Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводз ны археалог ю (исправленный).doc
Скачиваний:
32
Добавлен:
03.11.2018
Размер:
1.02 Mб
Скачать

Спецыфічныя метады археалагічнага даследавання.

Да спецыфічных метадаў гістарычнага даследавання можна аднесці тыя метады даследавання, якія праводзяцца ў спецыфічных, нестандартных умовах: пад вадою, пад зямлёю і з паветра.

Падводная археалогія. Гэта галіна археалогіі, якая займаецца вывучэннем старадаўніх аб’ектаў, якія затопленыя вадою. Іншым разам падводную археалогію называюць яшчэ гідраархеалогія, дзе першая частка гэтага словазлучэння – гідра – паходзіць ад грэчаскага hydor – вада.

Асноўным аб’ектам вывучэння падводнай археалогіі, як правіла, з’яўляецца плавальны сродак: карабель, лодка, човен. Менавіта гэтыя аб’екты ў археалагічным сэнсе з’яўляюцца «закрытым археалагічным комплексам». Яны даюць уяўленне пра асаблівасці грамадскага і культурнага жыцця вывучаемага аб’екта да моманту яго катастрофы. Парэшткі затанулага карабля можна разглядаць як своеасаблівую «капсулу часу», якая можа даць інфармацыю пра суднаходства, гандаль, тэхніку суднабудаўніцтва, шляхах зносін, бытавой культуры, ваеннай справе і інш. Таму затанулы плавальны сродак – гэта каштоўная археалагічная крыніца для навукоўцаў.

Несумненна, аб’ектам увагі падводнай археалогіі з’яўляюцца рэшткі паселішчаў, якія апынуліся пад вадою, пахаванні і памятныя камяні.

Існуюць некалькі спосабаў даследавання помнікаў і вывучэння артэфактаў, што апынуліся пад вадою. Так можна вылучыць пяць такіх спосабаў:

1-ы, абследаванне дна вадаёма і збіранне невялікіх па сваіх памерах артэфактаў на дне вадаёма: возера, ракі, мора. Па сутнасці гэты від падводных работ чымсьці нагадвае археалагічную разведку даследчыка на сушы.

2-гі спосаб, які ўжо чымсьці нагадвае раскопачныя работы на паверхні, гэта распрацоўка, ці дакладней будзе сказаць, выдаленне грунта, якія пакрывае затопленыя вадою артэфакты. Праўда, робіцца гэта ўжо не з дапамогаю звыклых для сухапутнага археолага рыдлёўкі, саўка і шпатэля, а з дапамогаю эрліфта-кампрэсара, «падводнага пыласоса», які паглынае, адсмоктвае глей з паверхні археалагічнага помніка.

3-ці спосаб, такелажныя работы – пад’ём са дна вадаёма, з дапамогаю спецыяльных механізмаў, грувасткіх артэфактаў з наступным іх вывучэннем ужо на паверхні.

4-ты спосаб, гэта кесонныя работы. У аснове гэтага спосаба ляжыць асушэнне ўчастка дна вадаёма з дапамогаю вялікапамернай металічнай скрыні-кесона (ад французскага слова caisson – скрыня). Асушаны з дапамогаю такога прыстасавання ўчастак дна вадаёма можна затым даследваць па методыцы раскопак паселішчаў з разбіўкаю гэтага ўчастка на сетку квадратаў і паслойнай распрацоўкаю грунта.

5-ы спосаб – меліярацыйныя работы, звязаныя з паніжэннем узроўню вады, ці ўвогуле асушэнне вадаёма-возера і даследванне ўскрытага такім чынам археалагічнага помніка шляхам раскопак.

Пачатак даследвання затанулых караблёў бярэ свае вытокі яшчэ з антычнай пары, калі вопытныя ныральшчыкі абследвалі затанулыя караблі ў пошуках скарбаў. Натуральна, што рабілася гэта далёка не ў навуковых мэтах, а можна сказаць, у мэтах меркантыльных. Але назапашаныя гэтымі ныральшчыкамі назіранні былі ў наступныя стагоддзі запатрабаваны даследчыкамі. Праўда, з цягам часу гэтыя назіранні, якія перадаваліся вусна з пакалення ў пакаленне прыбаўляліся рознымі легендамі, у тым ліку і пра незлічоныя скарбы, схаваныя ў трумах затанулых караблёў, што стала прычынаю для ўзнікнення цэлай індустрыі скарбашукальніцтва.

