Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводз ны археалог ю (исправленный).doc
Скачиваний:
32
Добавлен:
03.11.2018
Размер:
1.02 Mб
Скачать

Археалогія ў сістэме дакладных, прыродазнаўчых і гуманітарных навук.

Як і кожная навука, археалогія мае сувязь з іншымі навукамі: дакладнымі, прыродазнаўчымі і гуманітарнымі. Прычым гэтая сувязь двухбаковая. Археалогія дае гэтым навукам вытокі іхняй гісторыі, а пералічаныя вышэй навукі дапамагаюць археолагам выяўляць, даследаваць і атрыбуціраваць артэфакты з археалагічных помнікаў.

Археалогія і дакладныя навукі. Да ліку дакладных навук адносіцца матэматыка. Роля гэтай навукі сярод астатніх навук бясспрэчна важная. Таму тут да месца будзе нагадаць словы Імануіла Канта: «Навука толькі ў той ступені навука, у якой у яе ўваходзіць матэматыка».11

І сапраўды, без элементарных арыфметычных падлікаў немагчыма падысці да статыстычнай апрацоўкі колькасных даследаванняў археалагічнага матэрыялу, найперш масавых знаходак: керамікі, астэалагічных і батанічных рэшткаў, з тым, каб пасля гэтай апрацоўкі колькасныя паказчыкі перавесці ў працэнтныя, якія больш наглядна ілюструюць узровень і дынаміку развіцця гаспадаркі. Напрыклад, каб зрабіць выснову, што на гэтым паселішчы ў пэўны час у гаспадарцы насельніцтва жывёлагадоўля пераважала над паляваннем, нам трэба зрабіць падлік — статыстычную апрацоўку ўсяго археазаалагічнага матэрыялу з гэтага помніка, падлічыць, колькі костак належыць свойскай жывёле, а колькі дзікай, і перавесці гэтыя колькасныя паказчыкі ў працэнтныя, што і дасць нам яскравы малюнак больш ці менш праўдзівай карціны тагачаснай гаспадаркі. Так, на Замкавай гары ў Гродна на долю дзікіх жывёл прыпадае 55 % костак ад агульнага астэалагічнага матэрыялу, а ў старажытным Навагрудку на долю дзікіх жывёл прыходзіцца ўжо 33 %, што наглядна ілюструе, якое месца займала паляванне ў гаспадарцы тагачасных жыхароў Гродна і Навагрудка.

Лічбавыя паказчыкі не на эмацыйным, а на рэальным успрыняцці могуць праілюстраваць ступень абароненасці ўмацаванняў некаторых помнікаў. Так, паводле элементарных падлікаў устаноўлена, што агульная даўжыня перашкоды (адлегласць ад грэбня вала па яго знешнім схіле да дна абарончага ірва) для дзядзінца летапіснага Капыля складала з улікам вышыні вастракола недзе 23 — 24 м. Пры стромкасці схілаў капыльскага гарадзішча ў 60–70гэта сапраўды выглядае як унушальная перашкода для ворага. Для параўнання зазначым, што агульная даўжыня перашкоды для гарадзішча Замэчак у Заслаўі складае толькі 6,5 м.

Матэматычныя падлікі могуць праліць святло на ўяўленне адносна выкарыстання прыродных рэсурсаў і энергазатрат на ўзвядзенне тагачасных абарончых збудаванняў. Так, паводле нашых падлікаў на ўзвядзенне абарончага вала дзяцінца Віцебска 1136 — 1140 гг. было высечана 2772 м³ лесу або 46216 ствалоў дрэва, якія маглі займаць плошчу ў 12 — 14 га. Аб'ём грунту на ўзвядзенне насыпу гэтага вала склаў не менш як 17748 м³. Для рэалізацыі гэтых работ было выкарыстана 20361 чалавека-дзён, або 100 — 140 чалавек на працягу 200 – 150 працоўных дзён на працягу чатырох гадоў.

А для таго, каб праілюстраваць інтэнсіўнасць жыцця на якімсьці з помнікаў у пэўны прамежак часу, складаюцца карэляцыйныя табліцы знаходак, размеркаваных па раскопачных пластах ці стратыграфічных слаях.

Слова карэляцыя — лацінскага паходжання, ад corralatio і азначае суадносіны, суадносіны прадметаў, іх адпаведнасць адзін да аднаго. На падставе дадзеных карэляцыйных табліц можна скласці графікі-дыяграмы распаўсюджанасці тых ці іншых знаходак у раскопачных пластах помніка, што наглядна праілюструе дынаміку развіцця гаспадаркі ці гандлёвага абмену, калі гаворка ідзе пра рэчы іншаземнага паходжання.

Матэматычныя метады выкарыстоўваюцца і ў археалагічных рэканструкцыях, камп’ютэрным мадэліраванні. Кампп’ютэрнае мадэліраванне пашырана ў замежнай археалогіі. Яно выкарыстоўваецца для праверкі гіпотэз, успаўнення тых працэссаў, якія цяжка обо немагчыма назіраць непасрэдна. Напрыклад мадэліруюцца размнажэнне і рассяленне чалавечых калектываў на працягу тысячагоддзяў, каб выявіць доўгатэрміновыя вынікі і заканамернасці гэтага працэсу. Так, беларускаму навукоўцу Вячаславу Насевічу ўдалося змадэляваць працэс рассялення чалавека ў эпоху ніжняга палеаліту. На гэту тэму ім была нават абаронена ў 1991 г. дысертацыя ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.

А ўвогуле матэматычныя дадзеныя — лічбавыя паказчыкі – гэта тое, з чаго ўласна пачынаецца дэманстрацыя крыніцазнаўчай базы археолага-даследчыка: колькасць абследаваных ім помнікаў, у тым ліку і ўпершыню выяўленых, ускрытая плошча раскопу на помніку, колькасць артэфактаў, на якіх аўтар даследавання будуе свае высновы.

Несумненна, археалогія ілюструе і зваротную сувязь — вытокі матэматычнай навукі. Гэта можна заўважыць па гіганцкіх збудаваннях эпохі энеаліту і бронзы: мегаліты-Стоўхендж і піраміды Егіпта, узвесці якія без матэматычных падлікаў было б проста немагчыма. А на прыкладзе храмавага дойлідства гарадоў таражытнай Русі, у тым ліку Полацка, Віцебска, Гродна, Мінска, Турава можна прасачыць развіццё тагачаснай матэматычнай думкі. З дзесяткаў вядомых гістарычнай навуцы храмаў ХІІ ст. ні адзін з іх не мае цалкам паўтарэння архітэктурных формаў і канструкцыйнага вырашэння. Устаноўлена, што будаўніцтва гэтых храмаў вялося з дапамогай складаных матэматычных разлікаў. Дойліды Старажытнай Русі добра ведалі прапорцыі, «залатое сячэнне», якое ім было вядома з формулы Архімеда. Таму, закладваючы падмурак сабору і выцягваючы ўгору яго сцены з пілястрамі, калонамі, апсідамі, тагачасны архітэктар выкарыстоўваў своеасаблівы графік — «вавілон», якім мадэліравалася збудаванне12. Праўда, на думку некаторых даследчыкаў у будаўніцтве асобных храмаў існавалі матэматычныя пралікі (напрыклад, мінскі храм пачатку ХІІ ст.)13, але гэта тым больш ілюструе, што матэматыка была вядома тагачасным дойлідам.

Археалогія і прыродазнаўчыя навукі. Да ліку прыродазнаўчых навук адносяцца тыя з іх, якія вывучаюць прыродныя з'явы. Гэта фізіка, хімія, біялогія, медыцына, геаграфія, астраномія і вытворныя адгалінаванні гэтых навук.

Археалогія і фізіка. Супрацоўніцтва археалогіі і фізікі пачынаецца ўжо на стадыі пошукавых, палявых работ. З дапамогаю фізічных прыбораў ажыццяўляюцца электраразведка і магнітная разведка.

Метад электраразведкі. Кожная рэч, як вядома з курсу фізікі, мае сваю ступень праводнасці электрычга току. У нашым выпадку розную ступень электрычнай праводнасці маюць пясок, гліна, вапна, камень і гумусаваны, насычаны рэшткамі арганікі культурны пласт. Менавіта на гэтую акалічнасць і звярнулі ўвагу фізікі. Цяпер застаецца на абраным вамі для даследавання ўчастку, па вуглах умоўнага чатырохкутніка заглыбіць электроды і прапусціць па іх пераменны ток. І на экране манітора з'явяцца абрысы помніка: рэшткі жытла, камяніцы — рэшткаў храма ці абарончай сцяны замка.

Упершыню метад электраразведкі быў ужыты ў 1946 г. у Англіі Р.Аткінсанам. У былым СССР — у 1962 г. пад Ленінградам на неалітычных паселішчах і ў 1963 г. пры вывучэнні старажытнага Ізяслаўля (Украіна). У тым жа годзе гэты метад быў выкарыстаны і ў Беларусі пры даследаванні гарадзішча Кальвіншчына (Гаштольдава гара) ў Дзяржынску (Койданаве) Э.М. Загарульскім. З дапомогаю гэтага метада былі выяўлены рэшткі муроўкі Кальвінскага збору XVI ст., зруйнаванага ў 30-е гады мінулага стагоддзя. А ў 1988 г. метад электраразведкі прымяніў С.В. Тарасаў пры вывучэнні ўмацаванняў гарадзішча Полацка ІХ — Х стст. Было устаноўлена, што умацаванне – вал старога гарадзішча мела перарыўны характар.

Вельмі значны вынік гэты метад даў пры даследаванні старажытнага Карфагена у г. Туніс (сталіца дзяржавы Туніс у Паўночнай Афрыцы). З курсу гісторыі Старажытнага Рыма вядома, што ў 146 г. да н. э. здзейснілася зацятая мара рымскага сенатара Марка Порцыя Катона Старэйшага, які кожны свой выступ у сенаце заканчваў словамі: «Ceterum censеo Carthaginem esse delendam» — «акрамя таго, я перакананы, што Карфаген павінен быць зруйнаваны». Аднак неўзабаве на месцы старога Карфагена ўзнік новы, адбудаваны па рымскім ўзоры, які пераўтварыўся ў мегаполіс з насельніцтвам больш як за 300 тыс. чалавек. Тут, як і ў большасці тагачасных рымскіх гарадоў, былі форум, тэатр, шмат храмаў, знакамітыя тэрмы Антаніона, а на заходняй ускраіне горада — цырк, які сваёй авальнай формай больш паходзіў на стадыён ці на іпадром, бо быў славуты спаборніцтвамі на калясніцах. На пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя гістарычнай зоне Туніса, дзе некалі размяшчаўся Карфаген, пачала пагражаць бяспека знішчэння новабудам. Было прынята рашэнне правесці ў гэтай зоне археалагічныя даследаванні. У рамках праекта ЮНЕСКА ў Туніс прыбыла археалагічная экспедыцыя Польскай Акадэміі навук. І за чатыры месяцы экспедыцыя ў складзе шасці спецыялістаў празандзіравала тэрыторыю ў 320 тысяч квадратных метраў! На падставе гэтых дадзеных была складзена карта з абрысамі ўсіх рэшткаў канструкцыі старажытнага стадыёна.

Ужо сама гэта карта да кантрольных раскопак дала шмат цікавай інфармацыі. Аказалася, што поўная даўжыня стадыёна была 550 м, шырыня — 148 м, а памеры арэны — 80х448 м. Паводле падлікаў навукоўцаў, такі стадыён мог умясціць ад 130 да 140 тысяч гледачоў (для параўнання: мінскі стадыён «Дынама» ўмяшчае толькі 50 тыс. гледачоў). Праведзеныя такім чынам рэкагнасцыровачныя работы далі магчымасць у больш кароткі тэрмін правесці маштабныя археалагічныя раскопкі гэтага унікальнага збудавання.

Метад магнітнай разведкі. Вядома, што ў розных месцах нашай планеты напруга магнітнага поля розная. Так, на полюсах яна ўдвая мацнейшая, чым на экватары. Для кожнага шыротнага пояса спецыялістамі вызначана свая магнітная напруга. На гэтым фоне, у тых месцах, дзе размешчаны рэшткі старадаўніх паселішчаў, якія ўключаюць камяні, цэглу, абпаленую гліну, рэшткі вогнішчаў, магнітная напруга будзе выглядаць анамальна. Гэтую розніцу і ўлоўлівае магнітаметрычны прыбор, які і перадае гэтыя адхіленні ў выглядзе абрысаў помніка на экране манітора. Упершыню гэты метад быў ужыты ў 1956 г. у Англіі М.Эйткіным.

З дапамогаю гэтага метаду было ў 1973 і 1974 гг. вывучана паселішча трыпольскай археалагічнай культуры, размешчанае ва Украіне ў Чаркаскай вобласці каля сяла Майданецкае. Плошча паселішча звыш 2 км². Большая частка паселішча занята сельгасугоддзямі і таму ні з зямлі, ні з паветра прасачыць абрысы гэтага паселішча не было магчымым. Глеба ў гэтай мясцовасці — чарназём, таўшчынёю да 70 см. Пад чарназёмам — жоўты суглінак. Таму вылучыць стратыграфічна культурны пласт чорнага колеру на фоне чарназёма было немагчыма.

Рэшткі трыпольскіх жытлаў, як паказала шуфроўка, залягаюць у ніжнім слоі чарназёму, на глыбіні прыкладна 50–70 см. Плошча гэтых жытлоў каля 100 м2. Асноўнай мэтай геафізічных работ на гэтым помніку было складанне падрабязнага плану размяшчэння старажытных жытлаў на ўсёй тэрыторыі помніка. Магнітная здымка плану рэшткаў жытлаў вялася па квадратнай сетцы, дзе квадраты мелі памеры 4х4 м.

Практычна ўсе выяўленыя анамаліі адпавядалі шукаемым аб'ектам — трыпольскім жытлам. Усяго з дапамогай гэтага метаду на тэрыторыі Майданецкага паселішча геамагнітным метадам было вылучана 1575 жытлаў! Атрыманыя такім шляхам дадзеныя дапамаглі ў далейшым эфектыўна праводзіць на гэтым помніку археалагічныя раскопкі.

З дапамогай гэтага метаду ў 60-я гады ХХ ст. быў выяўлены і старажытны горад Сібарыс, размешчаны на поўдні Італіі, які даў хадзячую назву яго насельнікам з-за іх распешчанага, раздуранага раскошаю ладу жыцця. Каб хоць троху атрымаць уяўленне пра іхні лад жыцця, можна прывесці колькі фактаў. Так, жыхары Сібарыса, можа, як ніхто з прадстаўнікоў антычнага свету, любілі смачна паесці. Таму асоба кухара ў гэтай дзяржаве карысталася асаблівай павагай, прычым настолькі, што аслабанялася ад падаткаў. А некаторыя антычныя аўтары сцвярджалі, што віно паступала ў дамы сібарытаў па гліняных і свінцовых трубах прама з вінадзельняў! А вынаходніцтвам сібарытаў стаў начны гаршчок14

Вельмі блізка да такіх прыбораў стаіць прыбор пад назвай металадэтэктар, дакладны пераклад гэтага слова – металашукальнік. У чым крыецца прынцып дзеяння яго працы? На канцы гэтага прыбора знаходзіцца пошукавая рамка з катушкай перадатчыка, якая выпраменьвае электрамагнітныя хвалі. Гэтыя хвалі распаўсюджваюцца ў зямлі і, наткнуўшыся на металічны прадмет, выклікаюць у ім індукцыю: прадмет, у сваю чаргу, вылучае хвалі, якія прымае прыёмнік, што знаходзіцца ў пошукавай рамцы. Затым гэты сігнал паступае ў кантрольна-аналітычны блок, пераводзіць іх у гук, які і даносіцца да даследчыка праз навушнікі. У залежнасці ад класа і магутнасці прыбора аналітычны блок металадэтэктара распазнае вялікія і дробныя прадметы, чорны і каляровы метал, глыбіню яго залягання.

Металадэтэктар быў распрацаваны ў ЗША ў 20-я гады мінулага стагоддзя, для выяўлення інструмента і гатовай прадукцыі, якую выносілі з завода рабочыя. Цягам часу гэтым вынаходніцтвам зацікавіліся ваенныя, дапрацавалі яго і пераўтварылі ў мінашукальнік, які шырока ўжываўся ў гады Другой сусветнай вайны.

Пасля вайны гэтыя прыборы танна прадаваліся ў ЗША і знайшліся многія, хто хутка ўцяміў пра магчымасці такіх прыбораў у пошуках скарбаў. Адным з такіх скарбашукальнікаў быў вядомы Мелвіл А. Фішэр, фермер з Каліфорніі, які, прадаўшы сваю ферму, дзе да гэтага гадаваў птушак, а атрыманыя грошы ўклаў у скарбашукальніцкае прадпрыемства.

Прыкладна з сярэдзіны мінулага стагоддзя металашукальнікі сталі выкарыстоўваць у археалогіі. Спачатку на разведках, а затым і ў раскопках.

