Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

ЛЕКЦЫЯ 3

.doc
Скачиваний:
13
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
113.66 Кб
Скачать

12

ЛЕКЦЫЯ № 3

Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае

(другая палова XIIIпачатак XYI ст.);

ад сярэднявечча – да новага часу.

Пытанні:

  1. Палітычныя і сацыяльна-эканамічныя перадумовы фарміравання Вялікага княства Літоўскага.

  2. Крэўская вунія і яе вынікі.

  3. Дзяржаўны лад Вялікага княства Літоўскага. Сацыяльна-эканамічнае развіццё зямель у XIY – XYI стст.

  4. Знешняя палітыка ВКЛ у XIY – XYI стст.

  5. Кансалідацыя беларускай народнасці.

Літаратура да лекцыі № 3:

  1. Насевіч В. Пачаткі ВКЛ: падзеі і асобы. – Мн., 1993.

  2. Орлов. В.А. Тайны полоцкой истории. – Мн.: Беларусь, 1995.

  3. Пашута В.Г. Образование Литовского государства. – М., 1989.

  4. Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Белоруссии (15 – 16 вв.). – Мн., 1993.

  5. Статут ВКЛ 1588 г.: Тэкст. Даведнік. Каментарый. – Мн., 1989.

  6. Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны / Маст. А.У. Александровіч і інш. – 2-е выд., дап. – Мн.: Полымя, 1993.

  7. Чаропка В. Імя ў летапісе. – Мн., 1994.

  8. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. – Мн., 1992.

№ 1. Прычынамі ўтварэння Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) з’яўляюцца наступныя:

  1. Знешнепалітычныя (геапалітычныя), звязаныя з геаграфічным становішчам беларускіх зямель i неабходнасцю пераадолець у сярэдзіне XIII ст. знешнюю небяспеку з боку нямецкіх рыцараў-крыжакаў з Захаду i мангола-татар з паўднёвага Усходу. Дзеля захавання у такіх умовах насельніцтва, што жыло на мяжы балцкіх i ўсходнеславянскіх зямель, трэба было аб'яднаць намаганні. У гэтым працэсе прымалі ўдзел таксама літоўскія, а пазней i ўкраінскія феадалы.

  2. Унутрыпалітычныя, звязаныя з неабходнасцю пераадолець феадальную раздробленасць перад пагрозай знешняй небяспекі i сумеснымі намаганнямі дробных удзельных княстваў на беларускіх землях абараніць сябе. Такая з’ява, як феадалъная раздробленасць (княжацкія ўсобіцы), у сярэднія вякі была характэрнай для многіх краін Еўропы. Раздробленыя княствы аказваліся бездапаможнымі перад крыжакамі i мангола-татарамі. Патрэбна было іх аб'яднанне для падтрымкі i саюза ў барацьбе са знешнім ворагам.

  3. Эканам1чныя, звязаныя з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі i пераадоленнем натурального характару гаспадаркі (калі ўсё, што выраблялася, выкарыстоўвалася ў гэтай гаспадарцы). Развіццё гандлёвых адносін паміж рознымі рэгіёнамі (тэрыторыямі) беларускіх зямель садзейнічала ix аб'яднанню. Узнікненне гарадоў як цэнтраў гандлю i абароны, дзе будаваліся ўмацаваныя дзядзінцы (крэпасці) спрыяла пашырэнню разнастайных сувязей паміж насельніцтвам. Пэўную ролю ў развіцці аб'яднальных працэсаў адыграў этнічны фактар (этнас — народ). На тэрыторыі Белаpyci ў выніку яе засялення славянскімі плямёнамі, якія змешваліся з мясцовымі балцкімі плямёнамі (славянізацыя балцкага насельніцтва), пачынаючы з V - VIII стст., склаліся племянныя аб'яднанні крывічоў-палачан, дрыгавічоў, радзімічаў. У IX—XII стст. у дзяржаўных межах Кіеўскай Русі склалася пэўная ўсходнеславянская супольнасць, якая у тагачасных гістарычных крыніцах атрымала назву «рускай».

