Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Курс лекций.doc
Скачиваний:
25
Добавлен:
20.12.2018
Размер:
2 Mб
Скачать

1.Дасягненні культурнага развіцця на беларускіх землях.Рэнесанс,Рэфармацыя і Контррэфармацыя ў Беларусі.

2.Фарміраванне беларускай народнасці. Узнікненне Беларусі: розныя падыходы і канцэпцыі. Паходжанне тэрміна Белая Русь.

Працэс фарміравання беларускай народнасці заняў дастаткова працяглы перыяд і адбываўся пад уплывам геаграфічна-кліматычных ,сацыяльна-эканамічных, палітычных., царкоўна-рэлігійных фактараў, а таксама агульнаеўрапейскіх этнічных тэндэнцый.У цэлым сярод рыс, якія вызначаюць сутнасць любой народнасці, неабходна назваць наяўнасць адзінай тэрыторыі,адметнасці мовы,культуры, народных традыцый, а таксама веравызнанне, менталітэт,этнічную свядомасць і эндаэтнонім(саманазву).Адным з самых складаных у гісторыі Беларусі з’яўляецца пытанне: як і калі з раней названых славянскіх, славяна-балцкіх супольнасцей і іншых груп насельніцтва сфарміравалася беларуская народнасць, як узнікла Беларусь? Адказаць на гэтыя пытанні адназначна нельга. Справа ў тым, што ў навуцы няма адзінай думкі наконт гэтых праблем. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што беларусы як этнас ужо існавалі ў ХІІІ ст., а працэс фарміравання беларускай народнасці пачаўся яшчэ ў VII–VIII стст. (Г.Штыхаў, М.Ермаловіч, М.Ткачоў і інш.). Паводле У. Сядова, беларуская этнічная супольнасць склалася ў ХІІІ–ХІV стст. М. Грынблат лічыць, што фарміраванне беларусаў адбывалася ў ХІV–ХVІ стст. Ёсць іншыя меркаванні.

Няма адзінага погляду і на пытанні аб продках беларусаў. Узнікла мноства канцэпцый, якія ўзаемавыключаюць адна адну. У ХІХ ст. з’явіліся польская і велікаруская канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай славянскай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л.Галембоўскі, А.Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў – часткай польскага этнасу. Творцы велікарускай канцэпцыі (А.Сабалеўскі, І. Сразнеўскі і інш.) сцвярджалі, што Беларусь – частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова – дыялект рускай мовы.

Памылковасць гэтых канцэпцый выяўлена даследаваннямі па беларускай мове. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. выдатны беларускі славіст Я. Карскі ў фундаментальнай працы “Беларусы” (Варшава; Петраград. 1903–1922. Т.1–3) пераканаўча даказаў, што беларуская мова з’яўляецца самастойнай славянскай мовай, якая паводле свайго лексічнага складу, сінтаксісу, фанетыкі і марфалогіі ўваходзіць у групу ўсходнеславянскіх моў нароўні з велікарускай і ўкраінскай.

У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя. Яе аўтарамі былі М.Пагодзін, В.Ластоўскі і інш. Яна заснавана на памылковым уяўленні аб тым, што продкамі беларусаў з’яўляюцца крывічы. Аўтары канцэпцыі атаясамлівалі беларусаў і крывічоў і прапаноўвалі называць беларусаў крывічамі, а Беларусь – Крывіяй. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі. А як жа ўзнікла паўднёвабеларускае насельніцтва? На гэта пытанне крывіцкая канцэпцыя адказу не дае. Няма ў данай канцэпцыі тлумачэння і таго, чаму на частцы тэрыторыі, якую займалі крывічы, пазней сфарміравалася велікаруская народнасць. Аднак самая вялікая памылка крывіцкай канцэпцыі выяўляецца ў храналагічнай неадпаведнасці знікнення крывічоў і з’яўлення беларускага этнасу. Крывічы зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., а беларусы як этнас да гэтага часу яшчэ не сфарміраваліся.

