Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМКД Беларуская мова (Культура маўлення).docx
Скачиваний:
674
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
1.32 Mб
Скачать

70. Перакладзіце наступныя словы і словазлучэнні на беларускую мову. У чым спецыфіка ўжывання пабочных канструкцый у навуковым стылі?

Например, другими словами, если можно так сказать, по существу, одним словом, бесспорно, во-первых, как известно, таким образом, с одной стороны, представьте себе, несомненно, очевидно, возможно, на самом деле, признаться, между прочим, по-моему, на наш взгляд.

71. Напішыце анатацыю на падручнік па спецыяльнасці і на Вашу ўлюбёную кнігу.

72. Прачытайце тэкст. Вызначыце яго стыль. Назавіце моўныя сродкі, уласцівыя для данага стылю.

Ужыванне асобных канструкцый: На Беларусі ці ў Беларусі?

27 кастрычніка 2000 г. у Гродзенскім універсітэце праводзілася рэспубліканская навукова-метадычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы выкладання мовы і літаратуры ў сярэдняй і вышэйшай школе». У перапынку паміж пасяджэннямі да аўтара гэтых радкоў падышлі тры былыя нашы выпускніцы, настаўніцы Гродзенскай вобласці. Была нядоўгая размова на розныя надзённыя тэмы. Закраналіся і метадычныя ды навуковыя пытанні.

Адна з настаўніц, трымаючы ў руках штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» (2000. 14 крас.), сказала: «Не так даўно я чытала ў «Родным слове», што трэба ўжываць на Беларусі, а не ў Беларусі. Раз часопіс рэкамендуе пісаць на ў згаданай канструкцыі, мы павінны данесці гэта да вучняў, укараняць у школьную практыку. А вось у гэтым «ЛіМе» я падкрэсліла адно спалучэнне на Беларусі і аж чатыры — у Беларусі. Што гэта — памылкі? Дык як нам, выкладчыкам беларускай мовы, быць у такім разе?»

Гаворка ідзе пра артыкул П.Сцяцко «На Беларусі ці ў Беларусі?», змешчаны ў «Родным слове» [75, с. 92-94]. Тут аўтар, карыстаючыся прывычным банальным прыёмам супастаўлення таго,як падаюць пэўнае слова, выраз ці канструкцыю ў ТСБМ і РБС-53, а часам і ў яшчэ даўнейшых даведніках, робіць выснову, што «словаспалучэнне на Беларусі — натуральная, заканамерная адмысловая сінтаксічная канструкцыя ў беларускай мове» і што яе «шырока выкарыстоўвае сучасны нацыянальны друк». Як пацвярджэнне прыводзяцца тры прыклады з перыёдыкі на спалучэнне на Беларусі (аўтары — Т.Грыб, Э.Зайкоўскі, С.Законнікаў). Дадаецца, што «выкарыстоўвалі гэтую канструкцыю і класікі беларускай літаратуры, да прыкладу, чытаем у Янкі Купалы: Да сягоння жыве памяць / Аб злым гэтым дусе / На ўсёй чыста Украіне / І на Беларусі.

Тут адразу напрошваецца некалькі контраргументаў. Па-першае, у Купалавай страфе нельга ўжыць у Беларусі, бо гэта парушыла б рытмамеладычны лад і паралелізм пабудовы апошніх двух радкоў. Дарэчы, паэт шырока скарыстоўваў абедзве канструкцыі. Вось прыклады (скарочаныя) з кнігі «Жыве Беларусь» (1993): «у гэтым краі, у Беларусі»; «кожнае лета праводзіць у Беларусі»; «Мураўёў гаспадарыў у Беларусі»; «адбываў вайсковую павіннасць у Беларусі»; «праз два гады на Беларусі»; «будзе на Беларусі не такое свята»; «дык жа ўцям: на Беларусі жывуць беларусы».

