Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Груша_Палеаграфія_конспект лекц.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
14.09.2019
Размер:
220.67 Кб
Скачать

6. Пісьмо апошняй трэці xіv–першай паловы XVI ст.

Пісьмовы дакумент становіцца неабходным атрыбутам аператыўнага і эфектыўнага кіравання, гарантам правоў жыхароў дзяржавы. Павялічваецца колькасць відаў і разнавіднасцей актаў. Узрастае аб’ём прадукцыі ў кожнай з груп дакументаў. Вялікі князь уступае ў больш часты кантакт са сваімі прадстаўнікамі на месцах, дасылаючы ім розныя пісьмовыя запыты, паведамленні, інструкцыі і г. д. Дараванні і ўвядзенне ва ўладанне суправаждаюцца выданнем і перадачай на рукі ўладальнікаў спецыяльных дакументаў. Пісьмова афармляюцца розныя льготы і вызваленні. Вялікі князь пісьмова пацвярджае ўласныя дараванні і дараванні сваіх папярэднікаў. З дапамогай пісьмовага дакумента фіксуюць склад уладанняў і яго межы. У пісьмовай форме выдаюць прыгаворы суда, прызначаюць суддзяў, выклікаюць у суд, рассылаюць загады да адказчыкаў аб выкананнi рашэнняў суда і г. д. Пры ваяводах, старостах і намесніках-дзяржаўцах вядуцца судовыя кнігі, у якіх робяцца запісы прававога характару, упісваюцца тэксты прыгавораў суда. У Смаленску такія кнігі існавалі ўжо ў часы Жыгімонта Кейстутавіча. У далейшым яны вядуцца пры кожным кіраўніку акругі. Аналагічныя кнігі існуюць і пры гарадскіх магістратах. Пісьмоваму пацвярджэнню з боку мясцовых улад і гаспадара падлягаюць здзелкі прыватных асоб, якія мяняюцца ці дзеляцца нерухомай маёмасцю і г. д. Пісьмовую форму набываюць розныя дазволы вялікага князя. Праз пісьмовы дакумент устанаўліваюцца адтэрміноўкі плацяжоў і вяртанне крэдытаў і г. д. Пісьмова афармляюцца дараванні на заставы, адкупы, дараванні на свецкія і духоўныя пасады. Пры Вітаўце ўзнікае канцылярыя ВКЛ. Пры Казіміры Ягайлавічы ствараецца стацыянарная канцылярыя. Штат канцылярыi ВКЛ канчаткова склаўся ў другой палове XV ст.

Даследчыкі адзначаюць павелічэнне попыту на богаслужэбныя і чытальныя кнігі ў другой палове XV ст. Гэта асабліва выразна адлюстравалася ў дзвюх з'явах. Першая з іх – гэта фарміраванне катэгорыі калі не прафесійных, то, калі так можна выразіцца, паўпрафесійных пісцоў кніг, другое – стварэнне і пашырэнне бібліятэк.

Рост попыту на пісьмовую прадукцыю, павелічэнне яе аб'ёму, прывялі да выкарыстання новага, больш таннага і даступнага матэрыялу для пісьма – паперы.

