Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Metodichka_Bel_yaz_ch1_htm.pdf
Скачиваний:
286
Добавлен:
29.02.2016
Размер:
604.21 Кб
Скачать

Мова і яе асноўныя функцыі

Мова – найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі, тое, што вылучае чалавека з усяго астатняга біялагічнага свету. Гэты важны здабытак чалавецтва дае падставу меркаваць, што само паходжанне і станаўленне чалавека адбылося дзякуючы мове, таму і праблема ўзнікнення мовы непасрэдна звязана з фарміраваннем чалавека.

Існуе некалькі гіпотэз адносна паходжання мовы. Тэорыя Ч.Дарвіна пра паходжанне чалавека з жывёльнага свету, створаная ў ХІХ ст., дала падставу некаторым вучоным меркаваць пра тое, што і мова ўзнікла натуральным шляхам дзякуючы цэлай сукупнасці матэрыяльных умоў, пры якіх жылі нашы далёкія продкі. Але яшчэ задоўга да гэтага ў нетрах старажытнагрэчаскай філасофіі зарадзіліся гіпотэзы пра паходжанне мовы.

Так, згодна з гукапераймальнай гіпотэзай паходжання мовы, апошняя ўзнікла праз перайманне, імітацыю гукаў навакольнага свету чалавекам, яго органамі, якія з цягам часу ўдасканальваліся і сталі здольнымі выконваць дадатковую да біялагічных функцый – функцыю маўлення. Праз перайманне шматлікіх і разнастайных гукаў навакольнага свету (спеў птушак, шум ветру, грукат грому, шапаценне лісця і інш.) чалавек навучыўся, як сцвярджаюць прадстаўнікі гэтай гіпотэзы, гаварыць. Другая старажытная гіпотэза грэчаскіх вучоных звязвае паходжанне мовы з тымі натуральнымі гукамі, якімі насычана біялагічнае жыццё самога чалавека (сапенне, кашаль, хрып, крыкі і інш.). Ад іх і бярэ пачатак, як лічылі некаторыя старажытнагрэчаскія мудрацы, членападзельная мова; гэта гіпотэза называецца выклічнікавай.

Ужо ў ХІХ ст. французскі даследчык Л.Нуарэ выказаў гіпотэзу пра тое, што мова ўзнікла ў час калектыўнай працы людзей, якія дапамагалі сабе выкрыкамі пры яе выкананні; гэтыя працоўныя выкрыкі і ляглі ў аснову стварэння мовы людзей. Вядомым французскім філосафам Ж.Ж.Русо была распрацавана гіпотэза сацыяльнага паходжання маўлення, згодна з якой старажытныя людзі дамовіліся паміж сабой называць прадметы і з’явы навакольнага свету пэўнымі моўнымі адзінкамі.

Меркаванні вучоных-матэрыялістаў пра ўзнікненне мовы грунтуюцца на шэрагу фактараў і акалічнасцяў жыцця нашых далёкіх продкаў. Асноўным фактарам, дзякуючы якому адбылося фарміраванне чалавека сучаснага выгляду і станаўленне яго членападзельнай мовы як сродку зносін і мыслення, лічыцца сумесная праца людзей.

Дзеля таго, каб існаваць, людзі павінны дамовіцца паміж сабой пра супольныя справы, размеркаванне абавязкаў, пра вызначэнне агульных планаў і г.д.; ажыццяўленне падобнага тыпу патрэб і дасягаецца пры дапамозе мовы. Мова ўзнікае з настойлівай патрэбы грамадства і ў грамадстве, гэта – сацыяльная (грамадская) з’ява.

Мова ўзнікла сотні тысяч гадоў назад, калі першабытныя людзі аб’ядналіся ў калектывы, каб здабываць агонь, паляваць на жывёлу, лавіць рыбу, вырабляць прылады працы, будаваць жыллё. Аб’яднанне людзей у калектывы (роды, плямёны) патрабавала дамоўленасці паміж імі,

размеркавання абавязкаў, арганізаванасці – інакш кажучы, сумеснай дзейнасці, у працэсе якой і сфарміравалася мова як сродак зносін.

Мова – з’ява грамадская. Яна ўзнікае з развіццём грамадства, ахоплівае ўсе сферы дзейнасці чалавека і адыгрывае вялікую ролю ў яго жыцці. Пры дапамозе мовы людзі абменьваюцца думкамі, наладжваюць сувязі паміж народамі, дзяржавамі, развіваюць вытворчасць, тэхніку і навуку, робяць новыя адкрыцці.

Тысячагоддзямі людзі выкарыстоўвалі толькі вусную мову. Пісьмовая мова ў параўнанні з вуснай узнікла нядаўна, хаця вядома са старажытных часоў і прайшла ўжо шлях, роўны некалькім тысячагоддзям. Пісьменства – найвялікшае вынаходніцтва чалавецтва. Узнікненне яго стала магутным рухавіком чалавечай культуры. Дзякуючы пісьменству, людзі атрымалі магчымасць выкарыстоўваць велізарны запас ведаў, назапашаных чалавецтвам ва ўсіх сферах яго дзейнасці на працягу стагоддзяў, развіваць спадчыну мінулага і захоўваць вопыт пакаленняў для будучыні. Пісьмо служыць для перадачы думак на вялікую адлегласць, аб’ядноўвае людзей розных тэрыторый, краін, дзяржаў, разлічана на неабмежаваную колькасць людзей.

Доўгі час кнігі былі рукапісныя. Але такія кнігі не маглі задаволіць патрэбы грамадства. Пісьменных людзей было мала; адзін летапісец мог за ўсё жыццё перапісаць усяго некалькі кніг – адсюль і невялікая іх колькасць, абмежаванасць экземпляраў адной і той жа кнігі, значны кошт. У старажытныя часы купіць кнігу мог толькі вельмі багаты чалавек, таму людзі шукалі шляхі, як зрабіць кнігу больш даступнай, больш таннай.

Упершыню вынайшлі спосаб друкаваць кнігі ў Карэі каля 750 года н.э. Наразалі на дошцы тэкст, пакрывалі яго фарбай і адціскалі на лісты. Гэта быў самы ранні спосаб кнігадрукавання. Новая эра ў кнігадрукаванні адкрылася ў 40-я гг. XV ст., калі немец Іаган Гутэнберг стаў друкаваць кнігі на станку пры дапамозе набору металічных літар. А для ўсіх усходніх славян (беларусаў, рускіх, украінцаў) першым друкаром быў Францыск Скарына, які

ў1517 г. распачаў кнігадрукаванне кірылаўскімі літарамі на беларускай мове. Дзякуючы кнігадрукаванню, стала пашырацца пісьменнасць сярод народа, развівацца навука, культура, асвета.

Відавочна, што мова мае выключна важнае значэнне як у гісторыі чалавецтва, так і ў жыцці кожнага чалавека. Сутнасць мовы адлюстроўваецца

ўяе функцыях, сярод якіх звычайна вылучаюць наступныя: камунікатыўную, намінатыўную, пазнавальную, экспрэсіўную, эстэтычную, фатычную.

Галоўнай функцыяй мовы лічыцца камунікатыўная, або функцыя зносін паміж людзьмі. Яна раскрывае сацыяльны, грамадскі характар мовы, бо па-за грамадствам мова спыняе сваё існаванне, нягледзячы на тое, што яе знешняя форма можа захоўвацца ў выглядзе пісьма або гукавых запісаў. Зафіксаваныя матэрыяльныя формы мовы набываюць сваю значнасць, становяцца ўнутраным здабыткам людзей толькі пры ўспрыманні свядомасцю чалавека, яго псіхікай. Само станаўленне чалавека, вылучэнне яго са свету жывых істот як вышэйшага віду звязана з мовай.

