Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
НОВЫЕ правила.doc
Скачиваний:
39
Добавлен:
08.11.2018
Размер:
884.22 Кб
Скачать

§ 52. Коска пры зваротку

1. Коскамі выдзяляюцца звароткі ў пачатку, у сярэдзіне і канцы сказа разам са словамі, якія адносяцца да іх.

Напрыклад:

Сонца, умыйся расою на світальнай зары (А. Бялевіч).

Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!.. (Я. Купала).

Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваім (М. Танк).

Дык уздымі свой голас-звон з глыбінь душы, пясняр свабоды (К. Буйло).

Відаць, па сур'ёзных справах да нас, Надзя? (М. Лынькоў).

2. Калі зваротак раздзяляецца на часткі іншымі словамі, то кожная з іх выдзяляецца коскамі.

Напрыклад:

Ой ты, мая рыбка, спі, залатая!

3. Калі паміж звароткамі-паўторамі ёсць займеннік ты або вы, то ён адносіцца да першага зваротка і коска ставіцца пасля займенніка.

Напрыклад:

Лета ты, лета прыгожа-квяцістае, колькі ты ўносіш аздобы з сабой! (Я. Купала).

Бярозы вы, бярозы, чаму не шуміце? (У. Хадыка).

Ой, хлопцы вы, хлопцы! (Т. Хадкевіч).

§ 53. Коска пры выклічніках і гукаперайманнях

1. Коскамі аддзяляюцца выклічнікі, калі яны не маюць падкрэсленай клічнай інтанацыі і знаходзяцца ў пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказа.

Напрыклад:

Ах, дружа-клён! Ну як яго не ўспомніць?.. (П. Трус).

Мілая! О, колькі радасці даеш майму ты сэрцу маладому! (Я. Купала).

Ох, нашто ж ты, ночка, так прыгожа-міла? (Я. Колас).

Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! (Я. Колас).

Эй, дзяцюк малады, не тужы, не глядзі ты скрозь слёзы на свет... (Я. Купала).

2. Не аддзяляюцца коскамі выклічнікі перад асабовымі займеннікамі.

Напрыклад:

Ой ты, ночка, чарнявая ноч, агарні цеплынёю мяне... (П. Панчанка).

Эх ты, –- кажа яна, лепш вось дахаты ідзі, а то будзе табе ад маці (Я. Брыль).

3. Не з'яўляецца выклічнікам і не аддзяляецца коскай часціца о пры зваротку, адмоўі, сцвярджэнні.

Напрыклад:

Я не для вас, паны, о не, у час вольны песенькі складаю... (Я. Купала).

О так, так, планы маюць выключную ролю ва ўсякай справе (М. Лынькоў).

4. Не выдзяляюцца коскамі ўзмацняльныя часціцы, аднолькавыя па гукавым складзе з выклічнікамі.

Напрыклад:

Міколу ж аднаму ай-ёй як цяжка (Я. Брыль).

Я яшчэ ого які дужы! (І. Шамякін).

5. Коскамі раздзяляюцца выклічнікі або гукаперайманні, калі яны знаходзяцца ў сярэдзіне або ў канцы сказа ці паўтараюцца.

Напрыклад:

Раздолле ў лузе, эх, раздолле! (Я. Колас).

Шкада, ай, як шкада Іліко (Э. Самуйлёнак).

Які гэта быў чалавек, ого! (І. Гурскі).

Колькі ў лесе грыбоў, ай-яй-яй! (З. Бядуля).

Ну, ну, пашавельвайся, – падганяў ён Алеся (К. Крапіва).

Толькі ў другой палавіне, дзе спяць гаспадыня і яе дачка-вучаніца, размашыста і глуха стукаюць ходзікі: як-так, як-так... (І. Шамякін).

«Др-р-р, др-р-р, др-р-р», – пракрычаў паблізу дзяркач... (Т. Хадкевіч).

§ 54. Коска пасля сцвярджальных, адмоўных і пытальных слоў і перад імі

1. Коскай выдзяляюцца сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў пачатку сказа, калі яны цесна звязаны са сказам, які раскрывае, канкрэтызуе іх сэнс: так, але, ага, ну, што ж, як жа, не, што, як і інш.

Напрыклад:

Не, ты проста скажы, прыедзеш ці не? (Э. Самуйлёнак).

Што, грыбоў яшчэ няма? (Я. Колас).

Калі пры такіх словах стаяць узмацняльныя часціцы, то коскай яны аддзяляюцца разам.

Напрыклад:

Ой не, пакідаць таварыша ў бядзе нельга (Я. Маўр).

2. Калі сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы паўтараюцца, то яны аддзяляюцца коскамі адно ад аднаго.

Напрыклад:

Так, так, пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носіць (Я. Купала).

Але, але, яго маці і мне паказвала ліст, у якім ён піша, што няйначай мусіць прыехаць на свята (Ц. Гартны).

Не, не, – адагнаў ад сябе змрочныя думкі Іван (Б. Сачанка).

3. Сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў сярэдзіне сказа выдзяляюцца коскамі з абодвух бакоў.

Напрыклад:

Не загасне, не, ніколі светач праўды на зямлі (М. Машара).

Работа, што ж, у лес не пабяжыць (Ц. Гартны).

4. У канцы сказа перад сцвярджальнымі, адмоўнымі і пытальнымі словамі ставіцца коска, а пасля – знак прыпынку ў адпаведнасці з агульнымі правіламі.

Напрыклад:

Я цяжкасцей не баюся, не! (І. Грамовіч).

Цяпер ты пойдзеш спаць, так? (І. Мележ).