Аднабаковасць крывіцкай канцэпцыі вырашылі пераадолець вядомы беларусазнаўца Я.Карскі, гісторык-славіст У.Пічэта, даследчык этнічнай гісторыі Беларусі М.Грынблат, вядомы гісторык М.Доўнар-Запольскі. Яны ўключылі ў склад продкаў беларусаў не толькі крывічоў, але таксама дрыгавічоў і радзімічаў. Адсюль і назва канцэпцыі – крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая. Аднак і гэта канцэпцыя, як і папярэдняя, не ўлічвае таго факта, што дрыгавічы і радзімічы, як і крывічы, зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., калі агульнабеларускі этнічны комплекс яшчэ не сфарміраваўся.

Асаблівую папулярнасць набыла балцкая тэорыя этнагенезу беларусаў. Паводле гэтай тэорыі, змяшэнне славян з даславянскім насельніцтвам – балтамі – прывяло да з’яўлення беларускага этнасу. Балты, такім чынам, адыгралі ролю субстрату (падасновы) у этнагенезе беларусаў. Аўтар гэтай тэорыі археолаг В.Сядоў робіць выснову на падставе таго, што шмат элементаў беларускай культуры і мовы маюць балцкае паходжанне. Аднак В.Сядоў не ўлічыў таго, што гэтыя элементы ўласцівы як славянам, так і балтам. Яны індаеўрапейскага паходжання. Балты з’явіліся продкам, субстратам не непасрэдна беларусаў, а ўсходнеславянскіх супольнасцей – крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў.

Існуе і фінская канцэпцыя паходжання беларусаў. Яе аўтарам з’яўляецца пісьменнік І.Ласкоў. На падставе таго, што на тэрыторыі Беларусі ёсць назвы рэчак і азёраў фінскага паходжання (Дзвіна, Свір і інш.), ён лічыць, што продкамі беларусаў маглі быць і фіны. Для такой высновы няма навуковых падстаў. Фінамоўнае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі жыло ў глыбокай старажытнасці і было асімілявана не славянамі, а старажытнымі балтамі, якія рассяліліся ў Панямонні, Падзвінні і Падняпроўі ў бронзавым веку. Фіны на тэрыторыі Беларусі з’явіліся субстратам не беларусаў, а старажытных балтаў.

У 50-я гады ХХ ст. савецкі этнограф С.Токараў абгрунтаваў новую канцэпцыю. Яе сутнасць заключаецца ў наступным.

У выніку змешвання розных супольнасцей – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, драўлян, палян, вяцічаў і іншых – у Сярэднім Падняпроўі ў ІХ–Х стст. у межах Кіеўскай Русі сфарміравалася новая усходнеславянская этнічная супольнасць – старажытнаруская народнасць. У другой палове Х ст. зацвердзілася і агульная назва гэтай тэрыторыі – Русь. Сярэдняе Падняпроўе стала звацца Рускай зямлёй, кіеўскія князі – рускімі князямі. Затым у працэсе распаду Кіеўскай Русі раз’ядналася і старажытная народнасць. У выніку ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларусі і ўкраінскі.

Аднак у гэтай канцэпцыі з’явілася шмат апанентаў (Г. Штыхаў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Без дастатковых навуковых абгрунтаванняў яны сцвярджаюць, што ніякай старажытнарускай народнасці не існавала, што не магло быць ніякага падзелу неіснуючай агульнарускай народнасці на тры галіны – беларускую, рускую і ўкраінскую. Уся справа ў тым, на якой тэрыторыі пасяліліся плямёны і з якім карэнным насельніцтвам (субстратам) адбылося змяшэнне. Так, рускі этнас фарміраваўся на аснове фіна-угорскага субстрату, украінскі – цюрскага, беларускі – балцкага. Памылковасць гэтых поглядаў заключаецца ў тым, што ў выніку асіміляцыі, змяшэння прышлых славян з фіна-угорскім, цюркскім і балцкім насельніцтвам сфарміраваліся новыя славянскія этнічныя супольнасці (усяго каля 15) – крывічы, дрыгавічы, радзімічы, славене, паляне, драўляне, валыняне, улічы, ціверцы і іншыя, а не руская, украінская і беларуская народнасці. Фарміраванне гэтых народнасцей адбылося не ў ІХ–Х стст., а значна пазней.