Сувязь чалавека з навакольным асяроддзем ажыццяўляецца праз намінатыўную функцыю мовы, або функцыю называння. Знешнія прадметы становяцца ўнутраным здабыткам чалавека, ствараюць свет яго вобразаў, уяўленняў, паняццяў, калі гэтыя прадметы атрымліваюць назвы сродкамі мовы, у першую чаргу – словамі. Звычайна тым прадметам і з’явам рэчаіснасці, якія адыгрываюць важную ролю ў жыцці людзей пэўнага калектыву, даецца значна больш разнастайных назваў, чым з’явам і прадметам, якія знаходзяцца нібыта на перыферыі інтарэсаў чалавека, рэдка сустракаюцца ў яго жыцці. Так, працэс гаварэння паводле “Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў” М.К.Клышкі (1976) мае 73 розныя назвы, паняцце бяды абазначаецца 57 сінонімамі, паняцце вялікага памеру – 50 словамі. Багацце слоўніка ў цэлым, а таксама колькасць намінацый у пэўнай галіне жыцця і ведаў сведчаць не толькі пра стан і развіццё мовы народа, але і пра ступень яго інтэлектуальнага і духоўнага стану.

Адной з істотных функцый мовы з’яўляецца таксама пазнавальная. Чалавечае пазнанне грунтуецца на ведах, якія фіксуюцца, назапашваюцца, класіфікуюцца, абагульняюцца з дапамогай мовы. У адзін і той час мова выступае і як матэрыяльнае замацаванне ведаў, і як непасрэдны інструмент пазнання, таму што стварэнне і ўзбагачэнне асноўных катэгорый мыслення (г.зн. паняццяў) адбываецца на аснове мовы. Засваенне назапашаных чалавецтвам ведаў, навучанне людзей у навучальных установах, адкрыццё новага падчас навуковых даследаванняў – усё гэта звязана з шырокім выкарыстаннем мовы, якая служыць галоўным сродкам атрымання, узбагачэння і ўдакладнення ведаў.

Мова з’яўляецца таксама галоўным спосабам выражэння думак і пачуццяў кожнага чалавека, выконваючы тым самым экспрэсіўную функцыю. Праз мову перадаюцца не толькі пэўныя звесткі, веды, але і выяўляюцца адносіны да іх таго, хто гаворыць (яго здольнасці, вопыт, псіхічны стан у момант маўлення і інш.). Экспрэсіўная функцыя мовы дапамагае выявіць галоўныя рысы чалавека, яго ўнутраны свет.

Пры зносінах часта аказваецца важным не толькі тое, што сказаць, але і як сказаць. Якасць маўлення ацэньваецца як па яго зместу, так і па эмацыянальнай насычанасці, эстэтычных характарыстыках, выкліканаму ў слухачоў уражанню. Бясспрэчна, што мілагучнае выказванне пры аднолькавай інфарматыўнасці са звычайным паведамленнем успрымаецца з большым задавальненнем і ўвагай. Звычайна эстэтычная функцыя мовы ўвасабляецца ў мастацкіх тэкстах – прозе, паэзіі, сцэнічным маўленні, красамоўстве.

Звычайна перад тым, як пачаць непасрэдна абменьвацца пэўнай інфармацыяй падчас размовы, людзі павінны наладзіць кантакт. Так, сустрэўшы знаёмага на вуліцы, мы спачатку гаворым: “Добры дзень!”– і толькі пасля пераходзім да “інфарматыўнай” часткі гутаркі; пачуўшы званок і падняўшы трубку тэлефона, мы гаворым: “Алё!”– што пацвярджае нашу гатоўнасць да размовы. Гэтыя словы – “добры дзень”, “прывітанне”, “алё”, “слухаю вас” і інш.– нічога новага нашым суразмоўцам не паведамляюць, але

дзякуючы ім наладжваецца сувязь, неабходная для размовы; менавіта ў такіх словах і рэалізуецца фатычная функцыя мовы, або функцыя наладжвання кантакту.

Кожная з моўных адзінак імкнецца ўвасобіць у сабе найперш якуюнебудзь адну функцыю; так, у слове на пярэднім плане знаходзіцца намінатыўная функцыя, у сказе – камунікатыўная, у фразеалагізме – экспрэсіўная і г.д. Але ў той жа час кожная з моўных адзінак звычайна выконвае некалькі функцый (напрыклад, фразеалагізм, акрамя экспрэсіўнай, выконвае і эстэтычную, сказ – камунікатыўную і экспрэсіўную і г.д.). З другога боку, адна і тая ж функцыя рэалізуецца праз шэраг моўных адзінак (напрыклад, эстэтычная – праз асобнае слова, сказ, фразеалагізм). У цэлым усе функцыі, якія выконвае мова, накіраваны на тое, каб зрабіць яе найбольш эфектыўным і аптымальным сродкам зносін паміж людзьмі.

Паходжанне і развіццё беларускай мовы. Беларуская мова ў Вялікім княстве Літоўскім

Беларуская мова належыць да славянскай групы моў, якая дзеліцца на тры падгрупы: усходнеславянскую (беларуская, руская, украінская), заходнеславянскую (польская, кашубская, чэшская, славацкая, верхнелужыцкая і ніжнелужыцкая), паўднёваславянскую (балгарская, сербскахарвацкая, македонская, славенская). Назвы “ўсходне-, заходне-, паўднёваславянскія мовы” адпавядаюць геаграфічнаму размяшчэнню моў. Хаця ва ўсходнеславянскую групу ўваходзяць толькі тры мовы, але па колькасці людзей яна самая вялікая.

Прыкладна да VІ–VІІ ст. н.э. славяне, якія жылі ад Дуная і Одэра да Дона і Волгі, карысталіся адной мовай, якую ў навуцы называюць агульнаславянскай. З VІ ст. пачалося выдзяленне славянскіх моўных груп і асобных славянскіх моў. З гэтага часу бярэ пачатак і ўсходнеславянская мова.

У другой палове ІХ ст. н.э. з блізкіх паміж сабою плямёнаў склалася вялікая і магутная Кіеўская Русь з цэнтрам у Кіеве. Дзяржаўнай мовай у Кіеўскай Русі стала мова, якая сфарміравалася на аснове племянных дыялектаў і ў навуцы атрымала назву агульнаўсходнеславянскай, або старажытнарускай. У эпоху Кіеўскай Русі былі закладзены асновы пісьменнасці, а з ХІ ст. пачала развівацца літаратурная мова, на якой створаны адзін з лепшых помнікаў старажытнасці – “Слова пра паход Ігаравы”, агульны здабытак беларускага, рускага і ўкраінскага народаў, першы збор законаў Старажытнай Русі “Руская Праўда”, першы летапіс “Аповесць мінулых гадоў”.

З другой паловы ХІІ ст. Кіеўская Русь распалася на асобныя феадальныя княствы. На землях сучаснай Беларусі ў той час былі такія буйныя княствы, як Полацкае, Турава-Пінскае, Новагародскае (Новагарадок = Навагрудак) і шэраг больш дробных. У межах княстваў фарміраваліся мясцовыя гаворкі, а з блізкіх гаворак – дыялекты. У канцы ХІІІ – пачатку ХІV ст. на тэрыторыі былой Кіеўскай Русі ўтварыліся дзве дзяржавы –

Вялікае княства Літоўскае і Маскоўская Русь. Землі сучаснай Беларусі і Украіны ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага. З гэтага часу пачынае фарміравацца беларуская народнасць і яе мова.