Справа ў тым, што як бы пільна не праглядаўся культурны пласт пад час раскопак, а ўсё ж да 30% вырабленых з металу артэфактаў, па назіраннях навукоўцаў, трапляюць у адвал – адпрацаваны культурны слой, які вынесены па-за межы раскопак [гл. Вахрушин С.И., Кулешов Ю.Г., Станюкович А.К. Применение металлоискателей в археологии // Новое в применении физико-математических методов в археологии. М., 1979. С. 58 – 63].

Праўда, набыць металашукальнік у былым СССР было амаль немагчыма, бо адпаведныя структуры мелі падазрэнне, што хтосьці зможа іх выкарыстаць у шпіёнскіх мэтах [гл. Я познаю мир: Детская энциклопедия: Клады и сокровища / авт.-сост. Л.Б. Сумм. М., 2002, с. 45]. Сёння, як бы іранічна не выглядалі такія паводзіны, але, як пакажуць далейшыя падзеі, яны мелі станоўчае значэнне, бо забяспечвалі захаванасць помнікаў. Але пра гэта трошкі пазней.

У Беларусі металашукальнік упершыню быў выкарыстаны ў 1972 г. на раскопках селішча Тайманава (помнік ранняга жалезнага веку ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобласці) М.Ф. Гурыным, вядомым металазнаўцам, археолагам, доктарам гістарычных навук. (Прыбор называўся «ИМП – искатель минный полупроводниковый» і быў набыты ў адной з воінскіх частках як спісаны з-за неспраўнасці.) Даследчык «празвоньваў» паквадратна плошчу раскопа і тыя месцы, якія «падавалі гук», адзначаў невялікімі тычкамі. Рабочыя, што раскопвалі затым пазначаны квадрат, больш пільна праглядалі ў гэтых месцах культурны пласт, што і забяспечвала меншую страту металічных артэфактаў.

Канешне, металашукальнікі той пары саступалі сённяшнім па дасканаласці, але ўсё ж такі нейкі плён ад іх працы быў.

Сёння на ўзбраенні даследчыкаў маюцца металашукальнікі фірмаў «Fisher», «Whites», «Minilab». Некаторыя з іх даволі складаныя і дорага каштуюць, парадка 400 і больш у.а. Але калі гэта перашкода для навукоўцаў, дык ніяк не для чорных археолагаў, скарбашукальнікаў. Апошнія наносяць непапраўную шкоду помнікам археалогіі і навуцы, а ўвогуле дзяржаве. На жаль, на сёння, у нашай краіне няма закона, які б забараняў такую дзейнасць. Для параўнання адзначым, што ў суседняй Літве Сейм рэспублікі прыняў спецыяльны закон, які забараніў «работу» чорных археолагаў – выкарыстанне прыватнымі асобамі металашукальнікаў.

Праўда, з жалем даводзіцца канстатаваць, што не ўсе археолагі правільна, належным чынам, выкарыстоўваюць на раскопках металашукальнік. Празваніўшы ўчастак, яны пачынаюць натуральна рыць саўком, а то і рыдлёўкай гэта месца, каб дастаць артэфакт. Але вядома, што выяўленая такім чынам знаходка непазбежна губляе свой гістарычны кантэкст, што амаль абясцэньвае гэты матэрыял для гістарычнай рэканструкцыі вывучаемага аб’екта. Будзем спадзявацца, што гэтая хвароба першапраходцаў Кландайка калі-небудзь пройдзе ў гэтых навукоўцаў.

Наступная галіна, якой фізіка ўваходзіць у археалогію — гэта вызначэнне склада рэчы. Дзеля гэтага існуе некалькі метадаў, напрыклад, атамна-спектральны аналіз, рэнген-флуарэсцэнтны, лазерны спектральна-эмісіённы метад, метад ультрагукавой дэфектаскапіі і інш.

Напрыклад, метад атамна-спектральнага аналізу дазваляе адносна хутка і танна вызначыць якасны склад змесціва рэчы з каляровага металу і шкла. А вось лазерны спектральна-эмісіённы метад дасць амаль дасканалы малюнак змесцівых рэчываў у артэфакце. Прыкладам таму вывучэнне адной цікавай знаходкі з раскопак Капыльскага замчышча ў 1999 г. Гэтай цікавай знаходкай з'яўлялася накладка-наканечнік на рэмень, атрыбут вікінгаў. Як паказваў візуальны аналіз, артэфакт быў выраблены з каляровага металу на меднай аснове. Пра гэта сведчыў спецыфічны вокісел на яго паверхні — зялёнага колеру. Звычайна такі вокісел уласцівы для вырабаў з медзі, бронзы і латуні. Вонкавы бок знаходкі быў пакрыты мудрагелістым рэльефным арнаментам. Паміж рэльефнымі выявамі пакрыцця пласціны прасочваліся рэшткі нейкай масы жаўтаватага колеру. Што гэта? З дапамогай спецыялістаў удалося высветліць, што пласціна была выраблена з медзі, а прысутнасць у ёй свінцу і волава — прыродныя дамешкі. Але самае цікавае, што ўстанавілі прыборы, пласціна была пакрыта тонкім слоем пазалоты, дзе ўтрыманне золата складала 70 — 75 %. Астатняе, у якасці дамешку, складала срэбра. Жоўтая маса, што запаўняла прамежкі паміж рэльефамі малюнка, быў амальгалізатар — спецыяльны раствор на ртутнай аснове, неабходны для замацавання пазалоты на паверхні знаходкі. Як бачым, досыць складаная тэхналогія для артэфакта Х ст.

Метад ультрагукавой дэфектаскапіі выкарыстоўваецца для вывучэння вырабаў з чорнага металу, у прыватнасці для вызначэння разнастайных уключэнняў у склад рэчы, вырабленай з чорнага металу. Дзеля гэтай патрэбы выкарыстоўваюць і рэнтген. З дапамогай фізічных прыбораў можна вызначыць ступень цвёрдасці чорнаметалічных вырабаў, ступень іх загартоўкі і інш.

Часам фізічныя метады даследавання артэфактаў, іх спектральны аналіз, выяўляе пэўныя парадоксы ў гісторыі. Прыклад:

Англія. 1124 год. Кароль Англіі Генрых І загадвае да Раства Хрыстова адчаканіць новыя манеты. З усёй краіны да каралеўскага двара збіраюць майстроў манетнай справы і змяшчаюць іх у Вінчэсцерскае абацтва. Пачаўся выпуск новай манеты. Але праз колькі часу каралю даносяць, што майстры партачаць — выпускаюць непаўнавартасную манету, падмешваючы ў срэбра, з якога належала чаканіць манеты, розныя дамешкі: свінец і волава. Прычым, па словах даносчыкаў, утрыманне срэбра ў гэтых манетах зніжалася да адной трэці ад патрэбнага. І, як вынік гэтага, англійскі пенс абясцэньваецца, адсюль упадак у гаспадарцы і няўдачы ў вайне з Францыяй. Адсюль і гнеў караля. Расправа над майстрамі была вельмі жорсткай, нават для тагачаснай эпохі. Чаканшчыкам манет спачатку адсеклі правую руку, а затым — аскапілі (верагодна, каб спакуса падманваць караля не перадавалася генетычным шляхам).

Англія, другая палова ХХ ст. Археолагі і фізікі Оксфардскага ўніверсітэта вывучаюць манеты са скарбу перыяду праўлення караля Генрыха І і робяць ашаламляльнае адкрыццё. Аказваецца, утрыманне срэбра ў манетах перыяду праўлення Генрыха І складала 90 — 95%! Волава ,якое чакалі сустрэць у гэтых манетах, на самой справе адсутнічала. Мала таго, дамешак золата ў змястоўных гэтых манет складаў каля 0,5 %, што звычайна і назіраецца ў прыроднай сыравіне для вытворчасці срэбра. Выходзіць, што майстроў дарэмна зрабілі калекамі і еўнухамі. У такім разе напрошваецца пытанне, што ўсё ж такі адбылося? Магчыма, сапраўды была выпушчана пэўная колькасць фальшывых манет, верагодна, каб справакаваць караля. У такім разе гэта можна расцэньваць як праяву палацавай інтрыгі. Мала таго, на сёння сярод калекцыянераў фальшывыя манеты той эпохі цэняцца куды больш за сапраўдныя!

Сучасныя фізічныя прыборы дазваляюць пранікаць даследчыку і ў таямніцу замагільнага свету, не парушаючы спакою нябожчыка. Згадайце цыкл фільмаў пра мумію, якая помсціць даследчыкам, што патурбавалі яе спакой? Дык вось сёння, з дапамогай сканера можна вывучаць пахаванні старажытных егіпцян — муміі, зусім не ўскрываючы саркафага і атрымліваць трохмерную выяву чэрапа муміі.

З дапамогай фізічных метадаў даследавання археалогіі атрымліваюць і адказ на самае галоўнае пытанне — калі гэта адбывалася, альбо інакш гаворачы — звесткі пра датаванне. Але пра гэта ўжо гаварылася ў мінулым раздзеле. Даведацца больш падрабязна пра ўнёсак фізікаў у археалагічную навуку можна з кнігі М.Дж. Эйткіна «Физика и археология».

Ну а адваротная сувязь, што дае археалогія фізіцы? Тут вельмі просты адказ. Усе сённяшнія дэталі механізмаў — гэта эвалюцыйны працэс іх развіцця з глыбокай старажытнасці, пачынаючы з моманту вынаходніцтва рычага, вядомага як мінімум з эпохі неаліту.

Археалогія і хімія. Калі фізіка з дапамогай адпаведных прыбораў дапамагае археолагам пранікнуць у змесціва рэчаў, дык хімія дае інфармацыю пра тэхналогію вытворчасці старажытных рэчаў. Прычым, для кожнай эпохі, для кожнага рэгіёна, будуць свае школы і свае традыцыі вытворчасці гэтых рэчаў. Гэта тычыцца найперш каляровай металургіі, напрыклад, вытворчасці бронзы, гэта тычыцца вытворчасці шкляных вырабаў: пацерак, бранзалетаў, посуду, аздобы храмаў, напрыклад, смальты. Так, спецыялістамі ўстаноўлена, што склад бронзы для Х — ХІ стст. у гарадах Кіеўскай Русі – гэта ў большасці сваёй сплаў медзі з цынкам. На долю вырабаў з «чыстай медзі», свінцова-алавяністай і алавяністай бронзы у гэты перыяд прыпадае ўсяго 19,5 %. У той жа час для паселішчаў Прыбалтыкі з VІ па ХVІ ст. сплаў медзі з цынкам быў асноўным сплавам для бронзавых вырабаў. У ХІІ — ХІV стст. у гарадах Русі гэты паказчык ужо дыяметральна процілеглы. Сплаў медзі з цынкам займае 19,3 % у той час, як вырабы з чыстай медзі, свінцова-алавяністай і алавяністай бронзы складаюць ужо 64,9 %.

А шкляныя бранзалеты, якія даволі часта знаходзяць у гарадах Кіеўскай Русі, па сваім хімічным складзе адрозніваюцца ад шкляных бранзалетаў, вырабленых у Візантыі. Так, для шкляных бранзалетаў, вырабленых у гарадах Русі ХІІ ст., найбольш уласціва хімічная формула Si—Pb—K, дзе Si — крэмнязём, пясок, Pb — свінец, K — калій, паташ (сода), які выраблялі з попелу драўніны. А для шкляных бранзалетаў візантыйскай вытворчасці ўласціва хімічная формула Si—Pb—Na, дзе Na — той жа паташ, але выраблены з попелу марскіх водарасцяў, якіх натуральна ў гарадах Русі быць не магло.

Цікава, што вывучэнне хімічнага складу шкляных бранзалетаў з гарадоў Кіеўскай Русі ілюструецца, наколькі дасканалымі былі веды тагачасных майстроў у тэхналогіі вытворчасці рознакаляровага шкла. Так, для атрымання бірузовага і цьмяна-чырвонага колеру майстры выкарыстоўвалі медзь, для атрымання зялёнага, карычневага і чорнага колеру — жалеза, для атрымання фіялетавага колеру — марганец, а спалучэнне апошняга з меддзю даваў ужо сіні колер. Жоўты колер даваў дамешак волава.

З дапамогай хімічных рэактываў можна атрымаць дадатковыя дадзеныя пра вытворчасць чорнаметалічных вырабаў. Так, пасля зачысткі і траўлення растворамі азотнай кіслаты чорнаметалічнага вырабу: можна атрымаць звесткі пра яго макраструктуру выявіць стальную наварку на жалезную аснову нажа, сякеры, цясла і г. д. Шырока ўжываюцца дадзеныя хімічнай навукі для расчысткі і кансервацыі артэфактаў археалагічнага паходжання. Але гэта тэма ўжо наступнага раздзела.

І апошняе. Менавіта хімікамі была адкрыта пераходная эпоха ад каменнага века да бронзавага – энеаліт (меднакаменны век). Аналізуя старажытныя рэчы, якія на першы погляд успрымаліся як бронзавыя, французскі хімік XIX ст. Р. Бертэла прыйшоў да высновы, што яны не бронзавыя, і медныя.

Археалогія і батаніка. «Учение об исходном материале, о происхождении культурных растений должно быть положено в основу научной селекции». Гэтыя словы выбітнага навукоўца, селекцыянера М.І. Вавілава сталі праграмнымі ў яго навуковай дзейнасці. І сапраўды, Мікалай Іванавіч Вавілаў не пачынаў сваіх работ па селекцыі без дэталёвага вывучэння археалагічных і літаратурных крыніц па гісторыі раслін, з якімі планаваў свае далейшыя навуковыя доследы. Менавіта яму належыць выснова, што: «Начало культуры ржи имело место значительно позже пшеницы и ячменя, о чем свидетельствуют данные археологии и лингвистики» (Вавилов Н.И. О происхождении культурной ржи. Избранные труды. Т. 3, М. — Л., 1962. с. 466).

Пад час археалагічных раскопак старажытнарускіх гарадоў, дзе культурны пласт добра захоўвае арганіку, нярэдка сустракаецца абвугленае зерне. Толькі ў Беларусі яго знаходзілі больш чым на двух дзесятках археалагічных помнікаў, сярод якіх і гарадзішчы ранняга жалезнага веку (Банцараўшчына, Загорцы, Свіла) і буйныя гарады: Полацк, Мінск, Віцебск, Гродна, Брэст і інш.

Вызначэннем спецыялістаў устаноўлена, што ў ХІ — ХІІІ стст. у Беларусі вырошчвалі зернявыя культуры: жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, проса, грэчку; бабовыя: бабы драбнаплодныя і харчовыя, тэхнічныя: лён і канаплю. Акрамя таго, па дадзеных археалогіі, у гарадах Беларусі былі вядомыя гародніна і садавіна. Так у Полацку знойдзена насенне агуркоў, якія меліся на бандарным донцы, костачкі вішань і сліў знойдзены ў Полацку, Мінску, Гродна, Віцебску і Слуцку. А ў Віцебску, на яго Ніжнім замку, у адной гаспадарчай пабудове ХVІІ ст. у бочцы былі знойдзены цэлыя яблыкі, дыяметрам з пяцікапеечную манету савецкіх часоў. Як правіла, сярод зерня культурных раслін сустракаецца і насенне пустазелля: лебяды, конскага шчаўя, проса курынага і інш., якія ўласцівы пэўным сістэмам севазвароту.

Аб'ектам увагі археабатанікаў з'яўляюцца не толькі абгарэлыя зярняты, але і яго адбіткі на гліняным посудзе, па якіх таксама можна атрымаць пэўную інфармацыю пра тагачасныя раслінныя культуры. Але гэты від крыніц адносіцца, як правіла, да перыяду эпохі неаліту і ранніх металаў. Піянерам ў гэтай справе на Беларусі з’яўляецца М.І. Лашанкоў [гл. Лошенков М.И. Археоботонические коллекции с городищ милоградской культуры Чорнае, Отрубы и Красная горка в Беларуси // Российская археология. 2010. № 3].

Што дае археалогія самой батаніцы? Яна даводзіць гісторыю эвалюцыі віда. Напрыклад, пэўны час лічылася, што самае старажытнае з зерневых культур — гэта жыта. Гэта нават знайшло адлюстраванне ў фальклоры, напрыклад: «Жытнёвы хлеб — калачам дзед». У сапраўднасці ўсё аказалася з дакладнасцю наадварот. Археалагічнымі раскопкамі, што праводзіліся яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на гарадзішчы Кармір-Блур (Арменія), было ўстаноўлена, што ў VІІ ст да н. э. жыта было пустазеллем, якое сустракалася тут сярод злакавых: пшаніцы і ячменю. Гэта пустазелле – Secale montanum Guss — або «горнае жыта» М.М. Вавілаў сустракаў пад час экспедыцыі ў Афганістане ў пасевах азімай пшаніцы паблізу ад Кабула і Герата.

Далей, паводле дадзеных археалогіі сучасная кукуруза эвалюцыянавала з маісу, які вырошчвалі ў Мексіцы яшчэ 7 тыс. гадоў таму. Даўжыня пачаткаў той «кукурузы» была ўсяго 2,5 см. Да часу іспанскага заваявання Мексікі ў 1521 г., даўжыня пачатку была ўжо 13 — 15 см. Сёння, як вядома, гэта 25 — 35 см.

