Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЛЕКСІЧНЫЯ РЭСУРСЫ.doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
09.09.2019
Размер:
129.54 Кб
Скачать

ЛексіЧныя сродкі мовы Лексічныя сінонімы

Багацце с і н о н і м а ў (грэч. synonymos ‘аднайменны”) у мове – паказчык яе развітасці, выразнасці, здольнасці перадаваць найтанчэйшыя рухі думкі, выяўляць самыя складаныя адценні паняццяў, характарыстык пры апісанні прадметаў, з’яў рэчаіснасці, перажыванняў чалавека. Веданне сінанімічнага багацця роднай мовы – неабходная ўмова маўленчай культуры чалавека.

Сінанімія належыць да найважнейшай крыніцы стылістычных лексічных сродкаў. Менавіта сінанімія дае магчымасць выбраць з шэрагу варыянтных лексічных адзінак тую, якая найбольш адпавядае кантэксту. Пра важнасць сінонімаў у мове М. К. Клышка, аўтар “Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў”, гаварыў наступнае: “...геніяльны мастак слова, выдатны знаўца скарбаў роднае мовы Якуб Колас здзівіў мяне адным сказам са свайго апавядання “Недаступны”: “Прабегшы некалькі хат, Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у надворак Юркі Труса, з надворка заламаў у вулачку і пасучыў проста да калодзежа”. Дык вось, аказваецца, як вобразна, цікава, неаднастайна можна расказаць пра адну і тую самую з’яву, калі маеш багаты запас слоў, якія блізкія значэннем, якія абмалёўваюць, перадаюць і выяўляюць адценні прыкмет і асаблівасцей тых самых прадметаў або з’яў, іх нюансы. І першыя памочнікі тут – сінонімы або словы блізказначныя. Так, выдзеленыя ў Коласавым сказе курсівам дзеясловы перадаюць рух, перадаюць дынамічна, эмацыянальна-экспрэсіўна, так, што і сказу, прозе надаюць адпаведны рытм, адпаведнае гучанне, інтанацыю і адначасова ствараюць зрокавы малюнак, малюнак імклівага бегу чалавека не па прамой, роўнай лініі, а збочваючы, забягаючы, заварочваючы, заломваючы і г. д.” [19, с. 4].

У сучаснай лінгвістычнай навуцы паняцце сінаніміі разглядаецца неадназначна. Даследчыкі спрачаюцца аб тым, якія словы лічыць сінонімамі, як іх класіфікаваць, якія крытэрыі сінанімічнасці з’яўляюцца вызначальнымі.

Важнейшай умовай сінанімічнасці слоў з’яўляецца іх семантычная блізкасць, а ў іншых выпадках – тоеснасць. У залежнасці ад ступені семантычнай блізкасці сінанімічнасць слоў можа праяўляцца ў большай ці меншай меры. Напрыклад, сінанімічнасць слоў даверлівы – прастадушны – наіўны выражана больш ясна, чым слоў кавалак – кусок – дроб – драбок – крошка – крыха – крышан – абломак – ашчэпак – адшчэпак – уцінак – друзачка, якія маюць значныя сэнсавыя і стылістычныя адрозненні. Найбольш выражаны характар мае сінанімія пры сэнсавай тоеснасці слоў: правапіс – арфаграфія, мовазнаўства – лінгвістыка.

Мнагазначныя словы рэдка супадаюць ва ўсіх значэннях, часцей сінанімічныя адносіны звязваюць асобныя значэнні полісемічных слоў. Напрыклад, да дзеяслова адкрыць (дзверы) сінонімамі з’яўляецца адчыніць, у словазлучэнні адкрыць спрэчкі – распачаць, перайсці (да спрэчак), у словазлучэнні адкрыць новую планету – знайсці, убачыць.

Каб правільна выбраць той ці іншы сінонім, трэба “разглядаць іх не ізалявана, а ў спалучэнні з іншымі словамі. Спалучальнасць адных сінонімаў можа быць свабодная, другіх – больш-менш абмежаваная. Так, слова расквасіць можа спалучацца толькі са словамі нос і губа: расквасіць нос, расквасіць губу; расквасіць вока сказаць нельга. Сярод сінонімаў да расквасіць у дадзеным выпадку трэба выбраць лексему разбіць, якая можа спалучацца з даволі шырокім радам слоў: разбіць вока, разбіць галаву, разбіць калена, разбіць арэх, разбіць шкло, разбіць ільдзіну і г. д. Значыць, спалучальнасць гэтага слова ў параўнанні са словам расквасіць свабодная.

Для правільнага выкарыстання сінонімаў неабходна ўлічваць тое агульнае, што дае падставу звязваць іх па значэнні, а таксама тыя адрозненні, тыя своеасаблівыя адценні ў прадметным значэнні, у эмацыянальнай і стылістычнай афарбоўцы, якія ўласцівы кожнаму з сінонімаў” [56, с. 47].

У якасці сінонімаў да слоў могуць выступаць фраземы. Звычайна фраземы адрозніваюцца ад дамінанты стылістычнай афарбоўкай: паспешліва (нейтр.) – лахі пад пахі (гутарк.), маўчаць(нейтр.) – трымаць язык за зубамі (праст.), аднолькава (нейтр.) – адна трасца (вульг.).

Сінанімія – з’ява глыбока нацыянальная і самабытная. Багатая сінаніміка тэкстаў сведчыць пра бязмежныя выяўленчыя магчымасці аўтарскай мовы. Ужыванне сінонімаў вызначаецца рознымі прычынамі і цесна звязана як з моўнай сітуацыяй, так і з ідэйна-тэматычнай накіраванасцю твора. Сінонімы дазваляюць выявіць самыя тонкія адценні думкі, робяць мову вобразнай, дзейснай, выразнай.