Вялікае княства Літоўскае ўзнікла ў ХІІІ ст. як саюз усходнеславянскіх княстваў, і на працягу ХІV ст. уся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў яго склад. Гэта была дзяржава шматэтнічная, рознаканфесіянальная і шматмоўная. Этнічную большасць у ВКЛ складалі нашчадкі былых усходнеславянскіх плямёнаў (крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў), якія не растварыліся ў вялікай дзяржаве, а захавалі свае традыцыі, звычкі, веру, культуру, мову. На базе гэтай часткі ўсходнеславянскага насельніцтва на працягу ХІV–ХV ст. склалася беларуская народнасць і сфарміравалася беларуская літаратурна-пісьмовая мова (у навуковай літаратуры яе прынята называць старабеларускай). Вядучую ролю ў яе фарміраванні адыгралі, хутчэй за ўсё, гаворкі Віленшчыны і паўночных гарадоў ВКЛ – Віцебска, Полацка, Смаленска. Дагаворная грамата смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам (1229 г.) ужо адлюстроўвае фанетычныя, марфалагічныя, лексічныя, граматычныя рысы будучай беларускай мовы.

На тэрыторыі ВКЛ беларуская мова фактычна стала дзяржаўнай; гэта адбылося не стыхійна, а ў выніку практычных патрэб, без якога-небудзь спецыяльнага дзяржаўнага заканадаўчага распараджэння. У часы літоўскіх князёў Альгерда (1345–1377) і асабліва Вітаўта (1392–1430) ВКЛ дасягнула найбольшай сваёй магутнасці. Для задавальнення патрэб унутранага і знешнепалітычнага жыцця гэтай дзяржавы неабходна была пісьменнасць, і з гэтай мэтай выкарыстана была беларуская мова. Аднак трэба прыняць пад увагу, што нелітоўская тэрыторыя ў складзе ВКЛ – Беларусь, большая частка Украіны і заходнія рускія землі – у старажытнасці захоўвала ранейшую назву “Русь”, а мова гэтых частак адпаведна мела назву “русский язык”; у пісьмовых помніках сустракаюцца таксама назвы “простая мова”, “проста молва” (тэрмін “беларуская мова” ў старажытнасці наогул не ўжываўся). Між тым паўднёвыя і ўсходнія граніцы ВКЛ не заставаліся пастаяннымі і стабільнымі, яны ўвесь час перамяшчаліся ў той ці іншы бок. Але беларускія землі ўвесь старажытны перыяд заставаліся ў складзе Літоўскага княства; мова менавіта гэтай часткі і паслужыла асновай сістэмы фанетычных, граматычных, лексічных сродкаў пісьменнасці эпохі ВКЛ. Таму з лінгвістычнага пунтку гледжання замест старажытнага тэрміна “русский язык” цалкам апраўдана ўжываць сучасную назву “беларуская мова”.

Як літаратурная беларуская мова склалася ў актавай пісьменнасці на аснове мясцовых гаворак і пісьмова-моўных традыцый папярэдніх стагоддзяў. Яна выкарыстоўвалася ў наддыялектных пісьмовых зносінах на тэрыторыі ўсёй дзяржавы і ўжывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. На беларускай мове ўпершыню ў гісторыі ўсходніх славян на пачатку ХVІ ст. з’явіліся друкаваныя кнігі. На ёй існавала багатая літаратура, навуковая і мастацкая, летапісы, а з сярэдзіны ХVІ ст. – і тэксты Святога Пісання. Гэта была мова законаў, суда, канцылярый. У першай палове ХV ст. на

беларускую мову быў перакладзены з лацінскага арыгінала вядомы Вісліцкі статут 1347 г., які паслужыў асноўным матэрыялам і часткова ўзорам для Судзебніка 1468 г. (Статута Казіміра ІV Ягелончыка) і Статута Вялікага княства Літоўскага трох рэдакцый (1529, 1566, 1588 гг.).

Статут Вялікага княства Літоўскага – гэта звод законаў феадальнага права эпохі ВКЛ; у іх атрымалі юрыдычнае замацаванне асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, прававое становішча класаў, саслоўяў і сацыяльных груп насельніцтва, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы асноўных органаў дзяржаўнага кіравання і суда. Роля Статута ў гісторыі беларускай мовы надзвычай вялікая. Па-першае, гэты дакумент замацаваў лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства свайго часу, паслядоўна адлюстраваўшы найбольш характэрныя рысы беларускай фанетыкі, граматыкі, лексікі, сінтаксісу. Па-другое, спрошчанасць графічнай сістэмы Статута ў параўнанні з рэлігійнай літаратурай таго часу дазваляе гаварыць пра пэўную уніфікацыю графікі і арфаграфіі. Па-трэцяе, Статут юрыдычна замацоўваў прававое становішча беларускай мовы як дзяржаўнай у ВКЛ; так, у рэдакцыю 1566 г. быў унесены спецыяльны закон аб абавязковым ужыванні ў справаводстве беларускай (ці, па тагачаснай тэрміналогіі, рускай) мовы: “А

писар земский по руску маеть литэрами и словы рускими все листы и позвы писати, а не инъшымязыком и словы”.

У ХV–ХVІІ ст. высокі ўзровень мела беларускае свецка-мастацкае пісьменства, якое існавала ў такіх жанравых формах, як летапісы, мемуары, творы перакладной і арыгінальнай мастацкай літаратуры. Гэтыя творы ўзнікалі ў розны час, і аўтарамі іх былі людзі розных густаў, рознай манеры пісьма; таму побач з народнай, гутарковай моўнай стыхіяй часта можна сустрэць традыцыйныя, часам архаічныя, кніжна-пісьмовыя спосабы і прыёмы апісання, царкоўнаславянскую стылістыку. Але паступова архаічныя моўныя элементы ўсё больш замяняліся элементамі жывой народнай мовы, і хутка беларуская мова пачала выкарыстоўвацца ў творах рэлігійнай літаратуры, якая традыцыйна стваралася на царкоўнаславянскай мове.

Пранікненне беларускай мовы ў канфесіянальную літаратуру паступова звужала сферу выкарыстання царкоўнаславянскай мовы. Спачатку асаблівасці мясцовых беларускіх гаворак пранікалі ў некананічныя рэлігійныя творы, затым царкоўнаславянскія рысы стыхійна замяняюцца і ў тэкстах Святога Пісання. На мяжы ХV–ХVІ ст. гэты працэс набывае такія памеры, што асобныя помнікі рэлігійнай літаратуры можна разглядаць не проста як узоры беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы, а як самастойныя пераклады на беларускую літаратурную мову. Пераклад і выданне на Беларусі рэлігійнай літаратуры звязаны з дзейнасцю такіх выдатных пісьменнікаў-асветнікаў, як Ф.Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі, М.Сматрыцкі і інш.

Такім чынам, XV–XVI стст. лічацца “залатым векам” у гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мовы. Беларуская мова стала дзяржаўнай на прасторы ўсяго Вялікага княства Літоўскага, г.зн. ад Балтыйскага мора да Чорнага; яна ўжывалася як абавязковая ва ўсіх урадах, судах, у

заканадаўстве, панавала на двары вялікіх князёў.

Беларуская мова ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі

Па меры таго, як Вялікае княства Літоўскае паступова траціла палітычную самастойнасць і з раўнапраўнага суб’екта шматэтнічнай дзяржавы ператваралася ў нацыянальна залежны край польскай каралеўскай улады, пагаршаліся ўмовы для развіцця пісьменнасці на беларускай мове. Пасля аб’яднання Польшчы і ВКЛ у Рэч Паспалітую (Люблінская унія 1569 г.) на Беларусі ўзмацніўся сацыяльны і рэлігійны прыгнет, пачалася гвалтоўная паланізацыя і акаталічванне беларусаў, а беларуская мова выцяснялася.