Прычыны ўтварэння ВКЛ

абарона ад знешняй пагрозы

пераадоленне феадальнай раздробленасці

замацаванне эканамічных сувязей

замацаванне феадальных парадкаў

2. Працэс утварэння ВКЛ быў звязаны з паступовай актывізацыяй палітычнага жыцця ў Наваградку (сённяшні Навагрудак). У сярэдзше XIII ст. пачало ўзвышацца Наваградскае княства. Гэтаму спрыялі яго выгадная аддаленасць ад раёнаў змагання з крыжацкай i татарскай навалай, высокі ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі, рамяства i гандлю, зацікаўленасць шматлікай гарадской знаці (заможных слаёў насельніцтва) у аб'яднанні вакол княства іншых зямель. Асноўныя падзеі, якія паклалі пачатак утварэнню ВКЛ, разгортваліся ў верхнім i сярэднім Панямонні — на тэрыторыі,: якая ахоплівае сучасныя паўночна-заходнія землі Беларусі (Гродзенская вобласць) i часткова ўсходнія землі сучаснай Літоўскай Рэспублікі. У дзяржаўнаўтваральных працэсах прынялі ўдзел усходнеславянскае хрысціянскае насельніцтва беларускіх зямель i балцкае язычніцкае насельніцтва літоўскіх. Тут да XIII ст. існавала менш развітая грамадская арганізацыя, так, напрыклад, не было значных гарадоў i пісьменнасці, затое мелася моцнае войска.

Згодна з меркаваннем некаторых гісторыкаў, менавіта Наваградскае княства і яго насельніцтва адыгралі важную ролю ў збіранні беларускіх зямель i ўтварэнні першапачатковага княства Літоўскага.

Некаторыя вучоныя лічаць, што вызначальную ролю ва ўтварэнні першапачатковага княства адыгралі літоўскія феадалы, якія захапілі беларускія землі. Летапіс паведамляе пра Jlimвy Міндоўга, аднаго з балцкіх князеў, які вымушаны быў у выніку міжусобнай барацьбы накіравацца разам з рэшткамі сваей дружыны з балцкай тэрыторыі ў суседні Наваградак. Тут гэты язычніцкі князь прыняў з палітычных меркаванняў хрысціянства i зрабіў горад сваей рэзідэнцыяй. 3 дапамогай наваградскага баярства ён адваяваў для сябе айчынную тэрыторыю, якую калісьці вымушаны быў пакінуць.

У Наваградку ў 1253 г. адбылася каранацыя Міндоўга. Ён стаў вялікім князем дзяржавы, якая пачалася з аб’яднання літоўскіх (часткі балцкіх) і часткі беларускіх, у т.л. і наваградскіх, зямель.

Пры сыне Міндоўга вялікім князю Войшалку (1263 – 1268 гг.), які быў таленавітым, дальнабачным і жорсткім палітыкам, межы княства пашырыліся. У свой час Войшалк быў манахам Лаўрышаўскага манастыра. Даведаўшыся аб забойстве бацькі, ён скінуў манаскія рызы і адпомсціў за бацьку, знішчыў шмат іншых князёў, што былі яго ворагамі.

Пры пляменніку Міндоўга князю Трайдзене (1270 – 1282 гг.) заходнія балты (прусы), якія ратаваліся ад крыжакаў, якія ратаваліся ад крыжакаў, былі паселены на беларускіх землях у наваколлі Слоніма і Гародні. У канцы XIII ст. пры вялікім князю Віценю (1293 – 1316 гг.) удалося дасягнуць адзінства новай дзяржавы. Шляхі пашырэння яе межаў былі рознымі. Беларускія землі далучаліся пераважна на дабраахвотна-дагаварной аснове.

Шляхі ўваходжання беларускіх зямель у склад ВКЛ.

Пагадненні (дагаворы)

Полацкае княства са згоды мясцовых баяр і купцоў

Падначаленне (без дагавора)

Некаторыя княствы Заходняй Беларусі

Шлюб

Віцебскае княства праз шлюб дачкі князя з літоўскім князем Альгердам

Вымарачна, калі не было спадчыннікаў

Пры вялікім князю Гедыміне (1316 – 1347 гг.) у склад ВКЛ увайшла большая частка сучасных беларускіх зямель. Тэрыторыя ВКЛ павялічылася прыкладна ў тры разы. Прыкладна тры чвэрці насельніцтва гэтай дзяржавы да сярэдзіны XIY ст. складала насельніцтва, якое даследчыкі адносяць да беларускага этнасу (беларускай народнасці).