Па-другое, «сучасны нацыянальны друк» (і ранейшы) выкарыстоўвае і на Беларусі, і ў Беларусі. Апошняе спалучэнне, хутчэй за ўсё, больш частотнае. Так, у сталай калонцы «Кола дзён» газеты «ЛіМ» (2000. 15 мая) тройчы ўжыта ў Беларусі: «Цяпер мяркуйце самі, каму ў Беларусі жыць добра»; «На сённяшні дзень у Беларусі...»; «І ўсё ж у Беларусі...». Некалькі прыкладаў на гэта ж спалучэнне з твораў аўтарытэтных аўтараў: «У Беларусі прафесійным літаратарам ёсць Васіль Быкаў. Быў прафесіяналам і Уладзімір Караткевіч» (Р.Барадулін); «У Беларусі таксама ёсць, вядома ж, і таленавітыя, і добра падрыхтаваныя прадстаўнікі гэтай катэгорыі літаратараў...» (Я.Брыль); «Іван... і на фронце ў Беларусі ўспамінае свае «далёкія сенажаці, роднае поле...» (Дз.Бугаёў); «Толькі ў Беларусі за час яжоўска-берыеўскіх рэпрэсій 30-х гадоў знішчана каля двух мільёнаў чалавек» (В.Быкаў); «У адроджанай эканамічна Беларусі, — пісаў Г.Гарэцкі, — закрасуюць мастацтва, навука, закрасуе беларуская мова» (А.Вярцінскі); «Па-дурному зразуметы ў нас , у Беларусі, «інтэрнацыяналізм» дагэтуль не дае цвяроза паглядзець на рэальны стан рэчаў у сферы міжнародных адносін»(Н.Гілевіч); «Я раздумваў над тым, якім павінен быць рускі буквар у Беларусі. Не той усесаюзны рускі буквар, якім карысталіся ў Беларусі і ў якім, зразумела, нічога не было пра Беларусь» (А.Клышка); «У Беларусі ёсць два паэты: Якуб Колас і Янка Купала — вельмі цікавыя хлопцы...» — пісаў Аляксей Максімавіч Горкі» (К.Крапіва); «Мала ў Беларусі разумных гісторыкаў, якія любяць і ведаюць родную гісторыю» (П.Панчанка); «У Беларусі пачала ажыццяўляцца палітыка, якая атрымала назву «беларусізацыя» (В.Рагойша); «У Беларусі — натуральна — амаль беспраблемна сапхнулі нацыянальную культуру на абочыну грамадскае анахранічнасці» (С.Яновіч).Можна працягваць і працягваць аналагічныя прыклады з твораў гэтых самых і шмат якіх іншых аўтараў. Міжволі задумваешся: няўжо ж, апрача аднаго чалавека, уся рота крочыць не ў нагу? Ці, як казаў адзін персанаж з п’есы М.Матукоўскага «Апошняя інстанцыя»: «Памыліліся ўсе пяцьсот? Толькі адзін разумнік, прарок знайшоўся! Ён ва ўсім разабраўся, усё лепш за ўсіх зразумеў!..» Ды, зрэшты, і П.Сцяцко хоць і павучае нас ужываць толькі «заканамерную адмысловую сінтаксічную канструкцыю» на Беларусі, а сам (відаць, схібіўшы) піша: «[Мова] набыла ў Беларусі статус дзяржаўнасці»; «На жаль, акадэмічныя слоўнікі, нават перавыдадзеныя ў незалежнай Беларусі, слаба ўлічваюць моўныя рэаліі» (Полымя.2000. № 3. С. 290).

Па-трэцяе, праблема функцыянавання шматлікіх прыназоўнікава-склонавых канструкцый з прасторавым значэннем дэталёва і на вялікім фактычным матэрыяле даследавана прафесарам М.С.Яўневічам у ягонай манаграфіі «Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1977). Ёсць у гэтай кнізе і апісанне спалучэнняў у Беларусі і на Беларусі. Яны слушна квалі-фікуюцца як сінанімічныя, узаемазамяняльныя: «Сэнсавыя адрозненні паміж імі настолькі нязначныя, што пры выбары канструкцыі з у ці на яны амаль не ўлічваюцца. Аднак пры выкарыстанні гэтых спалучэнняў варта мець на ўвазе, што прыназоўнікава-склонавая форма на Беларусі паводле значэння блізкая да спалучэння на тэрыторыі Беларусі, а ў Беларусі — да спалучэння ў Беларускай рэспубліцы» [109, с. 234].

У вуснай народнай творчасці таксама можна напаткаць выпадкі раўнапраўнага, варыянтнага ўжывання гэтых канструкцый (напрыклад, у двухтомным зводзе прыказак і прымавак): «На Белай Русі (у Беларусі) пчолы як гусі, рэзгінамі мёд носяць».Калі прыназоўнікава-склонавая форма разрываецца залежным ад назоўніка азначэннем, то выкарыстоўваецца толькі канструкцыя ў... Беларусі, замяніць якую іншай (з прыназоўнікам на) нельга: «І словам я сцверджу ўсё, што люблю ў народзе сваім і ў сваёй Беларусі» (П.Панчанка); «Важнейшыя дакументы паміж сабой падзялілі, каб вывозіць прасцей было, — і думалі дзе-колечы ў Заходняй Беларусі затрымацца» («Маладосць»); «Мясцовае [крымскае] радыё, газеты ва ўсе званы званілі, якое добрае жыццё ў братняй Беларусі, пенсіі і заробкі выдаюцца своечасова» («Народная воля»). Са сказанага відаць, што, каб адказаць на пытанне, як ужываць: на Беларусі ці ў Беларусі, зусім недастаткова пагартаць паўтузіна слоўнікаў ды зрабіць пасля гэтага паспешлівую, скараспелую, але адназначную і катэгарычную выснову. П.Сцяцко піша, што «прыназоўнік на мае куды больш шырокае выкарыстанне ў беларускай мове параўнальна з рускай, дзе яму нярэдка адпавядае прыназоўнік в», і што «ў шэрагу выпадкаў словазлучэнні з прыназоўнікам у механічна пераносяцца з рускай мовы (канструкцыі з прыназоўнікам в)». Але дастаткова знайсці ў ТСБМ апісанне прыназоўнікаў у і на, як становіцца відавочным, што прыназоўнік у больш функцыянальна нагружаны, чым на, выражае аж 14 розных семантычных адносін (на — 11) і што яго лексікаграфічная распрацоўка займае ў слоўніку большую плошчу, чым апісанне на.