Ва ўставе апошняй трэці XIV ст. пануюць тыя напісанні, якія сфарміравалася ў другой палове XIII–першых дзвюх трэцях XIV ст. Апошняя трэць XIV ст. – пераломны момант у гісторыі пісьма. У гэты час пачынаюць фарміравацца графічныя віды пісьма чытальных кніг і дзелавога пісьма: паўустаў і скорапіс. Аб уставе як графічным відзе царкоўнага пісьма можна гаварыць толькі ўласна з гэтага часу. Тады ж узнікае такі графічны варыянт пісьма, як вязь. Паўустаў характарызуецца наступнымі прыкметамі: 1) у асноўным, марудны тэмп пісьма; 2) «лёгкая», «сярэдняя», «цяжкая» вага; 3) як правіла, сярэдні памер пісьма; 4–5) адносная сіметрычнасць і суразмернасць літар (большае парушэнне сіметрычнасці і суразмернасці, чым у паўуставе); 6) у больш, чым дзве лінейкі выконваюцца «а» (на ранніх этапах), «д», «з», «р», «оу», ү, «ф», ѳ, «х», «ц», «щ», «ы» (на ранніх этапах), ӕ (на ранніх этапах), ѣ, ѯ, ѱ; 7) прамое і нахіленае ўправа пісьмо; 8) чаргаванне прамалінейных і крывалінейных форм рухаў пяра; 9) незвязныя рухі; 10) спрошчаны дукт; 11) у шэрагу выпадкаў крывалінейная форма рухаў пяра пры напісанні і злучэнні элементаў літар; 12) прымыкаючы, у некаторых выпадках прамежкавы тыпы злучэння рухаў пры напісанні элементаў літар і саміх літар; 13) у некаторых выпадках невялікая колькасць рухаў (прыёмаў) пры напісанні элементаў літар і саміх літар; 14) трохножкавы варыянт «т»; «т» з вялікім загінам, які спускаецца з левага краю перакладзіны; «ъ» з вялікай перакладзінай і вялікім загінам, які спускаецца з яе левага краю; ѣ з вялікім загінам, які спускаецца з левага краю каромысла (такія загіны ў адзначаных літарах могуць спускацца да ніжняй лінейкі радка); аднабаковае «ч»; «з» у выглядзе «з»; «м» з завостранай перамычкай; 15) пэўная варыянтнасць літар; 16) значная колькасць скарачэнняў; 17) параўнальна развітая сістэма памежных сігналаў.

У развіцці паўустава можна вылучыць два перыяды: 1) апошняя трэць XIV–XV ст.; 2) XVI–XVIIІ ст. У апошняй трэці XIV–XV ст. канчаткова складваюцца прыкметы паўустава, якія ў далейшым істотна не змяняюцца.

Скорапісу як віду пісьма ўласцівы наступныя прыкметы: 1) сярэдні і хуткі тэмпы пісьма; 2) «лёгкая» і «сярэдняя» вага; 3) як правіла, сярэдні і дробны памеры пісьма; 4–5) адсутнасць сіметрычнасці і суразмернасці літар; 6) у больш, чым дзве лінейкі выконваюцца «а» (на ранніх этапах, у далейшым як адзін з варыянтаў), «г» (адзін з варыянтаў), «д», «ж», «з», «р», «т», «у», ү, «ф», ѳ, «х», «ц», «щ», «ъ», «ы» (на ранніх этапах), ӕ (на ранніх этапах, у далейшым як адзін з варыянтаў), ѣ, ѯ, ѱ; 7) прамое і нахіленае ўправа пісьмо; 8) крывалінейная форма рухаў пяра; 9) безадрыўнае пісьмо; 10) свабодны, просты дукт; 11) крывалінейная форма рухаў пяра пры напісанні і злучэнні элементаў літар і саміх літар; 12) безадрыўны тып злучэння рухаў пры напісанні элементаў літар і саміх літар; 13) невялікая колькасць рухаў (прыёмаў) пры напісанні элементаў літар і саміх літар; 15) вялікая варыянтнасць літар; 16) вялікая колькасць скарачэнняў; 17) развітая сістэма памежных сігналаў.

Памяншэнне памераў пісьма з'яўляецца адной з вырашальных прыкмет скорапісу. Па гэтай прычыне дробны ўстаў папярэдніх стагоддзяў трэба прызнаць далёкім продкам названага віду пісьма.

У развіцці скорапісу вылучаюцца тры перыяды: 1) апошняя трэць XIV–канец XV ст.; 2) першая палова XVI ст.; 3) другая палова XVI–XVII ст. Першы перыяд (услед за І. І. Сразнеўскім і І. М. Каманіным) можна назваць перыядам «устаўнога скорапісу», паколькі графіка скарапіснага пісьма яшчэ блізка да графікі ўстава. Для гэтага перыяду характэрна фарміраванне дыферэнцыруючых прыкмет літар. Другі – пераходны – перыяд характарызуецца фарміраваннем тых асаблівасцей, якія рыхтавалі пісьмо да курсівізацыі. Для трэцяга перыяду – перыяду курсіўнага скорапісу – уласціва актыўнае развіццё і панаванне курсіўнага пісьма.

