Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
модуль 3(2).doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
08.09.2019
Размер:
157.7 Кб
Скачать

Лекцыйныя матэрыялы

1. Сядзіба беларусаў.

2. Касцюм беларусаў.

3. Народныя стравы і напоі беларусаў.

4. Традыцыйныя транспартныя сродкі.

5. Гаспадарчыя заняткі беларусаў.

1. З усёй разнастайнасці сялянскіх сядзіб для Беларусі найбольш характэрны тры асноўныя тыпы двара – вяночны, пагонны і двор з нязвязанымі пабудовамі. Пры вяночнай забудове комплекс жылых і гаспадарчых будынкаў складаў правільны чатырохвугольнік, усе пабудовы ў якім былі звязаны паміж сабой. Калі паміж жылымі і гаспадарчымі пабудовамі былі прамежкі, яны закрываліся замётам ці парканам з бярвенняў. Парадак размяшчэння гаспадарчых пабудоў быў наступным: да хаты прыбудоўваліся сенцы, да сенцаў – варыўня. Да варыўні прыбудоўваўся хлеў з асобным уваходам са двара. Паралельна гэтай лініі пабудоў таксама ў рад і шчыльна адзін да аднаго ставіліся клець, майстэрні і хлявы. Уваход у клець абавязкова знаходзіўся супраць вакон хаты. Тарцовыя прамежкі паміж двума радамі будынкаў замыкаліся пуняй, а з вуліцы – глухімі варотамі. Такое кампактнае размяшчэнне гаспадарчых пабудоў на адным двары не вызначалася асаблівай практычнасцю, затое надзейна бараніла сям’ю і яе набытак ад ліхіх людзей, а скаціну – ад драпежнікаў. Але, з другога боку, у выпадку пажару агонь імгненна спапяляў усю сядзібу. Вяночная забудова пераважала ў паўночна-ўсходняй часцы Беларусі.

Значная частка Беларускага Палесся ўваходзяць у зону распаўсюджання пагоннага двара. Пагонную сістэму забудовы можна падраздзяліць на два тыпы: аднарадны і двухрадны. Пры аднараднай забудове жыллё і гаспадарчыя забудовы ўтвараюць адзін рад (пагон). Усе гаспадарчыя пабудовы шчыльна прымыкалі да хаты і былі накрыты агульнай страхой. Пры аднараднай забудове на першым месцы ад вуліцы ставілі хату з сенцамі, за імі – варыўню, клець, пуню, а затым некалькі хлявоў для жывёлы і шопку. У двухрадным двары ўсе пабудовы на сядзібе ставіліся ў два паралельныя рады. У адным размяшчалася хата з сенцамі, якія часта перагароджвалі дошкамі і адзялялі такім чынам частку сенцаў пад камору. Да сенцаў непасрэдна прымыкала варыўня. На супрацьлеглым баку двара шчыльным радам звычайна пад адной страхой размяшчаліся ўсе астатнія гаспадарчыя пабудовы: клець, кароўнік, свінарнік, аўчарня, стайня.

У асобную групу трэба выдзеліць сядзібы з нязвязанымі пабудовамі, калі жылыя і гаспадарчыя будынкі ставіліся на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго. Такія двары ўзніклі ў канцы ХІХ ст. Экспедыцыйныя матэрыялы сведчаць, што ў пачатку ХХ ст. колькасць сядзіб з нязвязанымі пабудовамі пачала расці. Размяшчэнне гаспадарчых пабудоў на адлегласці было абумоўлена мерамі супрацьпажарнай бяспекі.

Асноўнай складаючай сялянская сядзібы з’яўляецца хата. Будаўніцтва хаты пачыналася з выбару месца пляцоўкі і дастаўкі на месца будаўнічых матэрыялаў. Для будаўніцтва жылля выкарыстоўвалі сасну, яліну, алешыну ці асіну. Бярвенне на новую хату рыхтавалі зімой. З ачышчаных ад кары бярвенняў рабілі тры – чатыры часовыя невысокія зрубы, якія ў такім выглядзе падсыхалі цэлы год. Толькі з прасохлага бярвення будавалі хату. Жыллё будавалася з круглых бярвенняў – “круглякоў”. Злучалі бярвенні ў вянках пры дапамозе ўрубкі аднаго бервяна ў другое па вуглах зруба. Самым распаўсюджаным спосабам замацавання вянкоў хаты было злучэнне бярвенняў “у чашку” з выступамі канцоў бярвенняў за сцены зруба. У Заходнім Палессі сцены хаты будавалі з брусоў і дылей – бярвенняў, расколатых уздоўж на 2-4 часткі. Для больш моцнага злучэння вянкоў рабіліся выемкі ў выглядзе прамавугольнікаў зверху і знізу. Такі спосаб называўся “просты замок” ці “у вугал”. Таксама ў Заходнім Палессі ставіліся зрубы “у каню”. Пры такім спосабе чашкі вырэзваліся з выемкамі ў адным бервяне і выступамі ў другім, што дапамагае больш моцнаму злучэнню вянкоў зруба. Таксама на тэрыторыі Беларусі быў вядомы і “чысты вугал” – без выступаў бярвенняў за сцены зруба. Гаспадарчыя пабудовы рабілі звычайна “у шулы”. Па вуглах пабудовы ў зямлю ўкопваліся вертыкальна слупы (шулы), у пазы слупоў закладваліся бярвенні. Зруб сялянскай хаты па традыцыі рабіўся адкрытым, не абмазваўся глінай і не тынкаваўся. Для ўцяплення хата імшылася, а пазы бярвенняў замазваліся глінай. Зруб сялянскай хаты мог ставіцца прама на зямлю. У такім разе першы вянок абавязкова быў дубовым. Таксама зруб ставіўся на вялікія неачэсаныя валуны, моцныя дубовыя карчы – “штандары”.

Падлогі сялянскіх хат былі землянымі, глінабітнымі і драўлянымі. Для ўтварэння земляной падлогі зямля насыпалася да ўзроўню другога вянка, а затым ўтрамбоўвалася. Каб атрымалася глінабітная падлога, таксама насыпалася зямля, а зверху ўтрамбаваную зямлю некалькі разоў залівалі глінай. Добра зроблены “ток” утрымліваў цяпло і сухасць. Драўляная падлога клалася на папярочныя брусы-лагі якія ўрубаліся паміж першым і другім вянкамі зруба. У ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі былі вядомы дзве разнавіднасці столі – скляпеністая і гарызантальная. Стрэхі былі двухсхільнымі, трохсхільнымі і чатырохсхільнымі. Уздоўж страхі па кожнаму яе схілу на кроквах прыбіваліся гарызантальна 10-12 жэрдак, да якіх потым прывязвалася салома. Зрэдку замест саломы хаты крылі чарапіцай, бляхай ці дошкамі. Часам пры ўваходзе ў хату звонку ўладкоўваўся ганак у выглядзе памосціка з двума апорнымі слупкамі і аднасхільнай стрэшкай. Таксама будавалі ганак у выглядзе дзвюх прыступак. Больш дасканалым быў ганак з чатырма апорнымі слупамі і двухсхільнай страхой. Важным элементам традыцыйнага народнага жылля з’яўляецца яго ўпрыгожанне. Найбольш пашыранай аздобай сялянскага жыцця была разьба. Да таго ж сялянскія хаты ўпрыгожвалі вільчыкі на стрэхах. Сярод дэкаратыўных упрыгожанняў другой паловы ХІХ ст. была распаўсюджана разная ліштва на вокнах. Часцей разьбой упрыгожвалася толькі верхняя дошка над вакном (надваконнік), а ніжняя (падваконнік) заставалася наогул без упрыгожанняў ці ўпрыгожвалася вельмі сціпла. Акрамя аконнай ліштвы разьбой аздаблялі вуглы хат і франтоны.

У ХІХ ст. аднакамернае жыллё ў Беларусі сустракалася выключна рэдка. Такое жыллё было толькі ў самых збяднелых сялян. Развіццё хаты ішло ў асноўным у даўжыню за кошт прыбудовы іншых памяшканняў, як жылых, так і гаспадарчых. Першым крокам у развіцці жылля было ператварэнне аднакамернай пабудовы ў двухкамерную. Двухкамерная пабудова ўтваралася шляхам далучэння да хаты сенцаў. Абодва памяшканні служылі пэўным мэтам: цёплая хата была асноўным прытулкам сям’і, а халодныя сенцы рабіліся для больш надзейнага захавання цяпла ў хаце. Як бачна, двухкамернае жыллё утвараецца не шляхам раздзялення аднакамернага на дзве часткі, а шляхам прыбудовы да яго дадатковага памяшкання.

