Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ходзін С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі.doc
Скачиваний:
206
Добавлен:
10.02.2015
Размер:
1.22 Mб
Скачать

Прадмет крыніцазнаўства. Тэарэтычнае і прыкладное крыніцазнаўства

Навуковыя дысцыпліны могуць мець адзін і той жа аб’ект, але розныя прадметы вывучэння (аб’ект – гэта тое, на што накіравана пазнавальная дзейнасць чалавека, а прадмет – канкрэтныя бакі, якасці і адносіны аб’ектаў, якія даследуюцца з пэўнай мэтай у пэўных абставінах і ўмовах). І гістарычная навука ў цэлым, і крыніцазнаўства маюць аб’ектам вывучэння гістарычныя крыніцы. Аднак крыніцазнаўства вывучае не толькі інфармацыю, заключаную ў гістарычнай крыніцы, але і даследуе апошнюю як гістарычны факт (час, умовы яе ўзнікнення, стваральнікаў і г. д.). Прадметам вывучэння крыніцазнаўства з’яўляюцца ўсе гістарычныя крыніцы ва ўсёй сукупнасці заключанай у іх інфармацыі. Гэтым яно адрозніваецца ад іншых спецыяльных гістарычных дысцыплін, якія вывучаюць асобныя рысы гістарычнай крыніцы (напрыклад, палеаграфію) або асобныя віды гістарычных крыніц (напрыклад, геральдыку цi нумізматыку). Крыніцазнаўства – гэта не сума спецыяльных гістарычных дысцыплін, а іх пэўная сістэма.

Крыніцазнаўства мае тэарэтычны і эмпірычны (прыкладны) узроўні, сваю методыку і метадалогію. Методыка – гэта сукупнасць пэўных прыёмаў, метадаў і правіл іх выкарыстання ў працы крыніцазнаўцы. Метадалогія – вучэнне аб гэтых метадах, аб асноўных прынцыпах крыніцазнаўчага даследавання.

Тэарэтычнае крыніцазнаўства распрацоўвае агульныя метады вывучэння і даследавання гістарычных крыніц. Гэтыя метады адаптуюцца і канкрэтызуюцца ў дачыненні да вывучэння асобных груп крыніц, або пэўных іх характарыстык. Калі для тэарэтычнага крыніцазнаўства метад – гэта і прадмет даследавання, то для прыкладнога – гэта пэўны інструмент вывучэння.

Акрамя тэарэтычнага крыніцазнаўства існуе крыніцазнаўства пэўных галін ведаў (лінгвістычнае, археалагічнае), а таксама крыніцазнаўства пэўных тыпаў і відаў крыніц (летапісаў, актаў, пячатак, грашовых знакаў і г. д.). У залежнасці ад віду сістэматызацыі мы можам вывучаць таксама крыніцы па гісторыі Усходняй Еўропы XIV – XVIII ст., крыніцы па гісторыі Беларусі i г. д. З такім падыходам звязана разуменне крыніцазнаўства ў шырокім і вузкім сэнсе слова: 1) як метадалогія аналізу гістарычнай крыніцы, 2) як навуковая дысцыпліна, што вывучае пісьмовыя крыніцы.

Гістарычная крыніца і гістарычны дапаможнік. Крыніцазнаўства і гістарыяграфія

Гісторык можа вывучаць мінулае толькі на аснове гістарычных крыніц ва ўсёй іх разнастайнасці. Ён мае справу не з гістарычнымі фактамі, а з іх адлюстраваннем у свядомасці людзей пэўнага часу, не з фактамі ў пэўным аб’ёме, а з іх рэшткамі. Гэты працэс можна перадаць наступнай схемай:

гістарычная крыніца

факт – падзея

факт – веды

=>

=>

Такім чынам, гістарычная крыніца – гэта непасрэднае адлюстраванне рэчаіснасці. Калі мы вывучаем асобны від пісьмовых помнікаў – гістарычныя творы, то ў гэтым выпадку ўзнікае праблема адрознення гістарычных крыніц і гістарычных дапаможнікаў, паколькі ўжо летапісец паўстае перад намі як першы гісторык. Разам з тым мэта летапісца – апісанне сучасных яму падзей, ён выступае як сведка. Апісанне мінулага – толькі аснова для яго працы.

Мэтай жа гістарычнага дапаможніка (возьмем для прыкладу твор М. Стрыйкоўскага) з’яўляецца абагульненне напрацаванага летапісцамі матэрыялу, параўнанне і ўдакладненне пэўных фактаў рэчаіснасці. Апісанне сучаснасці ў гэтых гістарычных працах падаецца або вельмі сцісла, або ўвогуле адсутнічае. Безумоўна, азначаныя абагульняльныя творы напісаны больш сучаснай мовай, больш даступныя і зразумелыя для сучаснага даследчыка. Але ў такім выпадку гісторык вымушаны давяраць свайму папярэдніку (часам без пэўнай падставы) і карыстацца яшчэ ў большай ступені скажонай інфармацыяй.

Разам з тым паміж гістарычнай крыніцай і дапаможнікам няма непераходнай мяжы. Часам крыніцы дайшлі да нас толькі дзякуючы гістарычным дапаможнікам праз пэўны пераказ, цытаванне і г. д. Таму пасля адпаведнага ўдакладнення гісторыкі выкарыстоўваюць частку гістарычнага дапаможніка ў якасці гістарычнай крыніцы (можна прывесці ў якасці прыкладу працы В. М. Тацішчава, М. Стрыйкоўскага і iнш.).

На пэўным этапе развіцця гістарычнай навукі, выпрацоўкі метадаў гістарычнай крытыкі (для канкрэтных рэгіёнаў гэта розныя храналагічныя перыяды) вызначаецца новы этап – з'яўленне гістарычных даследаванняў. Разам з тым і гістарычныя даследаванні, як і іншыя навуковыя працы, могуць быць аб'ектам вывучэння. У такім выпадку можна гаварыць аб пэўнай галіне гістарычных ведаў – гісторыі гістарычнай навукі – гістары-яграфіі. Апошняя, аднак, вельмі цесна звязана з крыніцазнаўствам, паколькі вывучае хоць і спецыфічныя, але ўсё ж крыніцы (гістарыяграфічныя крыніцы).