З канца ХVІ ст. на Беларусі распаўсюджваецца польская мова – афіцыйная на той час мова Польскай дзяржавы. Яна пачынае выкарыстоўвацца (часта паралельна з беларускай мовай) у судовай практыцы, навуковай дзейнасці, становіцца прадметам школьнага вывучэння. Нягледзячы на тое, што глыбокіх каранёў латынь на Беларусі не паспела пусціць, але яна рыхтавала глебу для пранікнення ў пісьменнасць польскай мовы. І калі спачатку ў Рэчы Паспалітай у афцыйным ужытку выкарыстоўваліся і польская, і беларуская мовы, то з цягам часу беларуская мова пачала выцясняцца з розных формаў пісьменнасці польскай мовай. Экспансія польскай мовы асабліва пашыраецца на пачатку ХVІІ ст. Калі дакументы Літоўскай метрыкі ХV–ХVІ стст. напісаны на беларускай мове, то ў ХVІІ–XVІІІ стст. – пераважна на польскай і часткова лацінскай.

Паступова беларуская мова выцясняецца з прыватнага пісьмовага ўжытку. У выніку дэнацыяналізацыі і апалячвання ў новых палітычных умовах беларускай шляхты, магнатаў (чые патрэбы найперш абслугоўвала беларуская мова) гутарковай мовай гэтых сацыяльных груп становіцца польская. Яна часта выступае як своеасаблівы сацыяльны жаргон, у якім польскія рысы перамешваюцца з беларускімі мясцовымі моўнымі асаблівасцямі. Своеасаблівая моўная сітуацыя, якая склалася на Беларусі на працягу ХVІІ ст., некалькі спрасцілася ў канцы гэтага стагоддзя, калі Варшаўскай канферэнцыяй у 1696 г. было прынята рашэнне пісаць дзелавыя паперы толькі па-польску. Трэба аднак улічваць, што юрыдычная сіла гэтай пастановы распаўсюджвалася толькі на канцылярска-дзелавую пісьменнасць і не закранала іншыя жанры старабеларускай мовы. Нягледзячы на ўсё, народ гаварыў на сваёй роднай мове, ствараў песні, казкі, легенды, прыказкі, загадкі. Таму нельга сцвярджаць, што ў гэты час беларуская мова “прыпыняе” сваё існаванне; яна працягвае развівацца як народная гутарковая мова, хаця ў сферы афіцыйнага ўжытку перажывае поўны заняпад.

У канцы ХVІІІ ст. беларускі народ апынуўся ў новых гістарычных абставінах. Вялікая калісьці Рэч Паспалітая пасля трох падзелаў паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй у 1795 г. перастала існаваць; беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Сацыяльны і нацыянальны прыгнет беларускага насельніцтва не паменшыўся, і ў складзе Расійскай імперыі

Беларусь канчаткова страціла сваю дзяржаўнасць.

Пры царызме беларуская мова не мела спрыяльных умоў для свайго развіцця. Беларусы знаходзіліся пад нацыянальным прыгнетам. Афіцыйная навука разглядае беларускую мову як дыялект рускай, а беларусаў – як рускую народнасць; гэта адкрывала дарогу афіцыйнай рускай мове. Загадам Мікалая І у 1840 г. на Беларусі ў якасці афіцыйнай уводзіцца руская мова: “Все дела, как по правительственной, так и по судебной части, не исключая и дел дворянских, депутатских собраний и предводителей проводить на русском языке”. Беларуская мова ў гэты і пазнейшы час у афіцыйны ўжытак, пісьменнасць, школы не дапускалася: усё, што знаходзіцца над беспісьмовым сялянскім бытам, павінна быць рускім. Імкнучыся асіміляваць беларускі народ, царскі ўрад у 1840 г. забараняе ўжываць саму назву “Беларусь” (замест яе – “Северо-западный край империи”).

Такая сітуацыя захоўвалася да пачатку ХХ ст., а больш дакладна – да рэвалюцыйных падзей 1905–1907 гг., пасля якіх царскі ўрад вымушаны быў пайсці на паслабленне цэнзуры. У выніку ўзніклі беларускія газеты “Наша доля”, “Наша ніва”, выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца” і інш.; на беларускай мове ўбачылі свет мастацкія, публіцыстычныя, навуковыя творы. Значны ўплыў на развіццё і фарміраванне нормаў беларускай літаратурнай мовы зрабілі выдатныя беларускія майстры слова Я.Купала і Я.Колас. Аднак трэба адзначыць, што арфаграфічныя, лексічныя, арфаэпічныя, граматычныя нормы мовы, якая доўгі час заставалася па-за сферай афіцыйнага ўжытку, яшчэ толькі пачынаюць выпрацоўвацца.

Беларуская мова ў пачатку і сярэдзіне ХХ ст. Браніслаў Тарашкевіч і яго “Беларуская граматыка для школ”

Пасля рэвалюцыі 1917 г. беларуская мова стала мовай школы, кіно, радыё; на беларускай мове пачалі актыўна выдавацца газеты, часопісы, мастацкая і навуковая літаратура, слоўнікі, падручнікі. У 1922 г. быў заснаваны Інстытут беларускай культуры, на базе якога 1 студзеня 1929 г. створана Акадэмія навук БССР. З 1929 г. пачаў працаваць Інстытут мовазнаўства АН БССР.

У1933 г. СНК БССР прыняў пастанову “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”. На аснове гэтай пастановы Інстытут мовазнаўства АН БССР у 1934 г. распрацаваў “Правапіс беларускай мовы”, першы правапісны кодэкс у гісторыі беларускага пісьма. У 1957 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу”. У адпаведнасці з ёю Інстытут мовазнаўства падрыхтаваў “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1959 г.), якімі мы карыстаемся і сёння.

Угісторыі станаўлення нормаў беларускай літаратурнай мовы і далейшага яе развіцця вялікую ролю адыграла “Беларуская граматыка для школ” Б.Тарашкевіча.

Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч нарадзіўся 20 студзеня 1892 г. у

засценку Мацюлішкі (зараз Літва). Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага універсітэта (1916 г.), працаваў у ім прыватдацэнтам грэчаскай і лацінскай моў. З 1918 г. загадваў культурна-асветным аддзелам Пецярбургскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1919 г. выкладаў беларускую і грэчаскую мовы ў Мінскім педінстытуце, у 1920 г. – загадваў беларускім сектарам дэпартамента асветы Сярэдняй Літвы, у 1921–1922 гг. працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі і быў адным з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. У 1922 г. быў выбраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. За абарону правоў беларускага насельніцтва і палітычную дзейнасць у студзені 1927 г. арыштаваны і асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення. У 1930 г. з мэтай дыскрэдытацыі яго выпусцілі на волю, але праз год зноў арыштавалі і ў лістападзе 1932 г. асудзілі на 8 гадоў катаржнай турмы. У верасні 1933 г. Б.Тарашкевіч быў абменены на савецкага палітвязня, пасля чаго жыў у Маскве, працаваў у Міжнародным аграрным інстытуце загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі. У маі 1937 г. арыштаваны і 29 лістапада 1938 г. па абвінавачванні ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы расстраляны.

