Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова частка 1.doc
Скачиваний:
75
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
6.6 Mб
Скачать

Вацлаў ластоўскі

Беларускі гісторык, мовазнавец, пісьменнік, публіцыст, літаратуразнавец, выдавец, грамадска-палітычны дзеяч Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі нарадзіўся 1 лістапада 1883 г. ў засценку Калеснікі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласці) у сям'і дробных арандатараў-земляробаў. Скончыў Пагосцкую пачатковую школу, вучыўся ў Дзісенскім павятовым вучылішчы, слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце. 3 1902 г. займаўся палітычнай і грамадска-культурнай дзейнасцю. У 1909 – 14 гг. сакратар газеты «Наша ніва», у 1916 – 17 гг. рэдактар газеты «Гоман», з 1918 г. сакратар Беларускага навуковага таварыства. 3 14.12.1919 г. Старшыня Рады Народных Міністраў ВНР. У 1920 г. эмігрыраваў з урадам ВНР у Коўна, у 1923 г. адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. 3 1923 да 1927 года выдаваў літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч». Па запрашэнні Інбелкульта прыняў удзел у працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Тады ж атрымаў ад кіраўнікоў БССР прапанову пераехаць у Мінск. 3 1927 г. дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея, неадменны сакратар Інбелкульта. 26.12.1928 г. В. Ластоўскі быў зацверджаны правадзейным чле­нам Беларускай акадэміі навук. Удзельнічаў у працы Правапіснай камісіі Інстытута мовазнаўства. Увесну 1930 г. па сфабрыкаваным абвінавачанні арыштаваны, 6.12.1930 г. пазбаўлены звання акадэміка, а ў 1931 г. высланы ў г. Саратаў. Працаваў ва універсітэцкай бібліятэцы загадчыкам аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў. У 1937 г. зноў арыштаваны і 23.1.1938 г. засуджаны на смерць Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Часткова рэабілітаваны ў 1958 г., цалкам – у 1988 г., 17.5.1990 г. адноўлены ў званні акадэміка.

Сталенне В. Ластоўскага як даследчыкамовы прыпала на часы ўздыму беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку 20 ст. Ен быў адным з ідэолагаў нацыянальнага рамантызму – ідэйнай плыні беларускага адраджэння, якая выразна выявілася ў мастацкай і навуковай творчасці Я. Купалы, М. Багдановіча, 3. Бядулі, У. Жылкі. В. Ластоўскі пачаў друкавацца з 1909 г. у «Нашай ніве», дзе змяшчаў мастацкія творы і навукова-папулярныя артыкулы па этнаграфіі, гісторыі, фалькларыстыцы. Першая навуковая манаграфія даследчыка – «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910) – мае раздзелы, прысвечаныя гісторыі пісьменства. У артыкулах закранаў праблемы паходжання беларускай мовы, яе самабытнасці, гістарычнага абшару. Дзеля забеспячэння беларускіх школ неабходнай літаратурай В. Ластоўскі ўклаў некалькі чытанак і падручнікаў. Чытанкі маюць апарат спасылак – тлумачэнняў лексікі. Намаганнямі В. Ластоўскага ў Коўне выйшлі перакладзеныя з рускай мовы падручнікі па астраноміі, біялогіі, анатоміі, батаніцы, сусветнай гісторыі, рыхтаваліся арыгінальныя рукапісы дапаможнікаў па трыганаметрыі, геаметрыі, хіміі, мінералогіі. Іх рэдагаванне вымагала распрацоўкі тэрміналогіі з розных галін ведаў, і В. Ластоўскі заняўся ўкладаннем тэрміналагічных спісаў. Асаблівасці тэрміналогіі – перавага ўласнабеларусіх тэрмінаў над інтэрнацыяналізмамі ды іншымі запазычаннямі, пазбяганне супадзенняў з рускімі і польскімі адпаведнікамі, выкарыстанне сінанімікі.

Даследуючы этнагенез беларусаў на матэрыяле мовы, анамастыкі, духоўнай і матэрыяльнай культуры, вучоны прыйшоў да высновы пра неабходнасць укаранення першаснай саманазвы беларусаў крывічы. Ужыванне імёнаў Беларусь, Белая Русь у дачыненні да нашай зямлі лічыў пазнейшымі, прынесенымі звонку. Тэрміны ж Літва, ліцвіны абазначалі, на думку Ластоўскага, дзяржаўна-палітычную прыналежнасць.

Грунтоўна займаўся В. Ластоўскі моўна-стылістычным аналізам фальклорнага тэксту, супастаўляльна-тыпалагічным вывучэннем культуры і мовы, даследаваў індаеўрапейскія асновы беларусістыкі.

Плёнам шматгадовай працы ў галіне беларускай лексікалогіі, тэрміналогіі, анамастыкі стаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924; факсімільнае перавыд., Мінск, 1991; каля 17 тыс. слоўнікавых артыкулаў). Беларускую частку слоўніка склалі матэрыялы, якія Ластоўскі пачаў збіраць яшчэ ў 1902 г., запісваючы «цікавыя» словы, пачутыя ў народзе або знойдзеныя ў кнігах. Слоўнік спалучае рысы перакладнога, тлумачальнага, сінанімічнага, часткова этымалагічнага і энцыклапедычнага слоўнікаў. Значэнне слова ілюструецца прыкладамі з дыялектаў або фальклору. Найважнейшая асаблівасць слоўніка – вялікая колькасць наватвораў, якія Ластоўскі ўводзіў тады, калі пошукі ўласнабеларускай лексікі ў дыялектах і помніках пісьменства не давалі выніку (напрыклад: гудзьбіт «музыкант», кудар «чародей», хваласьпеў «гимн»). Слоўнік Ластоўскага мае выразны індывідуальна-творчы характар і не прэтэндуе на нарматыўнасць.

(Паводле В. Вячоркі, С. Шупа)