Далейшым крокам у развіцці народнага жылля было з’яўленне трохкамернай пабудовы, якая складалася з хаты, сенцаў і трэцяга памяшкання – жылога ці гаспадарчага. Гэта трэцяе памяшканне прыкметна змяняла выгляд і структуру ўсёй пабудовы. Найбольш характэрнымі варыянтамі трохкамернага жылля было злучэнне хаты, сенцаў і варыўні альбо хаты, сенцаў і клеці. Далейшае развіццё трохкамернага жылля заключалася ў тым, што гаспадарчая пабудова паступова пачала выконваць некаторыя функцыі жылой. Першым крокам было перанясенне спальнага памосту асобных членаў сям’і, асабліва маладых, у камору або клець. Так узнік тып планіроўкі “хата + сенцы + хата”. У большасці выпадкаў патрэба ў другой жылой хаце з’яўлялася тады, калі сялянская сям’я разрасталася. Ужо з сярэдзіны ХІХ ст. з выдзяленнем заможнай праслойкі сялянства тып “хата + сенцы + хата” стаў выкарыстоўвацца для павелічэння камфартабельнасці быту. У гэтым выпадку адна хата магла быць курнай, а другая мела печ з дымаходам.

Развіццё трохкамернага памяшкання ў другой палове ХІХ ст. ішло шляхам сегментацыі жыллёвай плошчы. Самым простым ускладненым варыянтам трохкамернага жылля была планіроўка хата + сенцы + гаспадарчая пабудова з выдзяленнем у сенцах падсобнага памяшкання (кладоўкі ці каморы). У канцы ХІХ ст. ускладняўся план самой хаты. Спачатку ў ёй выдзялялася спальнае месца, а затым кухня. Спальня ў хаце пачала рабіцца там, дзе заўсёды знаходзіліся палаці і палок. Першым крокам у гэтым выдзяленні было простае завешванне спальнага месца, потым – адгароджванне яго лёгкай загародкай. Пазней аддзяляць спальню магла печка-сцяноўка. Наступным крокам ва ўдасканаленні планіроўкі народнага жылля было выдзяленне кухні.

На Беларусі былі вядомы і так званыя хаты-пяцісценкі. Гэта такая жылая пабудова, у якой пятая капітальная сцяна дзеліць усё памяшканне па папярочнай восі на дзве часткі, рубілася адначасова з чатырма асноўнымі. Да зруба, у якім дзякуючы пятай капітальнай сцяне атрымлівалася два жылыя памяшканні, прыбудоўваліся сенцы.

Да сярэдзіны ХІХ ст. вясковыя хаты ў большасці выпадкаў былі курнымі, з 2-3 невялікімі акенцамі, якія высякалі ў двух суседніх вянцах. На ноч вокны закрывалі драўлянымі засаўкамі. Дзверы рабілі з колатых і апрацаваных стругам цясін. Справа або злева ля ўваходу размяшчалася печ. У беларускай хаце печ заўсёды была павернута вусцем да бакавога вакна. Печ не толькі абагравала жылое памяшканне, у печы рыхтавалі ежу, на ёй спалі.

У першай палове ХІХ ст. былі распаўсюджаны глінабітныя курныя печы без коміну. У другой палове ХІХ ст. масава з’яўляюцца “напаўбелыя” печы. Над курнай печчу ў адтуліну столі ўмацоўвалася драўляная труба. Такое прыстасаванне не толькі стварала значную цягу, але і з’яўлялася засцярогай ад частых пажараў. Плошча, якую займала печ дасягала 6 м. кв. Ніжняя частка печы была зрубнай, глінабітнай або цаглянай. З пярэдняга боку ў ёй рабілі квадратную адтуліну, якая вяла ў падпечча. Тут у маразы трымалі свойскую птушку. Большасць пячэй мела яшчэ некалькі невялікіх пячурак, у якіх сушылі анучы, рукавіцы, захоўвалі розныя дробязі гаспадарчага ўжытку. Заканчвалася ніжняя частка печы верхняй кладкай – пляцоўкай з тонкіх бярвенняў. На верхнюю кладку насыпалі пласт змешанай з пяском гліны. Зверху насцілаўся слой камення. Яго замазвалі глінай, каб атрымалася роўная пляцоўка, на якую ўскладвалі абпаленую цэглу (под). Частку пода з боку вусця печы пакідалі пад уступ (прыпечак). На ім справа рабілася “пячурка”, куды зграбалі жар. Верхняя частка печы складалася з роўнай глінабітнай пляцоўкі-ляжанкі. Толькі ў канцы ХІХ ст. паявіліся “белыя” печы з дымаходам і комінам.

Каля печы знаходзіўся качарэжнік, дзе быў састаўлены пячны інвентар – качарга, вілкі, чапяла. Над печчу пад столлю замацоўвалася жэрдка-перасоўка, на якой сушылі адзенне. У верхніх вянцах зруба ці ў столі рабілі адтуліну для дыма.

Супраць печы каля ўваходу размяшчаўся гаспадарчы вугал, так званы бабін кут, дзе стаяла вадзянка (кадушка з вадой), даёнка, драўляныя вёдры. На сцяне вісела кухонная паліца з посудам, побач – лыжачнік – драўляная палка з гнёздамі для лыжак. Каля вугла печы, звернутага ўнутр памяшкання знаходзіўся канёвы стоўб – конь, што служыў апорай для спальнага памосту. Частку памяшкання ад печы да тарцовай сцяны займаў спальны памост – пол. На ім ляжаў сяннік, падушкі, посцілкі. Вышэй на ўзроўні лежака печы быў больш вузкі пол або палаці. Пад столлю ўздоўж сцен мацавалі тонкія жэрдкі-грады, на якіх сушылі лучыну, ляжалі прылады ткацтва, маткі нітак, лыка для лапцей. Ніжэй вокнаў амаль на ўсю даўжыню сцен ставілі лавы. На скрыжаванні лаў на покуці ставілі хлебную дзяжу – сімвал дастатку і дабрабыту. На покуці развешваліся абразы, убраныя ручнікамі. Покуць размяшчалася па дыяганалі ад печы. Таксама на покуці стаяў засланы абрусам стол.

Сярод мэблі, апрача лаў і палічак шырока ўжываліся ўслоны (невялікія перанасныя лаўкі), зэдлікі (калодкі з невялікімі ножкамі), калыскі. У другой палове ХІХ ст. палы і палаці сталі паступова знікаць, а на іх месца прыйшлі драўляныя ложкі. У гэты ж час у сялянскіх хатах ля кутняй сцяны ставілі куфар. Хаты вечарам асвятляліся лучынай, якую замацоўвалі ў спецыяльным прыстасаванні – лучніку. Лучнікі паводле канструкцыі падзяляліся на пераносныя і стацыянарныя. Першыя найбольш шырока бытавалі ў паўночнай паласе Беларусі. Сярод іх вылучаліся звычайны (стаячок) і падвесны лучнікі. Стаячок уяўляў сабой стойку з крыжападобнай ці суцэльнай асновай, на верхнім канцы яе замацоўваўся клямар для лучыны, пад якую ставілі карытца з вадой. Падвесны лучнік уяўляў звычайна кароткі кій з крукам на адным канцы і клямарам для лучыны на другім. Стацыянарны лучнік (светач) быў распаўсюджаны на Палессі. Ён складаўся з трубы дымахода і падвешанай пад ёй жалезнай рашоткай, дзе палілі асмол.