Параметры зерня злакавых, напрыклад, пачатку ХІV ст. з нашых раскопак на Верхнім замку Віцебска ў параўнанні з сучаснымі ўзорамі выглядалі так: даўжыня зерня жыта была ў межах 5 – 7,4 мм (сучаснага — 7 — 8 мм), пшаніцы 4,1 — 4,9 (сучаснай 4 — 8 мм), ячменю 6 — 7 мм (сучаснага 7 — 10 мм), аўсу 8,1 — 11,1 мм (сучаснага 8,5 —12 мм).

Важкі ўнёсак у вывучэнне палеабатанічных рэшткаў з археалагічных помнікаў Беларусі зрабілі Фляксберг К.А. (Мінск), А.В. Кір'янаў і М.А. Кір'янава (Масква), Т.М. Каробушкіна і Д.І. Траццякоў (Мінск).

Археалогія і заалогія. Заалогія, як вядома, навука пра жывёльны свет. Пад час археалагічных раскопак на ўсіх відах паселішчаў (асабліва ў гарадах), а часам і на некаторых могільніках, сустракаюцца ў даволі значнай колькасці косткі жывёл. Ужо толькі адзін лічбавы паказчык, без вызначэння відаў жывёл, дае інфармацыю пра інтэнсіўнасць жыцця на паселішчы. Раскладка ж астэалагічнай калекцыі на дзве буйныя групы: косткі дзікіх і свойскіх жывёл, падводзяць да высновы, што дамінавала ў гаспадарцы – паляванне або жывёлагадоўля. Далейшае вызначэнне спецыялістаў адкажа на пытанне, якія свойскія жывёлы пераважалі ў статку, напрыклад, буйная рагатая жывёла або дробная, колькі працэнтаў асобін прыпадае на свіней і коней. Вызначэнне спецыялістаў пакажа, што дамінавала ў паляўнічых трафеях таго часу: буйныя парнакапытныя, напрыклад, зубр, алень, лось, дзік — з мэтай здабычы мяса або футравыя віды жывёл – куніца, бабёр, выдра, ліса — з мэтай здабычы футра, якое ішло не толькі на ўласныя патрэбы але і на гандлёвы абмен.

Вызначэнні спецыялістаў пакажуць і эвалюцыю відаў жывёл. Так, прадстаўнікі ляснога свету ў старадаўнія часы былі большымі ў параўнанні са сваімі сённяшнімі суродзічамі. Тлумачыцца гэта ўмяшальніцтвам чалавека, які найперш паляваў на больш буйнýю па сваіх памерах здабычу. А прадстаўнікі свойскіх жывёл у параўнанні са сваімі суродзічамі, наадварот, выглядаюць вельмі сціпла. Свойская жывёла да ХVІІІ — ХІХ стст. была беспароднай, малога росту. Так, вышыня каровы ХІІ — ХІІІ стст была ледзь за 1,5 м.

У 1961 г. спалучэнне археалогіі і заалогіі спарадзіла новы накірунак у навуцы — археаазалогію (грэч. аrchaios — старажытны + zoōn — жывёла + logos — навука), якая спецыялізуецца толькі на вывучэнні выкапневых, здабытых археалагічным шляхам рэшткаў жывёл. Пачаткам афармлення гэтага накірунку ў заалогіі стаў Міжнародны сімпозіум па праблемах даместыкацыі, які адбыўся ў 1961 г. у г. Кілі (Германія). Сімпозіум паказаў багацце праблематыкі і вялікую разнастайнасць рэшткаў жывёл з археалагічных раскопак. У 1971 г. у Будапешце створана секцыя па праблемах археазаалогіі, пераўтвораная ў 1976 г. у Міжнародны савет па археазаалогіі. У Беларусі найбольшы ўнёсак у археазаалогію быў зроблены В.В. Шчагловай, якая апрацавала амаль усе астэалагічныя калекцыі, назапашаныя беларускімі археолагамі ў 50—80 гг. ХХ ст. Вынікі яе працы адлюстраваны ў шэрагу спецыяльных манаграфій беларускіх археолагаў, прысвечаных асобным помнікам: Брэст, Тураў, Мінск, Полацк і інш., а таксама ў абагульняючых работах, напрыклад, «Археалогія Беларусі». У 80—90-я гг. ХХ ст. гэтую работу прадоўжыла А.П. Александровіч, на сёння гэтую працу працягвае А.А. Разлуцкая. Самастойнымі адгалінаваннямі заалогіі з'яўляюцца іхтыялогія і арніталогія.

Іхтыялогія — гэта навука пра рыб. Пад час раскопак бывае ўдаецца сабраць ладную калекцыю костак і лускі рыб, сярод якіх могуць сустрэцца рыбы прамысловага значэння: балтыйскі асётр, судак, сцерлядзь. Прадстаўнікоў гэтых відаў іхтыяфаўны сёння ўжо не сустрэць у рэках Беларусі. Гэта абумоўлена каскадам гідраэлектрастанцый, якія замінаюць прадстаўнікам гэтых відаў рыб заходзіць у нашы рэкі на нераст. На сёння ў Беларусі налічваецца каля 50-ці іхтыялагічных калекцый з археалагічных помнікаў ад каменнага веку да позняга сярэднявечча, якія вывучаюцца спецыялістамі з НАН Беларусі (Э. Ляшкевіч).

Арніталогія — гэта навука пра птушак. У раскопках сустракаюцца і косткі птушак, сярод якіх ёсць прадстаўнікі свойскіх, напрыклад, курыцы. Косткі качак і гусей мала розняцца паміж дзікімі і свойскімі на той час. Адносна часта сустракаюцца косткі лясной птушкі: беркут, цецярук, рабчык і інш, усяго больш за 45 відаў. А пры раскопках старажытнага Ваўкавыска ў напластаваннях ХІІ ст. былі нават сустрэты косткі экзатычнай для нашых мясцін птушкі — паўліна. У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі захоўваецца не менш як 1,5 тысячы касцявых птушыных рэшткаў з археалагічных помнікаў. Добры унёсак у гэтую справу зрабіў ў свой час М.І. Бурчак-Абрамовіч.

Дадзеныя вышэй згаданых навук: батанікі, заалогіі, іхтыялогіі і арніталогіі ў значнай ступені дапамагаюць гісторыкам харчавання рэканструяваць рацыён харчавання тагачаснага насельніцтва.

Да разраду прыродазнаўчых навук адносяцца мікалогія – навука пра грыбы, энтамалогія — навука пра насякомых, герпеталогія – навука пра земнаводных і г.д., якія таксама пэўным чынам робяць свой унёсак у рэканструкцыю мінулага, напрыклад, рэканструкцыю тагачаснай экалогіі.

Археалогія і антрапалогія. Тэрмін «антрапалогія» паходзіць ад слоў грэчаскага паходжання: anthropos — чалавек і logos — навука. Упершыню слова «антрапалогія» ўжыў Арыстоцель у сваім творы «Паэтыка», дзе пад гэтым тэрмінам разумеў вучэнне пра духоўны свет чалавека. Існуюць два напрамкі антрапалагічных даследаванняў: біялагічны – фізічная антрапалогія і гуманітарны – культурная антрапалогія, якая вывучае чалавека як сацыяльную істоту. Гэты напрамак ахоплівае і такія навукі як археалогія і этналогія. Ён больш уласцівы для заходняй школы спецыялістаў. У шырокім сэнсе дня сённяшняга фізічная антрапалогія трактуецца як навука пра чалавека, якая вывучае паходжанне, эвалюцыю і заканамернасці зменлівасці біялагічных асаблівасцяў чалавека і яго расы. У больш вузкім вызначэнні, гэта навука аб біялагічнай прыродзе чалавека. Адным з аб'ектаў увагі антраполагаў з'яўляецца будова шкілета чалавека. Менавіта гэтая акалічнасць і спрыяе шчыльнаму супрацоўніцтву археолагаў і антраполагаў у справе вывучэння старадаўніх пахаванняў выкананых па абрадзе інгумацыі.

Так, антраполагі па тазавых костках лёгка ўстанаўліваюць пол нябожчыка, тое яны могуць зрабіць і па чэрапе, але ўжо з меншай доляй верагоднасці. Узрост пахаванага адлюстроўваецца на стане эпіфізаў доўгіх костак і швоў чэрапа, зношанасці зубоў або іх прарэзання. Часам на костках захоўваюцца сляды пашкоджанняў і хваробы. Але гэта ўжо аб'ект увагі палеапатолагаў і медыкаў, якія займаюцца гісторыяй медыцыны.

Антраполагамі вывучаны сотні чалавечых парэшткаў, выяўленых у магільных пахаваннях ХІ–ХVІІІ стст., у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Устаноўлена, што славяне, якія адносяцца да еўрапеоіднай расы, маюць міжгрупавыя асаблівасці. Так, у заходніх славян прасочваюцца германскія рысы – наступствы іх кантактаў з памежнымі ім германскімі плямёнамі. Тое ж можна прасачыць і ў некаторых пахаваннях пад Чарнігавам (Шаставіцы) і пад Смаленскам (Гнёздава), дзе сярод пахаванняў дружыннікаў сустракаюцца пахаванні як славянскага, так і скандынаўскага (паўночнагерманскага) насельніцтва. Фракійскі ўплыў прасочваецца ў антрапалагічным абліччы паўднёвых славян. Іранскі і цюркскі ўплывы прасочваюцца ў антрапалагічным абліччы ўкраінскага насельніцтва, фінскі — рускага, балцкі — у насельніцтва Беларусі, прычым для Х — ХІV стст. на гэтай тэрыторыі сустракаюцца як змешаны тым — балтаславянскі, так і ў пэўнай ступені «чыста» балцкі або славянскі. Цікавыя назіранні былі зроблены спецыялістамі пры вывучэнні парэшткаў нябожчыкаў з курганных пахаванняў Беларускага Пабужжа ІХ — ХІІІ стст. Тут на «чыста дрыгавіцкім» фоне мужчынскага насельніцтва яўна вылучаецца іншаэтнічны кампанент жаночага насельніцтва, што можа сведчыць аб працэсе паступовай асіміляцыі мясцовага, даславянскага насельніцтва. А балтскія, ці дакладней, будзе сказаць, заходнебалтскія рысы прасочваюцца на краніялагічным матэрыяле з пахаванняў каменных могільнікаў Беларускага Панямоння ажно да канца ХVІІ ст.

Далей, антраполагамі заўважана, што гарадское насельніцтва Кіеўскай Русі характарызуецца павелічэннем чарапнога паказчыка і шырынёй скул. Павялічаныя чарапныя паказчыкі маглі, на думку спецыялістаў, быць праявай змешвання мясцовага гарадскога насельніцтва з іншародным у выніку міжэтнічных шлюбаў, а пашырэнне дыяметру скул звязана, магчыма, са зменамі ўзроўню харчавання ўбок яго павышэння ў гараджан (Алексеева Т.И. Этногенез восточных славян. М., 1973 с.130).

Антраполагамі таксама заўважана, што большую частку насельніцтва Русі складалі жыхары ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў. Асноўныя прычыны кароткага працягу жыцця насельніцтва на той час былі неўраджаі, ваенныя дзеянні, хваробы. Апошняя праява — гэта ўжо парафія палеапатолагаў. Сярод буйнейшых прадстаўнікоў айчыннай антрапалогіі можна назваць прозвішчы Дэбеца Г.Ф., Аляксеева В.П. і Аляксееву Т.І. (Масква), Салівон І.І. і Цягака Л.І. (Мінск).

Адносна нядаўна польскімі антраполагамі распрацавана методыка паводле якой, у асобных выпадках, можна вызначыць па уцалелых фрагментах костак нябожчыка, пахаванага па абраду крэмацыі, рост чалавека, а часам і узрост, а таксама колькім індувідумам гэта пахаванне магло належыць.

Займаюцца антраполагі і генагеаграфіяй. Так аналіз антропогенетычнага матэрыяла сведчыць пра глыбокі генафонд беларускага этнаса, вытокі якога можна шукаць у бронзавым веку [Кикешев Н. Метаистория. М., 2010, с. 572].

Важным раздзелам антрапалогіі, цесна звязаным з археалогіяй, з'яўляецца антрапагенез (грэчаскае anthropos — чалавек + genesis — паходжанне). Менавіта гэты раздзел антрапалогіі вывучае станаўленне чалавека як біялагічнага віду ў працэсе фарміравання грамадства. Сучасная тэорыя антрапагенезу дае адказ на пытанні: калі, дзе і пры якіх абставінах з’явіўся чалавек на Зямлі. Вялікі ўнёсак у справу вывучэння паходжання чалавека зрабілі археолагі Лікі і Джахансон сваімі раскопкамі ў Цэнтральнай Афрыцы.

Вельмі цікавы раздзел антрапалогіі — палеапаталогія. Тэрмін складаецца з трох слоў грэчаскага паходжання palailos — старажытны + pathos — хвароба + logos — вучэнне. Гэта навука пра хваравітыя змяненні ў арганізмах чалавека, жывёл і раслін, што існавалі на Зямлі ў даўнія часы. Гэты тэрмін быў ўведзены ў навуковы ўжытак у 1913 г. англійскім навукоўцам Раферам. Палеапаталогія цесна звязана з палеанталогіяй, археалогіяй і медыцынай. Аб'ектам навуковай увагі палеапатолагаў з'яўляюцца косткі чалавека і жывёл, атрыманыя археалагічным шляхам, прычым тыя з іх, якія нясуць сляды паталогіі – змяненняў ў выніку розных хвароб: астэапароза, астэомы, астэадыстрафіі, карыесу і інш., а таксама ад уздзеяння знешняга асяроддзя: траўмы, вынікаў аказання медыцынскай дапамогі, голаду, нагрузак і інш. Палеапаталагічныя даследаванні дазваляюць вызначыць старажытнасць і распаўсюджанне многіх хвароб у розныя гістарычныя часы. У Беларусі пытанні палеапаталогіі чалавека вывучае з 1970 г. Л.М. Казей. Пытанні палеапаталогіі жывёл разглядаліся А.П. Александровіч.

Што паказалі даследаванні палеапатолагаў на прыкладзе археалагічных калекцый з Беларусі? Па-першае, было ўстаноўлена, што ў Х — ХІІІ стст. амаль 75 % насельніцтва Беларусі ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў мелі істотнае парушэнне працаздольнасці — хварэлі на дэфармуючы артроз (ад грэчаскага arthron — сустаў). Гэта хвароба была наступствам звышцяжкай фізічнай нагрузкі, якая перавышала ўсялякія фізічныя магчымасці сустаўнага храстка, прыводзіла да паталагічнага заўчаснага яго зношвання, да заўчаснага старэння касцёва – сустаўнага апарату і паталагічнага старэння арганізму ў цэлым, яго інваліднасці і скарачэння працягласці жыцця. Тыя, хто дажываў да ўзросту 35 – 45 гадоў, былі ўжо інвалідамі і выбывалі з ліку актыўных вытворцаў матэрыяльных даброт, што было асабістай драмай сям'і смерда — абшчынніка, дзе кожны яе член разглядаўся як працоўная сіла [Казей Л.М. Гістарычная ацэнка чалавека як суб'екта вытворчасці на тэрыторыі Беларусі (па археалагічных матэрыялах Х — ХІХ стст.) // Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. 1987. № 1. с. 80 — 85].

Па-другое, прыкладна чвэрць дзяцей ва ўзросце каля 10-ці гадоў, па дадзеных раскопак курганаў ХІ ст. Паўночнай Беларусі, хварэлі на рахіт і як вынік яго пакутвалі на высокі ўнутрычарапны ціск, мелі зубасківічныя анамаліі [Казей Л.М. Палеопатологические находки с курганов ХІ столетия на территории Белоруссии // Беларускія старажытнасці. Мн., 1972. с. 200 – 204]. Цікавыя назіранні спецыяліста-парадантолага былі зроблены на матэрыялах з пахавання курганнай групы ХІІ ст., размешчанай каля в. Сухарава ў гарадскіх межах Мінска. Пахаванне належала дзяўчыне 17 – 20 гадоў. Эмаль зубоў у нябожчыцы была сцёртая. Такая акалічнасць узнікае з-за ўжывання грубай ежы (у муцэ, якую атрымлівалі пад час памолу на каменных ручных жорнах заўсёды прысутнічае дамешак каменнага пылу, што і прыводзіў да сцірання зубной эмалі). У той ж час у памерлай меліся і сляды захворвання на парадантоз. Апошняе — наступствы гіпавітамінозу, незбалансаванага харчавання, што для эпохі сярэднявечча было з'явай нярэдкай. Аналагічная з'ява адзначалася спецыялістамі і пры вывучэнні сельскага могільніка ХV ст. каля Мажайска (Расія). Акрамя таго, у тым жа пахаванні адзначаны такія хваробы як «вузлы Шморля» — пазванковыя грыжы. Шмат пахаваных мае зубна-сківічныя анамаліі: зубны камень, карыес, наступствы цынгі і інш. Шэраг касцякоў мае прыжыццёвыя траўмы. У адным з пахаванняў, якое належала жанчыне 30 – 34 гадоў, адзначаны дэфект каронкі другога разца – «зуб краўца», што звычайна назіраецца, калі чалавек абрывае нітку з дапамогай зубоў. Зубасківічныя анамаліі прасочаны і ў насельніцтва Полацкай зямлі ХІ – ХІІ стст. [Казей. Л.Н. Зубочелюстные аномалии, по археологическим материалам Белоруссии // Из истории медицины. Т. 10. Рига, 1975. с. 54–57].