Прынцыпам дзяржаўнага жыцця пры Гедыміне стаў наступны: “Не рушыць даўніны, не ўводзіць навізны”. Ён азначаў паважлівыя адносіны да зямельных уладанняў феадалаў і захаванне гістарычных традыцый насельніцтва ВКЛ, пераемнасць у палітычным і грамадскім жыцці. У 1323 г. Гедымін заснаваў сталую сталіцу дзяржавы ў Вільні. З гэтым горадам звязана наступнае гістарычнае паданне.

  • Аднойчы пасля палявання князь Гедымін прылёг адпачыць і ў сне ўбачыў вялікага жалезнага ваўка, які выў так моцна, што было чуваць далёка. Тлумачэнне гэтаму сну было дадзена такое: трэба пабудаваць на той гары, дзе стаяў воўк, горад-крэпасць, які будзе непрыступным, як той жалезны воўк, а слава аб новым градзе распаўсюдзіцца далёка, як выццё ваўка, якое было чуваць усім людзям у наваколлі. Назва горада была звязана з ракой Віліяй.

Такім чынам, у склад новай дзяржавы паступова ўвайшлі сённяшнія літоўскія, беларускія, украінскія, частка рускіх зямель, дзе жылі як праваслаўныя, так і католікі. Гедымін, які быў мудрым правіцелем, не аддаваў перавагі ні праваслаўю, ні каталіцтву ў такой шматрэлігійнай дзяржаве, якой з’яўлялася ВКЛ. Усе народы, якія прымалі ўдзел ва ўтварэнні ВКЛ, найперш сучасныя літоўскі і беларускі, лічацца гісторыкамі спадкаемцамі гэтай дзяржавы.

№ 2. Пасля смерці вялікага князя Альгерда (1345 – 1377 гг.), сына Гедыміна, на пасадзе вялікага князя апынуўся Ягайла (1377 – 1392 гг.) – старэйшы сын ад другога шлюбу з цвярской княжной. Пачатак яго княжання суправаджаўся абвастрэннем міжусобнай барацьбы з дзядзькам Кейстутам (братам Альгерда) і братам Андрэем Полацкім – старэйшым сынам Альгерда ад першага шлюбу з віцебскай княжной. Андрэй Полацкі не прызнаў Ягайлу вялікім князем. Падзеі ў хуткім часе развіваліся наступным чынам: Ягайла запрасіў Кейстута разам з сынам Вітаўтам у Крэўскі замак, дзе Кейстут быў задушаны. Вітаўту ўдалося ўцячы з-пад варты, пераапрануўшыся ў жаночае адзенне служанкі, якая разам з яго жонкай наведала яго ў цямніцы (падзямеллі) Крэўскага замка.

Князь Андрэй Полацкі вымушаны быў пакінуць Полацк і заключыць саюз з маскоўскім князем Дзмітрыем Іванавічам, на баку якога ўдзельнічаў у 1380 г. у Кулікоўскай бітве супраць мангола-татар. Яго сапернік Ягайла, які выступіў на дапамогу татарам, заняў пазіцыю чакання, а калі ўбачыў, што татары нясуць паражэнне, не аказаў ім ніякаў дапамогі. Праз некалькі гадоў службы ў маскоўскага князя Андрэй Полацкі вярнуўся ў ВКЛ і перайшоў на службу да Вітаўта.

Вялікі князь Ягайла імкнуўся замацаваць уладу ў ВКЛ і разлічваў на падтрымку з боку Польскага Каралеўства. У сваю чаргу, знешняя небяспека з боку крыжакаў рабіла неабходным збліжэнне ВКЛ і Польшчы. Самой Польшчы таксама патрабавалася моцная каралеўская ўлада, бо ёю кіраваў адмоўна настроены да ўсяго польскага немец Людвік Венгерскі.

