неабходныя, што ў рэчаіснасці мелі і маюць месца практыкі, у якіх чалавек зводзіцца да ўзроўню аб’екта маніпулявання і эксперыментавання (тое, што адбывалася ў нацысцкіх канцлагерах, уяўляе сабой, безумоўна, найбольш адыёзны прыклад такіх практык).

Падкрэсліць адпачатковую абмежаванасць і рызыкоўнасць натуралістычнага светабачання, шукаць і знайсці ў ім іншыя заганы і спыніцца на гэтым – досыць аднабаковы і бясплённы спосаб абыходжання з дадзеным феноменам. Значна бодьш дзейсны і выніковы шлях – разглядаць яго як выклік, як сур’ёзную філасофскую праблему, што задае важны кірунак тэарэтычнага аналізу. Таму сутыкненне з ім павінна ператварыцца ў дыялог. Прыхільнікі адпаведнага кола ідэй надзвычай высока ацэньваюць светапоглядны патэнцыял прыродазнаўства і, як правіла, бліскуча валодаюць ім. Таму дыялог з імі можа быць паспяховым толькі ў тым выпадку, калі прыродазнаўчая праблематыка не знікне з яго прадметнага, змястоўнага поля. Гэта цягне за сабой, аднак, неабходнасць сур’ёзнага яе даследавання, грунтоўнага аналізу светапоглядных патэнцый, светапоглядных асноў і светапоглядных набыткаў тэарэтычнага прыродазнаўства.

Разам з тым праблемнае поле згаданага дыялогу не павінна абмяжоўвацца прыродазнаўчымі аспектамі. Набыткі гуманітарыстыкі не менш значныя і адпаведныя аргументы не менш важкія, чым прыродазнаўчыя. І трэба адзначыць, што ў пэўных выпадках яны ўспрымаюцца прыродазнаўцамі з усёй магчымай сур’ёзнасцю. Тут варта ўзгадаць вядомага нямецкага фізіка К.Ф.фон Вайцзэкера, які здолеў узняцца да грунтоўнай, прафесійнай філасофскай рэфлексіі. Ён з прызнаннем згадвае гуманітарную навуку (“навуку пра дух” – Geisteswissenschaft) з яе інтэрпрэтацыйнымі падыходамі, бо яна шмат што дала яму ў плане разумення гісторыі філасофіі, без якога плённыя філасофскія даследаванні проста немагчымыя [c.72].