Зразумела, што ў некалькіх сказах немагчыма распавесці пра ўсе захворванні людзей даўняга мінулага, ды ў гэтым няма патрэбы. Мы проста праілюстравалі на некалькіх узорах, чым уласна займаюцца спецыялісты ў галіне палеапаталогіі. А цяпер колькі слоў пра сувязь археалогіі і медыцыны.

Археалогія і медыцына. Археалагічны матэрыял яскрава сведчыць не толькі аб хваробах старадаўніх людзей, але і пра спосабы лячэння і медыцынскія прыстасаванні таго часу. Не будзем распавядаць пра мноства спосабаў лячэння, якія, дарэчы, і сёння існуюць у традыцыйнай медыцыне народаў свету, а прывядзём пару-другую прыкладаў з ліку найбольш складаных і для нашага часу аперацый. Адна з іх з вобласці нейрахірургіі – трэпанацыя чэрапа.

Само слова «трэпанацыя» паходзіць ад французскага слова trepanation і азначае аперацыю па ўскрыцці поласці косткі, у прыватнасці чэрапа жывога чалавека для лячэння пухліны або пашкоджанняў чэрапа.

Сляды такіх аперацый прасочаны ў Еўропе яшчэ ў мезаліце. Пры раскопках энеалітычнага пахавання ля паселішча Меннем Ле Ві ў Францыі быў знойдзены чэрап з дзвюма адтулінамі, зробленымі яшчэ пры жыцці нябожчыка. Раны на чэрапе пасля аперацыі зарубцаваліся, што сведчыць пра тое, што чалавек пасля гэтай аперацыі яшчэ доўга жыў.

Чым, на думку тагачаснага насельніцтва, тлумачылася неабходнасць такой складанейшай аперацыі? Гэта быў радыкальны сродак, каб вылечыць чалавека ад шаленства або пазбавіць яго нясцерпнага галаўнога болю (выпусціць злога духа, які знайшоў схованку ў галаве абранай ім ахвяры).

Наколькі дапамагала такая аперацыя, для даследчыкаў – таямніца. Хутчэй за ўсё, што не. Таму што сустракацца чэрапы з некалькімі адтулінамі, часам ажно да сямі!

Унікальнае па сваім выніку трэпанацыя чэрапа зафіксавана ў Латвіі пры вывучэнні могільніка Звейніекі (пахаванне № 227), якое датуецца ІV тысячагоддзем да н.э. Пахаванне належала мужчыну, які атрымаў чарапную траўму ў выніку нейкай ваеннай сутычкі. Траўме спадарожнічалі асколкі косці, якія праніклі ў рану. Умелы лекар выдаліў крэменёвым нажом асколкі, што застралі ў ране, падраўняў і падшліфаваў краі адтуліны ў чэрапе. Усяго лекарам было зроблена тры адтуліны па ўсёй сярэдняй частцы чарапной накрыўкі па плошчы 6 х 12 см. Чалавек паспяхова перанёс гэтую складанейшую, нават і па сённяшніх мерках, аперацыю, пра што сведчаць значна зарубцаваныя акасцянелымі грануляцыямі -- надкосніца. Такое шырокае, лячэбнае і ўдала скончаная аперацыя, зробленая ў каменным веку (эпоха неаліту) з'яўляецца унікальнай у свеце.

Узоры трэпанацыі адзначаюцца спецыялістамі на тэрыторыі Латвіі ў бронзавым веку (раскопкі Я. Граудоніса на востраве Долес каля Рыгі), у раннім жалезным веку – на тэрыторыі Літвы. Вядомы ўзоры такой аперацыі ў Латвіі і ІХ -- Х стст. (раскопкі Э.Шнорэ), у ХІІІ ст. (раскопкі М.Вілсане ў Рызе), адзначаны ў Эстоніі ў пахаванні ХV -- ХVІ стст. (раскопкі А.Кусцінай у Койккюла) [гл. Дэрумс В.Я. О древних трепонациях черепа в Прибалтике // Беларускія старажытнасці. Мн., 1972. с. 199 -- 200]. Усе, прыведзеныя вышэй ўзоры трэпанацыі, за выключэннем «літоўскага», мелі ўдалы канчатак для хворага – чалавек працягваў жыць.

Узоры трэпанацыі вядомы і па археалагічных дадзеных з тэрыторыі Беларусі. Так, пад час раскопак курганнага могільніка ХІ ст., размешчанага каля вёскі Гарадзілаўка Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці [гл. Павлова К.В. Раскопки курганов у дер. Городиловка // КСИА. 1973. Вып. 135. с. 56–61], у адным з пахаванняў быў выяўлены чэрап мужчыны 25 – 30 гадоў з яўнымі слядамі хірургічнага ўмяшальніцтва. Пра гэта сведчылі тры адтуліны памерамі 7х7 і 6х10 мм, зробленыя ў вобласці скроневай косці справа. У дзвюх адтулінах ёсць выразныя прыкметы зажыўлення касцявой тканкі. У трэцяй адтуліне, размешчанай ля пярэдняга краю лускі скроневай косці, рэнтгенаграфічна выразных слядоў рэгенерацыі касцявой тканкі не выяўлена. Краі адтулін, зробленыя ў чэрапе, роўныя і гладкія, і маглі быць выкананы толькі вострым рэжучым прадметам.

Сам жа чэрап носіць сляды высокага ўнутрычарапнога ціску, як вынік захворвання, якое суправаджалася, магчыма, эпілептычнымі прыпадкамі, што і прымусіла, відаць, старадаўняга лекара звярнуцца да такога роду хірургічнай маніпуляцыі, каб выпусціць «злога духа».

Вывучэнне адтулін у чэрапе нябожчыка з пахавання каля в. Гарадзілаўка паказвае, што аперацыя праводзілася ў два этапы. Пасля дзвюх адтулін, зробленых у выніку трэпанацыі, чалавек пэўны час жыў. Пра гэта сведчаць краі ран. Але, відаць, аперацыя не прынесла чаканага плёну, бо была зроблена яшчэ адна адтуліна, якая, на жаль, мела для старажытнага пацыента лятальны зыход. А самае цікавае, што ўжо пасля канчыны на чэрапе нябожчыка з’явілася чацвёртая адтуліна злева ў вобласці скроневай ямкі. Адтуліна амаль правільнай круглай формы, памерамі 23х29 мм, з роўнымі краямі, зробленая рэжучым інструментам. Спецыялісты разглядаюць гэтую з’яву як атрыманне талісмана або абярэга, што мае аналагі, вядомыя па літаратурных крыніцах [гл. Казей Л.М. Аб палеапаталогіі чалавека як гістарычнай крыніцы (па матэрыялах археалагічных раскопак) // Весці АН БССР серыя грамадскіх навук. 1973. № 4 с. 116 –121]. Магчыма, што гэты абярэг павінен быў прадухіляць кагосьці ад падобных хвароб. Хто ведае?

Яшчэ адна складаная аперацыя зафіксавана на тэрыторыі Беларусі ў ХVІІ ст. Так, у 1938 г., пад час земляных работ, што праводзіліся па добраўпарадкаванні тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, непадалёку ад месцазнаходжання кляштара езуітаў быў выкапаны шкілет чалавека, які выклікаў пэўную цікавасць у спецыялістаў. Цікавы гэты шкілет тым, што чэрап яго меў сляды цяжкай аперацыі. А менавіта дакладна пад аснаваннем носа была бачна адтуліна ў лобную пазуху з гладка зарослымі костнымі сценкамі. Гэта даказвала, што праведзеная тады без наркоза аперацыя, была паспяховай і пацыент пасля яе яшчэ доўга жыў. Вось такая інфармацыя была змешчана ў музейнай дакументацыі [Піваварчык С. Невядомыя раскопкі Брэста ў 1938 годзе // Гістарычна-археалагічны зборнік. 1999. № 14. С. 171 – 177]. Але што гэта за аперацыя? Мяркуючы па апісанні, гэта аперацыя вельмі падобна на пракол, які робяць для выдалення гною з гаймаравых пазух. Упершыню гаймаравыя пазухі або верхнія пазухі сківіцы і праходы, якія злучаюцца з імі, апісаў у 1651 г. англійскі медык і анатам Натаніэль Гаймар у сваёй кнізе «Corporis Disquisitio Аnаtomies» (Натуральныя даследаванні анатоміі), пасля чаго яны і атрымалі назву «гаймаравыя пазухі». Відаць, хто-ніхто з манахаў езуітаў, хто практыкаваўся у медыцыне, быў знаёмы з гэтай работай, калі браўся лячыць такую хваробу. Але аперацыя такога роду немагчыма без мясцовай анастэзіі ці, інакш гаворачы, без блакады. У сучаснай медыцынскай практыцы дзеля гэтага выкарыстоўваюць 1 – 2 % раствор какаіну (у фармацэўтыцы на сёння вядомы, напрыклад, 4 % раствор какаіну гідрахларыду, які ўжываецца медыкамі) з дамешкамі адрэналіна. Какаін – гэта першае прыроднае злучэнне, у якога была выяўлена анестэзуючая актыўнасць, г.зн. здольнасць паніжаць або цалкам падаўляць узбуджальнасць адчувальных нервовых канчаткаў і тармазіць правядзенне ўзбуджэння па нервовых валокнах. Какаін – алкалоід, які ўтрымліваецца ў раслінах роду Эрытраксілут, у прыватнасці ў расліне какаінавы куст (Erythoxylum coca), які распаўсюджаны ў трапічнай зоне Паўднёвай Амерыкі. У якасці псіхастымулятара какаін ужываўся індзейцамі Паўднёвай Амерыкі яшчэ ў ІІІ ст. да н.э.. Лічыцца, што першыя лісці кокі даставіў у Еўропу Амерыга Веспучы ў 1506 годзе. Спачатку еўрапейцы з недаверам ставіліся да гэтай расліны. Але ў 1569 годзе імі было заўважана, што жаванне лісця кокі выклікае адчуванне эйфарыі. А ў 1609 г. манах ордэна езуітаў, айцец Блас Валерá прапанаваў выкарыстоўваць лісце кокі ў медыцынскіх мэтах, у прыватнасці для лячэння пераломаў і гнойных ран. Троху пазней было заўважана, што алкаголь з’яўляецца растваральнікам, спрыяе вылучэнню какаіна з лісця гэтай расліны, што стварала магчымасць атрымліваць анестэзуючы сродак, з дапамогай якога можна было ўжо рабіць мясцовую блакаду. А калі гэта так, дык можна дапусціць думку, што гэтую аперацыю зрабілі з анестэзіяй. У такім разе мы маем першую, фіксаваную па археалагічных дадзеных, аперацыю на гаймаравыя пазухі. Праўда, дзе яе рабілі, гэта ўжо іншае пытанне, на якое адказаць сёння немагчыма.

Якімі інструментамі карысталіся медыкі таго часу? Мяркуючы па самых ранніх узорох нейрахірургіі, гэта былі крэмянёвыя нажы. Але наўрад ці яны былі спецыялізаванага прызначэння? Хутчэй за ўсё яны мелі універсальнае побытавае прызначэнне. Спецыялізаваныя па сваім прызначэнні медыцынскія інструменты фіксуюцца на помніках антычнага часу. Так на археалагічных раскопках у Пампеях, яшчэ ў 1771 г. раскопшчыкамі быў выяўлены «дом хірурга». Тут знойдзены самы поўны і пасёння набор спецыяльных медыцынскіх інструментаў, якія захоўваюцца ў нацыянальным музеі ў Неапалі. Гэтую багацейшую калекцыю некаторым чынам дапаўняюць раскопкі ў Германіі, Балгарыі, дзе даследаваліся паселішчы рымскага часу і раскопкі антычных паселішчаў Паўночнага Прычарнамор’я: Ольвіі і Херсанеса. Асноўная калекцыя медыцынскіх інструментаў, што паходзіць з раскопак Пампеі, датуецца знаходкамі паўтары сотні медных і сярэбраных манет часоў рымскіх імператараў Клаўдзія, Дамініцыяна, Веспасіана і Адрыяна. Гэта прыкладна ад 50 да 138 гадоў н.э. Праўда, найбольш верагоднай будзе выглядаць даціроўка па найбольш позніх манетах, гэта значыць па манетах часоў Андрыяна: 117 – 138 гг. н.э. Цікава зазначыць, што па назіраннях спецыялістаў, значная большасць гэтых інструментаў мала чым адрозніваецца ад медыцынскіх інструментаў часоў А.П. Чэхава, вядомага не толькі як пісьменніка, але як і ўрача.

У большасці сваёй усе гэтыя інструменты выраблены з бронзы і толькі рэжучыя іх часткі з чорнага металу: жалеза і сталі. Сярод антычных медыцынскіх інструментаў найбольш распаўсюджаны былі нажы, шчыпцы, пінцэты, кручкі, зонды, прыжыгацелі, іголкі. У меншай ступені сустракаюцца спецыяльныя слоікі для адсмоктвання крыві, трапаны, троакры, акушэрскія люстэркі і г.д.

З усіх медыцынскіх інструментаў найбольшы ўжытак меў нож – scalpelus. Аднак і сярод гэтай катэгорыі знаходак сустракаюцца спецыяльныя па сваім прызначэнні скальпелі. Так, нажы з прамым лязом выкарыстоўваліся для нанясення вялікіх, але неглыбокіх надрэзаў. Нажамі з выпуклым лязом наносілі глыбокія, але невялікія надрэзы. Нажы з крывым лязом ужываліся пры ўскрыцці брушной поласці і нарываў. Сустракаліся і ланцэты, дзе лязо вострае з абодвух бакоў.

Шырокі ўжытак знаходзілі і пінцэты, прычым сярод іх можна вылучыць тыя, што ўжываліся для вымання іншародных прадметаў з цела чалавека, напрыклад, наканечніка стралы, раздробленых фрагментаў косці і пінцэты, якія маглі выкарыстоўваць у сваёй рабоце афтальмолагі і касметолагі. Сярод медыцынскіх шчыпцоў рымскага часу спецыялісты вылучаюць шчыпцы для выдалення асколкаў раздробленай косці, шчыпцы акушэра-гінеколага і шчыпцы дантыста. Дарэчы, зубы ў старажытным Рыме не толькі выдалялі, але і пратэзіравалі, сведкам таму знаходкі зубных пратэзаў і нават каронак у пахаваннях этрускаў – народа, які займаў поўнач Цэнтральнай Італіі ў І тысячагоддзі да н.э.

Што ўяўлялі сабой зубныя пратэзы тых часоў? Гэта пара муфт, выкананых з залатой пласціны, якія надзяваліся на здаровыя зубы, а прастору паміж здаровымі зубамі займалі зубы штучнага паходжання, выразаныя з косці і наглуха замацаваныя заклёпкамі да муфт. Каронкі ж на той час вырабляліся як сёння з золата і керамікі – абпаленай гліны.

У Беларусі зубныя пратэзы зафіксаваны ў нашых раскопках на пасадзе Слуцка ў пахаваннях ХVІІ ст. Праўда, пратэзы тут былі выкананы з чорнага металу і дайшлі да дня сённяшняга ў моцна скаразіраваным стане.

Вельмі прадстаўнічы сярод рымскага медыцынскага інструментарыя набор бронзавых іголак розных памераў, якія выкарыстоўвалі для правядзення лігатур – перавязкі крывяносных сасудаў у час аперацыі. А медыцынскімі кручкамі на думку спецыялістаў маглі выдаляць камяні з мачавога пузыра.

Гэты, далёка не поўны, пералік медыцынскіх інструментаў антычнага часу сведчыць пра разнастайныя, а часам і складаныя спосабы лячэння, сярод якіх былі не толькі лячэнне ваенных і бытавых траўм, але і хвароб вуха, горла, носа, вачэй, аказанні дапамогі пры родах, пратэзіраванне і выдаленне зубоў. Гэтыя напрацоўкі антычных медыкаў праз наступную эпоху – Сярэднявечча дайшлі да Новага часу.