Апошняя трэць XIV ст. Абодва віды пісьма (паўустаў і скорапіс) мала чым адрозніваюцца адзін ад аднаго, паколькі перад імі стаяць агульныя мэты: стварэнне дыферэнцыруючых прыкмет літар.

У дробным пісьме ў літарах «д», «ъ», «т» і ѣ сціраюцца дыферэнцыруючыя элементы: «д» пераўтвараецца ў невыразны трохвугольнік; мачта і перакладзіна двухлінейнай «т» губляюцца сярод элементаў іншых літар; маленькія мачты і верхнія перакладзіны у «ъ» і «ъ» у «ы» становяцца малапрыкметнымі; тое ж самае адбываецца з мачтай і каромыслам ѣ, якое ляжыць на лінейцы радка.

У абодвух відах пісьма «д» пачынае выконвацца з вынаснымі падоўжанамі ножкамі; «т» – з вялікім загінам, які спускаецца з левага краю перакладзіны; «ъ» – з вынасной мачтай і вялікай перакладзінай; «ы» – з вынасной мачтай і вялікай перакладзінай «ъ»; ѣ з павялічанай мачтай і высокім каромыслам.

Скорапіс падразумевае меньшыя памеры пісьма. Таму скарапісныя літары павінны быць больш дыферэнцыраваны.

Першая палова XV ст. Графіку паўустава і скорапісу аб'ядноўваюць наступныя асаблівасці. Літара «а» выконваецца з вынасной перакладзінай. Яшчэ больш інтэнсіўна павялічваюцца ножкі «д». У некаторых выпадках можна бачыць, як пісцы імкнуцца пераўтварыць ножку «т» у ніжні вынасны элемент. Аднак гэты варыянт не самы ўдалы. Таму ножка пачынае расці не ўніз, а ўверх. Двухлінейны варыянт «т» узнаўляецца з доўгім загінам, які спускаецца з левага краю перакладзіны. Паколькі ў дробным пісьме паказаць гэты загін цяжка, а ў вельмі дробным зусім немагчыма, перакладзіна «т» часта ставіцца не паралельна лінейцы радка, а нахіляецца так, што паміж левым краем перакладзіны і ніжняй лінейкай радка застаецца меньшая прастора. Там і праводзіцца лінія загіну. У выніку ствараецца ўражанне, што загін пераўзыходзіць па даўжыне засечку на правым краі перакладзіны. У шэрагу выпадкаў сустракаецца трохножкавы варыянт «т». Выкарыстоўваецца «ъ» з вынасной мачтай і вялікай перакладзінай і ѣ з высокім каромыслам. Суіснуюць два варыянты «ы»: са звычайнай – кароткай, не вынасной – мачтай «ь» і «ъ», якая мае вынасную мачту і вялікую перакладзіну. Злучальная перакладзіна паміж «ъ» ці «ь» і «і» ў шэрагу выпадкаў ліквідуецца.

Другая палова XV ст. Агульнымі прыкметамі паўустава і скорапісу з'яўляюцца выкарыстанне трохножкавай «т»; змеепадобнай «з», якая можа мець не толькі ніжні, але і верхні вынасныя элементы; «т» з вынасной мачтай; аднабаковай «ч»; «ы» з кароткай мачтай «ь», але без злучальнай перакладзіны; «в» у выглядзе чатырохвугольніка з дыяганаллю, якая ідзе з верхняга правага вугла ў ніжні левы. У паўуставе звычайна «д» пішацца з ножкамі сярэдняга памеру; «ъ» і ѣ – з загінамі, якія ідуць з левых краёў перакладзін «ъ» і каромысла ѣ. Варыянты «ъ» з вынасной мачтай і ѣ з высокім каромыслам выкарыстоўваюцца радзей.Для скорапісу гэтага часу характэрна панаванне «а» і «д» з вынаснымі, «ъ» з вынасной мачтай і вялікай перакладзінай, ѣ з падоўжанай мачтай і высокім каромыслам, трохножкавай «т». Ножкі «д» яшчэ больш павялічваюцца. З'яўляецца «ж» з верхняй вынасной мачтай. Варыянт «т» з вынасной мачтай не вельмі папулярны.