Навуковы падыход да затанулых старадаўніх аб’ектаў і спосабы іх даследавання ўзніклі толькі ў ХІХ ст. Па-першае, у гэты час ужо ў большай ці меншай ступені акрэслілася само паняцце «археалогія» ў найбольш развітых, у навуковым плане, краінах. Па-другое, менавіта ў гэты час быў вынайдзены вадалазны рыштунак. І першыя, хто выкарыстаў гэтае вынаходніцтва ў навуковых мэтах, былі англічане, браты Джон і Чарлз Дзіны. У 1836 г. яны абследвалі вусце р. Тэмзы, дзе быў затоплены англійскі фрэгат «Мэры Роуз». Цяпер некалькі сказаў з гісторыі гэтага фрэгату і гісторыі яго даследавання.

Англійскі фрэган «Мэры Роуз» быў пабудаваны спецыяльна для вайны з французскім флотам. Гэта быў даволі магутны для свайго часу карабель: чатырохпалубны і чатырохмачтавы. Каб пабудаваць такі карабель, спатрэбілася высекчы лес на плошчы амаль 15 га. І гэта пры тым, што большая частка дэталяў карабля была выраблена з дуба. На борце карабля знаходзілася каля сарака гармат. Экіпаж судна налічваў 415 чалавек.

19 ліпеня 1545 г. фрэгат «Мэры Роуз» выйшаў з вусця Тэмзы. Ад гавані Портсмут ён пачынаў свой урачысты выхад у адкрытае мора. Сотні людзей, у тым ліку і кароль Англіі Генрых VIII, што сабраліся на ўзбярэжжы, назіралі за выхадам фрэгата – гонарам каралеўскага флоту Брытаніі. Фрэгат выходзіць у адкрытае мора і, паводле традыцыі, павінен даць салют.

Адчыняюцца пóрты – адтуліны ў борце судна для гарматных ствалоў. Кананіры бяруцца зараджаць гарматы. Яшчэ хвіліна – другая і ўсіх, хто сабраўся на беразе назіраць гэта відовішча, і тых, хто ў гэты момант знаходзіца на судне, ахопіць усеагульнае трыўмфаванне. Але трыумфу несталася. Адбылося жахлівае відовішча, якое выклікала ў прысутных глыбокі смутак. Але што прычынілася, што выклікала такія дыяметральна процілеглыя эмоцыі?

У той момант, калі адчыніліся гарматныя пóрты, неспадзявана наляцеў шквальны вецер. Судна рэзка нахілілася. Гарматныя ядры, што былі складзены на палубе, імгненна перакаціліся з аднаго боку карабля на другі, што яшчэ больш нахіліла судна. І праз адчыненыя люкі хлынула вада. І літаральна праз некалькі хвілін, на вачах гледачоў з берага, карабель пайшоў на дно. З усёй каманды выратавацца ўдалося толькі трыццаці пяці чалавекам…

Праз колькі часу абяцаецца ўзнагарода ўсякаму, хто здолее падняць гэты карабель. Але памкненні тых, хто мусіў за гэту работу ўзяца, былі марнымі, калі не сказаць дакладней, пры тым узроўні развіцця тэхнікі, абсалютна безнадзейнымі. Праўда, у 1547-1549 гг. аднаму італьянцу, якога звалі Пітэр Пол, удалося падняць з гэтага фрэгата негалькі гармат, за што ён атрымаў грашовую ўзнагароду. Можна сказаць, што гэта былі першыя такелажныя работы па падняццю артэфактаў з затанулага аб’екта. Пасля гэтага ўсе спробы падняць судна былі спынены. Карабель паступова засмоктваў глей, а вада і мікраарганізмы паслядоўна разбуралі корпус карабля і ўсё, што знаходзілася на ім. І да часоў Віктарыянскай Англіі пра гэты фрэгат ужо забыліся.