Але якія з медыцынскіх прылад фіксуюцца археолагамі ў нас? Найперш гэта хірургічныя нажы, якіх толькі ў адным Ваўкавыску знойдзена чатыры. Па адным хірургічным нажы знойдзена ў Брэсце, Капылі і ў Віцебску. Датуюцца гэтыя знаходкі ХІІ – ХІV стст. У адрозненне ад звычайных побытавых нажоў, дзе рукаяткі былі драўляныя або касцяныя, у медыцынскіх нажоў рукаяткі былі цалкам металічныя, масіўныя. Выклікалася такая неабходнасць тым, што перад аперацыяй хірургічныя нажы праходзілі тэрмаапрацоўку (у кіпні ці на агні) з мэтай элементарнай дэзінфекцыі. Акрамя таго, у Капылі, у напластаваннях ХІІІ – ХІV стст., знойдзены жалезны прадмет для пускання крыві – аперацыі, якую часта практыкавалі ў эпоху Сярэднявечча. Гэта металічны стрыжань даўжынёй з далонь, на адным канцы якога меўся трохкутні выступ. Другі край стрыжня меў ручку ў выглядзе пятлі. Трохкутнім выступам ўдаралі па вене і пускалі хвораму кроў – сродак ад высокага ціску, што праяўлялася пры моцных галаўных болях. Аналагічныя прыстасаванні вядомы па раскопках у Латвіі на помніках ХІІ – ХVІІ стст.

Некаторым чынам для медыцынскіх патрэб можна аднесці і побытавыя прылады, напрыклад, нажніцы і ювелірныя пінцэты, якімі маглі выдаляць іншародныя прадметы з цела чалавека. Нажніцы і ювелірныя пінцэты сустракаюцца пад час раскопак амаль ва ўсіх старажытных гарадах Беларусі, як, дарэчы, сустракаюцца касцяныя і драўляныя грабяні, у якіх адзін з бакоў мае частую грабёнку – для барацьбы з педыкулёзам. У некаторых гарадах, напрыклад, у Навагрудку, Друцку, Пінску, Тураве, Ваўкавыску і інш. сустракаюцца касцяныя капавушкі – прыстасаванне для выдалення серных пробак. (Усяго ў Беларусі знойдзены 23 такіх прыстасаванні. Яны ўяўляюць сабой стрыжань даўжынёй 6 – 10 см, дзе знізу мелася паглыбленне ў выглядзе лапатачкі. Датуюцца гэтыя прыстасаванні Х – ХVстст.) А маламерныя гліняныя сасуды аб’ёмам 250 – 300 г, магчыма, служылі для прыгатавання раслінных выцяжак. Несумненна, для медыцынскіх мэт як патагонны сродак, служылі, як і сёння, плады маліны лясной (Rubus idaeus L.). Насенне гэтай расліны былі знойдзены пад час флатацыі (прамыўкі) пробы культурнага пласта, узятага з пабудовы ХІІІ ст. Верхняга замка Віцебскага на месцы разбітага гаршка, дзе культурны слой вылучаўся асабліва цёмным колерам. На тым жа Верхнім замку Віцебска сустракаліся ў раскопках грыбы порхаўкі і грыбы трутавікі. У традыцыйнай медыцыне грыбы порхаўкі ўжываюцца як антысептычны сродак пры цяжказагойваючых ранах, парэзах і язвах. А грыбы трутавікі валодаюць цудоўным супрацьзапальваючым дзеяннем.

Важным паказчыкам развіцця медыцынскай справы ў Беларусі ХVІІ – ХVІІІ стст. з’яўляюцца знаходкі аптэкарскага посуду, які даволі часта сустракаецца пры вывучэнні гарадскіх помнікаў гэтага часу. Аптэкарскі посуд – гэта шкляная тара канца ХVІІ – ХVІІІ стст. невялікай ёмкасці ў выглядзе слоікаў, флаконаў, бутлікаў і бутэлечак, вырабленых з бязколернага або зеленаватага шкла ёмкасцю ад 5 да 50 – 150 мл. Такі посуд сустракаецца пад час раскопак Віцебска, Мінска, Слуцка, Гродна, Магілёва, Мсціслава, Мірскага замка і інш. Ён добра датуецца па манетах ХVІІ – ХVІІІ стст., якія спадарожнічаюць знаходкам. На адным з флаконаў ХVІІІ ст., знойдзенаму на Верхнім горадзе ў Мінску, ёсць надпіс: «PHARMACIE DE LA SOCIEIE HOMEOP. VILNA».

Але, відаць, аптэчная справа ў Беларусі была вядома як мінімум на стагоддзе раней. Так, у 1553 г. у пісьмовых крыніцах згадваецца: «Матюшко Башкин, родом из Литвы», які быў затрыманы ў Маскве па падазрэнні за спробу «совратить своим учением самого царя», за што і быў заключаны ў манастыр.

Археалогія і крыміналістыка. Тэрмін крыміналістыка вытворны ад лацінскага слова crimen, inis, якое перакладаецца як абвінавачванне, папрок, і якое мае законную сілу, калі на гэта існуюць бездакорныя факты. Таму ў юрыспрудэнцыі тэрмін крыміналістыка трактуецца як навука аб спецыяльных прыёмах і метадах выяўлення, збірання, фіксацыі і даследаванні даказаў. І ў гэтым крыміналістыка і археалогія падобныя адна да адной як стрыечныя браты. Чаму як стрыечныя, а не як родныя? Таму што асноўнае прызначэнне археалогіі – гэта рэканструкцыя гістарычных падзей у самым шырокім сэнсе, а асноўнае прызначэнне крыміналістыкі – рэканструкцыя (няхай нават і ў мінулым), але ўсё ж больш вузкай сферы дзейнасці чалавека – парушэнне ім закона.

Аб’ектам вывучэння і археолагаў, і крыміналістаў з’яўляецца «след». У самым шырокім сэнсе слова «след» разумеюць як вынік якіх-небудзь з’яў, адлюстраваных на прадметах альбо ўвасобленых у рэштках, частках гэтых прадметаў [Гл. Винберг А.И. И Шавер Б.М. Криминалистика. М., 1950. с. 20] Успомніце ходкі сказ: «не сыскать и следу», што азначае не знайсці аніякіх рэшткаў прысутнасці. Існуе нават цэлы раздзел навукі трасалогія (французскае слова «trace» след + грэчаскае слова «logos» – навука), якая вывучае паходжанне слядоў у тым ліку і на артэфактах археалагічнага паходжання [гл. Кудрашоў В.Я. Трасалагічны метад // Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мн., 1993. С. 612]. Да ліку такіх слядоў адносяцца і адбіткі пальцаў на прадметах, якія пакідае чалавек у выніку пэўнай дзейнасці. Гэты раздзел крыміналістыкі мае назву дактыласкапія, утворанае ад двух слоў грэчаскага паходжання: daktylos – палец і skopeo – гляджу.

Дактыласкапія – гэта вучэнне аб узорах, якія ўтвараюцца лініямі скуры на ўнутранай паверхні кончыкаў пальцаў – капілярных узораў. Апошнія канчаткова фарміруюцца ў чалавека на шостым месяцы ва ўлонні маці. Устаноўлена, што кожны чалавек мае толькі аднаму яму ўласцівы малюнак гэтых ліній, які захоўваецца на ўсё жыццё і нават некаторы час пасля яго канчыны. З узростам чалавека мяняецца памер малюнка скуры на кончыках пальцаў, даўжыня састаўляючых яго капілярных ліній і адлегласць паміж імі, але сам малюнак, яго характар, застаюцца нязменнымі.

Дактыласкапія як раздзел краміналістыкі была распрацавана яшчэ ў ХІХ ст. у Вялікабрытаніі. У Расійскай імперыі яе пачалі выкарыстоўваць следчыя органы з 1907 г. Знайшла яна сваё месца і ў археалогіі. Якім чынам?

Справа ў тым, што на керамічных вырабах пачынаючы з эпохі неаліту і да перыяду позняга сярэднявечча часам сустракаюцца аб’ёмныя, уціснутыя, адбіткі пальцаў чалавека – майстра, які вырабляў посуд. Аналіз гэтых адбіткаў дае магчымасць вызначыць пол, а часам і прыкладны ўзрост чалавека. Устаноўлена, што значная большасць глінянага посуду, які паходзіць з неалітычнай пары і да перыяду ранніх металаў выключна, вырабляўся жанчынамі. І толькі ў перыяд сярэднявечча гэты занятак стаў мужчынскім, таму што перайшоў са стану хатняга промыслу ў разрад рамесніцкай дзёйнасці. Менавіта ўжо на ганчарным посудзе і архітэктурнабудаўнічым матэрыяле (цэгла, керамічная духоўка і кафля) сярод адбіткаў пальцаў, як правіла, прысутнічаюць тыя, што можна ідэнтыфікаваць як мужчынскія.

Цікавы вынік дало вывучэнне маёлікавага блюда, знойдзенага пад час раскопак у 1980 г. на Верхнім замку Віцебска. Блюда было зроблена ў Італіі, мела багатую аздобу: выяву быка выкананага сінім контурам на цьмяназялёным фоне. Тулава быка, белае, а рогі – жоўтыя. У геральдыцы, як вядома, белы колер сімвалізуе срэбра, а жоўты – золата. Перад намі нішто іншае як выява Зеўса, пераўтворанага ў быка, паводле грэчаскай міфалогіі, калі ён браўся ўмыкаць Еўропу, бо паводле гэтага міфа бык, у якога пераўтварыўся Зеўс, меў срэбную поўсць і залатыя рогі. На малюнку побач з выявай рагоў, выразна відаць уціснуты, аб’ёмны адбітак пальца, выпацканага ў жоўтую фарбу. За кансультацыямі прыйшлося звярнуцца да спецыялістаў па дактыласкапіі ў Цэнтр судовых экспертыз і крыміналістыкі міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Заключэнне спецыялістаў было наступным: гэта адбітак вялікага пальца правай рукі і, мяркуючы па адлегласці паміж папілярнымі лініямі, якое складала ад 0,3 да 0,8 мм, гэты адбітак мог належыць падлетку, прыкладна 12 – 14 гадоў. Калі зыходзіць з узросту пакінуўшага адбітак пальца на блюдзе, дык ім мог быць хутчэй за ўсё вучань, якому майстра, верагодна, даручыў размаляваць ці, дакладней будзе сказаць, расфарбаваць па контуры асобныя дэталі выявы. Нават на першы позірк можна выявіць нявопытную яшчэ руку, што выконвала гэтую работу, бо жоўтая фарба, якой рабілася запаўненне гэтых дэталяў, выходзіць за контуры малюнка, што ўскосна пацвярджае меркаванне, што гэты след – след вучня, які пасля выканання ім задання па роспісе блюда, складваў вырабы ў печ для абпалу і ў гэты момант і пакінуў адбітак пальца, які і дайшоў да нас праз чатыры сотні гадоў. Якое значэнне гэта мае для гісторыі? А самае непасрэднае, бо перад намі матэрыяльная сведка працэсу навучанне ў перыяд цэхавага рамяства.

Ну і калі мы згадалі пра навучанне, дык не лішне будзе прывесці колькі сказаў на тэму археалогія і педагогіка, хаця гэтая навука і не належыць да ліку прыродазнаўчых, а да гуманітарных.

Археалогія і педагогіка. Педагогіка, як вядома, – гэта навука пра выхаванне і навучанне падрастаючага пакалення. Відаць, з таго часу, калі чалавек пачаў свядома ўплываць на наваколле, назапашваць пэўны вопыт у гэтай справе, узнікла і неабходнасць перадаваць гэты вопыт маладзейшаму пакаленню, сваім нашчадкам. Часткова гэта адбывалася на падсвядомым, інстынктыўным узроўні, як у жывёл, але па меры развіцця чалавека гэта ўсё больш набывала грамадскі статус, можа, таму хто-ніхто з навукоўцаў і адносіць вытокі педагогікі да часоў каменнага веку (Пілецкі В.А. Генезіс выхаваўча-адукацыйнага працэсу ў гісторыі Беларусі. Мн., 2004). Але калі для эпохі палеаліту і мезаліту ў распараджэнні навукоўцаў маюцца толькі ўскосныя сведкі, дык для перыяду неаліта гэты факт бясспрэчны. І археалогія пра гэта сведчыць.

Як вядома, спазнанне свету, далучэнне да працоўнай дзейнасці дзеці набываюць праз гульню, праз цацкі. Першымі прадметамі для дзіцячых гульняў маглі быць рознакаляровыя каменьчыкі, ракавіны рачных, азёрных і марскіх малюскаў, шышкі і плады раслін і іншыя рэчы прыроднага паходжання. Асэнсаваны выраб цацак фіксуецца археолагамі пад час раскопак неалітычных паселішчаў. Так, на стаянках Аляксандраўка, Вешня, Вялікае Арэхава, Камень, Пагост-Загародскі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, Нобель і Сенчыцы Ровенскай вобласці (Украіна) выяўлены апрацаваныя крамяні, якія нагадваюць па форме розных жывёл і птушак.

У раннім жалезным веку ў якасці цацак маглі выкарыстоўвацца таксама і гліняныя грузікі, рытуальныя збаночкі і хлябцы. На поўначы Беларусі часам сустракаюцца галёначныя косці дробных жывёл і птушак з прасвідраванай адтулінай – так званыя «жужаліцы», вядомыя і пазней па традыцыйных гульнях беларускіх дзяцей.

Антычныя помнікі, якія таксама адносяцца да перыяду ранняга жалезнага веку, рэпрэзентуюць нам багацейшую калекцыю дзіцячых цацак, вырабленых з керамікі, каменю і косці, сярод якіх сустракаюцца выявы жывёл, птушак, рыб і людзей, мадэлі хатак, вазоў, хатняга начыння і ўзбраення. Сустрэць гэтыя ўзоры дзіцячага баўлення часу можна, напрыклад, у археалагічных калекцыях Херсанеса, Пантыкапея ды іншых антычных калоній Паўночнага Прычарнамор’я. Але найбольш яскрава адукацыйна-выхаваўчы працэс на археалагічным матэрыяле раскрываецца на матэрыяле раскопак старажытнарускіх гарадоў, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі.

Да прадметаў, якія несумненна звязаны з навучэннем, можна аднесці знаходкі прылад для навучання пісьму – гэта знаходкі цэраў і пісал. Пісала, або стыло (лацінскае stilus, styles ад грэчаскага stylos – палка, палачка) – прыстасаванне для пісьма ў выглядзе металічнага стрыжня даўжынёй 8 – 16 см, адзін канец якога завостраны, а другі быў у выглядзе лапатачкі. У гарадах Старажытнай Русі іх выяўлена каля сотні, 57 пісалаў знойдзена ў гарадах Беларусі ХІІ – ХІІІ стст.

Цэры (ад лацінскага cera – воск) – прыстасаванне для пісьма ў выглядзе блока з дзвюх і больш дошчачак памерамі 8 х 14 х 0,8 – 1 см, злучаных паміж сабой скуранымі паскамі. На ўнутраным баку гэтых дошчачак рабіліся паглыбленні на 2 – 5 мм, так званы «каўчэжэц», якое і запаўнялася воскам. Па воску пісалі вострым канцом стыла, а палачкай сціралі, загладжвалі непатрэбныя пасля практыкавання запісы. У Ноўгарадзе знойдзена паўтара дзесятка цэраў, у гарадах Беларусі – дзве такія знаходкі (Брэст і Мсціслаўл).

Як адбывалася навучэнне ў той час? Гэты працэс адбываўся ў два этапы. На першым этапе ішло вывучэнне літар і авалоданне элементарнымі навыкамі пісьма, другі этап уключаў ужо пераход да самастойнага пісьма. Агульнапрызнаным у педагогіцы лічыцца, што візуальнае ўспрыняцце, або нагляднасць, з’яўляюцца найбольш эфектыўным сродкам у навучальным працэсе. Сведчаннем такой формы навучання з’яўляецца, напрыклад, знаходка самшытавага грэбеня канца ХІІІ ст. з Бярэсця, на якім выразаны літары: А,Б, В, Г, Д, Е (на адным баку грэбеня), Ж,З, Н, І, К, Л (на другім яго баку) – своеасаблівага буквара. А ў Ноўгарадзе знойдзена цэра памерамі 18х37 см на адваротным баку якой выразаны амаль увесь стараславянскі алфавіт: трыццаць шэсць літар з сарака чатырох. Датуецца гэтая знаходка канцом ХІІІ ст. Па назіраннях спецыялістаў, зробленых на падставе аналізу тэкстаў і малюнкаў, выкананых на бяросце, выяўленай у раскопках Ноўгарада Вялікага ў напластаваннях ХІІ – ХІІІ стст. і вывучэння пісьмовых крыніц ХVІІ ст., навучэнне пачыналася ў 6—7 гадоў. У асобных выпадках, як сведчаць пісьмовыя крыніцы, яно магло пачынацца і раней. На карысць апошняга меркавання можа сведчыць той факт, што сярод пісалаў сустракаюцца экземляры досыць малых памераў: даўжынёй каля 8 см, пры сярэднестатыстычных памерах гэтых прылад 12–13 см. Авалоданне элементарным навыкам пісьма спрыяльней было рабіць на мяккім воску, якім запаўнялі паглыбленне ў цэрах. Кавалачак такога воску, прамакутняга ў сячэнні, быў знойдзены пад час раскопак на Верхнім замку Віцебска. А напісанне на бяросце ці на другім, больш цвёрдым матэрыяле, патрабавала і больш спрактыкаванай, вопытнай у напісанні літар рукі. Сведкам таму надпісы і асобныя літары – меткі на некаторых рэчах, прызначаных для гульні, напрыклад, на ігральных костках – астрагалах (бабках) знойдзеных у Гродна, Ваўкавыску і Віцебску.