У другой палове XV ст. у паўднёвых рэгіёнах ВКЛ – Валыні і, трэба думаць, Кіеўшчыне, фарміруецца арыгінальны стылявы варыянт скорапісу. Пры выкананні літар максімальна паслядоўна выкарыстоўваецца прыём спалучэння тлустых і валосных ліній. Тлустымі (якія маюць «цяжкую» вагу) пішуцца лініі, якія ідуць паралельна лініі радка, у накірунку зверху ўніз вертыкальна да лініі радка, зверху ўніз злева направа з нахілам у левы бок; тонкімі (якія маюць «лёгкую» вагу) – лініі, якія ідуць знізу ўверх злева направа ці зверху ўніз справа налева з нахілам у правы бок. Каб дабіцца спалучэння розных па таўшчыні ліній, выкарыстоўваецца пяро з адмысловай формай завастрэння: з шырокім і касым управа зрэзам («гатычнае пяро»). Такое пяро дае магчымасць захоўваць кантраст паміж тлустымі і тонкімі лініямі, яго пастаянства і рэгулярнасць; дазваляе рабіць патаўшчэнні не з дапамогай націску, што ўласціва для сучасных сталёвых пер'яў, але праз паварот пяра з апорай на шырыню яго зрэзу. Пры ўзнаўленні тонкіх ліній пяро паварочваецца, абапіраючыся на востры вугал зрэзу. У адрозненне ад сучаснага стабільнага трымання гатычнае пяро пастаянна паварочвалася ў руцэ і тым больш, чым шырэй быў зрэз пяра. Гатычнае пяро трымалі не двума пальцамі: вялікім і ўказацельным, з апорай на сярэдні, а трыма, пры гэтым вялікі і сярэдні пальцы паварочвалі пяро, а ўказацельны прытрымліваў яго зверху. Выкарыстанне адзначанай тэхнікі пісьма дае магчымасць выразна ўзнаўляць нават самыя дробныя элементы літар.

У літары «а» перастае панаваць вынасная перакладзіна, хаця яе выкарыстанне канчаткова не спыняецца. Змеепадобная «з» пішацца з адной толькі ніжняй вынасной. Больш актыўна выкарыстоўваецца «т» з вынасной мачтай. Ніжні вынасны элемент «у» набывае вертыкальнае становішча. Вынасны элемент «у», а таксама вынасныя «а», «д», «р», «ц» і «щ» выконваюцца не прамалінейнай, а зграбнай звілістай формай руху пяра. Канцы вынасных амаль усіх пералічаных літар загінаюцца ў левы бок. Пашыраецца платформа ў «д». Літара «е» атрымлівае форму расшчэпа з вялікай і тоўстай левай і невялікай і тонкай правай рыскамі. Устанаўліваецца «в» з вуглаватымі петлямі.

Дзякуючы таму, што ў другой палове XV–першай чвэрці XVI ст. персанальны штат выканаўчых работнікаў (пісараў і дзякоў) канцылярыі ВКЛ быў у значнай ступені прадстаўлены выхадцамі з Валыні, пералічаныя асаблівасці былі перанесены ў пісьмо велікакняжацкіх дакументаў, якое ў сваю чаргу паслужыла ўзорам для пісьма іншых асяродкаў дзелавога пісьменства. Папулярнасці адзначанага стылявога варыянта скорапісу садзейнічала і яго практычнасць, а менавіта, магчымасць пісаць дробным пісьмом, дзякуючы паслядоўнаму выкарыстанню прыёма спалучэння тлустых і валосных ліній.