Крэўскае пагадненне было заключана 14 жніўня 1385 г. у Крэўскім замку. Адной з яго ўмоў стала патрабаванне буйных польскіх феадалаў, каб вялікі князь літоўскі, 36-гадовы Ягайла, ажаніўся з дачкой польскага караля 13-гадовай Ядвігай. Яна павінна была выйсці замуж пасля дасягнення 12-гадовага ўзросту за аўстрыйскага герцага Вільгельма. Вільгельм, які даведаўся, што нявесту хочуць аддаць другому, прымчаўся да яе ў Кракаў і дабраўся да замка. Аднак, польскім феадалам удалося пераканаць Ядвігу, якая не жадала быць жонкай Ягайлы – гэта ахвяра дзеля пашырэння каталіцкай веры і польскага ўплыву на беларуска-літоўскія землі.

  • У 1386 г. адбыўся шлюб Ягайлы і Ядвігі, якая дала згоду . У шлюбе Ядвіга так і не ашчаслівіла Ягайлу дзецьмі, хаця яны пражылі разам 13 г. Ягайла ў будучым ажэніцца яшчэ тройчы, толькі апошняя жонка – 16-гадовая князёўна Соф’я Гальшанская, сасватаная 73-гадоваму каралю, народзіць яму сыноў, у тым ліку будучага вялікага князя літоўскага і караля Польскага Казіміра.

Ягайлу, які ў выніку шлюбу з Ядвігай (дынастычнай вуніі з Польшчай) далучыў да свайго вялікакняжацкага тытула і пасаду польскага караля, пры заключэнні Крэўскага пагаднення ставіліся і іншыя ўмовы. Ён павінен быў прыняць каталіцкую веру і ахрысціць у каталіцтва Літву. Пасля прыняцця каталіцтва Ягайла ўзяў імя Уладзіслаў.

Выдаў прывілей 1387 г. – грамату, якая надавала дадатковыя правы і вольнасці феадалам каталіцкага веравызнання і не распаўсюджвалася на праваслаўных феадалаў (неабмежаванае валоданне сваімі вотчынамі, вызваленне ад выканання дзяржпавіннасцей). Ягайла, у адрозненне ад свайго дзеда Гедыміна, імкнуўся зрабіць каталіцкую царкву пануючай у ВКЛ, што выклікала незадавальнене праваслаўнай часткі насельніцтва.

У 1413 г. дыскрымінацыя праваслаўнай знаці стала яшчэ больш выразнай. Забараняліся шлюбы паміж католікамі і праваслаўнымі, на высокія пасады назначаліся толькі католікі, праваслаўныя не маглі выбіраць вялікага князя. Назравала незадавальненне ў краіне. У такіх умовах Ягайле цяжка было адначасова трымаць уладу ў Польскім каралеўстве і захоўваць яе за сабой у ВКЛ. Паміж Ягайлам і Вітаўтам пачалася міжусобная барацьба, якая завяршылася заключэннем у 1392 г. Востраўскім пагадненнем: Ягайла перадаваў уладу ў ВКЛ Вітаўту, які стаў вялікім князем літоўскім, а сам заставаўся вялікім князем літоўскім і каралём польскім. Пры Вітаўце ВКЛ у пачатку XY ст. стала адной з буйнейшых па сваёй тэрыторыі дзяржаў у Еўропе. Паэт Мікола Гусоўскі ў сваёй паэме “Песня пра зубра” (1523 г.), назваў час княжання Вітаўта (1392 – 1430 гг.) “залатым векам” у гісторыі ВКЛ.

У 1430 г. вялікім князем літоўскім стаў малодшы сын Альгерда Свідрыгайла (1430 – 1432 гг.). Яго апорай былі феадалы праваслаўнага веравызнання, прыцягваў іх да дзяржаўнага кіравання, раздаваў замкі і пасады. Гэта выклікала незадаволенасць літоўскіх феадалаў. Дамовіўшыся між сабой, яны абвясцілі вялікім князем Жыгімонта Кейстутавіча (1432 – 1440 гг.). Адбыўся раскол ВКЛ. У 1435 г. войскі Жыгімонта нанеслі паражэнне войскам Свідрыгайлы ў бітве пад Вількамірам. Варта заўважыць, што не розніца ў веры выклікала супярэчнасці ў палітычным жыцці. Іх параджала імкненне феадалаў таго ці іншага веравызнання ўдзельнічаць у кіраванні дзяржавай. Толькі пасля выдання двух прывілеяў 1432г., 1434, праваслаўная і каталіцкая знаць ураўняліся ў правах.