У ХІХ ст. рэшткі затанулага фрэгата сталі дакучаць англійскім рыбакам. Іхнія сеткі пастаянна за штосьці чапляліся. На самой справе яны чапляліся за рэшткі гэтага фрэгата. І ў 1836 г. англійскія рыбакі звярнуліся да вадалазаў, Чарлза і Джона Дзінаў, каб тыя абследвалі дно заліва і расчысцілі яго. Тыя спусціліся пад ваду і выявілі затанулы «Мэры Роўз». Браты абследвалі карабель. Ім удалося падняць на паверхню 24 гарматы, лафеты пад іх, вялікія лукі, керамічны посуд, кавалкі тканіны і некалькі чалавечых чарапоў. Правесці пад вадою якую-небудзь фіксацыю артэфактаў, акрамя візуальнай, на той час развіцця тэхнікі, было яшчэ немагчымым. Таму падняўшыся на паверхню, браты Дзіны па памяці склалі падрабязны план карабля і ўсяго таго, што ім удалося на ім убачыць. Гэты план і апісанне ўбачанага паспрыялі работам даследчыкаў «Мэры Роуз» дваццатага стагоддзя. У 1848 г. работы па «Мэры Роуз» былі спынены і пра яго зноў забыліся больш як на стагоддзе.

У 1965 г. вадалаз – аматар Аляксандр Мак-Кі ўзяўся адшукаць рэшткі суднаў, якія затанулі ў раёне Портсмута. Ён запрасіў далучыцца да гэтых работ археолага Маргарэт Рул. Яны выкарысталі ваенна-марскую карту 1841 г., на якой было пазначана месца, дзе браты Дзіны выявілі фрэгат «Мэры Роуз», а таксама ўспаміны відавочцаў тых падзей. Аднак лакалізаваць дакладнае месцазнаходжанне карабля ўдалося толькі з дапамогаю акустычнай апаратуры.

У 1978 г. упоперак фрэгата была «пракапана» траншэя. Глеісты грунт адсмоктвалі з дапамогаю капрэсара. Раскопкі паказалі, што значная частка карабля знаходзіцца in situ, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «у непарушаным стане». Таму было прынята рашэнне адкапаць цалкам карабель і падняць яго на паверхню. Раскопкі «Мэры Роуз» даўжыліся з 1979 па 1982 гг. За гэты час на паверхню было паднята 16 тысяч артэфактаў: вырабы з метала, гліны, шкла, косці, скуры, тканіны. Сярод іх узбраенне, рэчы побыту, прадметы для забавы і адпачынку. Усе знаходкі, асабліва тыя, што былі выраблены з арганікі, упакоўваліся ў герметычную тару і накіроўваліся ў спецыяльную лабараторыю для іх далейшай хімічнай апрацоўкі і кансервацыі.

Што паказалі раскопкі? З дапамогаю выяўленых раскопкамі артэфактаў удалося ў значнай ступені рэканструяваць побыт маракоў той пары. Напрыклад, высвятлілася, чым каманда карабля харчавался, у ва што апраналася, як лячылася, калі кагосьці з команды спасцігала хвароба, як бавілі вольны час. Але самае цікавае, што менавіта дзякуючы гэтым раскопкам удалося праз 437 гадоў даведацца – пра сапраўдную прычыну гібелі амаль усёй каманды. Чаму ніхто з маракоў, за невялікім выключэннем, не выратаваўся з карабля, які ішоў на дно?

Так, на верхняй палубе судна былі выяўлены вялікія фрагменты сетак. Менавіта такімі сеткамі пакрывалі верхнюю палубу, как перашкодзіць ворагу ў час абардажу захапіць карабель. Але менавіта гэтая сетка, якая прызначалася для бяспекі экіпажа, на справе сыграла пагібельную ролю – амаль ніхто з маракоў не змог выбрацца з-за яе, калі карабель ішоў на дно. Пад сеткаю даследчыкамі было выяўлена мноства шкілетаў-парэшткаў тых, хто намагаўся выратавацца.

Пасля завяршэння раскопачных работ фрэгат «Мэры Роўз» 11 кастрычніка 1982 г. з дапамогаю пад’ёмнага крана і спецыяльна падведзенай пад карабель платформы яго паднялі на паверхню і змясцілі ў сухі док Портсмута. Пасля пэўнай хімічнай апрацоўкі, накіраванай на захаванне, фрэгат «Мэры Роуз» ператвораны ў музей, які дэманструе жыццё і побыт маракоў XVI ст. і самаадданую працу археолагаў, падводнікаў, спецыялістаў па кансервацыі і рэстаўрацыі. Цікава, што апошняя кропка ў даследваннях фрэгата «Мэры Роуз» была пастаўлена ў кастрычніку 2005 г. калі са дна заліва быў падняты якар, які належаў гэтаму караблю.