Важнае месца ў інтэр’еры сялянскай хаты займалі гаспадарчыя прынады і посуд. Да ХХ ст. беларускія сяляне выкарыстоўвалі самаробныя прынады і посуд. Асабліва шырока прымяняліся гліняныя вырабы. Дабытую гліну ганчар мясіў спецыяльнай лапаткай ці нагамі, змочваў яе вадой і дабаўляў пясок. Вырабляўся посуд часцей на ганчарным крузе. Ганчар рукамі прыдаваў загатоўцы патрэбную форму. Няроўнасці на паверхні загладжваліся “шпаркай”. Сыры посуд аддзяляўся ад круга з дапамогай тонкай вяроўкі і падсушваўся на лаве ці паліцы. Толькі пасля гэтага посуд абпальвалі ў спецыяльным горне. Звычайна беларускія ганчары рабілі посуд натуральнага колеру гліны. На паўднёвым усходзе рабілі посуд чорнага колеру (праз дымленне), на захадзе “глазіравалі”, прысыпаючы парашком, вырабленым з волава і меднага перагара.

Для прыгатавання ежы выкарыстоўвалі “гаршчкі” любых памераў. Звычйна ў іх было плоскае дно і ўздутыя бакі. Для прыгатавання другіх блюд выкарыстоўваўся посуд тыпу “плошкі”, шырока вядомы пад назвай “латкі”. Звычайна тут тушылі мяса, гатавалі пражаную яешню. Часам латка замяняла міску для вадкіх страў. Для расцірання мака, бульбы, тварага выкарыстоўвалі “макацёр”. Унутры такога сасуду рабіліся рубцы, а звонку прымацоўвалася ручка. Каб збіць масла выкарыстоўвалі вялікі гаршчок з ручкамі па баках – “лаханку”. Для кіпячэння вады, а таксама захоўвання розных вадкасцей выкарыстоўваўся шарападобны гліняны сасуд з плоскім дном і вузкім горлам – “гляк”. У быту беларускіх сялян былі распаўсюджаны збаны. Збан меў плоскае дно, крыху ўздутыя бакі, горла з рыльцам і ручку збоку. Гарлач у адрозненні ад збана меў больш доўгае і вузкае горла. Для пераносу ежы ў поле выкарыстоўваліся “гаршкі-спарышы”. Гэта два зусім аднолькавыя гаршкі, замацаваныя разам. З гліны беларусы рабілі сталовы посуд – міскі, талеркі, кубкі, салонкі.

Значная частка посуду беларусаў выраблялася з дрэва. Для захоўвання зерня і мукі выкарыстоўвалі даўблёныя кадоўбы, для захоўвання мёду – “ліпаўкі”. Для пераносу вады выкарыстоўвалі вёдры, якія неслі на карамыслах, а для захоўвання вады служылі кадкі і вадзянкі. Начоўкі выкарыстоўвалі для сціркі адзення. У кублах засольвалі мяса. З-за адсутнасці ў пераважнай большасці сялянскіх сямей куфэрка кубел служыў для захоўвання найбольш каштоўнага адзення і палатна. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ўжываліся драўляныя лыжкі. Ручка лыжкі магла мець розную форму – круглую, плоскую ці чатырохгранную. Агульная даўжыня лыжкі – 30 см. Акрамя лыжак для разліву страў выкарыстоўвалі “апалонікі”, для зачэрпвання вады – каўшы. Важную ролю ў быту селяніна адыгрывала дзяжа, у якой квасілі хлеб. Выраблялася яна з дубовых ці яловых клёпак, якія зверху і знізу замацоўваліся драўлянымі абручамі.

Вельмі спецыфічным відам посуду з’яўлялася баклага. Яна рабілася з дубовых клёпак, абцягнутых абручамі і мела два днішчы. З бакоў баклагі рабіліся два вушкі для прадзявання рэмня, з дапамогай якога баклага вешалася праз плячо. Пасярэдзіне адной клёпкі рабілі адтуліну, якая затыкалася драўлянай пробкай. Беларусы выкарыстоўвалі таксама плецены з саломы, бяросты і лазы посуд: салонкі, саламянікі, кошыкі, карзінкі.

З прынад, якія ўжываліся пры прыгатаванні ежы, трэба назваць ухват, качаргу і чапялу. Ухватам падхоплівалі гаршчкі з печы, чапялой – патэльні. Качаргой падграбалі вуглі. У печы падмяталі памялом. Хлеб сажалі ў печ драўлянай лапатай. Побач з глінянымі і драўлянымі прынадамі беларусы выкарыстоўвалі жалезныя чыгункі, патэльні і бляхі (процвіні).

Важнай часткай сядібнага комплекса сялян з’яўляліся гаспадарчыя пабудовы. Клець (свіран) – гаспадарчая пабудова, якая будавалася ў комплексе з жыллём ці асобна насупраць хаты. Падлогу клеці ўтвараў насціл шчыльна падагнаных дошак. Клець часта мела скляпеністую гарбатую столь з цесна прыгнаных адно да аднаго бярвенняў, на якіх ляжаў дах. У клеці каля сцяны адгароджваліся засекі для збожжа. Побач стаялі бочкі, кадоўбы ці саламяныя карабы з зернем, крупамі, мукой, макам, ільносемем. Тут захоўвалі кубельцы з салам, бачонкі з квасам. На бэльках падвешваліся кумпякі. Тут жа стаяў куфар з тканінамі і адзеннем, а таксама ложак, дзе летам спалі маладажоны.

Варыўня (стопка) – паўназемнае памяшканне, упушчанае на паўметра ў зямлю, якое служыла для захоўвання бульбы, гародніны, садавіны, малочных прадуктаў. Для прадуктаў тут адгароджваліся адсекі. Бліжэй да ўвахода размяшчаліся кадушкі і бочкі з квашанай капустай, салёнымі агуркамі, хлебным квасам. У сярэдзіне памяшкання размяшчаўся невялікі ачаг-жароўня, куды зімой насыпалі гарачае вуголле.

Склеп (пограб) – заглыбленае ў зямлю памяшканне тыпу зямлянкі, прызначанае для захавання гародніны, бульбы, напіткаў. Склеп часцей рабіўся ў сістэме жылля (пад сенцамі ці клеццю), а таксама будаваўся асобна. У такім выпадку ён меў паграбню ў выглядзе стрэшкі з уваходам. Да паграбоў вельмі блізкія ямы-сховішчы. Іх капалі звычайна ў лесе. Туды на выпадак вайны заносіліся каштоўныя рэчы, лепшае адзенне, грошы. Гумно (клуня) – гаспадарчая пабудова для захавання і абмалоту збожжа. У цэнтры гумна быў выбіты ток для малацьбы, па баках – застаронкі, куды складвалі снапы. Гумно мела высокую страху, якая падтрымлівалася на некалькіх сохах (слупы з сукаватай развілкай уверсе).

Сушня (асець) была прызначана для сушкі збожжа ў снапах і будавалася непасрэдна ў гумне або побач з ім. Звычайна асець мела два паверхі: на ніжнім размяшчалася печ-каменка, на верхнім – растаўляліся неабмалочаныя снапы. Хлеб сушылі таксама ў спецыяльных рашотчатых прыстасаваннях – азяродах. Зжатае і павязанае ў снапы жыта закладвалі паміж жэрдак азярода коласам уніз.

Адрына (пуня) служыла для захавання сена ці саломы. Уяўляла сабой прасторнае зрубна-каркаснае памяшканне з шырокімі варотамі. Для захавання сена ўладкоўвалі і абарогі (стажарні), што ўяўлялі сабой рухомую стрэшку на 4 бакавых слупах.

Для ўтрымання свойскай жывёлы будавалі хлявы. Асноўнымі разнавіднасцямі хлева былі свінарнік, кароўнік і аўчарня.

Лазня (баня) будавалася на краі сядзібы або выносілася за яе межы да возера ці ракі. Па сваіх канструкцыйных асаблівасцях лазні былі двух тыпаў – зрубныя і зямлянкі. Зямлянкі рабілі ў пясчаных схілах па берагах рэк. Апрача асноўных функцый лазні выкарыстоўвалі для сушкі льну, які тут жа мялі, трапалі, вычэсвалі. У лазнях распарвалі дрэва, з гнулі дугі, абады, санныя палазы. Важнай гаспадарчай пабудовай сялянскай сядзібы быў млын. У залежнасці ад рухаючай сілы млыны падзяляліся на вадзяныя, ветракі і механічныя (конныя ці валовыя). Вадзяныя млыны будаваліся на невялікіх рэках, дзе зручна было рабіць плаціны-запруды, устанаўліваючы тут вадзяное кола. Ветракі па сваёй канструкцыі падзяляліся на шатровыя (яны мелі вялікія памеры і ў залежнасці ад напрамку ветру паварочваліся толькі верхняй часткай) і казловыя (яны мелі невялікія памеры і паварочваліся на асявым слупе ўсім корпусам).