У выніку забойства Жыгімонта ў 1440 г. была ліквідавана дзяржаўная вунія ВКЛ з Польшчай. Наступны кіраўнік ВКЛ Казімір пасля абрання яго на польскі трон устанавіў персанальную (асабістую) унію, пры якой ВКЛ захоўвала сваю самастойнасць.

№ 3. Дзяржаўны лад ВКЛ у час Гедыміна, Альгерда і Вітаўта уяўлялі сабой неабмежаваную манархію – уладу аднаго кіраўніка ў дзяржаве. Яго абавязкамі былі абарона краіны, выданне законаў, ажыццяўленне дыапламатычных зносін з іншымі краінамі, аб’яўленне вайны і заключэнне міру, распараджэнне дзяржаўнай казной, прызначэнне на дзяржаўныя пасады.

У час княжання Аляксандра Казіміравіча ўлада вялікага князя была абмежавана радай (ад слова “раіцца”) – спачатку толькі дарадчым, а потым заканадаўчым і распарадчым органам дзяржаўнай улады ў ВКЛ. Рада паступова набыла яшчэ адну назву – “паны-рада”. У яе склад уваходзілі найбуйнейшыя феадалы-землеўласнікі, якіх з канца XIY ст. называлі “панамі”, і вышэйшыя службовыя асобы: ваявода; канцлер – кіраўнік вялікакняжацкай канцылярыі, хавальнік вялікай дзяржаўнай пячаткі; падскарбі – загадчык дзяржаўнага скарбу; гетман – начальнік войска і інш. “Паны-рада” адасобіліся ў самастойны і незалежны ад вялікага князя орган улады.

У канцы XY ст. канчаткова аформіўся другі вышэйшы орган дзяржаўнага кіравання ў ВКЛ – агульны (вальны) сойм, на пасяджэннях якога маглі прысутнічаць усе феадалы княства, а пазней – па 2 дэпутаты ад кожнага павета. На соймах вырашаліся пытанні аб вайне і міру, аб падатках і законах, аб выбранні вялікага князя.

Такім чынам, адбылося абмежаванне ўлады вялікага князя за кошт пашырэння ролі феадалаў. У адрозненне ад ВКЛ у Заходняй Еўропе, наадварот, адбываўся працэс цэнтралізацыі ўлады, пры якім улада засяроджвалася ў руках манарха. У ВКЛ адзінаўладдзе паступова ператвараецца ў саслоўна-прадстаўнічую манархію. Роля паноў-рады і вальнага сойму ў дзяржаўным кіраванні становіцца вышэйшай за ролю вялікага князя. Ён заставаўся першай асобай у дзяржаве, аднак не быў адзінаўладцам і падпарадкоўваўся панам-рады.

Гаспадарчае жыццё ВКЛ характарызавалася існаваннем і пэўнымі суадносінамі паміж рознымі саслоўямі – групамі насельніцтва, якія мелі свае спадчынныя правы і абавязкі. Вырашальную ролю адыгрывалі буйныя феадалы – землеўладальнікі. У іх асабістым карыстанні знаходзіліся землі, якія можна было прадаваць, дарыць, абменьваць. Буйных землеўладальнікаў называлі панамі. Яны займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады, уваходзячы ў склад паноў-рады. Самых буйных землеўладальнікаў называлі магнатамі. Большасць феадалаў стала называцца ў XYI ст. шляхціцамі.

Вялікі князь быў найбуйнейшым уладальнікам дзяржаўных зямель. Іх колькасць пашыралася ў выніку далучэння да ВКЛ новых тэрыторый.

Самую вялікую частку насельніцтва складалі сяляне, якія ў XIY – XY стст. з землеўласнікаў сталі землекарыстальнікамі. Сяляне-землекарыстальнікі падзяляліся на пахожых (вольных) - тых, хто меў права пераходзіць свабодна ад аднаго феадала да другога, і непахожых (прыгонных) – тых, каму такі пераход забараняўся. Іх права асабістай уласнасці на зямлю не мела юрыдычнага замацавання, г. зн. пацвярджэння законам ВКЛ у адрозненне ад правоў на зямлю феадалаў.