У пачатку 90-х гадоў новую канцэпцыю ўзнікнення беларусаў распрацаваў гісторык-этнограф М. Піліпенка (Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: новая концепция. Мн., 1991). Ён лічыць, што ў выніку шырокага рассялення славян і змешвання іх з усходнімі балтамі ўтварыліся не беларусы, а першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Гэта адбылося ў ІХ–Х стст. Затым у канцы Х – пачатку ХІ ст. разам з іншымі ўсходнеславянскімі супольнасцямі крывічы, дрыгавічы і радзімічы кансалідаваліся ў новую агульнаславянскую этнічную супольнасць. Для яе былі характэрны агульнаўсходнеславянская мова, агульная матэрыяльная і духоўная культура. З трансфармацыяй гэтых першапачатковых этнічных славянскіх супольнасцей у агульнаславянскую старажытную супольнасць іх тэрыторыі сталі агульнай этнічнай тэрыторыяй, якая атрымала назву “Русь”. Менавіта з гэтага часу ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі, як і да суседніх усходнеславянскіх зямель, пачала ўжывацца назва “Русь”, а насельніцтва стала называцца русамі, русічамі, русінамі, рускімі.

З часу свайго фарміравання этнічная тэрыторыя “Русь” не была аднастайнай. Яна падзялялася на рэгіёны, якія не супадалі з ранейшымі этнічнымі тэрыторыямі першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей. Тэрыторыя сучаснай Беларусі па лакальных асаблівасцях мовы і культуры ўваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны агульнаўсходнеславянскай этнічнай супольнасці – палескую і падзвінска-дняпроўскую. Акрамя агульнай назвы “Русь”, за паўднёвай часткай тэрыторыі Беларусі замацавалася назва “Палессе”, за цэнтральнай і паўночнай – “Белая Русь”. У паўднёвай папрыпяцкай зоне на аснове трансфармацыі дрыгавічоў, драўлян і паўднёвай часткі радзімічаў ішоў працэс складвання новай этнічнай супольнасці – палешукоў, у паўночным (падзвінска-дняпроўскім) рэгіёне ў выніку трансфармацыі крывічоў, вяцічаў і паўночных радзімічаў – старажытных беларусаў. Піліпенка лічыць, што менавіта яны і сталі непасрэднымі продкамі беларусаў.

З цягам часу, адзначае М. Піліпенка, у выніку інтэнсіўных этнічных працэсаў на аснове ўзаемадзеяння, згуртавання дзвюх значных груп (папрыпяцкай і падзвінска-дняпроўскай) усходнеславянскага насельніцтва, з аднаго боку, і кансалідацыі іх з асобнымі групамі неўсходнеславянскага насельніцтва – заходнеславянскага (польскага), балцкага і цюркскага (татарскага), з другога, на шырокай тэрыторыі, размешчанай паміж Прыпяццю на поўдні і Заходняй Дзвіной на поўначы, Нёманам на захадзе і Дняпром на ўсходзе, да сярэдзіны XVI ст. сфарміраваліся новы комплекс культуры і звязаная з ім сістэма мовы. Усё гэта сведчыла аб з’яўленні новай, усходнеславянскай этнічнай тэрыторыі, якая атрымала з таго часу сваю назву “Белая Русь”.