Часам у сялянскім двары знаходзіліся памяшканні для транспартных сродкаў – вазоўні, вежападобныя збудаванні для вэнджання мяса, сала ці рыбы – вяндлярні.

2. Жаночы касцюм сялянкі ХІХ ст. складаўся з кашулі, палатнянай спадніцы ці шарсцянога андарака, палатнянага фартуха і безрукаўкі. Зімой паверх гэтага адзення апраналі суконныя світкі і футровыя кажухі. Чапец, намітка, хустка на галаве, плеценыя лапці на нагах дапаўнялі касцюм беларускай сялянкі.

Жаночая кашуля рабілася заўсёды са льнянога палатна. Асноўным тыпам пакрою быў тунікападобны. Кавалак тканіны складвалі напалам, у верхняй частцы збоку пакідалі адтуліну для рук, на сярэдзіне перагібу рабілі выраз для галавы, а спераду рабілі глыбокі разрэз – пазуху. Рукавы ўшываліся ў пакінутыя ўверсе кашулі адтуліны. Вельмі распаўсюджанымі на Беларусі былі кашулі з устаўкамі ці полікамі. Для полікаў бралі два невялікія кавалкі льняной тканіны звычайна прамавугольнай формы. Адзін край кавалка прышываўся ў прысабраным выглядзе да каўняра, а да супрацьлеглага края поліка прышывалася верхняя частка рукава. У паўсядзённых кашулях верх шылі з больш тонкага – кужэльнага палатна, а ніз – з больш грубага – зрэбнага. Святочныя кашулі былі суцэльнымі. Што датычыцца каўнераў, то яны былі двух тыпаў: адложныя і стаячыя. Шырока вядомымі ў 19 ст. былі кашулі з гесткамі. Асноўны матэрыял прышываўся зверху да вузкай какетцы. Гэты матэрыял збіраўся ў зборку спераду і ззаду. Какетка магла мець плечавыя швы, але часцей усяго матэрыял на плячах проста перагібаўся. Кашулі на гестках не мелі каўняра. Гарлавіна абшывалася тым жа халстом, а пярэдні разрэз каля шыі прысцёгваўся на гузік. Краі разрэза – пазухі – абшываліся вузкай падшыўкай. Нярэдка замест падшыўкі на грудную пазуху нашывалася манішка, якая закрывала разрэз і ўпрыгожвалася вышыўкай. Рукаў у кашулі быў заўсёды доўгім. Для зручнасці руху пад рукавы ўстаўлялі квадратныя кавалкі тканіны – падпашнікі. Рукавы шыліся двух відаў: з абшлагамі і без іх. У святочных кашулях на канцы рукава рабілася шырокая манжэта. Даўжыня кашуль звычайна прыходзілася ніжэй кален. Беларускія сялянкі паверх кашулі апраналі спадніцу.

Спадніцы (андарак, даматкан, бяляк, летнік) шылі з даматканага палатна, сукна або з фабрычнай шарсцянкі. Рознаколерныя спадніцы прасавалі ў складкі, аздаблялі вышыўкай і цясьмой. Спадніцы, сшытыя з белага палатна без упрыгожанняў насілі пажылыя жанчыны, а ў дзяўчат спадніцы ўпрыгожваліся тканым узорам. Спадніцы шыліся з трох-шасці прадольных палотнаў-полак. У поясе спадніца збіралася ў складку на вузкай палатнянай абшыўцы. Абшыўка спераду ці збоку завязвалася паяском, сплеценым з дамашніх нітак. З адваротнага боку спадніцы падшываўся падполак з дамашняга палатна.

Важнай часткай жаночага касцюма была безрукаўка (кабат, гарсет, шнуроўка, нагруднік, каптан). Безрукаўкі шыліся звычайна з пакупных тканін (сукна, сітца ці парчы) чорнага, фіялетавага, сіняга, чырвонага колераў. Спераду безрукаўку зашпільвалі на гузікі або зашнуроўвалі цясёмкай. Паводле крою вылучаюцца безрукаўкі трох тыпаў: кароткія (не дасягаюць таліі); доўгія, прышытыя да спадніцы; прыталеныя. Асноўны дэкор на безрукаўках канцэнтраваўся на грудзях.

Неабходнай часткай жаночага адзення з’яўляўся фартух (пярэднік), які апраналі на спадніцу. Найбольш тыповымі для Беларусі з’яўляліся палатняныя фартухі, якія рабіліся з кужэльнага даматканага палатна. У таліі фартух збіраўся ў дробную складку. Унізе фартуха была даволі шырокая аборка – хвальбон. На таліі фартух мацавалі завязкамі ці матузком.

Традыцыйны комплекс мужчынскага сялянскага адзення складалі доўгая кашуля (сарочка) і штаны (нагавіцы). Кашуля мела тунікападобны крой, доўгія, нярэдка ніжэй кісці рукавы без каўняра. Таксама былі распаўсюджаны мучынскія кашулі з полікамі і на гестцы. Шыліся кашулі як з цэльных кускоў, перагнутых па лініі пляча, так і з частак: адна ішла на спінку, другая – на перад, на плячах яны злучаліся швом. Верх на плячах падшываўся другім слоем палатна – падаплёкай. Доўгі рукаў сшываўся з цэнтральнай полкай. Пад пахай устаўляўся клін – цвікля. З бакоў, як і ў жаночых кашулях, дадаткоы аб’ём ствараўся ўстаўкамі. Рукаў па нізу збіраўся на манжэту ці падгінаўся і абшываўся. На перагібе полкі рабіўся выраз для галавы, які афармляўся абшыўкай. Засцёжка афармлялася планкай, уздоўж якой праходзіў арнамент. Варыянт кашулі з каўняром у выглядзе стойкі даследчыкі лічаць запазычаным у рускіх. Кашулю насілі падлеткі ў якасці адзінага летняга адзення да самай жаніцьбы.

Штаны шылі з грубага, зрэбнага палатна. Яны шыліся з двух полак, перагнутых па аснове папалам. Уверсе бакавыя зрэзы злучаліся клінападобнай устаўкай. Па верху сшыыя полкі браліся на каўнерык (пояс), які завязваўся матузом або зашпільваўся на гузік. Гузік мог замяняцца драўлянай палачкай. Штаны мелі вузкія калашыны. Зімой паверх іх надзявалі суконнікі. Кішэняў у іх не было, а неабходныя ў паўсядзённым ужытку рэчы (крэсіва, люлька, нож) насілі ў скураной сумцы. На Беларусі штаны называлі па-рознаму: порткі, нагавіцы, ганавіцы, учкуры.

Дапаўненнем мужчынскага касцюма былі безрукаўкі (камізэлькі). Перад камізэлькі шылі з даматканага тонкага сукна, спінку – з розных, больш танных тканін. Апраналі камізэльку паверх кашулі навыпуск, спераду зашпілялі на гузікі.

Верхняе адзенне мужчын і жанчын фактычна не адрознівалася. Верхнюю вопратку (світкі, буркі, сярмягі, бурносы) шылі з валенага нефарбаванага сукна, а таксама з аўчыны (кажухі). На поўначы Беларусі насілі світкі прамога халатападобнага крою, у цэнтральных раёнах – світкі, завужаныя ў таліі, на Палессі – світкі “з вусамі” – вялікімі клінамі, ўшытымі па баках ад таліі і ўпрыгожанымі каляровым шнурам. Сярмяга ў адрозненне ад святочнай світкі была штодзённай рабочай вопраткай, шылася з грубага нефарбаванага сукна. Бурнос – верхняе жаночае святочнае адзенне, якое апраналі замест світкі ці кажуха. Шылі бурнос з шэрага ці белага валенага сукна. Аднабортны, доўгі, расыты ўнізе бурнос зашпільваўся на гузікі, меў адкладны каўнер, дзве бакавыя кішэні. Кажух – адзенне, якое шылі з аўчын жоўта-карычневага ці белага колераў. Тыпы кажухоў адпавядалі па этнаграфічнаму раянаванню тыпам світкі. Кабат – верхняе адзенне, якое шылі з цёмнага валенага сукна або футра. Шчыльны да таліі кабат аздабляўся вітым шнурам, быў кароткім, з рукавамі або без іх. У выхадныя дні мужчыны апраналі жупаны. Жупаны насілі толькі самыя заможныя сяляне. Шылі жупан пераважна з белага сукна. Крой быў двухбортным з вузкімі рукавамі і стаячым каўняром, спінка прыталеная.