“Беларуская граматыка для школ” Б.А.Тарашкевіча – праца, ў якой упершыню былі вызначаны правапісныя і граматычныя нормы сучаснай беларускай мовы. Надрукавана ў 1918 г. паралельна кірылаўскімі і лацінскімі літарамі ў Вільні; выхад яе найлепш адпавядаў задачам нацыянальнага адраджэння беларускага народа, сярод якіх асабліва важнымі з’яўляліся ўпарадкаванне выдавецкай справы і школьнага навучання на роднай мове.

Спробы стварыць граматыку беларускай мовы, распрацаваць правілы перадачы яе на пісьме рабіліся яшчэ ў ХІХ ст. у сувязі з друкаваннем запісаў фальклору і твораў тагачасных беларускіх пісьменнікаў. Быў назапашаны вялікі фактычны матэрыял пра асаблівасці жывой гаворкі беларусаў; гэты матэрыял абагульніў і папоўніў Я.Ф.Карскі. Апісанню структуры жывой беларускай гаворкі (яе фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу) ён прысвяціў тры кнігі другога тома манаграфіі “Беларусы”, якая ўбачыла свет у Варшаве ў 1908–1912 гг., але нормы правапісу, граматыкі да выхаду працы Б.Тарашкевіча заставаліся, па сутнасці, нераспрацаванымі.

З прапановай стварыць граматыку беларускай мовы да Б.Тарашкевіча, тады яшчэ студэнта трэцяга курса Пецярбургскага універсітэта, у 1913 г. звярнуўся Я.Купала ад імя Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні. Да напісання граматыкі, паводле слоў самога Б.Тарашкевіча, заахвочваў яго і акадэмік А.А.Шахматаў, ён жа і кіраваў працай Тарашкевіча над граматыкай; значную дапамогу аказаў яму і акадэмік Я.Ф.Карскі. Складзеная проста, з арыентацыяй на вучня, але на высокім навукова-метадычным узроўні, яна задаволіла найбольш надзённыя патрабаванні выдавецкай і школьнай практыкі, атрымала ўсеагульнае прызнанне і тым самым надала беларускай мове неабходную ёй унармаванасць.

У сваёй працы Тарашкевіч выйшаў за межы ўласна граматыкі – марфалогіі і сінтаксісу (як гэта было прынята ў тагачаснай лінгвістыцы). Яго

праца складаецца з наступных раздзелаў: “Гукі” (фанетыка); “Часціны мовы” (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, выклічнік); “Падзел слова” (марфемная будова); “Правапіс”; “Сказ” (сінтаксіс). Такім чынам, у “Беларускай граматыцы для школ” апісваюцца ўсе ўзроўні моўнай сістэмы з пункту гледжання іх нарматыўнасці, правіл перадачы на пісьме. Гэта сціслы, але поўны падручнік беларускай мовы. Правілы ў ім фармулююцца дакладна, даходліва, суправаджаюцца прыкладамі і заданнямі з тэкстамі, узятымі з твораў беларускіх пісьменнікаў і фальклору.

Б.А.Тарашкевіч здолеў, як ніхто да гэтага, выявіць галоўныя заканамернасці беларускай літаратурнай мовы. Улічваючы традыцыі беларускага кнігадрукавання, ён замацаваў фанетычны прынцып напісання галосных (перадача на пісьме акання і якання), а для перадачы зычных – марфалагічны (горад, падтрымаць – а не горат, паттрымаць) з некаторымі адхіленнямі ў бок фанетычнага прынцыпу, каб адлюстраваць спецыфіку беларускай мовы (дзеканне і цеканне, падаўжэнне зычных, змяненне в і л у пэўных выпадках на ў і інш.). Асобна быў распрацаваны правапіс запазычаных слоў у адпаведнасці з тым, наколькі яны асіміляваліся беларускай мовай: тыя, што ўжываюцца ў ёй даўно, пішуцца, як вымаўляюцца, а тыя, што “ўжываюцца ў кніжках і ў кніжнай мове і да народу не дайшлі або дайшлі нядаўна”, захоўваюць на пісьме пэўныя адметнасці той мовы, з якой яны ўзяты.

Сфармуляваныя ў “Беларускай граматыцы для школ” правілы атрымалі ўсеагульнае прызнанне, многія замацаваліся ў сучаснай літаратурнай мове, хаця некаторыя з іх былі распрацаваны не зусім добра (мусіць, з той прычыны, што некаторыя тыповыя рысы беларускай мовы на тыя часы яшчэ выразна не вызначыліся). Аўтар усведамляў, што зрабіў толькі пачатак нармалізацыі беларускай мовы, што патрэбна далейшае ўдасканаленне яе нормаў. Рыхтуючы наступныя выданні граматыкі, аўтар значна перапрацоўваў і дапаўняў першапачатковы яе варыянт; на аснове граматыкі Б.Тарашкевіча сталі выходзіць і падручнікі беларускай мовы іншых аўтараў. З выданнем “Беларускай граматыкі для школ” пачаўся працэс стабілізацыі нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, была створана база для далейшай граматычнай распрацоўкі, удасканалення элементаў моўнай структуры.

Закон “Аб мовах у Беларускай ССР”

Законам Вярхоўнага Савета БССР ад 26 студзеня 1990 г. быў замацаваны статус беларускай мовы як дзяржаўнай, аб чым унесены адпаведны дадатак у артыкул 68 Канстытуцыі БССР. Адначасова Вярхоўны Савет БССР прыняў і з 1 верасня 1990 г. увеў у дзеянне Закон “Аб мовах у Беларускай ССР”.

Гісторыя стварэння праекта Закона, ход яго ўсенароднага абмеркавання і зацвярджэння вышэйшым заканадаўчым органам рэспублікі

выявілі, што рух грамадства да нацыянальнага адраджэння Беларусі становіцца важнейшай праявай духоўнага жыцця Бацькаўшчыны. Для распрацоўкі праекта Закона была створана камісія з 49 дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў краіны, пісьменнікаў, вучоных, работнікаў шэрагу галін грамадскага жыцця. Сярод іх Н.Мазай (старшыня камісіі), Н.Гілевіч (намеснік старшыні), З.Азгур, В.Быкаў, Г.Бураўкін, М.Дзямчук, П.Краўчанка, А.Падлужны, П.Садоўскі, Б.Сачанка, М.Яўневіч і інш. Праект Закона шырока абмяркоўваўся ў працоўных калектывах, навучальных установах, грамадскіх арганізацыях, а таксама ў сродках масавай інфармацыі. У ходзе абмеркавання толькі ў Вярхоўны Савет паступілі лісты, тэлеграмы, звароты, падпісаныя або ўхваленыя больш як 20 тысячамі чалавек. Аналіз грамадскай думкі паказаў, што большасць грамадзян Беларусі падтрымліваюць ідэю дзяржаўнага статуса беларускай мовы. Паводле даных перапісу насельніцтва 1989 г., 80,2 % беларусаў, якія жылі ў рэспубліцы, сваёй роднай мовай назвалі беларускую.

Закон “Аб мовах у БССР” складаўся з 6 раздзелаў [1) агульныя палажэнні; 2) мова дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый; 3) мова адукацыі, навукі і культуры; 4) мова інфармацыі і сувязі; 5) мова найменняў; 6) садзейнічанне нацыянальна-культурнаму развіццю беларусаў, якія жывуць за межамі БССР] і 36 артыкулаў. Гэты Закон рэгуляваў моўныя працэсы ў грамадскадзяржаўным жыцці краіны, вызначаў правы грамадзян і акрэсліваў абавязкі службовых асоб, у т.л. і дзяржаўных служачых усіх узроўняў у галіне моўных дачыненняў. Прэамбула Закона (гл. тэкст ніжэй) пачынаецца з выкладу яго галоўных ідэй, якія знайшлі паслядоўнае выражэнне ў змесце нарматыўнай часткі акта; у прэамбуле вызначаюцца таксама прычыны надання беларускай мове статуса дзяржаўнай.