Скорапіс першай паловы XVI ст. развіваецца ў накірунку паступовага павелічэнне тэмпу пісьма, страты сіметрычнасці літар і прамалінейнасці рухаў, стварэння такога дукту, які б забяспечваў безадрыўнае напісанне як элементаў, так і саміх літар. Калі раней дукт быў падпарадкаваны кананічнай форме літары, то цяпер, наадварот, форма літары часта залежыць ад дукту. Колькасць рухаў пяра пры выкананні шэрагу літар змяншаецца. Першыя графічныя змены адбываюцца ў тых літарах, якія пісаліся ў вялікую колькасць прыёмаў.

1500 г.–1510-я гады. Пісьмо асабліва дробнае. Літары «б», «г», «п», трохножкавае «т» маюць толькі ледзь прыкметныя навесы ў левы бок, але часцей за ўсё пішуцца без іх. У шэрагу выпадкаў верхнія перакладзіны (што ўтвараюць навес) не даводзяцца нават да левых вертыкальных элементаў пералічаных літар. На фоне дробных корпусаў літар выразна вылучаюцца доўгія ніжнія вынасныя элементы «а» (у адным з варыянтаў), а таксама «д», «з», «р», «у», ѳ, «х», «ц», «щ» і доўгія верхнія вынасныя элементы «ж», аднамачтавай «т», «ъ», ӕ (у адным з варыянтаў) і ѣ У гэтым размеркаванні вынасных заключаецца адно з найбольш істотных адрозненняў беларускага скорапісу ад рускага, у якім вынасныя элементы ў аднолькавай меры былі накіраваны і ўніз, і ўверх.

Літары «в», «и», «н» пішуцца з нахілам: першыя дзве – у левы («и» мае лёгкі нахіл), трэцяя – у правы бакі, пры гэтым «н» мае нахіленую перакладзіну.

Першыя істотныя змены ў дукце літар адбываюцца ў канцы другога дзесяцігоддзя XVI ст. Дукт змяняецца ў «б», «ы» і «ь». Петлі названых літар спарадычна пачынаюць выконваць у такой паслядоўнасці, як сёння ўзнаўляюцца элементы рукапіснай радковай вуглаватай «и».

20-я гады XVI ст. З 20-х гадоў XVI ст. пісьмо паступова пачынае буйнець.

Літара «н» хаця і ўзнаўляецца нахіленай у правы бок, але існуе тэндэнцыя размяшчаць перакладзіну прама. У «г», «п» і трохножкавым «т» навесы ў левы бок становяцца больш выразнымі. Сустракаецца, хаця яшчэ і даволі рэдка, навес у левы бок і ў «б». Пісьмо мае выражаную тэндэнцыю да крывалінейнасці. Становяцца больш частымі і павялічваюцца адкрэсленні ў правы бок на мачтах «г», «к» і «ч», правай мачце «н», адной ці дзвюх мачтах «п», адной, дзвюх, трох ножках «т». Фарміруецца такая аднамачтавая «т», якую можна ў далейшым выконваць у адзін прыём і безадрыўна злучаць з суседнімі літарамі. У некаторых выпадках згладжваецца месца злучэння перакладзіны і мачты. Існуе і іншы варыянт злучэння гэтых элементаў: пры дапамозе пятлі. Пятлістая аднамачтавая «т» можа пісацца безадрыўна.

30-я гады XVI ст. Пануе толькі акруглая «в» (праўда, часта з завостранай верхняй пятлёй). Літара «ъ» пішацца з авальнай пятлёй. Літара «б» часта выконваецца без верхняй перакладзіны, толькі з навесам ці дужкай злева. Такая дужка – патэнцыяльны сродак прыстасавання «б» да непарыўнага напісання з папярэдняй літарай. Адзначаная «б» пішацца ў тры ці два прыёмы. Спарадычна ў беглым пісьме ўкараняюцца такія варыянты «б», «ы» і «ь», колькасць рухаў пры выкананні якіх змяншаецца. Утварыўшы правую сценку формавызначальных пяцель «б», «ь» літары «ы» і «ь» пяро без адрыву ад матэрыяла для пісьма паварочвае ўлева, затым таксама безадрыўна рухаецца ўверх і ўправа, перасякаючы правую сценку пятлі. У выніку такога руху ўтвараецца пяцелька. Канец лініі, якая ўтварае пяцельку, адыгрывае ролю патэнцыяльнай звязкі з наступнай літарай. У большасці почыркаў (калі выключыць узоры беглага пісьма і напісанні ў канцы радка) усе гэтыя пяцелькі выводзяцца яшчэ нясмела, і на матэрыяле для пісьма ледзь бачныя.