Форма верхняга адзення развівалася ад прамой, халатападобнай да прыталенай, шчыльна ахопліваючай фігуру, ад суцэльных да адразных па лініі таліі з варыянтамі зборак на спінцы і падкрайнымі дэталямі, з дапамогай якіх адзенне набывала расшыраны сілуэт. Каўняры, заканчэннпі рукавоў, кішэні не мелі ўстойлівых форм. Лінія лацкана і вертыкаль барта – тыя адзнакі, якія з’яўляюцца адметнасцю добрага крою, фарміраваліся паступова. Уводзяцца дадатковыя дэталі дэкаратыўнага і функцыянальнага прызначэння – хлясцікі на спіне, з дапамогай якіх убіраўся ў складкі залішні аб’ём, башлыкі, якія ўшываліся ў гарлавіну не наглуха, а мацаваліся да яе на петлях.

Галаўныя ўборы падзяляліся на жаночыя і дзявочыя. Жанчыны пакрывалі галаву поўнасцю, закрываючы валасы. Дзяўчына магла паяўляцца на людзях з непакрытай галавой і незаплеценымі ў косы валасамі. Намітка – доўгае (3-6 метраў) і шырокае (да 70 см.) кужэльнае тонкае палатно. Яно завязвалася і ўкладвалася на галаву так, што ўтварала складаную форму з мяккімі драпіроўкамі вакол твар і спадаючым на спіну канцом. Хустка – кавалак тканіны квадратнай формы, які драпіраваўся на галаве. Спосабы завязвання – пад падбародкам, завязванне з падтыканнем канцоў ззаду. Хусткі рабіліся з шоўку, атласу, кашміру. Хусткай маглі пакрываць не толькі галаву, але і плечы. Скіндачка – ручнік меншых памераў (да 1 м. удаўжыню, да 30 см. ушырыню). Ён складваўся ўдвая і завязваўся ззаду вузлом. Налобная частка скнідачкі ўпрыгожвалася вышыўкай. Вянкі – галаўныя ўборы вышынёй 10-15 см. тыпу абруча на цвёрдай аснове з бяросты ў выглядзе цыліндру. Аснова абцягвалася тканінай. Звонку вянкі ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі, фарбаваным пер’ем, шклянымі пацеркамі. Ззаду начэпліваліся рознакаляровыя стужкі, якія спадалі на спіну.

У ХІХ ст. на Беларусі таксама быў распаўсюджаны складаны жаночы галаўны ўбор. Першая яго частка называлася тканкай. Тканка – гэа цвёрды абруч з жгута ляняной кудзелі. На тканку закручвалі незаплеценыя валасы і яна апраналася пад чапец (каптур). Шылі чапец з цэльнага кавалка тканіны, у якім недалёка ад края рабіўся разрэз. Пры сшыванні большая частка чапца збіралася ў зборку, дзякуючы чаму ўтваралася акругленне для галавы. Чапец звычайна зацягваўся вакол галавы з дапамогай тонкай стужкі, якая ўшывалася ззаду і зацыягвалася на патыліцы. У чапцы жанчына хадзіла дома, а пры выхадзе ў людзі чапец пакрываўся наміткай.

Сярод мужчынскіх галаўных убораў, распаўсюджаных на Беларусі, былі аблавухі, магеркі, картузы. Магерка – галаўны мужчынскі ўбор, валены з сукна вышынёй 15-20 см., які насіўся круглы год. Магерка мела розны колер – чорны, шэры, карычневы, белы колер натуральнай воўны. Форму гэтаму галаўному ўбору надавалі на калодцы. Магерка мела аколышак. На ўсходзе Беларусі пераважалі магеркі з высокім аколышкам, амаль роўным вышыні верху (двайная магерка). Аблавуху рабілі з аўчыны або футра і пацягвалі зверху цёмным сукном. Да асновы аблавухі прышывалі 4 крылы-вушы, пярэдняе і задняе паднімалі і завязвалі зверху, бакавыя апускалі ці падвязвалі пад падбародкам. Летнім галаўным уборам былі саламяныя капелюшы з рознымі па шырыні палямі. У 19 ст. атрымаў распаўсюджанне картуз з фабрычнай тканіны і з казырком.

Абутак сялян ХІХ – пач. ХХ ст. – гэта пераважна плеценыя ці скураныя вырабы. Асноўны від плеценага абутка – лапці. Іх плялі з лыка, пянькі ці лазовай кары. Лыка для лапцей дралі ў маі-чэрвені. Лыкавыя скруткі вешалі ў клеці. Перад выкарыстаннем скруткі лыка размочвалі ў цёплай вадзе. У залежнасці ад тэхніі вырабу вылучаліся два тыпы лапцей: прамога і касога пляцення. Лапці прамога пляцення падзяляліся на некалькі тыпаў: 1) кавярзні (глыбокі, закрыты насок і запятак); 2) шчарбакі (неглыбокія лапці, амаль адна падэшва); 3) зрачыя лапці (насок пасярэдзіне верху быў адкрыты – “вока”). Лапці прамога пляцення пачыналі плясці з наска. Падэшву лапцей для моцнасці падпляталі лыкам, зрэдку – скурай. Лапці касога пляцення – пахлапні – былі характэрны для ўсходняй Беларусі. Яны мелі глыбокія круглыя насы, высокія бакі і запяткі. Выраб лапцей быў мужчынскім заняткам. Таксама ў ХІХ ст. шырока ўжываліся пасталы – скураныя лапці. Шылі іх са свіной скуры. Цэльны кавалак скуры сабіралі вакол нагі на рамень, прасунуты ў проразі.

Багатыя сяляне насілі скураныя сапагі – боты (чобаты). Боты мелі нізкія шырокія каблукі, якія прыбіваліся шырокашляпнымі металічнымі цвікамі. Найбольш распаўсюджанымі сярод ботаў былі асташы – прасторныя сапагі, куды зімой навёртывалі шмат ануч, а летам свабодныя месцы запаўнялі саламянай падсцілкай. Боты шыліся на доўгі тэрмін і надзяваліся толькі на вялікія святы. Жаночы скураны абутак – чаравікі. Жаночыя чаравікі шылі з невысокімі халяўкамі, на сярэднім або нізкім абцасе. Шнуроўка магла размяшчацца спераду або з бакоў. Чаравікі шнураваліся вузкімі раменьчыкамі, вяровачкамі, зашпільваліся на гузікі. У канцы 19 ст. жанчыны сталі насіць таксама паўсапожкі. Паўсапожкі мелі спераду разрэз, які сцягваўся шнуркамі або тонкімі рамнямі. Шылі такія башмакі з мяккай скуры. Найлепшымі лічыліся “казловенькія” паўсапожкі. Зрэдку беларускія сяляне насілі дзеравяннікі – абутак, выдаўблены з цэльнага кавалка дрэва.