Цікавая сведка тагачасных іспытаў была знойдзена ў час раскопак Верхняга замка Віцебска. Гэта ўзор пячной кафлі ХVІІ ст. – нашчэльніка (перамычкі), на крапёжным шыпе якой паліваю белага колеру быў нанесены надпіс «Першая проба ЛК». Па ўсім відаць, што гэта экзаменацыйны ўзор падмайстра або чалядніка.

Пра рознабаковыя прыёмы для развіцця дзіцяці ў ХІІ – ХІІІ стст. могуць сведчыць разнастайныя знаходкі цацак. Толькі ў адным Ноўгарадзе іх выяўлена ўжо каля сямі сотняў. Далей, выяўленыя пад час раскопак цацкі, можна падзяліць на дзве буйныя групы: цацкі, што прызначаліся хлопчыкам, і цацкі, якія маглі празначацца дзяўчатам. Сярод цацак, што прызначаліся хлопчыкам яўна дамінуюць цацкі мілітарытыўнага накірунку. Гэта дзіцячыя ўзоры ўзбраення: мечы, булавы, лук і стрэлы. Яны сустрэты ў нас у Беларусі ў Гродна, Слоніме, Мінску, Брэсце і Слуцку. Да гэтай жа катэгарыі можна аднесці і гліняныя выявы вершнікаў знойдзеных у Пінску, Вішчыне, Ваўкавыску і Слуцку. А на гарадзішчы Маскавічы знойдзены пешы воін. Для дзяўчат жа прызначаліся мініяцюрныя рэчы хатняга начыння і прылады працы, звязаныя з хатнімі промысламі: верацёны і прасліцы, а таксама антрапаморфныя скульптуркі – лялькі. Выявы транспартных сродкаў – лодачак вядомыя, напрыклад, на раскопках Брэста, мелі універсальнае прызначэнне, як мелі такое ж прызначэнне выявы птушак, жывёл і рыб.

Асобныя катэгорыі цацак ці прадметаў, якія прызначаліся дзецям, маглі як і сёння спрыяць развіццю ў дзяцей маторыкі, сенсорыкі і крэатыўнасці.

Так, выяўленыя ў раскопках на Верхнім замку Віцебска ў напластаваннях першай чвэрці ХІІ ст. гліняныя шарыкі дыяметрам 14 – 28 мм і вагой 2 г, маглі ў час іх выкарыстання для гульні развіваць у дзяцей маторыку. Аналагічныя ім знаходкі вядомы на сельскіх паселішчах Х – ХІІІ стст. Рускай Поўначы і ў напластаваннях ХVІ – ХVІІ стст. шэрагу беларускіх гарадоў, а таксама на помніках Прыбалтыкі і Германіі, дзе яны маюць назву «murmelspiel». А на карціне галандскага мастака Пітэра Брэйгеля Малодшага «Кірмаш з тэатральным прадставленнем», напісанай ў 60-70-я гады ХVІ ст., у левым ніжнім вуглу палатна змешчаны фігуры падлеткаў, якія граюць у каменчыкі – «murmelspiel».

Сведчаннем існавання на той час рухомых гульняў, напрыклад, у гарадах Беларусі, могуць служыць знаходкі скураных мячэй і цацкі – «клёка», знойдзенага ў Віцебску ў напластаваннях ХІІІ – ХІV стст. Ён уяўляў сабой драўляны калочак даўжынёй 12,5 см завостраны па канцах. Аналагічнае прыстасаванне вядома ў рускай дзятвы для гульні ў «чижа» і ў традыцыйных дзіцячых гульнях беларусаў. А скураныя мячы дыяметрам ад 4 да 13,5 см знойдзены пры раскопках Брэста, Мінска, Полацка, Віцебска і Слуцка. Напханыя воўнай, яны маглі служыць для гульні ў лапту. Па дадзеных этнаграфіі ХІХ ст., рускім дзецям было вядома звыш сарака відаў гульні з мячом. Да ліку прадметаў, звязаных з рухомымі гульнямі, можна аднесці і згаданыя вышэй знаходкі астрагалаў. Слова «астрагал» паходзіць ад грэчаскага astragalos і азначае пазванок, таранная костка, бабка – якімі дзятва ў мінулым часта гуляла. Напрыклад, такая гульня паказана на карціне «Гульня ў бабкі», напісанай у 1870 г. вядомым рускім мастаком У.Макоўскім.

На развіццё сэнсорнага ўспрымання маглі аказваць уплыў і некаторыя ўпрыгожванні, напрыклад, шкляныя бранзлеты, якія паўсюдна сустракаюцца ў гарадах Старажытнай Русі ў тым ліку і ў Беларусі ў напластаваннях ХІ – ХІІІ стст. Знаходкі гэтых артэфактаў лічацца на сотні. Так у Слуцку іх сабрана больш за паўтысячы, у Брэсце – 578 фрагментаў, у Полацку – 792, а ў Мінску іх знойдзена 1100 (!). Па каларыстычнай гаме яны прадстаўлены ўсім спектрам вясёлкі. А па фактуры – гладкімі, кручонымі і рэбрыстымі. Часам сярод іх сустракаюцца і дзіцячыя дыяметрам 34 – 40 мм (дыяметр дарослых узораў быў адпаведна 50 – 70 мм).

Несумненна, што на развіццё лагічнага мыслення магла аказваць уплыў гульня ў шашкі і ў шахматы. Шашкі сустрэты двух відаў – каменныя, паўсферычнай формы, яны больш раннія, скандынаўскага паходжання і вядомы па раскопках Капыля Х – ХІ стст., і дыскападобнай формы, касцяныя з рэльефнымі, канцэнтрычнымі акружнасцямі па версе, вядомыя па раскопках Мсціслава, Віцебска, Клецка, Пінска і Гродна, дзе яны ў асноўным датуюцца ХІІІ ст. Шахматных фігур у гарадах Беларусі ХІ – ХІІ стст. знойдзена 73, з якіх 48 прыпадаюць на перыяд ХІІ – ХІІІ стст. Толькі ў адным Слуцку іх знойдзена чатыры, сярод якіх унікальнейшая фігура шахматнага караля.

Праўда, у якой ступені гэтыя віды гульняў можна аднесці да ліку дзіцячых, прамых сведчанняў на гэты конт для тэрыторыі Беларусі няма. Але, у заходнееўрапейскіх педагагічных традыцыях навучэнне шахматнай гульні было абавязковым элементам выхавання дзіцяці ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў у дваранскіх сем’ях. Мажліва дапусціць меркаванне, што штосьці падобнае магло быць і ў нас, прычым не толькі ў княскіх сем’ях, але і сярод простых гараджан. На карысць такой думкі можа сведчыць той факт, што большасць шахматных фігур, знойдзеных пры раскопках беларускіх гарадоў, выраблена з мясцовай сыравіны: рог лася, косць, дрэва, што стварае магчымасць мець гэтыя прылады гульні і дэмакратычнаму колу насельніцтва гарадоў ў Беларусі ХІ – ХVІІ стст.

Такім чынам, агляд артэфактаў археалагічнага паходжання з гарадоў Беларусі сведчыць, што ў адукацыі і развіцці дзіцяці таго часу ўжываліся разнастайныя прыёмы, якія вядомы сёння ў педагагічнай практыцы настаўнікаў і выхавацеляў. Але калі навучэнне пісьму праводзілася свядома, дык развіццё дзіцяці на той час адбывалася на падсвядомым узроўні, дзе яго навыкі і густ у значнай ступені фармаваў свет рэчаў.

Археалогія і геаграфія. Наколькі геаграфія і гісторыя звязаны паміж сабою бачна з выслоўя вядомага французкага географа і гісторыка ХІХ ст. Жана Жака Элізэ Рэклю. Па яго словах: «Геаграфія у адносінах да чалавека ёсць нішто іншае, як гісторыя у прасторы, акурат, як гісторыя з’яўляецца геаграфіей у часе». Само слова «геаграфія» двухсастаўное, грэчаскага паходжання, дзе першае яго частка «ge», «geo» азначае «Зямля», а другая частка гэтага слова «graphia», «graphos» перакладаецца як апісанне. А ўсё разам, гэтае словазлучэнне можна перакласці як «землеапісанне».

Раздзел геаграфіі – фізічная геаграфія. Вывучае прыроду зямной паверхні – геаграфічнае асяроддзе, якое у пэўнай ступені ўплывае на развіццё грамадства. Вось чаму ў некаторых манаграфіях археолагаў, прысвечаных пэўным рэгіёнам, прысутнічаюць раздзелы пад назвамі «Физико-географическая характеристика региона, палеогеография» (гл. Ксензов В.П. Палеолит и мезолит Белорусского Поднепровья. Мн., 1988), «Фізіка-геаграфічная характарыстыка рэгіёна» (Чарняўскі ММ. Неаліт Беларускага Панямоння. Мн., 1979), «Природные условия» (Лысенко П.Ф. Города Туровской земли. Мн., 1974; Алексеев Л.В. Западные земли домонгольской Руси: очерки истории, археологии, культуры: в 2 кн. М., 2006) і інш. Нават ёсць асобныя манаграфіі, цалкам прысвечаныя рэканструкцыі даўнейшай экалогіі на падставе археалагічных дадзеных [гл. Калечиц Е.Г. Человек и среда обитания. Восточная Беларусь. Мн., 2003].

Вельмі цесна звязаны з археалогіяй раздзел геаграфіі палеагеамарфалогія (грэч. рalaios – старажытны + ge – Зямля + logos – навука), якая вывучае і рэканструіруе старажытны рэльеф. Гэта рэканструкцыя адбываецца ў выніку вывучэння старадаўніх берагавых адкладаў, якія прасочваюцца ў агаленнях абрываў высокіх падпоплаўных тэрас. Гэтыя дадзеныя неабходны археолагам для вызначэння шляху першаснага пранікнення, рассялення і месца жыхарства старажытнага насельніцтва. У прыватнасці, гэта выкарыстана спецыялістамі пры вывучэнні палеаліта Беларусі. Тая ж методыка выкарыстоўваецца і пры вывучэнні Рускага Аполля напярэдадні асваення яго славянамі ў ІХ – Х стст. Старадаўні рэльеф горада, да яго заснавання, аднаўляецца на падставе дадзеных геалагічнага свідравання. Такая работа праводзілася ў Ноўгарадзе, Кіеве, Віцебску і Мінску.

Несумненна маецца самая цесная сувязь палявой археалогіі з геаграфіяй. Археолаг-палявік павінен умець чытаць карту і тапаграфічны план, да таго ж ён павінен сам умець скласці тапаграфічны план мясцовасці і нанесці на яго помнікі археалогіі. Археолаг-палявік павінен валодаць элементарнымі ведамі па геалогіі і глебазнаўстве, неабходных пры складанні стратыграфіі культурных напластаванняў археалагічнага помніка, умець карыстацца геадэзічнымі прыборам: компасам, бусоллю, нівелірам. У выніку неабходнасці археолаг-палявік павінен умець вызначаць накірункі свету без геадэзічных прыбораў: па прыродных паказчыках, па асаблівасцях арыенціроўкі культавых пабудоў і пахаванняў.

Несумненную паслугу археолагу аказваюць дадзеныя тапанімікі і мікратапамінікі для пошуку помнікаў археалогіі: курганы, капцы, валатоўкі, гарадзішча, гарадзец, гарадок, акоп, замчышча, царковішча і г.д.

Дадзеныя гідранімікі дапамагаюць археолагам у вызначэнні межаў асобных этнасаў. Заўважым, што гідронімы ў параўнанні з тапонімамі больш старажытныя па сваім паходжанні. Так, у Беларусі большая частка гідронімаў мае балцкае паходжанне, рэкі: Нёман, Лоша, Гайна, Проня, Ясельда і інш., а некаторыя з рэчак Беларусі маюць фінаўгорскае паходжанне: Іпуць, Бесядзь, Пярэтуць. Сустракаюцца і славянскія, напрыклад, Случ. Гідронімы сярэдняй паласы Расіі ў значнай большасці фінскія, сярод іх Масква-рака, Нева, Кама і інш. На поўдні Расіі гідронімы іранскага паходжання, прыкладам таму Дон, назва якога з іранскай мовы перакадаецца проста «рака».

Цікавыя звесткі прыносіць глебазнаўства, пры вывучэнні змястоўнага культурнага слою. Напрыклад, утрыманне гумусу ў культурных напластаваннях Верхняга замка Віцебска для розных перыядаў часу, як паказваюць заключэнні спецыялістаў з Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі, аказалася неаднастайным. Так, утрыманне гумусу ў культурным пласце ХVІІ ст. складае 14,5 %, утрыманне гумусу ў пласце 16—13 ст ад 15,2 % да 20,5 % (павелічэнне ў бок старадаўніх пластоў слоя), а ўтрыманне гумусу ў напластаваннях Х – ХІ стст складае ўжо 23,7 %. Адкуль такая розніца? Справа ў тым, што з ростам гарадской тэрыторыі ад Х да ХVІІ стст. памяншалася канцэнтрацыя рэчаў арганічнага паходжання: гною жывёл, абрэзкаў скуры, трэсак драўніны, костак жывёл і інш. на пэўнай плошчы. Такім чынам, працэнтнае ўтрыманне гумусу ў культурным слоі можа выступаць тут як паказчык адноснага датавання.

Цікавыя назіранні даводзіць вывучэнне культурнага слою і на ўтрыманне ў ім мікраэлементаў, якое звычайна праводзяць у лабараторыях глеба-аграхімічных аналізаў. Заўважана, што рэшткі вытворчых комплексаў па апрацоўцы металу і скуры пакідаюць у культурным пласце пэўныя мікраэлементы. І калі рэшткаў саміх комплексаў часам не выяўляюць у сілу спецыфікі пласту (напрыклад, пласт сухі і не захоўвае арганіку), дык па наяўнасці ўласцівых для пэўнай вытворчасці мікраэлементаў у пласце можна з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць аб іх прысутнасці тут.

А вывучэнне пахавальнай глебы, што апынулася пад насыпам курганнага могільніка, можа даць інфармацыю аб тагачасным раслінным покрыве на той час, напрыклад, якія расліны буялі ў бронзавым веку, ІІІ – ІІ тысячы гадоў таму.

Вызначэнні спецыялістаў з Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі па вывучэнні мацерыковага грунта абарончага рова (напрыклад, нашыя раскопкі ў Капылі ў 2005 годзе) дапамогуць адказаць на пытанне: ці быў ён сухі, ці ён запаўняўся вадою.

Ну а што дае археалогія самой геаграфіі? Часам, археалогію прыцягваюць для вырашэння спрэчных пытанняў паміж дзяржавамі ў вызначэнні дзяржаўных межаў, калі пісьмовых крыніц для гэтага недастаткова. І добра, калі гэтыя спрэчкі застаюцца толькі на ўзроўні навуковых дыскусій, як гэта мела месца, напрыклад, з удасканаленнем межаў паміж Канадай і ЗША.

Археалогія і астраномія. Археалагічныя дадзеныя сведчаць аб сувязях і з гэтай навукай. Астраномія – гэта навука аб нябесных целах. Назва тэрміна ўтворана ад двух слоў грэчаскага паходжання: astron – зорка і nomos – закон. Паводле археалагічных дадзеных можна ў некаторай ступені атрымаць звесткі пра ўяўленні старажытных людзей аб нябесных целах, сузор'ях, сусвеце. Іншым разам археалагічныя дадзеныя сведчаць і аб практычным выкарыстанні старажытнымі людзьмі тагачасных ведаў ў галіне астраноміі. Самай ранняй сведкаю таму знакаміты Стоўнхендж (Stonehenge), размешчаны каля паселішча Эмсбюры графства Уілтшыр у Англіі. Гэтае збудаванне мае ў плане форму, блізкую да круга дыяметрам 115,8 м, выкладзенае з вялізных валуноў, кожны вагой у 50 тон! Валуны гладка адшліфаваны, пастаўлены вертыкальна і перакрыты зверху меншымі па вазе каменнымі блокамі-перамычкамі. Акрамя таго, наўкола гэтай канструкцыі прасочаны невялікі вал і роў. Узведзена збудаванне, паводле радыёвугляроднага датавання ў познім неаліце (2180 ± 105 г. да н.э.). У навукоўцаў ёсць меркаванне, што Стоўнхендж выкарыстоўваўся старажытнымі людзьмі Туманнага Альбіёна як абсерваторыя, у прыватнасці для вылічэння тэрмінаў зацьмення Сонца і Месяца.

Своеасаблівымі пляцоўкамі для астранамічных назіранняў служылі і вяршыні пірамід старажытных майя – індзейскага племені, што насяляла ў часы дакалумбавай Амерыкі цэнтральную частку гэтага кантынента. Жрацы племені майя назіралі за Сонцам, Месяцам і планетамі. Яны распрацавалі каляндарную сістэму, больш дакладную, чым юліянскі каляндар у хрысціянскай Еўропе.