На прыкладзе вывучэння гэтага помніка можна ўбачыць большасць з пералічаных метадаў даследавання, якія выкарыстоўваюцца для затанулых аб’ектаў: абследаванне дна вадаёма, раскопачныя і такелажныя работы. Выкарыстанне кесонных методаў даследаванне можна прасачыць на прыкладзе вывучэнне карабля «Bella». Але перад гэтым колькі слоў з гісторыі гэтага сýдна.

Францыя. 1684 год, 24 ліпеня. Ад порта Ля-Рашэль адыходзіць эскадра ў складзе чатырох караблёў. На караблях, акрамя каманды маракоў, цывільнае насельніцтва: трыста пяцьдзесят мужчын і жанчын. Эскадра бярэ курс на Амерыку, а дакладней да вусця адной з буйнейшых яе рэк – Місісіпі. Мэта экспедыцыі – заснаваць ля вусця гэтай ракі паселішча французскіх каланістаў. Забегаючы наперад, адзначым, што менавіта тут пазней узніклі французскія факторыі, утварыўся штат пад назваю Луізіяна, з цэнтральным горадам Новы Арлеан, што яскрава сведчыць пра французскі след. Знешне адпраўка гэтай экспедыцыі выглядала пампезна. Яе блаславіў сам кароль Францыі Луі XIV.

Амаль да самай Амерыкі ўсё ішло добра. І толькі ўжо ў водах Мексіканскага заліва адзін з караблёў пад назваю «Bella», што ў перакладзе з лацінскай абазначае «Прыгажуня», апынуўся ў зусім нечаканымі для яго становішчы. Судна збілася з курсу, трапіла ў шторм і затанула. Глыбіня, на якую апусцілася судна, аказалася невялікая, усяго 12 фунтаў, што складае толькі 3,66 м.

Мексіканскі заліў. 1995 год. Амерыканскія падводнікі і археолагі абследуюць месца гібелі судна «Bella». Абследаванні паказалі, што захаванасць карабля вельмі фрагментарная для таго, каб яго можна было дастаць на паверхню. Мэтазгодней правесці раскопачныя работы на месцы гібелі карабля.

Дзеля гэтага па перыметру карабля, удвая большыя за яго параметра, на дно вадаёма апусцілі металічную скрыню – кесон. Сценкі гэтага кесона выступалі над узроўнем мора на 1,8 м і былі заглыблены ў дно заліва на 40-60 см. Сценкі кесона былі падвоеныя і паміж імі быў засыпаны пясок. Вада з кесона была адпампавана. І калі дно ў гэтым кесоне падсохла, пачаліся раскопкі. Перад гэтым участак раскопа разбілі на сетку квадратаў і пачалі паслойна распрацоўваць грунт, наносячы на план у адпаведным маштабе рэшткі карабля і пазначаць месцы выяўлення знаходак. Пад час гэтых раскопак былі знойдзены алавяны посуд, кулі, карцеч, скураны абутак, бочачкі і біклагі для віна і вады, канаты, шкілеты загінуўшых. Раскопкі далі ў рукі навукоўцаў арыгінальны матэрыял па гісторыі матэрыяльнай культуры французскіх каланістаў XVII ст. Каштавалі гэтыя работы 1 млн. 400 тысяч даляраў.

Цяпер некалькі слоў пра меліярацыйны спосаб у вывучэнні затанулых аб’ектаў і рэшткаў паселішчаў.

Першыя работы такога кшталту былі праведзены яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. у Швейцарыі. Праўда, паніжэнне ўзроўню вады над затопленым археалагічным помнікам адбылося тады натуральным, прыродным чынам.

Так, у 1853 – 1854 гг. у Еўропе была моцная засуха. Узровень вады ў возеры Цюрых, размешчаным у Швейцарыі, значна панізіўся. Жыхары навакольных да возера паселішчаў вырашылі скарыстаць гэтую акалічнасць і апрацаваць участкі, што вызваляліся ад вады пад сельгасугоддзі. У ходзе гэтых работ ля паселішча Обермайлен былі выяўлены рэшткі неалітычнага паселішча, узведзенага на пáлях, якія і прыцягнулі ўвагу археолагаў. Верагодна, што гэты выпадак падвёў некаторых навукоўцаў да думкі, што з дапамогаю штучнага паніжэння ўзроўню вады ў возеры можна даследаваць археалагічныя аб’екты, якія апынуліся пад яго водамі.