Паходжанне тэрміна “Белая Русь”Праблема яго паходжання з’яўляецца прадметам шырокай навуковай дыскусіі і зараз. У розныя часы яго тлумачылі па-рознаму. Яго звязвалі з прыгажосцю зямлі, мноствам снегу, незалежнасцю ад татара-манголаў і літоўскіх князёў (“белая” у дадзеным выпадку – вялікая, незалежная, вольная, свабодная), светлапігментаваным і светлавокім антрапалагічным тыпам жыхароў (бландзіны). Маюцца і іншыя тлумачэнні: назва “Белая Русь” паходзіць ад белага колеру адзення, якое “при дворе царском в почтении было”, ці ад белага колеру світак, сукенак і кашуль, якія насілі жыхары гэтых зямель. Тэрмін “Белая Русь” звязваецца таксама з шырокім распаўсюджваннем у тапаніміцы назваў са словам “белая” і г.д.

Упершыню тэрмін “Белая Русь”, як пісаў рускі гісторык В.М. Тацішчаў, упамінаецца ў летапісах у 1135 г. у дачыненні да зямель Паўночна-Усходняй Русі (Уладзіміра-Суздальскага княства). Гэта тэрыторыя ад вярхоўяў Заходняй Дзвіны і вярхоўяў Волгі да вярхоўяў Нёмана. Яна ўключала ў свой склад Маскоўскі, Цвярскі, Смаленскі, Мсціслаўскі, Друцкі край. Вялікі князь Андрэй Багалюбскі з 1157 г. называўся князем Белай Русі. Сваім баярам ён гаварыў: “Я всю Белую (Суздальскую) Русь городами и сёлами великими населил и многолюдной учинил”.

Для навукі застаецца загадкай, чаму гэта частка Русі (ад Нёмана да Волгі) названа Белай Руссю. На думку М. Піліпенкі, магчыма, слова “Белая” сімвалізавала яе сярэдняе, цэнтральнае месцазнаходжанне ў адрозненне ад “Вялікай” і “Малой” (або “Чырвонай”) Русі, якія знаходзіліся адпаведна на поўначы і на поўдні ад “Белай Русі”.

У ХV ст. тэрмін “Белая Русь” па-ранейшаму ўжываўся для абазначэння Маскоўскай (Рускай) дзяржавы. Пры Іване ІІІ гэты тэрмін быў унесены ў тытул вялікага князя маскоўскага. Паводле М.М. Карамзіна, “исчисляя в титуле своём все особенные владения государства Московского, Иоан наименовал оное Белою Россиею, то есть великою или древнею по смыслу сего слова в языках восточных”. Калі верыць М.М. Карамзіну, першапачаткова тэрмін “Белая Русь” абазначаў “вялікую ці старажытную” Русь.Расійскі даследчык В.Іваноў адзначаў, што да прыняцця хрысщянства у Еуропе існавала традыцыя суадносіць асноўныя колеры з бакам1 свету (поунач — чорны, поудзень — чырвоны, захад — белы, усход — жоуты щ блакітны). Адсюль, на яго думку, цалкам лагічным было б змясцщь Белую Русь на захад ад іншых етаражытнарускіх княствау. Таксама icнye шэраг іншых меркаванняу аб тым, што Белая Русь з'явілася у процівагу Чорнай (Навагрудак — Гродна — Ваукавыск — Слонім) ці Чырвонай (украінская Галіччына i Валынь) Pyci, што яна вызначала аутаномны статус Полаччыны i Вщебшчыны у складзе ВКЛ або падкрэсл!вала перавагу хрысціянскага насельніцтва над навакольнымі язычніцкімі плямёнамі.

Складаным пытаннем з'яуляецца i вызначэнне тэрыторыі, якую называл! Белай Русью. Адпаведна даным В. Тацішчава ў летапісах XII ст. такім чынам называлі Растова-Суз-дальскае княства. Згодна яму у 1157 г. князь Андрэй Багалюбскі быу запрошаны валадарыць "на отчым стале ва усёй Белай Pyci, у Растове i Суздале". У сваю чаргу сам князь праз некалькі гадоу хваліуся тым, што "усю Белую Русь гарадамі i вёскамі вялікімі насяліў i шматлюднай стварыу". Разам з тым вядомы paciйскi гісторык М. Карамзин абвяргау гэта сцвярджэнне i заяуляу, што азначаны тэрмін пачау выкарыстоувацца толькі у XV ст. у Маскоускім княстве з мэтай падкрэслівання яго старажытнасці i важнасці ( у 1462 г. 1ван III у сваім тытуле называу Масковію Белай Русею). Трэба прызнаць, што апошняя версія мае пад сабой пэуныя падставы, бо на сярэднявечных картах Масковія часам называлася Белай Русею (карта М. Кузанскага, 1460 г.). Да таго ж гэтым тэрмінам карысталіся i некаторыя з падарожнікау (Алеарый у пачатку XVII ст.). Пры гэтым большасць вучоных прызнае, што назва "Белая Русь" у Pacii так i не набыла дакладнай тэрытарыльнай лакалізацыі i паступова трансфармавалася у Вялікую Русь ці Вялікаросію.