Мова – не толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова – жыве народ. Кожная мова, яе літаратурная, жывая мясцовая і гістарычная разнавіднасць – неацэнны скарб, які належыць не аднаму народу, а ўсяму чалавецтву.

Гонар і абавязак усіх – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту, паважліва ставіцца да моў іншых народаў.

У Беларусі здаўна жывуць людзі розных нацыянальнасцей, гучаць розныя мовы. Аднак у апошнія гады сфера ўжывання мовы карэннага насельніцтва Беларусі, якое дало ёй імя і гістарычна складае асноўную частку жыхароў рэспублікі, значна звузілася, пад пагрозай апынулася само яе існаванне. Паўстала неабходнасць аховы беларускай мовы на дзяржаўнаэтнічнай тэрыторыі. Такую сістэму аховы дазваляе стварыць толькі наданне беларускай мове статуса дзяржаўнай мовы Беларускай ССР.

Статус беларускай мовы як дзяржаўнай не закранае канстытуцыйных правоў грамадзян іншых нацыянальнасцей карыстацца рускай ці іншымі мовамі. Усе грамадзяне Беларускай ССР, незалежна ад нацыянальнасці і роднай мовы, карыстаюцца роўнымі правамі і маюць роўныя абавязкі перад дзяржавай.

Закон “Аб мовах у БССР” прадугледжваў максімальнае пашырэнне беларускай мовы на ўсе сферы жыцця краіны. Шэраг палажэнняў Закона павінен быў уводзіцца ў дзеянне паступова, на працягу некалькіх гадоў (3 гады – артыкулы пра мову дакументаў, мову ў сферы навукі, культуры, масавай інфармацыі; 3–5 гадоў – мова з’ездаў, канферэнцый, актаў органаў дзяржаўнай улады; 5 гадоў – мова справаводства і дакументацыі, сферы абслугоўвання; 10 гадоў – мова судовага справаводства, права атрымання адукацыі на нацыянальнай мове). Згодна з пастановай Вярхоўнага Савета БССР урад распрацаваў “Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у БССР”, якая была зацверджана 20 верасня 1990 г. Яна прадугледжвала правядзенне ў 1990–2000 гг. комплексу мерапрыемстваў, скіраваных на ажыццяўленне Закона.

Мова і маўленне. Формы беларускай мовы

Паняцці “мова” і “маўленне” сталі размяжоўвацца напрыканцы ХІХ ст. Упершыню абгрунтавана вылучыў і размежаваў іх знакаміты тэарэтык агульнага мовазнаўства швейцарскі мовазнаўца Фердынанд дэ Сасюр (1857–1913). У сучаснай лінгвістыцы гэтыя розныя паняцці абазначаюцца адметнымі тэрмінамі: “мова” і “маўленне” (бел.), “язык” и “речь” (руск.). Пры гэтым пад мовай разумеюць: 1) сістэму матэрыяльных адзінак (тыповых гукаў, марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў); 2) сістэму правіл іх функцыянавання (г.зн. граматыку).

Мова – агульнанародны набытак, прыдатны для функцыянавання ў любых абставінах і сітуацыях. Аднак у працэсе камунікацыі карыстальнік мовы можа рэалізаваць гэты агульнанародны набытак з пэўнай адметнасцю, выяўляючы свае індывідуальныя рэакцыі на з’явы рэчаіснасці, свае канкрэтныя пачуцці і перажыванні. Рэалізацыю мовы ў акце маўленчай дзейнасці называюць маўленнем, г.зн. мовай у дзеянні. Маўленне – гэта рэалізацыя агульнанароднага набытку ў кожным канкрэтным выпадку для перадачы канкрэтнай думкі, волевыяўлення, пачуцця. Яна можа адбывацца як у вуснай, так і ў пісьмовай форме. Да маўлення ў шырокім сэнсе належыць і г.зв. “унутранае маўленне” – думанне з дапамогай моўных сродкаў без вымаўлення ўслых (думанне самому сабе).

Звычайна маўленчая дзейнасць – двухбаковы працэс, які спалучае гаварэнне і слыхавое яго ўспрыняцце (разуменне), а пры пісьмовай камунікацыі – пісанне і чытанне. Маўленчая дзейнасць складаецца з асобных актаў маўлення. У маўленчым акце ствараецца тэкст; ім можа быць аднаслоўная рэпліка, увесь аповед, паэма, раман. У тэксце, як форме існавання мовы, моўныя адзінкі і граматыка могуць выкарыстоўвацца парознаму, у залежнасці ад абставін і мэты выказвання. Агульнанародныя словы могуць набываць прыватныя маўленчыя значэнні, не зафіксаваныя ў слоўніках. Індывідуальнасць, адметнасць маўлення выразна выяўляецца пры параўнанні розных тэкстаў. У маўленні знаходзяць свой адбітак псіхафізіялагічныя асаблівасці размоўцы, яго стан, адносіны да суразмоўцаў.

У маўленні могуць узнікаць адхіленні ад нормы (г.зн. ад правіл ужывання моўных сродкаў), таму паўстае і набывае актуальнасць пытанне культуры маўлення. Аднак адзінкі маўлення пры пэўных абставінах могуць стаць фактам мовы, асабліва калі яны адпавядаюць сістэме мовы; гэта выразна праяўляецца падчас рэалізацыі тэндэнцый адраджэння ў мове (для беларускай – пасля 1990 г.). Так, зараз шырока выкарыстоўваюцца словы “суразмоўца”, “вернік” замест “субяседнік”, “веруючы”. У такім разе паўстае ўжо пытанне не культуры маўлення, а культуры мовы, праблема ўдасканалення самой моўнай нормы.

Такім чынам, асноўная адзнака маўлення – яго індывідуальнасць, бо ажыццяўляецца яно канкрэтнай асобай, з яго густамі і звычкамі. У маўленні агульнанародныя словы нярэдка набываюць свае індывідуальныя адценні і выкарыстанне.

Мова і маўленне – гэта катэгорыі, шчыльна звязаныя паміж сабою як агульнае і адзінкавае: агульнае (мова) рэалізуецца ў адзінкавым (маўленні). Маўленне – сама форма існавання мовы, бо мова выяўляецца і здзяйсняецца ў маўленні. Гістарычна мова як агульнанародны сродак узнікла з маўлення асобных размоўцаў, стаўшы з’явай агульнанароднай. Разам з тым маўленне ўплывае на мову, вядзе да яе змены.

Мова як найважнейшы сродак камунікацыі, прылада стварэння і выяўлення думкі – здабытак агульнанародны, бо толькі агульнанародная мова дае магчымасць наладзіць вытворчасць і дзейнасць ва ўсіх сферах жыцця. У класавым грамадстве мова аднолькава абслугоўвае ўсе класы. Аднак агульнанародная мова не з’яўляецца абсалютна адзінай на этнічнай тэрыторыі яе пашырэння ці ў розных сферах яе выкарыстання. Так, нацыянальная агульнанародная мова мае сваімі разнавіднасцямі літаратурную мову і дыялекты (дыялекты, у сваю чаргу, падзяляюцца на мясцовыя гаворкі); існуюць таксама класавыя, прафесійныя і іншыя адгалінаванні мовы. Усе гэтыя разнавіднасці мовы адлюстроўваюць дыферэнцыяцыю моўнага калектыву.