Сапраўдную ж старажытную абсерваторыю ўдалося раскрыць раскопкамі ў Самаркандзе (Узбекістан). Гэтая абсерваторыя Улугбека – унука славутага Цімура (Тамерлана). Улугбек (1394 -- 1449) не быў славутым военачальнікам, як яго дзед. Але ён быў выбітны для свайго часу навуковец і найперш у галіне астраноміі. У 1428 г. ён пабудаваў лепшую на свой час у свеце абсерваторыю.

Археалагічныя раскопкі абсерваторыі Улугбека пачаліся яшчэ ў 1908 г. і з перапынкамі доўжыліся да 1948 г. Раскопкамі ўстаноўлена, што абсерваторыя размяшчалася на скалістым пагорку на беразе арыка -- арашальнага канала, на поўнач ад гарадзішча Афрасіаб (Самарканд). Яна ўяўляла сабою вельмі трывалае збудаванне складзенае з абпаленай цэглы. У плане будынак быў круглы, радыусам 23,3 м. У архітэктурную кампазіцыю будынка быў уключаны галоўны інструмент абсерваторыі -- гіганцкі секстант, вугламерны прыбор для назіранняў за зоркамі і сонцам. Верхняя частка секстанта знаходзілася над зямлёй. А яго ніжняя частка, якая знаходзілася пад зямлёй у спецыяльна выдзеўбанай ў скале траншэі, цудоўна захавалася і была ўскрыта раскопкамі. Раскопкамі былі ўскрыты некалькі вялікіх залаў, калідораў, пераходаў і невялікіх пакояў для дапаможнага персаналу. Звонку будынак быў упрыгожаны шыкоўнай кафляй. Ніжняя частка сцен была абкладзена шэрым мармурам. Самаркандская абсерваторыя Улугбека была лепшай у свеце абсерваторыяй для свайго часу.

Археалагічны матэрыял дае падставы лічыць, што касмаганічныя, касмалагічныя ўяўленні існавалі і ў старажытных славян, у тым ліку ў тых, што пражывалі на тэрыторыі Беларусі.

Так, паводле археалагічных дадзеных, на свяцілішчы Х-пач. ХІ ст. ля вёскі Ходасавічы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці, на яго пляцоўцы ў час раскопак былі выяўлены ямкі з-пад слупоў – вертыкальных калон, якія фіксавалі рух Сонца для кожнай пары года і Месяца ва ўсіх яго фазах. Гэта па сутнасці старажытнаславянскі»хранометр», які падказваў жрацам, калі набходна адпраўляць тое ці іншае сакральнае дзеянне [гл. Гусаков М.Г. Днепровские городища-святилища лесной полосы (опыт археастрономии) // Практика и теория археологических исследований. Труды отдела охранных расколок. Институт археологии РАН. М., 2001. с. 132 – 149].

Своеасаблівая «абсерваторыя» вывучана спецыялістамі ў Полацкім раёне, размешчана яна за у 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Бікульнічы на беразе возера Янова, ва ўрочышчы «Камяні». Канструктыўна яна мае выгляд літары «П» і выкладзена з камянёў ружовага або чырвонага колеру. Кожны бок фігуры мае аднолькавую даўжыню, што складае роўна 15 метраў. Насупраць гэтай канструкцыі, за возерам, ляжыць вёска Свяціца, а за ёю – гарадзіща-гара Валатоўка, што ўзвышаецца над люстрам возера на 25 метраў [гл. Ляўкоў Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. МН., 1992. с. 120–126]. Паводле назіранняў археолога Э. Зайкоўскага адкрытая частка каменнай канструкцыі (адваротны бок літары «П») 7 червеня (25 мая па старому стылю) ляжыць на адной восі узыхода Свяціла і гарадзішца. У гэты дзень праваслоўныя светкуюць дзень «Трэцяга займення галавы Івана Хрысціцеля – Пяпярэдніка» («Третьего обретения главы Иоана Крестителя – Предтечи» – руск.) У пантэоне старажытных славян гэты дзень прыпадае на ушанаванне бога Ярылы – бога Солнца. У традыцыйным жа календары беларусаў гэты дзень мае назву «Ян» [гл. Zaikouski E. Astronomikal and cosmological ideas in prechristian Belarusian culture and their connection with calendrical rites (talk and poster) // Astronomy and Cosmology in Folk traditions and cultural heritage. Klaipeda, 2007, p. 94 – 95].

Дадзеныя археаастраноміі дапамагаюць даследчыкам старадаўніх хрысціянскіх храмаў вызначыць прыкладны (а бывае, што і дакладны) час узвядзення той ці іншай царквы ХІ – ХІІІ стст. Часам пра пачатак і канец будоўлі храма паведамляе летапіс. Напрыклад, сабор Міхайлаўскага златаверхавага манастыра ў Кіеве быў закладзены 11 ліпеня 1108 г., Успенскі сабор ва Уладзіміры 8 красавіка ці 8 мая 1158 г. (па розных спісках летапісу) і г.д. Але цэлы шэраг храмаў не мае ў летапісах даты свайго ўзнікнення. У свой час існавала думка, што арыенціроўка храма адбывалася на рэальны ўзыход сонца ў дзень святкавання таго святога, у гонар якога ўзводзіўся храм [гл. Рыбаков Б.А. Язычество Древней Руси. М., 1987. С. 267]. Але, як паказалі даследаванні, дзень закладкі храма часта не супадаў з днём патрона дадзенага храма, хаця да гэтага, верагодна часам імкнуліся. Значна часцей з днём патрона царквы супадала не закладка храма, а яго асвяшчэнне. Таму для вывучэння часу закладкі храма, калі пра гэта няма летапісных звестак, прыцягваюцца дадзеныя археаастраноміі.

Вядома, што вось храма, за рэдкім выключэннем, заўсёды арыентавалі на тую кропку небасхіла, дзе ў дзень закладкі быў узыход сонца. Такая арыентацыя грунтавалася на дагмаце: «Молиться на восток предано от светлых апостолов и означает следующее. Это потому, что мысленное солнце правды – Христос… явился на землю в тех странах, где восходит солнце чувственное» (цытата па кн. П.А. Раппопорта. Строительное производство Древней Руси (Х – ХІІІ стст.). Спб., «Наука», 1994. С. 136, № 32).

Гэта арыентацыя на сучасны стан фіксуецца з дапамогай магнітнага компаса, г.зн. уяўляе сабой магнітны азімут. Прымая да ведама магнітнае схіленне пунктаў, дзе размешчаны помнікі, лёгка вызначыць сапраўдны азімут прадольнай волі храма. Натуральна, што гэта будзе не адзін, а два дні, паколькі ў кожнай такой кропцы гарызонта сонца ўзыходзіць двойчы на год. Яны будуць адпавядаць сучаснаму, г.зн. грыгарыянскаму календару, а не старадаўняму, юліянскаму. Розніца паміж календарамі ў Х – ХІ стст. складала шэсць дзён, а ў ХІІ ст. – сем. Адсюль даволі лёгка вызначыць дні, у якія сонца ўзыходзіла ў дадзенай кропцы небасхілу пры закладцы храма, не адзначанага ў пісьмовых крыніцах, але ўскрытага археалагічнымі раскопкамі (Раппопорт П.А. Ориентация древнерусских церквей // КСИА. 1974. Вып. 139. с. 43–48 ).

Дадзеныя археастраноміі дапамагаюць дэталізаваь і некаторыя рысы пахавальнага абраду. Так, адной з важных прыкмет, якія характарызуюць пахавальны абрад, з’яўляецца арыенціроўка памерлага па баках свету. Існуе думка, што арыенціроўка нябожчыка ў пахаванні залежыць у некаторым сэнсе ад этнасу памерлага. Так, для балтаў, на думку некаторых даследчыкаў, уласціва арыенціроўка пахаванага галавой на ўсход, для фіна-ўграў – галавой на поўнач, так званая мерыдыяльная арыенціроўка. Для славян, пасля прыняцця хрысціянства і адпраўлення пахавальнага абраду спосабам інгумацыі, уласціва арыенціроўка нябожчыка галавой на захад.

Як у старажытнасці вызначалі бок гарызонту? Адным з найбольш простых і старажытных спосабаў – гэта вызначэнне бакоў гарызонту па руху сонца. Вызначыць гэта можна па кропках яго ўзыходу. Аднак становішча гэтых кропак вагаецца ў залежнасці ад пары года і геаграфічнай шырыні. У залежнасці ад гэтых адхіленняў можна прыкладна вызначыць пару года і нават месяц, калі адбылося пахаванне. Праілюструем гэта на канкрэтным прыкладзе з нашых раскопак.

1992 год. Слуцкі раён, вёска Васілінкі, вясковыя могілкі ХІХ – ХХ стст., размешчаныя ўздоўж шашы Мінск – Слуцк, на якіх захавалася курганная група ХІІ – ХІІІ стст. з трыццаці насыпаў, вядомыя ў мясцовага люду як «шведскія магілы». Для раскопак быў абраны адзін з курганоў незаняты сучаснымі пахаваннямі. Вышыня кургана 1,7 м, дыяметр у аснове 8 м. Пад час раскопак у паўночна-ўсходнім сектары кургана на глыбіні 1,45 м ад яго вяршыні было ўскрыта пахаванне мужчыны ўзросту 40 – 45 гадоў. Мужчына пры жыцці меў рост больш за 180 см. На чэрапе ў нябожчыка былі сляды моцнага ўдару вострым прадметам, відаць зброяй тыпу меча. Удараў было тры. Шырыня ран ад зброі каля 1 мм, глыбіня іх – 0,5 мм. Адзін з удараў аказаўся смяротным, бо рассек чэрап. Пахаванне зроблена па кананічным хрысціянскім абрадзе: рукі складзены на жываце, галавой нябожчык быў пакладзены на захад з ухілам 20° супраць стрэлкі гадзінніка [гл. Калядзінскі Л.У. Курганы каля в. Васілінкі // Случчына: мінулае і сучаснасць. Выпуск 1. Слуцк, 1995. с. 21–26]. Менавіта апошняя акалічнасць і дазваляе нам дэталізаваць больш дакладны час гэтага трагічнага ўчынку. Менавіта такі азімут мае сонца на захадзе ў прамежку ад 5 лютага да 21 сакавіка або ад 23 верасня да 6 лістапада [гл. Генинг В.В., Генинг В.Ф. Метод определения древних традиций ориентировок погребённых по сторонам горизонта // Археология и методы исторических реконструкций. Киев, 1985. с. 136–151]. Якая бойка магла быць у ваколіцах Слуцка (адлегласць да горада ўсяго 5 км) на той час? Так, паводле летапіснага паведамлення, у 1116 г. Слуцк быў спалены дружынай менскага князя Глеба Усяслававіча. Можа, пад час гэтага нападу хтосьці і пацярпеў з навакольных да Слуцка вёсак…

Археалогія і этнаграфія. Этнаграфія слова двухсастоўнае, грэчаскага паходжання, дзе першая частка ethnos перакладаецца як племя, народ, а другая частка – grapho – пішу. А ўсё разам гэта можна перакласці як «народаапісанне». Этнаграфія – гэта грамадская, гуманітарная навука, якая вывучае народы – этнасы, этнічныя супольнасці, іх этнагенез (гісторыю паходжання), побыт, культурна-гістарычныя сувязі. У археалогіі і этнаграфіі аб’ект даследавання амаль ідэнтычны: матэрыяльная культура і духоўны свет чалавека. Праўда, розніца ў прадмеце даследавання: археолагі вывучаюць як правіла даўняе мінулае, а этнографы пераважна перыяд ХІХ – ХХ стст. (цяпер ужо і ХХІ ст.). Таму іншым разам хто-ніхто з даследчыкаў мусіў называць археалогію (асабліва перыяду сярэднявечча) – палеоэтнаграфія.

Сугучна па назве і па прадмеце даследавання этнаграфіі – этналогія. Гэта паняцце можна перакласці як «вывучэнне этнасу», або «навука пра этнас». Гэты тэрмін ужываецца пераважна ў замежнай навуковай літаратуры ў значэнні тэарытычнай этнаграфіі. У айчыннай навуковай літаратуры тэрміны этнаграфія і этналогія часта выступаюць як сінонімы.

Як звязаны археалогія і этнаграфія? Даволі часта этнографы, калі хочуць прасачыць вытокі пэўных раздзелаў матэрыяльнай культуры, напрыклад, высветліць вытокі домабудаўніцтва, пахавальнага абраду і інш. якога-небудзь этнасу, яны звяртаюцца да навуковых работ археолагаў. І наадварот, археолагі нярэдка звяртаюцца да работ этнографаў у той ці іншай галіне матэрыяльнай культуры вывучаемага раёна, каб даць тлумачэнне прызначэнню той ці іншай рэчы, прыладзе працы і г.д.

І сапраўды, пад час раскопак старадаўніх усходнеславянскіх гарадоў сярод чорнаметалічных, драўляных, скураных, каменных і гліняных вырабаў ХІІ – ХVІІІ стст., нярэдка сустракаюцца такія, што захоўваюць свой выгляд і прызначэнне як падобныя на іх вырабы вядомыя па традыцыйнай культуры: беларусаў, украінцаў, рускіх. Канкрэтны прыклад. Пад час раскопак Верхняга замка Віцебска неаднаразова знаходзілі масіўныя калоды, дыяметрам ад 35 да 50 см і даўжынёй каля метра, пастаўленыя старчма на адлегласці адна ад адной у 3 – 4 метры. Па этнаграфічных назіраннях такія калоды – «штандары» або «стулы» ўстанаўлівалі пад ніжні вянок зруба ў якасці фундмента. Другі прыклад: раскопваючы курган ХІ – ХІІ стст. часам у верхніх пластах сустракаеш чарапкі посуду ХVІІІ – ХІХ стст., Што гэта? Аказваецца існаваў звычай наведваць магілы прашчураў (на Радуніцу, Дзяды) і спраўляць на курганах сакральную страву, пакідаючы памерлым суродзічам кавалачкі ежы і посуд. У цэлым жа большасць этнаграфічных даследаванняў па матэрыяльнай культуры пачынаецца з вывучэння археалагічных крыніц, у той час як археалагічныя даследаванні ў галіне матэрыяльнай культуры нярэдка даводзіць свае даследаванні да этнаграфічных паралеляў.

Археалогія і гісторыя. Археалогія, як вы заўважылі па мінулых раздзелах, – гэта самастойная па метадах даследавання навука. І ў гэтым плане яе можна аднесці да спецыяльных гістарычных дысцыплін. Але галоўнае прызначэнне археалогіі – гэта рэканструяваць гістарычнае мінулае па матэрыяльных рэштках, якія пакінуў у выніку сваёй дзейнасці чалавек. І ў гэтым плане археалогію можна ўжо разглядаць як дапаможную гістарычную дысцыпліну. У якой ступені ўваходзіць археалогія ў гісторыю, калі можна было б так сфармуліраваць пытанне?

Відаць, для гісторыі першабытнага грамадства, дзе большую частку займаў перыяд каменнага веку, а ў некаторых народаў і эпоха ранніх металаў, роля археалогіі ў рэканструкцыі гістарычнага мінулага гэтых эпох будзе блізкае да 100 % (можна дапусціць тут і ўдзел этнаграфіі, калі гаворка пойдзе аб рэканструкцыі старадаўніх светапоглядаў: жывёлагадоўчых і земляробчых абрадаў і г.д.). І як бы поўна не выглядалі звесткі Герадота ды іншых антычных аўтараў адносна скіфаў, а ўсё ж менавіта дадзеныя археалогіі істотна папаўняюць скарбонку ведаў пра гэты этнас. Тое ж можна сказаць і пра ўсходніх славян. Нестар-летапісец Кіева-Пячорскага манастыра, аўтар Аповесці мінулых часоў, толькі ў самых агульных рысах паведамляе нам пра іх. І толькі дзякучы грунтоўным даследаванням археолагаў: А.У. Арцыхоўскага, П.Ф. Лысенкі, І.П. Русанавай, Б.А. Рыбакова, Г.Ф. Салаўёвай, В.В. Сядова, А.А. Спіцына, Г.В. Штыхава і інш. удалося лакалізаваць месцы рассялення, гаспадарку і грамадскі лад гэтых плямёнаў. Праўда, мы б ніколі не даведаліся б аб саманазвах гэтых плямёнаў, не будзь гэтага летапіснага звода.

Як далёка, у храналагічным плане, заходзіць работа археолага ў парафію гісторыка? Паспрабуем адказаць на гэтае пытанне.