Калі ж разглядаць тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Бела­русь, то даследчыкі разыходзяцца у меркаваннях наконт часу замацавання за ей назвы "Белая Русь".

Ужо ў ХІІ ст. частка сучаснай беларускай этнічнай тэрыторыі (Мсціслаўскі і Друцкі край) уваходзіла ў склад зямель, якія называліся “Белай Руссю”. У “Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі”, напісанай італьянцам А. Гваньіні ў 1578 г., які быў на вайсковай службе ў Віцебску, сказана: “А ёсць траякая Русь: адна Белая, другая Чорная, трэцяя Чырвоная. Белая каля… Мазыра, Мсціслава, Віцебска, Оршы, Полацка, Смаленска і зямлі Северскай…”. Значыць, назва “Белая Русь” першапачаткова адносілася да падзвінска-падняпроўскага рэгіёна, жыхароў якога называлі “беларусцамі”.

Разам з тым у прадмовах і пасляслоўях да кніг Ф. Скарыны (пачатак ХVI ст. ) тэрмін “Белая Русь” не сустракаецца. Землі сваёй радзімы Ф. Скарына называў тэрмінам “Русь” (“братия моя Русь”), які на працягу некалькіх стагоддзяў існаваў побач з назвай “Белая Русь” і даволі часта атаясамліваўся з ёй.

З сярэдзіны XVI ст. тэрмінам “Белая Русь” сталі абазначаць не толькі землі падзвінска-падняпроўскага рэгіёна (традыцыйная “Белая Русь”), але і цэнтральнага (“Літва”) і папрыпяцкага (“Палессе”) рэгіёнаў, ці землі сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Беларусі. Беларусцамі называлі цяпер не толькі жыхароў падзвінска-падняпроўскага рэгіёна, але і людзей, якія пражывалі на ўсёй тэрыторыі ад Заходняй Дзвіны да Прыпяці. Побач з формай “беларусцы” у дакументах сустракаецца і сучасная форма этноніма беларускага народа – “беларусы”.

Польскі пісьменнік, гісторык і публіцыст С. Старавольскі ў кнізе “Польшча ці апісанне становішча каралеўства Польскага” (1632 г.) адносіў да Белай Русі 6 ваяводстваў: Навагрудскае, Мсціслаўскае, Віцебскае, Мінскае, Полацкае і Смаленскае. Урад Рускай дзяржавы ў XVII ст. Белай Руссю лічыў Полацкую, Віцебскую, Мсціслаўскую і Смаленскую землі. Астатнія беларускія землі ён называў літоўскімі.Разам з тым нават і ў другой палове 19ст. Паралельна працягвалі шырока ўжывацца эндаэтнонімы Літва і літвін(часцей у дачыненні да Заходняй Беларусі),канчатковая адмова ад выкарыстання якіх адбылася толькі ў час беларускага нацыянальнага адраджэння ў 1920-я гг.