У 1447 г. вялікі князь Казімір выдаў прывілей, што даў пачатак афармленню залежнасці сялян, валоданне зямлёй на правах поўнай уласнасці. У 1468 г. быў складзены Судзебнік Казіміра – першы зборнік юрыдычных законаў ВКЛ. Згодна з гэтым дакументам сяляне пазбаўляліся права свабоднага пераходу ад аднаго феадала да другога – яны прымацоўваліся да зямлі, на якой жылі і якую апрацоўвалі. Выданне Судзебніка азначала юрыдычнае афармленне запрыгоньвання сялян – страты сялянамі права ўласнасці на зямлю і ператварэннt іх у залежных ад феадала.

Статут 1529 г. адмаўляў сялянам у праве прыватнасці на зямлю. Статуты 1566 г., 1588 г. устанаўлівалі 10-і, а потым 20-ігадовы тэрмін пошуку беглых сялян. Гэта з’явілася канчатковым афармленнем прыгоннага права ў Беларусі і ВКЛ: сялян цяпер можна было прадаваць, судзіць, мяняць і г.д.

Асноўную частку сялянства, якая карысталася зямельнымі надзеламі феадала, складалі так званыя цяглыя сяляне, чыя асабістая залежнасць была нязначнай. За карыстанне зямлёй феадала сяляне павінны былі выконваць паншчыну – адпрацоўку пэўнай колmкасці дзён на зямлі феадала або плаціць чынш – грашовы аброк (падатак) за карыстанне зямельным надзелам. Сялян, якія аддавалі дзякла – натуральную даніну сельскагаспадарчымі прадуктамі за карыстанне зямлёй феадала – называлі даннікамі. З XY ст. яны плацілі чынш. Яшчэ адна група сялян не мела сваёй уласнай гаспадаркі і жыла пры двары феадалаў, выконваючы розную працу ў яго гаспадарцы. Такіх сялян называлі часта дваровымі.

Акрамя існаваў цэлы шэраг дадатковых павіннасцей: талокі – сумесныя сезонныя гаспадарчыя работы, якія выконваліся ўсімі сялянамі разам, гвалты ці згоны – агульныя тэрміновыя работы (будаўніцтва дарог, мастоў).

У IY – XY стст. пэўную частку насельніцтва ВКЛ складалі жыхары гарадоў, якія ўносілі свой уклад у гаспадарчае развіццё краіны. У гарадах жылі купцы, рамеснікі, шляхта з прыслугай і нават сяляне. Карэнных вольных гараджан называлі мяшчанамі, г. зн. жыхарамі места – горада. Побач з гарадамі існавалі мястэчкі – невялікія паселішчы гарадскога тыпу.

Станоішча гарадоў у XIY – XY стст. вызначалася тым, што каля 40 % усіх гарадоў былі прыватнаўласніцкімі, г. зн. знаходзіліся ў прыватнай уласнасці ў феадалаў. Насельніцтва прыватных і гаспадарскіх (дзяржаўных) гарадоў імкнулася пазбавіцца ад феадальнай залежнасці, што праяўлялася ў барацьбе жыхароў за пашырэнне сваіх правоў. З канца XIY ст. вялікія князі, улічваючы імкненні гарадскіх жыхароў сваімі граматамі сталі дараваць гарадам магдэбургскае права або права на самакіраванне (яго назва паходзіць ад нямецкага горада Магдэбурга, які першы ў гісторыі ў XIII ст. атрымаў такое права). Паводле такога права гараджане вызваляліся ад феадальнай залежнасці і стваралі свае органы ўлады – магістрат, а таксам суд, а рамеснікі – свае рамесныя аб’яднанні. У адрозненне ад Заходняй Еўропы цэхі рамеснікаў і гільдыі (саюзы) купцоў узніклі ў беларускіх гарадах толькі ў XYIст.