Літаратурная мова – узорны варыянт агульнанароднай мовы, які мае пісьмова замацаваныя нормы (правілы выкарыстання мовы ў маўленчай дзейнасці). Літаратурная мова, пашыраная на тэрыторыі розных дзяржаў, абслугоўвае розныя народы і мае свае адпаведныя варыянты (напрыклад, брытанскі і амерыканскі варыянты англійскай мовы). Дыялекты – гэта мясцовыя (рэгіянальныя) разнавіднасці агульнанароднай мовы, мова насельніцтва пэўнага рэгіёну. Так, у беларускай дыялекталогіі вылучаюць два асноўныя дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні, якія маюць адметныя рысы ў вымаўленні гукаў, выкарыстанні слоў і г.д.

Акрамя рэгіянальных (тэрытарыяльных) варыянтаў агульнанароднай мовы, існуюць і сацыяльныя яе адгалінаванні. Найперш гэта разнавіднасці, звязаныя з прафесійнай дыферэнцыяцыяй грамадства. На лексічным ярусе мовы гэта праяўляецца ў выкарыстанні прафесіяналізмаў (г.зн. спецыяльных слоў і выразаў пэўных галін навукі, вытворчасці і г.д.). Апроч прафесіяналізмаў вылучаюць таксама прафесійныя арго (жаргоны) –

неафіцыйныя абазначэнні тых ці іншых паняццяў адпаведнай галіны вытворчасці, а таксама пэўных калектываў людзей, аб’яднаных супольнымі інтарэсамі (рыбакоў, пчаляроў, школьнікаў, студэнтаў і г.д.; словы тыпу “дворнікі”, “шпора”, “бомба”). Асобнае месца займае таксама арго дэкласаваных элементаў грамадства – жабракоў, бамжоў, злодзеяў. Адметнасці ў выкарыстанні мовы мае і такая ячэйка грамадства, як сям’я, і нават асобны індывід. Індывідуальны варыянт мовы называюць ідыялектам – г.зн. спалучэнне асаблівасцяў, уласцівых маўленню асобнага носьбіта пэўнай мовы.

Адназначныя варыянты (разнавіднасці) агульнанароднай мовы (літаратурная мова, дыялект, арго і інш.) – гэта ўсё выяўленні агульнага ў адзінкавым. Усе гэтыя адгалінаванні маюць супольны стрыжань, які і яднае іх у адно цэлае – у мову.

Паняцце лiтаратурнай нормы. Прынцыпы беларускай арфаграфii

Літаратурнай сучасная беларуская мова называецца таму, што яна “апрацавана” літаратарамі, вядомымі майстрамі слова. Гэта вышэйшая форма нацыянальнай мовы. Літаратурная апрацаванасць яе заключаецца ў адборы з агульнанароднай нацыянальнай мовы лепшых выяўленчых сродкаў, іх далейшым удасканаленні і перанясенні іх у мову мастацкіх твораў і літаратурную мову. У апрацоўцы агульнанароднай мовы прымаюць удзел грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, вядомыя пісьменнікі і паэты, літаратурныя крытыкі, супрацоўнікі радыё і кіно, рэдактары газет і часопісаў, навукоўцы, выкладчыкі і інш. Літаратурная мова, такім чынам, адрозніваецца ад дыялектаў, жаргонаў і прастамоўя. Гэта мова дзяржаўных і грамадскіх устаноў, школы, радыё, кіно, мастацкай літаратуры, тэатра. Яна шырока выкарыстоўваецца ў вытворчай, навуковай, публіцыстычнай, афіцыйнасправавой і бытавой сферах; яна абавязковая і адзіная для ўсіх, хто размаўляе на пэўнай мове, стылістычна размежаваная і нарматыўная.

Адной з найбольш важных асаблівасцей літаратурнай мовы з’яўляецца яе нарміраванасць. Літаратурная норма – гэта агульнапрынятыя ў грамадска-маўленчай практыцы правілы вымаўлення, словаўжывання, словазмянення і правапісу. Літаратурная норма складваецца гістарычна, замацоўваючыся ў тэарэтычных працах, мастацкай літаратуры, сродках масавай інфармацыі. Яна падтрымліваецца маўленчай практыкай народа і з’яўляецца абавязковай для ўсіх носьбітаў мовы (незалежна ад іх сацыяльнай, прафесійнай і тэрытарыяльнай прыналежнасці). Змены літаратурнай нормы выкліканы экстралінгвістычнымі (сацыяльнымі) фактарамі і ўнутрымоўнымі тэндэнцыямі развіцця ўсіх бакоў мовы.

Нормы літаратурнай мовы могуць быць імператыўнымі (строга абавязковымі) і дыспазітыўнымі (не строга абавязковымі). Парушэнне імператыўных норм разглядаецца як слабае валоданне мовай і памылковасць у маўленні (напрыклад, парушэнне норм скланення). Дыспазітыўныя нормы дапускаюць варыянты, якія могуць знаходзіцца ў межах літаратурнай мовы

(варыянты вымаўлення і інш.).

Узалежнасці ад прыналежнасці нормы да пэўнага месца ў моўнай сістэме вылучаецца некалькі яе відаў: 1) лексічная норма – рэгламентуе ўжыванне тых ці іншых лексічных сродкаў (напрыклад, парушэннем літаратурнай нормы з’яўляецца ўжыванне ў маўленні дыялектных, вульгарных, прастамоўных слоў); 2) арфаэпічная норма – рэгламентуе адзіныя правілы вымаўлення гукаў і іх спалучэнняў; 3) арфаграфічная норма

патрабуе адзінага агульнапрынятага напісання тых ці іншых слоў; 4) граматычная норма – рэгламентуе правілы словазмянення (напрыклад, нормы скланення, прыналежнасць да граматычнага роду) і спалучэння слоў у сказе.

Асноўныя прынцыпы беларускага правапісу – фанетычны і марфалагічны.

Сутнасць фанетычнага прынцыпу заключаецца ў тым, што напісанне адпавядае літаратурнаму вымаўленню слова і дакладна перадае яго гукавы склад. На фанетычным прынцыпе заснаваны правілы, якія вызначаюць перадачу на пісьме ненаціскных каранёвых [о], [э], [а] пасля цвёрдых i мяккiх зычных у першым складзе перад нацiскам, адлюстроўваюць дзеканне i цеканне, напiсанне прыставак на “з”, спалучэннi каранёвых зычных з суфiксальным “с”, падоўжаныя зычныя.

Марфалагiчны прынцып заключаецца ў тым, што правiлы, заснаваныя на iм, патрабуюць аднолькавага напiсання пэўнай марфемы слова (кораня, прыстаўкi, суфiкса) ва ўсiх яго формах i роднасных словах незалежна ад вымаўлення. На гэтым прынцыпе грунтуюцца правiлы напiсання звонкiх зычных у канцы слова, глухiх перад звонкiмi i наадварот, прыставак на [б] i [д], розных спалучэнняў зычных на сутыку кораня i суфiкса, некаторыя канчаткi назоўнiкаў i прыметнiкаў.

Усучаснай беларускай мове сустракаюцца таксама традыцыйныя (гістарычныя) напісанні; яны перадаюцца па традыцыі і не адпавядаюць сучасным нормам пісьма (дзевяты, дзесяты, рошчына, ростань).

Дыферэнцыйныя напісанні адрозніваюць сугучныя словы або іх формы, якія супадаюць у вымаўленні. Так, напрыклад, размяжоўваюцца канчаткі творнага склону ў аднолькавых прозвішчах і геаграфічных назвах (з

Іванавым і над Іванавам; з Петрыкавым і над Петрыкавам), а таксама ўжыванне вялікай і малой літары пры напісанні ўласных і агульных назоўнікаў (Месяц і месяц, Чарот і чарот, Колас і колас, Цётка і цётка).