3. Асартымент традыцыйных страў беларусаў быў даволі шырокім. Першай паўсядзённай ежай быў хлеб. Звычайным на сялянскім стале быў хлеб з ачышчанага і правеянага жыта – “пірог” ці “чысцяк”. Яго бралі з сабой у дарогу, падносілі як дар дарагім гасцям. На святы выпякалі пшанічныя ці грэчневыя пірагі з начынкай (вантробай, кашай, макам, тварагом, грыбамі, яйкамі). Часам жытнюю муку змешвалі з аўсянай, ячнай, пшанічнай ці гарохавай мукой. Выпечаны з двух відаў мукі хлеб называўся паловым. Вясной многія сяляне ўжывалі і так званы мякінны хлеб. Мякіну прапускалі праз жорны разам са збожжам. Пра такі хлеб казалі: “Па ім калі чорт прабяжыць, дык нагу заскабіць”. У “галодныя” гады ў хлеб акрамя мякіны дабаўлялі лебяду, лісце ліпы, папараці, балотнага бабоўніку, кветкі канюшыны. Цеста рашчынялі на цёплай вадзе ў хлебнай пасудзіне – дзяжы, на дне якой пакідалі рошчыну – рэшткі кіслага цеста ад папярэдняй выпечкі. Хлеб выпякалі ў хатніх печах на чыста вымеценым подзе. Часам под бохан сцялілі капусны, дубовы, кляновы лісты. Хлеб пяклі 1-2 разы ў тыдзень. Звычайна за адзін раз выпякалі 5-8 боханаў акруглай ці прадаўгаватай формы. Таксама з хлебнага цеста рабілі сочні, лапуны, ляпні, якія ўяўлялі сабой перапечку з прыпёкай – запечаным слоем тварагу або мятай бульбы са смятанай, маслам, салам, яйкамі. З прэснага цеста выпякалі прысмакі – пернікі, пячэнне, крэндзелі, абаранкі, хрусты. Бліны і аладкі выпякаліся як з квашанага, так і прэснага цеста. Цеста квасілі ў спецыяльнай дзежцы – блінніцы памерам да 15 літраў. Жытнія бліны выпякалі для гасцей, грачанікі – на масленіцу, пшанічныя – на памінкі, аўсяныя – на будні. Мучныя вырабы былі шырока вядомы ў выглядзе вадкіх і паўвадкіх страў. З рознай мукі з дабаўкай яек гатавалі клёцкі, якія варылі ў падсоленай вадзе. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. клёцкі ўсё часцей гатавалі з дранай бульбы. Клёцкі падавалі і ў выглядзе вадкай малочнай стравы або падсмажвалі на сале з дабаўленнем смятаны. Не менш распаўсюджанай мучной стравай была зацірка. Муку праціралі лыжкай, падліваючы крыху вады і разбіваючы туды яйкі. Атрыманыя рваныя камячкі варылі ў кіпені. Блізкая тэхналогія адзначалася і ў прыгатаванні лапшы. Густое, скачанае ў кілбаскі цеста разразалі на кавалкі і варылі ў кіпені, потым забельвалі малаком. Шырока вядомай традыцыйнай стравай беларусаў быў кулеш, які ўяўляў паўгустую мучную масу, разведзеную на кіпені, узбітую лыжкай. З аўсянай мукі рабілі кісель. Звычайна муку залівалі з вечара цёплай вадой, гаршчок ставілі ў печ. Раніцай разбухшую масу прапускалі праз рэшата, атрымоўваючы цэжу, з якой і варылі кісель. Кісель падавалі на стол з дабаўкай алею, а на святы – са смятанкавым маслам і мядовай сытай. Вадкі аўсяны кісель з кіслым прысмакам называлі журам. Яго ўжывалі ў ежу цёплым, дадаючы масла ці смятану.

З крупяных вырабаў варта назваць у першую чаргу кашу. Найбольш распаўсюджанымі былі кашы з грэчкі, ячных і пшанічных круп. Пры гэтым ячная каша (груца) сустракалася куды часцей у паўночных шыротах, у той час як на поўдні яе часцей замянялі кашай з грэчкі і проса. Часам крупяныя кашы камбінавалі, дабаўляючы туды гарох або драную бульбу. Той ці іншы род кашы быў арыентаваны на сезон года і народны каляндар. Так, у час жніва было прынята варыць грэчку. Кашу з пшанічных круп гатавалі ў дні нараджэння і ў памінныя дні. Ячную кашу у вялікай колькасці гатавалі на каляды.

Бульба ў Беларусі была вядома ўжо ў першай палове ХVІІІ ст., хаця трывалыя пазіцыі сярод іншых культур заняла толькі ў другой палове ХІХ ст. Бульба печаная, у “мундзірах”, адвараная, пражаная, тушаная, бабка (дранка), клёцкі, бліны і аладкі, супы і поліўкі – гэта далёка не поўны пералік страў з бульбы. Відаць, найбольш распаўсюджанай з іх былі бульба адвараная (яе елі звычайна з кіслай капустай, шкваркамі, агуркамі, сыраквашай), тоўчаная, запраўленая алеем, малаком, салам, грыбамі, а таксама супы – звычайны і малочны (забеленая бульба). Да ліку ласых страў, вядомых у канцы ХІХ ст., адносіцца так званая бульбяная яешня, калі ў пюрэ-тоўчанку, запраўленую малаком і падсмятаненую, разбівалі 4-5 яек і ставілі ў печ, пакуль на пюрэ не ўтваралася румяная корка. Бульбу, парэзаную кавалкамі, дабаўлялі і ў крупнік, які нараўне з баршчом і варанай капустай быў адным з найбольш распаўсюджаных страў.

Гародніну – буракі, капусту, моркву, агуркі – ужывалі свежымі і нарыхтоўвалі празапас. Сечаную капусту квасілі ў бочках і кадзях, дадаючы моркву, рэдзьку, журавіны, кмін, часам і мяту. Разам з сечанай капустай у бочку закладвалі і цэлыя качаны. Буракі, як і іншыя карняплоды, захоўвалі ў натуральным выглядзе ў паграбах, варыўнях, падпольнях, часам іх закопвалі ў зямлю, абгарнуўшы слоем саломы. З квашанай капусты і буракоў варылі аднайменныя стравы (капусту, капуснік, буракі, боршч), вельмі часта іх змешвалі паміж сабой, дадаючы моркву, рэпу, бручку, шчаўе, грыбы, падкалочвалі мукой.

Малако і малочныя прадукты шырока выкарыстоўваліся ў традыцыйным харчаванні беларусаў. Малако ўжывалі ў натуральным выглядзе – пераважна свежым ці квашаным (сыраквашу). Гарлач з квашаным малаком, папярэдне зняўшы “вяршок” (смятану), ставілі ў пратопленую печ. У выніку атрымоўваўся адтоплены тварог, які заліты малаком або прыпраўлены смятанай, быў любімай сялянскай ежай. З тварагу атрымлівалі клінковы сыр. У хатніх умовах збівалі масла са смятаны, якую злівалі ў пасудзіну – гліняны макацёр або ў драўляную бойку – і перамешвалі (цёрлі, білі) з дапамогай калатоўкі.

Мяса і мясныя прадукты (скароміна) ужываліся ў ежу часцей за ўсё у складзе іншых страў, з’яўляючыся адначасова іх прыправай. Асноўнае месца ў мясной ежы займала свініна, у Панямонні і Заходнім Палессі істотнае значэнне набывала бараніна. Наступныя месцы займала ялавічына і мяса хатняй птушкі. Мяса ўжывалася ў ежу вараным, некалькі радзей смажаным (“пячыста”), яшчэ радзей тушаным. Лепшае мяса (паляндвіцу) вымочвалі ў расоле, а праз тыдзень-другі сушылі, падвешваючы пра запас у каморы ці клеці. Ад свіной тушы аддзялялі два кумпякі (шынкі), якія салілі ў расоле (у ночвах або ў кубле), а затым сушылі, падвешвалі ў клеці. Кумпяк нярэдка вэндзілі, захоўваючы пра запас да лета. З дробна парэзанага мяса (фаршу), у якое дадавалі перцу, цыбулі, часнака гатавалі каўбасы. Акрамя мясных, рабілі каўбасы з вантробаў (пячоначныя, або вантрабянку) і крывяныя (крывянікі). Амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі, за выключэннем Заходняга Палесся, была вядома яшчэ адна традыцыйная мясцовая страва – верашчака (пражаніна, мачанка). Звычайна яе гатавалі са свіных рэбраў, мясной каўбасы, кавалачкаў сала, якія тушылі ў гаршчку, падкалочваючы туды жытнюю ці пшанічную муку, дадаючы цыбулі і перцу. З ног і галавы асвежаванай жывёлы варылі халадзец (халоднае, студзень, квашаніна, дрыгва, юха). Гатавалі яго з дабаўленнем цыбулі, часнаку, перцу і елі з хрэнам.

У посныя дні мясныя прадукты на сялянскім стале замяняла рыба. У прырэчных і прыазёрных раёнах яна з’яўлялася паўсядзённай стравай. Рыбу ўжывалі пераважна свежай (смажылі на патэльні, клалі ў суп, боршч, гатавалі уху, далікатэсы, фаршыравалі). Многа рыбы нарыхтоўвалі празапас, вялілі, сушылі: летам – на сонцы, зімой – у хатняй печы, салілі, складвалі ў бочкі.