Укараняюцца напісанні «н» у два рухі, а не тры, як раней. Для гэтай літары ўласціва часцей за ўсё прамая перакладзіна. Літара ѣ узнаўляецца часцей з трохвугольнай пятлёй.

40-я гады XVI ст. Пануюць такія напісанні «б», «г», «п», «т», якія характарызуюцца навесамі ў левы бок. Навес у «г», «п» і трохножкавай «т» накіраваны не толькі ўлева, але і ўлева і ўніз. У некаторых выпадках ён апускаецца на ніжнюю лінейку радка. Літара «г» часта ўзнаўляецца толькі з адным левым навесам, пры гэтым для месца злучэння мачты і навеса характэрна форма дугі, а сама літара набывае выгляд сучаснай рукапіснай «г». Фігуруюць варыянты безадрыўнай «г». Становіцца крывалінейнай месца злучэння мачты і перакладзіны аднамачтавай «т». Названыя элементы памяншаюцца ў памерах. Так адбываецца іх прыстасаванне да безадрыўнага напісання як паміж сабой, так і з суседнімі літарамі. У адным і тым жа почырку можна сустрэць як старую, так і новую форму перакладзіны. Набывае акруглыя формы месца злучэння мачты і перакладзіны «ъ». Памер перакладзіны і мачта «ъ» таксама памяншаюцца. Гэта значыць, што «ъ» развіваецца ў тым жа накірунку, што і аднамачтавая «т». Хоць мачты аднамачтавай «т» і «ъ» паменшыліся ў памерах, яны не перасталі быць вынаснымі.

Такім чынам, у першай палове XVI ст. сіметрычнасць і пра­малінейнасць напісанняў шэрагу літар страчваецца. На мачтах і перак­ладзінах «а», «г», «и», «к», «л», «м», «н», «п», «т», «ч», «ы», ӕ, ножках «т» фарміруюцца звязкі ў выглядзе адкрэсленняў (канцавых рысак). Спрашчаецца дукт «б», «в», «г», «д», «и», «м», «н», аднамачтавай «т», ѳ, «ъ», «ы», «ь», ѣ. Гэтыя літары выконваюцца ў меньшую параўнальна з XV ст. колькасць прыёмаў, некаторыя з іх – «г», «и», «м», «т», «ъ» – у асобных выпадках – непарыўна.

Прычынай узнікнення розных графічных варыянтаў літар з'яўляецца нераўнамернасць з'яўлення і замацавання новых напісанняў. Крыніцай гэтай з’явы служыць галоўным чынам развіццё пісьма, якое праяўляецца ў дукце, форме рухаў пяра пры напісанні і злучэнні элементаў літар і саміх літар і г. д. Найбольш варыянтнымі літарамі з'яўляюцца тыя літары, якія выкарыстоўваюцца даволі часта, але маюць складаны дукт: «б», «в», «д», «ж», «т», «ш», «щ», «ь», «ы». Варыянтнасць уласціва і для іншых літар нават на першы погляд і такіх простых, як «о». Розныя варыянты могуць выкарыстоўвацца як у пісьме аднаго чалавека, так і ў пісьме розных асоб, якія пісалі ў адзін і той жа час. У першую палову XVI ст. актыўна дзейнічалі тры першыя крыніцы.

З'яўленне і пашырэнне паўустава і скорапісу не выцесніла ўстаў. Гэты від пісьма па-ранейшаму функцыянуе.