Магістрат з’яўляўся выбарным органам гарадскога самакіравання. Ён складаўся з гарадской рады, якую выбіралі самі гараджане і лавы – органа па судовых справах (назва “лава” паходзіць ад таго, што абвінавачаных садзілі ў час заслухоўвання справы на звычайную лаву). Гэтыя органы самакіравання ўзначальвалі адпаведна бурмістр і войт. Для магістрата ў гарадах пазней пачалі ўзводзіцца спецыяльныя будынкі – ратушы з гарадской вежай і гадзіннікам на ёй.

Першым з гарадоў ВКЛ магдэбургскае права атрымаў ў 1387 г. г. Вільня. Першым вольным горадам на сучаснай тэрыторыі Беларусі стаў у 1390 г. г. Берасце. Самы старажытны горад Беларусі Полацк набыў магдэбургскае права ў 1498 г., Мінск – у 1499 г.

Гарады ў XY – XYI стст. паступова ператварыліся ў рамесна-гандлёвыя цэнтры. Тут існавала шмат розных відаў рамёстваў, працавалі рынкі - месцы, дзе ганлявалі прадуктамі і вырабамі рамяства. Адзін раз у год праводзіліся сезонныя кірмашы, у якіх удзельнічалі як мясцовыя, так і замежныя купцы.

№ 4. Барацьба з крыжацкай навалай. У пачатку XIII ст. на беларускіх землях пачынаецца барацьба з нямецкімі рыцарамі-крыжакамі, якія, пашыраючы хрысціянскую (каталіцкую) веру, пачалі захоп чужых тэрыторый, так званы націск на Усход. Сумеснымі намаганнямі крыжакоў і каталіцкай царквы былі створаны ваенна-рэлігійныя арганізацыі – ордэн Мечаносцаў (Лівонскі ордэн) і Тэўтонскі ордэн. У 1237 г. яны аб’ядналіся і стварылі на захопленых землях дзяржаву са сталіцай у Мальбарку (Прусія).

Заваёўніцкія планы крыжакоў сутыкнуліся з інтарэсамі Полацка і пагражалі стратай падуладных яму зямель у ніжнім цячэнні Заходняй Дзвіны, дзе знаходзіліся гарады-крэпасці Кукенойс і Герцыке. У змаганні з крыжакамі вызначыўся пры абароне горада-крэпасці Кукенойс князь Вячка (Вячаслаў), што паходзіў з дынастыі полацкіх князёў. Аднак пад націскам пераўзыходзячых сіл крыжакоў мужны князь мусіў спаліць у 1208 г. крэпасць. Праз год крыжакамі быў спалены Герцыке. Пяць разоў спрабавалі крыжакі захапіць Полацк.

Барацьба з крыжакамі магла быць паспяховай толькі пры замацаванні палітычных сувязей паміж тэрыторыямі, якія падвергліся іх нападу. Так, у буйной бітве жыхароў Ноўгарада са шведскімі рыцарамі па рацэ Няве ў 1240 г. выключнай адвагай вылучыўся воін-палачанін Якаў, што пацвярджае агульны характар справы змагання з рыцарамі-крыжакамі. Дарэчы, пераможца бітвы князь Аляксандр Неўскі быў жанаты з дачкой полацкага князя Брачыслава. Такі саюз спрыяў паражэнню крыжакоў і перамозе войска А. Неўскага ў 1242 г. у бітве на Чудскім возеры, якая атрымала назву лядовага пабоішча.

Грозная і небяспечная навала крыжакоў з Захаду стала адной з прычын, якія абумовілі ўтварэнне ВКЛ. Чатыры разы крыжакі спрабавалі захапіць Наваградак. У 1314 г. стараста горада Гародні (Гродна) Давыд Гарадзенскі са сваёй дружынай адбіў іх нападзенне на замак у Навагрудку.

У 1331 г. пры вялікім князю Гедыміне адбылася пераможная бітва войска ВКЛ з рыцарамі Тэўтонскага ордэна на рацэ Акмяне (тэрыторыя сучаснай Літвы).

Рашаючае значэнне ў барацьбе з пранікненнем крыжакоў на ўсход мела Грунвальдская бітва. У 1408 г. на нарадзе польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта было прянята рашэнне аб вайне з крыжакамі. Галоўнай падзеяй вайны стала адна з буйнейшых бітваў сярэдневечча – 15 ліпеня 1410 г. пад Грунвальдам (сёння Дуброўна ў Польшчы).