Бiлiнгвiзм як аб’ектыўная рэальнасць. Аспекты бiлiнгвiзму

Двухмоўе (білінгвізм) – гэта папераменнае карыстанне дзвюма мовамі; калі ж ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моў, прынята гаварыць пра шматмоўе, або полілінгвізм.

На нашай планеце жывуць многія народы. Яны знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва этнасы суседнія, якія часта маюць адну тэрыторыю пражывання або знаходзяцца ў складзе адной

дзяржавы. Вядома, напрыклад, што 3–4 тысячы народаў свету сёння ўтвараюць усяго каля 200 дзяржаўных аб’яднанняў. Моўныя кантакты, якія дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і іншымі сувязямі, патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў. Існуюць і іншыя, “індывідуальныя” матывы авалодвання дзвюма ці некалькімі мовамі (атрыманне адукацыі, патрэбы навуковай дзейнасці і інш.).

Вылучаюць наступныя віды двухмоўя:

а) індывідуальнае, калі дзвюма мовамі валодаюць толькі асобныя члены калектыву; б) групавое, калі двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы або сацыяльныя слаі; в) поўнае (суцэльнае), калі двухмоўе з’яўляецца характэрным для ўсіх сацыяльна-культурных груп народа.

Можна гаварыць і пра нацыянальнае двухмоўе, калі яно пашырана сярод прадстаўнікоў усёй нацыі. Дзяржаўным двухмоўе называюць тады, калі ў адной краіне статус дзяржаўнай, ці афіцыйнай, маюць дзве мовы (так, у Фінляндыі дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца фінская і шведская, у Канадзе – англійская і французская; у Рэспубліцы Беларусь – беларуская і руская). Пры гэтым дзяржаўнае двухмоўе можа суправаджацца індывідуальным аднамоўем, калі насельніцтва краіны распадаецца на некалькі аднамоўных калектываў.

Двухмоўе – з’ява складаная, шматбаковая. Яна разглядаецца ў трох аспектах: псіхалагічным, педагагічным і сацыялінгвістычным. Псіхалагічны яго аспект звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, эмацыянальнай прыстасавальнасцю і г.д., з праблемай пераключэння з аднаго моўнага кода на другі. Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўплыў адной мовы на працэс засваення другой. Сацыялінгвістычная характарыстыка двухмоўя грунтуецца на такіх параметрах, як: сфера выкарыстання першай і другой мовы; ступень авалодання мовамі; набор сацыяльна-функцыянальных кампанентаў моў, якія выкарыстоўвае двухмоўны індывід (літаратурная мова, дыялект, жаргон і г.д.); размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі; кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму і шырыня выкарыстання другой мовы і інш.

На тэрыторыі Беларусі двухмоўе існавала здаўна, хоць яго характар і састаўныя элементы мяняліся. Ужо ў перыяд Вялікага княства Літоўскага існавала беларуска-царкоўнаславянскае пісьмовае і вуснае двухмоўе. З пашырэннем на тэрыторыі Беларусі польскай мовы (пасля аб’яднання ВКЛ і Польскага каралеўства ў Рэч Паспалітую) пачало складвацца беларускапольскае двухмоўе. Пазней, калі беларускія землі адышлі да Расіі і функцыі афіцыйнай мовы ў знайчнай ступені стала выконваць руская мова, шырока развіваецца беларуска-рускае двухмоўе. У раёнах сумеснага пражывання беларусаў з іншымі народамі фарміравалася беларуска-літоўскае, беларускалатышскае, беларуска-яўрэйскае і г.д. двухмоўе. У перыяд уваходжання беларускіх зямель у склад Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, а таксама ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ ст. характар і развіццё двухмоўя і ў цэлым моўнай сітуацыі на Беларусі ў значнай ступені залежалі ад дзяржаўнай палітыкі;

моўная сітуацыя на Беларусі ў пэўныя гістарычныя перыяды характарызавалася ў цэлым як шматмоўная, кампанентамі якой былі пералічаныя вышэй канкрэтныя разнавіднасці двухмоўя пры фактычным аднамоўі значнай часткі беларускага насельніцтва.

Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Нацыянальнае беларуска-рускае двухмоўе прадстаўлена: а) індывідуальным беларуска-рускім двухмоўем (калі побач з роднай беларускай двухмоўны індывід выкарыстоўвае і рускую мову); б) руска-беларускім двухмоўем; в) індывідуальным беларускім і рускім аднамоўем. Сапраўды, пэўная частка насельніцтва Беларусі актыўна карыстаецца і рускай, і беларускай мовамі ў розных сферах грамадскай дзейнасці, аднак існуюць і значныя кантынгенты людзей, якія практычна карыстаюцца толькі якой-небудзь адной мовай. Калі ж браць пад увагу і пасіўнае валоданне другой мовай, і ўспрыняцце на ёй пэўнай інфармацыі (а паняцце двухмоўя ўлічвае і гэты аспект), то трэба прызнаць, што практычна ўсё беларускае насельніцтва з’яўляецца двухмоўным.

Побач з беларуска-рускім двухмоўем на тэрыторыі Беларусі ў месцах сумеснага пражывання беларусаў з палякамі, літоўцамі, латышамі існуе адпаведна беларуска-польскае, беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае двухмоўе. Для небеларускага насельніцтва яно мае характар польскабеларускага, літоўска-беларускага і г.д.; паколькі ў гэтых раёнах функцыяніруе і руская мова, можна гаварыць, напрыклад, пра мясцовае беларуска-польска- рускаеіг.д. шматмоўе.

Пра характар беларуска-рускага двухмоўя і наогул пра моўную сітуацыю на тэрыторыі Беларусі сведчаць і матэрыялы перапісаў. Так, паводле даных перапісу 1989 г., на Беларусі пражывала 10 200 тыс. чалавек, з іх беларусаў – 7 905 тыс. чалавек. З іншых нацыянальнасцей найбольш шматлікія рускія (1 342 тыс.), палякі (418 тыс.), украінцы (291 тыс.), яўрэі (112 тыс.). Усяго ў нашай краіне пражываюць прадстаўнікі больш як 80 нацый і нацыянальнасцей. Згодна з перапісам 1989 г., прыкладна 6,5 млн. беларусаў (каля 80 %) у Беларусі лічаць роднай мовай беларускую. Акрамя таго, больш за 1,2 млн. жыхароў нашай краіны (каля 12 %) назвалі беларускую мову другой мовай, якой яны свабодна валодаюць.

Блізкім да паняцця двухмоўя з’яўляецца паняцце дыглосіі: маецца на ўвазе выкарыстанне дзвюх разнавіднасцей адной мовы, напрыклад, літаратурнай мовы і дыялекту, літаратурнай мовы і жаргону і г.д. Для Беларусі, дзе сацыяльныя ці прафесійныя жаргоны не атрымалі прыкметнага пашырэння, дыглосія характарызуецца суіснаваннем і паралельным выкарыстаннем літаратурнай мовы і мясцовых гаворак. Дыглосныя сітуацыі звычайна вызначаюцца выразным размеркаваннем сфер выкарыстання той ці іншай разнавіднасці мовы; так, калі сельскія школьнікі ў сямейна-бытавой сферы карыстаюцца пераважна мясцовай гаворкай, то ў школе, як правіла, толькі літаратурнай формай беларускай мовы.

Поўная характарыстыка двухмоўя ў РБ прадугледжвае дэталёвы