Італія, 1922 год. Да ўлады прыходзіць дыктатар Беніта Мусаліні. Як і шэраг іншых дыктатараў, для праслаўлення імперскіх амбіцый ён звяртаецца да гістарычных помнікаў, вывучэнне якіх павінны ўзмацніць патрыятычны дух нацыі. Мусаліні даводзяць, што ў 17-ці мілях на паўднёвы-усход ад Рыма, на дне возера Нэмі знайшлі свой апошні прытулак два караблі часоў Рымскай імперыі. Даводзяць, што караблі гэтыя, мяркуючы па пісьмовых звестках, былі вельмі шыкоўнымі. На іх былі багатыя пакоі, аздобленыя мармурам, каштоўнымі металамі і рэдкімі пародамі дрэва, былі нават сады і фантаны. Паступіў загад дастаць гэтыя караблі. І ў 1928 г. пры дапамозе магутных кампрэсараў ваду з возера Нэмі перапампавалі ў суседняе возера, якое па ўзроўню паверхні размяшчалася ніжэй. Работы доўжыліся чатыры гады. Узровень вады ў возеры панізілі больш як на 20-ць метраў! Ускрытыя караблі сапраўды аказаліся гіганцкімі. Іх даўжыня была больш за 70 м, а шырыня каля 20 метраў. На караблях археолагі выявілі тэрмы, пакоі, ўпрыгожаныя мазаікаю, сутарэнні якіх падпіралі мармуравыя калоны. Выказвалася меркаванне, што караблі належылі рымскаму імператару Калігуле ці Клаўдзію. Несумненна, што гэтае адкрыццё мела важнае значэнне для вывучэння гісторыі суднабудаўніцтва і мастацтва рымскай пары. Але лёс гэтага адкрыцця склаўся драматычна. У 1944 г. гэтыя караблі былі спалены салдатамі вермахту…

Падобным чынам, паніжэнне узроўню вады ў возеры і даследванне паселішчаў, праводзілі ў краінах Скандынавіі, у Польшы – гарадзішча Біскупін, размешчанае на востраве пасярод возера, паселішча неалітычнай пары Сарнатэ і перыяду ранняга сярэднявечча Арайшы ў Латвіі, паселішча эпохі мезаліту, схаванае пад вадою ў возеры Вячэра Любанскага раёна Мінскай вобласці.

У Расійскай імперыі першыя падводныя абследванні пачаліся ў 1905 г. у Крыме каля г. Феадосіі. У 30-е годы мінулага стагоддзя такія работы ахапілі сваёй ўвагаю і антычныя паселішчы Херсанес і Ольвія, частка якіх была затоплена морам.

У 1943 г. французскі спарстмен Ж.І. Кусто і інжэнер Э. Ганьян вынайсцілі легкі і глыбакаводны вадзяны рыштунак – акваланг (ад лацінскага слова agua вада і англійскага lung – лёгкае). Аквалангіст у адрозненне ад вадалаза цяжкага рыштунку можа знаходзіцца пад вадою аўтаномна, на працягу амаль гадзіны і пагружацца на глыбіню да 40 м. Такое прыстасаванне стварыла магчымасць для археолагаў-падводнікаў апускацца не толькі на бóльшую глыбіню, але і ахопліваць значна большую прастору, а значыць і ажыццяўляць даследаванні на значна бóльшай колькасці археалагічных помнікаў.

Істотны імпульс для развіцця айчыннай падводнай археалогіі прынесла дзейнасць прафесара Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта У.Д. Блавацкага. У 1956 г. ён прапанаваў групе студэнтаў гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта засвоіць вадалазную справу. А з 1957 г. пачала сваю дзейнасць пастаянная падводная археалагічная экспедыцыя пад яго кіраўніцтвам. Асноўным напрамкам яе дзейнасці сталі антычныя паселішчы схаваныя водамі Чорнага мора.

У 70–90-е годы мінулага стагоддзя увагаю археолагаў-падводнікаў было ахоплена і рэчышча Дняпра у Запарожжы. У выніку гэтых работ удалося вывучыць плавальныя сродкі X–XI і XIV–XVII ст, гарматы XIV–XVI ст. і верф XVIIІ ст.