Заходнюю частку беларускай этнічнай тэрыторыі доўгі час называлі “Чорная Русь”. Паводле звестак В.М. Тацішчава, граніца Чорнай Русі на поўначы даходзіла да р. Віллі, на ўсходзе – прыкладна да Бярэзіны, на поўдні – да Прыпяці, на захадзе – да Буга. Назва “Чорная Русь” у айчынных крыніцах упамінаецца не раней апошняй чвэрці ХІІІ ст. (1284). Першапачаткова гэта назва не адносілася да заходняй часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі. Так называлася паўднёва-заходняя частка тэрыторыі сучаснай Украіны, тагачасная Галіцкая зямля. У заходнееўрапейскіх пісьмовых помніках назва “Чорная Русь” сустракаецца не раней ХІV–XV стст. і ўжываецца для абазначэння самых заходніх зямель Русі, якія гранічылі з Лівоніяй, Літвой і Польшчай. Як назва заходняй часткі беларускай этнічнай тэрыторыі (у прыватнасці, Беларускага Панямоння) тэрмін “Чорная Русь” пачынае замацоўвацца ў канцы ХVІ–XVII ст. Як сцвярджае В.М. Тацішчаў, назва “Чорная Русь” для абазначэння заходняй часткі сучаснай Беларусі сустракаецца ў граматах цара Аляксея Міхайлавіча пасля таго, як ён авалодаў часткай Рэчы Паспалітай. У граматах Аляксей Міхайлавіч называецца “гасударам усёй Вялікай, Малой Белай, Чорнай і Чырвонай Русі”.

Назва заходняй беларускай этнічнай тэрыторыі “Чорная Русь” тлумачыцца па-рознаму. Часцей за ўсё яе разглядалі як супрацьпастаўленне назве “Белая Русь”. Некаторыя вучоныя (С. Салаўёў) лічылі, што першапачаткова назва “Чорная Русь” абазначала залежную тэрыторыю. Чорны колер разглядаецца прыхільнікамі гэтай канцэпцыі як сімвал залежнасці, белы – як сімвал самастойнасці.

У адносінах да Беларускага Панямоння такое тлумачэнне нельга прызнаць унушальным. Назва гэтага краю “Чорная Русь” замацавалася тады, калі ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі ўжо знаходзілася ў складзе Вялікага княства Літоўскага, а затым і Рэчы Паспалітай, і з палітычнага пункту погляду значнай розніцы паміж заходняй і ўсходняй часткамі гэтых тэрыторый не было.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што з’яўленне назвы “Чорная Русь” выклікана тым, што для Верхняга Панямоння было характэрна язычніцтва, а для Падняпроўя – хрысціянства. Але і з такім пунктам погляду нельга поўнасцю пагадзіцца таму, што ў перыяд замацавання гэтага тэрміна амаль ўсё насельніцтва, як усходнеславянскае, так і балцкае было ўжо хрысціянскім. Хрысціянскія цэрквы ў гарадах Верхняга Панямоння былі пабудаваны не пазней, чым у гарадах сучаснага Беларускага Падняпроўя. Што датычыцца некаторых груп нехрысціянскага, язычніцкага балцкага насельніцтва, якое пражывала ў Верхнім Панямонні, то яно Руссю не называлася. Для іх наймення ўжываўся іншы тэрмін – “Литва”.

Назва “Чорная Русь” была дадзена балтамі. Згодна з балцкай традыцыяй, чорны колер сімвалізуе Захад, а белы – Усход. У сувязі з гэтай традыцыяй самую заходнюю частку Русі, г. зн. Верхняе Панямонне, сталі называць Чорнай Руссю, а ўсходнюю, г. зн. Падняпроўе, – Белай Руссю. Першапачаткова гэтыя назвы абазначалі геаграфічныя напрамкі. З цягам часу яны сталі азначаць два арэалы беларускай этнічнай тэрыторыі і сімвалізаваць этнаграфічныя асаблівасці паміж яе заходняй і ўсходняй часткамі.

З канца ХVІІІ ст. са знікненнем Вялікага княства Літоўскага і далучэннем беларускіх зямель да Расійскай імперыі назва “Чорная Русь” перастала ўжывацца, а “Белай Руссю” сталі называць усю беларускую этнічную тэрыторыю. Прычым гэта назва набыла ў рускай мове сваю заходнееўрапейскую форму – “Белоруссия”. У беларускай мове захавалася старая ўсходнеславянская форма гэтай назвы. Яна стала вымаўляцца і пісацца разам – “Беларусь”.