Можна, між іншым, зазначыць, што калі ж гаворка ідзе пра азвы тэрыторый тыпу «Гродзеншчына», то часцей ужываюць прыназоўнік на: на Віцебшчыне, Міншчыне, Магілёўшчыне, Случчыне. Толькі гэты прыназоўнік выкарыстоўваецца пры назвах гарыстых тэрыторый або мясцовасцей па назве ракі: на Каўказе, на Урале, будаваць на Дняпры, Волзе, Кубані, Дунаі. А што да таго, як у нашай мове склаліся паралельныя спалучэнні ў Беларусі і на Беларусі, дык тут не так усё проста, як здаецца, і гаварыць пра «механічнае перанясенне з рускай мовы» канст рукцыі ў Беларусі наўрад ці ёсць падставы.

У дачыненні да ўсіх дзяржаў свету для выражэння прасторавых адносін ужываецца пры назве краіны прыназоўнік у: у Індыі, у Польшчы, у Францыі, у Грузіі, у Літве і г.д. Выключэнне складаюць толькі Украіна і Беларусь: на Украіне, на Беларусі. Самі ўкраінцы ў дасавецкі час не гаварылі, што яны жывуць на Украіне. Ужывалі толькі: в Украпні. І Тарас Шаўчэнка ў 1847 г. пісаў: «Мені однаково, чи буду я жить в Украпні, чи ні». Або: «Сю ніч будуть в Украпні родиться близнята. Один буде, як той Гонта, катів катувати!»

Спалучэнне на Украіне, хутчэй за ўсё, узнікла ў Расіі. Пасля таго як Украіна стала часткай Расійскай імперыі, слова Украіна пачалі (з шавіністычных пазіцый) атаясамліваць з окраиной (ускраінай). Па аналогіі з на окраине стала ўжывацца на Укрбине (Украйне) — з пераносам месца націску з трэцяга на другі склад. Напрыклад, у паэме Пушкіна «Полтава» 9 разоў выкарыстана Украйна ў розных склонавых формах: Украйна глухо волновалась; И перенес войну в Украйну; Но независимой державой Украйне быть уже пора і г.д. Параўн. і ў аповесці Гогаля «Тарас Бульба»: Начались разыгрываться схватки и битвы на Украйне за унию. Хоць першае ўпамінанне назвы Украіна фіксуецца летапісцамі ў 1189 г., задоўга да ўпамінку пра Маскоўскае княства (там тады яшчэ ваўкі вылі), але на гэта не зважалі. Нават на пачатку ХХ ст. адзін з губернатараў у рапарце міністру ўнутраных спраў Расіі прапаноўваў слова Украіна «тлумачыць як «окраину» Расійскай дзяржавы з даўніх часоў» [40, с. 181]. А ў савецкі перыяд, як піша прафесар Я.Радзевіч-Вінніцкі, «ужыванне прыназоўніка «в» са словам «Украіна» кваліфікавалася як буржуазна-нацыяналістычнае» [72, с. 32].

Можна меркаваць, што прыназоўнікава-склонавая форма на Беларусі сфармавалася пад уплывам на Украіне. Прыгадаем, дарэчы, словы Сталіна: «Белоруссия — не просто окраина нашей державы. Она — форпост социализма на западе страны» [70, с. 84]. Характэрна, што ў сённяшняй Украіне рашуча адмовіліся ад навязанай ім канструкцыі на Украіне. Два прыклады. У кнізе «Мова і нація» дзесяткі разоў сустракаем в Украпні і ніводнага — на Украйні: Уже другий раз у нашому столітті в Украпні йде мова про украпнізацію [40, с. 195]. А вось урыўкі з парламенцкай газеты «Голос Украпні» (1996. 9 крас.): Однойменне оповідання друкувалося в Украпні; Фільм, правда, заборонений для прокату в Білорусі; Я дуже радий, що в Украпні становище не таке безнадійне.

З гэтага, аднак, не вынікае, што і мы не павінны ўжываць на Беларусі. Далейшы лёс паралельных спалучэнняў можа вырашыць толькі маўленчая практыка. (Лепешаў І. Я. Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні. – Гродна, 2002. – С. 187 – 191)