Немалаважнае значэнне ў харчаванні беларусаў мелі напіткі. Адным з найбольш распаўсюджаных і старажытных напіткаў, быў хлебны квас. Звычайна для квасу выпякалі спецыяльныя боханы з густога жытняга цеста, якое вытрымлівалася ў цёплым месцы 2-3 дні. Выпечаныя боханы разломлівалі, сушылі, а затым апускалі ў бочку ці кадзь з халоднай вадой. Праз тыдзень квас быў гатовы. Нярэдка састаўнымі кампанентамі квасу былі бярозавік, мёд, яблыкі і дубовая кара. Ранняй вясной нарыхтоўвалі бярозавы і кляновы сокі, злівалі ў бочкі, ставілі ў паграбы або закопвалі ў зямлю. Сокі і напоі атрымлівалі таксама з лясных ягад, яблык, груш, рабіны. Пчаляры выраблялі мядовы квас – медавуху. Звычайна мёд разбаўлялі з вадой, дадавалі хмель, дрожжы, карані розных траў і настойвалі 6-8 сутак. На святы практыкаваўся выраб піва. Піва варылі з ячменю, вар’іруючы ў розных прапорцыях састаў кампанентаў і тэрміны вытрымкі. На Захадзе Беларусі ў пачатку ХХ ст. у якасці асноўнага кампанента замест ячменю нярэдка выкарыстоўвалі цукровыя буракі, якія сушылі, потым кідалі ў кіпень, дадаючы хмель, студзілі, дабаўлялі дрожжы, а затым залівалі ў бутэльку, шчыльна закрываючы коркам, і вытрымлівалі некалькі дзён.

4. Пануючым відам транспарту на Беларусі ў ХІХ ст. з’яўляўся гужавы: калёсны (летні) і палазны (зімні).

У гаспадарчай практыцы беларускіх сялян найбольш распаўсюджанай была чатырохколавая павозка (калёсы) з разборным або стацыянарным кузавам. Пярэдняя і задняя часткі (хады) злучаліся паміж сабой жэрдкамі, што ўтваралі перакрыццё воза. У падушкі хадоў зверху забіваліся ручкі. На ручках замацоўваліся гнуткія дужкі, што давала магчымасць заціскаць сюды бартавыя дошкі. Пры перавозцы сыпучых грузаў выкарыстоўвалі плецены кош. Да пачатку ХХ ст. рабочыя сялянскія вазы рабіліся цалкам з дрэва.

У цэнтральных і заходніх частках Беларусі найбольш распаўсюджаным тыпам вазоў была мажара. Па спосабу злучэння пярэдняга і задняга хадоў яна падзялялася на развадную і неразвадную. Пры перавозцы сыпучых грузаў бартавыя лесвіцы – драбіны – маглі здымацца, на іх месца ўстанаўліваліся шчыты з дошак або з гэтай жа мэтай на мажару ставіўся плецены кош.

Для перавозкі лесу выкарыстоўвалі безбартавыя раскаты (роспускі).

Акрамя рабочага транспарта выкарыстоўвалі выязныя павозкі – брычкі (калымагі). Яны не заўсёды мелі жаленыя восі і рэсорную раму. Уперадзе замацоўвалася папярэчына – даніна фурманскай традыцыі. Неабходнымі элементамі брычкі былі пляцоўка для седакоў у задняй частцы, бартавыя шчыткі, што замацоўваліся зверху над коламі, падножкі з двух бакоў.

З палазнога транспарта выкарыстоўвалі сані-розвальні. Яны ўяўлялі сабой два палазы, злучаныя паміж сабой на капылах гнуткімі вязамі. Для палазоў падбіралі ў лесе дрэвы, якія выкопвалі з коранем (вываратні). На капылы паверх вязоў набіваліся намаржні. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі паўзверх саней накладвалі лагожы – дзве жэрдкі, што разыходзіліся ад галовак па баках саней, абапіраючыся ў задняй частцы на папярэчыну (раздужжа).

Пры транспарціроўцы лесу выкарвстоўваліся кары. Яны адрозніваліся ад розвальняў больш простай канструкцыяй і масіўнымі палазамі. У адным выпадку палазы злучаліся па капылах вязамі, тоўстымі брускамі ці масіўнымі калодкамі-“падушкамі”.

Выязным транспартным сродкам сялян былі вазкі. Яны ўяўлялі сабой мініяцюрную канструкцыю рабочых саней з кузавам для ездакоў. Кузаў звычайна абшываўся лубам ці тонкай дошчачкай і нярэдка меў разны геаметрызаваны ўзор.

Спосабы запрэжкі і вупраж мелі на Беларусі рэгіянальна-тыпалагічныя асаблівасці. Па канструкцыйных асаблівасцях мэтазгодна вылучыць тры тыпы вупражы: хамутовую, шлейную і ярэмную. Хамутовая вупраж была распаўсюджана ў Паўночна-ўсходняй Беларусі, дзе асноўнай цяглавай сілай быў конь. У сялянскіх гаспадарках Паўднёва-заходняй Беларусі, дзе асноўнай рабочай жывёлай былі валы, рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышальнай запрэжцы. Шляя ўжывалася ў Заходнім Палессі і Панямонні.

Традыцыйныя сродкі воднага транспарту – гэта выдзеўбаныя з дрэва чоўны. Пераходным варыянтам ад выдзеўбаных да дашчатых лодак былі так званыя абшыванкі (шугалеі), асновай якіх служыў човен, абшыты па бартах сасновымі дошкамі. У канцы ХІХ ст. у паўсядзённую гаспадарчую практыку ўвайшлі дашчаныя лодкі. На Палессі ва ўмовах мелкаводдзя лодкі рабілі пласкадоннымі, на азёрах поўначы яны мелі больш глыбокую асадку. На Палессі лодкі вадзілі з дапамогай доўгага шаста, на поўначы выкарыстоўвалі вёслы.

5. Асноўным заняткам сялян было земляробства. Да канца ХІХ ст. на Беларусі склалася некалькі аграрных раёнаў з уласцівымі ім асаблівасцямі спецыялізацыі, структурай пасяўных плошчаў, узроўнем агратэхнікі, працоўнымі традыцыямі.

Найбольш асвоенай пад земляробства была сярэдняя паласа Беларусі. Ворыўная зямля тут складала да палавіны ўсх сельскагаспадарчых угоддзяў. У сістэме севазваротаў панавала трохполле. Мясцовыя жыхары атрымлівалі параўнаўча высокія ўраджаі збожжавых: сам-4, сам-5. Менш спрыяльнымі для земляробства былі ўмовы ў паўночнай і паўднёвай частках Беларусі. Дзярнова-падзолістыя, часта завалуненыя глебы, мноства марэнных узвышшаў, кароткі вегетацыйны перыяд звужалі магчымісці хлебаробства на поўначы рэгіёна. Побач са збожжавымі ў структуры пасеваў тут важную ролю адыгрываў лён, шырока прымяняліся травапольныя севазвароты.

На Палессі пад ворыва асвойваліся невялікія ўчасткі, што ў выглядзе шматлікіх астраўкоў былі раскіданы сярод балот і лясоў. Вясной мясцовыя жыхары перапраўляліся на чоўнах з аднаго вострава на другі, ставілі там курані, што служылі ім часовым жыллём, апрацоўвалі і засявалі адзін участак за другім. На поўначы і на поўдні Беларусі значныя землі пакідаліся пад аблогу.

Земяробчая тэхніка беларусаў была разнастайная. Важнейшай прыладай працы была саха. У паўднёва-заходняй частцы Беларусі была распаўсюджана палеская саха, якая складалася з корпуса (рагач), зробленага са ствала дрэва, выкапанага з коранем, і рабочай часткі (расоха). Два карнявыя адросткі рагача ўтваралі ручкі, другі яго канец – доўгі дышаль. Расоха мацавалася да рагача знізу ў адтуліне пад пэўным вуглом, ад якога задлежала глыбіня ворыва. Адметнай рысай палескай сахі была яе асімітрычнасць: розная форма і пастаноўка сашнікоў і адвальных дошак (паліцы). У рабочым стане левы перавідны сашнік (нарог) падразаў пласт зямлі збоку, а правы (ральнік) падразаў яго знізу, адвальваючы пры дапамозе паліц на правы бок. Дзве паліцы розных памераў падбіваліся адпаведна пад сашнікі: левая, больш кароткая, была пастаўлена больш крута параўнаўча з правай. Такая канструкцыя давала магчымасць акуратна пераварочваць ворыўны пласт і роўна араць па ўсяму полю.