Такім чынам, у канцы ХVІІІ і на працягу ХІХ ст. тэрмін “Белая Русь” пашырыўся на ўсю беларускую этнічную тэрыторыю і набыў сучаснае гучанне – “Беларусь”.

Асноўнымі прыкметамі народнасці з’яўляюцца адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры і характару людзей, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Існаванне Вялікага княства Літоўскага стварала новыя ўмовы для далейшага фарміравання беларускай народнасці. Гэтаму садзейнічала мноства фактараў.

Першая група – палітычныя фактары. Неабходнасць барацьбы са знешняй агрэсіяй, уваходжанне беларускіх зямель у склад ВКЛ садзейнічалі стварэнню палітычных умоў для ўмацавання сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі насельніцтва Беларусі, яго кансалідацыі і інтэграцыі з суседнімі народамі. У межах ВКЛ было арганізавана адзінае кіраванне, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складанні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.

Аднак палітычнае аб’яднанне поўнасцю не знішчыла лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Увогуле, у грамадска-палітычным жыцці ВКЛ наглядалася як аб’яднальная, так і сепаратысцкая тэндэнцыі, што ўскладняла працэс фарміравання беларускай народнасці.

Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з’явілася далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, замена двухполля парнай зерневай сістэмай трохполля, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю. Вырастала роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель.

Паступова ў ВКЛ усталёўвалася адзіная грашовая сістэма гандлёва-вымяральных стандартаў.

Разам з тым ва ўмовах феадальнага спосабу вытворчасці з яго натуральнай сістэмай гаспадарання аб’яднальныя працэсы абмяжоўваліся рэгіянальнымі, а не агульна-дзяржаўнымі сувязямі, стварэннем лакальных рынкаў вакол гарадоў і мястэчкаў.

З папярэднімі фактарамі цесна звязаны і сацыяльныя ўмовы. Далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае зацвярджэнне прыгоннага права садзейнічала кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх.

Разам з палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі фактарамі пэўную ролю адыгрываў і канфесійны фактар. Канфесійныя антаганізмы актывізавалі складанне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Прыкмета веры станавілася своеасаблівай прыкметай народа, а барацьба народа з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.

Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. На этнічнай тэрыторыі беларусаў адбыліся значныя змены ў мове ўсходне-славянскага насельніцтва. На працягу XIV–XV ст. на аснове старажытнарускай мовы развіваліся спецыфічныя рысы беларускай гаворкі. Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі.

Матэрыяльная і духоўная культура новага ўсходнеславянскага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну са старажытнарускага часу. Другой яе састаўной часткай былі новаўвядзенні, якія закранулі сямейны і абшчынны быт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя з суседніх народаў. У XV–XVI стст. на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца шэраг новых тыпаў пасяленяў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка вёсак. Гэтаму ў значнай ступені спрыяла аграрная рэформа 1557 г., калі было ўведзена падворнае землекарыстанне і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзіны рад.

Асноўнымі прыладамі сельскагаспадарчай працы з’яўляліся літоўская саха, драўляная частапляцёная барана, сукаватка, матыка, серп, цэп і інш.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчатай ці паласатай тканіны, яркія безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі. Менавіта ў той час узнік новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні.

Першым тэатральным відовішчам былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохаў. Паступова ў карагодзе зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнікае таксама народны лялечны тэатр “Батлейка”, дзе разам са свецкімі сюжэтамі выкарыстоўваліся і хрысціянскія міфалагічныя тэмы. У XVI ст. з’яўляюцца новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, дудка.

Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць беларусаў. У ВКЛ жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў. Аднак значна пазней беларусы пачалі адрозніваць сябе ад рускіх. Гістарычная супольнасць усходнеславянскага народа, адзіная рэлігія і мова продкаў тармазіла працэс дыферэнцыяцыі рускага і беларускага народаў.