У Беларусі налічваецца больш за сотню гідраархеалагічных помнікаў археалогіі: затопленыя паселішчы, капішчы, культавыя каменні, старажытныя масты і дарогі, старадаўнія прыстані і прычалы, затопленыя пахаванні і клады, сляды баёў, затопленая зброя і плавальныя сродкі.

Першыя росшукі старадаўніх рэчаў у Беларусі на дне вадаёмаў адносяцца да 1907 г., калі ў рэчышчы Ясельды ля в. Жабер Драгічынскага раёна вёўся пошук гармат, затопленых у XVII ст. Тады на паверхню удалося падняць восемь гармат. У 20-е годы мінулага стагоддзя праводзіліся падводныя работы на месцы пераправы войск Напалеона цераз Бярэзіну каля в. Студзёнка.

Чым выклікана была увага да гэтага месца? Справа ў тым, што пад час заняцця Масквы Напалеону ўдалося прыбраць да рук рэлікты Аружэйнай Палаты. Прычым іх было так шмат, што удалося з гэтых рарытэтаў выплавіць 325 пудоў срэбра (6,8 тоны) і 8 пудоў золата (128 кг). Пад час бітвы каля р. Бярэзіны, дзе над рэшткамі арміі Напалеона навісла асаблівая небяспека, гэты скарб некуды знік. Існуе думка, што яго схавалі у рэчышчы Бярэзіны. З таго часу неадно пакаленне і спецыялістаў, і аматараў старасветчыны, і чорных археолагаў, а часам і авантурыстаў, спрабуе знайсці гэты скарб. Але пакуль марна. Іншым разам у перыядычным друку з’яўляюцца паведамленні, што клад гэты знойдзены. Апошняя інфармацыя такога кшталту было змешчана ў газеце «Добры вечар» 5 студзеня 1995 г. Але звесткі гэтыя сказаліся несапраўднымі.

Планавыя падводныя раскопкі археалагічных помнікаў, што схаваны пад вадою, пачаліся ў Беларусі з 1979 г. Аб’ектам увагі археолагаў-падводнікаў стала паселішча старажытнага часу у возеры Дзерба у Браслаўскім раёне, каля гарадзішча Маскавічы. Паводле народнага падання тут, у водах возера, затоплена залатая лодка. Безумоўна, гэта толькі плён людской фантазіі, які нярэдка спадарожнічае некаторым з помнікаў археалогіі.

Паселішча было затопленае ў пару позняга сярэднявечча, калі адбылося павышэнне ўзроўню сусветнага акіяну. У выніку даследаванняў каля гэтых помнікау ў 1979–1988 гг. быў выяўлены культурны пласт таўшчынёю 20–30 см на плошчы 1 га, знойдзены гліняны посуд, косткі свойскіх і дзікіх жывёл, рэчы XVII– XVIIІ стст.

У 1982 г. пры Дзяржаўным музеі БССР была створана экспедыцыя гісторыка-археалагічных даследаванняў, якая 80-я гады правяла гідраархеалагічныя работы на Богінскім возеры, у Мінску у рэчышчы Свіслачы каля былога замчышча, у рэчышчы Заходный Дзвіны на месцы размяшчэння Барысавых каменёў дзе была зроблена шурфоўка дна, у выніку якой выяўлены знаходкі XII– XV стст.

У 1983 г. прадоўжыліся работы па вывучэнню затопленага селішча каля гарадзішча Маскавічы. Культурны слой са дна возера даставаўся на паверхню і прамываўся скрозь сіта з памерамі ячэяк 5×5 мм. У выніку гэтых работ былі знойдзены бронзавыя упрыгожванні старажытнарускага часу.

У 1985 г. працягваліся работы на возеры Дзерба. На дне возера былі адзначаны участкі з каменнымі брукоўкамі. У прыбярэжнай акваторыі былі закладзены шурфы. Выдаленне культурнага пласту ажыцяўлялася з дапамогаю эрліфта. Затым гэты пласт прапускаўся праз краты, прымацаваныя да плыта. На плыце слой дадаткова прапускаўся праз сіта і перабіраўся рукамі. У выніку гэтых даследаванняў былі знойдзены фрагменты шкляных бранзалетаў, бронзавыя спіральныя пранізкі, нож XI– XIIІ ст.