У Панямонні ўжывалася больш лёгкая за палескую саха з дзвюма паліцамі і аднолькавымі сашнікамі.

У Падзвінні ўжывалася саха віцебскага тыпу з перакладной паліцай для аднаконнай запрэжкі. Яе рабочая частка (плаха) заціскалася паміж папярэчных брускоў, да якіх мацаваліся аглоблі. Паліцу можна было перакладваць з аднаго сашніка на другі і адварочваць ворны пласт направа ці налева, што павышала манеўранасць сахі. Разам з тым саха арала на невялікую глыбіню, хутчэй адхінала, а не пераварочвала ворыўны пласт.

На тэрыторыі Падняпроўя выкарыстоўвалася саха з больш доўгай і стацыянарнай паліцай, замацаванай пад левы сашнік. Такая канструкцыя рабочай часткі давала магчымасць больш грунтоўнай апрацоўкі поля.

Пасля адмены прыгоннага права сохі пачалі хутка выціскацца плугамі. Звычайна выкарыстоўвалі аднаконныя плугі, дзе лемех і паліца былі жалезнымі, а дышла і ручкі – драўлянымі. Таксама пры апрацоўкі зямлі выкарыстоўвалі разак. Калі распахвалі цалінныя землі, спачатку ішлі з разаком, рэжучы пласты зямлі на прамыя палосы, а ўжо потым выкарыстоўвалі саху ці плуг. Паралельна з двухлемехавай сахой беларусы прымянялі адназубае рала, якое ў ХІХ ст. выкарыстоўвалі для акучвання бульбы.

Традыцыйнымі прыладамі рыхлення глебы з’яўляліся бароны. У ХІХ ст. зрэдку выкарыстоўвалі барану-сукаватку. Яе рабілі з вершаліны елкі, сукі якой адсякаліся на адлегласці 40-60 см. ад ствала. За больш тонкі канец мацавалі пастронкі, у якія запрагалі каня ці вала. Больш сучасная барана-сукаватка (смык) рабілася з некалькіх расколатых яловых ствалоў. Найбольш распаўсюджанай у ХІХ ст. была так званая плеценая або вязаная барана, якую рабілі з дубовых прутоў з заціснутымі паміж імі дубовымі зубамі. Колькасць зубоў вар’іравалася ад 16 да 25.

Зацвярдзелыя камы якія не падпарадкоўваліся скараджэнню, разбівалі спецыяльна прыстасаваны для гэтага драўляным малатком (кука).

Асноўныя традыцыйныя прылады ўборкі ўраджаю – сярпы, косы, вілы, граблі, цапы, нягледзячы на агульнаеўрапейскія рысы, мелі мноства лакальных варыянтаў. Так, сярпы адрозніваліся вуглом загібу, цапы вар’ірваліся ў залежнасці ад памераў біла.

Акрамя земляробства важнымі заняткамі беларускага сялянства былі садоўніцтва (яблыні, вішні, слівы), агародніцтва (гуркі, морква, цыбуля, бульба, буракі, капуста, рэпа) жывёлагадоўля (коні, каровы, свінні, авечкі, козы, птушка).

Жывёлу выкарыстоўвалі як цяглавую сілу, сродак перамяшчэння, расцілі на мяса і воўну. З вясны да позняй восені свойская жывёла знаходзілася на падножным корме. Рагаты скот зімой кармілі выключна саломай з дабаўкай сена, коней – сенам з дабаўкай саломы і аўса, свіней – мякінай з дабаўленем бульбы і мукі.

Рамёствы і промыслы – важнейшыя пасля земляробства і жывёлагадоўлі заняткі сялян.

Хатнія рамёствы – вытворчасць прамысловых вырабаў для ўласных патрэб уручную з выкарыстаннем механічных прылад і інструментаў. Паводле зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя рамёствы – дрэваапрацоўчыя, металаапрацоўчыя, гарбарна-футравыя, харчовыя, апрацоўка мінеральнай і валакністай сырвіны, выраб адзення.

У ХІХ – пачатку ХХ ст. амаль кожны сялянскі двор выступаў як самастойны вытворчы калектыў з шырокім дыяпазонам гаспадарчай дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы – жыллё, харчовыя прыпасы, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, сельскагаспадарчыя прылады і транспартныя сродкі – усё выраблялася на месцы сваімі рукамі.

Сельскія майстры нярэдка задавальнялі патрэбы аднавяскоўцаў у розных рамесных вырабах па прынцыпу эквівалентнага натуральнага абмену ці “за дзякуй”. Пераважная большасць хатніх рамёстваў засноўвалася на мужчынскай працы. Жаночая праца пераважала ў апрацоўцы льну, пянькі і воўны, ткацтве і вышыўцы, кулінарнай справе. Жанчыны і дзеці дапамагалі і ў сямейным падрадзе пры вырабы ганчарнага посуду, апрацоўцы скур і аўчыны, пляценні рыбацкіх сетак. Арганічна звязаныя з земляробствам і жывёлагадоўляй рамёствы беларусаў былі зарыентаваны на асенне-зімовы сезон, свабодны ад сельскагаспадарчых работ.

Здабыванне гатовых прыродных рэсурсаў складае першасную форму прамысловых заняткаў і вылучаецца ў асобную групу здабыўных промыслаў – збіральніцтва, рыбалоўства, паляванне, бортніцтва.

Сярод розных відаў збіральніцтва для жыхароў Беларусі былі ўласцівы збіранне траў і карняплодаў, ягад і пладоў дзікарослых дрэў, грыбоў, мёду дзікіх пчол, здабыванне раслінных сокаў. Травяністыя расліны (лісце шчаўя, крапівы, лебяды) збіралі да іх цвіцення, складвалі ў фаскі, перасыпалі соллю, квасілі. З іх гатавалі варыва. Хмель сушылі і захоўвалі ў клецях. З іван-чаю, чабару, зверабою, ліпы рыхтавалі адвары. Мноства лекавых раслін сушылі. Значную колькасць лясных ягад (суніцы, чарніцы, брусніцы, дурніцы, маліна, парэчкі) нарыхтоўвалі ў запас – парылі ў гаршках, рабілі сокі, захоўвалі замарожанымі. Грушы і яблыкі сушылі ў печах, закладвалі ў сена, дзе яны захоўваліся на працягу ўсёй зімы. Пры збіранні грыбоў перавагу аддавалі баравікам, падасінавікам, збіралі таксама абабкі, махавікі, казлякі, лісічкі, рыжыкі, ваўнянкі.

Асноўнымі прынадамі рыбаловаў былі невады, сеткі, кручковыя снасці, ударныя прылады. Група невадаў аб’ядноўвае зімовыя невады, падвалокі (летнія невады), мутнікі (донныя невады), брэдні. Усе яны ўяўляюць сабой сеткавую сцяну з адкрытым сеткавым мяшком пасярэдзіне. Рыба, трапіўшы ў іх, быццам адцэджваецца ад вады. Блізкія да іх паводле прынцыпу лоўлі, але без сеткавага мяшка крыгі. Сярод сетак найбольш пашыраны адна- і трохсценныя (трыгубіцы). Рыба заблытвалася ў вочках сеткі. Рыбу, якая імкнулася да свежай вады з-за недахопу кіслароду ў замёрзлым вадаёме, лавілі ў палонках з дапамогай каробак (кошаў). Пры лоўлі кручковымі снасцямі рыбу прынаджвалі чарвяком, лічынкамі, хлебам, гарохам. З кручковых снасцей найбольш пашыраны былі паплаўковыя і донныя вуды, перамёты (шнур ад 10 да 30 м., па ўсёй даўжыні якога прывязваюцца павадкі з кручкамі).

Пры паляванні у ХІХ ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: ручніцамі губчастымі (звярынымі і птушынымі), ручніцамі крамянёвымі (крамзелямі), аднаствольнымі і двухствольнымі дубальтоўкамі. У пачатку ХХ ст. ужывалі бярданку з зарадамі патроннага тыпу.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]