Справа ў тым, што верхнюю граніцу археалогіі цяжка абмежаваць з-за самой назвы прадмета: слова «аrchaios», як вядома, перакладаецца як старажытнасць. Але дзе мяжа гэтай старажытнасці? У свой час граф А.У. Увараў, адзін з заснавальнікаў расійскай археалогіі, на ІІІ Археалагічным з’ездзе прапанаваў лічыць за гэтую храналагічную мяжу 1700 год. Праўда, ужо менш як праз сто гадоў пасля гэтай прапановы, сталі з’яўляцца работы па археалогіі Масквы ХVІІІ ст., затым па археалогіі Пецярбурга ХVІІІ ст., некаторых гарадоў Польшчы і Прыбалтыкі: публікацыі па кераміцы, шкле, скураным абутку, металічных вырабах, архітэктурна-будаўнічых матэрыялах. У 70-я гады ХХ ст. гэты ноўхаў захапіў і Беларусь: М.А. Ткачоў, В.М. Ляўко, А.А. Трусаў, В.Е. Собаль і інш. А ў 80-я гады ХХ ст. аб’ектам увагі археолагаў становяцца і аб’екты ХІХ ст. Прыкладам таму раскопкі на месцы сядзіб вядомых дзеячаў культуры Беларусі. Гэта раскопкі сядзібы Агінскіх у в. Залессе Смаргонскага р-на, сядзібы Адама Міцкевіча ў Завоссі Баранавіцкага р-на, сядзібы Валенція Ваньковіча ў Мінску, сядзібаў Тадэуша Касцюшкі на Берасцейшчыне і Каліноўскіх на Гродзеншчыне. Матэрыялы гэтых раскопак істотна папоўнілі літаратурныя звесткі пра гэтых славутых асобаў, дапамаглі рэстаўратарам у аднаўленні гэтых сядзіб.

Археалагічная ўвага ахапіла і рэшткі ўмацаванняў канца 20-х пачптку 40-х гадоў ХХ ст., такзваныя лініі абароны «Сталіна» або «Молотава». Археалагічные даследаванні на гэтых помніках дазволілі атрымаць дадатковую інфармацію пра іх канструктыўныя асаблівасці, сістэму жыцязабяспячэння (паступленне паветра, вады, электраэнергіі і г.д.), асветліць апошнія дні і гадзіны функцыянавання гэтых умацаванняў ў чэрвені 1941 года [гл. Пивоварчик С.А. Военная археология в Беларуси: комплексное исследование памятников долговременной фортификации // Матэрыялы па археалогіі Беларусі: навук. зборнік. Мн., 2003. с. 27-31].

А ў некаторых краінах Заходняй Еўропы існуе спецыяльны напрамак у археалогіі – «arehaelogia militaria», якая займаецца вывучэннем помнікаў (месцаў баёў, пахаванняў і іншых аб’ектаў) часоў Першай і Другой сусветных войнаў. На сёння дадзеныя гэтых раскопак становіцца ўсё больш актуальнымі, бо дапамагаюць рэканструіраваць падзеі тых воінаў, якія не знайшлі адлюстраванне ў пісьмовых крыніцах, або вярнуць «на белы свет» артэфакты тых часоў, якія не захаваліся нават і ў музеях [Гл. Desfosses Y., Jacques A., Prilaux G. Great War Archaelogy. Editions Oqest – France, 2009].

Прыкладна такі ж напрамак у сваёй працы мае і 52-гі Асобны спецыялізаваны пошуковы батальён Узброенных сіл Рэспублікі Беларусь, утвораны ў 1995 годзе для выяўлення не улічаных пахаванняў Вялікай Айчынный вайны. Праўда, ужо неўзабаве пасля свайго утварэння спецыялістам гэтага падраздзялення давялося вывучаць пахаванні ахвяраў таталітарнага рэжыму сярэдзіны 30-х пачатку 40-х гадоў XX ст., пахаванняў Першай сусветнай вайны, магілы паўстанцаў 1863 года і пахаванні вайны 1812 года. Вынікі іхняй работы істотна папаўняюць веды пра тагачасныя падзеі, рэаніміруюць імёны загінуўшых, прыносяць цікавыя артэфакты: узоры узбраення, узнагароды, асабістыя рэчы.

Тады ж, напрыканцы 80-х гадоў, пад час перабудовы і «нового мышленья»15 пачаліся навуковыя даследаванні і пахаванняў ахвяр таталітарнага рэжыму. Гэтыя даследаванні праводзіліся па метаду археалагічных раскопак прынятых пры вывучэнні старадаўніх пахаванняў. А менавіта: складанне плана могільніка, пачарговае або выбарачнае для раскопак месца пахавання, нанясенне яго на план і паслойная распрацоўка грунту, якім засыпана пахаванне, з нанясеннем на план усіх сустрэтых у ходзе раскопак артэфактаў і рэшткаў нябожчыкаў. Апрацоўка атрыманага матэрыялу з прыцягненнем спецыялістаў у галіне антрапалогіі, судовай медыцыны, крыміналістаў, спецыялістаў па балістыцы і трасалогіі. Адным з такіх аб’ектаў сталі пахаванні ў Курапатах.

Курапаты – урочышча пад Мінскам (на сёння ўжо ў межах горада) да 200 м на поўнач – паўночны захад ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета Мінскага раёна. Курапаты – месца масавых расстрэлаў. У красавіку – маі 1988 г. у лясным масіве гэтага ўрочышча былі знойдзены парэшткі людзей. У чэрвені 1988 г. створана ўрадавая камісія і пракуратурай БССР была ўзбуджана крымінальная справа. У працэсе расследвання, як пацверджана ў інфармацыйным паведамленні Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 г. было ўстаноўлена, што тут у 1937 – 1941 гг. супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі (раскопкі паказалі, што сярод расстраляных былі і жыхары рэспублік Прыбалтыкі, далучаных да СССР у 1940 г.). Пры аглядзе ляснога масіву высветлілася, што на тэрыторыі каля 30 га размешчана 510 пахаванняў, з якіх у ходзе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя парэшткі людзей, адзенне і іншыя асабістыя рэчы загінулых. Усяго ў Курапатах пахавана прыкладна 30 тысяч чалавек (па іншых падліках 100 і больш тысяч чалавек). У ходзе расследавання правяралася інфармацыя Мінскага гарадскога клуба гістарычных ведаў, што ў Курапатах нібыта ляжаць ахвяры фашысцкага генацыду, у тым ліку яўрэі, дэпартаваныя з краін Заходняй Еўропы (г. Гамбург, Германія). Аднак такія звесткі адсутнічаюць у матэрыялах надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў у Беларусі ў час акупацыі. Няма такіх звестак і ў Мемарыяльным інстытуце катастрофы і гераізму еўрапейскага яўрэйства ў Іерусаліме (Палестына), пракуратуры г. Гамбурга (ФРГ) [гл. Курапаты // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.4. / Беларус. Энцыкл. Мн.: БелЭН, 1997, с. 313]. У 1993 г. рашэннем Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пахаванням ва ўрочышчы Курапаты нададзены статус «Гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі». Гэта адзначае, што пахавальны комплекс Курапаты ўзяты пад ахову дзяржавы і з’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння.

Археалагічныя раскопкі ў Курапатах праводзіліся некалькі разоў. Удзел у гэтых раскопках бралі археолагі даволі высокай кваліфікацыі, у актыве якіх быў багаты вопыт палявых работ. Гэта З.С. Пазьняк, А.В. Іоў, М.М. Крывальцэвіч, Л.У. Калядзінскі, В.Я. Кудрашоў, А.А. Мяцельскі. Па выніках гэтых раскопак складаліся навуковыя справаздачы аб праведзеных работах, якія абмяркоўваліся на пасяджэннях археалагічных аддзелаў, зацвярджаліся і паступалі ў архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі і ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь.

Што паказалі раскопкі ў Курапатах? Пахаванні ўзніклі ў другой палове 30-х гадоў мінулага стагоддзя і працягвалі папаўняцца новымі пахаваннямі да 1941 г. Знешне, на сучасны стан, яны маюць выгляд і западзіны чатырохкутняй формы з закругленымі вугламі западзіны памерамі прыкладна 3x4 м і на глыбіню 0,5x0,6 м. Зрэдку сустракаюцца пахавальныя ямы, дзе даўжыня аднаго з бакоў каля 10 м, а глыбіня магільных ям ад 2 да 2,75 м. Колькасць нябожчыкаў у адной магільнай яме магла быць ад 2–3 дзесяткаў да паўтары сотні і больш. Пад час раскопак было сабрана больш за тры сотні чарапоў, косткі шкілетаў, 340 зубных пратэзаў з жоўтага і белага металаў. Выяўлены асабістыя рэчы – расчоскі, грабяні, мыльніцы, зубныя шчоткі, кашалькі, у якіх раз пораз сустракаліся дробныя грошы – манеты савецкай чаканкі 1931–1938 гг., партмане, рэшткі вопраткі і абутку: боты, гумавыя галёшы, чаравікі. На некаторых клеймы: «Красный Богатырь», «ВСНХ» і інш. Усе пахаваныя належалі да цывільнага насельніцтва. Характар і наменклатура знойдзеных рэчаў сведчыць, што пахаваныя збіраліся ў далёкую дарогу і родны дом яны пакінулі незадоўга да смерці. Гэта наводзіць на думку, што людзі былі расстраляны без суда і яны не адбывалі працяглага зняволення. Пахаваныя ў розных могілах характарызуюцца розным бытавым узроўнем, паходзяць з розных мясцін Беларусі. Напрыклад, сустракаюцца рэчы польскай вытворчасці – сведка, што забітыя былі ўраджэнцамі Заходняй Беларусі. Зрэдку сустракаюцца і рэчы прыбалтыйскай вытворчасці – абутак з кляймом «Riga». Большасць нябожчыкаў, мяркуючы па прадметах індывідуальнага карыстання, належала да дэмакратычнага кола насельніцтва: сяляне, рабочыя, дробныя службоўцы, вясковая інтэлігенцыя (акуляры, мадэльныя чаравікі).

Ёсць выпадкі, калі сярод пахаваных (асобныя ямы) сустракаліся прадстаўнікі высокага соцыуму. Доказам таму, знаходкі ў магілах скураных паліто – «кожанок», зубных мастоў з жоўтага металу. У некаторых памерлых рукі былі закладзены за спіну і звязаны (магчыма, што гэтыя людзі маглі аказаць супраціўленне). Усе пахаваныя былі забіты стрэламі ў галаву (у асноўным у патыліцу) з савецкага рэвальвера сістэмы «Наган» (да 94 % ад усіх выяўленых раскопкамі гільз), зрэдку – з пісталета «ТТ» (Курапаты: Артыкулы, навуковая справаздача, фотаздымкі. Мн.: НВК «Тэхналогія», 1994). Немалаважны факт – усе забітыя – дарослае насельніцтва (мужчыны і жанчыны) і ні аднаго дзіцячага (дзіцячыя пахаванні, як вядома, нярэдкая з'ява ў карных акцыях войскаў вермахта і іх пасобнікаў). Было знойдзена некалькі гільз ад пісталетаў сістэм «Браунінг» і «Вáльтэр», што дало падставы некаторым апанентам бачыць тут нямецкі след, у прыватнасці расстрэл прывезеных сюды з Гамбурга яўрэяў .

У 1994 г. у прэзідэнцкую адміністрацыю ад Мінскага гарадскога клуба гістарычных ведаў паступіў зварот з просьбай правесці новае следства, каб выключыць якія б то ні было крыватолкі ў справе загінулых у Курапатах. Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка пераадрасаваў пісьмо ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь, з рэзалюцыяй, у якой падкрэсліў выключную важнасць пастаўленага пытання і даручыў «… Дать наконец реальную государственную оценку...» [гл. Смолянко А. Куропаты: следствие продолжается // Во Славу Родины. 1996, 15 февраля]. I ў маі 1998 г. былі праведзены ўжо чацвёртыя па ліку даследаванні ў Курапатах.

Узначаліла работы ваенная пракуратура Рэспублікі Беларусь, канкрэтна – старшы памочнік ваеннага пракурора В.Г. Сомаў. Былі запрошаны следчы мінскай міжраённай пракуратуры Э.Койра, следчы следчага аддзела УКДБ па Мінску і Мінскай вобласці У.Мяцельскі, галоўны эксперт-крыміналіст Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра МУС Л. Трыпуцень, намеснік начальніка Дзяржаўнай службы судова-медыцынскіх эксперыз В. Кузьмічоў, загадчык Цэнтральнай медыка-крыміналістычнай лабараторыі Галоўнага бюро судмедэкспертызы А. Ляўковіч, судмедэксперты А. Горнаеў і Г. Бурсін, начальнік аднаго з вядучых аддзелаў упраўлення інжынерных войскаў узброеных сіл Рэспублікі Беларусь С.Лучына, археолагі з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, прадстаўнікі мясцовых органаў улады і грамадскіх камісій. Непасрэдна ж раскопачныя работы праводзіліся вайскоўцамі тэрміновай службы пошукавай роты 52-га Асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, якія займаюцца пошукавымі і раскопачнымі работамі пахаванняў удзельнікаў Першай і Другой сусветных войнаў, а таксама месцаў гібелі ахвяр рэжыму таталітарызму (Kpaпивин С. Курапаты: следствие № 4 // Советская Белоруссия. 1998. 22 мая).

Што істотна новага далі гэтыя раскопкі ў параўнанні з мінулымі? Менавіта пад час гэтых раскопак артэфакты перасталі быць нямымі сведкамі тых драматычных падзей, а загаварылі ўголас. Як гэта адбылося?

Раскопкі. Салдаты спецбатальёна дастаюць з пахавання стрэляныя гільзы патронаў савецкай вытворчасці. Паказваюць іх прадстаўніку грамадскай суполкі «Память» У.Корзуну. Той, «ничтоже сумняшеся», гаворыць: «Это немцы стреляли нашими патронами, экономя свои...» Праз колькі часу салдаты працягваюць знойдзеныя імі савецкія манеты, чаканкі 1937 – 1938 гг. Той жа чалавек працягвае: «Это немцы заметали следы своего злодеяния, подсыпая убитым советские деньги». Гэта сцвярджэнне будзе выглядаць яшчэ болып абсурдным, калі ўспомніць, што нацысцкая Германія не дапускала нават і думкі, што нехта будзе рабіць рэвізію іхным учынкам. Але няхай...

Нарэшце, у рукі раскопшчыкаў, а затым і археолагаў трапляецца скураное партмане. Адкрываем бумажнік, там паперка, складзеная акуратна ў чатыры столкі. Эксперт-крыміналіст, падпалкоўнік МУС, асцярожна пінцэтам разгортвае паперку. Некалькі радкоў, зробленых простым алоўкам. Уважліва чытаем надпіс: «Квитанция дана гражданину Мовше Крамеру, что ценные вещи и деньги изъяты. 10 июня 1940 год». Маёр Сомаў пазірае на прадстаўніка грамадскай суполкі і прамаўляе: «Ну вот, немцы для гамбургских евреев писали справки на русском языке...»

I як тут не ўспомніць словы вядомага нямецкага пісьменніка XIX ст. Генрыха Лаубе: «Археолагі выкопываюць з зямлі гісторыю, якую закапалі палітыкі».

Пытанні для самакантролю:

1. Якія з навук адносяцца да ліку дакладных, прыродазнаўчых і гуманітарных? Прывядзіце па 2 – 3 прыклады на кожны з гэтых разрадаў.

  1. Як археалогія звязана з матэматыкай?

  2. Прывядзіце прыклады супрацоўніцтва фізікаў і хімікаў з археолагамі.

4. Якія сувязі ў навуковым супрацоўніцтве існуюць паміж археолагамі і біёлагамі?

  1. Прывядзіце прыклады навуковага супрацоўніцтва археолагаў і медыкаў.

  2. Як археалогія стасуецца з педагогікай? Раскрыйце гэта на канкрэтным археалагічным матэрыяле.

7. Як археалогія і гісторыя ўзаемадапаўняюць адна адну? Раскрыйце гэта на адным – двух прыкладах.

  1. Літаратура:

  2. Ваганов П.А. Физики дописывают историю / под ред. Я.А. Шера. Л., изд-во Ленинградского ун-та. Л., 1984.

  3. Эйткин М.Дж. Физика и археология. / Пер. с англ. М., 1963.

  4. Математические методы в археологических реконструкциях. Новосибирск, 1995.

  5. Естественно-научные методы исследования культурных слоев древних поселений. М., 2004.

  6. Відейко М.Ю. Археологія в Інтернеті. Киïв, 2001.

  7. Калядзінскі Л.У. Прыродазнаўчыя навыкі ў гарадах Беларусі X – XIII стст. // Беларускае Асветніцтва: вопыт тысячагоддзя. Матэрыялы II міжнароднага кангрэса. У 3 кн. Кн. 2. Мн., 2000. с. 112 – 119.

  8. Колединский Л.В. Ботанические материалы из раскопок Верхнего замка Витебска как исторический источник по виталитивной культуре Белорусского средневекового города // Ботаника (исследование): Сборник научных трудов. Вып. 35/Ин-т эксперимент. Бот. НАН Беларуси. – Мн., 2008. с. 205 – 220.

  9. Франтов Г.С., Пинкевич А.А. Геофизика в археологии. Л., 1966.

  10. Сидорович И.В. Использование металлодетекторов в археологических исследованиях. Защита памятников // Гістарычна-археалагічны зборнік. Інстытут гісторыі, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. № 17. Мн., 2002. с. 241 – 242.