У 1987 г. пры Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага (на сёння БДПУ імя М. Танка) быў ўтвораны клуб спартсменаў-падводнікаў «Акватикус», які разам з археолагамі Акадэміі навук Беларусі і супрацоўнікамі музеяў працягвалі палявыя даследаванні. Узначаліў гэты клуб выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ імя М. Танка Сяргей Каблоў. Ён зрабіў і важкі ўнёсак у развіццё падводнай археалогіі ў Беларусі.

У 1988 г. група гэтага аб’яднання заклала на дне возера Дзерба раскоп плошчаю 60 кв. м, які распрацавала да глыбіні ад 1,5 да 3 м. Устаноўленыя кантрольныя кропкі раскопа пазначыліся на паверхні возера афарбаванымі буямі і вешкамі пад вадой. Для арыенціроўкі аквалангістаў ў мутнай вадзе паміж вешкамі квадратаў была нацягнута канатная сетка. У ходзе гэтых работ было собрана за поўсотню індывідуальных знаходак, сярод якіх бронзавыя і шкляныя ўпрыгожванні, касцяны грэбень, шпоры, замкі і іншыя прадметы побыту XII–XІV стст.

У 1989–1990 гг. гэта група праводзіла гідраархеалагічныя работы па вывучэнню акваторыі возера Іказнь ў Браслаўскім раёне. Мэтаю гэтых работ было вывучэнне дна каля вострава, на якім ў XV–XVII стст. размяшчаўся замак Яна Сапегі. Замак гэты, паводле пісьмовых звестак,злучаўся з берагам драўляным наплыўным мостам на спецыяльных чаўнах, які ў выпадку небяспекі хутка разбіраўся, а чаўны прытопліваліся. Меркавалася, што пад вадою уцалелі рэшткі гэтага маста. Работы вяліся на глыбіні 1,5–5 м у вельмі мутнай вадзе. У ходзе гэтых работ быў выяўлены насціл з дошак – рэшткі маста. Знойдзены і пáлі, відаць, таксама рэшткі канструкцыі маста. Са знаходак сустрэты баявая сякера XVІ ст., цэлыя кафліны і фрагменты глінянага посуду XV–XVII стст.

У 1991 г. у час работ на гэтым жа возеры быў падняты на паверхню і дастаўлены ў музей даўбёны човен (так званая дубіца). Човен акурат знаходзіўся на тым месцы, дзе, як меркавалася, у сярэднявеччы праходзіў мост. Непадалёку ад яго былі выяўлены яшчэ два чоўны, якія верагодна таксама мелі дачыненне да гэтага маста.

У тым жа годзе група «Alba Rossika» (назва былой группы з 1991 г.) праводзіла гідраархеалагічныя работы на возеры Дрысвяты каля вострава «Замак». Тут было дакладна устаноўлена месцазнаходжанне двух мастоў, што злучалі востраў з берагам. Вынікі гэтых работ падцвярдзілі данныя дакументальных крыніц і плана XVII ст., што захоўваецца ў Варшаве. Каля рэшткаў гэтых мастоў быў сабраны і рэчавы матэрыял таго жа часу.

У тыя ж гады, 1987–1991, праводзіліся падводныя даследванні і на возеры Сенніца каля в. Дарахі Гарадоцкага раёна. Тут падводнымі работамі вывучалася паселішча перыяду позняга неаліту і ранняй бронзы, якое было прытоплена вадою, знойдзены шматлікія фрагменты керамічнага посуду, каменныя і гліняныя грузілы, вырабы з каменю і косці.

Падводныя работы праходзілі і ў іншых регіёнах Беларусі. Так, у 1995 г. у рэчышчы Сожа каля вёскі Літвінавічы Кармянскага раёна быў знойдзены човен XII ст. А ў 1996 г. са дна ракі Шчара быў падняты човен XVI стст.

З 2000 г. і амаль да дня сённяшняга працягваюцца гідраархеалагічныя даследванні. Абследаваліся рэчышчы заходняй Дзвіны – шукалася старадаўняя прыстань, Дзісны – пошукі Барысавага каменя, воз. Сялява і Лепельская группа азёраў на прадмет пошуку затанулых плавацельных сродкаў.

Падводная археалогія па сваіх метадах настолькі сваеасаблівая, настолькі спецыфічная, што дае падставы даследчыкам вылучаць яе у самастойную галіну навукі. Наколькі гэта слушна – пакажа будучыня.