  • Паміж аб’яднанымі саюзніцкімі сіламі польска-літоўска-беларускага войска і Тэўтонскім ордэнам. Войскі ВКЛ налічвалі 40 харгваў – баявых атрадаў колькасцю ад 60 да 600 коп’яў. Кап’ём называлася баявая тройка: рыцар-вершнік, збраяносец-парабак і лучнік. Харугвы ВКЛ узначаліў вялікі князь літоўскі Вітаўт, які за свае баявыя якасці атрымаў мянушку “Гром перамогі”. Польскае каралеўства выставіла 50 харугваў. Агульнае кіраўніцтва аб’яднаным войскам саюзнікаў ажыццяўляў польскі кароль Ягайла. У аб’яднаным войску былі харугвы з Украіны, руская дружына з Ноўгарада Вялікага, атрад з Чэхіі пад кіраўніцтвам будучага героя гусіцкага руху Яна Жыжкі і татарская конніца. Па падліках гісторыкаў войска саюзнікаў налічвала каля 40 тыс. чалавек.

Войска крыжакаў мела больш за 30 тыс. воінаў, у іх было лепшае ўзбраенне. Кіраваў імі вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген. Паражэнне Тэўтонскага ордэна азначала крах 200-гадовай крыжацкай агрэсіі (напад адной дзяржавы на другую) у Еўропе. Перамога над крыжакамі значна павысіла аўтарытэт ВКЛ і Польскага каралеўства сярод іншых краін.

2. Барацьба з татарскімі набегамі на беларускіх землях пачынаецца ў 1240 – 1241 гг. Да гэтага часу належаць летапісныя звесткі аб рабаўніцтве Берасця мангола-татарамі, радзімай якіх былі стэпы Манголіі. Да з’яўлення ў беларускіх землях яны заваявалі Кітай, Сярэднюю Азію, Закаўказзе, большую частку рускіх зямель і ўтварылі сваю дзяржаву – Залатую Арду ад Ціхага акіяна да Чорнага мора. Татарскія набегі ўяўлялі агульную для беларускага і рускага набегаў знешнюю небяспеку. На рускіх землях качэўнікі-заваёўнікі ўсталявалі сваю ўладу і кіравалі праз выдачу мясцовым князям грамат – ярлыкоў на права збору даніны для перадачы яе мангола-татарскаму хану або збіралі яе самі, пасылаючы на рускія землі яе зборшчыкаў – баскакаў. На беларускія землі мангола-татары ажыццяўлялі асобныя напады, рабавалі мясцовых жыхароў, бралі іх у палон, аднак сваёй трывалай улады не ўсталявалі.

У 1363 г. вялікі князь Альгерд разбіў трох татарскіх ханаў на рацэ Сінія Воды (Сучасная Украіна). У выніку гэтай перамогі мангола-татары былі выцеснены з украінскіх зямель. 7 верасня 1380 г. князь Андрэй Полацкі ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве супраць мангола-татар на баку маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча, які за перамогу ў бітве быў празваны Данскім. Трагічна завяршылася для войска ВКЛ на чале з вялікім князем Вітаўтам у 1399 г. бітва на рацэ Ворскле (сучасная Украіна) з правіцелямі Залатой Арды.

Варта заўважыць, што з канца XIY ст. пачынаецца рассяленне татараў, якія трапілі ў палон у час набегаў і бітваў на беларускіх землях. ВКЛ з’яўлялася шматнацыянальнай дзяржавай, дзе акрамя ўсходнеславянскіх і балцкіх народаў сталі пражываць татары, якія складалі этнічную меншасць, г зн. невялічкі па колькасці, у параўнанні з асноўным насельніцтвам краіны, народ. Татарская конніца ў якасці саюзніцы ўдзельнічала на баку войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве. У старажытным Менску месца пасялення татараў вядома пад назвай “татарскі канец” (раён сучаснага Палаца спорту па праспекце Машэрава). Татарскае насельніцтва ўнесла пэўны ўклад у развіццё гаспадаркі і культуры ВКЛ.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]