У XV–XVI ст. з выкарыстаннем паперы праблема дарагавізны і дэфіцыту матэрыялу для пісьма была вырашана. Размяшчэнне літар у радку стала больш свабодным. Павялічваецца плошча літар. Аднак пры гэтым выпрацаваныя ў другой палове XIII–XIV ст. падоўжаныя прапорцыі літар захаваліся. Уставу XV–XVI ст. ад устава XIII–першых дзвюх трацей XIV ст. апрача прапорцый, дасталіся «в», «ж», «к» з невялікімі вярхамі, вузкія «д» і «р». З маленькай верхняй часткай пішуцца ѧ і ѫ.

У той жа час у напісанні «ъ», «ы», «ь» устаў XV–XVI ст., як правіла, працягвае традыцыі ранняга ўстава. Петлі гэтых літар маюць сярэдні, а ў шэрагу выпадкаў – і маленькі памер. Літара «ч» выконваецца з акруглай ці вуглаватай чаркай. Складваецца ўражанне, што ў XV–XVI ст. была адноўлена архаічная форма літары «а» з невялікай пяцелькай. Некаторыя характэрныя рысы позняга каліграфічнага ўстава зацвердзіліся толькі ў XV ст.: частае спалучэнне вузкіх і шырокіх «о» і «с»; шырокі «ферт»; «и», «н» і «ю» з нахіленымі перакладзінамі пасярэдзіне. Верхнія лініі трохвугольных петляў «б», «ъ», «ы», «ь» злучаюцца з мачтамі такім чынам, што паміж названай лініяй і мачтай застаецца выемка. У познім уставе перамычка «м», акруглая ці вуглаватая, часта выходзіць за ніжнюю лінейку радка. Літара ѡ можа мець як высокую, так і нізкую сярэдзіны. Ніжнія вынасныя элементы «р», «у», «х» і інш. выконваюцца тонкімі лініямі. Варыянты «т», «ъ» і ѣ з характэрнымі для паўустава вялікімі загінамі, аднабаковае «ч» сустракаюцца рэдка.

Уяўленне аб другім паўднёваславянскім уплыве (у процівагу першаму, які адносіцца да XI ст.) было сфарміравана ў XIX ст. А. І. Сабалеўскім. «Зразумела, – пісаў ён, – што паміж паловай XIV і паловай XV стагоддзяў рускае пісьменства трапіла пад вельмі моцны ўплыў паўднёваславянскага пісьменства і ўрэшце рэшт падпарадкавалася гэтаму ўплыву». Вучоны пісаў аб вялікім падабенстве пісьма ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх рукапісаў. Праўда, А. І. Сабалеўскі больш канстатаваў гэты ўплыў, чым вывучаў яго. Праблема аб паходжанні адзначаных напісанняў на сённяшні дзень з'яўляецца дыскусійнай.

Вязь – кірылічнае, у значнай ступені дэкаратыўнае пісьмо, якое мае на мэце звязаць радок ў непарыўны і раўнамерны арнамент. Гэта мэта дасягаецца за кошт скарачэнняў і ўпрыгожанняў. Вязь, відавочна, узнікла, як паўустаў і скорапіс, з практычных патрэб: з мэтай эканоміі карыснай плошчы матэрыялу для пісьма. У сувязі з гэтым х'арактэрны час яе з'яўлення – апошняя трэць XIV ст., калі па-ранейшаму ў асноўным тэксце рукапісаў пануе сціснутае пісьмо. Вязь уласціва не толькі для богаслужэбных і чытальных кніг, але і кніг з афіцыйнай дакументацыяй.Вязь выкарыстоўвалася ў загалоўках рукапісаў.

Самымі старажытнымі прыёмамі ўсходнеславянскай вязі, якія выкарыстоўваліся ўжо ў Візантыі, з'яўляюцца наступныя. 1) Лігатура; 2) уключэнне адной літары ў іншую; 3) падпарадкаванне адной літары іншай; 4) супадпарадкаванне дзвюх літар. 5) супадзенне літар у адным пункце. Пры запаўненні пустот выкарыстоўваліся дадатковыя элементы: вочкі, вузельчыкі, вусікі і г. д.